Мігценне зорак роем хаатычным
Давала звыш ілюзію святла
Сцяжыне, што вакол гары Маслічнай
Ад вод Кедрону ўверх спіраллю йшла.
Сцямнелы шлях спыняўся на вяршыне.
За ёй у небе Млечны шлях бялеў
І вабіў так, што шэрыя масліны
Па ім ісці імкнуліся далей.
А тут быў сад з надзелам. Іісусе
Сабраў любімых вучняў за сцяной
І мовіў так: “Душа ў смяротнай скрусе.
Ганіце сон. Маліцеся са мной.”
І адцураўся шчыра, без прытворства,
як ад дароў, пазычаных на час,
і ад улады, і ад цудатворства
і стаў смяротным, як і кожны з нас.
Начны абшар здаваўся месцам судным –
Самотным краем змроку, небыцця.
Паўночны свет быў ціхім і бязлюдным,
І толькі сад прывязваў да жыцця.
Хрыстос маліў Айца ў крывавым поце,
Каб чашу смерці неяк абмінуць, –
І бачыў толькі бездані чарноцце
І у Сябе – людскую слабіну.
Мальбой змягчыўшы жудаснасць рэалій,
Ісус да вучняў крочыў. А яны
Усе, як ёсць, салодка, мірна спалі,
Палёгшы, дзе прыйшлося, на зямлі.
Ён пабудзіў іх. Словам агарошыў –
Чаму яны не разам з ім, а ў снах?
І абвясціў: “Прабіў мой час апошні!
Сын Чалавечы ў здрадніка ў руках!”
І, ледзь прамовіў, як аднекуль люду
Набегла шмат: прыслужнікі, рабы,
Старэйшыны, і кніжнікі, і Юда –
Прыклаўся пацалункам – як забіў.
А Пётр, свой меч узняўшы, замахнуўся,
Адсек камусьці вуха праз адчай.
Ды сціх, пачуўшы раптам ад Ісуса:
“Хто меч падняў – загіне ад мяча.
Калі б Айцец Нябесны мой абрушыў
На карнікаў маіх свой Божы гнеў,
На мне і валасочка не крануўшы,
Рассеяліся б ворагі мае.
Але жыццё дайшло да той старонкі,
Што ўсіх святынь утвораных свяцей:
Калі прароцтваў велічных скарбонкі
Ва ўсёй павінны збыцца паўнаце.
Хада вякоў на прытчы вязь падобна.
Усё ідзе па руху па свайму.
Я для сцвярджэння ісціны Гасподняй
У муках чалавечых смерць прыму.
Сыйду ў труну – і ў трэці дзень устану.
Заззяе сонца, рэкі ажывуць.
І да мяне, як баржы каравана,
На суд плыты стагоддзяў паплывуць.”