epub
 
Падключыць
слоўнікі

Бангуоліс Балашавічус

Знаёмы салдат

Недалёка ад Плішкяя, трохі вышэй вусця безыменнага ручая, па правым беразе Нёмана цягнецца балота. З іншых трох бакоў яго апярэзвае лес, глухі сыры ельнік: зямля тут тлустая, але грунтовыя воды стаяць ля самай паверхні. А на самім балоце растуць каравыя чэзлыя сасонкі. Яны і паміраюць недаросткамі; падгнілыя ствалы падаюць на белаваты тарфяны мох, прасякаюцца вадой і ў хуткім часе парахнеюць; так у балоце напластоўваецца торф. Зараз гэты пласт ужо тоўсты: «вокнаў» у дрыгве засталося няшмат, і ступаць па балоце можна без асцярогі. Тут знаходзяць прытулак звяры, а вось мясцовыя жыхары амаль не зазіраюць на балота, хоць журавін на ім процьма.

Балота карыстаецца благой славай. Поўна ў ім снарадаў і бомбаў, што не разарваліся, застаўшыся ў дрыгве з вайны. Калі ў той засушлівы год загарэўся тарфянік, выбухі два месяцы скаланалі наваколле. Не знайшлося смельчакоў, якія б сунуліся на балота, і пажар урэшце пагас сам сабой. Але і зараз людзі абыходзяць балота, бо невядома, якія яшчэ ў ім тояцца небяспекі.

На паўднёвым баку балота ёсць выспачка - пясчаны пагорак на самым яго краі, які мясцовыя жыхары называюць Купінай. Ад сцяжыны, што пятляе па беразе Нёмана, аддзяляе яго метраў дзвесце дрыгвы. Калі тут залезці на сасонку, можна акінуць позіркам усё балота. Скрозь у блакітных шматках адкрытай вады і зялёных купах кволых сасонак, цягнецца яно без канца і краю - не адрозніш, дзе ж удалечы канчаецца багна і пачынаецца зямля, сухі лес або неба. А на поўдні, рукой падаць, спакойна нясе свае воды Нёман, схаваны за зараснікамі вербняку, а трохі далей, ніжэй па цячэнні, тырчыць з гэтых кустоў скрыўлены металічны каркас. Там некалі быў мост; яго ўзарвалі яшчэ ў сорак першым, а потым не ўзнавілі - шаша прайшла ўбаку.

У той дзень на балоце было шасцёра: Вілюс Арвідас, ляснічы, і Рычардас Станюліс, журналіст, - абодва з жонкамі і сынамі. Трапілі яны сюды па волі выпадку. Прыехалі адпачыць у Палангу, пасяліліся па суседству і пасябравалі. Паганае надвор'е - дождж ліў штодня з ранку да вечара - спрыяла таму, каб яны сышліся, і неўзабаве суседзі дапамаглі адзін аднаму бавіць нудныя дні запозненага водпуску. З курорта яны вырашылі паехаць, Рычардас Станюліс прапанаваў па дарозе дадому назбіраць журавін. Ён ведаў выдатнае месцейка - па расказах...

Уранні непагоднае неба зноў абяцала дождж. Аднак да канца дня вецер разагнаў хмары, агаліўшы па-восеньску цьмянае неба, і адно на захадзе яшчэ пунсавела празрыстае пер'е, сплеценае ў кучаравыя, ускудлачаныя па краях гірлянды. Яны віселі нерухома. А можа, так толькі здавалася - хмары былі вельмі далёка, напэўна, над морам.

Блакітныя цені, што адкідваліся негустымі кронамі сасонкаў, усё доўжыліся, нарэшце зліліся разам, ірваным пакрывалам заслаўшы парыжэлыя купіны. Журавіны хаваліся ў прасякнутым вадой моху і здаваліся бурыя, як балотная вада. А выцягнутыя на свет, пунсавелі, быццам кроплі крыві.

Журавінамі была густа ўсыпана кожная купіна. Мужчын ахапіў неўтаймоўны азарт, які ўзнікае ў такія хвіліны, калі часу ў абрэз, а работы яшчэ неўзаранае поле і ты спяшаешся, ведаючы, што ўсё роўна не паспееш...

А маленькія сыны не гэтулькі збіралі ягады, колькі скакалі навыперадкі з купіны на купіну. Адно гора з імі - абое паспелі ўжо да пояса прамокнуць; праўда, не мерзлі, толькі расчырванеліся ад беганіны на чыстым паветры. Бацькі ўсё сунімалі іх, палохаючы змеямі, для якіх тут на самай справе было занадта мокрае месца. Добра, што дзеці хутка стаміліся.

 

* * *

 

Мужчыны збіралі журавіны ля самай выспачкі, жанчыны гатавалі вячэру. Гарэла вогнішча, шыпела набрынялае вадой сучча, хоць на першы погляд яно здавалася зусім сухое. Дзіўная справа - трава на выспе, нягледзячы на дажджы, так і не ажыла пасля летняй засухі, рыжэла высахлымі пучкамі.

У чаканні мужчын жанчыны паспелі зрабіць бутэрброды і ўскіпяціць гарбату. Замест стала разаслалі на зямлі газеты, прышпіліўшы іх па краях сучкамі, а лаўкамі служылі прыкрытыя травою кучы ламачча.

Нарэшце вярнуліся мужчыны. Паставілі вёдры, да краёў запоўненыя журавінамі, даручылі дзяцей апецы матак і ўселіся адпачыць.

У цішыні чулася толькі патрэскванне агню. А з усіх бакоў абступалі іх сосны, барвовыя ў святле вогнішча і сонца на захадзе. Вецер іграў пласцінкамі кары, якія аблупіліся на ствалах; яны ўтульна блішчалі ў гэтым вечаровым асвятленні.

Над балотам падняўся густы белаваты туман. Спакваля закрываючы да паловы сасонкі, поўз ён да ракі, а ад Нёмана ўжо насоўваўся другі вал. Туман калыхаўся, і здавалася, што дрэвы павольна адплываюць у рачную даліну, пагойдваючыся на паўпразрыстых хвалях.

Вілюс Арвідас глядзеў, як сцелецца туман, як яскрава палаюць аблокі, што апусціліся да самай зямлі, і думаў, што ён тысячы разоў бачыў захад - у лесе, у полі, і абавязкова ў гэтыя хвіліны любаваўся ім, любаваўся, калі нікога побач не было, ні душы, калі навокал панавала ціша... Якая цудоўная яна - некранутая прырода!.. А вось з Рычардасам не падзелішся гэтым пачуццём, нават не скажаш: «Якая краса!», бо журналіст працытуе з выпадку выслоўе якой-небудзь славутасці, і ўся краса адразу пацьмянее. Адчуеш, што не ўмееш так дакладна і зграбна выказваць сваё пачуццё, раззлуешся, і нават прападзе ахвота любавацца...

Рычардас Станюліс, здаецца, адчуў, пра што задумаўся Вілюс. Паглядаў на яго з усмешачкай. Трохі робленай, праўда; Вілюс прыкмеціў гэтую іронію ўжо ў першы дзень іхняга знаёмства. Вось і зараз Рычардас са звыклай кплівасцю прапанаваў:

- Ды што там, падзяліся ўспамінамі, як у дзяцінстве на балоце журавіны збіраў!..

Вілюс выцягнуў стомленыя за дзень ногі, пацёр далонню лыткі.

- Магу прыдумаць, калі трэба для твайго нарыса. Хоць папраўдзе - журавін не збіраў, вакол нас былі саснякі. Пясок. А ўсёй вады - плыткая ручаінка, больш падобная на канаву. Я нават плаваць як след не навучыўся.

- Тады падзяліся ўражаннямі, як па грыбы хадзіў. Падасінавікі, абабкі, лісічкі і ўсялякія масляты... Чаму маўчыш? Атмасфера самая адпаведная: вечар ціхі, нават камары не кусаюць, - не сунімаўся Рычардас.

- Няма ахвоты. Мінулае... Ты болей мог бы расказаць рознага, бо шмат ездзіў.

- Нічога цікавага не магу прыдумаць.

- А навошта прыдумляць? Ты ж журналіст... - бясстрасна сказаў Вілюс.

Рычардас толькі плячыма паціснуў.

А Вілюс усміхнуўся. Да гэтага часу Рычардас мала казаў пра сваю работу. Зразумела, хіба шмат цікавага бачыць журналіст, які піша пра сельскую гаспадарку? Ва ўсіх артыкулах адно і тое ж: больш малака, мяса, збожжа; сяўба, уборка, кармленне, даенне; ганьба лайдакам і раскрадальнікам... Слухача гэткім толькі адпудзіш, Вілюс так і сазаў Рычардасу пад час адной размовы.

- А гэтыя разваліны маглі б і прыбраць, - сказаў Вілюс, ён вырашыў змяніць тэму. - Хоць яны і ажыўляюць пейзаж, нагадваюць пра былое.

- Ты пра мост? Гісторыя простая: узарвалі нашы, калі адступалі.

- Дык і ты пра тое-сёе ведаеш!.. - здзівіўся Вілюс. - Не толькі сачыняеш у сваіх артыкулах...

- Выпадкова даведаўся. Ездзіў у суседні калгас да меліяратараў. Прараба не застаў, а без матэрыялу вяртацца не хацелася. Завітаў да следапытаў васьмігодкі. Добры музей яны стварылі - я пра гэта пісаў... - Рычардас памаўчаў. У ягоным голасе не было заўсёднай іроніі. - А ўвогуле як след ведаю толькі галоўныя бітвы, як і ты. Школьны падручнік гісторыі, энная старонка, некалькі радкоў... Пра масты ў падручніках не пішуць. Месца б не хапіла.

- Мужыкі, хопіць ваяваць! - аклікнула іх Вілюсава жонка. - Гарбата стыне.

- З жанчынамі, зразумелая рэч, не паваюеш! - пажартаваў Вілюс. - Яны загадваюць своечасова есці, своечасова спаць... Буры некалі прайгралі вайну з ангельцамі толькі таму, што цягалі з сабой манаткі і сваіх жонак...

Ягоныя словы перарвала сухая пстрычка. Неверагодна гучная была гэтая пстрычка, відаць, таму, што ніхто не чакаў яе ў гэтай цішыні.

Вілюс узняў галаву.

На другім краю выспачкі, кроках у дваццаці, стаяў яго сынок і сціскаў у руцэ гранату. Хлопчыкаву постаць асвятляла трапяткое полымя вогнішча.

Над вогнішчам як бы застыў вялізны цемнакрылы матылёк. Крылы яго ўжо лізнуў зыркі агонь, а матылёк падаў і ўсё не мог упасці, павіс у паветры. Матылёк не махаў крыламі, і полымя не займалася яскравей. Матыльку было страшна - так доўга падаць у пякучае сонца.

Вецер зусім сціхнуў, і было цёмна вакол. А іскрынка, што вылецела з вогнішча, гарэла без трэску, роўным агнём, як падвешаны на парашуце ліхтар, такі зыркі на фоне чорнага неба.

Пасля пстрычкі мінула хвіліна, другая, трэцяя.

Граната павінна была ўзарвацца праз тры секунды. Вілюс ведаў гэта, кідаў такія гранаты ў арміі, з глыбокага акопа, і ледзь паспяваў нагнуцца, выпусціўшы яе з пальцаў, як асколкі са свістам праносіліся над брустверам... А зараз ён не мог варухнуцца, кінуцца да малога. Тры секунды - вельмі многа і вельмі мала, але трэба паспець...

І чалавек у заляпанай граззю салдацкай вопратцы, відаць, ведаў гэта на памяць. Кінуўся да здранцвелага дзіцяці, вырваў з рукі гранату і, амаль не замахваючыся, шпурнуў яе ў балота.

Адразу ж узляцеў слуп вады і глею. Рэха выбуху не вярнулася назад.

 

* * *

 

Гарбата была гарачая. Салдат піў не спяшаючыся, сціскаючы ў далонях кубак, быццам грэў азяблыя рукі. А вечар быў цёплы, і вогнішча гарэла горача. Ад мокрай вопраткі салдата ішла пара.

Жанчыны прапаноўвалі салдату кілбасы, нарэзанага скрылікамі кумпяка, але той адмовіўся, толькі папрасіў яшчэ вару. Дастаў з кішэні галету, жаваў яе, раз-пораз макаючы ў гарбату. І жанчыны замоўклі, баючыся пакрыўдзіць салдата перабольшанай увагай, не ведаючы, як яму аддзячыць.

Цішыня доўжылася; усім стала нават ніякавата.

А Вілюс даўно ўжо хацеў спытацца, што тут робіць салдат і як ён гэтак незаўважна і, галоўнае, своечасова апынуўся на выспачцы. Вілюс нават падумаў, што гэта актор, што дзе-небудзь паблізу, можа, ля ўзарванага моста, атабарылася здымачная група, ставіць фільм пра вайну; але чалавек так рашуча схапіў гранату... Як сапраўдны салдат - умець трэба.

- Трэба ўмець... - услых падумаў Вілюс.

- Служба, - адказаў салдат.

- Служыце, значыцца?

- Ваюем... Усе ваюем. Ды лепш тым, што наступаюць. Адступаць вельмі ўжо цяжка...

Салдат засяроджана глядзеў на цёмна-бурую, у цемры зусім чорную ваду балотнага акна і думаў: яна пабурэла не толькі ад усюдыісных часцінак жалеза, што тояцца ў зямлі. Міналі стагоддзі, а ў балотах танулі закаваныя ў жалеза рыцары, радзелі разнамоўныя полчышчы. Толькі ж за апошнія паўстагоддзя двойчы пракаціўся па балоце вогненны віхор, штораз пакідаючы ў ім частку сваёй бясконцай лютасці. Лютасці, якую душылі не балоты.

- А мне чагось падумалася - вы тут на здымках. - Вілюс засмяяўся, яму чамусьці сталася лягчэй, калі даведаўся, што салдат - сапраўдны салдат і проста выканаў свой абавязак. Ды і акторы - народ інтэлектуальны, з імі і размова іншая, ды і абыходжанне не тое. Пачуваешся ніякавата, калі гутарыш са славутасцямі. - Хоць фільмы пра вайну - таксама рэч добрая. Людзі павінны ведаць пра вайну, пра салдацкую прафесію. - Вілюс на хвіліну запнуўся, падумаўшы, што не гэтак выказаўся. - Але, тады нічога не забудзецца. Зараз багата добрых карцін пра вайну. - Папраўдзе, Вілюс не любіў фільмы пра вайну, хадзіў на іх рэдка, хіба што на адзначаныя на фестывалях. Але зараз, калі салдат выратаваў яго сынка, не з рукі было казаць інакш.

Вілюс паглядзеў на чарнавата-бурую ваду і падумаў, што вайна скончылася даўно. Калі пачаць успамінаць, давядзецца згадваць вельмі шмат чаго, а ўсё было так даўно, што хутка нідзе на нашай зямлі не застанецца гранат, якія не ўзарваліся, - іх знішчыць час...

- У кіно вайну паказваюць, - сказаў салдат.

- Глядзець страшна, - дадаў Вілюс.

Зоркі мігцелі цьмяна, па-восеньску. За кругам, акрэсленым полымем вогнішча, застыла напружаная цемра, толькі дзе-нідзе ўсыпаная нерухомымі агеньчыкамі - адлюстраванымі свяціламі.

- Мне пара, - сказаў салдат і паглядзеў на зоркі. - Пара.

- Пераначавалі б з намі, - прапанаваў Вілюс. - Месца хопіць, спальны мяшок знойдзецца. Куды вы цяпер пойдзеце - цемра суцэльная, яшчэ ў дрыгву патрапіце.

- Трэба. - Салдат устаў. - Служба, пазніцца не выпадае.

Салдат ступіў у цемру. Чорны сілуэт растварыўся ў тумане. Мільгануў яшчэ раз, закрываючы адлюстраванне зорак у вадзе, і знік. Як бы і не было чалавека.

- Я тут не заблукаю.

Гэтыя словы прагучалі выразна, быццам сказаныя побач, і людзі на выспачцы ўздрыгнулі.

 

* * *

 

Мужчынам не спалася. Леглі яны разам з усімі, праварочаліся з боку на бок добрую гадзіну, але сон не ішоў. Зараз яны сядзелі ля пагаслага вогнішча. Пойдуць папаліць - так сказалі жонкам.

Вілюс дыміў ужо не першай цыгарэтай, усё паварочваючыся да намёта, што цямнеў у густым тумане. Зрэдку апаноўвала неадольнае жаданне зірнуць на сынка, ён уставаў і, падкраўшыся да намёта, прыслухоўваўся. Усярэдзіне было ціха. Сынок спакойна соп, напэўна, так і не зразумеўшы, што яму пагражала гадзіну назад.

- Агідная работа ў гэтага салдата, - сказаў Вілюс. - Нават памыліцца нельга.

- Як у час ён паспеў... - відаць, у дзесяты раз паўтарыў Рычардас.

- У час...

Туман згушчаўся, кропелькі, што плавалі ў паветры, рабілі вільготнай вопратку, але мужчыны не адчувалі ні сырасці, ні холаду. А за Нёманам глуха грукацелі выбухі, па небе блукалі промні пражэктараў - няяркія, размытыя, як светлыя палосы, вычарчаныя на кепскай паперы. Грозна ракацелі цяжкія самалёты. Відаць, там праходзілі манеўры, і тысячы чалавек - салдаты, афіцэры, генералы - не спалі гэтай ноччу.

- Нават уначы чалавеку выспацца не даюць!.. - буркнуў Вілюс.

- Бывае, гэтыя заняткі патрэбны і ў мірны час... А цябе, пэўна, мала старшына ганяў.

- Я санітарам быў, - агрызнуўся Вілюс.

Рычардас змаўчаў.

- Лепш бы зусім не было армій! - сказаў Вілюс.

- Можа, і не будзе калі-небудзь. Забудуць людзі пра вайну. Стануць...

- Журналістамі!.. - таропка ўставіў Вілюс, узрадаваўшыся магчымасці змяніць размову. І чаму ён сам не кінуўся тады да малога?..

Удалечыні ўсё грукаталі выбухі, а начныя птушкі на балоце маўчалі.

- Гэта ўжо хто кім пажадае... - працягнуў Рычардас.

У баку моста раптоўна шугануў сліпучы слуп полымя. Белае ненатуральнае святло азарыла балота; і мужчынам падалося, што каркас моста ажыў, узняўся ў паветра і застыў - у адно імгненне.

Даляцела запозненая выбуховая хваля.

- Няўжо... памыліўся? - прашаптаў Вілюс.

- Напэўна, вучэбная грукнула. Або звер нейкі на міну напароўся, - спакойна запярэчыў Рычардас.

- Заўтра з самай раніцы ідзём адгэтуль.

- Ды ўжо ж, пасля гэтага журавіны збіраць не станеш... Такое ўражанне, быццам на фронт трапілі.

- Якое шчасце, што можна ісці спаць і заўтра мірна прачнуцца, - уміхнуўся Вілюс.

Гэты выбух быў апошні. Сталася зусім ціха. Пагаслі промні пражэктараў - адначасна, разам з рэхам выбуху.

Зноў танюткім галаском піскнула івалга і тут жа змоўкла, вырашыла, што не пасуе ёй, дзённай птушцы, спяваць сярод начы.

 

* * *

 

Да шашы было далёка. Гужам ішлі яны вузкай сцяжынай, пратаптанай цераз поле, і Вілюс крочыў апошні. Дзеці хутка ўціхамірыліся, але потым сталі ныць, і маткі моўчкі цягнулі іх за рукі, быццам баючыся спазніцца. А спяшацца не было куды.

Нарэшце паказалася шаша. Здалёку свяціўся аўтобусны прыпынак, адзначаны жоўтым дыскам.

Дошка з раскладам аблупілася. Але Рычардасу ўдалося неяк разабраць, што аўтобус на Вільню прыйдзе праз гадзіну. Ён азірнуўся.

Вілюс стаяў убаку і глядзеў некуды ўдалеч.

- Паслухай... - сказаў, падышоўшы да яго, Рычардас. - Не, бадай, не варта...

- Ды кажы.

- Лухта, - махнуў рукой Рычардас. - Праўда, часам усялякае глупства ў галаву лезе. Нават дзіўна... Давай пагуляем, чаго тут тырчаць...

Вілюс паслухмяна пайшоў за Рычардасам.

Крочылі яны ўскрай шашы. Прайшлі даволі далёка, але Вілюс ні пра што не пытаўся - куды яны ідуць, што хацеў сказаць Рычардас. Бадай, Вілюс нават не заўважыў, як далёка яны адышлі ад прыпынку.

- Мне ўвесь час здаецца, што я ўжо бачыў гэтага салдата, - нарэшце загаварыў Рычардас. - Сапраўды дзіўна.

- Трэба было спытацца.

- Я толькі сёння ўзгадаў.

- Шмат ездзіш. Сустракаешся з людзьмі.

- Вось менавіта, сустракаюся...

Трохі далей ад шашы стаяў доўгі цагляны будынак, абнесены жывой загароджай з глогу. У двор вяла пасыпаная друзам дарожка.

- Школа, - паведаміў Рычардас. - Зойдзем?

Вілюс толькі паціснуў плячыма. Часу яшчэ было багата, і яму ўсё роўна, куды ісці. Не хацелася вяртацца на прыпанак, яму не было пра што размаўляць з жонкай.

Калідор з белымі сценамі, на якіх віселі плакаты, дыяграмы і насценгазеты, пуставаў. Толькі ў класах, за дзвярыма, на якіх чарнелі таблічкі з светлымі рымскімі лічбамі, прыглушана гучалі галасы настаўнікаў.

- Усе на ўроках, - сказаў Вілюс і чамусьці груба дадаў: - А ты, вядома, надумаў карэспандэнцыю напісаць? На аўтобус не паспеем.

- Спадзяюся, дзверы не замкнёныя...

Вілюс не зразумеў.

Рычардас штурхнуў адны дзверы, і яны прачыніліся.

На паліцах былі раскладзены пагнутыя шлемы, іржавае дула кулямёта, асколкі снарадаў, пажоўклы сшытак. Насупраць, на сцяне, вісеў вялікі партрэт салдата, відаць, перазняты са старой фатаграфіі.

- Я ведаў, што гэта ён, - нягучна сказаў Рычардас. - Не памыліўся...

Пад партрэтам чарнеў надпіс: «Загінуў 22 чэрвеня 1941 года, узрываючы мост з фашысцкімі танкамі».

- Не! - закрычаў Вілюс. - Не!..



Пераклад: Павел Марціновіч
Падрыхтавана: Уладзімір Васькоў

Беларуская Палічка: http://knihi.com