epub
 
падключыць
слоўнікі

Барыс Пастарнак

Вершы

«Февраль. Достать чернил и плакать!..»
«Как бронзовой золой жаровень...»
«Когда за лиры лабиринт...»
«Я рос. Меня, как Ганимеда...»
Душа
Раскуты голас
Мяцеліца
Імправізацыя
У лесе
«Весна, я с улицы, где тополь удивлён...»
«Рояль дрожащий пену с губ оближет...»
«Закрой глаза. В наиглушайшем органе…»
«Нас мало. Нас, может быть, трое…»
«Косых картин, летящих ливмя…»
Пеўні
«Рослый стрелок, осторожный охотник...»
«О, знал бы я, что так бывает…»
Памяці Дэмана
Пра гэтыя вершы
Туга
Склаўшы вёслы
Вызначэнне паэзіі
Стэп
Душная ноч
Яшчэ болей душны золак
Навальніца, імгненная навек
«Любимая, - жуть! Когда любит поэт...»
«Давай ронять слова...»
Мелася
«Любить - идти, - не смолкнул гром...»
Канец
Смерць сапёра
Гамлет
Зімовая ноч
Калядная зорка
Цуд
Паганыя дні
Магдаліна
Гефсіманскі сад
Хмель
«Во всем мне хочется дойти до самой сути…»
«Быть знаменитым некрасиво...»
Нобелеўская прэмія
Адзіныя дні


«Февраль. Достать чернил и плакать!..»

 

Зноў люты. Ўзяць пяро і плакаць!

Пра люты стаць пісаць наўзрыдзь,

Пакуль слаты грымлівай плаўкасць

Вясною чорнаю гарыць.

 

Здабыць пралётку. За шэсць грыўняў

Праз провесць, колаў клік, праз лёс

Туды дастацца аж, дзе лівень

Шумнейшы ад чарніла й слёз.

 

Дзе, як апаленыя грушы,

Гракі ў азяблых дрэў з плячэй

Сарвуцца ў лужыну і зрушаць

Сухі адчай на дно вачэй.

 

Пад ім праталіны і ўзвейна

Падзёрты вецер на шматкі,

Як выпадкова, дык надзейна

Наўзрыдзь складаюцца радкі.

 

1912

 

«Как бронзовой золой жаровень...»

 

Як прыскам бронзавым жароўняў,

Жукамі сыпле сонны сад.

Са мной, са свечкаю нароўні

Вісяць сусвет ў цвеце свят.

 

Як у нячутаную веру,

Я пераходжу ў ноч, імжу,

Дзе цень таполі стахла-шэры

Запяў ад месіка мяжу.

 

Дзе стаў, як тайна рэха ў далях,

Дзе шэпча яблыні прыбой,

Дзе сад вісіць, нібы на палях,

Трымае неба над сабой.

 

1912

 

«Когда за лиры лабиринт...»

 

Калі за ліры лабірынт

Паэт пашле пагляд,

Налева развінецца Інд,

Правей сплыве Еўфрат.

 

А пасярод усіх праблем

З страшэннай прастатой

Легендай спешчаны Эдэм

Узвысіць ствольны строй.

 

Ён вырасце над прыбышом

І прашуміць: мой сын!

Я сам з гісторыі прыйшоў,

Знайшоў сям’ю лясін.

 

Я — клёк зямлі, яе зеніт,

Што сам свой маю цень.

Я — клёк зямлі, яе зеніт

І пачатковы дзень.

 

1913, 1928

 

«Я рос. Меня, как Ганимеда...»

 

Я рос. Мяне, як Ганімеда,

Няшчасці неслі, сны вялі.

Як крылы, вырасталі беды

І адлучалі ад зямлі.

 

Я рос. І адвячоркаў шарых

Мяне фата абвалакла.

Віном вітальных слоў у чарах

Гульнёй зажуранага шкла

 

Я рос, і пераплеччы палка

Ўжо студзіць крыламі арла.

Далёка дні, дзе, як вясталка,

Мілосць, ты нада мной плыла.

 

Ды мы хіба не ў тым жа небе?

На тое й высі ўзлёт круты,

Што, як сабой адпеты лебедзь,

З арлом упоплечкі і ты.

 

1913, 1928

 

Душа

 

О вольнаадпушчаніца, як успомніцца,

О, як забудзецца, палонніца год.

На розум многіх, душа і паломніца,

Па-мойму — цень без прыкмет і прыгод.

 

О, — ў камені верша, калі нават канула,

Тапельніца, нават калі — ў кавылі,

Ты б’ешся, як білася ў мур Тараканава

Князёўна, як люты заліў равелін.

 

О ўкаранёная! Дбаючы пра амністыю,

Клянуць часіны, як вартаўнікоў,

Стукочуць апалыя леты, як лісце,

Ў садовую загарадзь календароў.

 

1915

 

Раскуты голас

 

У плошчу, каб пошчак зрамізіць,

У белую прорву пярэста

Нябачнаму імі — «Рамізнік»

Нізрынуць з пад’езда. З пад’езда

 

Спіхнуць у шалёную поўнач

І чуць, як праз цёмныя спаі

Яе пацалункаў — «На помач!»

Мой голас тапельца гукае.

 

Убачыць у адзінаборстве

З завеяй, найлютаю з лютняў,

Як з муці мой голас на шорсткай

Аброці ўсплывае пакутна...

 

1915

 

Мяцеліца

 

1

У пасадзе, куды ні адна нага

Не ступала, а варажбіткі ды веі

Ступала нага, дзе ваколле шалее,

І спіць, як забітая, снегу нудзьга, ─

 

Чакай, у пасадзе, куды ні адна

Нага не ступала, а веі ды

Варажбіткі ступала нага, да акна

Дапяў шлеіны абскубак худы.

 

Хоць выкалі вока, а гэты ж пасад

Быць можа ў горадзе, ў Замаскварэччы,

Ў Замосці, дзе мосці (ўначы недарэчны

Госць ад мяне адхіснуўся назад).

 

Пачуй, у пасадзе, куды ні адна

Нага не ступала, адны душагубы,

Вястун твой – асінавы ліст, ён бяззубы,

Як здань, безгалосы, як бель палатна!

 

Ён грукаўся ў брамы, ён слаўся слатой,

Як смерч, азіраўся, як той шалянец…

– І поўнач не тая, і горад не той…

І ты заблукаў тут, загнаны ганец.

 

Але ты шапнуў мне з усёй гаркатой.

У пасадзе, куды ніводзін двуногі…

Я нейкі таксама… я збіўся з дарогі:

І поўнач не тая, і горад не той.

 

1914

 

2

У крыжыках дзверы, бы ў Варфаламееву

Ноч. І загады завеі-змоўшчыцы:

Завальвай жа вокны і рамы заклейвай,

Маленства там елкай каляднай вяльможыцца.

 

Зімовая змова бульвараў бязлісцевых

Клянецца спрыяць чалавецтву нявечыцца,

На зборышча, горад! За горадам – выйсце ёсць!

І вея дыміцца, як факел над нечысцю.

 

На рукі злятаюць пушынкі-скнарыкі.

Пароша ў бязлюддзі рукаецца з бедамі.

Сняжынкі мігцяць, як ручныя ліхтарыкі.

Ты ўведана, голле! Хадыка, ты ўведаны!

 

Палонкі палон, халадзёнкаю з лазні

Ліні: — Каліньі, адрас маем! — Сякеры

І крыкі завязлі: — Вы ўведаны, вязні

Прытулку! — і крэйдай крыжуюцца дзверы.

 

Што лагерам сталі, што ўзняты караўкамі

Падонкі тварэння, завеі — з паўгора.

Пад свята з святымі сустрэнуцца праўнукі.

Ноч Варфаламеева. Руш, горад, за горад!

 

1914, 1928

 

Імправізацыя

 

Я клавішаў вырай карміў з рукі

Пад лопат крылаў, плёскат і клёкат.

Я выпрастаў рукі, я стаў на наскі,

Рукаў закасаўся, ноч тоўхала ў локаць.

 

І цёмна было. Стаў стыў ля вачэй,

І хвалі. – І птушкі з пароды вы любы,

Здалося, змярцвяць, чым сканаюць, хутчэй

Крыклівыя, чорныя, дужыя дзюбы.

 

Стаў стыў ля вачэй. І цёмна было.

Палалі гарлачыкі з ночавым дзёгцем.

І хваля даглыдвала днішча на тло

У чоўна. І грызліся птушкі ля локця.

 

І ўночы гартань прапалосквала гаць.

Здалося, пакуль птушаня не накормлена,

І самкі хутчэй, чым сканаюць, змярцвяць,

Рулады ў крыклівым, пакрыўджаным горле.

 

1915

 

У лесе

 

Лугі муціла палам лілаватым,

Клубіўся ў лесе катэдральны змрок.

Што ў свеце засталося цалаваць ім?

Быў іхні ўвесь, як воск па пальцах цёк.

 

Ёсць гэткі сон, – не спіш, сніш подум нейкі,

Што прагнеш сну; што дрэмле чалавек,

Якому ў сне спякотна паляць вейкі

Два сонцы чорныя — б’юць з-пад павек.

 

Цякло праменне і жукі з адлівам,

Стракозаў шкло хадзіла па шчаках.

Лес поўніўся мігценнем клапатлівым,

Як пад шчыпцамі, што ў гадзіншчыка.

 

Здалося, ён заснуў пад лічбаў хмарай,

Між тым вышэй, у млявым бурштыне,

Перастаўляюць, зверыўшы па сквары,

Гадзіннік, што ў эфіры не засне.

 

І пераводзяць, і трасуць іголкі,

І сеюць цень, свідруюць наўпапад

Змрок мачтавы, узвышаны і гонкі,

У стоме дня, на сіні цыферблат.

 

Здалося, даўнасць шчасця аблятае,

Заходам сноў абняты лес і гаць.

Шчаслівыя гадзін не заўважаюць,

Ды тыя, двое, быццам толькі спяць.

 

1917

 

«Весна, я с улицы, где тополь удивлён...»

 

Вясна, я з вуліцы, дзе ў здзіве дрэў ствалы,

Дзе жаль жахаецца, дзе ўпасці дом баіцца,

Паветра сіняе, як клуначак малы

З бялізнай выпісанага з бальніцы.

 

Дзе вечар, быццам сказ, што хваліць ноч,

Пусты, ды з кропкай зоркі без адказу

На непамыснасць тысяч шумных воч,

Прадонных і пазбаўленых выра́зу.

 

1918

 

«Рояль дрожащий пену с губ оближет...»

 

Раяль дрыготны пену з губ абліжа,

Цябе падкосіць мітурга, скране,

Ты скажаш: — любы! — Не, — я ускрыкну, — не!

Пры музыцы?! — Ці быць магчыма бліжай,

 

Чым поцемна, акорды, нібы дні,

Што у дзённіку, ў агонь шпурляць паволі?

О дзіва зразумеласці, кіўні,

Кіўні, аж утрапееш! — ты на волі.

 

Не мне трымаць. Ідзі, дабро твары.

Да іншых кроч. Ужо напісан Верцер,

А ў нашы дні й паветра пахне смерцю:

І прачыніць акно — што жылы ўскрыць.

 

1919

 

«Закрой глаза. В наиглушайшем органе…»

 

Заплюшчы вочы. Ў найглушэйшым органе

На трыццаць вёрст забытая якраз

Прастора дасылае храп і торганне,

Смех, лепет, плач, бяспамяцце і транс.

 

Ім, як і мне, з вясной няўзмогу звыкнуцца.

Не першы раз стараўся — не прывык.

Цяпер у нетрах мне і гэтым выкінцам

Падносіць чару дыму паравік.

 

Калі ж пад ценем ордэнскіх капітулаў,

Што службу неслі ў паўнаўбранні хвой,

Па-свецку сакавік сырыў дапытліва

Сцяжынкі парка корсткай сінявой?

 

Яго грахі пад старасць мне заважацца.

Адкаркаваўшы хмельных вербаў штоф,

Знікаў ён зрання ў радабоцце саджанцаў,

У стаў, дзе чад тапіў чубы кустоў.

 

І рэк і лужын акварэль задыхацца

Паспела ад вячыстых вечароў,

І ля дзвярэй паказваліся выхадцы

Ды з першых гульняў, з першых буквароў.

 

1921

 

«Нас мало. Нас, может быть, трое…»

 

Нас мала. Нас можа быць трое

Данецкіх, пякельных і хвацкіх

Пад шэраю бегкай карою

Аблокаў, дажджоў і салдацкіх

Саветаў, радкоў — каб застацца —

Дыскусій пра транспарт, мастацтва.

 

Жылі мы людзьмі. Мы эпохі.

Нас збіла, нясе ў караване,

Як тундру пад тэндара вохі

І поршняў і шпал парыванне.

Зляцімся, ўварвёмся, збаронім,

Закружымся віхрам вароніным.

 

І — прэч! — Не паспееце ўцяміць.

Так раніцай, выцяўшы сцірту

Саломы — кароткая памяць, —

След ветравы подыхам спірту

Жыве ў сходзе дрэў, караніцца

У дрэў, што акрылі драніцы.

 

1921

 

«Косых картин, летящих ливмя…»

 

З карцін, што збочыць рвуцца ліўма

З шашы са свечкаю ўваччу,

Зрывацца з сцен, з крукоў да рыфмы

І ў такт злятаць не адвучу.

 

Што ў тым, што на сусвеце — маска?

Што, як няма такіх шырот,

Якім бы на зіму замазкай

Заціснуць не хацелі рот?

 

Ды рэчы рвуць з сябе лічыну,

Губляюць гонар, трацяць мосць,

Калі ў іх ёсць спяваць прычына,

Калі падставы ліўню ёсць.

 

1922

 

Пеўні

 

Вада ўсю ноч шчырэла з сілай новай.

Да рання дождж паліў алей, аж змок.

І пара б’е з-пад накрыўкі ліловай,

Зямля кіпіць, як з варывам гаршчок.

 

Калі ж трава адскочыць ценем лані,

Хто перапуд мой выявіць расе

У час, як першы певень загарланіць,

За ім другі, яшчэ за тым — усе?

 

Гады перабіраючы пайменна

І голасу не верачы свайму,

Яны пачнуць прарочыць перамену

Дажджу, зямлі, жыццю — ўсяму, ўсяму.

 

1923

 

«Рослый стрелок, осторожный охотник...»

 

Рослы стралок, палявання ахвотнік,

Прывід з ружжом на разліве душы!

Не дабівай мяне сотым да сотні,

Дробна пачуццю на корм не крышы.

 

Дай мне падняцца над смерцю ганебнай,

З ночы ўбяры мяне ў тальнік і лёд.

Раніцай спудзь з азярыны паднебнай.

Цэлься, ўсё скончана! Бі мяне ўлёт.

 

За вышыню ж гэтай гулкай разлукі,

О занядбаныя ў чыстай бруі,

Дзякую вам і цалую вас, рукі

Боязі, дружбы, радзімы, сям’і.

 

1928

 

«О, знал бы я, что так бывает…»

 

Каб ведаў я, што так бывае,

Калі пускаўся на дэбют:

Радкі з крывёю — забіваюць,

Нахлынуць горлам — і капут!

 

Ад жартаў з гэткім хітрым клёкам

Адмовіўся б я наадрэз.

І быў пачатак так далёка,

Нясмелы першы інтарэс.

 

Ды старасць — гэта Рым, каторы

Ўзамену кепікаў і слёз

Не чыткі прагне ад актора,

А поўнай гібелі ўсур'ёз.

 

Каб пачуццю ў радку застацца,

На сцэну шле раба ад кроз,

І тут канчаецца мастацтва,

І глеба дыхае і лёс.

 

1932

 

Памяці Дэмана

 

Быць любіў па начах

Сінню ледавіка ад Тамары,

Крыламі намячаў,

Дзе гусці, дзе сканчацца кашмару.

 

Не рыдаў, не сплятаў

Сасцябаных, аголеных, шрамных.

Ацалела пліта

Ў агароджы грузінскага храма.

 

Цень спіной гарбуна

Не крыўляўся пад кратамі соўна.

Ля лампады зурна,

Сцяўшы дых, не гукала князёўну.

 

Бліск, як фосфар, наўскос

Валасы звязваў жычкай тугою.

І не чуў там калос,

Як сівее Каўказ за тугою.

 

Ад акна на аршын,

Покуль золь поўсць бурноса лавіла,

Кляўся льдамі вяршынь:

Спі, сяброўка, вярнуся лавінай.

 

Пра гэтыя вершы

 

На тратуарах натаўку

Са шклом і сонцам напалам,

Зімой даверуся таку

І дам чытаць сырым кутам.

 

Дэкламаваць пачне гара

З паклонам рамам і зіме,

І ўчыніць чахарду пара

Бядот, дзівацтваў і прыкмет.

 

І замяце завеі млосць

Канцы, пачаткі, як мятлой.

Раптоўна ўспомню: сонца ёсць;

Убачу: свет даўно не той.

 

Як галка, гляне Каляда,

Дзянёк, што разгуляўся, сам

Адкрые шмат, бо не шкада

Таго, што з любай нам няўцям.

 

Дзятве праз фортку крыкну ўраз,

Кашнэ абвіўшы, як стары:

— Якое, любыя, у нас

Тысячагоддзе на двары?

 

Хто сцежку ў снезе біў наўзрыў,

Каб дзверы вынеслі запой,

Пакуль я з Байранам курыў,

Пакуль я піў з Эдгарам По?

 

Пакуль зайсці ў Дар’ял штоміг

Мог, як да пеклавых канаў,

Жыццё, што Лермантава ўздрыг,

Як губы ў вермут, акунаў.

 

Туга

 

Да гэтай кнігі на эпіграф

Пустэльні сіплі,

Ільвы раўлі, да золкаў тыграў

Цягнуўся Кіплінг.

 

І зеўрала тугі крыніца

Засмяглай тоўсцю,

І гладзіліся, каб ікліцца,

Азяблай поўсцю.

 

Цяпер іх ласка выплывае

Ў радках без рангу,

Ідуць у росы паплавамі

І сняцца Гангу.

 

Світанне стылаю яхіднай

Займае ямы,

І ў джунглях сырасць паніхіды

І фіміяму.

 

Склаўшы вёслы

 

Човен калоціцца ў сонных грудзях,

Вербы цалуюць павісла ў ключыцы,

Ў локці, ў качоты — пяшчота не страх,

Гэткае здарыцца з кожным злаўчыцца!

 

Гэтым жа ў песні цешацца ўсе.

Гэта ж за бэзавы прысак не меней,

Ранак рамонка ў крамянай расе,

Губы і губы на зоркі выменьваць!

 

Гэта ж – абняць небасхіл гаваркі,

Абвіць рукамі Геракла грымотнага,

Гэта ўсё значыць — прасвістваць вякі,

Ночы на цёхканне лесак прамотваць!

 

Вызначэнне паэзіі

 

Гэта – смагай напоўнены свіст,

Гэта – пошчак зацятых ільдзінак.

Гэта – ноч, дзе лядзя́нее ліст,

Гэта — двух салаўёў паядынак.

 

Гэта — ў слодычы зглухлы гарох,

Гэта — слёзы сусвету ў лапатках,

Гэта — з пультаў і флейт — Фігаро

Нізрынаецца градам на градку.

 

Гэта — ўсё, што так ночы знарок

Адшукаць важна ў змоўклых прадоннях,

Зорку ціха данесці ў садок

НА трапёткіх, на мокрых далонях.

 

Дрэмле кладка ў вадзе, як сава.

Небасхіл анямела гукае.

Гэтым зоркам бы смех пасаваў,

Ды сусвет, ат, — мясціна глухая.

 

Стэп

 

Так выхады ў цішу былі да душы!

Стэп без берагоў, як марына,

Ўздыхае кавыль, шамацяць мурашы

І плавае плач камарыны.

 

Стагі з аблачынамі сталі ў ланцуг

Вулканамі да небакраю.

Стэп без берагоў і прыціх і набух,

Хістае, адносіць, штурхае.

 

Нам морам туман ажываў у трысці,

Кусала дзядоўніку зграя,

І дзіўна нам стэпам, бы ўзмор’ем, брысці —

Хістае, адносіць, штурхае.

 

Ці стог у смузе? Хто ўцяміць змог?

Ці наш? Ідзём. — Сваяк маякоў.

— Знайшлі! Ён ёсць гэты самы. — Стог,

Туман і стэп з чатырох бакоў.

 

І Млечны Шлях вядзе гэты цуг

На Керч, як шлях пад пыл капытоў.

Зайсці за хату, і зойме дух:

Адчынены з чатырох бакоў.

 

Туман снатворны, кавыль наўзбоч

Растрэсены Млечным Шляхам з вякоў.

Растане туман, і абдыме ноч

І стог і стэп з чатырох бакоў.

 

Цяністая поўнач у забыцці

Паверыла зорамі лету,

І нельга дарогу за тын перайсці,

Не топчучы гмаху сусвету.

 

Калі яшчэ зоры так нізка раслі

І ноч у бур’ян акунала,

Палаў і жахаўся намоклы маслін,

І, сцяўшыся, прагнуў фіналу?

 

Хай стэп нас разважыць і ноч парашыць,

Калі, калі не: — У пачатку

Плыў Плач Камарыны, Паўзлі Мурашы,

Дзядоўнік Кусаўся Няўзглядку?

 

Іх, любая, засці! Імжэць спарышы!

Ўвесь стэп як да грэхападзення:

Ўвесь — светам абняты, ўвесь — як парашут,

Увесь — уздыбленае ўяўленне!

 

Душная ноч

 

Накрапвала, — але не гнулі

Спін травы ў громавым мяшку.

І пыл глытаў дажджын пілюлі,

Жалеза ў ціхім парашку.

 

Сяло не дбала пра збавенне,

І апрытомнець мак не мог,

Гарэла жыта ў запаленні,

І ў ліхаманцы трызніў бог.

 

У ссірацелай і бяссоннай

Сырой, сусветнай шырыні

Ўцякалі, быццам з варты стогны,

Віхор мялеў у цішыні.

 

За імі слепа беглі следам

Крапліны. Спрэчка ў гамане

Галін намоклых з ветрам бледным

Ішла. Замёр я. Пра мяне!

 

Я адчуваў, ён увячэе,

Жахлівы, гаварлівы сад,

Размову аканіц яшчэ я

Чуў, не заўважаць — меў надзею.

 

Заўважаць — не ўцячы назад:

Навек зашэпчуць напрапад.

 

Яшчэ болей душны золак

 

Уранні голуб буркатаў

У шыбу нам.

На жалабах,

Як рукавы кашуль наўзмах,

Мярцвела голле.

Накрапвала. І на бягу

Хмурыны пыл змывалі,

Баюся, што маю тугу

На рынку

Калыхалі.

Маліў спыніцца іх, прыстаць.

Здавалася, прыстануць.

Як воўк, быў золак у кустах,

Як гоман арыштантаў.

І я маліў наблізіць час,

Калі за шыбінамі ў вас

Ледавіком з вяршынь

Бушуе рукамыйны таз

І песні колатай кускі,

Шчакі наспанай сквар і лоб

Лье ў шкло гарачае, як лёд,

На падлюстэрка слот.

Ды высь за гоманам пад сцяг

Вандроўных хмар

Чуць не магла мальбы

У цішы, звыклай кажанець,

Намоклай, як шынель,

Як пыльны водгул малацьбы,

Нібы грызня ў кустах.

Прасіў —

Не мульце спіны!

Не спіцца.

Ды — мжыла, і падняўшы пыл,

Ступалі аблачыны,

Як рэкруты, за хутар, раніцой.

Брылі не век, нібы

Палонныя аўстрыйцы,

Як ціхі хрып,

Як хрып:

«Папіць,

Сястрыца».

 

Навальніца, імгненная навек

 

І прыйшло з паўстанкам лета

Развітацца. Зняўшы шапку,

Сто зіхоткіх фатаграфій

Ноччу зняў на памяць гром.

 

Цьмела гронка бэзу. Ў гэты

Час ён наламаў ахапак

Бліскавіцаў і патрапіў

З’ясніць імі ўпраўскі дом.

 

І калі па даху хваля

Разлівалася злацешна

І, як па малюнку вугаль,

Лівень грымануў плятнём,

 

Памяці агні мільгалі:

Мусіў азарыцца спешна

Нават клёку цьмяны вугал,

Дзе цяпер відно, як днём!

 

«Любимая, - жуть! Когда любит поэт...»

 

Каханая — шах! Як кахае паэт,

Бог трызніць пярэстай панёваю,

І зноўку хаос выпаўзае на свет,

Нібыта ў часы выкапнёвыя.

 

Слязяць яму тонамі зірк туманы,

Здаецца ён, зашчаны, мамантам.

І выйшаў ён з моды. І досыць маны.

Часіны прайшлі — не да ляманту.

 

Ён бачыць, як шалу вяселлям стае,

Як п’яныя асыпаюцца.

Як жабіну, ўбраўшы спачатку яе,

Ікру называюць паюснай.

 

Як жартам жамчужным Вато, жыццё

Умеюць абняць табакеркаю.

І помсцяць яму за адно адкрыццё,

Што там, дзе хлусня з паняверкаю,

 

Дзе маніць, кадзіць з ухмылкай камфорт

І трутнямі труцца выпрасты,

Ён вашу сястру, як вакханку з амфор,

Падыме з зямлі і выкарыстае.

 

Цалуючы, Андаў падталасць пашле,

І раніцу ў стэпе, пад зоркавай

Гасподай святла, покуль ноч па сяле

Бляяннем не стоміцца торкацца.

 

І ўсім, што жывіла яры з сасняка,

Ўсім тлом батанічнае рызніцы

Патхне па тыфознай тузе сенніка

Зялёным хаосам пырснецца.

 

«Давай ронять слова...»

Мой друг, спытай, хто даў наказ,

Каб слова блазнава пякло?

 

Давайма словаў медзь,

Як сад — бурштын і цэдру,

І шчодра, і фацэтна,

Губляць ледзь-ледзь, ледзь-ледзь.

 

Не біцца ў адкрыццё,

Чаму так цырымонна

Марэнай і лімонам

Апырскана лісцё.

 

Хто йголкі заслязіў

І хлынуў цераз жэрдкі

Да нот, да этажэркі

Праз пальцы жалюзі.

 

Кілімчык за дзвярмі

Рабінай хто ссурміў,

Радном скразных узвіваў

І трапяткіх курсіваў.

 

Спытай, хто даў наказ,

Каб жнівень не пагас,

Каму не страшны вырак,

Хто пагрузіўся ў выраб

 

Кляновага ліста

І з дзён эклезіяста

У працы не прыстаў

Над целам алебастру?

 

Спытай, хто даў наказ,

Каб губы астраў, далій

У верасні рыдалі?

Каб ліст, што мае вяз,

З карыятыд акрас

Злятаў на золь якраз

Пліт восеньскіх шпіталяў?

 

Спытай, хто даў наказ?

— Наймоцны бог дэталяў,

Кахання бог саміх

Ягайлаў і Ядзвіг.

 

Хоць цемры глыбіня

Магілы векам бразнула,

Жыццё, як цішыня

Увосень, — падрабязнае.

 

Мелася

 

А потым меўся сенасхоў

І пах ён коркам вінным

З тых дзён, як жнівень адышоў,

Даў зарастаць сцяжынам.

 

На кісліцы, ў траве наўзмах,

Брыльянты хмура віслі,

Па схаладзеласці на смак

Нагадваючы рыслінг.

 

Быў верасень адной з падмог

Вазацкай гаспадарцы,

На нюх ён папярэдзіць мог,

Дзе непагода здарыцца.

 

Двор засцячы, вадой з вінцом

Жаўціў ён жвір крыніцы,

То з неба спрынцаваў свінцом

Круглявых рам вачніцы.

 

То залаціў іх, то ляцеў

З куста за хлеў, к сялянам,

То ліп да шыб, адскокваў з дрэў,

Гарэў лістом каляным.

 

Ёсць маркі шчасця. Слоў жарства

Vin gai, vin triste1, — ды вер мне,

Што кісліца — травой трава,

А рыслінг — пыльны тэрмін.

 

Ноч мелася, і на губах

Уздрыг. Было на веях сумна

Брыльянтам стыць. Дождж у мазгах

Шумеў, не аддаваўся думкай.

 

Здалося, не люблю, — малю

І не цалую, — міма

Не век, не міг плыве малюск,

Свячэннем шчасця цьмімы.

 

Як музыка: вякі ў слязах,

Ды песні нельга плакаць,

І трэслася ў прарыве ў ах! —

Каралавая мякаць.

 

 

1 Віно весялосці, віно тугі (франц.)

«Любить - идти, - не смолкнул гром...»

 

Кахаць – ісці, - не змоўкнуў гром,

Таптаць тугу, цвяліць правіны,

Пужаць вужоў, плаціць дабром

За зло брусніцаў з павуцінай.

 

З галінак піць, што б’юць наўзмаш,

Расплюхаўшы блакіт у клунках:

«Дык гэта рэха?» — зрэшты аж

З дарогі збіцца ў пацалунках.

 

Брысці ў дзядах на шлях рабін,

А сонцу болей год, чым хмарцы,

Чым зоркам і аўсу з драбін,

Чым Маргарыце і карчмарцы.

 

Губляць назоў, абанемент

На буру слёз з вачэй валькірый,

І ў спёку небам анямець,

Лёс мачтавы паслаць у вырай.

 

І згрэбці да адной гурмы

Падзеі год, як шышкі з елкі:

Шаша; шаноўны сход Карчмы;

Світала; зяблі; рыбу елі.

 

Зваліўшыся, пяяць: «Сюдой

Ішоў сівы, меў сіл астатак.

Давіўся горад лебядой,

Што мылася ў слязах салдатак.

 

Дзе ў ёўнях зябне сцень сыры,

Ў агнях біклаг і бакалейняў,

Без поўні, пэўна, ён — стары

І ўслед таксама акалее».

 

. . . . . . . . . . . . . . . .

Так я спяваў і паміраў.

І паміраў, і зноў вяртаўся

У рукі ёй, аж бумеранг,

І — колькі помню — расставаўся.

 

Канец

 

Ці наяве ўсё? І ці час разгульваць?

Лепей вечна спаць, спаць, спаць, спаць

І не бачыць сноў.

 

Зноў жа — вуліца. Зноў жа — полаг цюлевы.

Зноў жа, што ні ноч,— стэп, стог, стогн,

І цяпер і зноў.

 

Жнівеньскім лістам — астма ў кожным атаме –

Сніцца ціша, змрок. Рад сабака сам

Разбудзіць сад.

 

Можа, ўлягуцца? Ды — гігант за кратамі,

І другі. Крокі. «Тут ёсць болт».

Свіст і кліч: тубо!

 

Ён амаль усё абліваў, абвальваў

Нашым крокам шлях! Ён і тып

Катаваў табой.

 

Восень. Пацеркі жоўта-шызыя ніжуцца.

Ах, як і табе, прэль, мне смерць

Як прыелася жыць!

 

О, якраз не ў час ноч кадзіць манеўрамі

Паравозаў: ліст кожны ў дождж

Рвецца ў стэп, за плот.

 

Вокны сцэны робяць мне. Ўсё марна — дробязі!

Рвуцца дзверы з пашчы, цалаваўшы

Локцеў яе лёд.

 

Пазнаём мяне з кім-небудзь з ускормленых вякамі,

Як яны, прыпарам спёклых ніў,

Жытам на мяжы.

 

Ды з аскомай, са здранцвеннем, з камякамі

Ў горле, ды з тугою гойных слоў

Морышся дружыць!

 

Смерць сапёра

 

Мы час засеклі па гадзінніку

І ўгору папаўзлі адхонам.

Абрыў. Без сведак мы адзіныя

І край варожай абароны.

 

Вось там яна, і там, і тут яна —

Паўсюль, паўсюль, да самай кручы.

Як павуцінаю, аплютана,

Укручана ўся ў дрот калючы.

 

Ён не падслухваў думкі нашыя

І не заглядваў нам у душы.

З канюшні ўніз абрушваў нажыва

Шалёны свой агонь па Зушы.

 

Пражэктары, як ножкі цыркуля,

Прамнёва білі ў канавязі.

Прамыя пацалянні фыркалі

Фантанамі — зямлёй і граззю.

 

Чым больш абстрэл дыміў барвяніста,

Тым раўнадушней да асколкаў,

З халоднай вытрымкай, пашаніста

Шчырэлі ў пекла на пяколку.

 

Былі са мною людзі мужныя.

Я знаў, што ў драцяной гушчарні

Зрабіць праходы сёння мушу я

Для бітвы заўтрашняй, ахвярнай.

 

Сапёра аднаго параніла —

Ад ліній адпаўзаў варожых,

Узняўся — болем затуманіла,

І ўпаў на палыновы ложак.

 

Ён апрытомневаў урыўкамі,

Наўкола пазіраў на горцы

І мацаў месца пад нашыўкамі

На пачарнелай гімнасцёрцы.

 

І думаў: драбяза, падрапалі,

І ён адваліць ад Казані,

Уверх да родных да Сарапуля, —

Ды памяць зноў плыла ў тумане.

 

Усё ў жыцці быць можа марнасцю,

Ўсё доля выдае благая, —

Мілосці след самаахвярнае

Знішчэнню ўсё ж не падлягае.

 

Ад болю грыз зямлю паранены,

Не выдаў стогнамі братоў ён,

Трывучасць аратая райная

Трымала памяць паратоўна.

 

Жывога хоць паспелі вынесці.

Гадзіну дыхаў ён праз сілу.

Хоць дол за рэчкай дужа гліністы,

Капалі там яму магілу.

 

Як да яго з забітай вераю

Сышліся мы на развітанне,

Загаварыла артылерыя

Ў дзве тысячы сваіх гартаняў.

 

Заныў гадзіннік ціхім пошчакам,

Хадзілі рычагі і шківы.

Ў прагал, расчышчаны нябожчыкам,

Памкнула армія прарыву.

 

Бой грозна рынуў у прабоіну

І пакаціўся на раўніну,

Як мора рвецца ў край асвоены,

З разбегу крышачы плаціну.

 

Пяхота рушыла маршрутамі,

Нябожчык вызначыў дарогу,

Час біўся хвілямі пачутымі,

Праціўнік ля Заверша дрогнуў.

 

Ён пакідаў начынне грознае,

Катлы яшчэ дымкога супу;

Нарабаванае абознымі

Усё — палаткі, скрынкі, трупы.

 

Пасля дарогаю спярэшчанай

Прайшло непераможна войска.

Краі расшырыліся ў трэшчыны

Ад Крыварожжа да Прапойска.

 

І мы таму цяпер ля Гомеля,

Што на паляне ўсе з імпэтам

Сваёй душы не эканомілі

Ў пластунскай справе перад гэтым.

 

Жыць і згараць нам, радасць спелячы,

Але жыццё тады збяссмерціш,

Калі ім да святла і велічы

Сваёй ахвярай шлях прачэрціш.

 

Снежань 1943

 

Гамлет

 

Гул заціх. Я выйшаў на падмосткі,

Перадаўшы стому вушаку,

Я лаўлю ў далёкім адгалоску,

Што сустрэну на сваім вяку.

 

На мяне пастаўлен морак ночы

Тысяччу бінокляў на стырне.

Як і льга такое, Авва Ойча,

Чарай гэтай абміні мяне.

 

Даспадобы твой намер упарты,

Я сыграю ролю, маю час.

Сёння іншай драмы іншы варты,

І мяне ты збаў на гэты раз.

 

Ды прадумай ход падзей на сёння,

Непазбежны шлях у небыцці.

Сумны я, ўсё ў фарысействе тоне.

Зжыць жыццё — не поле перайсці.

 

1946

 

Зімовая ноч

 

Мяло, мяло - зямля ў святле

Наўсцяж бялела.

Гарэла свечка на стале,

Праз ноч гарэла.

 

Як летам на агонь машка

Ляціць раямі,

Сняжніца ліпла з веташка

На плечы раме.

 

Завея меціла на шкле

Кружкі і стрэлы.

Гарэла свечка на стале,

Праз ноч гарэла.

 

І цені клаліся наўзлёг

На яснай столі,

Спляценне рук, спляценне ног,

Спляценне долі.

 

І два абцасікі на дол

Зляталі самі,

На сукню з начніка ў прыпол

Воск плыў слязамі.

 

І ўсё гублялася ў імгле

Ссівела, бела.

Гарэла свечка на стале,

Праз ноч гарэла.

 

Спакусы шал галодны, злы

Грахоўна, хіжа

Ўздымаў анёлам два крылы

На вобраз крыжа.

 

Завейны люты быў, але

Так учадзела

Гарэла свечка на стале,

Праз ноч гарэла.

 

1946

 

Калядная зорка

 

Зімовы кілім

Вецер выбіў спачатку.

І холадна ў лёху было немаўлятку

На схіле сырым.

 

Яго сагравала дыханне вала.

Жывіла ў пакоры

Стаяла ў пячоры.

Над яслямі цёпла дымінка плыла.

 

Атросшы даху ад пасцельнай трухі

І зернетак проса,

Глядзелі з надкоса

Спрасонку ў паўночную даль пастухі.

 

Далей было поле ў снягах і клады,

Магілкі ў самоце,

Аглобля ў сумёце,

Над могіллем неба і зор халады.

 

Зіхцела нязнаная зорка адна,

Усмешкай газніцы

Ў акне вартаўніцы

Шляхі ў Віфліем асвятляла яна.

 

Яна палымнела, як стог, у баку

Ад неба і Бога,

Як жар, як трывога,

Бы ў полымі хутар, пажар на таку.

 

У небе высознай гарэла тарпой

Саломы з прылецця

У цэлым сусвеце,

Стрывожаным новаю зоркай скупой.

 

І зарыва рдзела над ёй і расло,

І ў смутным настроі

Астролагаў трое

Спяшалі на кліч, дзе трывала святло.

 

І везлі яшчэ на вярблюдах дары.

І вослікі ў збруі ступалі памалу.

Часцілі, спускаліся пудка з гары.

 

І дзіўнай праявай наступнай пары

Ўсё тое ўставала, што потым настала.

Ўсе думкі вякоў, навасвецця муры,

Наступнасць усіх галерэй і музеяў,

Свавольствы ўсіх феяў, адчай чарадзеяў,

На свеце ўсе елкі, ўсе сны дзетвары.

 

Усё пазапальваных свечак дасвецце.

Усё хараство колернай мішуры...

...Са стэпу дзьмуў вецер, нібы з апрамецця…

...Ўсе яблыкі, ўсе залатыя шары.

 

Алешына стаў захінала глухі,

Ды быў ён часцінай відзён ля запруды,

Праз гнёзды гракоў і сухія вярхі

Ступалі маруды — аслы і вярблюды,

Іх добра разгледзець маглі пастухі.

 

— Хадземце з усімі, паклонімся цуду, —

Шчытней захінулі свае кажухі

Ад шоргання снегам зрабілася парка.

Па зыркай паляне лістамі слюды

Вялі басанож за хаціну сляды.

На тыя сляды, як на ўсхліпы агарка,

Гыркалі аўчаркі пад зіркі жуды.

 

Марозная ноч выдавалася казкай,

І хтось з навіхуранай снежнай грады

У шэрагах іхніх туляўся худы.

Сабакі зубамі стаміліся ляскаць,

Гадзілі падпаску, чакалі бяды.

 

Па той жа дарозе, бясслоўна, паныла,

У гушчы натоўпу анёлы ішлі.

Нябачнымі іх бесцялеснасць рабіла,

Ды крок адціскаўся на снежнай зямлі.

 

Ля каменя густа сышлося народу.

Світала. Прадраліся кедраў ствалы.

— А хто вы такія? — спытала Марыя.

— Мы род пастухоўскі і неба паслы,

Узнесці прыйшлі вам абоім хвалы.

— Не разам жа ўсе. Пачакаць ля ўваходу.

 

Шукалі між шэрай, як попел, імглы

Авечкагадоўцы, пагоншчыкі згоды,

На коннікаў лаяліся пешаходы,

Ля выдзеўбанай вадапойнай калоды

Вярблюды раўлі, задкавалі аслы.

 

Світала. І золак, як пырскі смалы,

Апошнія зоркі змятаў на пагоду.

Адных вешчуноў з незлічонага зброду

Марыя ўпусціла ў чарэўе скалы.

 

У ясельках з дубу ён спаў яснакудры,

Як маладзічок у заглыбе дупла.

Яму замянілі айчыннае футра

Асліныя губы і храпы вала.

 

Стаялі ў цяні, нібы ў прыцемку хлева.

Шапталася сцішаная гамана.

Ды ў поцемках нехта, паціху налева

Ад ясляў рукой адхіліў вешчуна,

І той азірнуўся: з парога на Дзеву

Калядная зорка глядзела адна.

 

1947

 

Цуд

 

Ішоў ён з Віфаліі ў Ерусалім,

Нудзьга прадчуванняў ступала за ім.

 

Кустоўнік на кручы быў спалены ў стоме,

Над блізкай хацінай не рухаўся дым,

Паветра гарэла, чарот знерухомеў,

І Мёртвае мора застыла зусім.

 

У горычы, роўнай з гаркотаю мора,

Ішоў ён з натоўпам хмурын-прыбышоў

Па пыльнай дарозе на нейчы падворак,

У горад на зборышча вучняў ішоў.

 

І гэтак заглыбіў ён думкі ў вякі,

Што поле дыхнула ў тузе палынамі.

Адзін узвышаўся ён над валунамі,

Абсяг здзірванелы залёг напрасткі.

Паблытана ўсё, памянялася снамі:

Пустэльня, цяпло, яшчаркі, раўчукі.

 

Смакоўніца ўгору ішла неўзнаку,

Зусім без пладоў, толькі голле ды лісце,

І ён ёй сказаў: «Для якой ты карысці?

Мне радасць якая ў тваім слупняку?

 

Я прагну і смягну, а ты — пустаплод,

Сустреча з табой, як з усмешкай граніту.

І ўкрыўдзіць не ўмееш ты таленавіта!

Дык будзь жа такой да сканчонасці год».

 

Дрыжака прысуду па дрэве прайшла,

Нібы бліскавічына громаадводам.

Смакоўніцу выпаліла датла.

 

Была б у той міг хоць хвіліна свабоды

У лісця, ў галля, ў каранёў і ствала,

Спрыяць бы паспелі законы прыроды.

На тое і цуд ёсць, і цуд гэты — Бог.

Калі мы збянтэжаны, дык між разброду

Ён раптам застане на перапалох.

 

1947

 

Паганыя дні

 

Калі ён здарожана шустры

Ўваходзіў у Ерусалім,

Асанны грымелі насустрач,

З галінамі беглі за ім.

 

А дні усё люцелі сурова.

Мілосцю душу не кранеш.

Пагардліва ссунуты бровы,

І вось пасляслоўе, канец.

 

Свінцовым цяжарам аселі

Нябёсы ўналёг на двары.

Шукалі зачэп фарысеі,

Дзыгалі, як лісы, з нары.

 

На суд сілы цёмныя храма

Яго аддалі да людзей.

І палка падонкі таксама

Клянуць, як хвалілі раней.

 

Натоўп на суседнім участку

З варотаў не зводзіў пагляд,

Чакаў ён развязку пачатку

І тыцкаўся скрозь неўпапад.

 

І пошапт юрыў паслушэнства,

І чуткі разгойдвалі звон.

І ўцёкі ў Егіпет, маленства

У памяці сталі, як сон.

 

Прыпомніўся схіл некаржавы

Ў пустэльні і ўся круцізна,

З якое сусветнай дзяржавай

Яго спакушаў сатана.

 

І шлюбнае госцішча ў Кане,

Стол, здзіўлены з дзіва здаўна.

І мора, якім у тумане,

Як посуху, йшоў да чаўна.

 

І зборышча бедных у хатцы,

І ў склеп спуск са свечкай наўяў,

Што тухла, паспаўшы спужацца,

Калі уваскрэслы ўставаў…

 

1949

 

Магдаліна

 

Перад святам прыбіраць вядзецца.

Тут, дзе шум душу не дастае,

Абмываю мірам я з вядзерца

Ступакі прачыстыя твае.

 

Шнару, на знаходзячы сандаляў.

Мне нічога не відаць з-за слёз.

Мне пялёнкаю на вочы ўпалі

Пасмы разняволеныя кос.

 

Ногі я твае ў падол упёрла,

Іх слязамі абліла, Хрыстос,

Абматала пацеркамі з горла,

Ў валасы ўнурыла, бы ў бурнос.

 

Будучыню бачу я да краю,

Быццам бы спыніў ты небасхіл.

Прадракаць цяпер я здольнасць маю

Вешчым яснабачаннем сівіл.

 

Заўтра ападзе заслона ў храме,

Мы саб’ёмся ў гурт па гамане,

І зямля хіснецца пад нагамі

З літасці, магчыма, да мяне.

 

Строй стасуюць шэрагі канвою,

Коннікі перакапыцяць ціш.

Нібы ў буру смерч, над галавою

Будзе ў неба рвацца гэты крыж.

 

Кінуся на дол, дзе стогнуць гукі,

Абамру з маўклівасцю глыжа.

Надта многім для абдымкаў рукі

Ты раскінеш па канцах крыжа.

 

Для каго на свеце столькі сушы,

Моцы і пакуты, столькі слоў?

Ці хапае свету жыццяў, душаў,

Селішчаў, і рэчак, і гаёў?

 

Трое сутак не накінуць сцежак,

Так штурхнуць без жалю ў немату,

Што за гэты жудасны прамежак

Да ўваскрэсення я дарасту.

 

1949

 

Гефсіманскі сад

 

Далёка тлелі зоркі безаблічна,

Каб паварот дарогі быў відзён.

Ішла дарога ля гары Маслічнай,

Пад ёю ўнізе цёк сабе Кедрон.

 

І абрываўся поплаў з палавіны,

За ім і пачынаўся Млечны Шлях.

Сівыя серабрыстыя масліны

Ступіць паветрам мецілі ў прасцяг.

 

А там быў нейчы сад, надзел зямельны.

І вучняў ён пакінуў за сцяной,

Ды ім сказаў: «Душу гняце пякельня,

Пабудзьце, пачуняйце тут са мной!».

 

І ён адмовіўся без проціборства,

Як ад дабра, што ўзята напавер,

Ад наймагутнасці і цудатворства,

Быў, як і мы, смяротныя, цяпер.

 

Злавалася начная далеч краем

Прыдатным для знішчэння й небыцця.

Абсяг сусвету быў бязлюдным гаем,

І толькі сад быў месцам для жыцця.

 

І, гледзячы ў праваліны, да гулу

Пустыя, без пачатку і канца,

Каб гэта чара смерці абмінула,

Ў крывавым поце ён маліў Айца.

 

І стому ўсю злагодзіўшы малітвай,

За агароджу выйшаў. На зямлі,

Лянотнаю, дрымотаю залітай,

Ляжалі млява вучні ў кавылі.

 

Ён разбудзіў іх: «Госпад даў вам чынна

Зжыць дні мае, вы ж зернем на сяўбе

Палеглі. Час прыйшоў людскога сына,

Што ў рукі грэшнікаў аддасць сябе».

 

Адно сказаў і, нібы з перапуду,

Натоўп рабоў і валацугаў сцяг,

Агні і мечы, самы першы — Юда.

Са здрадніцкім цалункам на губах.

 

І Пётра даў адпор галаварэзам,

І мечам вуха аднаму адсек.

Ды чуе: «Спрэчку грэх рашаць жалезам,

Кладзі свой меч на месца, чалавек.

 

Крылатых легіёнаў процьму дбала

Ці ж бацька не сабраў бы мне сюды?

З мяне тады б і валаска не ўпала,

Рассеяліся б ворагаў сляды.

 

Гарталіся старонкі без супыну

Жыццёвай кнігі і прыйшлі на схлын.

Тут збыцца напісанае павінна,

Няхай жа збудзецца яно. Амін.

 

Бач, ход вякоў падобны на прыповесць

І можа загарэцца на хаду.

Каб велічы яе стрываліць повязь,

Самохаць мучыцца ў труну сыду.

 

Сыду ў труну і ў трэці дзень паўстану,

І, як сплаўляюць па рацэ плыты,

На суд мой, быццам баржы каравана,

Стагоддзі мусяць плысці з нематы».

 

1949

 

Хмель

 

Пад ракітай, абвітай плюшчом,

Сховы ад непагоды шукалі

Нашы плечы акрыты плашчом,

Ты абвіта маімі рукамі.

 

Памыліўся. Кусты — хоць ты плач

Не плюшчом перавіты, а хмелем.

Ну дык лепей давай гэты плашч

Пад сабою мы ўшыркі рассцелем.

 

1953

 

«Во всем мне хочется дойти до самой сути…»

 

Ва ўсім да сутнасці дайсці

Хачу ў пакуце.

У працы, ў пошуках, жыцці,

Ў сардэчнай смуце.

 

Да сутнасці мінулых дзён,

Да іх прычыны,

Да самых каранёў, ад крон

Да сарцавіны.

 

Схапіць падзей і лёсаў ніць

Паспець у спрыце.

Жыць, думаць, адчуваць, любіць,

Рабіць адкрыцці.

 

Калі б на след падзей і з'яў

Я мог напасці,

Васьмірадкоўе б напісаў

Пра нораў страсці,

 

Аб беззаконнях і грахах,

Багах, пагонях,

Аб выпадковасцях, вачах,

Руках, далонях.

 

Я вывеў бы яе закон,

Пачатак дбалы,

І паўтараў яе імён

Ініцыялы.

 

Я б вершы пасадзіў, як сад.

Дрыготкай жылак

Цвілі ў іх ліпы б рад у рад,

У запатылак.

 

Дыханне б ружы ў верш прынёс,

Дыханне мяты,

Лугі, асокі, сенакос,

Гром глухаваты.

 

Так некалі Шапэн увёў

Жывыя цуды

Фальваркаў, паркаў і гаёў

Ва ўсе эцюды.

 

Дасягнутага хараства

Гульня і мука —

Нацягнутая цеціва

Тугога лука.

 

1956

 

«Быть знаменитым некрасиво...»

 

Быць знакамітым непрыгожа.

Не гэта ўзвысіць можа вас.

Архіваў пыл не дапаможа

І рукапісы на запас.

 

Самааддача — ў творцы мэта,

Не поспех і не гвалт шуміх.

Знікчэмнеўшы, ганебна гэта

Быць прытчай на губах ва ўсіх.

 

Жыць трэба, верачы дакору,

Так жыць, каб да сябе праз люць

Мілосцю прыручыць прастору

І покліч будучыні ўчуць.

 

І трэба пакідаць прабелы

У лёсе, а не на лістах,

Жыцця мясціны і раздзелы

Умець адкрэсліць на палях.

 

І ў невядомасць акунацца,

І крокі ў ёй свае хаваць

Так, як хавае стому праца,

Туман глухую сенажаць.

 

Паўтораць іншыя дарогі

Твае, каб жыць тваім слядам.

Але свой крах ад перамогі

Адрозніваць не мусіш сам.

 

Ад твару адступіць ні долькі

Не мусіш, помнячы тварца,

Ды быць жывым, жывым і толькі,

Жывым і толькі да канца.

 

1956

 

Нобелеўская прэмія

 

Я прапаў, як у загоне

Звер, а недзе людзі, свет,

А за мною шум пагоні,

Я згубіў на волю след.

 

Цёмны лес, абрыў бязлюдны,

Елкі зваленай бярно.

Шлях адрэзаны паўсюдна,

Будзь што будзе, ўсё адно.

 

Я зрабіў якую благаць

Як забойца, злодзей той?

Я ўвесь свет прымусіў плакаць

Над красой зямлі маёй.

 

Ды амаль што ля магілы

Веру, прыйдзе ўсё ж пара,

Подласці і злосці сілу

Пераможа дух дабра.

 

1959

 

Адзіныя дні

 

Ha працягу шматлікіх зім

Я помню дні сонцавароту,

З іх кожны быў сабой самім,

Зноў паўтараўся на спякоту.

 

Яны чародамі плылі,

Складаліся памалу дні ўсе —

Яны адзіныя, калі

Здаецца нам, што час спыніўся.

 

Дасюль я помню іх яшчэ:

Адліга блізка на ўспаміне,

Дарогі мокнуць, з стрэх цячэ,

І сонца грэецца на льдзіне.

 

Адно да аднаго, бы ў сне,

Каханкі цягнуцца грахоўней,

На дрэвах недзе ў галізне

Пацеюць ад цяпла шпакоўні.

 

Лянотна стрэлкам рухаць цень

І цыферблат трывожыць дымкі,

Даўжэй за век трывае дзень,

І не канчаюцца абдымкі.

 

1959



Пераклад: Рыгор Барадулін