epub
 
падключыць
слоўнікі

Аванес Гукасян

Беларусі

 

Як прагучаў задумлівы гармонік

І адгукнуліся яму бары і гоні,

Ад слёз прамокла трапяткая песня

Са словам «Беларусь» — трывожным,

веснім.

Праходзіў я маўкліва твае вёскі,

Дзе ў карагодах плавалі бярозкі,

Я ласку чуў у шчырай тваёй мове —

Ты, Беларусь, жыла ў самотным слове.

 

Дымілі чадам хутары і хаты,

Зацяты боль быў у вачах дзяўчатак,

Плылі па небе караванам хмары,

Ды слова «Беларусь» таіла мары.

 

Ляжалі сіратлівыя палеткі,

Былі абпалены на лузе кветкі,

І сейбіта свайго ралля чакала...

Са словам «Беларусь» — зямля Купалы.

 

Жаночыя натруджаныя рукі

Гаілі раны, суцяшалі мукі,

І ураджай быў абмалочан градам...

У слове «Беларусь» — туга і радасць.

 

Ды гнеў народны закіпаў без межы.

Змагаліся Палессе, Белавежа...

Хлапчук ішоў на бой, сівы дзядуля...

У слове «Беларусь» мы помсту чулі.

 

Як прагучаў задумлівы гармонік

І адгукнуліся яму бары і гоні,

Згадалі мы нялёгкія дарогі...

У слове «Беларусь» —

гімн Перамогі.


1968

Пераклад: Сымон Блатун
Тэкст падаецца паводле выдання: Блатун С. Чысціня: лірыка, гумар, пераклады [Для ст. школ. узросту]/ Прадм. Р.Барадуліна.- Мн.: Маст. літ., 1979. - с. 234
Крыніца: скан