epub
 
падключыць
слоўнікі

Барыс Сачанка

Мне сняцца сны аб Беларусі...

1
  Беларуская эміграцыя: факты і меркаванні
    У пошуках хлеба, шчасця і долі
    На рэлігійнай, нацыянальнай і іншай глебе
    Міхась Забэйда-Суміцкі
    Ларыса Геніюш
    Уладзімір Жылка
    Хто куды і за кім?..
    Мова
    Літаратура
    Паэзія
    Проза
    Крытыка
    Пераклады
    Мастакі, кампазітары, спевакі, вучоныя
      Мастакі
      Кампазітары
      Спевакі
      Вучоныя
  У працяг размовы
  На зямлі беластоцкай
  Бэндэ (30-я ў абліччах і дакументах)
    1
    2
    3
    Замест пасляслоўя
  «Сняцца сны аб Беларусі... »
    1
    2
  Вяртаючыся да ранейшых публікацый...
    1. «А суд гісторыі цяжкі!»
    2. «У сведкі запісы пакліча...»
  Гараць ці не гараць рукапісы?..
2
  Ведаць мінулае, заглядваць у будучыню...
  Мінулае, сучаснае, будучае...
  Адказы на анкету рэдакцыі часопіса «Маладосць»
  Адказы на пытанні рэдкалегіі зборніка «Вобраз-89»
    1
    2
  Адказы на пытанні штотыднёвіка «Ніва» (Беласток)
  Памяць і бяспамятнасць
  У рэдакцыю газеты «Літаратура і мастацтва»
3
  «Крывёй з сваіх грудзей...»
  Веліч і боль
  Аляксандр Прушынскі­ — Алесь Гарун
  Казімір Сваяк
  Власт (Вацлаў Ластоўскі)
  Дазволю сабе нагадаць...
  «Мудрасць продкаў ў гарачай крыві... »
  Край, дзе жывём...
  Дарогамі Максіма Лужаніна
  Папаўненне беларускай амерыканіяны
  На з’ездзе і пасля з’езда


 

1

 

 

Беларуская эміграцыя: факты і меркаванні

 

 

Слова «эміграцыя» лацінскага паходжання і ў сваёй першароднасці азначае ўсяго толькі «высяляцца», «перасяляцца». А паколькі высяляліся і перасяляліся людзі спрадвеку, то, трэба думаць, і эміграцыя існавала таксама спрадвеку. Па самых розных прычынах людзі пакідалі ды пакідаюць і цяпер мясціны, дзе нарадзіліся і выраслі, і едуць іншы раз за свет — выходзяць замуж і жэняцца, шукаюць лепшай працы і долі, а часам гэта рабіць змушаюць і палітычныя, рэлігійныя матывы, войны і г. д. Наш ХХ век нічога новага ў эміграцыю не ўнёс, хіба што павялічыў яе. Развіццё капіталізму, які перайшоў у вышэйшую сваю стадыю — імперыялізм, парадзіла цэлыя патокі перш за ўсё працоўнай эміграцыі з краіны ў краіну і нават з аднаго кантынента на другі, з Еўропы ў Амерыку, напрыклад. Першая сусветная вайна таксама скранула з абжытых селішчаў тысячы, мільёны людзей, прымусіла шукаць больш бяспечных мясцін для працы і жыцця. Перамога Вялікага Кастрычніка ў Расіі дала так званую «белую эміграцыю». Прыход да ўлады Гітлера, а потым і другая сусветная вайна зноў жа не садзейнічалі спыненню эміграцыі. Ды і пасляваенныя падзеі ў свеце таксама яе не спынілі, можа, хіба толькі зменшылі. Зараз месцамі вялікіх эміграцыйных плыняў сталі многія краіны Усходу, Афрыкі, Азіі, Лацінскай Амерыкі — якраз тыя, дзе адбываюцца важныя палітычныя працэсы.

У нашай краіне, асабліва ў Беларусі, вывучэнню і асвятленню жыцця эмігрантаў да нядаўняга не надавалася належнага значэння. Для сувязі з суайчыннікамі існавалі ў Маскве і ў сталіцах саюзных рэспублік таварыствы «Радзіма», выходзілі газеты «Голос Родины», «За вяртанне на Радзіму» (цяпер «Голас Радзімы») і іншыя, зрэдку сёй-той з суайчыннікаў прыязджаў да нас, сёй-той выязджаў пагасцяваць да сваякоў на чужыну, вось, бадай, і ўсё. У нас, у Беларусі, амаль усіх, хто апынуўся за мяжою і не вяртаўся на Радзіму, ды яшчэ калі не выракся роднай мовы, гаварыў і пісаў на ёй, ахрысцілі «бебурнацамі», гэта значыць, беларускімі буржуазнымі нацыяналістамі, хаця ніякіх адносін да іх большасць не мела: сёй-той проста працаваў, зарабляў хлеб і ні ў якую палітыку не лез, сёй-той у гады вайны здрадзіў свайму народу і баяўся расплаты. У апошні час, у сувязі з дэмакратызацыяй і галоснасцю, якія надта ж дабратворна ўплываюць на наша грамадства, з’явілася магчымасць аб’ектыўна і дыферэнцыравана паглядзець і на эміграцыю. Наш савецкі друк усё больш адкрыта ўступае ў палеміку з эмігрантамі, прадстаўляе ім трыбуну для выказвання сваіх поглядаў. І не толькі прымальных намі, але часам і зусім варожых. Літаратурна-мастацкія часопісы, быццам наўзахапкі, узяліся друкаваць творы пісьменнікаў-эмігрантаў — на старонках «Нового мира», «Москвы», «Дружбы народов», «Огонька», «Юности» ды і ў іншых выданнях надрукаваны творы У.Набокава, Г.Іванава, У.Хадасевіча, Б.Зайцава, І.Бродскага... У друку можна ўсё часцей і часцей прачытаць артыкулы пра вядомых кампазітараў, акцёраў, мастакоў, кінарэжысёраў, што на розных прычынах пакінулі ў свой час Радзіму. Прыкладна тое самае адбываецца на Украіне, у Эстоніі, Латвіі, Літве, Арменіі. Паўстае законнае пытанне — а чаму мы, беларусы, маўчым, чаму забыліся, што ў нас таксама ж існавала ды існуе і цяпер эміграцыя. Няўжо яна нічога каштоўнага там, за мяжою, не стварыла, пра што можна было б расказаць ці нават і надрукаваць сёе-тое з таго ў нас. Ды і сама эміграцыя ж не маўчыць, напамінае час ад часу аб сабе — вядзе перадачы на беларускай мове па некалькіх радыёстанцыях, апублікавала нядаўна кнігу супрацоўніка АН БССР А.Бембеля «Роднае слова і маральна-эстэтычны прагрэс». Да стогадовых юбілеяў Янкі Купалы і Якуба Коласа выдадзена кніга ўспамінаў пра народных песняроў Беларусі, да юбілею БССР і КПБ — кніга А.Калубовіча «Айцы» БССР і іхны лёс». Цікавасць да беларускай эміграцыі ўзрасла і ў сувязі з выхадам у Англіі кнігі «Беларуская літаратура» саветолага А. Макміліна і яго двума прыездамі ў Мінск, наведваннем супрацоўнікам АН БССР, пісьменнікам А.Мальдзісам у Лондане беларускай бібліятэкі імя Ф.Скарыны...

Чуткі пра эміграцыю абрастаюць міфамі, легендамі, бо рэальнае яе становішча, жыццё мала хто ведае. Ды і ўявіць яго тым, хто не жыў за мяжою, не спазнаў на сабе, на сваім горкім вопыце, як кажуць, на гарбу, што такое капіталізм ва ўсіх яго праявах, амаль немагчыма. Вядомы ў свой час у Савецкім Саюзе пісьменнік, а потым эмігрант В. Аксёнаў не так даўно пісаў у газеце «Новое русское слово»: «У метраполіі няма больш захапляючай тэмы для размоў, як эміграцыя... Уявім, уначы, запоўненай шорахам кароткіх хваль, адзінокі літаратар вылоўлівае паведамленне такога роду: «У Нью-Йорку ў выдавецтве «Сярэбраны век» выходзіць новы зборнік прозы В.Аксёнава... » Уяўленне адразу ж малюе кабінет няхай небагатага, але стыльнага выдавецтва, інтэр’ер паводле матываў Одры Бердслея, шэфа выдавецтва, з яго мяккай усмешкай і бародкай кліночкам. Але не памыліцца ўяўленне толькі ў адным, г. зн. у шэфе. «У партфелі выдавецтва многа іншых цікавых твораў»,— прадаўжае радыё, і, вядома, немагчыма ўявіць сабе гэты партфель літаральна, менавіта як аб’ёмістую тару цудоўнага энтузіяста Грышы Поляка, у якім ён носіць увесь свой «Сярэбраны век». Далей В.Аксёнаў расказвае, што «калі без адлегласных скажэнняў паглядзець на эмігранцкае літаратурнае жыццё, дык яно, вядома, можа здацца вартым жалю. Тыражы нашы мізэрныя, выдаўцы нашы — гэта энтузіясты, якія працуюць у падвалах уласных кватэр, ганарары, каб не здавацца дробязнымі, проста адсутнічаюць». А вось прызнанне яшчэ аднаго літаратара-эмігранта, гэты раз беларускага, У.Клішэвіча:

 

Так хочацца вам глянуць за мяжу?

На слова не паверыце — я гэтага баюся.

Адно я вам па шчырасці скажу:

Не паддавайцеся мане, спакусе.

 

Адсюль як моцы ёсць крычу:

Маёй памылкі вы не паўтарыце!

Нам гэты свет зусім не па плячу!

Няма чаму дзівіцца ў гэтым свеце.

 

Жыцця шляхі на выснаў прывялі:

— Хай б’е пярун, хай крэсляць бліскавіцы,

Трымайцеся вы роднае зямлі,

Як дзеці матчынай трымаюцца спадніцы.

 

 

І справа, вядома, не толькі ў тым кавалку хлеба, які рэжа рот — так цяжка ён даецца.

 

Горкі хлеб чужацкі

                        хай і белы,

хай аж просіцца — пад’есці ўсмак.

Лепшы там,

                у хаце — заімшэлы,

з асцюкамі войстрымі, праснак.

                                (Н.Арсеннева)

 

Справа ў іншым, у тым, што:

 

 

Куды ні глянь — вялікі свет,

А чалавек не мае месца.

                        (А.Салавей)

 

 

Ды і настальгія, сум па Радзіме мучаць, проста жыць не даюць.

 

 

Калі б сюды буслы ляталі,

Калі б тут ластаўкі жылі,

Мы б крыху меней сумавалі

За морам на чужой зямлі.

 

Калі б пабачыў дзе на полі

Кароны пышныя дубоў,

Калі б аднойчы ў наваколлі

Зазелянеў Радзімы бор,

 

Калі б трашчалі тут сарокі,

Спяваў вясною салавей,

Тады б і гэты край далёкі

Рабіўся крышачку мілей.

 

Ды іх няма. Жыццё няміла.

Што мне з таго — калі б ды каб...

Дарма патрачаны ўсе сілы,

Я на чужыне вечны раб.

                        (У.Клішэвіч)

 

 

І нават калі няма ў чалавека настальгіі, усё адно яму чагосьці на чужыне не стае, ён адчувае сябе не дома:

 

 

Мне незнакома горечь ностальгии.

Мне нравится чужая сторона.

Из всей давно оставленной России

Мне не хватает русского окна.

 

Оно мне вспоминается доныне.

Когда в душе становится темно —

Окно с большим крестом посередине.

Вечернее горящее окно.

                        (І.Ялагін)

 

 

Не дзіва, што многія, пажыўшы за мяжою, усё ж вяртаюцца на Радзіму, кожны па-свойму тлумачачы прычыну гэтага. На Радзіме ж, як пісаў А.Купрын, «нават кветкі пахнуць па-іншаму. Іх водар мацнейшы, вастрэйшы за водар кветак за мяжою».

 

У пошуках хлеба, шчасця і долі

 

Не рассталіся б мы з нашым краем,

Каб было дзеля нас у ім хлеба...

М.Багдановіч

 

 

Наогул, беларусы — дамаседы, любяць тое месца, дзе нарадзіліся, і пакідаюць яго неахвотна, у самым скрутным выпадку. Але ў жыцці кожнага чалавека, а тым больш народа такіх скрутных выпадкаў нямала. І — хочаш не хочаш — даводзіцца рабіць тое, чаго і ворагу не пажадаеш. Сёй-той, калі мінаецца гора, навала, вяртаецца назад на Радзіму; сёй-той жа не — розныя жыццёвыя абставіны затрымліваюць чалавека на чужыне, здараецца, ён астаецца там жыць. Паступова прывыкае і да новага краю, і да новых звычаяў, і да чужой яму мовы, абзаводзіцца сям’ёю, гаспадаркаю, словам, пускае карані. Вядома ж, сумуе па дамоўцы, нудзіцца, але што паробіш. Парваць путы, якімі аблытвае чалавека жыццё, не кожнаму ўдаецца. Так было, так, мабыць, і будзе.

Не ўдаваючыся глыбока ў гісторыю розных высяленняў і перасяленняў, усё ж трэба сказаць, што былі яны ў беларусаў яшчэ да ўтварэння Вялікага княства Літоўскага, ды і потым. Уцякалі ў Запарожскую Сеч, беглі на Дон, у суседнія дзяржавы — у Польшчу, Масковію. З далучэннем Беларусі да Расіі прастор да розных высяленняў і перасяленняў пабольшаў — адкрылася ж малазаселеная Сібір. Працалюбівы беларус быў той жаданай рабочай сілай, на якую можна было абаперціся ў самых складаных умовах. Гэта добра заўважыў М.Някрасаў у вершы «Железная дорога»:

 

        ...Волосом рус,

Видишь, стоит, изможден лихорадкою,

Высокорослый, больной белорус:

 

Губы бескровные, веки упавшие,

        Язвы на тощих руках,

Вечно в воде по колено стоявшие

Ноги опухли; колтун в волосах;

 

Ямою грудь, что на заступ старательно

Изо дня в день налегала весь век...

Ты приглядись к нему, Ваня, внимательно:

Трудно свой хлеб добывал человек!

 

Не разогнул свою спину горбатую

Он и теперь еще: тупо молчит

И механически ржавой лопатою

        Мерзлую землю долбит!

 

Эту прывычку к труду благородную

Нам бы не худо с тобой перенять...

Благослови же работу народную

И научись мужика уважать...

 

 

Запамінальны вобраз беларуса-працаўніка!

У пачатку ХХ стагоддзя беларусы адкрылі для сябе Амерыку. Ды і амерыканскія вярбоўшчыкі адкрылі для сябе Беларусь як край амаль дармовай рабочай сілы. І праз Лібаву, іншыя марскія парты пацягнуліся за акіян караваны суднаў з сотнямі, тысячамі людзей...

У 1914 г. пачалася першая сусветная вайна, фронт наблізіўся да Беларусі. І зноў тысячы людзей — з дзецьмі, усім сваім скарбам — падаліся хто куды... Загад жа царскіх улад быў такі — не аставацца дома, у сваіх хатах,— адступаць у глыб Расіі...

За гэтаю вайною была рэвалюцыя, потым нямецкая і белапольская акупацыі, новая вайна, ужо грамадзянская... Рыжскі мірны дагавор у 1921 г. падзяліў Беларусь на дзве часткі...

З Заходняй Беларусі паток эмігрантаў у Амерыку ды і ў краіны Еўропы — у Францыю, Бельгію, Галандыю, Англію — не слабеў — надта ж цяжка жылося працоўнаму беларусу пры санацыйных польскіх уладах! Вось што, напрыклад, заяўляў з трыбуны сейма польскі міністр асветы Скульскі: «Запэўніваю вас, паны дэпутаты, што праз якіх-небудзь дзесяць гадоў вы са свечкай не знойдзеце ні аднаго беларуса». У Савецкай Беларусі таксама не ўсё было добра — ішла калектывізацыя, і эшалоны «кулакоў», «цвёрдазаданнікаў», іншых «нехацімцаў» і «супраціўленцаў» Савецкай уладзе высылаліся ў Сібір. Потым — рэпрэсіі, бяспраўе...

Страшным горам для ўсіх людзей свету была другая сусветная вайна. Беларусы на алтар перамогі над ненавісным фашызмам аддалі 2.230 тысяч жыццяў. Каля 400 тысяч чалавек было вывезена на прымусовыя работы ў гітлераўскую Германію, і, вядома ж, далёка не ўсе яны вярнуліся на Радзіму...

Хоць пасля вайны паток эміграцыі з Беларусі амаль спыніўся, аднак выезды людзей за межы рэспублікі (добраахвотныя і прымусовыя) — у Карэлію, Сібір, Крым, Казахстан, на Далёкі Усход — працягваліся. І не толькі вайна вінавата ў тым, што Беларусь апошняя сярод усіх саюзных рэспублік па насельніцтву дасягнула даваеннага ўзроўню,— у гэтым вінаваты і вярбоўкі, масавыя выезды людзей на заробкі, пасяленні і будоўлі...

Сёння за межамі рэспублікі беларусаў жыве... Адны называюць паўтара мільёна, другія — два, трэція — тры... Але якую б лічбу хто ні называў, яна будзе недакладная. Беларусы ж вельмі хутка асімілююцца, прымаюць за сваю нацыянальнасць тую, сярод якой жывуць. Да таго ж католікі лічаць сябе палякамі, праваслаўныя — рускімі...

Як правіла, жывуць беларусы-эмігранты і ў чужых краях абасоблена, сваімі калоніямі. У Англіі, Аўстраліі, ЗША маюць цэрквы, касцёлы, магазіны, касы ўзаемадапамогі, культурныя цэнтры, дзе выступае свая мастацкая самадзейнасць, а ў некаторых месцах — і бібліятэкі, школы, музеі. Час ад часу збіраюцца разам, каб адзначыць святы. Сёй-той, каб сустрэцца са знаёмымі, пачуць роднае слова, едзе за тысячы кіламетраў. Будучы за мяжою, я неаднойчы бачыўся з многімі землякамі. Жывуць яны па-рознаму, ёсць сярод іх нават багацеі. Але каб шчасліва — не скажаш. Вядома, некаторыя не вераць, што ў жыцці нашага народа адбыліся вялікія перамены — зніклі курныя хаты, ніхто не носіць лапцей, што ў нас пракладзены добрыя дарогі, пабудаваны заводы і фабрыкі, словам, ёсць усё, што ў іншых цывілізаваных краінах. Неяк каля Нью-Йорка я ўбачыў звычайныя нашы вясковыя платы — са штыкетніку, дошак,— імі былі абгароджаны акуратныя двухпавярховыя цагляныя домікі. Такога ў ЗША я датуль не бачыў. Таму папрасіў спыніцца. Зайшлі ў адзін двор, а потым, з дазволу гаспадароў, і ў хату. Га, дык і тут тое, што некалі ў нашых вясковых хатах было,— лавы, драўляны стол на козлах. Разгаварыліся. Выявілася, што тут жывуць беларусы. Прыехалі ў ЗША з Палесся, яшчэ да рэвалюцыі...

— А навошта вам платы тут? — спытаў я.

— А якось без іх, дык бы і не дома. А во абгарадзіліся, дык як і ў сябе ў сяле колісь было,— прызнаўся гаспадар.

Працоўная эміграцыя — вельмі ашчадная. Кожную лішнюю капейку адкладваюць, берагуць на чорны дзень. Вядома, нудзяцца, сумуюць па дамоўцы. Але вярнуцца на Радзіму не кожны можа. То сын жаніўся з мясцовай дзяўчынай, то дачка выйшла замуж не за свайго. Пайшлі ўнукі... А для іх жа дзяцей і ўнукаў — родны край ужо тое месца, дзе яны нарадзіліся, жывуць... Ды і няпэўнасць, насцярога у кожнага — тут абжыліся, неяк зводзяць канцы з канцамі, а як там, дома, будзе?.. Недарэмна ж, мусіць, гавораць — не дай бог два разы жаніцца і два разы сяліцца. Ды і пераезд жа... Так і жыве, чакае сваёй смерці... Дзеці яшчэ разумеюць сваіх бацькоў, для іх бацькоўскі край хоць нешта і міфічнае, невядомае, але быццам роднае. А для ўнукаў гэта пусты ўжо гук. У трэцім, чацвёртым пакаленні прыходзіць поўная асіміляцыя, нават рэдка кім згадваецца, што іх карані — у Беларусі. А калі і згадваецца, дык без болю, без жадання ведаць хоць што пра родны край бацькоў, дзядоў. Вядома, многае залежыць ад сямейнага выхавання. Кітайцы, японцы астаюцца кітайцамі, японцамі заўсёды, дзе б яны і колькі ні жылі. Гэтага не скажаш пра рускіх, украінцаў, беларусаў ды і іншых. Можа, таму, што гадамі амаль няма ніякіх сувязей з Радзімай, рэдка хто прыязджае ў Савецкі Саюз, ды і іх рэдка хто наведвае з землякоў. А такія ж кантакты вельмі патрэбны. Помню, А.Макаёнак расказваў, як ездзіў ён разам са скульптарам А.Анікейчыкам адкрываць помнік Янку Купалу, першы за межамі рэспублікі, у Араў-парку пад Нью-Йоркам. На такое свята сабраліся тысячы людзей. І калі ён, Андрэй Макаёнак, пачаў чытаць верш Янкі Купалы «Брату на чужыне» і дайшоў да слоў:

 

Ці помніш ты сваю матулю,

Што над калыскаю тваей

Пяяла песню-байку «люлі»,

Снуючы ў думках рой надзей? —

 

 

пачуўся плач. Ён, Андрэй Макаёнак, схамянуўся — не думаў, што гэты верш так кагосьці ўразіць, кране. Апошнія словы

 

Край беларускі, мірны, сумны,

Свой родны край ці помніш ты? —

 

 

патанулі ў воплесках і рыданнях...

Значыцца, не забыўся, не забываецца ён, родны край, помніцца, ды яшчэ як, як помніцца! Па начах сніцца! Каб, здаецца, можна было — на крылах туды б паляцеў. Гэта я сам спазнаў калісьці, калі жыў два доўгія, як вечнасць, гады ў фашысцкай няволі ў Нямеччыне. Ды і потым, калі выязджаў у розныя камандзіроўкі за мяжу, сустракаўся з суайчыннікамі. Нават у мільянераў — а і такія ёсць сярод беларусаў — вільгатнеюць вочы, прападае голас, калі яны ўспамінаюць Радзіму, той куточак зямлі, дзе нарадзіліся, жылі...

 

На рэлігійнай, нацыянальнай і іншай глебе

Беларусь заўсёды была неаднародная як па нацыянальным складзе, так і па веравызнанню. На гэтай глебе ўзнікалі непаразуменні і канфлікты. Іншы раз яны канчаліся трагічна. Ці, каб пазбегнуць непажаданых вынікаў, сёй-той эмігрыраваў — пакідаў тыя мясціны, з якімі зжыўся, лічыў роднымі. Вялікі Кастрычнік у Савецкай Беларусі такое спыніў. Аднак у Заходняй Беларусі яно існавала ў часы пілсудчыны, ды і пасля. Яскравы прыклад таму — адносіны польскіх улад да друйскіх айцоў-марыянаў. Сярод тых, хто падпадаў пад ганенне, быў і ксёндз Язэп Германовіч, ён жа — Вінцук Адважны — вядомы ў Заходняй Беларусі пісьменнік, аўтар паэтычных і празаічных кніг «Як Казюк сабраўся да споведзі» (1928), «Казюковае жанімства» (1929), «Як Гануля збіралася ў Аргентыну» (1930), «Адам і Анелька» (1931) і інш.

Я.Германовіч нарадзіўся 4 сакавіка 1890 г. у Гальшанах. Яго бацька скончыў рамесніцкую школу, працаваў у Пецярбургу. Выкліканы сваякамі ў Ашмяны, ажаніўся з тутэйшай дзяўчынай, якая неўзабаве нарадзіла трое дзяцей. І нечакана памёр. Так што Язэп рос сіратою, пра што потым пісаў:

 

Браты, хто з вас быў сіратою?

Хто быў так прыгнечан, забыты,

Як я, у куточак забіты?

Хто жыў з бядою-маткай ліхою?

 

 

Але ўсё ж, нягледзячы ні на што, ён скончыў ашмянскую школу, дзе ўпершыню і сустрэўся з друкаваным беларускім словам — «Дудкай» Ф.Багушэвіча. І гэта вырашыла яго далейшы лёс — Я.Германовіч навечна звязаў сябе з беларускім словам. Дапамагло, мусіць, тое, што, прыехаўшы потым у Вільню, ён сустрэўся з Кастусём Стаповічам, будучым паэтам Казімірам Сваяком, з якім жыў на адной кватэры і з якім потым паступіў у Віленскую каталіцкую гімназію. Хоць у гімназіі панаваў нацыяналістычны польскі дух, аднак і Кастусь Стаповіч і Язэп Гермаповіч не выракліся сваёй мовы. Скончыўшы гімназію ў 1913 г., Я.Германовіч прыступіў да службы ў касцёле. Але не толькі духоўная служба цікавіла маладога ксяндза. Куды больш яго цікавіла іншае — даць асвету беларускім дзецям, прывіць любоў да ўсяго роднага. З гэтай мэтай ён і школку адчыніў у Вялікай Лепеніцы, і службу адным з першых пачаў весці ў касцёле па-беларуску, што, вядома ж, не спадабалася яго начальству. Адзінаццаць гадоў змагаўся Я. Германовіч за права кожнаму гаварыць з богам на сваёй роднай мове, а ў 1924 г. «увайшоў у закон айцоў-марыянаў», якія адкрылі ў Друі гімназію, і пачаў там выкладаць закон божы і лацінскую мову, а галоўнае — прывіваць любоў да беларускага слова. Палякі праследавалі ўсіх беларусаў, хто не цураўся сваёй мовы, і айцоў-марыянаў таксама, ды так, што яны змушаны былі пакінуць Друю — паехалі аж у Харбін, дзе на той час жыло каля паўмільёна еўрапейцаў. Праваслаўе адкрыла там каля 30 цэркваў, тры касцёлы мелі і католікі.

У Харбіне Я.Германовіч выконваў абавязкі дырэктара гімназіі, быў настаўнікам. Нязвыклыя кліматычныя ўмовы, нязвыклая праца — не было каму прывіваць любоў да беларускага слова, ды і нельга было службу весці па-беларуску — вярнулі Я.Германовіча на Радзіму — з 1936 г. ён зноў у Вільні, дзе бярэ на сябе кіраўніцтва Беларускага марыянскага дома студэнтаў. Тут, у Вільні, ён напісаў і выдаў бадай што самы лепшы свой мастацкі твор — аповесць «Хлапец», тут Я. Германовіч пазнаёміўся з М.Танкам, М.Забэйдам-Суміцкім, іншымі дзеячамі літаратуры і культуры. Польскія ўлады не маглі змірыцца з тым, што ў Польшчы ёсць нейкія беларусы — усё беларускае, як толькі яно ўзнікала, бязлітасна знішчалі. Знішчылі яны і беларускі кляштар айцоў-марыянаў у Друі, не далі ім мець свой асяродак і ў Вільні. Урад Рыдза-Сміглага проста аб’явіў вайну беларусам, дзе б яны ні былі, ні жылі. Давялося Я.Германовічу, ды і іншым беларускім святарам, падавацца ў эміграцыю. Прабыўшы нядоўга ў Варшаве, а потым у Рыме, Я. Германовіч зноў выехаў у Харбін. Тут ён і працаваў — займаўся не так службай у касцёле, як дапамагаў беспрытульным і бедным дзецям. У 1948 г. ён быў арыштаваны кітайская міліцыяй і перададзены савецкім уладам. Прысуд быў кароткі — 25 гадоў прымусовых работ у папраўча-працоўных лагерах. Пра тое, што Я.Германовіч там убачыў і перажыў, ён расказаў потым у кнізе ўспамінаў «Кітай — Сібір — Масква», якая выйшла асобным выданнем не толькі па-беларуску, але і па-італьянску, па- польску, па-літоўску.

У 1955 г. Я.Германовіча выпускаюць на волю, дазваляюць яму паехаць на сталае жыццё ў Польшчу. З Сібіры ён едзе праз увесь Савецкі Саюз, спыняецца ў Маскве. Сэрца яго калоціцца — ён хутка ўбачыць родную маці-Беларусь, якой не бачыў амаль дваццаць гадоў. Аднак, здарожаны, у цягніку задрамаў і праспаў да самага Брэста. У Брэсце ён выйшаў пагуляць, спыніўся ля аднаго з кіёскаў, спытаўся:

— Ці ёсць беларускія кніжкі?

— Беларускія? Не, няма.

— Чаму няма?

— Ну, няма, і ўсё.

Ён здзівіўся. Засумаваў жа па родным слове, думаў спатоліць прагу, хоць купіўшы часопіс ці кнігу. Ды і жыў жа ўвесь час згадкамі пра Беларусь, хацеў хоць што добрае зрабіць дзеля яе. Помніў, не забываў усё жыццё слоў М.Гарэцкага, які аднойчы, прачытаўшы ў віленскай «Крыніцы» яго артыкул «Хто мы?», сказаў пры сустрэчы:

— Ксёндз, ты мусіш пісаць! Грэх, калі не будзеш.

Але ў Польшчы Я.Германовіч доўга не затрымаўся — каму патрэбен быў там нейкі беларускі святар? У лістападзе 1959 г. ён выехаў у Рым. Там, зноў у эміграцыі, ён рэдагаваў часопіс «Божым шляхам», а таксама пісаў і перакладаў байкі — у 1973 г. у Лондане выйшаў вялікі том твораў гэтага жанру, куды ўключаны як уласныя байкі «з жыцця даўнейшага і сучаснага», так і пераклады «з розных краёў, з аўтараў і жанру» — армянскія, А.Крылова, І.Красіцкага.

Памёр В.Адважны (Я.Германовіч) 26 снежня 1978 г.

 

Эміграцыя... Розная яна была і па-рознаму складвалася ў кожнага чалавека. Вось тры чалавекі — тры лёсы...

 

Міхась Забэйда-Суміцкі

Яго ў свой час параўноўвалі з Собінавым, Ціта Скіпай, іншымі не менш славутымі спевакамі...

А пачалося ўсё, можна сказаць, з гора. Яго маці нарадзіла сямёра дзяцей, а да сталага веку дажыў ён адзін. Да таго ж памёр, калі сыну было паўтара года, і бацька. Шмат чаго давялося спазнаць будучаму спеваку, пакуль падняўся на свае ногі. Ды і потым. Крыўдзілі і маці, «а заступіцца за нас не было каму,— прызнаваўся потым у сваіх успамінах М.Забэйда. — Калі яна плакала, і я плакаў з ёю. Каб мяне суцешыць, яна пачынала спяваць. Я пераставаў плакаць і пачынаў ёй падцягваць. І так у песні мы вылівалі сваё гора.

У маці маёй быў вельмі добры голас — густы, аксамітны, мяккі. Ад маці я і пераняў любоў да песні. Ды не толькі любоў: песня стала маёю мовай».

Сама маці не помніла, калі, дзе, у якой вёсцы нарадзіўся яе жывы славуты сын. «Сынок, было вас сямёра,— расказвала яна потым сыну.— Я нявучаная, запісваць не магла. Ці ж магу я памятаць, дзе каторы і калі нарадзіўся? Можа, у Падароску, а можа, і на лузе, бо быў у мяне і такі выпадак. Пайшла грабсці сена ды там і рассыпалася. Можа, гэта якраз ты і быў?»

Давялося ў дакументах запісваць М.Забэйду-Суміцкаму, што нарадзіўся ён у вёсцы Несцяровічы, дзе нарадзіўся і яго бацька, а за дату нараджэння ўзяць тую, што захавалася ў метрычнай кнізе,— 1 (па новым стылі 14) чэрвеня 1900 г.

Маці спевака хоць сама была і непісьменная, але імкнулася вучыць сына. Ён скончыў Галоўчыцкую школу, паступіў у Маладзечанскую настаўніцкую семінарыю. У семінарыі дамогся прыватнай стыпендыі, за якую пражыць, вядома ж, не мог. Таму стараўся вучыцца як найлепш, каб атрымаць казённую стыпендыю. І на экзаменах у канцы навучальнага года атрымаў права на такую стыпендыю. Але... «Да Маладзечна набліжаўся фронт першай сусветнай вайны. Нам сказалі эвакуіравацца. «Ненадоўга»,— запэўнівалі».

Гэтае «ненадоўга» зацягнулася на ўсё астатняе жыццё...

Была вёска ў Тамбоўскай губерні, потым Пенза, Смаленск, сяло Усць-Калманскае каля Барнаула... Харбін, Мілан, Варшава, Прага... Дзякуючы сваёй настойлівасці хлопчык з глухой заходнебеларускай вёскі скончыў настаўніцкую семінарыю, папрацаваў настаўнікам, паступіў на эканамічнае аддзяленне Харбінскага універсітэта. Прапаноўвалі яму асістэнтуру. «Але я накіраваўся ў оперу. Думалі, што звар’яцеў чалавек...»

Не ўсё так гладка складвалася ў час вучобы ў семінарыі, ва універсітэце, было, што і з працы выганялі як рэвалюцыйна настроенага, «чырвонага», было, што і хварэў (меў сухоты, што перадаліся па спадчыне). Ды і потым, калі стаў спеваком, таксама ж... У оперу яго ўзялі толькі таму, што «бас Шумілін парушыў кантракт і выехаў у Шанхай». Дзякуючы гэтаму Забэйда-Суміцкі ў Харбінскай оперы праспяваў 15 роляў — Фаўста з «Фаўста» Гуно, Альфрэда з «Травіяты» і герцага з «Рыгалета» Вердзі, Альмавіва з «Севільскага цырульніка» Расіні, князя з «Русалкі» Даргамыжскага, цара Берандзея са «Снягурачкі» і Лыкава з «Царскай нявесты» Рымскага-Корсакава, Уладзіміра з «Князя Ігара» Барадзіна, Пінкертона з «Мадам Батэрфляй» і Рудольфа з «Багемы» Пучыні, Уладзіміра з «Чарадзейкі» і Ленскага з «Яўгенія Анегіна» Чайкоўскага...

Але ўсё гэта было яшчэ не тое, і гэта адчуваў Забэйда. Ён імкнуўся вучыцца, удасканальваць свой голас і сваё майстэрства. Таму збіраў грошы на паездку ў Італію — у Мілан. І паехаў, як толькі іх сабраў. Там, у Мілане, ён сустрэўся са спявачкай Анджэлікай Краўчанка, якая раней была ў Харбіне, яна пазнаёміла Забэйду з выдатным майстрам спеваў Фернанда Карпі, які альтэрнаваў з Каруза і іншымі славутымі спевакамі. «З Карпі я працаваў амаль кожны дзень. Маэстра дзівіўся з маёй працавітасці, хваліў мяне, паказваў і паказваў іншым вучням»,— успамінаў пазней спявак. Тут, у Мілане, ён упершыню пачуў Шаляпіна, сустрэўся са славутым Собінавым. Собінаў запрасіў Забэйду да сябе ў гасцініцу. «Мы доўга гутарылі, а потым спявалі. Калі я праспяваў арыю Ленскага, ён сказаў: «Как Вы припоминаете мои лучшие годы!» Даў мне свой адрас і сказаў: «Совершенствуйтесь и приезжайте к нам в Москву».

Усё, аднак, склалася інакш. Нездарма кажуць: «Человек — раб обстоятельств»,— з іроніяй, шкадаваннем адзначае ў сваіх успамінах М.Забэйда-Суміцкі.

Ён працаваў так многа, што ў лёгкіх зноў пачаўся працэс. Пакідаць Італію стала немагчыма. Лячыўся і спяваў на італьянскай мове ў операх «Травіята», «Рыгалета», «Фаўст», «Севільскі цырульнік»... Італьянскія газеты нястрымна хвалілі маладога спевака, прарочылі яму вялікую будучыню, параўноўвалі яго тэнар з самымі славутымі галасамі свету; публіка сустракала яго з захапленнем, апладысментам не было канца, многія яго партыі выклікаліся на біс...

І ў гэты час з вёскі, дзе жыла маці, з Шэйпічаў, ён атрымлівае вестку, што маці, вярнуўшыся з выгнання на радзіму, цяжка хварэе і хоча бачыць сына. 16 гадоў мінула, як апошні раз яны бачыліся... І М.Забэйда кідае ўсё, едзе да маці — інакш паступіць ён не мог...

Больш у Італію ён не вярнуўся. Астаўся ў Польшчы, каб быць бліжэй да хворай маці. Заключыў кантракт з познанскай операй і спяваў па-польску галоўныя тэнаровыя ролі ў шматлікіх класічных операх, пашыраючы свой рэпертуар. «Адносіны да мяне дырэктара оперы былі не з лепшых, бо я не ўтойваў таго, што я беларус. Палітыка польскага буржуазнага ўрада тады была такая: «У Польшчы няма беларусаў». Спевака, якому апладзіравалі Харбін і Мілан, крыўдзяць, часам здзекуюцца, не выпускаючы яго па тыдню, а то і па два на сцэну. Працаваць у такіх умовах было цяжка, і ён едзе ў Варшаву, выступае ў канцэртах па радыё. І разам з класічнымі творамі выконвае, дакладней, спявае беларускія народныя песні... Менавіта на гэтыя песні адгукнуліся Р.Р.Шырма, М.Танк, іншыя дзеячы беларускай культуры. Вядома, спяванне беларускіх народных песень не заахвочвалася ў Польшчы. «Спачатку смяяліся, што Забэйда — спявак італьянскай школы — уключыў у канцэртную праграму мужыцкую песню. А потым? Калі пабачылі, што на мае канцэрты не толькі ідуць слухаць, але прыязджаюць за дзесяткі кіламетраў, каб пачуць у маім выкананні гэту мужыцкую песню, тады сталі мне забараняць спяваць у канцэртах беларускія, а разам і рускія песні. А кар’ера вырысоўвалася сапраўды вельмі «спакуслівая». Адзін раз я спяваў у польскім радыё праграму, якую перад гэтым выконваў славуты Кепура... І вось пасля майго выступлення між іншым напісалі: «У Забэйдзе-Суміцкім Кепура знайшоў небяспечнага канкурэнта». Знайшліся такія, што ўгаворвалі мяне адмовіцца ад беларускай песні. Я быў няўмольны. Тады мне замест кар’еры паабяцалі Картузскую Бярозу... Гэта была турма». Але былі і тыя, хто падтрымаў на гэтай дарозе спевака. Сярод іх і палякі, а найперш, вядома, беларусы. Сустрэчы з Р.Р.Шырмам, М.Танкам пераканалі М.Забэйду, што ён ідзе правільнай дарогай. «Гэта дарога не абяцала вялікай кар’еры,— пісаў потым спявак,— але яшчэ больш збліжала мяне з роднаю песняю — песняю маёй маці, давала магчымасць распаўсюджваць гэту песню, несці яе ў свет, паказваць яе красу, даваць людзям радасць і ўзбагачаць гэтай песняю сусветную культуру».

М.Забэйда запісаў на грампласцінкі першыя ў Заходняй Беларусі і наогул у Польшчы беларускія народныя песні, якія дзякуючы яму сталі папулярныя сярод шырокіх колаў насельніцтва. У 1939 г. яму прапанавалі гастрольнае турнэ па Еўропе і Амерыцы. Але здзейсніць яго ён не змог — пачалася другая сусветная вайна. Яна захапіла спевака ў Варшаве, там, «у варшаўскім пекле», пражыў ён да мая 1940 г., быў кантужаны, засыпаны ў разбураным доме, пасля чаго пераехаў у Чэхаславакію, у Прагу. «Трудна забыць тое ўражанне, якое зрабіла на мяне Прага — майская, квітнеючая, залатая Прага. Гэта быў рай! Калі сонечным днём падняўся на зялёную горку Пэтршын і ўбачыў усю прыгажосць горада, мне здалося, што ў мяне выраслі крылы і што я вось-вось палячу.

Потым я пазнаў і другую старонку пражскага жыцця — цяжкі прыгнёт гітлераўскіх акупантаў»,— успамінаў спявак.

На першым канцэрце, які адбыўся ў канцы 1940 г. у Празе ў перапоўненай Сметанаўскай зале, дзе было больш за тысячу слухачоў, калі Забэйда выканаў шырокавядомую песню выдатнага чэшскага кампазітара Б.Сметаны «Кдо в златэ струны заграт зна», якая канчалася словамі: «Той народ яшчэ не загінуў, якому вяшчун спявае песні, бо песня ў небе народжана і ў прах жыццё ўдыхае», раздаліся такія воплескі, што не паўтарыць песні было проста немагчыма. Насцярожаны і спалоханы акампаніятар папярэдзіў: «Не паўтарайце, бо пасадзяць на месца і вас і мяне з вамі».

Далей — болей. За тое, што спяваў Забэйда рускія, беларускія і ўкраінскія песні, яго абвінавацілі, што ён займаецца прапагандай славянства. «Сітуацыя яшчэ больш ускладнілася, калі нямецкія фашысты напалі на Савецкі Саюз. Праз колькі дзён пасля першых «маланкавых» нямецкіх перамог на маю кватэру з’явіўся гестапавец і сказаў, што мяне выклікаюць у Берлін. Пасадзілі мяне ў самалёт і павезлі. У Берліне завялі да якогасьці «шэфа», які тут жа прапанаваў узначаліць «беларускія» радыёперадачы з Берліна і пераехаць у Берлін. Я адмовіўся. Мне параілі падумаць і з’явіцца на другі дзень. Але і на другі дзень я не змяніў свайго намеру. Калі выклікалі на трэці дзень, я ўжо думаў, што больш ніколі не ўбачу залатой Прагі. На маё шчасце, за гэты час «шэфы» знайшлі сабе некага больш «пакладзістага», і мяне адпусцілі. Можаце ўявіць, што я перажыў за тыя тры дні».

А ў Празе яго чакала іншая «прапанова» — паклікалі ў аддзел нямецкай прапаганды і сказалі, што калі ён хоча спяваць у тэатры, то павінен «праявіць сябе палітычна». А «праявіць сябе палітычна» — гэта значыла стаць калабарантам. Давялося адмовіцца ад тэатра...

А жыць, як жыць спеваку без тэатра? Але М.Забэйда не думае пра гэта. Паступіла ж новая прапанова ўжо быццам і не ад саміх гітлераўцаў, а з вядомага канцэртнага бюро ў Дрэздэне, якое займалася арганізацыяй выступленняў самых выдатных спевакоў свету. М.Забэйда адмаўляецца і ад гэтай прапановы. У яго былі зусім іншыя планы. «Я ведаў, што фашысты нацкоўваюць адзін народ на другі, выкарыстоўваючы іх спрэчкі ў сваіх інтарэсах. Я ж стараўся песняю з’ядноўваць людзей, стараўся закрануць найдалікатнейшыя, самыя патаемныя і лепшыя струны чалавечага сэрца. Таму я спяваў на роднай мове і на роднай мове таго народа, перад якім выступаў. Родная песня адкрывала іх сэрцы, а з адкрытым сэрцам яны прымалі прыгажосць песень і іншых народаў, збліжаючыся з імі. Я спяваў на якіх 16 мовах розных народаў. Спяваў толькі на памяць. Але, як чэхі кажуць, «стало то за то». Мае выступленні ўспрымаліся з асаблівай цеплынёй і шчырасцю. Гэта не быў проста поспех: адбывалася нешта такое, што ўзбагачала людзей, збліжала, рабіла іх лепшымі, у тым ліку і мяне самога. Песня станавілася сапраўднай зброяй у барацьбе за лепшага чалавека, за лепшае жыццё».

З гэтай «зброяй» спявак па-свойму і «ваяваў» — ездзіў па акупіраваных гітлераўцамі гарадах, выступаў з песнямі. Прыязджаў ён у 1942 г. і ў Беларусь, выступаў у Мінску, Гродне, Баранавічах, Беластоку, Дзвінску. На канцэрце ў Ваўкавыску ён тлумачыў свайму стрыечнаму брату Уладзіміру Урбановічу, які праз свайго роднага брата Язэпа (Ёзіка) быў звязаны з партызанамі, чаму ён быццам супрацоўнічае з акупантамі — спявае. «Калі б я не спяваў, то вымушаны быў бы працаваць дзе-небудзь у Германіі, на ваенным заводзе, як працавалі іншыя, прымусова ўзятыя фашыстамі». Ганарар ад канцэрта, па сведчанні спевака, ён аддаў Урбановічу, каб той перадаў партызанам, «папрасіўшы яго не гаварыць аб гэтым нават самым блізкім. Маці папрасіў, каб яна аддала партызанам на бінты маю тонкую бялізну (што яна і зрабіла, як потым я даведаўся). Я папрасіў тады маці дапамагаць Ёзіку чым зможа, а сам паабяцаў ёй дапамагаць з Прагі, а пры зручным выпадку прывозіць самому ў Ваўкавыск тое-сёе. Так яно і было.

Але ці варта зараз аб гэтым пісаць: ні маці, ні Язэпа, ні Уладзіміра Урбановіча цяпер няма ў жывых. Калі б яны былі жывыя, можа б, і маё жыццё склалася інакш...»

Можа быць. Бо і сёння сёй-той не можа дараваць М.Забэйду-Суміцкаму, што ездзіў ён па акупіраваных гітлераўцамі гарадах і вёсках, спяваў песні, калі ліліся ўсюды рэкамі кроў і слёзы — не да песень жа было. Ды, як пасля выявілася, і на сходзе «беларусаў, пражываючых у пратэктараце Чэхія і Маравія» ён быў тым, дзе прымаліся «пастанова аднагалосна паслаць павадыру нямецкага народа, канцлеру Адольфу Гітлеру» прывітальную лёкайскую тэлеграму і ішыя не менш ганебныя дакументы, калі фашысты напалі на СССР, ступілі на беларускую зямлю. Што ён тады думаў? Што адчуваў? Ды і наогул сход як той праходзіў? На жаль, у сваіх успамінах М.Забэйда пра гэта нічога не піша, як не піша і пра іншыя сходы і пасяджэнні, што праводзіліся беларускай эміграцыяй у Празе ў той помны 1941 год і на якіх ён таксама бываў. А варта было б напісаць, сёе-тое патлумачыць...

Аднак жа зноў дадзім слова яму самому:

«Я перажыў цяжкія хвіліны, даведаўшыся, што гестапаўцы злавілі і катавалі Уладзіміра Урбановіча. Прызнацца, мяне мучыла, як ён вёў сябе на допыце, ці вытрываў, ці не выдаў чаго пад катаваннямі. Сумненні ўзраслі, калі мяне самога ноччу арыштавалі гестапаўцы і павялі ў турму...

На шчасце, і гэты раз удалося пазбегнуць кары...»

Арыштоўвалі, цягалі ў гестапа М.Забэйду-Суміцкага і яшчэ некалькі разоў. То як «бальшавіцкага агента», то як проста «непажаданую асобу». Урэшце, яго кінулі ў турму...

Вызваліла яго Савецкая Армія. Але дадому, у Беларусь, ён так і не паехаў — астаўся жыць у Празе. Спяваў там народныя беларускія песні, песні чэшскіх, славацкіх, рускіх, украінскіх ды і іншых кампазітараў... З гэтымі песнямі зноў ездзіў па гарадах і вёсках, пабываў ён і ў Мінску, у Савецкай Беларусі. Помню той канцэрт у кансерваторыі... Выйшаў на сцэну М.Забэйда — рослы, лёгкі, хоць было яму тады за шэсцьдзесят,— і зала ўстала, пачуліся такія бурныя воплескі, што сапраўды «гатовы былі змыць і песняра і эстраду», як пісаў калісьці М.Танк. А калі забруіўся яго голас — зала затаіла дыханне, верыла і не верыла, што так можна спяваць нашы родныя беларускія песні,— іх жа хто толькі ні псаваў, бо яны былі занадта «простыя, мужычыя» — не падыходзілі да галасоў розных заезджых маэстра...

У Празе М.Забэйда ў 1981 годзе і памёр, там ён і пахаваны. У сваім запавеце ён папрасіў, каб усё вартае, што пасля яго астанецца, было перададзена Савецкай Беларусі, вернута на Радзіму...

Жаданне яго здзейснена.

 

Ларыса Геніюш

У тую ж залатую Прагу, толькі на два гады раней за М.Забэйду-Суміцкага, прыехала, каб там стала пасяліцца і жыць, і яго зямлячка Ларыса — яна выйшла замуж за медыка Івана Пятровіча Геніюша, ураджэнца мястэчка Зэльва, выпускніка Пражскага універсітэта, які не змог знайсці сабе працы ў Заходняй Беларусі. Сама Ларыса да таго часу перажыла, як і многія ў тыя гады беларусы, уцякацтва ў Расію, скончыла польскую гуманістычную гімназію ў Ваўкавыску, нарадзіла сына...

Не толькі ў аднаго М.Забэйды, калі ён убачыў прыгажосць гэтага горада, нібыта выраслі крылы. Прыкладна тое самае адчула і Ларыса. «Я тут сустрэлася з нашай эміграцыяй,— пісала яна потым,— але ейныя інтарэсы не заспакоілі маіх жывых парыванняў, я зноў вярнулася сэрцам і думкамі ў нашае сяло... Сэрца пачало бушаваць ахвотай да творчае, сапраўднае працы для Краю», бо

 

Там нашыя песні, там наша багацце,

там жытняе мора, магілы дзядоў,

і родныя хаты, і людзі, як брацці,

і казкі, і слава мінулых гадоў.

 

 

Нягледзячы на быццам знешне шчаслівае жыццё — муж нядрэнна зарабляў, Ларысе тут, у Празе, «па-над Вэлтаваю», не хапае свайго сіняга неба, сваіх людзей, сваіх пушчаў, свайго Нёмана, па якіх яна нудзілася, сумавала:

 

Так часта ў чужым ды няветлівым краі

аб ціхія сэрцы бяздомных людзей

злы лёс, як той вецер аб дрэвы, зайграе,

ды толькі сумней, бязмежна сумней.

 

Ды ўспомняцца родныя межы, загоны,

ля хаты на прызбе чакае сям’я,—

і слёзы гарачыя ціха зазвоняць,

сум беднае сэрца саўе, як змяя.

 

Як быццам бы сэрцам нявінныя дзеці

за маткаю тужаць сваёй дарагой,

мой край на шырокім заблытаным свеце,

ты мне наймілейшы, бо родны, бо свой.

 

 

Любоў да свайго краю, да сваіх людзей, да ўсяго беларускага ў Л.Геніюш такія, што яна гатова на любыя ахвяры, абы толькі зноў вярнуцца дадому, на родную зямлю:

 

Там толькі хочацца, хочацца жыць,

дзе родныя, сумныя далі,

дзе поле узорнай раўнінай ляжыць,

калышацца жытняю хваляй.

 

Дзе Нёман дастойны шырока плыве,

дзе пушчы шумяць аб мінулым,

а ў замках, курганах легенда жыве

і песня дзядоў не заснула.

 

 

Вядома, маладая паэтэса, якая пачала пісаць вершы яшчэ ў гімназіі, у Ваўкавыску, шукае ў Празе тых сваіх землякоў, што блізкія ёй па светаўспрыманню, па думках і поглядах, хто гэтак жа, як і яна, сумуе па родным краі, хоча нешта добрае зрабіць дзеля яго, хто і тут, на чужыне, напамінае ўсім, што дзесьці далёка ёсць Радзіма, «дзе астаўся след наш у родных каляінах, дзе мы пагублялі смех наш малады». Так трапляе яна на адзін з канцэртаў Забэйды-Суміцкага і не можа, каб не выказацца, не расказаць пра гэта:

 

Ты запеў нам песню аб барох сасновых,

аб пахілых ў полі, сумных дзесяткох,

аб цудоўных межах з цветам васільковым,

што здаюцца часта на чужыне ў снох.

 

Ты запеў нам песню аб бярозе белай,

як ў зялёнай хусце стройная стаіць,

і аб тым, як явар уначы нясмела

аб сваім каханні лістам шалясціць.

 

Ды як ціха вецер лісцямі з бярозы

засыпае сумна незабыты след,

што пакінуў кажны з нас там на дарозе,

як ішоў ды з хаты ў непрыхільны свет.

 

Аб радзімай вёсцы запяяў нам песню,

матчыную песню запяяў не раз,

і аб тым, як птушкі кажнае прадвесне

прывітанні з сэрца там нясуць ад нас...

 

 

Край — родны край, як прывід, стаіць перад вачыма ў паэтэсы, засланяе ўсё, вабіць, цягне да сябе:

 

О Краіна шчасця, родная матулька,

о Краіна ясных, незабытых дзён!

На шырокім свеце не найду прытулку,

не прывыкну сэрцам да чужых старон!

 

Тэхніка, культура ды чыёсь багацце

не ўзварушаць сэрца маяго мацней —

ў ім цвітуць, красуюць нашы сенажаці

ды калыша вецер клёнам весялей.

 

Вышынёю вежы быццам хмарам грозяць,

з камяню палацы задзіўляюць свет —

мне мілей наш шэры камень пры дарозе,

дзе адпачывае пасівелы дзед...

 

 

Пачалася вайна, гітлераўцы акупіравалі не толькі Чэхаславакію, Польшчу, але напалі і на СССР. Дзень 22 чэрвеня 1941 года яна назвала «хмарным днём».

 

Як хмарны дзень — так сэрца маё сёння...

Дождж з непагодных сыплецца вачэй...

Таму, што гэта Край мой любы стогне,

кроў ў воды Нёмну жыламі цячэ.

 

Не счырванела зорная каліна,

не мак цвіце, а Край наш, Край ў агні! —

бы сцеле сонца ярым кармазынам,

заходзячы за грыву спелых ніў.

 

Уціш мяне, што гэта не пажары,

што не сяло, не лес стары гарыць!

Наш Край злажыў даволі ўжо ахвяраў,

каб выпесціць і ўбачыць свет зары!

 

 

Аднойчы на вуліцы Прагі яна ўбачыла палонных. «Хацелася сказаць ім нешта роднае, вельмі добрае, нешта сваё». І яна сказала гэтае «нешта роднае, вельмі добрае, нешта сваё»:

 

Ці табе не шкода, браце,

        родных ніў,

тых лугоў, той сенажаці,

        што касіў?

Ці табе не шкода даляў,

        што маўчаць,

ні садоў, што расцвіталі,

        ні дзяўчат?

Ані Нёмну сініх водаў

        між лясоў,

хваляў берага крутога

        ў верасох?

Ці табе не шкода песняў,

        што вясной

білі ў хвалі напрадвесні,

        бы вяслом?

Ці не рвешся ты душою —

        адкажы!

Ці табе начамі сэрца

        не дрыжыць

па тым краі, дзе радзіўся,

        дзе ты жыў,

дзе каліны расцвіталі

        на мяжы?

Дзе твой след? Мо ветры ў полі

        замялі,

калі гнулі, гнулі голле

        да зямлі!

 

 

Вядома, хвалявалі паэтэсу і іншыя тэмы. Але ўсё ж бязмежны смутак і гора чалавека, што адарваны ад Радзімы, пераважалі над усім.

Вершы Л.Геніюш, сабраныя разам, выйшлі ў 1942 г. у Празе асобнаю кнігаю пад назваю «Ад родных ніў». Яе яна прысвяціла «братом і сёстрам на чужыне».

Той, хто трымаў у руках гэтую кнігу, хто чытаў яе, не мог не заўважыць быццам не ўласцівыя паэтэсе настроі і матывы, асобныя строфы і радкі, дзе гаварылася «пра родны наш сцяг», «Пагоню», «моладзь у радох», «нашых байцоў за Радзіму». Пра каго гэта? У вершы «Моладзі» ёсць і такое:

 

Нам не страшны сібірскі больш холад,

нам не страшны маскаль або лях,

чужы серп не патрэбны, ні молат —

мы разгорнем крывіцкі наш сцяг!

 

 

Ці выпадкова ўсё гэта ў Л.Геніюш? Можна падумаць, што так, выпадкова, калі не ведаць, што яна, гэтак жа як і М.Забэйда-Суміцкі, прымала ўдзел у многіх сходах і пасяджэннях «беларусаў, пражываючых у пратэктараце Чэхія і Маравія», нават выбіралася на розныя кіраўнічыя пасады. Ды і муж Янка, Іван, таксама ж... Тэлеграма «павадыру нямецкага народа канцлеру Адольфу Гітлеру», пасланая з Прагі «шчырымі» беларусамі, была падпісана так: «Старшыня сходу: д-р Я.Геніюш». Свае вершы яна змяшчала ў прафашысцкіх выданнях — то ў берлінскай «Раніцы», то ў «Беларускім работніку», то ў мінскім часопісе «Новы шлях»... І нават калі скончылася вайна, разгромлены былі фашысты, па-ранейшаму падтрымлівала сувязь з некаторымі былымі гітлераўскімі паслугачамі — друкавалася і ў «Шыпшыне», і ў «Сакавіку», і ў іншых выданнях...

Восенню 1948 г. яе арыштоўваюць і прывозяць у Мінск. Цанава, міністр унутраных спраў Беларусі, сам пажадаў сустрэцца з паэтэсай.

— На якой мове будзем з вамі гаварыць? — спытаў міністр.

— Пажадана на мове таго народа, на зямлі якога мы з вамі знаходзімся...— дзёрзка адказала паэтэса.

Гаварыць, як выявілася, паэтэсе з міністрам не было пра што. Прысуд быў ужо вынесены, яго абвясціў неўзабаве Вярхоўны суд БССР — 25 год зняволення...

У 1956 г. Л.Геніюш вярнулася ў родную Беларусь, пасялілася на радзіме мужа ў Зэльве. Але крыўды не даравала тым, хто прымусіў яе столькі гадоў дзяўбці кіркай вечную мерзлату на Поўначы. Не прыняла савецкага падданства, так і памерла не грамадзянкай якой бы там ні было краіны. У вершах, што яна пісала,— па-мужчынску мужных і па-жаночы пяшчотных — многа думак, многа радасці і смутку. Чатыры яе кнігі — дзве для дарослых «Невадам з Нёмана» (1967) і «На чабары настоена» (1982) — і дзве для дзяцей «Казкі для Міхаські» (1972) і «Добрай раніцы, Алесь» (1976), што выйшлі ў Савецкай Беларусі, далёка не ўсё, што паэтэса напісала...

Д.Бічэль-Загнетава, якая ведала блізка Л.Геніюш у апошнія гады яе жыцця, нядаўна паведаміла ў часопісе «Полымя»: «Мела моцнае сэрца. Памерла ад пасляаперацыйнага перытаніту. Здольна была перанесці найцяжэйшае гора з высока паднятай галавой. Была старэйшай дачкой у сям’і Міклашэвічаў. Яе бацька прапаў у Гродзенскай турме пасля 1939 года, маці памерла ад голаду ў Казахстане ў 1945 годзе, брат Расціслаў загінуў пад Берлінам 28 чэрвеня 1945 года, а брат Аркадзь загінуў пад Монта-Касіна 27 ліпеня 1944 года. Малодшая сястра Людміла атруцілася газам у Вроцлаве ў 1954 годзе».

Застаецца дадаць: памёр яшчэ пры яе жыцці муж Іван, памёр пасля ўжо яе смерці на Беласточчыне і адзіны сын Юрка, дарэчы, здольны празаік і драматург, аўтар некалькіх цікавых, таленавітых п’ес і апавяданняў...

 

Уладзімір Жылка

Прага, Прага... Колькі яна прыняла беларусаў, колькіх прытуліла, абагрэла, колькім дала пуцёўку ў жыццё!.. Проста дзіўна, што пра гэта дасюль ніхто ў нас нічога не напісаў, не выдаў кнігі. А варта было б! Пачаць хоць бы з таго ж Скарыны... Ды не пра гэта аповед...

У 1923 г. у Прагу прыехаў малады паэт Уладзімір Жылка. Ці была гэта эміграцыя? І так, і не. Справа ў тым, што гэты няўрымслівы чалавек перад гэтым шмат дзе пабываў, і ўсё ў яго лёсе складвалася не лепшым чынам. Нарадзіўшыся ў 1900 г. у вёсцы Макашы на Капыльшчыне, ён нейкі час жыў у Мінску, а з набліжэннем фронту выехаў у бежанства ў Тулу. Тут, у Тульскай губерні, ён і скончыў Багародзіцкае сельскагаспадарчае вучылішча, у 1917 г. вярнуўся ў Беларусь, дзе непадалёку ад Мінска жылі яго бацькі, і неўзабаве стаў аграномам у дзяржаўным маёнтку, якім загадваў Міхась Кудзелька, у будучым вядомы паэт Міхась Чарот. Здавалася б, што яшчэ трэба васемнаццацігадоваму юнаку — ёсць узаемаразуменне з загадчыкам, ёсць любімая работа, яго паважаюць сяляне, ды і ён з імі ладзіць. Аднак ужо ў 1920 г. выяўляецца, што ён захварэў на сухоты. Трэба лячыцца. А як? Прымаецца рашэнне — ехаць на папраўку да сваякоў, што жылі пад Гарадзеяй. Якраз у гэты час заключаецца так званы Рыжскі мірны дагавор, які падзяліў Беларусь на дзве часткі. Гарадзея адыходзіць пад Польшчу. Пра тое, каб вяртацца ў Савецкую Беларусь, не магло быць і гутаркі. Збольшага акрыяўшы, Жылка наладжвае сувязь з прагрэсіўнай заходнебеларускай прэсай, піша і друкуе там свае першыя вершы. Сваякі, хочучы памагчы хвораму, робяць усё, што было ў іх сілах,— накіроўваюць Уладзіміра Жылку ў Вільню, каб ён атрымаў хоць якую адукацыю. Там Уладзімір Жылка знаёміцца з Максімам Гарэцкім, з іншымі дзеячамі вызваленчага і культурнага руху — з Ядвігіным Ш., Г.Леўчыкам, Б.Тарашкевічам, Л.Родзевічам, з братамі Канчэўскімі...

Тым часам улады генерала Жэлігоўскага аб’яўляюць Віленшчыну незалежнай дзяржавай — Сярэдняй Літвой. Прагрэсіўныя беларускія дзеячы робяцца непажаданымі асобамі ў гэтай «незалежнай дзяржаве». Вільню пакідае М.Гарэцкі, а за ім і іншыя вядомыя людзі. Змушаны пакінуць горад, які яму палюбіўся, і У.Жылка. Паўгода ён вучыцца ў Даўгаўпілсе ў беларускай гімназіі, потым усё ж вяртаецца ў Вільню, дапамагае Л.Родзевічу выдаваць газету «Наша будучыня». Але ўлады «незалежнай Сярэдняй Літвы» ўважліва сочаць за ўсім, што робяць непажаданыя ў іх дзяржаве беларусы. У.Жылка змушаны эмігрыраваць у Прагу... Тут, у Празе, ён канчае «матуральныя» курсы, атрымлівае атэстат сталасці і восенню паступае ў Карлаў універсітэт на гісторыка-філалагічны факультэт...

Хоць здароўе яго і надарвана хваробай, аднак ён шмат працуе — не толькі вучыцца, але і піша вершы, артыкулы, супрацоўнічае ў месячніку «Славянская книга», дапамагае выдаваць часопісы прагрэсіўнага беларускага студэнцтва ў Чэхаславакіі «Перавясла» і «Прамень» (потым пачаў называцца «Новы прамень»)...

У 1923 г. выходзіць з друку першая кніга У.Жылкі — паэма «Уяўленне», у 1924 г.— другая, гэты раз вершаў, «На ростані», якую ён прысвячае сваім «далёкім, старым бацьком». І першая, і другая кнігі былі прыхільна сустрэты беларускай літаратурнай грамадскасцю. Гэта натхняе паэта, ён піша новыя творы. У пісьме ад 29 снежня 1925 г. ён прызнаецца, што «паэзія робіцца пракляццем у маім жыцці. Яна ўладарна выказвае свае правы, калі трэба думаць аб кавалку чорствага хлеба». Хвароба — сухоты — даймае яго, ён трапляе ў бальніцу. Аднойчы ўрачы канстатуюць клінічную смерць, цела накіроўваецца ў морг. Толькі назаўтра, прыйшоўшы ў морг, санітары бачаць, што адзін з нябожчыкаў жывы. Гэта быў Жылка...

У вершах, што паэт піша ў тыя гады, шмат безнадзейнасці, тугі, часам містыкі. Але ёсць і іншыя матывы і настроі, пакліканыя каханнем. Ёсць і апяванне хараства прыроды, яе зменлівасці і багацця, словы прызнання ў любові да роднага краю і да ўсяго таго, чым жыве працоўны люд Беларусі. Усё часцей прарываецца і тое, што яго, можа быць, найбольш мучыць, не дае спакою:

 

Мне ўсё часцей радзіма сніцца...

Там рух і песні аб вясне,

Там працы творчае крыніца,

Там мо б знайшлося месца мне?..

 

 

Паэт ловіць любыя звесткі з Савецкай Беларусі, летуценіць, жыве імі. І калі ў 1926 г. з’яўляецца магчымасць паехаць у Мінск — на Акадэмічную канферэнцыю па пытаннях мовы,— ён едзе. І ўжо не вяртаецца назад у Прагу — астаецца жыць у Савецкай Беларусі...

У Мінску ён працуе ў газеце «Звязда», выдае кнігу паэзіі «З палёў Заходняй Беларусі», рыхтуе другую. Уступае ў аб’яднанне «Маладняк», потым, калі ўтварылася «Узвышша», пераходзіць туды. Але...

У чэрвені — ліпені 1930 г. у Савецкай Беларусі пачаліся арышты. Аднаго з першых арыштоўваюць і У.Жылку.

Пяць месяцаў прасядзеў паэт у турме, чакаючы выраку. Аслабеў, знядужаў так, што ўрачы, агледзеўшы яго, далі заключэнне — не будзе жыць, памрэ...

У.Жылку адвезлі дадому...

Чатыры месяцы ішло змаганне за яго жыццё. І ўсё ж У.Жылка не памёр — паправіўся. Пачаў выходзіць на людзі. Гэтага толькі і чакалі тыя, хто за ім сачыў. У адпаведнай установе, куды ён трапляе, каб узяць дазвол паехаць да бацькі, які жыў у пагранічнай зоне, яму нечакана аб’яўляюць, што пастановай Калегіі ад 10 красавіка 1931 года ён асуджаны на пяць год высылкі. Спыталі, сам ён паедзе на месца высылкі ці трэба, каб яго суправаджалі. Вядома, паэт выбраў першае...

Да Кацельніч (цяпер Кіраўская, тады Вяцкая вобласць) даехаў на цягніку. Да месца высылкі — горада Уржума — аставалася яшчэ кіламетраў дзвесце-дзвесце пяцьдзесят. Яму, ды і іншым высланым, сярод якіх быў і гісторык М.Улашчык, быў дадзены выбар — ісці пехатою пад канвоем або дабірацца самім. Наважыліся не ісці, а плысці па рацэ Вятцы, без канвою.

Купілі дзве лодкі, адну маленькую, другую вялікую. У вялікую, якую трэба было веславаць, селі дужэйшыя, яго ж, зусім хворага, пасадзілі ў маленькую і прывязалі яе за вялікую. Так і плылі да прыстані Мядзведкі. Там рассталіся — У.Жылка, наняўшы фурманку, паехаў ва Уржум, астатнія — у іншыя гарады і вёскі — кожны на месца сваёй высылкі...

Ва Уржуме У.Жылка адчуваў сябе дрэнна, абвастрылася яго хвароба. Да таго ж, як ён неўзабаве даведаўся, пакінула яго жонка — выйшла замуж за другога — дужэйшага і не «опального». І хоць У.Жылку дапамаглі ўладкавацца на працу спярша ў бібліятэку, потым у школу, гэта не дапамагло. У канцы лістапада 1932 г. ён злёг у бальніцу і ўжо не выйшаў з яе — І сакавіка 1933 года яго не стала... Перад самай смерцю ён разаслаў знаёмым паэму, над якой працаваў у апошнія дні свайго жыцця. Яна называлася «Тэстамент, або Духоўніца, адпісаная Уладзімірам з Адама і Таццяны сынам Жылкавым». Паэма была ўпершыню надрукавана ў гады вайны на старонках «Беларускай газэты», што выдавалася ў акупацыйным Мінску прыслужнікамі фашыстаў. Патрабавалася некалькі дзесяткаў год, каб упэўніцца, што гэта сапраўды твор Уладзіміра Жылкі. Апошні, што дайшоў да нас... Твор глыбокі, праўдзівы і вельмі мудры, мужны, асабліва калі ўлічыць, што пісаўся ён безнадзейна хворым чалавекам, можна сказаць, на смяротным ложку.

 

Я пакідаю з дзіўным сумам

Маю дабродзейку-зямлю.

Я голад знаў, душыўся глумам,

Ды імі сэрца не кармлю.

Яна ўсяго, як толькі ўздумаць,

Дала, й такой яе люблю:

З бядою, з ліхам, з посным квасам

І з радасцю кароткай часам.

 

Бывай, надзей сардэчны ўздым!

Бывайце, сны і слодыч вёснаў!

І вы, снягі, завеі зім!

На зломе дзвюх эпох злавесным,

У неспрыяльным ветры злым.

Сваё жыццё прайшоў я чэсна:

Пясняр, змагар, бядняк праз век,—

Быў перш за ўсё я чалавек.

 

 

...Ва Уржуме на гарадскіх могілках ёсць магіла, дзе пахаваны вядомы беларускі паэт Уладзімір Жылка. На магіле растуць кветкі. Іх садзяць і сеюць штогод вучні той школы, дзе працаваў высланы з Радзімы «пясняр, змагар, бядняк праз век», а «перш за ўсё», вядома ж, «чалавек» — Уладзімір Жылка.

 

Хто куды і за кім?..

Ідэя мець беларусам сваю самастойную, незалежную дзяржаву нараджалася доўга і пакутліва. Спярша была спроба вярнуць, аднавіць былое Вялікае княства Літоўскае. І каб дасягнуць гэтай мэты, некаторыя багатыя і ўплывовыя людзі тагачаснага грамадства не грэбавалі нічым, нават падалі на калені перад заваёўнікамі — кланяліся шведскаму каралю Карлу-Густаву і французскаму імператару Напалеону. Але мэты не дасягнулі. У другой палове мінулага стагоддзя нарадзілася ідэя мець сваю самастойную, незалежную беларускую дзяржаву. Гэтая ідэя канчаткова аформілася і атрымала канкрэтнае пацверджанне пасля паўстання 1863 г., якое, як вядома, было патоплена ў крыві Мураўёвым, а яго кіраўнік і натхняльнік Кастусь Каліноўскі трапіў на вісельню, у праграме беларускіх народнікаў-гоманаўцаў, якія патрабавалі для Беларусі «права на аўтаномную федэратыўную самастойнасць у сям’і іншых народнасцей Расіі» (1884).

Зерне было кінута не на камень — яно ўзышло, дало плады. Адным з тых, хто гэтую ідэю падтрымаў і панёс далей, быў удзельнік паўстання 1863 г. Ф.Багушэвіч. «Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі!» — пракрычаў ён. Ён жа першы і акрэсліў межы Беларусі: «Можа, хто спытае: «гдзе ж цяпер Беларусь? Там, братцы, яна, гдзе наша мова жывець: яна ад Вільні да Мазыра, ад Віцебска за малым не да Чарнігава, гдзе Гродна, Мінск, Магілёў, Вільня і шмат мястэчкаў і вёсак...» Ф.Багушэвіч і гісторыю Беларусі вельмі сцісла, у некалькіх радках, выклаў у той самай прадмове да «Дудкі беларускай», ён жа і сказаў, што няма чаго саромецца мовы беларускай, «мужыцкай», бо яна «такая ж людская і панская, як і французская, альбо нямецкая, альбо і іншая якая». Каб па-сапраўднаму ацаніць і зразумець рэвалюцыйны дух выказванняў Ф.Багушэвіча, трэба не забываць, што царскія ўлады ў 1867 г. забаранілі беларусам пісаць і выдаваць кнігі на роднай мове.

Аднак, як паказала жыццё, любыя загады, нават калі яны ідуць ад самога цара, не могуць спыніць памкненняў народа. Да таго ж Беларуссю пачынаюць больш як калі цікавіцца вучоныя: польскія, каб даказаць, што край гэты чыста польскі, рускія, каб даказаць, што край «искони русский», і тым самым будзяць тых, хто ведае, што яны і не тыя, і не другія, а тутэйшыя, г. зн. беларусы. У 1902 г. у Мінску ўзнікае першая беларуская палітычная арганізацыя — Беларуская рэвалюцыйная партыя, якая неўзабаве атрымлівае назву Беларуская рэвалюцыйная грамада. У 1903 г. адбываецца з’езд Беларускай рэвалюцыйнай грамады, які прыняў праграму партыі, і сама арганізацыя стала называцца Беларуская сацыялістычная грамада. У праграме было патрабаванне краявой аўтаноміі для Беларусі ў складзе Расійскай федэратыўнай рэспублікі.

Другі з’езд Беларускай сацыялістычнай грамады адбываўся на хвалі рэвалюцыйнага ўздыму ў 1906 г. Тады ж пачала выходзіць і першая беларуская легальная газета на беларускай мове «Наша доля» («Мужыцкая праўда» К.Каліноўскага, як вядома, была нелегальная). Пасля выхаду шостага нумара «Наша доля» была закрыта, замест яе пачала выходзіць новая газета «Наша ніва». «Наша ніва» згрупавала вакол сябе многіх дзеячаў беларускага нацыянальна-вызваленчага руху. На старонках газеты загучалі на ўсю сваю моц галасы Я.Купалы, Я.Коласа, Цёткі, Ядвігіна Ш., М.Багдановіча, А.Гаруна, К.Каганца, М.Гарэцкага, У.Галубка, А.Паўловіча, К.Буйло і іншых беларускіх пісьменнікаў.

Вайна 1914 года спыніла выданне «Нашай нівы». Але не магла спыніць беларускі нацыянальна-вызваленчы рух. Моцны штуршок яму прыдалі падзеі, што неўзабаве адбыліся ў Пецярбургу, ва ўсёй тагачаснай царскай імперыі, перамога Вялікага Кастрычніка. Чарговы з’езд Беларускай сацыялістычнай грамады выбраў беларускі нацыянальны камітэт, які прыняў удзел у абвяшчэнні 25 сакавіка 1918 г. Беларускай народнай рэспублікі. Урад БНР ужо 23 красавіка паслаў тэлеграму кайзеру Вільгельму, у якой гаварылася: «Рада Беларускае народнае рэспублікі, як выбраная прадстаўніца беларускага народу, звяртаецца да Вашай Імператарскай Вялікасці з словамі глыбокае падзякі за вызваленне Беларусі нямецкімі войскамі з цяжкага ўціску, чужога пануючага здзеку і анархіі.

Рада Беларускае народнае рэспублікі дакляравала незалежнасць цэлае і непадзельнае Беларусі і просіць Вашу Імператарскую Вялікасць аб абароне ў яе кіраваннях дзеля ўмацавання дзяржаўнае незалежнасці і непадзельнасці краю ў сувязі з Германскай Імперыяй.

Толькі пад абаронай Германскай Імперыі бачыць край сваю добрую долю ў будучыні. Прэзідэнт Рады: Іван Серада. Прэзідэнт Сакратарыята: Язэп Варонка. Сябры Рады: Раман фон-Скірмунт, Антон Аўсянік, Паўлюк Аляксюк, Пётра Крачэўскі, Язэп Лёсік».

Адказу на тэлеграму Рада БНР не атрымала. Тым часам у самой Радзе пачаўся разлад. Адбылася рэарганізацыя ўрада, што, аднак, не падняло яго аўтарытэту. 9 снежня 1918 г. нямецкія войскі пакінулі Мінск, а ўжо 30 снежня 1918 г. адбыўся з’езд беларусаў-бальшавікоў, які прыняў Пастанову аб стварэнні Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 г. яна была і абвешчана. (Пра тое, як гэта адбывалася, падрабязна напісана ў кнізе В.Круталевіча «Рождение Белорусской Советской Республики», Мн., 1979.) Таму, не ўдаваючыся ў падрабязнасці далейшай барацьбы за беларускую дзяржаву, варта ўсё ж сказаць, што, нягледзячы на адступленне бальшавікоў з Мінска і прыход белапалякаў на чале з Ю.Пілсудскім, які абяцаў беларусам шмат свабод у вырашэнні нацыянальных пытанняў, Рада БНР не змагла знайсці падтрымку ў мясцовага насельніцтва. Ды і ў самой Радзе ішла рэарганізацыя за рэарганізацыяй. В.Ластоўкі, які стаў на чале ўрада ў 1919 г., разам з іншымі сваімі спадкаемцамі змушаны быў эмігрыраваць у Рыгу, а потым перабраўся ў Коўна (Каўнас). 23 ліпеня 1923 г. ён і зусім адмовіўся ад свайго прэм’ерства, і на чале ўрада стаў А.Цвікевіч. 2 снежня 1923 г. Рада і ўрад БНР пераехалі ў Прагу. В.Ластоўскі ж астаўся ў Коўне і заняўся навуковай і выдавецкай дзейнасцю. Ён выдаў там у 1924 г. «Расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік», а ў 1926 г.— «Гісторыю беларускай (крыўскай) кнігі». Выдаваў ён і часопіс «Крывіч». (Выйшла дванаццаць нумароў.)

Беларусь, як вядома, паводле Рыжскага мірнага дагавору, была падзелена на дзве часткі. Калі ў Савецкай Беларусі ішло будаўніцтва новага сацыялістычнага ладу, дык у Заходняй Беларусі, якая апынулася пад польскай акупацыяй, проста вынішчалася ўсё беларускае. І гэта было добра вядома тым, хто ўваходзіў ва ўрад БНР на эміграцыі. Сабраўшыся на канферэнцыю ў Берліне ў кастрычніку 1925 г., урад БНР афіцыйна аб’явіў аб сваім самароспуску. У Мінск, у Савецкую Беларусь, вярнуліся В.Ластоўскі, А.Цвікевіч, А.Смоліч, іншыя члены былога ўрада. Аднак не ўсе члены ўрада падпарадкаваліся пастанове канферэнцыі. Тагачасны прэзідэнт БНР П.Крэчэўскі ў сваёй заяве для друку назваў канферэнцыю ў Берліне «авантурызмам і падлогам», «здрадай незалежнасці Беларусі». Ён і ўзначаліў усю беларускую палітычную эміграцыю, што на той час не вярнулася ў БССР, аставалася за мяжою. У зборніку «Замежная Беларусь», які выйшаў у 1926 г. пад яго рэдакцыяй ды ў асноўным і з ім самім напісаных матэрыялаў, гаварылася: «Прабыванне эміграцыі за граніцай ёсць хоць сумны, але немінучы факт... Эміграцыя заўжды была рэхам народа і правадніком яго вольных думак і імкненняў у шырокі свет агульначалавечага яднання. Таго, чаго не мог сказаць і зрабіць народ у сябе дома, па варунках сваей ці чужацкай улады і цэнзуры, эміграцыя смела гаварыла, карыстаючыся свабодай слова за граніцай.

Біблію — першую кніжку на беларускай мове, даў нам эмігрант Францішак Скарына, які не мог заняцца гэтай працай на бацькаўшчыне, а мусіў працаваць у Празе Чэшскай.

Пасля заняпаду беларускай дзяржаўнасці і культуры, зноў-такі, першыя беларускія кніжкі прыходзяць да нас з Лондана, Парыжа, Кракава — адтуль, дзе знаходзіліся хоць адзінкі заўжды беднай беларускай эміграцыі.

Вайна і рэвалюцыя выгнала з беларускіх хат каля паўтара мільёна беларускага жыхарства...»

Менавіта ў Празе ўзніклі розныя новыя арганізацыі, якія ставілі сваёй мэтай аб’яднаць беларускую эміграцыю: Беларускае (Крывіцкае) культурнае таварыства імя Ф.Скарыны, Аб’яднанне беларускіх студэнцкіх арганізацый, Беларускі архіў і часопіс беларускага студэнцтва «Прамень» (потым — «Новы прамень»)... Асабліва папулярнае сярод моладзі было Аб’яднанне беларускіх студэнцкіх арганізацый, якое згуртавала вакол сябе беларускіх студэнтаў Прагі, Рыгі, Вільні, Варшавы, Рыма, Бруселя і іншых гарадоў. Калі П.Крэчэўскі памёр (1928), месца «прэзідэнта» БНР заняў яго намеснік В.Захарка (памёр у 1943 г.).

Узніклі і іншыя цэнтры беларускай эміграцыі — у Латвіі, Літве, ЗША, Канадзе, Францыі, Германіі...

Шмат самых розных грамадскіх і палітычных арганізацый узнікла ў гэтыя гады і ў Заходняй Беларусі. Калі адны з іх, як, скажам, КПЗБ, Беларуская сялянска-работніцкая грамада і іншыя, змагаліся сапраўды за нацыянальныя інтарэсы беларускага народа, за сацыяльную справядлівасць і роўнасць, уз’яднанне ўсяго беларускага народа ў адзінай дзяржаве, дык былі і такія, якія пад беларускай шыльдай выступалі за паланізацыю, напрыклад Беларуская народная Рада, Беларуская нацыянальная партыя, таварыства «Прасвета» і інш. У 1933 г., пасля прыходу ў Германіі да ўлады Гітлера, у Заходняй Беларусі была створана Беларуская нацыянал-сацыялістычная партыя. Арганізатары гэтай партыі — Ф.Акінчыц, ксёндз В.Гадлеўскі і У.Казлоўскі — апошні выступаў у друку і як літаратар пад псеўданімам Ул.Казлоўшчык — адразу ж пачалі шукаць сувязі з нямецкімі фашыстамі. І знайшлі яе — ужо ў 1939 г. у Данцыгу адбылася канферэнцыя беларускіх эмігранцкіх цэнтраў шэрагу капіталістычных краін. Гітлераўцы распрацавалі свой план паходу на Усход — «дранг нах Остэн», ім патрэбны былі памагатыя, каб яго здзейсніць. Таму гэтая канферэнцыя, у якой прынялі ўдзел В.Захарка, Ф.Акінчыц, В.Гадлеўскі і іншыя, праходзіла пад кіраўніцтвам прадстаўніка Міністэрства замежных спраў Германіі Мэндэ. На канферэнцыі было створана так званае «Беларускае бюро даверу» пры Міністэрстве ўнутраных спраў Германіі, свайго роду «беларускае прадстаўніцтва» ў Берліне. Пры гэтым «прадстаўніцтве» пачаў дзейнічаць «Беларускі камітэт самапомачы». Утварыліся і яго філіялы — у Варшаве, Празе, Вене, Лодзі... Тады ж неўзабаве ў Берліне пачала выходзіць і прафашысцкая газета на беларускай мове «Раніца», у задачу якой уваходзіла шукаць беларусаў ва ўсім свеце і групаваць вакол берлінскага цэнтра. 20 красавіка 1939 г. «прэзідэнт» БНР В.Захарка звярнуўся да Гітлера з «мемарандумам», у якім выказаў яму і яго палітыцы поўную падтрымку. На больш як пятнаццаці старонках гэтага «мемарандума» В.Захарка кляўся ў вернасці фюрэру, заяўляў без усякага сораму, што беларускі народ на працягу ўсёй сваёй гісторыі імкнуўся да таго, каб быць пад апекай Германіі, прасіў, каб яго «вялікасць Гітлер» не забываў, што ёсць беларусы, якія згодны шчыра яму служыць і аказваць усялякія паслугі.

Рупнасць В.Захаркі ды і некаторых іншых «шчырых» беларусаў была заўважана ў Берліне. Па даручэнню былога германскага пасла ў Чэхаславакіі фон Генке В.Захарка напісаў спецыяльны даклад, у якім выклаў патрэбныя гітлераўцам звесткі пра Беларусь, яе эканоміку, прыродныя багацці, стан дарог, сацыяльную і палітычную сітуацыю, і з гэтым дакладам паехаў у сталіцу «трэцяга рэйха», дзе быў прыняты разам з доктарам Ермачэнкам у Міністэрстве замежных спраў Германіі.

Тым часам не драмалі, не сядзелі склаўшы рукі і тыя, хто знайшоў сабе прытулак і хлеб у Берліне ў «бюро даверу». Па-першае, з іх дапамогаю выйшла некалькі кніг — нямецка-беларускіх і беларуска-нямецкіх слоўнікаў, даведнікаў у дапамогу нямецкім салдатам і афіцэрам, у якіх расказвалася пра Беларусь, яе гісторыю, побыт, звычаі, культуру. (Звяртае на сябе ўвагу тая паспешлівасць і рупнасць, з якой усё гэта рабілася. Вось, напрыклад, як сама «выдавецкая група» адной з такіх кніг — П.Бакач. «Падручнік нямецкага языка для беларусаў» (Берлін, 1941, выдавецтва Бернард і Грэфэ Берлін) — расказвае пра гэта: «Кніжка гэтая, у пачатку сваім апрацаваная кандыдатам філёзофіі Пётрам Бакачом, у кароткім часе (няпоўныя тры месяцы), падчас здавання яе часткамі ў друк, змянялася і дапаўнялася». Цікавыя і некаторыя «прызнанні» «выдавецкай групы». Так, «нямецкія вершы,— якія ведае ўся Нямеччына», яна раіць «вучыцца на памяць», а «некалькі вершаў беларускіх аўтараў у нямецкім перакладзе і па-нямецку пераказаная частка беларускай гісторыі», на яе думку, «дасць магчымасць і нямецкаму чытачу крыху пазнаёміцца з творамі беларускага духу і развіццём беларускай нацыі».) Па-другое, калі пачаўся вызваленчы паход Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь, берлінскі цэнтр зрабіў усё, каб патрэбныя ім людзі апынуліся ў Вільні, а потым, калі Вільня была далучана да Савецкага Саюза, праз створаны немцамі «калідор» — і ў Берліне.

Так што калі 22 чэрвеня 1941 г. гітлераўская Германія напала на Савецкі Саюз, разам з акупантамі ў іх абозе ехала каля 50 наймітаў з ліку здраднікаў беларускага народа. Тыя ж, што асталіся ў «філіялах», віталі ўступленне гітлераўцаў на беларускую зямлю. Вось што, да прыкладу, пісалася ў тэлеграме на імя Гітлера з Прагі 27 чэрвеня 1941 года:

«Ваша Эксцэленцыя!

Беларуская калёнія ў Пратэктараце Чэхія і Маравія, бачачы ў Вашай асобе першага сапраўднага і фактычнага асвабадзіцеля Эўропы [...], шле Вам і Вамі кіраванай Вашай непераможнай нямецкай арміі, якая ўжо ўступіла на тэрыторыю Беларусі і дзеля вызвалення нашага народу беларускага [...] свае найлепшыя пажаданні ў хуткай перамозе [...] і памыснага заканчэння вайны на ўсіх франтох Вашае пачэснае барацьбы!

Мы спадзяемся, што беларускі народ у новай творанай Вамі Эўропе таксама зойме сваё пачэснае месца ў сям’і вольных народаў».

Падобныя тэлеграмы на імя Гітлера былі пасланы і з іншых так званых беларускіх філіялаў. Здраднікі беларускага народа па-лёкайску кланяліся Гітлеру, запэўнівалі, што аддаюць сябе ў распараджэнне фашысцкага камандавання.

4 ліпеня 1942 г. быў надрукаваны «Зварот да беларускага народа», які падпісалі вядомыя ўжо Ермачэнка, Гадлеўскі, Казлоўскі, архіепіскап Філафей і іншыя.

Фашысцкія найміты і тут быццам спяшаліся — надта ж хутка ўтварылі ў Мінску, ды і ў іншых гарадах, акупіраваных немцамі, свае ўправы, арганізавалі «Беларускую народную самапомач», «Саюз беларускай моладзі», «Беларускае навуковае таварыства», штаб «Беларускай самаабароны»... 27 ліпеня 1941 г. выйшаў першы нумар «Менскай (Беларускай) газэты», рэдактарам якой стаў У.Казлоўскі. Пачалі выходзіць і іншыя органы друку: газета «Голас вёскі», часопіс «Новы шлях», выпускаліся таксама газеты ў Віцебску, Баранавічах, Слуцку, Вілейцы, Беластоку... У Вільні выдавалася газета «Беларускі голас», рэдактарам якой быў Францішак Аляхновіч — вядомы ў свой час тэатральны дзеяч і драматург, пра якога варта сказаць некалькі слоў асобна. Нарадзіўшыся ў Вільні (9 сакавіка 1883 г.), ён сваю працу пачаў з выдання гумарыстычнага часопіса «Пяркунас». Але вельмі хутка быў пакліканы ў суд. У суд ён не з’явіўся, а ўцёк у Кракаў. Калі ж праз некаторы час вярнуўся назад у Вільню, яго пасадзілі ў турму. Пачалася першая сусветная вайна, потым рэвалюцыя. Ф.Аляхновіч едзе ў Мінск, дзе ставіць некаторыя напісаныя ім п’есы, выступае сам як акцёр. З утварэннем Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Ф.Аляхновіч у Мінску не паказваўся, уцёк зноў у Вільню. У Мінск ён прыехаў у 1926 г. на Акадэмічную канферэнцыю па пытаннях мовы. Адразу ж пасля канферэнцыі ён быў арыштаваны і высланы на Салаўкі. Праз шэсць гадоў яго абмянялі на Б.Тарашкевіча, пасаджанага польскімі ўладамі ў турму. Апынуўшыся зноў у Вільні, Ф.Аляхновіч напісаў кнігу «У капцюрох ГПУ», якая хутка была перакладзена на некалькі моваў і выйшла ў многіх краінах Еўропы і Амерыкі. Ён не змог уцячы з Вільні ў Берлін, калі Вільню занялі савецкія войскі,— хаваўся па хутарах. (Пра гэта ён потым расказаў у аповесці «Страшны год», якую пад псеўданімам Юр. Монвід надрукаваў у 1944 г. на старонках часопіса «Новы шлях».) З прыходам у Вільню немцаў падаўся да іх у паслугачы — газета, якую ён выдаваў,— «Беларускі голас» — як, дарэчы, і ўсе астатнія органы друку, што выдаваліся ў часе вайны здраднікамі беларускага народа,— заклікала беларусаў да супрацоўніцтва з гітлераўцамі, памагаць ворагу ўсталёўваць «новы парадак», паводле якога, як вядома, Беларусь павінна была перастаць існаваць. Не дзіва, калі вясною 1944 года народныя мсціўцы выканалі вынесены смяротны прысуд, гэтак жа як і рэдактару «Менскай (Беларускай) газэты» У.Казлоўскаму, ды і іншым здраднікам, Ф.Аляхновічу было наладжана пышнае пахаванне.

Беларускі народ ведаў, хто яго вораг, а хто сябра. І таму масава ішоў у лес, у партызаны, аказваў акупантам супраціўленне, не даваў ім спакою ні ўдзень ні ўночы. Ды і на франтах не ўсё ішло так, як хацелася фашыстам,— «маланкавыя перамогі» гітлераўцаў хутка скончыліся: Чырвоная Армія спыніла наступленне ворага, а потым пачала гнаць яго, вызваляючы савецкую зямлю. У снежні 1943 г. гітлераўцы пайшлі на яшчэ адзін бессаромны падман беларускага народа — стварылі так званую Беларускую Цэнтральную Раду — марыянетачны ўрад, які ўзначаліў Р.Астроўскі1. Было ўтворана і так званае «Беларускае культурнае згуртаванне» на чале з А.Калубовічам. У якасці кіраўнікоў аддзелаў былі прызначаны: музыкі — М.Шчаглоў (Куліковіч), прапаганды беларускай культуры — У.Дудзіцкі (Гуцька), літаратуры — Н.Арсеннева, музеяў і краязнаўства — А.Шукелайць, рэдактара тоўстага літаратурна-мастацкага часопіса (меўся называцца «Узвышша») — Ю.Віцьбіч (Шчарбакоў).

Але ні Беларускай Цэнтральнай Радзе, ні «Беларускаму культурнаму згуртаванню» разгарнуць сваю дзейнасць на тэрыторыі Беларусі так і не ўдалося. Ужо Другі Усебеларускі кангрэс, які арганізавалі 27 чэрвеня 1944 г. гітлераўскія паслугачы, каб хоць зрабіць бачнасць законнасці свайго «ўрада» і прагаласаваць за аддзяленне Беларусі ад СССР, праходзіў пад грукат артылерыйскай кананады — Чырвоная Армія была на подступах да сталіцы Савецкай Беларусі, ішлі баі.

3 ліпеня Мінск быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, а да канца жніўня 1944 г. была вызвалена і ўся астатняя тэрыторыя рэспублікі. Гітлераўская акупацыя прынесла Беларусі незлічоныя страты — быў забіты кожны чацвёрты яе жыхар, разбураны, знішчаны гарады, вёскі, масты, дарогі... Проста не пазнаць было некалі квітнеючага краю.

Прыслужнікі ворага, саўдзельнікі яго злачынстваў гэтак жа як і прыехалі ў абозе, гэтак жа і ад’ехалі. Але не, не скарыліся, не пакаяліся — пачалі збіраць так званае «беларускае войска», шастаючы па лагерах ваеннапалонных і вярбуючы да сябе няўстойлівых ці змучаных фашысцкай катаргай людзей. Ні многа ні мала, але «дывізію» яны ўсё ж сабралі...

Ды Савецкая Армія наступала, яе было не стрымаць. Да таго ж Другі фронт адкрылі і саюзнікі. Давялося камандуючаму нямецка-фашысцкімі войскамі Кейтэлю ў ноч з 8 на 9 мая 1945 г. падпісаць акт аб поўнай і безагаворачнай капітуляцыі.

Прыйшла доўгачаканая Перамога!

Радаваліся ўсе людзі зямлі, што скончылася самая кровапралітная вайна, надышоў мір. Не радаваліся гэтаму хіба што ацалелыя фашысты ды іх паслугачы.

Вядома, сяго-таго з іх удалося захапіць, узяць у палон, яны панеслі заслужаную кару. Але былі і тыя, хто гэтай кары пазбег — апынуўся ў лагерах «перамешчаных асоб».

Тым часам Англія і ЗША рыхтаваліся адразу ж пасля заканчэння вайны з гітлераўскай Германіяй пачаць новую вайну, гэты раз — супраць Савецкага Саюза. І здраднікі, тыя, хто служыў фашыстам, ім вельмі ж былі патрэбны — ведалі мясцовыя ўмовы ды і падрыхтаваны былі да прыслужніцтва заваёўнікам, мелі нават у гэтым сякі-такі вопыт. На іх, здраднікаў, быў попыт — адкрываліся розныя «інстытуты» і «цэнтры» па вывучэнню СССР, шпіёнскія школы — словам, спецыялісты па нячыстых, крывавых справах былі проста нарасхват. Ужо ў 1945 г. у горадзе Рэгенсбургу пачаў дзейнічаць так званы «Беларускі камітэт», які расшукваў усіх былых здраднікаў беларускага народа і браў іх пад сваю апеку. У Рэгенсбургу пачалі выходзіць розныя выданні на беларускай мове — «Крывіцкі светач», «Ведамкі», «Шыпшына», «Сакавік» і інш. Дзейнічала і Беларуская Цэнтральная Рада ў асобе яе «прэзідэнта» Р.Астроўскага — ён арыентаваўся на Англію, сышоўся з яе разведкай. Але БЦР запляміла сябе службай Гітлеру, была непапулярная нават сярод здраднікаў. Таму вырашана было «ажывіць» даўно мёртвую БНР. Па заданню амерыканскай разведкі ў лютым 1948 г. «Рада БНР» выступіла з «маніфестам», у якім заяўляла, што яна будзе весці і далей барацьбу за звяржэнне Савецкай улады ў Беларусі, за аддзяленне Беларусі ад СССР і ператварэнне яе ў буржуазную рэспубліку. У канцы красавіка 1948 г. самазваныя «кіраўнікі» «Рады» правялі ў амерыканскай зоне акупацыі ў г. Остэргофене свой «з’езд», выбралі сабе «прэзідэнта» М.Абрамчыка2. Словам, два «ўрады», два «прэзідэнты», вось толькі рэспублікі ды і народа ў іх падпарадкаванні няма. Між гэтымі двума «ўрадамі» і двума «прэзідэнтамі» пачалася «вайна», хто з іх больш «законны», якая з часам ператварылася ў звычайную грызню. Адпаведна і ўся «палітычная», правільней сказаць, былая прыслужніцкая, здрадніцкая эміграцыя таксама падзялілася на два лагеры — адны прызнавалі БЦР, другія — БНР...

Па меры таго як з лагераў «перамешчаных асоб» раз’язджаліся былыя паслугачы гітлераўскіх галаварэзаў па самых розных краінах, узнікалі і розныя іх арганізацыі, аб’яднанні: у Англіі ўзнікла «Згуртаванне беларусаў у Вялікабрытаніі» (ЗБВБ), у ЗША — «Беларуска-амерыканскае аб’яднанне» (БАЗА), у Канадзе — «Беларускае нацыянальнае аб’яднанне і г. д. На сродкі, што шчодра даваліся разведкамі капіталістычных краін ды і некаторымі антысавецкімі арганізацыямі, пачалі выпускацца газеты — у Мюнхене тыднёвік «Бацькаўшчына» (1947 — 1966), у Нью-Йорку — «Беларус» (выдаецца і цяпер), у Канадзе — «Беларускі голас»... Радыёстанцыі «Свабода», «Голас Амерыкі» і іншыя стварылі беларускія секцыі, якія пачалі весці перадачы на беларускай мове, прызначаныя для слухачоў Савецкай Беларусі. З’явілася і некалькі часопісікаў — «Зніч», «Аб’яднанне», «Божым шляхам», «Баявая ўскалось», «Беларуская моладзь»... У 1951 г. быў утвораны Беларускі інстытут навукі і мастацтва (БіНіМ), які аб’яднаў, як паведамлялася, больш як 50 беларускіх навукоўцаў, мастакоў і пісьменнікаў, што жылі ў Канадзе, Англіі, Францыі, Бельгіі, Германіі, Італіі, Аўстраліі і ЗША. Была выбрана Управа інстытута, на чале якой стаў Янка Ліманоўскі3. БіНіМ пачаў выдаваць часопіс «Запісы». Выйшла васемнаццаць нумароў. Змест іх самы разнастайны — па-свойму, са сваіх пазіцый даследуюцца гісторыя, культура, мова і літаратура Беларусі, рэцэнзуюцца кнігі, што выходзяць за мяжою і ў СССР, вядзецца хроніка. Вядома, адзначаюцца розныя і юбілейныя даты. Але, адчуваецца, рэдакцыі не стае навуковых сіл, ды і чытачоў амаль няма, таму выходзяць «Запісы» нерэгулярна, да таго ж многія матэрыялы друкуюцца па-англійску. У 1954 г. у Нью-Йорку выйшаў першы нумар літаратурна-мастацкага часопіса «Конадні». Усяго гэтага часопіса выйшла сем нумароў (5 — 6 здвоены). У ім надрукаваны творы прозы і паэзіі тых беларускіх пісьменнікаў, што апынуліся па розных прычынах у эміграцыі, рэпрадукцыі з карцін беларускіх мастакоў. Ёсць таксама аддзел крытыкі — змешчаны артыкулы і рэцэнзіі як на тыя выданні, што выходзілі за мяжою, так і на тыя, што выходзілі ў Савецкім Саюзе. Адзін раз у 1958 г. (№ 5—6) была падборка вершаў беларускіх савецкіх паэтаў пад назваю «З вершаў «Полымя», дзе надрукаваны творы М.Танка, П.Панчанкі, К.Кірэенкі, У.Караткевіча, С.Дзяргая. Некаторую цікавасць уяўляюць успаміны пра Цётку С.Кайрыса і Ю.Вітан-Дубейкаўскай, пра А.Гаруна — А.Эссопа і Ф.Кушаля, пра Я.Купалу — І.Рытар.

Выдадзены і паасобныя кнігі. Акрамя зборнікаў паэзіі, прозы і крытыкі пісьменнікаў-эмігрантаў, размова пра якія пойдзе далей, выдадзены выбраныя творы М.Багдановіча пад назвай «Вянок», Я.Купалы — пад назвай «Спадчына», а таксама «Тутэйшыя» і «Раскіданае гняздо», А.Гаруна — «Матчын дар», Я.Коласа — «Новая зямля», «Сымон-музыка», «У палескай глушы», А.Мрыя — «Запіскі Самсона Самасуя», Л.Калюгі — «Нядоля Заблоцкіх», Власта (Ластоўскага) — «Творы» (проза), У.Жылкі — «Творы», С.Брагі (В.Тумаша) «Доктар Скарына ў Маскве»... Выйшла і вялікая па аб’ёму анталогія паэзіі і прозы пісьменнікаў-эмігрантаў пад назваю «Ля чужых берагоў», «Янка Купала й Якуб Колас на Захадзе. Бібліяграфія», некалькі кніг успамінаў...

Што характэрна для эмігранцкага друкаванага беларускага слова? Перш за ўсё — нізкая прафесійная культура, невысокі ўзровень палемікі. Даюць знаць пра сябе прыёмы буржуазнай «жоўтай» прэсы. Беларускае эмігранцкае друкаванае слова ў гэтых адносінах не выключэнне. Але ў беларускіх эмігранцкіх выданнях ёсць і свае, чыста беларускія якасці і адрозненні — яны нястрымна шальмуюць усё, што ні робіцца ў Савецкай Беларусі, ва ўсім бачаць руку Масквы. Вядома, падхвальваюць, а дакладней, захвальваюць зробленае на эміграцыі, наогул, «вольны свет». Рэдакцыі не маюць сувязі з Радзімай, таму інфармаванасць пра тое, што ў нас робіцца,— слабая, каб не сказаць, яе зусім няма. Адзіная крыніца інфармацыі — савецкая прэса. Ды чуткі, што іншы раз даходзяць праз знаёмых. А яшчэ ж дзяды і прадзеды нашы казалі, што лепш раз паглядзець, чым сто раз паслухаць. Газеты і часопісы выходзяць нерэгулярна. Правільней, выходзілі, бо тое, што асталося, наўрад ці можна назваць газетамі і часопісамі...

Увесь час беларускія эмігранцкія выданні імкнуліся падтрымліваць літаратурную моладзь. Асабліва тую, што ў Савецкай Беларусі. Рабілася ды і робіцца пэўная стаўка — маўляў, старэйшыя «абальшавічаны», а вось моладзь разумее, падтрымлівае «вольны свет» і ўсіх, хто там. Змяшчаліся і змяшчаюцца ўрыўкі з твораў, а то і самі творы, якія адпавядаюць эмігранцкім настроям і поглядам. Дэмакратызацыя, галоснасць, тыя працэсы, што адбываюцца ў апошні час у нашай краіне, прывялі ў разгубленасць эмігранцкую прэсу, выбілі нават тыя козыры, што былі...

 

1 Радаслаў Астроўскі нарадзіўся ў 1887 г. на хутары Заполле на Случчыне ў багатай сям’і. Вучыўся ў Слуцкай духоўнай семінарыі. Скончыў матэматычны факультэт Пецярбургскага універсітэта (1913). Працаваў настаўнікам і дырэктарам Віленскай беларускай гімназіі, быў старшынёй Таварыства Беларускай школы (ТБШ). З 1943 г. прэзідэнт БЦР. Памёр у штаце Мічыган (ЗША) у 1976 г.

2 Мікола Абрамчык нарадзіўся ў 1902 г. у Сычавічах каля Радашковіч. У 1920 г. займаў пасаду старшыні Віленскага павета ад урада БНР. У верасні 1924 г. паехаў вучыцца ў Прагу, дзе пазнаёміўся з П.Крэчэўскім, В.Захаркам і інш. Жыў у Парыжы, у 1941 г. пераехаў у Берлін, дзе арганізаваў Беларускі камітэт самапомачы, у якім і працаваў. Памёр у 1970 г. у Парыжы.

3 Янка Ліманоўскі нарадзіўся ў 1896 г. на Віцебшчыне. Скончыў рэальнае вучылішча, вучыўся на агракурсах. У 1915 г. быў прызваны ў царскую армію. У сакавіку 1918 г. уступіў у РСДРП (б). Удзельнічаў у барацьбе Чырвонай Арміі супраць нямецкіх і белапольскіх акупантаў, займаў шэраг пасад — ад старшыні валрэўкома да ваенкома дывізіі. Быў адным з арганізатараў і кіраўнікоў Беларускай асацыяцыі пралетарскіх пісьменнікаў (БелАПП), працаваў намеснікам дырэктара Інстытута літаратуры і мастацтва Беларускай акадэміі навук.

Літаратурнай творчасцю пачаў займацца ў сярэдзіне дваццатых гадоў. Выдаў аповесці «Знойдзены клад» (1925), «Два шляхі» (1926), раман «Над абрывам» (1929). Характэрная асаблівасць гэтых твораў — схематызм, наіўны рамантызм, недастатковае псіхалагічнае абгрунтаванне паступкаў герояў, прымітывізм, невысокая моўная культура.

У час вайны супрацоўнічаў з гітлераўскімі акупантамі. Цяпер жыве ў ЗША. Некалькі разоў прыязджаў у СССР, бываў у Мінску.

Мова

Чыстай літаратурнай беларускай мовы за мяжою амаль няма, ды і тыя, хто піша, у большасці не з’яўляюцца прафесіяналамі. Як хто гаворыць, так і піша. Імкнучыся быццам да нейкай арыгінальнасці, адметнасці, выдумваюцца асобныя словы і выразы, — абы быць далей ад «русіфікацыі». Таму асобныя артыкулы стракацяць не характэрнымі беларускай мове словамі і выразамі, накшталт «бачына», «мець на ўвэце», «гледзішча», «экзыля», «апінія», «візія», «імпрэза», «блізкія», «навага», «творства», «памога», «веда», «хворма», «зялеза», «камандзёр», «спадар», «собскі» і г. д. У мове шмат англійскіх, нямецкіх, польскіх ды і з іншых моваў слоў. Не мова, а макароншчына, як яе называюць самі некаторыя эмігранты...

 

Літаратура

Развіццё літаратуры ў эміграцыі, як правіла, ідзе не за кошт талентаў, што нараджаюцца і вырастаюць у новых умовах, а за кошт тых, што па розных прычынах пакінулі Радзіму. Сёй-той з літаратараў, ды і нелітаратараў, апынуўшыся за межамі сваёй краіны, спрабуе асэнсаваць жыццё там, адкуль прыехаў. Ды і настальгія ж па тым, што пакінуў дома, мучыць. Але паступова і літаратура «згасае» — паміраюць некаторыя яе творцы, а тыя, што астаюцца, таксама трацяць да яе смак. І жывіцца ж няма чым — адарванасць ад усяго роднага, ад жыцця народа вельмі ж адмоўна ўплывае нават на вялікія таленты. Што ўжо казаць пра тых, каго наўрад ці можна назваць талентамі, а калі і назваць, дык з пэўнай скідкай. Зноў жа — гэта характэрныя асаблівасці ўсякай эмігранцкай літаратуры, яны агульныя для ўсіх, у тым ліку і для беларускай. Ёсць і свае чыста нацыянальныя адметнасці — яна малалікая, амаль не мае чытачоў. Ды і па колькасці напісанага і выдадзенага там, не гаворачы ўжо пра значнасць, проста мізэрная ў параўнанні з тым, што робіцца і выдаецца на Радзіме. Па якасці яна таксама даволі прымітыўная. Пра гэта гавораць самі беларускія літаратары-эмігранты. Вось характэрнае прызнанне аднаго з іх: «Купіў сабе ў бібліятэку некалькі беларускіх кніг, а чытаць няма чаго...» (К.Акула, «Бацькаўшчына», № 38 за 1958 г.). Галоўныя тэмы — гэта ўспаміны пра маленства, туга па Радзіме. Ёсць і містыка, безнадзейнасць, расчараванне ўсім... Вядома, хлеб чужацкі — хлеб сабацкі, ён не лёгка даецца кожнаму. Жывуць таксама літаратары не з пяра свайго. Ганарару ў большасці выданняў няма, калі хто хоча выдаць кнігу, дык трэба мець грошы, каб заплаціць выдаўцу. А тут і так ледзь зводзіць чалавек канцы з канцамі. Жыве ж, як і амаль кожны эмігрант, быццам на вакзале — сёння тут, а заўтра і сам не ведае, дзе будзе. Надзеі, што вернецца дадому, з гадамі жыцця за мяжою знікаюць. І сілы няма, ды і лад той, ад якога ўцякаў, які не падабаецца, не слабее, а ўмацоўваецца. Словам, безвыходнасць, беспрасвецце. Астаецца спадзявацца на адно — вярнуцца дадому, на Радзіму, хоць сваімі творамі... Беларуская эмігранцкая літаратура, як ужо гаварылася, малалікая па колькасці і тых, хто ў ёй працуе, ды і па колькасці створанага. І жанрава яна таксама не асабліва багатая. Калі ў паэзіі яшчэ можна назваць што-небудзь вартае, дык у прозе і таго амаль няма. Зусім адсутнічае драматургія, бо і патрэбы ў ёй не ўзнікала — беларускага тэатра за мяжою ніколі не было. Няма і кіно, тэлебачання...

 

Паэзія

Паэзія займае ў беларускай эмігранцкай літаратуры галоўнае месца. У ёй працавала ды працуе і цяпер некалькі паэтаў-прафесіяналаў, якія бясспрэчна маюць талент. І першае месца сярод іх займае адна са старэйшых беларускіх паэтэс Наталля Арсеннева. Нарадзілася яна 20 верасня 1903 г. на Каўказе (г. Баку) у сям’і рускага служачага, які паходзіў з роду тых Арсенневых, што даў па жаночай лініі паэта М.Лермантава. Адразу ж пасля нараджэння дачкі бацькі пераязджаюць у Вільню, дзе будучая паэтэса вучыцца спярша дома (яе маці была настаўніца), потым паступае ў Віленскую гімназію. У часе першай сусветнай вайны, калі нямецкія войскі падышлі да Вільні, сям’я Арсенневых эвакуіравалася ў Яраслаўль. Назад у Вільню вярнуліся ў студзені 1920 г. Тады ў Вільні адкрылася Першая беларуская гімназія, настаўнікамі ў якой працавалі вельмі аўтарытэтныя Б.Тарашкевіч, А.Смоліч, М.Гарэцкі... У гэтую гімназію і аддалі Арсенневы сваю дачку Наталлю для прадаўжэння вучобы. Там яна і пачала пісаць вершы па-беларуску, якія неяк асмелілася паказаць М.Гарэцкаму. Вершы Н.Арсенневай М.Гарэцкаму спадабаліся, і адзін з іх — «Восень» — ён змясціў у газеце «Наша думка», што выходзіла ў Вільні пад яго рэдакцыяй. Неўзабаве вершы маладой паэтэсы з’явіліся і на старонках іншых выданняў — у газеце «Беларускія ведамасці», у «Зборніку «Беларускіх выдамасцяў», у «Дэкламатары», у календарах. У 1927 г. Віленскае выдавецтва Б.Клецкіна выдала вершы Н.Арсенневай (сама яна к гэтаму часу скончыла гімназію, курсы настаўнікаў беларускіх народных школ і працавала настаўніцай) асобнай кнігаю, якая называлася «Пад сінім небам». Зборнік паэзіі «Пад сінім небам» знайшоў шырокі водгук сярод беларускай грамадскасці. Рэцэнзіі на яго з’явіліся на старонках многіх выданняў як у Заходняй Беларусі, так і ў Савецкай. Усе без выключэння рэцэнзенты адзначалі бясспрэчны талент паэтэсы, яе высокую культуру творчасці, уменне маляваць карціны, перадаваць настрой, уводзіць чытача ў «край фантазіі і хараства, дзе пануе непадзельна музыка гукаў». Крытык М.Байкоў у часопісе «Полымя» (1927, № 8) адзначаў, што хоць «Н.Арсеннева — не наша савецкая паэтка», але «яна прыналежыць беларускай літаратуры, якая, дзе б яна ні з’яўлялася, уваходзіць у агульны струмень беларускага культурнага развою». Ён жа, М.Байкоў, у той самай рэцэнзіі паэзію Н.Арсенневай ставіў «з погляду ўнутраных якасцей і тэхнікі» вышэй за творчасць іншых беларускіх паэтэс, у прыватнасці Цёткі і К.Буйло. «У асобе Наталлі Арсенневай мы маем паэтку першае, так сказаць, ступені з выпрацаванай тэхнікай верша пры ўнутранай змеснасці паэтычнай творчасці»,— пісаў ён. Прыкладна тое самае гаварыў і М.Чэмер (У.Самойла) на старонках віленскага часопіса «Родныя гоні»: «Першае ўражанне — магутнае, пераконваючае, што перад намі — з’явішча сапраўднай, самамэтнай, арганічнай, шчырай паэзіі «божай міласцю», паэзіі кроўна-блізкай найглыбейшым жаралам народнага духу і дзеля гэтага маючай усе падставы для далейшага бліскучага развою й расцвету. Наталля Арсеннева мае ўсё, каб зрабіцца першарадным тварцом паэзіі,— мае глыбокі і шырокі грунт пад сабой...» («Родныя гоні», 1927, № 5 і № 6, артыкул «Верная дачка Сонца і Шчырай Зямелькі»).

У зборніку паэзіі «Пад сінім небам» — некалькі раздзелаў, дзе вершы згрупаваны паводле іх зместу. Найбольш удалыя — і гэта адзначалі ўсе без выключэння рэцэнзенты — вершы, прысвечаныя роднаму краю, а таксама тыя, што сваімі каранямі ўваходзілі ў фальклор, пачэрпнутыя з народных крыніц. Адзначаўся таксама дабратворны ўплыў на маладую паэтэсу творчасці Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча.

Далейшыя вершы Н.Арсенневай, што друкаваліся на старонках розных заходнебеларускіх выданняў, а найперш — у штоквартальніку «Калоссе», пацвердзілі, «што са сваіх інтымных пачуццяў яна ўмее вязаць прыгожыя карункі» (М.Танк, «Лісткі календара»). Асабліва ўдаліся ёй лірычныя вершы, дзе апявалася родная прырода, самая прыгожая і, можа быць, самая сумная яе пара — восень. Таму наступную сваю кнігу, якая асобным выданнем так і не выйшла, яна назвала «Жоўтая восень» (1927—1937 гг.). Вядома, паэзія Н.Арсенневай не ўсім аднолькава падабалася нават у той жа Заходняй Беларусі. Былі ў яе свае прыхільнікі, былі і тыя, хто ўжо тады бачыў недахопы — прыглушанае гучанне сацыяльных матываў, рэдкае адгуканне на боль і пакуты гаротнага беларускага люду; бракавала і характэрных тады для паэзіі Заходняй Беларусі рэвалюцыйнасці, заклікаў да барацьбы за справядлівасць. М.Танк, сустрэўшыся з паэтэсаю ў 1937 г. на пасяджэнні Беларускага навуковага таварыства, пісаў, што «агулам я — не прыхільнік яе паэзіі, хоць некаторыя яе вершы, прачытаныя на гэтым вечары, мне спадабаліся сваім лірызмам, вобразнасцю», «што мы — людзі рознага складу, розных поглядаў. Выпадкова сустрэліся, і не ведаю, ці сустрэнемся больш калі. Дарогі нашы разыходзяцца ў процілеглых напрамках. Відаць, калі буду нешта пісаць, і выкажу гэтую сваю думку» (М.Танк, «Лісткі календара»). І выказаў у вершы «Нашы шляхі», прысвяціўшы яго паэтэсе:

 

Нашы дарогі расходзяцца даўна пад зорамі.

На аднэй чуеш крок, на другой — шум трысця...

Не спаткаліся тут між палёў, між разорамі,

не сустрэціцца ім на пясчаным парозе жыцця...

 

 

Даводзіцца зноў і зноў здзіўляцца, як часта бачаць далёка наперад паэты, як умеюць заглядваць у будучыню, прадказваць яе! М.Танк стаў адным з выдатнейшых паэтаў Савецкай Беларусі, а Н.Арсеннева... Прычыну таго, што здарылася з ёю, трэба шукаць ва многім, а найперш, як мне здаецца, у тым, што яна выйшла замуж за Францішка Кушаля1. Ф.Кушаль звёз Н.Арсенневу аж на шаснаццаць год у Польшчу, дзе сам служыў у войску. Калі пачалася другая сусветная вайна, Н.Арсеннева з дзецьмі (двума сынамі) апынулася ў Вілейцы. Працавала ў першыя месяцы пасля вызваленчага паходу Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь у абласных газетах, прымала ўдзел у напісанні пісьма ад працоўных Заходняй Беларусі Сталіну. У 1940 г. разам з дзецьмі яна была вывезена ў Казахстан, аднак неўзабаве па просьбе Саюза пісьменнікаў Беларусі вернута, пасялілася ў Мінску. Пачалася Вялікая Айчынная вайна, немцы занялі сталіцу Савецкай Беларусі, вярнуўся Ф.Кушаль. І сам Ф.Кушаль, а за ім і Н.Арсеннева ўключыліся ў супрацоўніцтва з нямецка-фашысцкімі захопнікамі — Ф.Кушаль на крыві беларускага народа даслужыўся да генерала, а Н.Арсеннева працавала ў прафашысцкай «Менскай (Беларускай) газэце»; пасля ўтварэння так званай Беларускай Цэнтральнай Рады, стала «кіраўнічкай» аддзела літаратуры Беларускага культурнага згуртавання. Яна прымала ўдзел у рабоце Другога Усебеларускага кангрэса, дзе разам з іншымі галасавала за адрыў Беларусі ад СССР. За верную службу рэйху была ўзнагароджана спецыяльным гітлераўскім медалём... У вершах, што друкаваліся на старонках «Менскай (Беларускай) газэты», у часопісе «Новы шлях», ды і ў іншых выданнях і што склалі потым кнігу «Сягоння» (вершы 1941 —1943 гг.) (выйшла ў 1944 г. у Мінску), імкнулася быць «над схваткай», асуджаць наогул вайну як з’яву, плакала над лёсам беларускіх матак, што хаваюць сваіх забітых сыноў, асуджала забойствы, пажары вёсак, разбурэнні гарадоў... У некаторых вершах гучалі ноткі пратэсту супраць гітлераўскай акупацыі, за што паэтэсу выклікалі ў СД для тлумачэння, у некаторых — ноткі пратэсту супраць «бандытаў» — партызан і падпольшчыкаў (у час адной з акцый помсты загінуў яе старэйшы сын Яраслаў)... («Кажная акупацыя,— гаварыла яна ў 1969 г. у інтэрв’ю («Беларус», № 143),— гэта блізу заўсёды гвалт, няволя. Колькі ж іх, гэтых акупацыяў, перажыла ўжо працягам гісторыі нашая Бацькаўшчына! Гэтак і чародная, нямецкая акупацыя Беларусі 1941 —1944 гг. каштавала нашаму народу незлічоныя ахвяры, пакуты і крыўды».) Вось характэрны, у нейкім сэнсе праграмны верш ваеннага перыяду, якім, дарэчы, і адкрываецца кніга «Сягоння»:

 

Мне кажуць, што пісаць заўсёды, усюды можна.

Папера, алавік, натхненне — верш гатоў.

Паэт, абы прысеў, а верш змайструе, зложыць,

Як з сена, ўміг з радкоў пявучых змеча стог.

Але аб чым пісаць?

                Прарокам быць па часе,

Нізаць каралі рос, вянок асенні віць?

Пажарышчаў дзікіх мой верш і так не згасіць,

Не змые з душ людскіх пурпуравай крыві.

Дапраўды, што пісаць і заўтра,

                                і сягоння?

Трупоў не ўваскрэсіш санетам аб вясне...

 

Сягоння

        кажны верш хаўтурным звонам звоніць,

Найлепшай рыфмай ртоў галодных не замкнеш...

Пісаць аб салаўёх, аб снежнай белі вішняў?

Замоўклі салаўі пад медны роў гармат,

А белы вішняў снег сягоння смешна лішні;

Сталёвы востры штык напіша вершаў шмат...

Няхай жа свет гарыць, хай плавіцца у горне

Грымотных новых дзён, куецца, як нарог.

Нарэшце мо й паэт харэі, ямбы згорне

І зноў пачне пісаць, гуслярыць...

                                        Даў бы Бог!

 

 

У гэтыя, ваенныя, гады Н.Арсеннева шмат працуе над перакладамі. П’есы ў яе перакладзе («Затонуты звон» Г.Гаўптмана, лібрэта опер «Вяселле Фігара», «Чарадзейная флейта») ішлі на сцэне гарадскога тэатра. На яе словы кампазітар М.Шчаглоў (Куліковіч) напісаў некалькі «ваяцкіх» песень, якія спяваліся курсантамі школы «ахвяраў», паліцаямі...

Калі савецкія войскі разам з партызанамі і падпольшчыкамі вызвалялі Мінск, яна ўцякла з мужам у Германію. Жыла там да 1949 г., потым пераехала ў ЗША. У ЗША яна ў 1979 г. выдала вялікі том паэзіі «Між берагамі» (Нью-Йорк — Таронта), у які ўвайшлі як яе лепшыя ранейшыя вершы, так і тыя, што былі напісаны ў эміграцыі — у Германіі і ў ЗША. Што можна сказаць пра гэтыя «эмігранцкія» вершы? У іх — шмат тугі па родным краі, нараканняў на лёс, які абышоўся не лепшым чынам, успамінаў пра Радзіму. У цыкле вершаў «Не астыць нам» (1944 — 1949), створаных у Германіі, ёсць разгубленасць, выкліканая стратай Бацькаўшчыны, непрыманне чужой рэчаіснасці, пранізлівыя радкі пра ўсё роднае, дарагое:

 

Люблю я летуцень,

                калі рука чыясьці

стаўляе прасніцы з кудзеляю сівой

і пачынае ніткі дажджавыя прасці

над галавой.

 

Няма канца дажджу, ні гуду верацёнаў.

Віецца з песняй ніць на шпулю, на душу,

і сніцца мне, што звоніць наш сасоннік

у сэрцы і ўвушшу...

 

Што ў засенях сасон сузорыць сон ліллёвы,

жывіцай плачуць з радасці камлі,

і новых песняў строй у голлі вецер ловіць,

страсаючы з крылля

зялёны пыл далін.

 

Кахалі й вы, як я,

                старыя нашы пушчы,

віхрамі ўспенены, шумлівы акіян.

Ці горкі сум па іх

                тут вашых душ не сушыць?

 

Баліць мая...

Блакітная, далёкая Радзіма,

калісь — штадзённы хлеб,

                        а сяння — толькі сон...

                                (Верш «І сніцца мне»)

 

 

Пераезд з Германіі на сталае жыццё ў ЗША нарадзіў некалькі новых цыклаў вершаў, аб’яднаных потым агульнай назвай «На ростанях». Сум па Радзіме тут набывае асаблівае гучанне. Усё, што трапляе на вочы, параўноўваецца з тым, што там, у родным краі. Гэта характэрна для вершаў «Тут гэтага няма», «Тут гэткае завуць зіма», «Першая восень», «У мурох» і інш. Жаданне «зноў пабачыць, з ліпнёвай радасцяй гарачай прыйльгнуць да роднае мяжы» аж папяліць паэтэсу. У некаторых вершах яна падымаецца да значных філасофскіх абагульненняў. Але чым далей, тым сум па Радзіме робіцца проста нясцерпны, неадольны. Дзе шукаць апоры, каб жыць? У бога. Адсюль — і біблейскія матывы, потым містыка...

Сама паэтэса ўсё больш і больш замыкаецца ў сабе, амаль не прымае ўдзелу ў розных палітычных акцыях, а са смерцю мужа — Ф.Кушаля — і зусім адыходзіць ад палітыкі. У тых інтэрв’ю, што зрэдку з’яўляюцца ў перыядычным эмігранцкім друку, ёсць некаторыя выказванні прыхільнасці да таго, што робіцца ў Савецкай Беларусі, да нашай літаратуры. («...мяркуючы з таго, што ўдаецца мне ўсё ж час ад часу пачытаць, я вельмі высака цаню паэзію сучаснае Беларусі, нязгасную любасць да Бацькаўшчыны, якая ў ёй жыве» («Беларус», 1983, № 314).

Другім па значэнню створанага, напісанага, ды, мабыць, і па таленту варта назваць Алеся Салаўя. (Сапраўднае яго імя і прозвішча Альфрэд Радзюк.) Нарадзіўся ён 1 красавіка 1922 г. у в. Крысава на Дзяржыншчыне. Яго бацька, савецкі служачы, займаў розныя пасады — быў ляснічым, дырэктарам саўгаса, загадчыкам прыгараднай гаспадаркі і аддзела гандлю райспажыўсаюза — таму сям’я часта пераязджала, мяняла месца жыхарства. У 1937 г. бацьку і маці арыштавалі... Таму ўсё далейшае, што здарылася з ім у вайну, ды і потым, Алесь Салавей звязваў з «крывавай завірухай» сталіншчыны. Пра страшныя падзеі «крывавай завірухі» і тое, што яму давялося перажыць, ён пісаў у аўтабіяграфічнай паэме «Па хуткіх крыллях вольнага Пегаса» (1943):

 

Нямала ейны меч злажыў галоў,

і чалавек ёй кажны быў — што муха.

Муку жуды смяротны млін малоў,

драпежная крышыла косці скруха.

Нясцерпным пеклам стаўся белы свет,

яго зямля — суцэльнай дамавінай.

На кажным кроку — гнеў, разбой злачынны,

за імі — поцемкі, крывавы след;

куды ні ступіш — слёзы, кроў бязвінных

і сыты чорным груганам абед.

...Тады я страціў бацьку, страціў маці.

Я быў з дзяцей старэйшы — меў тады

пятнаццаць год. Са мной — шчэ трое ў хаце —

сястра, браты... Ні хлеба, ні вады...

Ну, вось і ўсё... Да гэтага няшчасця

і холад грызкі — дзень не без бяды,

і недавер вакольны, і пракляцце

без дай прычыны — на усе лады...

 

 

Вось так нечакана і крута, можна сказаць, за некалькі хвілін перамянілася жыццё будучага паэта. І ўсё ж Альфрэд не разгубіўся, не упаў у паняверку — вучыўся ў школе, потым паступіў у педтэхнікум. Аднак з-за нястач тэхнікум давялося пакінуць праз два гады і ўладкавацца на працу ў Лагойскую раённую газету.

Вершы пачаў пісаць рана, яшчэ ў маленстве, па-руску. Лепшыя з іх аднойчы паслаў у «Пионерскую правду», дзе літкансультантам тады працаваў С.Маршак. С.Маршак параіў яму пісаць вершы па-беларуску. «Только на этом языке ты сможешь хорошо писать, который ты знаешь от колыбели. Ты мыслишь по-белорусски, а пишешь по-русски и мысли свои выражаешь несоответственно русскому языку». У 1937 г. адзін яго верш змясціла раённая газета «Ударнік Дзяржыншчыны». Потым вершы маладога паэта пачалі друкавацца на старонках рэспубліканскіх газет — у «Чырвонай змене», «Звяздзе», «Літаратуры і мастацтве», у часопісе «Полымя рэвалюцыі». Альфрэд быў выкліканы на нараду маладых пісьменнікаў у Мінск, дзе яго творы атрымалі добры водгук П.Глебкі.

Пачалася Вялікая Айчынная вайна, яго не мабілізавалі ў армію, бо меў дрэнны зрок. Клапоцячыся пра меншых братоў і сястру, шукаў хоць якое працы. Урэшце ўладкаваўся намеснікам адказнага сакратара, дакладней, вярстальшчыкам у «Менскую (Беларускую) газэту», што пачала выходзіць у акупіраваным ворагам Мінску. Але праца ў прафашысцкай газеце яму не спадабалася, і ён пакінуў яе, паехаў на Вілейшчыну настаўнічаць. Месца ў школе не знайшлося, давялося ўладкоўвацца пісарам ва ўправу г. п. Ілья. У 1942 г. пачаў выходзіць часопіс «Новы шлях». Рэдакцыя гэтага часопіса размяшчалася ў Мінску, але друкаваўся ён у Рызе. Трэба быў чалавек, які змог бы пераехаць на сталае жыхарства ў сталіцу Латвіі і там дапамагаць выпускаць друкарам часопіс. Прапанавалі Альфрэду Радзюку. Ён згадзіўся і з таго часу (кастрычнік 1942 г. ) жыў у Рызе.

У вершах, што друкаваліся даволі часта і ў «Беларускай газеце» і ў газеце «Голас вёскі», і ў часопісе «Новы шлях», імкнуўся не ўлазіць у палітыку — пісаў пра прыгажосць родных краявідаў, поры года, каханне... Шмат эксперыментаваў у формах верша, асвойваючы амаль усе яго класічныя віды — рандо, санет, актаву, акраверш і г. д. Тут ды і ва ўсім іншым у творчасці ён паследаваў М.Багдановічу, якога любіў найбольш з усіх беларускіх паэтаў і якому прысвяціў некалькі вершаў. Сабраныя разам вершы і паэма «На хуткіх крыллях вольнага Пегаса», у якой паэт закрануў і некаторыя балючыя яму падзеі, у прыватнасці арышты ў перадваенныя гады, і склалі першую яго кнігу «Мае песні»,— яна выйшла ў 1944 г. у Рызе, але ў продаж не паступіла — Савецкая Армія ўжо вызваліла Беларусь і падыходзіла да Рыгі. Баючыся расплаты за супрацоўніцтва з нямецка-фашысцкімі захопнікамі, падаўся ў адступленне — спярша ў Берлін, потым у Прагу, у Аўстрыю. Тут, у Аўстрыі, трапіўшы да амерыканцаў, у лагер «перамешчаных асоб», А.Салавей напісаў і выдаў гістарычную паэму «Звіняць званы святой Сафіі», а таксама кнігу паэзіі «Сіла гневу», у якую ўвайшлі многія раннія, яшчэ юначыя, вершы і тыя, што былі напісаны пасля. Калі ў паэме пераважае сімволіка, дык зборнік паэзіі вельмі рэалістычны. Галоўная яго тэма — вайна з усімі яе жахамі, тыя няшчасці, што прыносіць яна людзям. Ваеннае ліхалецце не магло не адбіцца на паэце, на яго ўспрыманні свету, акаляючага асяроддзя. Сутыкнуўшыся твар у твар з фашызмам, з усім яго чалавеканенавісніцтвам, вышэйшасцю нямецкай расы над усімі іншымі расамі і народамі, Алесь Салавей напісаў некалькі вершаў, якія не адмовілася б змясціць ні адна савецкая газета. Вось, напрыклад, адзін з такіх вершаў — «Случанка»:

 

Вочы твае — васількі. Я не бачу

радасці ў іх. Хто пакрыўдзіў случанку?

Многа няўцехі, балючага плачу

ля негасціннага гапку.

 

А за спіною — суровыя дзверы;

іх зачыніла твая валадарка,

носьбітка расы — чысцейшай без меры;

ты, беларуска,— татарка...

 

Зараз няшчасце вялікае ў пані

(з ім жа і гнеў — на цябе, небарака) —

здох пры паданым табою сняданні

ейны ўлюбёны сабака.

 

Пані ў распачы ліхой, у трывозе

рэчы твае ў калідор паўкідала,

аж дацямна — ля дзвярэй на марозе —

кару адбыць загадала.

 

...Белую шаць асыпаюць таполі,

з імі прыгадвае дом свой случанка.

Плачуць мае васількі у няволі —

цяжка табе, паланянка.

                Вена, 16.2.1945 г.

 

 

Пранікнёна, з вялікай любоўю і зачараванасцю апісаны мясціны, дзе рос і жыў паэт, ёсць цікавыя паэтычныя творы і пра мінулае Беларусі, прысвечаныя «Слову аб палку Ігаравым», старой Вільні, Ф.Скарыну, В.Цяпінскаму, С.Буднаму... Гэтыя вершы склалі асобны цыкл «Гамоніць даўкай праўды звон». Талент А.Салаўя сталее, паэт робіць у некаторых вершах значныя абагульненні («Зямля ў агні», «Крыніцы звонкае струмень», «Дваццаты век» і ў іншых). Каханню, яго вялікай і чароўнай сіле прысвяціў паэт цыкл вершаў «Вянкі», а таксама паэмы «Сын», «Домік у Менску», «Вянок санетаў», што ўжо не выйшлі асобнаю кнігаю. Жаніўшыся і займеўшы дзяцей, у 1949 г. Алесь Салавей, якому было тады 27 гадоў, пераязджае жыць у Аўстралію. Па дарозе туды ды і там ён стварае новую кнігу вершаў «Несмяротнасць», якая цалкам упершыню надрукавана ў зборніку яго паэзіі «Нятускная краса» (Нью-Йорк — Мельбурн, 1982). Чужая краіна, адарванасць ад роднае зямлі, вобраз любай Бацькаўшчыны, які не пакідаў паэта ні днём ні ноччу,— асноўны змест гэтай, бадай, самай сталай яго кнігі... Рэальнае жыццё, цяжкасці, з якімі сутыкнуўся паэт у Аўстраліі, не натхнялі на творчасць. Былі гады, калі ён зусім нічога не пісаў... Не прымаў ён і ніякага ўдзелу ў тых нацыяналістычных зборышчах, што наладжваліся ў Амерыцы і ў Еўропе былымі гітлераўскімі паслугачамі. Жыў сямейнымі, будзённымі клопатамі, цалкам аддаваўся зусім не творчай працы.

22 студзеня 1978 г. Алеся Салаўя і зусім не стала — памёр у час купання ў моры ад разрыву сэрца...

...Тыя, хто сустракаўся з паэтам, расказваюць, што псеўданім Альфрэд Радзюк узяў сабе ад папулярнай у 30-я гады песні пра сірату, якога, калі памрэ, пахаваюць на чужыне і ніхто не скажа, дзе яго магіла, хіба, можа, «раным-рано на рассвете соловей пропоет»...

Магіла Алеся Салаўя сапраўды на чужыне, у далёкай Аўстраліі — у Мельбурне на беларускіх могілках...

Мае пэўныя здабыткі ў паэзіі і ў прозе і Масей Сяднёў. Нарадзіўся ён 1 верасня 1915 г. у вёсцы Мокрае на Магілёўшчыне. Вучыўся ў Мінскім педінстытуце, аднак не скончыў яго — быў арыштаваны і высланы на Калыму. Перад самай вайною М.Сяднёва прывезлі на перагляд справы ў Мінск, дзе яго і заспела вайна.

Вярнуўся ў в. Мокрае, памагаў бацькам па гаспадарцы, потым паехаў у Мінск, працаваў у розных установах, ездзіў па Беларусі, расказваў, як з ім абыходзіліся ў турмах і ў лагерах. Друкаваў таксама на старонках прафашысцкіх выданняў свае вершы. Калі нямецкія фашысты адступалі з Беларусі, адступіў разам з імі і ён. Цяпер жыве ў ЗША (Глен Коў каля Нью-Йорка).

Вершы пачаў пісаць яшчэ ў школе. Друкаваўся ў часопісе «Полымя», у газеце «Літаратура і мастацтва». За мяжою выдаў некалькі кніг паэзіі — «У акіяне ночы» (1946), «Спадзяванні» (1948), «Ля ціхай брамы» (1956), «Патушаныя зоры» (1975), «Ачышчэнне агнём» (1985), а таксама раманы «Раман Корзюк» (1985), «І той дзень надыйшоў» (1987).

У ранніх вершах, напісаных яшчэ ў вёсцы, апяваў родную прыроду, хараство беларускае зямлі. Цэлы цыкл вершаў прысвяціў перажытаму ў турме і ў лагеры на Калыме. Вялікую Айчынную вайну ён прывітаў «як радасць для сябе» «радкоў маіх лірычнейшым салютам».

 

Стаяў такі празрысты дзень, маўляў

на ўзмор’і пенай вымыты салёнай.

Я цэлы свет багаслаўляў

затым, што сам я быў багаслаўлёны.

 

Маліўся сіле сонца агнявой

і дню, што лёс мой перайначыў.

Я самалёту кажнаму над галавой

жадаў найлепшае удачы.

 

 

Вядома, так сустрэўшы прыход на беларускую зямлю нямецкіх захопнікаў, не асудзіў іх і потым. Наадварот, у паэмах «Мая вайна», «Забраны Мінск», «Цень Янкі Купалы», «Мікола Бугроў» і ў іншых увесь свой гнеў скіраваў на партызан і падпольшчыкаў, што вялі з крывавымі катамі ўдзень і ўночы барацьбу не на жыццё, а на смерць. Тым не менш М.Сяднёў напісаў нямала вершаў, што маюць мастацкую вартасць, падымаюцца іншы раз да паэтычных абагульненняў.

Асабліва ўдаюцца яму вершы пра сваю вёску, пра маленства...

 

Цяпер на бацькаўшчыне ўжо марозы

кладуць узор на ранішнім лядку.

Падпаленыя восеняй бярозы

усцяж гараць на бальшаку.

 

Мне, босаму, не страшна, што я босы,—

скачу па маразянай траўцы шчэ валей.

Здаецца мне — як гляну на бярозы,

ад полымя мне іхняга цяплей.

 

У полі бацьку я ў падмозе,

гляджу жывёлу, бульбіны пяку.

І ўсё гляджу чамусьці, як бярозы

гараць на нашым бальшаку.

 

Я восеняй жыву ў трывозе,

забудуся, ды зноў кране:

падпаленыя восеняй бярозы

гараць пякучай ранай у мяне.

                (Верш «Восень»)

 

 

Ёсць у паэта шчырыя, пранікнёныя радкі і пра Беларусь, без якой яму цяжка быць на чужыне. У адным з вершаў ён прызнаецца: «Гляджу назад і бачу ясна — не ўмеў я жыць».

І сапраўды, калі чытаеш вершы і паэмы М.Сяднёва, бачыш, як рабіў ён, ды робіць і цяпер, памылку за памылкаю і не разумее гэтага. Адсюль і азлобленасць, што жыццё пражыта не так, як магло б, як некалі ўяўлялася, марылася. У апошняй кнізе паэзіі «Ачышчэнне агнём» ёсць біблейскія матывы. Шмат вершаў прысвечана маці, родным сёстрам, якіх пакінуў на Радзіме, пайшоўшы бог ведае куды і чаго, прызнання сваёй віны:

 

Сястра мая, даўно цябе не бачыў —

ад самага крывавага жніўя.

Балюча мне за ўсе мае няўдачы,

за ўсе грахі, што аплаціў не я.

 

Калі б не я, усё было б іначай,

я стаўся усяму віной:

жыццё сваё і ваша перайначыў,

і ўсё пайшло не тою стараной.

 

 

Пэўную цікавасць уяўляе і проза М.Сяднёва — яго раманы. Першы раман М.Сяднёву менш удаўся ўжо хоць бы па той прычыне, што ў самой яго задуме — «я думаў напісаць чытэльную кніжку, даць у рукі беларускага чытача твор, які б зацікавіў яго як сваёй тэмай, сваёй матэрыяй, гэтак і сваімі сюжэтна-фабульнымі калізіямі, без асаблівых прэтэнзіяў на вялікую літаратуру» — быў пэўны пралік. Раман гэты — «Раман Корзюк» — пісаўся з вялікімі перапынкамі аж 27 гадоў. І хоць у рамане дзейнічаюць «канкрэтныя, не выдуманыя людзі з іхнімі сапраўднымі прозвішчамі», а месцам дзеяння выбраны Мінск, яго наваколле, а потым турма і тое, што ў ёй адбывалася ў часы масавых рэпрэсій і бяспраўя, гэта не ратуе. Мастацкія пралікі кампенсаваць аўтару нічым не ўдалося. Лепшы ў гэтых адносінах другі раман М.Сяднёва «І той дзень надыйшоў» — пра перажытае самім аўтарам перад вайною і ў першыя дні вайны, пра каханне. Удаліся аўтару сцэны вясковага жыцця, апісанні прыроды; праўдзіва, пераканаўча створаны і вобразы маці, бацькі, некаторых суседзяў. Няма і той злосці, непрыняцця ўсяго савецкага, што характэрна іншым творам. Калі параўноўваць з празаічнымі кнігамі, якія створаны ў эміграцыі, то раман «І той дзень надыйшоў», бадай, самы лепшы з іх.

Сваё месца ў беларускай эмігранцкай паэзіі займае і Уладзімір Клішэвіч. Нарадзіўся ён 27 лютага 1914 г. у вёсцы Чырванадворцы на Случчыне. У 1930 г. скончыў старобінскую сямігодку, потым педагагічныя курсы ў Слуцку, працаваў настаўнікам. У 1933 г. паступіў у Мінскі педагагічны інстытут, аднак скончыць яго не змог — быў у 1936 г. арыштаваны і высланы на Калыму. У жніўні 1940 г. яго разам з М.Сяднёвым і іншымі былымі студэнтамі прывезлі назад у Мінск па перагляд справы, дзе і заспела вайна.

Цяжка ды і немагчыма зразумець, а тым больш апраўдаць тое, чаму замест таго, каб змагацца з акупантамі, ён пайшоў да іх служыць — пачаў супрацоўнічаць у рэдакцыі «Газэты Случчыны». У 1943 г. у складзе беларускай дэлегацыі наведаў Германію.

Вершы пачаў друкаваць у 1931 г. У часе Вялікай Айчыннай вайны змяшчаў іх на старонках многіх прафашысцкіх выданняў. У 1943 г. склаў калектыўны зборнік «Песняры Случчыны», у які ўвайшлі творы яго самога, а таксама Лявона Случчаніна, Янкі Золака, Арыстарха Крота, В.Блакітнага, Леаніда Гая, Базыля Явара. Адступіў перад прыходам савецкіх войск разам з немцамі, жыў у Германіі і ў ЗША. У 1964 г. выдаў зборнік вершаў «Далячынь», а ў 1965 г.— вялікую эпічную паэму «Васіль Каліна», у якой паказаў жыццё беларускай вёскі ў часы калектывізацыі і перад вайною. Многія сцэны прысвечаны бяспраўю і рэпрэсіям, што панавалі ў сталінскія гады. У лірычных адступленнях сумуе па родным краі, успамінае яго як самае дарагое, што ён меў ды страціў.

Капіталістычны свет з яго звярынымі законамі і антычалавечай мараллю прыйшоўся не па душы У.Клішэвічу. Да таго ж мучыла настальгія — паэт проста не мог жыць без Бацькаўшчыны. У вершах, што пісаў, ён не хаваў гэтага. Урэшце ён прыязджае ў СССР, наведвае Мінск, родныя мясціны. У вершах, што ў гэты час з’яўляюцца, ён захапляецца жыццём Савецкай краіны і савецкіх людзей, славіць тыя змены, што адбыліся на Бацькаўшчыне пасля Вялікага Кастрычніка і вайны. Рэдакцыя газеты «Голас Радзімы» падтрымала паэта, выдала ў 1973 г. кнігу яго вершаў «Сняцца дні мне залатыя», куды ўвайшлі вершы, напісаныя ў эміграцыі, а таксама тыя, што нарадзіліся на роднай зямлі.

Уся нацыяналістычная эмігранцкая прэса вакол гэтага падымае страшэнны лямант: пасыпаліся фельетоны, эпіграмы, карыкатуры... Але У.Клішэвіч на гэта быццам не звяртае ўвагі — піша тое, што ў яго на душы. У многіх радках яго паэзіі — пякучы боль, папярэджанне, каб ніхто не паўтарыў яго памылак. Ёсць і творы, прысвечаныя паказу таго, што паэт убачыў і перажыў на чужыне, выкрыццю прадажнага капіталістычнага грамадства і тых адносін між людзьмі, дзе чалавек чалавеку воўк, а не таварыш і брат:

 

Шмат чаго паспытаць давялося

На сваім невясёлым вяку.

Нават пушчы ад болю галосяць,

Калі іх пад карэнне сякуць.

 

Скалясіў я і сушу, і воды,

Адпакутаваў шчырай душой.

Не да густу мне Захаду подых,

Я тут шчасця нідзе не знайшоў.

 

 

Або:

 

Запавет на чужыне такі

Ад бацькоў пераходзіць к дзецям:

Іншаземныя маякі

Тваю ноч не асвецяць.

 

 

У.Клішэвіч марыў вярнуцца на Радзіму, каб зноў тут жыць, аднак нечаканая і ў нейкай ступені загадкавая смерць 14 лістапада 1978 г. не дазволіла яму зрабіць гэта.

Жывучы на Захадзе, У.Клішэвіч не прымаў якога-небудзь актыўнага ўдзелу ў антысавецкіх акцыях, быў у баку ад многіх зборышчаў недабітых былых прыслужнікаў фашыстаў. Не дзіўна, што яго імя і творчасць там замоўчваюцца. Ні адзін з яго твораў так і не быў надрукаваны ў часопісе «Конадні», ні разу ніхто не ўспомніў пра яго на старонках нацыяналістычных выданняў і пасля яго смерці. Словам, прыезды ў СССР, прасавецкія настроі яму не дарованы...

Дзелячыся некалі радасцю з выпадку таго, што на роднай зямлі, у Мінску, выйшла кніга яго паэзіі, У.Клішэвіч пісаў: «Гэта для мяне вялікае свята і радасць. Калі мой родны народ пра мяне не забыў, дык чаму я павінен яго цурацца? Служыць Радзіме — найвялікшая пашана і светлы гонар».

Талент У.Клішэвіча як паэта не паспеў па-сапраўднаму раскрыцца. На тое было шмат прычын, але адна з галоўнейшых — адарванасць ад сваёй Радзімы, ад яе жыватворных народных крыніц.

З астатніх, менш значных паэтаў можна назваць Міхася Кавыля (Язэпа Лешчанку), які нарадзіўся таксама на Случчыне (1915), падвяргаўся ў часы сталіншчыны рэпрэсіям, а ў гады Вялікай Айчыннай вайны супрацоўнічаў з нямецкімі акупантамі — ён выдаў за мяжою зборнікі паэзіі: «Ростань» (1947), «Пад зорамі белымі» (1954), «Першая рана» (1960), «Цяжкія думы» (1961); Янку Золака (Антона Даніловіча, нар. у 1912 г.) — ён надрукаваў тоўсты том сваёй паэзіі, вельмі, дарэчы, няроўнай; Рыгора Крушыну (Рыгора Казака — 1907—1979 гг.), аўтара некалькіх зборнікаў лірыкі: «Лебедзь чорная» (1947), «Вячорная лірыка» (1963), «Хвіліна роздуму» (1968), «Вясна ўвосень» (1972), «Сны і мары» (1976); Уладзіміра Дудзіцкага (Гуцьку), Я.Юхнаўца і інш. На жаль, большасці з гэтых паэтаў не стае культуры творчасці, яны варыліся гадамі ў сваім саку, і тое, што некаторыя з іх паспелі зарыфмаваць, толькі хіба ўмоўна можна назваць паэзіяй. Хоць здараліся выпадкі, што і ў іх часам «праразаўся» голас, асабліва калі яны гаварылі пра перажытае імі самімі, пра страчаную Радзіму, пра тое, як не хапае яе ім і сёння там, на чужыне. Вось, да прыкладу, верш Я.Золака «Сум па Радзіме»:

 

З краю роднага, з роднага дому,

У чужы і няведамы край

Мяне выгнаў мой лёс-пустадомак

Сумаваць і павольна ўміраць.

Я жыву і — здаецца — вясёлы,

Па чужацкай вандрую зямлі,

Толькі сняцца мне нашыя сёлы,

Сняцца любыя сэрцу палі.

Сніцца мне: на вячорках дзявочых

Песні родныя срэбрам звіняць...

Слёзы горкія льюцца мне з вочаў,

Аніяк не магу іх суняць.

І тады я павольна згараю

У пякучай сардэчнай журбе...

О мой любы, гаротны мой краю,

Як жа цяжка мне жыць без цябе!

 

 

Такія шчырыя радкі прызнання, любові да свайго краю можна знайсці і ў іншых паэтаў, што апынуліся не заўсёды па сваёй волі на чужыне, якая так і не стала ды ніколі, мабыць, і не стане ні аднаму з іх новай радзімай.

 

Із далёкай заморскай зямлі,

Дзе сады зелянеюць узіму,

Без трывогі ляцяць жураўлі

На сваю дарагую радзіму.

 

Каля Нёману, лесу наўскрай,

Абкурлычуць прыгожае лета,

А ўвосень у сонечны край

Зноў у вырай у экскарце дзетак.

 

А куды мне падацца, куды?

Ці ж навек прысмактала чужына?

Дзе ж напіцца «жывое вады»,

Камень цяжкі каб з сэрца нізрынуў?

 

Жураўлі, мае сёстры, браты,

Як я выстаю, сум як задушыць,

Па дарозе ў Святую Святых

Захапеце з сабой маю душу.

        (М. Кавыль. Верш «Жураўлі», 1976 г.)

 

 

 

1 Францішак Кушаль нарадзіўся ў 1895 г. у Пяршаях Валожынскага павета. Вучыўся ў Івянцы. У 1915 г. даслужыўся да штабс-капітана царскай арміі. У 1919 г. працаваў у Беларускай вайсковай камісіі БНР. Пасля перайшоў на службу ў польскую армію. З 1939 г.— у палоне. У час Вялікай Айчыннай вайны, апынуўшыся ў Мінску, пайшоў на службу да нямецка-фашысцкіх захопнікаў — удзельнічаў у арганізацыі батальёнаў самааховы, быў камандзірам беларускіх афіцэрскіх курсаў, начальнікам штаба. З 1944 г.— камадзір Беларускай краёвай абароны. Па даручэнню БЦР арганізоўваў дывізію «Беларусь», якая ў канцы красавіка 1945 г. здалася ў Баварыі амерыканцам. Памёр у 1968 г. у ЗША.

Проза

У параўнанні з паэзіяй проза займае яшчэ сціплейшае месца. Акрамя М.Сяднёва, у прозе працуе сур’ёзна, прафесійна хіба што адзін Кастусь Акула (сапраўднае прозвішча Качан). Нарадзіўся ён у Заходняй Беларусі. У час вайны вучыўся ў школе беларускіх «ахвіцэраў», якую арганізавалі гітлераўскія акупанты ў Мінску. Разам з гэтай школай адступіў у Германію, браў удзел у баях супраць саюзных войск. Жыў некаторы час у Англіі. Цяпер жыве ў Канадзе. Выдае «часапіс беларускіх ветэранаў» (інакш — паліцаяў) «Зважай».

Як празаік выступіў у 1962 г. з вялікай аповесцю «Змагарныя дарогі», у якой паспрабаваў асэнсаваць перажытае ім самім у гады вайны, зрабіў спробу абяліць фашысцкіх прыхвасняў і забойцаў, прыдаўшы ім арэол нейкіх «барацьбітоў за нацыянальныя інтарэсы» беларускага народа. Аповесць атрымалася вельмі грувасцкая, рыхлая па кампазіцыі, месцамі яна нагадвае звычайны нарыс, а то і дзённік — усё што бачу, пра тое і пішу...

Большай кампазіцыйнай стройнасцю вызначаецца раман «Гараватка». Але і гэты раман не можа прэтэндаваць на паўнацэннае мастацкае палатно, бо, працуючы над ім, аўтар, як прызнаўся сам, сустрэўся з невырашальнымі праблемамі — «праблемамі мовы і краіны». «Тут, на эміграцыі,— гаварыў ён у адным з інтэрв’ю («Беларус», 1964, № 83 — дадатак — «Веснік з Канады»),— не пачуеш крынічна-жывой беларускай мовы, што патрэбна пісьменніку для адлюстравання, прыкладам, шматхварбнасці яе ці якога дыялекту. Мова эмігрантаў — гэта пераважна макароншчына. Там, дома, яшчэ захаваўся свой корань... Улічваючы ізаляванасць ад народу на бацькаўшчыне ды недахоп добрых беларускіх слоўнікаў, праца над мовай вельмі цяжкая. Уся дзейнасць «Гараваткі» разгортваецца ў Беларусі. Я ж пакінуў бацькаўшчыну юнаком, значыцца, не бачыў яе вачамі даспелага чалавека. Таму немалая праблема, прыкладам, апісанне беларускай прыроды, народнага быту. А на гэтым будуецца сюжэт «Гараваткі». Коратка кажучы, цяжкасць працы над «Гараваткай» у тым, што пішацца яна за мяжой Беларусі, без кантакту з роднай прыродай і народам». Кантакт гэты па-сапраўднаму так і не быў наладжаны пісьменнікам, а ў выніку — і мастацкія пралікі, якія не даюць магчымасці аднесці твор да удач аўтара.

У апошні час К.Акула паспрабаваў пісаць па-англійску, як гэта рабіў у свой час вядомы рускі пісьменнік У.Набокаў. Тыя аповесці, што ён выдаў на англійскай мове, не пакінулі якога-небудзь значнага следу ў англамоўнай літаратуры сучаснай Канады, хоць, як адзначалі некаторыя рэцэнзенты, далі магчымасць канадскаму чытачу ўведаць, што на тэрыторыі краіны жыве яшчэ адна дасюль малавядомая этнічная група людзей — беларусаў.

Выдаў некалькі кніг апавяданняў, аповесцей і нарысаў і Уладзімір Сядура, хоць якой-небудзь мастацкай каштоўнасці яны і не ўяўляюць. У.Сядура выступае найчасцей пад псеўданімам Ул.Глыбінны. Нарадзіўся ён у Мінску ў 1910 г. Вучыўся ў БДУ. У 1933 г. быў арыштаваны. Скончыў Ленінградскі універсітэт, у 1941 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю. У час Вялікай Айчыннай вайны актыўна супрацоўнічаў з нямецка-фашысцкімі захопнікамі, быў галоўным рэдактарам часопіса «Новы шлях», часта друкаваўся на яго старонках і ў «Беларускай газэце». Цяпер жыве і працуе ў ЗША. Выступае ў друку з артыкуламі, прысвечанымі пытанням беларускай культуры і рускай літаратуры, у прыватнасці, такія артыкулы змяшчаліся у часопісе «Новый журнал», у газеце «Новое русское слово». У 1958 г. выдаў у Мюнхене кнігу «Доля беларускай культуры пад Саветамі», у 1964 г. — «На берагах пад сонцам», у 1972 г. — «На святой зямлі» і інш. Некалькі разоў перавыдавалася яго кніга «Достоевсковедение в СССР» (1955, 1957, 1958).

Не пакінуў больш-менш прыкметнага следу ў эмігранцкай прозе і ў свой час вядомы ў Беларусі празаік, адзін з аўтараў «Узвышша» Юрка Віцьбіч — ён жа Юры Стукаліч (Г.Шчарбакоў). Нарадзіўся ён 15 чэрвеня 1905 г. у г. Веліж у сям’і папа. Вучыўся ў гімназіі і педтэхнікуме. У 1922—1933 гг. працаваў у Маскве на хімічных заводах. Першае апавяданне надрукавана ва «Узвышшы» ў 1929 г. Выдаў кнігі прозы «Смерць Ірмы Лаймінг» (1932), «Формула супраціўлення касцей» (1937). У час Вялікай Айчыннай вайны супрацоўнічаў з нямецка-фашысцкімі акупантамі, быў членам так званага Цэнтральнага ўрада Беларускага культурнага згуртавання, выступаў часта ў друку з артыкуламі па гісторыі Беларусі. Быў прызначаны рэдактарам тоўстага літаратурна-мастацкага часопіса, які так і не выйшаў за ўсе гады фашысцкай акупацыі. Адступіў разам з немцамі. У эміграцыі выдаў кнігу гістарычных нарысаў «Плыве з-пад Святое гары Нёман», надрукаваў у перыядычным друку шэраг артыкулаў і апавяданняў — «У пошуках Альгердава шляху», «Мы дойдзем», «Над возерам Шпірдынг», «Вышэй галаву, Дубавец», «Так станецца» і інш. Друкаваўся ў «Новом русском слове» (каля 200 публікацый). Памёр у 1975 г.

Не выдаў ні адной сваёй кнігі ў эміграцыі, хоць друкаваўся даволі часта на старонках «Бацькаўшчыны» і «Беларуса», Лявон Савёнак, які выступаў пад псеўданімам Леанід Свэн. Ён нарадзіўся ў 1897 г. на Глыбоччыне. Вучыўся ў Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі. Працаваў у газеце «Савецкая Беларусь». Яго Іго } кніга фельетонаў «Чароўная іголка» (1929) калісьці атрымала добрыя водгукі. У 1933 г. ён быў арыштаваны. У 1939 г. вярнуўся на Радзіму, працаваў настаўнікам. У час вайны выступаў у «Беларускай газэце» пад псеўданімам Л.Крывічанін — вёў «Дзённік Чужанінава». Памёр у 1974 г.

З празаічнымі творамі — апавяданнямі, аповесцямі — у друку час ад часу выступаюць таксама М.Люціч (А.Адамовіч), А.Саковіч (І. Рытар), А.Галіна (М.Міцкевіч, родны брат Я.Коласа), М.Цэлеш.

 

Крытыка

 

Крытыка — найбольш злосная, непрымірымая да ўсяго савецкага ва ўсёй эмігранцкай пісаніне. Ды і надта ж абмежаваная. У творчасці савецкіх пісьменнікаў вышуквае толькі тое, што ёй хочацца бачыць, спрабуе беларускую савецкую літаратуру падаць «у супраціве» да Савецкай улады. Аналізуючы творчасць Я.Купалы, Я.Коласа, У.Дубоўкі, У.Жылкі, Я.Пушчы ды і многіх іншых сучасных савецкіх пісьменнікаў, эмігранцкія крытыкі спрабуюць сказіць рэальную карціну развіцця літаратуры і самой савецкай рэчаіснасці, займаюцца недазволенымі прыёмамі дадумвання за аўтараў, прачытаць тое, чаго няма ні ў тэксце, ні ў падтэксце, словам, займаюцца непрыкрытай правакацыяй. Яно і не дзіўна, калі паглядзець на саміх «крытыкаў». Галоўную спрыпку тут іграў і іграе цяпер Антон Адамовіч. Нарадзіўся ён ў 1909 г. у Мінску. Скончыў БДУ. Выступае ў друку з 1926 г. Змясціў на старонках «Узвышша» вялікае даследаванне, прысвечанае разгляду творчасці М.Гарэцкага. У 1931 г. быў высланы за межы Беларусі, працаваў у навучальных установах РСФСР (г. Глазаў, Кіраў). У Вялікую Айчынную вайну актыўна супрацоўнічаў з нямецка-фашысцкімі акупантамі: быў членам Галоўнай рады так званай Беларускай народнай самапомачы, членам прэзідыума Беларускага навуковага таварыства і рэферэнтам па справах прапаганды і прэсы пры гітлераўскім генеральным камісарыяце Беларусі, працаваў у рэдакцыі «Менскай (Беларускай) газэты»; з 1943 г. — у рэдакцыі газеты «Раніца», што выходзіла ў Берліне. Пасля вайны разам з Л.Савёнкам рэдагаваў газету «Бацькаўшчына» (Мюнхен). Удзельнічаў у стварэнні Мюнхенскага Інстытута па вывучэнню СССР. З 1960 г. жыве ў ЗША, займаецца антысавецкай дзейнасцю. Адзін з кіраўнікоў беларускай рэдакцыі радыёстанцыі «Свабода». За мяжою апублікаваў некалькі кніг па гісторыі Беларусі, яе культуры і літаратуры. У прыватнасці, разглядаў творчасць Я.Купалы, Я.Коласа, спрабуючы падаць яе «ў супраціве» Савецкай уладзе. Напісаў шматслоўныя, часам не вельмі выразныя па думцы ўступныя артыкулы да кніг выбраных твораў У.Жылкі, Л.Калюгі, А.Мрыя, Н.Арсенневай, А.Салаўя, што выйшлі за мяжою. У некаторых публікацыях «па-свойму» тлумачыць творчасць У.Дубоўкі, Я.Пушчы, іншых савецкіх пісьменнікаў. Піша і прозу — апавяданні, аповесці, дарэчы, вельмі пасрэдныя. У друку выступае як пад сваім прозвішчам, так і пад псеўданімамі Д.Забранскі, В.Бірыч, С.Юстапчык, Р Склют, Н.Недасек і інш. Выдаў кнігі: «Якуб Колас у супраціве саветызацыі» (1955), «Большевизм на путях устаговления контроля над Белоруссией» (1954), «Большевизм в революционном движении Белоруссии» (1956) і інш.

Доўгі час, да самай сваёй смерці, Антону Адамовічу «плённа» дапамагаў яшчэ адзін ненавіснік Савецкай улады, прафесійны шпіён і забойца, ваенны злачынца Станіслаў Станкевіч. Нарадзілася ён у 1907 г. у в. Арляняты ў Ашмянскім павеце. Вучыўся ў Віленскай гімназіі. У 1933 г. скончыў гуманістычны факультэт Віленскага універсітэта. Выдаў у 1936 г. кнігу «Беларускія элементы ў польскай рамантычнай паэзіі», за яе атрымаў званне доктара філасофіі. Друкаваўся ў заходнебеларускіх выданнях — газетах, штоквартальніку «Калоссе». У час вайны — бургамістр Барысава, потым — Баранавіч. На яго руках — кроў людзей, якіх ён пасылаў у турмы і якім падпісваў смяротныя прысуды. Адступіў разам з немцамі. За мяжою працаваў на радыёстанцыі «Свабода», выдаваў газету «Беларус». Пісаў артыкулы як пра класічную беларускую літаратуру (Я.Купалу, А.Гаруна, М.Багдановіча), так і пра творы, што з’яўляліся ў беларускай савецкай літаратуры пасля вайны. Некаторыя з гэтых артыкулаў потым увайшлі ў кнігу «Беларуская падсавецкая літаратура першае палавіны 1960-х гадоў» (1967). Літаратуразнаўчыя і крытычныя працы С.Станкевіча неглыбокія, думкі і вывады часцей за ўсё антысавецкія, правакацыйныя.

Памёр у 1980 г. у ЗША.

Нейкі час займаўся крытыкай і Хведар Ільяшэвіч, які выступаў найчасцей пад псеўданімам М. Дальны.

Нарадзіўся ён у 1910 г. у Вільні. Скончыў Віленскую беларускую гімназію, потым гістарычны факультэт Віленскага універсітэта, абараніў дысертацыю «Друкарня дому Мамонічаў у Вільні (1572—1622)». Друкаваўся ў штоквартальніку «Калоссе», у іншых заходнебеларускіх выданнях. Выдаў крытыка-біяграфічны нарыс «Ядвігін Ш.», а таксама пад псеўданімам М.Дальны зборнік павяданняў. Пісаў таксама вершы. У гады вайны актыўна супрацоўнічаў з нямецка-фашысцкімі захопнікамі — быў рэдактарам газеты, што выходзіла ў Беластоку. Загінуў у 1948 г. у Германіі.

 

Пераклады

Іх няшмат, і амаль усе яны, за невялікім выключэннем, не надта высокай якасці. Я.Станкевіч, які ніколі не вылучаўся добрым густам і веданнем беларускай мовы, яшчэ ў часе вайны, працуючы ў Мінску ў выдавецтве, што выпускала падручнікі для школ, псаваў і калечыў яе на свой лад, апынуўшыся за мяжою, пераклаў з мовы «габрэйскае а грэцкае на беларускую» «Біблію», назваўшы яе «Святая Бібля». Пераклад гэты выклікаў у эмігранцкай прэсе, ды і ў газеце «Голас Радзімы», цэлы шэраг артыкулаў, у якіх злосна і едка высмейваліся недахопы, бо прыгожая беларуская мова ў ім загучала парадыйна, сказіўшы сэнс святога пісьма. Ды і зразумець у некаторых выпадках, што хацеў сказаць людзям «Бог», амаль немагчыма,— перакладчык ужыў такія словы і «хвормы», якіх ніхто ніколі не чуў і не мог чуць: яны выдуманы самім перакладчыкам... Перавыдаваць гэту «Святую Біблю» ніхто не асмельваецца, хоць яна і выйшла даўно — у 1973 г. Для патрэб веруючых перавыдаецца ранейшы пераклад «Новага запавету і псальмаў», што быў зроблены яшчэ ў Заходняй Беларусі. Я.Пятроўскі — ён яшчэ перад вайною ў Берліне займаўся выданнем слоўнікаў у дапамогу нямецкім салдатам і афіцэрам, што рыхтаваліся ступіць на беларускую зямлю, пераклаў і выдаў у ЗША пяць тамоў «Выбраных дыялогаў» Платона, а таксама два тамы «Лепшых думак чалавека». Пераклады Я.Пятроўскага таксама не з’яўляюцца ўзорам перакладчыцкага майстэрства, хоць, вядома, яны лепшыя за пераклад «Біблі» Я.Станкевіча. У Рыме выйшла кніга «Лісты святых апосталаў» у перакладзе П.Татарыновіча (ён загадваў у Рыме беларускай секцыяй Ватыканскага радыё, памёр у 1978 г.), а ў Каліфорніі — «Гімны Хрысціян» у перакладзе Д.Ясько.

Перакладаліся і паасобныя творы мастацкай літаратуры. Згаданы вышэй П.Татарыновіч пераклаў «Quo Vadis» Г.Сянкевіча, М.Кавыль — «Роздумы» М.Аўрэлія. Н.Арсеннева перакладала вершы Гётэ і А.Міцкевіча, А.Салавей — Р.М.Рыльке і А.Міцкевіча, М.Сяднёў — Гётэ; В.Адважны, як ужо гаварылася,— байкі А.Крылова, І.Красіцкага. У 1982 г. у Лондане ў перакладзе Веры Рыч з беларускай мовы на англійскую і паралельнымі беларускімі тэкстамі выйшаў зборнік паэзіі М.Багдановіча, А.Гаруна і З.Бядулі, а ў Нью-Йорку ў перакладзе на англійскую мову З.Кіпель — беларускі варыянт сярэдневяковай аповесці «Трыстан». Вось, бадай, і ўсё, калі не лічыць дзвюх анталогій — паэзіі і апавяданняў, што выйшлі за мяжою па лініі ЮНЕСКА.

 

 

Мастакі, кампазітары, спевакі, вучоныя

 

Сярод тых, хто пакінуў у розны час і па самых розных прычынах сваю Радзіму і жыў ці жыве за мяжою, нямала здольных людзей. І свае здольнасці, хто ў большай ступені, хто ў меншай, яны выявілі. Талент ёсць талент, ён прабівае сабе дарогу. І ўсё ж, як пісаў У.Клішэвіч, «які б волат творчага духу сам па сабе ні быў, але калі ён адарваны ад роднай зямлі, ад свайго народа, ён паступова вычэрпвае сябе і ідзе да заняпаду. Такую шматгадовую эвалюцыю я перанёс на самім сабе. Чалавек павінен мець цесную сувязь са сваёй роднай зямлёй, са сваім народам, бо і зямля, і народ — тая невычарпальная жыватворная крыніца, якая натхняла людзей на высокія творчыя справы, і зрачыся гэтай крыніцы — значыць скончыць жыццё самагубствам».

Вельмі шчырае і праўдзівае прызнанне! Бо для нармальнага развіцця любога таленту патрэбны ж яшчэ і тыя, хто б яго зразумеў, ацаніў, падтрымаў. А ўсяго гэтага якраз і няма на чужыне. Таму не дзіўна, што таленты там мізарнеюць, не раскрываюцца да канца. Ды і само капіталістычнае грамадства не садзейнічае раскрыццю, развіццю талентаў. І ўсё ж ва многіх людзей ёсць цяга да самавыяўлення, да творчасці. І яны твораць...

 

Мастакі

На жаль, іх творы, і то не ўсе, мне давялося бачыць толькі ў рэпрадукцыях. А як рэпрадукцыя адрозніваецца ад самой карціны — ведае кожны. Тым не менш нават у рэпрадукцыях адчуваецца ў некаторых прафесіяналізм, уменне перадаваць настрой, а галоўнае — у іх ёсць душа, адухоўленасць. І ў лепшых з іх — думка. Беларусаў-мастакоў за межамі Радзімы жыве нямала, кожны з іх працуе ў сваёй манеры. Ёсць, калі верыць водгукам, і даволі вядомыя — выстаўляліся ў самых папулярных салонах Парыжа і Нью-Йорка. Ды і лепшыя іх карціны набываюць калекцыянеры, музеі. Таму хоць кароткія звесткі пра іх варта ведаць.

Віктар Жаўняровіч. Паходзіць з Дзісненшчыны. Вучыўся ў Віленскай кансерваторыі імя М.Карловіча. Быў знаёмы з Ф.Рушчыцам, Я.Драздовічам, М.Сергіевічам. Яго залічваюць да імпрэсіяністаў. Прымаў удзел у многіх выстаўках у Парыжы, меў персанальную выстаўку ў Нью-Йорку. Тэмы твораў у асноўным беларускія.

Уладзімір Шыманец. Нарадзіўся ў 1911 г. у Рызе, дзе працаваў бацька. У 1919 г. вярнуліся на радзіму ў вёску Засулле. Жыў у дзеда ў Негарэлым. Маляваць вучыўся ў школе. Пры немцах быў настаўнікам. Потым жыў у Даніі, Францыі. Намаляваў каля 200 карцін. Выстаўляўся ў Парыжы, Версалі, Нью-Йорку. Напісаў працу «Мастакі з Беларусі — школа Парыжа» (Шагал, Суцін, Сэгаль).

Івонка Шыманец-Сурвіла. Нарадзілася ў Беларусі ў 1936 г. З 1948 г. жыве ў Парыжы. Вучылася ў Вышэйшай мастацкай школе і ў Сарбоне (скончыла філалагічны факультэт). Жыла ў Іспаніі, цяпер — у Канадзе. Самыя вядомыя яе карціны — «Беларускае мястэчка», «Вёска Даманавічы», партрэты «Беларуска», «Калыханка», «Жанчына» і інш.

Тамара Стагаловіч-Кольба. Нарадзілася на Навагрудчыне. Была разам з бацькамі вывезена яшчэ дзіцем у Германію. Вучылася ў Вестэрн-каледж у Агайо, у Інстытуце мастацтва ў Нью-Йорку. Малюе на палатне алейнымі фарбамі, робіць дрэварыты, ілюструе дзіцячыя кнігі. Не цураецца беларускіх тэм. Было арганізавана больш за 100 яе выставак у самых розных штатах ЗША.

Пётра Мірановіч. Родам з Друйшчыны. Вучыўся ў Рыжскай акадэміі мастацтваў у акадэміка Кугі і прафесара Эліяся. Напісаў карціны (алей) — «Над Дзвіною», «Бура», «На сенажаці», «Сняданне ў беларускай хаце», «Жніво», «Зіма на Дзісненшчыне» і інш. Персанальная яго выстаўка была ў Нью-Йорку.

Ірына Рагалевіч. Вучылася ў Акадэміі мастацтва ў ЗША (Нью-Йорк). З асаблівай любасцю малюе краявіды Палесся. Яе карціны «Зімовая дарога», «Рамонкі», «Снапы», «Палессе» бывалі на розных выстаўках.

Галіна Русак. Нарадзілася ў Беларусі, мела некалькі персанальных выставак у Нью-Йорку. У творчасці пераважаюць беларускія тэмы. Лепшыя яе карціны — «Танец сонца», «Купалле», «Курган», «Васілёк».

Міхал Саўка-Міхальскі. Хлапчуком быў вывезены ў Германію. Пасля вайны жыў у Бельгіі, скончыў Лювенскі універсітэт (інстытут археалогіі і гісторыі мастацтва). Мастак-рэстаўратар, спецыяліст па старажытным насценным роспісе.

Міхась Наўмовіч. Родам з Навагрудчыны. У 1953 г. скончыў факультэт скульптуры Вышэйшай школы мастацтваў у Парыжы. Рабіў скульптуры для парыжскіх і лонданскіх касцёлаў і мастоў, помнік на магіле М.Равенскага і інш.

 

Кампазітары

Мікола Равенскі. Нарадзіўся ў 1886 г. на Чэрвеньшчыне. У 1914 г. скончыў трохгадовыя рэгенцкія курсы ў Маскве. У пачатку 1919 г. пераехаў на працу ў Мінск, дзе ўжо ў наступным годзе становіцца кіраўніком хору пры Беларускім рабочым клубе. У 1922 г. ён — хормайстар у Мінскім гарадскім тэатры. У 1921 г. М.Равенскі ўдзельнічаў у вялікай экспедыцыі, арганізаванай Інбелкультам па збору народных песень на Случчыне. У гэтым жа годзе ён напісаў музыку да «Залётаў» Дуніна-Марцінкевіча (аперэта). У 1923—1930 гг. М.Равенскі заканчвае спярша музычны тэхнікум імя Стасава ў Маскве, потым кансерваторыю, пасля чаго працаваў у Мінскім музычным тэхнікуме і ў Беларускай кансерваторыі. Напісаў вялікі сімфанічны твор на словы Я.Купалы, 22 фугі для фартэпіяна, шмат харавых твораў. Пасля вайны жыў у Бельгіі, дзе арганізаваў у г. Лювен вялікі студэнцкі харавы ансамбль. Там, за мяжою, шмат працаваў над стварэннем царкоўнай музыкі, сольнымі спевамі, кампазіцыямі для хору, апрацоўваў народныя песні. Памёр у 1953 г.

Мікола Куліковіч-Шчаглоў. Нарадзіўся ў 1897 г. Першы значны яго твор — опера «Кацярына» (1939). У час вайны супрацоўнічаў з нямецка-фашысцкімі захопнікамі, пісаў музыку для пастановак у Мінскім гарадскім тэатры, апрацоўваў народныя песні. У 1947 г. у Германіі арганізаваў Беларускі тэатр эстрады. Жыў у ЗША. Выдаў кнігу «Беларуская музыка. Кароткі нарыс гісторыі беларускага музычнага мастацтва» (1953), а таксама некалькі спеўнікаў. Вядомы яго ўспаміны пра Я.Купалу. Памёр у 1969 г.

Эльза Зубковіч. Нарадзілася ў Мінску ў 1895 г. У 1920 г. выехала ў Берлін, дзе вучылася ў прафесара кансерваторыі Паўла Юона. У канцы 1920 г. вярнулася ў Мінск. Напісала некалькі рамансаў. Жыла ў ЗША. Апрацавала народныя песні «Сваток», «Кума мая, кумачка», «Ляціць сарока» і інш. У 1972 г. выдала зборнік сваіх песень «Край мой васільковы».

Алесь Карповіч. Нарадзіўся ў адной з вёсак каля Гродна. Скончыў гісторыка-тэарэтычны факультэт Маскоўскай кансерваторыі. У час Вялікай Айчыннай вайны на старонках «Беларускай газэты» друкаваў артыкулы па гісторыі беларускай музыкі. Напісаў для фартэпіяна «Беларускую сюіту», «Польку-Янку», «Беларускія рапсодыі», рамансы на словы Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча, Ф.Багушэвіча, Л.Геніюш, Н.Арсенневай і інш.

 

Спевакі

Вячаслаў Селях-Качанскі. Нарадзіўся ў 1885 г. у Лагойску. Скончыў Маладзечанскую настаўніцкую семінарыю. З 1915 г. спяваў у Марыінскім імператарскім тэатры — выконваў партыі ў операх (некаторыя разам з Шаляпіным) у «Князю Ігару», «Дэмане», «Рыгалета», «Барысе Гадунове» і ў інш. З 1927 г. — дырэктар БДТ-1. Яму было нададзена званне народнага артыста БССР. У вайну супрацоўнічаў з немцамі — кіраўнік Мінскага гарадскога тэатра, кіраўнік аддзела культуры і мастацтва Беларускай самапомачы; у 1944 г. увайшоў у склад БЦР. Жыў у ЗША. Памёр у 1976 г.

Пётр Конюх. Нарадзіўся ў 1910 г. у Турцы на Навагрудчыне. Пры польскай уладзе сядзеў у турме за спяванне беларускіх песень. У 1941 г. быў высланы ў Сібір. Трапіў у армію Андэрса, адступіў разам з ёю, прымаў удзел у баях пры Монта-Касіна. Дзякуючы свайму выдатнаму голасу — басу, быў заўважаны, спяваў у самых славутых залах у Італіі. Выступаў у Лондане, Бруселі, Мюнхене, Нью-Йорку. Спявае класічныя творы і беларускія песні.

Мікола Стрэчань. Нарадзіўся ў 1944 г. У тым жа годзе бацькі вывезлі яго з Беларусі ў Германію. Жыў у Бельгіі, з 1956 г. — у ЗША. Вучыўся ў Дэ Пол Каледжы (Чыкага). Спявае ў оперы, а таксама беларускія народныя песні, песні беларускіх кампазітараў, у тым ліку і савецкіх — Семянякі, Туранкова, Лучанка і інш.

 

Вучоныя

Барыс Кіт. Нарадзіўся ў 1910 г. у в. Агароднікі на Навагрудчыне. Скончыў Беларускую гімназію, Віленскі універсітэт. Двойчы арыштоўваўся палякамі. Працаваў у розных навуковых установах. З 1947 г. — у ЗША. Буйны спецыяліст у галіне астранаўтыкі. У якасці эксперта браў удзел у перагаворах ЗША — СССР у 1959 г. па супрацоўніцтву ў галіне касманаўтыкі. Яго кнігу пра ракетнае паліва выдала ў 1960 г. выдавецтва «Мэкмілан».

Аляксандр Ружанец-Ружанцоў. Нарадзіўся ў 1893 г. у Вязьме. Вучыўся на гісторыка-філасофскім факультэце Маскоўскага універсітэта, потым — у Аляксееўскай вайсковай школе. Быў на фронце, ваяваў і ў Чырвонай Арміі і на баку белых. У 1919 г. — маёр у беларускім батальёне БНР. Выдаваў у 1920 г. часопіс «Варта бацькаўшчыны». Пісаў вершы пад псеўданімам Алесь Смаленец. З 1921 г. — у Коўне, сябраваў з В.Ластоўскім. Выдаў больш 20 бібліяграфічных прац. Актыўна супрацоўнічаў з нямецка-фашысцкімі захопнікамі. У 1944—1945 гг. разам з генерал-маёрам К.Езавітавым працаваў у штабе беларускіх вайсковых аддзелаў у Берліне. З 1949 г. — у ЗША. Выдаваў беларускі бібліяграфічны бюлетэнь. Памёр у 1966 г.

Іван Любачка. Родам з Полаччыны. Доктар філасофіі. Жыў у ЗША. Выдаў шмат самых розных кніг па гісторыі, у тым ліку кнігі «Беларусь пад савецкай уладай (1917— 1957 гг.)», «Адукацыя ў СССР» (1973) і інш.

Леў Акіншэвіч (1898—1980), прафесар-гісторык. Нарадзіўся на Гомельшчыне. Скончыў у Кіеве гімназію і універсітэт. Працаваў у АН УССР. Падтрымліваў сувязь з Інбелкультам, быў сталым супрацоўнікам часопіса «Полымя». У 1944 г. выехаў у Германію. З 1949 г. — у ЗША. Працаваў у бібліятэцы кангрэса ў Вашынгтоне. Напісаў шмат прац па-беларуску, па-англійску і па-ўкраінску. Даследаваў Вялікае княства Літоўскае.

* * *

Хтосьці правільна сказаў, што эміграцыя падобна на тую лужыну, што іншы раз хваляй выкідвае на бераг мора, на пясок — праходзіць час, і яна высыхае — знікае. І як гэта адбываецца, бачыш, амаль фізічна адчуваеш, калі гартаеш, чытаеш розныя эмігранцкія выданні — газеты, часопісы. У кожным нумары адзін, а то і два, тры некралогі... Паміраюць людзі — актыўныя ўдзельнікі тых ці іншых падзей, дзеячы самой эміграцыі. Паміраюць, закрываюцца і самі выданні... Няма каму іх чытаць, няма каму выдаваць, словам, ні маральных, ні матэрыяльных, ні літаратурных сіл... І гэта датычыць у роўнай ступені ўсіх эміграцый, у тым ліку і беларускай... Няма даўно ўжо В.Ластоўскага, П.Крэчэўскага, В.Захаркі... Няма і В.Адважнага, М.Забэйды-Суміцкага, Л.Геніюш, У.Жылкі... Няма і Р.Астроўскага, Ф.Кушаля, С.Станкевіча, М.Шчаглова... Няма і Ю.Віцьбіча, А.Салаўя, У.Клішэвіча... Дажываюць свой век Я.Ліманоўскі, Н.Арсеннева, А.Адамовіч, М.Сяднёў — ім каму ўжо за 80, каму трохі менш...

Закрываюцца і выданні. Даўно стала нябожчыцай «Бацькаўшчына», многія іншыя газеты і часопісы — «Беларускі голас», «Беларуская моладзь», «Баявая ўскалось», «Конадні»...

Што ж замест іх? З’явіўся новы публіцыст Я.Запруднік, які часта выступае па радыё і ў друку, новы спявак Данчык (Багдан Андрусішын) — ён надта ж хораша, душэўна спявае беларускія песні. Вось, бадай, і ўсё. Што ж да выданняў — новых няма. Словам, з беларускай эміграцыяй адбываецца тое самае, што і з іншымі — яна памірае. Праўду пісаў У.Клішэвіч, што «той, хто адарваўся ад сваёй Радзімы, асуджае сябе на паступовае духоўнае выміранне. У чужой краіне нашы дзеці яшчэ гавораць на роднай мове, а ўнукі падпадаюць пад поўную асіміляцыю».

Што ж, шкадаваць тых, хто пакінуў Радзіму — самае дарагое, што ёсць у чалавека, і не адумаўся, не вярнуўся, не служыць ёй, відаць, ці варта. Яшчэ Я.Купала калісьці раіў:

 

Не шукай ты шчасця, долі

На чужым далёкім полі...

 

 

І параду народнага песняра, яго папярэджанне і перасцярогу трэба помніць, ніколі ні пры якіх абставінах нікому не забываць!

1988 г.

 

 

У працяг размовы

Беларуская эміграцыя — малавядомая, амаль недаследаваная старонка ў гісторыі нашага народа. І, друкуючы ў часопісе «Маладосць» (1988, № 10—11), нататкі на гэтую тэму — плён маіх шматгадовых назіранняў, роздумаў і пошукаў, я, натуральна, спадзяваўся на дапамогу чытачоў — людзей розных узростаў і лёсаў: раптам хто-небудзь з іх падкажа сёе-тое і я ўнясу патрэбныя карэктывы, выпраўлю недакладнасці і непазбежныя ў такіх выпадках памылкі. Карыстаўся ж я аднымі матэрыяламі і звесткамі, а маглі быць і нейкія іншыя. Ды і не ўсё, што рабілася і робіцца суайчыннікамі, асабліва тымі, хто жыве далёка ад Радзімы, даходзіць да нас у Беларусь, а тым больш трапляе, хоць я быццам і цікаўлюся гэтым, мне на вочы... І я не ашукаўся ў сваіх спадзяваннях. Адразу ж пасля публікацыі нататак знаёмыя і незнаёмыя людзі пачалі паведамляць тое, што ведалі яны і чаго не ведаў я. Выявілася і яшчэ адно: некаторыя з тых, пра каго я пісаў, вучыліся і працавалі, а то і сядзелі ў турмах з людзьмі, з якімі гадамі я жыву побач, неаднойчы сустракаўся. Так, напрыклад, пісьменнік Васіль Хомчанка прызнаўся, што з паэтам Масеем Сяднёвым прабыў у адной камеры ў Мінскай турме даволі доўга, помніць і цяпер яго вершы, якія той чытаў тады таварышам па няшчасцю...

З Алесем Салаўём (Альфрэдам Радзюком) вучыўся ў педтэхнікуме Аркадзь Марціновіч, помніць яго і Нічыпар Пашкевіч. А журналіст Б.Сасноўскі з Лагойска расказаў пра Алеся Салаўя нават на старонках газеты «Літаратура і мастацтва» (17.02.1989). Паводле яго аповеду, ён, Б.Сасноўскі, пазнаёміўся з Алесем Салаўём — Альфрэдам Радзюком у 1939 г. у Мінску на нарадзе маладых пісьменнікаў і, даведаўшыся, як той бедна жыве, прапанаваў месца ў Лагойскай раённай газеце, дзе супрацоўнічаў сам да паступлення ў педінстытут імя М.Горкага. А.Радзюк з радасцю прыняў гэтае запрашэнне і пяшком накіраваўся ў Лагойск. Тут ён быў прыняты на працу ў рэдакцыю, і яго поспехам усе радаваліся, бо ён надта ж актыўна выступаў на старонках газеты з артыкуламі, замалёўкамі, сатырычнымі і лірычнымі вершамі... Калі пачалася вайна, А.Радзюк напісаў верш пра бандыцкі напад гітлераўцаў на нашу Айчыну. Верш не паспелі надрукаваць, ён застаўся ў рукапісе на наборнай касе. І калі раён акупіравалі ворагі, верш трапіў разам з іншымі матэрыяламі ў рукі фашыстаў...

А.Радзюк тым часам апынуўся ў лесе, дзе сустрэўся з пасланцом партыі Іванам Мацвеевічам Цімчуком,— ён быў накіраваны ў тыл ворага для арганізацыі партызанскай барацьбы.

Партызаны ў тыя першыя месяцы надта ж цярпелі ад холаду і голаду. А.Радзюк не вытрымаў выпрабаванняў, вярнуўся ў Лагойск і, вядома ж, трапіў у турму. Выратаваў яго малады паэт Уладзімір Дудзіцкі, які быў знаёмы з ім да вайны, забраў у Мінск, уладкаваў на працу ў рэдакцыю «Беларускай газэты».

«Я не ведаю выпадку,— піша Б.Сасноўскі,— каб Радзюк падтрымліваў немцаў. Але ў яго была крыўда на Савецкую ўладу за незаконны арышт бацькоў».

Няйнакш гэтая крыўда ды і матэрыяльныя цяжкасці (трэба было карміць меншых двух братоў і сястру, якія пасля арышту бацькоў асталіся на яго ўтрыманні) і прывялі А.Салаўя ў стан ворага — ён апынуўся ў Рызе, пачаў дапамагаць выдаваць часопіс «Новы шлях», а потым, баючыся расплаты за гэта, пакінуў Радзіму, адступіў разам з немцамі...

Удакладніліся і некаторыя факты з біяграфіі Ларысы Геніюш, асабліва тыя, што звязаны з жыццём у Празе. У сваіх успамінах, якія, на жаль, пакуль ненадрукаваны, яна паведамляе, што ў Прагу прыехала з сынам Юркам у «апошнія дні 1937 года». Навучылася там вельмі хутка гаварыць па-чэшску і ўсюды, як яна піша, «магла даць сабе рады». І хоць «некранутая войнамі Прага» ёй спадабалася, яна палюбіла яе, аднак «кахала толькі маю Беларусь». («Як жа часта шчымела мне сэрца туга па сваіх! У вачох стаяла мама з слязамі ў вачох пры развітанні. Так я апошні раз яе бачыла і болей ужо не сустрэла ў жыцці».)

Падзеі ж тым часам складваліся так, што гітлераўская Германія акупіравала Аўстрыю, і «чэхі адчувалі, што падобнае можа аднойчы быць і з імі. На жаль, яны не памыліліся» — «пасля 15 сакавіка 1939 г., у ветраны заснежаны дзень, увайшлі немцы ў Прагу». Муж Л.Геніюш Іван Пятровіч працаваў лекарам, аднак з прыходам немцаў становішча яго, ды і самой Ларысы Антонаўны, пагоршылася — яны былі грамадзянамі Польшчы, і палякі патрабавалі, каб чэхі ўсіх польскіх грамадзян вярнулі дадому. Да ўсіх іншых нягод дадаліся новыя — пасля вызвалення Заходняй Беларусі Чырвонай Арміяй быў арыштаваны бацька Л.Геніюш і пасаджаны ў Гродзенскую турму, а маці выслана ў Казахстан; родны ж брат Расціслаў, ратуючыся, трапіў у Польшчу і нечакана для сябе апынуўся ў фашысцкай няволі...

Ад гора Л.Геніюш вырашае пакончыць жыццё самагубствам...

Выратаваў яе муж, які ў той дзень раней часу вярнуўся дахаты...

Паступова ў Л.Геніюш выпрацавалася, як яна піша, «свая лінія, свая палітыка». «Будучыня была яшчэ пісаная віламі па вадзе, і арыентавацца на немцаў нам ніяк было нельга. Я паглядзела на іх палітыку, на варварства і адразу ж сабе падумала: «Каб не напісаць ім ні слова, як быццам яны наогул для нас не існуюць, а калі закрануць, дык праўдзіва, і з цэлай душы галубіць, апяваць, лялеяць сваю Беларусь, чаго нам ніколі не дазвалялі дагэтуль каланізатары нашай зямлі». Тады ж і вырашыла яна канчаткова для сябе: «Так, знача, я цяпер буду пісаць. Усё дарагое мне забралі, панішчылі. Але ёсць тут у няволі браты мае, цёмныя, нават не ведаюць добра, хто яны, самі сябе недаацэньваюць, вось я хачу аказацца для іх, але так: сэрцам да сэрца...»

У Берліне выходзіла газета «Раніца». І хоць яна была прафашысцкая, Л.Геніюш пасылае туды свае вершы — іншых выданняў, куды б можна было паслаць спробы пяра, яна не ведала. «Я хутка выбілася на першую старонку газеты, мяне палюбілі. А я, я толькі думала пра нашых людзей. Часам на каленях вымольвала ў Бога такія словы і мыслі, якія б падтрымалі ў няволі братоў маіх, не дазволілі ім забыць пра сем’і свае і сёлы. Каб рабілі іх упэўненымі ў сваіх чалавечых вартасцях, давала абразкі ім нашай гісторыі. Многа вершаў маіх паляцела ў рэдактарскі кош, шмат не прапусціла цэнзура, але я іх усё пісала маім братам і часам аж плакала».

І ў Івана Пятровіча і ў Ларысы Антонаўны не было грамадзянства. Тое, ранейшае, польскае было страчана, новага ж ніхто не даваў, яны былі, кажучы мовай акупантаў, «штатэнлёз», што дадало новыя цяжкасці. «Жылі мы з дня на дзень, вечныя чужынцы, птушкі без гнёздаў, у якіх надзея была толькі на Бога... Да нас пачалі заходзіць дзіўныя тыпы, яны проста выразна пыталіся аб нашым настроі, лаяльнасці. Што ж, мы без грамадзянства і не просім ніякага, а нямецкае нам напэўна далі б... Смешна».

У тыя дні зачасціў да Геніюшаў Іван Абрамавіч Ермачэнка. «Быў гэта лекар, які меў багатыя апартаменты ў цэнтры Прагі і абвесткі аб самім кабінеце друкаваў ва ўсіх чэшскіх газетах. Гэта быў вельмі добра апрануты сярэдняга росту нехуды чалавек, які вечна ўсміхаўся, але зусім не выклікаў да сябе даверу... Багаты гэты чалавек не меў ніякае літасці над беднымі сваімі суайчыннікамі. Ён наогул, як казалі, сэпараваўся ад іх, але вось цяпер пачаў браць удзел у беларускім жыцці, цікавіцца падзеямі і высоўвацца наперад. Я яго нечаму неўзлюбіла, і ён ніколі не здабыў маёй сімпатыі і майго даверу. Яго ўсе баяліся...»

У Ермачэнкі быў ад’ютант, нейкі Аўчыннікаў. Казалі, што некалі Ермачэнка быў пры цару ў яго за ад’ютанта, а цяпер, з прыходам немцаў, яны памяняліся ролямі. Пры БНР Ермачэнка быў консулам у Канстанцінопалі і там разбагацеў, прадаючы беларускія візы эмігрантам, што ратаваліся ўцёкамі за мяжу. «Вось гэты ад’ютант, які ні слова не ўмеў па-беларуску, а выступаў як прадстаўнік нашай нацыі, назаўтра пасля нямецкага нападу на СССР пачаў аб’язджаць нас усіх і тэрмінова склікаць у Камітэт1. У Празе гудзела, як у вуллі, быў страх і перапалох усюды, гестапа ліквідавала ўсё, чаго раней яшчэ не паспела. Аўчыннікаў наведаўся да ўсіх яшчэ раз. Мы ўсе паехалі, акрамя майго мужа, які ўсё ж мусіў зарабляць на хлеб... Сабраліся ўсе... Важна паселі, маўчалі. Адчувалася нейкае напружанне, неспакой, кожны думаў аб лёсе сваіх, ды і аб сваім. Ермачэнкі не было. Нарэшце ён выйшаў, з усмехам, але скрыўленым нейкім, няпэўным. Загадаў выбраць старшыню сходу. Яму зацемілі, што ён жа сам заўсёды нязменны старшыня сходу, але ён адказаў, што на гэты раз старшыня арганізацыі не можа быць старшынёй сходу. Выставілі кандыдатуры Захаркі, Забэйды, маю. Мы ўголас адмовіліся, хоць я паняцця не мела, што тут прадбачыцца. А было вось што: Ермачэнка зачытаў тэлеграму Гітлеру ад нашага Камітэта. Мы пачалі пратэставаць, што Камітэт самапомачы — арганізацыя апалітычная, не мае права даваць такіх тэлеграмаў. Ага, перад гэтым прыйшоў муж, які на дадатковы тэлефон Ермачэнкі спяшаўся сюды з працы. Яму не далі яшчэ сесці, ні апамятацца, як ужо «выбралі» старшынёю сходу. Ермачэнка пачаў чытаць тэлеграму. Я нічога яшчэ ў гэтым не разумела, а муж збялеў. Ён бачыў хітры і подлы ход Ермачэнкаў... Тэлеграму акрэсліў Ермачэнка «ад беларусаў у Празе», ці нейк гэтак. Напісалі пратакол сходу, але ніводзін з нас не падпісаў яго! Не падпісалі гэтага сведама...

Першы і апошні раз быў муж старшынёй на беларускіх сходах, а ў Камітэце тым больш, тэлеграму гэтую падалі без яго, за подпісам, як казаў Ермачэнка, «старшыні сходу»... Самае тут цікавае тое, што хутка з кватэры Ермачэнкі згінуў архіў «Беларускага камітэта самапомачы ў Празе». Ермачэнка, як заўсёды, усміхаўся. І вось гэты архіў апынуўся ў Менску, і паводле яго нас судзілі. Толькі там была зроблена яшчэ адна подласць — на непадпісаным пратаколе ўсе нашы подпісы былі выведзены пад капірку! Калі мне паказаў гэта Коган, мой следчы, я тады зразумела подласць не толькі нямецкіх агентаў... Я зразумела многа, і мне стала сорамна за ўсіх гэтых людзей, якія асачылі нас, як гончыя, рабілі вось такія правакацыі і мелі нагласць называцца ўраднікамі, рэпрэзентамі народа, які такі чысты быў, такі няшчасны і які я так горача, на ўсё жыццё, пакахала. Дык вось што знача іх «праўда»! Не, з такімі мне і ўсім добрым людзям, якія хочуць, каб існаваў свет, не па дарозе! Гэта нізасць, за якую пасаромеўся б бандыт...»

Адгукнуўся на маю публікацыю аўтар аповесці «Змагарныя дарогі» і рамана «Гараватка» («Дзярлівая птушка», Таронта, 1965; «Закрываўленае сонца», Таронта, 1974; «Беларусы, вас чакае зямля», Таронта, 1981) Кастусь Акула. У лісце, які прыслаў з далёкай Канады на імя галоўнага рэдактара часопіса «Маладосць», ён піша:

«Летась у адзінаццатым нумары Вашага часопіса быў змешчаны артыкул Барыса Сачанкі пад загалоўкам «Беларуская эміграцыя», дзе ў раздзеле «Літаратура» аўтар прысвяціў некалькі месца і маёй асобе.

Варта вітаць Сачанкаву ініцыятыву. Спадзяюся, што Вас і аўтара гэнага артыкула зацікавяць мае заўвагі. Ідзе пра некаторыя факты з майго жыцця, якія аўтар, мяркую, прачытаўшы «Змагарныя дарогі», падае няправільна. Гэтак ён кажа, што я «адступіў у Германію, браў удзел у баях супраць саюзных войск» у 1944-м годзе.

У лістападзе 1944 г., апынуўшыся ў 30-й дывізіі (СС), зарганізаванай пераважна з беларусаў, у Эльзасе нас размясцілі насупраць французскай арміі ў ваколіцах Мюльгоўзэ-Альткірх, на падыходзе да Рэйна. Мы зрабілі старанні, каб французы ведалі, што змагацца з імі не будзем, адно чакаем іхнае афэнзывы, каб без бою перайсці на бок хаўруснікаў. У тым жа раёне, каля Клервалу, нашыя кадэты з Менскае школы камандзераў БКА позняй восенню перайшлі ў гарах да французскіх макісаў (антынямецкага рэзістансу).

У дзень наступу французаў 26-га лістапада на нашым адрэзку французы не сустрэлі ніякага супраціву з нашага боку. Гэты факт можна лёгка спраўдзіць у архівах ваеннае хронікі. Такім чынам мы апынуліся на баку хаўруснікаў. Агульна мне няведама ніводнага выпадку, каб якая збройная адзінка беларусаў пад нямецкім камандаваннем вяла дзе бой на заходнім фронце супраць хаўруснікаў.

Цікава, што Сачанка не згадвае, што я браў удзел у апошняй афэнзыве хаўруснікаў, у ліку Брытанскай восьмай арміі (польскага корпуса) у Італіі, ды закончыў свой «баявы шлях» пры вызваленні Балоніі.

Аўтар артыкула цвердзіць, што я «ў час вайны вучыўся ў школе беларускіх «ахвіцэраў», якую арганізавалі гітлераўскія акупанты ў Мінску».

Выпадае сказаць пра гэту школу. Вясною 1944 года я вучыўся ў Віленскай Беларускай гімназіі. Тым з нас, што пільна сачылі за ваеннымі дзеяннямі на франтох, ясна было, што гэтай вясной ці летам савецкія арміі займуць Беларусь. І думаў чалавек: ці сядзець, разявіўшы рот, ды чакаць, пакуль ведамы «бацька народаў» падмяце ўсю моладзь і пагоніць да «даеш Берлін!»?

Неўзабаве здарылася магчымасць добраахвотнікамі пайсці ў Школу камандзераў Беларускай Краёвай Абароны ў Менску, якая, меркавалася, дасць пагоду адступіць на захад, каб вырвацца з рук і «бацькі народаў» і берлінскага тырана. А для нас яны былі «абое рабое».

У Менскай школе «ахвіцэраў» я апынуўся ў пачатку чэрвеня. Сабралася звыш 300 кадэтаў — усе добраахвотнікі. Мне тады не было яшчэ 19-ці гадоў. Крыху нас паганялі, вучылі маршыраваць, але нічога ваеннага мы так і не навучыліся да 29-га чэрвеня, калі давялося пакінуць Менск. Праехаўшы-прайшоўшы праз Прусію і Нямеччыну, апынуліся ў Францыі.

Цікава, што Сачанка не ўспамінае пра школу афіцэраў, якую я скончыў. Была гэта брытанская школа панцырнай зброі ў Кэтэрык Камп у Ёркшыр, якую скончыў у 1945— 46 гадох з добрымі адзнакамі, пасля чаго быў вернуты ў панцырны аддзел Брытанскай восьмай арміі (польскі корпус) у Італіі.

Аўтар артыкула кажа, што маё «сапраўднае прозвішча Качан». Нехта можа падумаць, што Акула замаскаваўся, дый, пэўне ж, не без прычыны. Выясняю. Прозвішча «Качан» я ўжываў да снежня 1944-га года. Тым з нас, што паступалі ў Другі польскі корпус у Італіі з-пад нямецкае акупацыі ці раней насілі нямецкі мундзір, давалі магчымасць (нават раілі) змяніць прозвішча з прычыны ваеннае бяспекі. Пойдзеш на фронт, дзе здараюцца розныя непрадугледжаныя нечаканасці. І што станецца, калі апынешся ў нямецкім палоне ды немцы даведаюцца, што некалі насіў іхны мундзір?

Як шмат іншых, я змяніў сваё прозвішча. Гэта была легальная змена, адпаведна задакументаваная тымі ўладамі, якім тады падпарадкоўваўся. Такім чынам, маё цяперашняе прозвішча такое ж сапраўднае, як і ранейшае, тое, што меў да 19-ці гадоў жыцця.

Вышэйзгаданыя тры факты апісаныя ў «Змагарных дарогах».

Мне здаецца, што цяперашняя «галоснасць», запачаткаваная вашым генсекам Кампартыі Гарбачовым, дае магчымасць нам на добрую абмену думак. Ёсць падставы спадзявацца, што яна спрычыніцца да працэсу ліквідацыі некаторых «белых плямаў» і з гісторыі Беларусі падчас апошняе сусветнае вайны. Галоўнае ж, з фактамі трэба быць надта асцярожнымі. Іх можна, патрэбна і неабходна правяраць, каб нікому не было ніякага ўрону. Адно гэтак нашыя «факты і меркаванні», наводля Сачанкавага артыкулу, дадуць карысць беларускаму народу пры вывучэнні свае мінуўшчыны.

Жадаю Вам поспехаў у працы.

З пашанай

Кастусь Акула».

Ліст К.Акулы я невыпадкова прывёў цалкам, не мяняючы ні слова. Згодзен я з аўтарам у тым месцы, дзе ён гаворыць, што «з фактамі трэба быць надта асцярожнымі. Іх можна, патрэбна і неабходна правяраць, каб нікому не было ніякага ўрону. Адно гэтак нашыя «факты і меркаванні» [...] «дадуць карысць беларускаму народу пры вывучэнні свае мінуўшчыны». Правільныя, залатыя словы! Праўда — і я мяркую, што К.Акула згодзіцца са мною,— што некаторыя факты не заўсёды лёгка знайсці, а тым больш праверыць ці пераправерыць. Ды і часта паўстае пытанне: верыць ім ці не верыць? Кожны ж удзельнік тых ці іншых падзей імкнецца падаць іх па-свойму. Вось і К.Акула ў гэтым лісце ў рэдакцыю піша: «У Менскай школе «ахвіцэраў» я апынуўся ў пачатку чэрвеня. Сабралася звыш 300 кадэтаў — усе добраахвотнікі». А вось што пісаў у артыкуле «Няздзейсненыя спадзяванні» («Беларуская моладзь», 1964, № 21) вядомы і аўтару ліста, былы камандуючы Беларускай Краёвай Абароны Ф.Кушаль, якому, дарэчы, ён у прадмове да «Змагарных дарог» «за помач у інфармацыях» склаў «вялікае беларускае дзякуй»: «Атрымаўшы згоду нямецкіх уладаў, БЦР правяла прапаганду ды раўналежна з ахвіцэрскімі курсамі перашкалення, у другой палавіне чырвеня 1944 г. у вахвіцэрскую школу ў Менску з’ехаліся 280 маладых кандыдатаў». Каму верыць?

Даволі спрошчана і, здаецца, не зусім праўдзіва паведамляе К.Акула і ў лісце ў рэдакцыю, ды і ў аповесці «Змагарныя дарогі» пра свой далейшы лёс і лёс многіх сяброў па «школе ахвіцэраў» (паводле Ф.Кушаля) і «Школы камандзераў Беларускай Краёвае Абароны» (паводле яго самога, К.Акулы). Той жа самы Ф.Кушаль у згаданым ужо артыкуле пісаў пра ўсё гэта так: «28-га чырвеня бальшавіцкая армія пачала набліжацца да Менску. Пачалася хаатычная эвакуацыя. 29 чырвеня ахвіцэрская школа пешым маршам падалася на Вільню. Ужо у часе гэтага маршу маладыя хлопцы, няпрывыкшы да фарсованых тэмпаў, пачалі аставацца. У Вільні яны трапілі пад жудаснае бамбардаванне, прычым 6 вучняў было забітых, а колькі раненых. Пасля гэтага школа была пасаджаная ў цягнік і, перажыўшы шмат турботаў, была ў канцы ліпеня няпраўна й насуперак дакляраванням немцаў прыдзеленая да г. зв. брыгады Зыглінга. Зыглінг, гэты запраўды злы дух беларускае вайсковасці за немцамі, падзяліў школу на асобныя пададзелы, і гэтак школа была зліквідавана». З іншых, больш дакладных крыніц вядома, што па ўказанню рэйхсфюрэра СС Гімлера ў студзені 1945 года ў Баварыі, у мястэчку Гіршан, пачала камплектавацца штурмавая брыгада войск СС пад назвай «Беларусь». Камандзірам яе быў прызначаны оберштурмбанфюрэр Зыглінг, які пакінуў аб сабе на Беларусі крывавую памяць, бо, камандуючы 57-м карным батальёнам СС, учыніў нямала жахлівых злачынстваў — расстрэльваў ні ў чым не вінаватых людзей — старых, жанчын, дзяцей, паліў вёскі, праводзіў у жыццё так званую палітыку «спаленай зямлі»... Многія свае карныя «экспедыцыі» Зыглінг здзяйсняў сумесна з батальёнам Беларускае Краёвае Абароны, якім камандавалі Рагуля, Мерляк і іншыя фашысцкія прыхвасні.

Брыгада «Беларусь» (па іншых крыніцах — дывізія) камплектавалася не адзін месяц, і асобныя яе «звязы» яшчэ ў час камплектавання пасылаліся гітлераўцамі на фронт. Так, ваякі з гэтых новаспечаных эсэсаўцаў былі неважнецкія, многія з іх у першых жа баях здаваліся ў палон, масава пераходзілі на бок саюзнікаў («хаўруснікаў»)... Урэшце — пра гэта я пісаў у сваіх нататках «Беларуская эміграцыя: факты і меркаванні» — брыгада (дывізія) «Беларусь» у канцы красавіка 1945 г. здалася ў Баварыі ў палон амерыканцам. Гэта факты, а факты, як кажуць, упартая рэч, ад іх нікуды не падзенешся...

У аповесці «Змагарныя дарогі» — «хаця яна і названая літаратурным жанрам «аповесць», фактычна ж з’яўляецца аўтабіяграфічным дзённікам аўтаравых успамінаў з мінулае вайны і такім чынам належыць не да мастацкае ў сціслым значэнні, але, як успаміналася, да мэмуарнае літаратуры, адно пададзенай у мастацкай форме» (Ст. Станкевіч) — К.Акула — пра гэта гаварылася — «паспрабаваў асэнсаваць перажытае ім самім у гады вайны, зрабіў спробу абяліць фашысцкіх прыхвасняў і забойцаў, прыдаўшы ім арэол нейкіх «барацьбітоў за нацыянальныя інтарэсы беларускага народа» («Маладосць», 1988, № 11). Ці не тую самую спробу робіць К.Акула і ў сваім лісце, цяпер ужо маючы на ўвазе сябе? На жаль, праверыць факты, якія ён паведамляе, у мяне няма магчымасці,— друкуючы ж самыя брудныя антысавецкія опусы, тыя, хто апынуўся за межамі Бацькаўшчыны, не паклапаціліся, не зрабілі спробы выдаць хоць бы даведнік пра сябе тыпу «Хто ёсць хто» ці хоць бы самую маленькую энцыклапедыю. Ды што — нават колькі-небудзь вартай бібліяграфіі выданняў (газет, часопісаў, кніг) і то няма. І мне, каб расказаць пра таго ці іншага «дзеяча» эміграцыі, давялося дзе толькі ні капацца, каб адшукаць хоць якія звесткі, а некаторыя факты браць і «напавер», бо ўдакладніць іх проста няма дзе. Таму я вельмі спадзяваўся на чытачоў, на іх дапамогу. З эмігрантаў на маю публікацыю адгукнуўся толькі адзін К.Акула, за што я шчыра яму ўдзячны. Ён мужна перанёс мае даволі крытычныя ацэнкі яго твораў, не ўступіў у спрэчку адносна іх вартасці, што робіць ужо само па сабе гонар, паказвае: К.Акула не толькі таленавіты пісьменнік, але мае і прафесійны такт, культуру. Заўвагі яго датычаць біяграфіі. Навошта ж прыпісваць грахі, якіх ён не мае? І тут я разумею яго і падзяляю турботу. Аднак калі К.Акула бярэцца апраўдваць здраду свайму народу, сваёй зямлі, Радзіме тым, што, маўляў, і «бацька народаў» і «берлінскі тыран» былі «абое рабое» і ён, К.Акула (тады Качан), баяўся, што «ведамы «бацька народаў» падмяце ўсю моладзь» (а значыцца, і яго!) і пагоніць на «даеш Берлін!», то... мне хочацца лаяцца. Хіба ж можна блытаць божы дар з самай звычайнай яешняй?!. Што гэта? Наіўнасць? Цынізм?..

«Цяперашняя «галоснасць», запачаткаваная вашым генсекам Кампартыі Гарбачовым, дае магчымасць нам на добрую абмену думак. Ёсць падставы спадзявацца, што яна спрычыніцца да працэсу ліквідацыі некаторых «белых плямаў» і з гісторыі Беларусі падчас апошняе сусветнае вайны»,— піша К.Акула. Дадам ад сябе: пры ўмове, калі мы будзем да канца шчырыя, праўдзівыя, не будзем каго б там і што б ні было ні абяляць, ні ачарняць, будзем гаварыць усё як на духу, памятаючы, што ў хлусні кароткія ногі, брахнёю свет пройдзеш, а назад не вернешся. Ды і мы не вечныя, можам у любы час адысці, а праўда, якая б яна ні была, нават самая горкая, павінна астацца, жыць...

Добра ведаючы палемічны задзёр К.Акулы — прачытаў жа многае з таго, што друкаваў ён на старонках беларускіх эмігранцкіх выданняў, ды і ў рускамоўным канадскім «Современнику» — яго ліст мяне прыемна здзівіў сваім спакойным тонам. Заўсёды б усім так! На жаль, гэтага я не магу сказаць пра тыя перадачы, што вядуцца на беларускай мове рознымі радыёстанцыямі на нашу рэспубліку і якія ўдзялілі немалую ўвагу гэтай маёй публікацыі. Зноў жа — замест таго, каб падказаць аўтару, дзе ён памыліўся, напісаў не тое ці не так, чаго не адлюстраваў, хоць і трэба было б, яны ўступілі ў доўгія спрэчкі па дробязях, якія маюць адносіны хутчэй да светапогляду, палітыкі, а не да зместу, фактаў. Таму адказваць ім я не буду — ведаю: чым далей у лес, тым болей дроў. Дый, шчыра кажучы, шкада часу. Параіў бы хіба: і вам, спадары, пара б перабудавацца!..

Знайшліся і такія, хто паспрабаваў абвінаваціць мяне, быццам я знарок умоўчаў некаторыя факты і асобы. Як прыклад, прыводзілася прозвішча майго земляка Аўгена Калубовіча, які родам з Хойніцкага раёна (в. Бабчын). Ён быў арыштаваны ў 1930 г., адбыў пакаранне ў адным з сібірскіх лагераў, працаваў потым у Акадэміі навук, а ў гады вайны, стаўшы «сябрам» Беларускай Цэнтральнай Рады, узначальваў так званае Беларускае культурнае згуртаванне. Каб ніхто так не думаў, паведамляю: Аўген Калубовіч таксама адступіў з немцамі, жыў у ЗША. Там, на эміграцыі, ён выдаў некалькі кніг, у прыватнасці «Пясняр свабоды й красы» (у 30-я ўгодкі смерці М.Багдановіча) (Баварыя, 1947), «Мова ў гісторыі беларускага пісьменства», кн. І: «Лёс помнікаў старога беларускага пісьменства» (рукапіснага й друкаванага) (Мюнхен — Лондан, 1974 — 1975); кн. 2: «Дасюлешні стан вывучэння помнікаў беларускага пісьменства Х—XVIII ст.» (Гістарыяграфічны агляд) (Кліўленд, 1978); «Айцы» БССР і іхны лёс» (Кліўленд, 1982). Выдаў ён і даволі аб’ёмную кнігу пра сваё юнацтва і тыя нягоды, што напаткалі яго ў турмах і лагерах. Назва яе — «На крыжовай дарозе» (Кліўленд, 1986). Напісаў ён і ўспаміны аб сваіх сустрэчах з Янкам Купалам і Якубам Коласам, якія змешчаны ў зборніку «Янка Купала й Якуб Колас» (1982, ЗША).

Вядома, мае нататкі пра беларускую эміграцыю не ахопліваюць усіх яе бакоў і праяў і ні ў якім разе не прэтэндуюць на паўнату, усёабдымнасць і вычарпальнасць.

P. S. Пакуль рыхтаваўся гэты матэрыял да друку, з’явіўся водгук на маю публікацыю і на старонках «газэты беларусаў у вольным свеце» («Беларус», 1989, № 355). Нічога новага, тыя самыя, што і ў радыёперадачах, папрокі і галаслоўныя абвінавачванні, зусім беспадстаўныя намёкі. Аўтар водгука — Янка Запруднік, які даўно спецыялізуецца на непрыманні ўсяго, што робіцца і пішацца за межамі «вольнага свету», асабліва ў яго роднай Беларусі. Ніякага плюралізму думак і поглядаў ён не дапускае, хоча, каб усе на ўсё глядзелі толькі яго вачыма, думалі так, як думае ён, словам, яго погляд — гэта ісціна ў апошняй інстанцыі, яна — канчатковая, неабвержная. Вядомая справа, Я.Запруднік не верыць ні ў якую нашу перабудову, дэмакратызацыю нашага грамадства, галоснасць. Што ж, фамы неверуючыя былі і будуць, як былі і будуць тыя, хто белае называе чорным, а чорнае — белым. І не таму, што так яго бачаць ці лічаць, а таму, што так бачыць і лічыць выгадна.

Няўжо і сёння яшчэ ёсць прастакі, хто верыць такім, клюе на іх прыманку?..

1989 г.

 

1 Маецца на ўвазе «Беларускі камітэт самапомачы».

На зямлі беластоцкай

Дзе толькі, у якіх краях не жывуць цяпер беларусы! Раз’ехаліся, разбрыліся па ўсім, можна сказаць, свеце. Ёсць і такія, што жывуць быццам дома, на спрадвечнай бацькоўскай зямлі, і, аднак, не ў Беларусі, як, напрыклад, беластачане — жыхары блізкіх да Белавежскай пушчы вёсак і мястэчак, што па волі лёсу апынуліся пасля Вялікай Айчыннай вайны ў межах Польскай Народнай Рэспублікі. Іх, беларусаў-беластачан, некалькі сот тысяч. І, збіраючыся ў чарговую паездку ў ПНР, я не-не дый думаў пра іх: меўся ж гэты раз пабываць у гасцях у сваіх суродзічаў...

 

З Мінска мы — галоўны рэдактар выдавецтва «Мастацкая літаратура» Серафім Антонавіч Андраюк і я — выехалі раніцою. Быў чэрвень месяц, яго другая палова, а калі быць зусім дакладным — дзевятнаццаты дзень. Развітаўшыся са сталіцай рэспублікі і апынуўшыся ў купэ вагона, мы сядзелі на мяккай канапе, глядзелі ў акно на знаёмыя, такія любыя сэрцу палі, лясы, вёскі, што праносіліся міма, і ціха, няспешна гаварылі. Пра што? Ды ўсё пра тых жа беларусаў-беластачан. Справа ў тым, што там, у суседняй з намі дзяржаве, працуе Беларускае грамадска-культурнае таварыства (БГКТ), выдаецца штотыднёвік «Ніва», існуе літаратурна-мастацкае аб’яднанне «Белавежа», якому сёлета споўнілася трыццаць год. У сувязі з гэтай датай намячаліся некаторыя мерапрыемствы, на якія мы і былі запрошаны. Нам было вядома, што ў нашых сяброў-літаратараў узніклі цяжкасці з выданнем кніг на роднай мове. Няма паперы, няма грошай, каб аплачваць выдаткі. І мы меркавалі, як бы дапамагчы «белавежцам», каб яны не адчувалі сябе абдзеленымі, адарванымі ад Беларусі, мелі тыя самыя правы і магчымасці, што і ўсе нашы пісьменнікі, незалежпа дзе хто жыве — напісаў добры твор ці кнігу — прысылай у выдавецтва. А далей... Перавагу няхай атрымлівае не той, хто бліжэй, а той, хто лепш напісаў...

Ад «белавежцаў» і іх праблем гутарка незаўважна перайшла да ўсёй Беласточчыны. У часе апошняй вайны мне давялося самому пабываць там — некалькі тыдняў сядзеў у Беластоку за калючым дротам у фашысцкім лагеры, а Серафім Антонавіч... Ён там, у гэтым краі, у вёсцы Градзялі, і нарадзіўся. І мне цікава было ведаць, як так здарылася, што, нарадзіўшыся на Беласточчыне, тым не менш Серафім Антонавіч жыве ў Савецкай Беларусі — тут закончыў школу, тут вучыўся ва універсітэце, тут і працуе. Неяк так выйшла, што быццам і даўно мы знаёмы, часта сустракаемся, нават сябруем, а пра гэта так ні разу і не пагаварылі. І Серафім Антонавіч раптам ажывіўся, аж пачырванеў — пачаў успамінаць, як адразу ж пасля вызвалення, калі стала вядома, што іх родныя мясціны адыходзяць пад Польшчу, у Градзялі прыехала начальства і аб’явіла, што калі хто не хоча жыць у Польшчы, то можа пераязджаць у Савецкі Саюз, выбіраць для свайго жыхарства любы горад альбо вёску. І Серафімаў бацька, які ўсё жыццё цягнуўся да Савецкай улады і за гэта шмат меў непрыемнасцей і пакут пры санацыйных польскіх уладах, вытрымаўшы, вядома, папярэдне не адну сварку з маці, вырашыў пакінуць бацькоўскі кут. Месцам для свайго новага жыхарства ён чамусьці выбраў Сумскую вобласць — надта ж расхвальвалі яе розныя вярбоўшчыкі. Але калі прыехаў туды, не спадабалася яму там — нідзе ні грыўкі лесу, воку няма за што зачапіцца: куды ні паглядзі — чыстае голае поле. І ён адтуль надумаў перабрацца бліжэй да сваёй бацькаўшчыны — пасяліўся ў Карэліцкім раёне, у вёсцы Бербашы. Там ён і дажыў свой век.

— І што, усе Андраюкі выехалі ў Савецкі Саюз, так ніхто і не астаўся ў Градзялях? — пытаў я ў Серафіма Антонавіча.

— Чаму ж, асталіся... Уся, можна сказаць, наша радня.

— І табе не хочацца пабываць у тых мясцінах, дзе нарадзіўся, дзе прайшло дзяцінства?

— Вядома, хочацца,— усміхнуўся Серафім Антонавіч.— Летась, калі ездзіў у Лодзь, зрабіць гэта не ўдалося... Можа, цяпер пашанцуе...

Я ўспомніў, што ў Беларусі некалькі пісьменнікаў, якія нарадзіліся на Беласточчыне,— Аляксей Карпюк, Пятрусь Макаль, Уладзімір Казбярук...

— Відаць, і іх бацькі не захацелі жыць па той бок савецкай мяжы,— сказаў я.

— Бачыш,— задумаўся Серафім Антонавіч,— ва ўсёй Заходняй Беларусі была вялікая цяга да ўз’яднання, жаданне жыць у адзінай беларускай сям’і. Нацыянальны ўціск з боку палякаў, вечная пагарда, знявага, што ты мужык, хлоп... Ды і Савецкая ўлада вабіла... Людзей, хто пакінуў родныя мясціны і пераехаў жыць у Савецкую Беларусь, можна зразумець... Як зразумець і тых, хто не паехаў, астаўся жыць па той бок мяжы. Родны кут, родная зямля, магілы бацькоў... Каго яны ні трымаюць...

— Хто выйграў, хто прайграў? — глядзеў я на Серафіма Антонавіча.

— Цяжка сказаць,— уздыхнуў, паціснуў плячыма Серафім Антонавіч.— Кожны штосьці выйграў, і кожны штосьці прайграў. Адны страцілі родны кут, другія апынуліся адарваныя ад агульнай нашай беларускай сям’і. Куды лепш было б, каб усе беларусы жылі разам.

— Але ж такога, мабыць, ніколі не будзе,— сказаў я.

— Відаць, так,— паківаў галавою, сумна ўсміхнуўся Серафім Антонавіч.

 

У Варшаве нас сустрэлі пані Каця — супрацоўніца апарата Саюза польскіх пісьменнікаў — і прафесар Аляксандр Баршчэўскі, ён жа — паэт Алесь Барскі — старшыня Галоўнага праўлення БГКТ, загадчык кафедры беларускай філалогіі Варшаўскага універсітэта. Што да пані Каці, дык яна, выканаўшы свае службовыя функцыі, развіталася і, паколькі была нядзеля, пакінула нас, паехала дадому. Ну а Алесь узяўся намі апекавацца — адвёз у гасцініцу — яна была ў цэнтры Варшавы, пры Доме літаратара,— уладкаваў у прасторны і вельмі ўтульны нумар, з акна якога быў відаць помнік каралю Зыгмунту і Каралеўскі замак. З Алесем мы правялі ўвесь той дзень, ды, можна сказаць, і ўсе астатнія. І, ходзячы, ездзячы з ім, мяне ўвесь час не пакідала думка, колькі энергіі, энтузіязму ў гэтага чалавека, як любіць ён свой край і ўсё ў ім сваё, роднае, беларускае. Каб было больш такіх людзей, не была б Беларусь сёння такая, як ёсць. Сваім краем, Беларуссю, ён проста мроіць, адстойвае ўсё роднае пры любых умовах. Многае, што робіцца дзеля нас у Польшчы,— яго заслуга. Ён смела і актыўна бароніць тут нацыянальныя інтарэсы беларускай меншасці, рыхтуе настаўнікаў беларускіх школ, беларусаведаў-вучоных; ён рэцэнзуе творы беларускай літаратуры ў польскіх выдавецтвах, раіць, што выдаваць, сам многае перакладае. У яго перакладах і з яго прадмовамі выйшлі ў ПНР кнігі беларускіх народных казак «Д’яблава скрыпка» і «Невычэрпны збан», зборнік вершаў Янкі Купалы. Алесь Барскі — адзін з самых актыўных аўтараў «Нівы»: выступае на яе старонках не толькі з вершамі, але і з артыкуламі, нарысамі — падымае пытанні нацыянальнай самасвядомасці, розныя аспекты маральнага і культурнага побыту. Напісаў ён і некалькі надзвычай цікавых падарожных нататак са сваіх паездак па Савецкім Саюзе, Амерыцы... Спрабуе ён сілы і ў прозе — тыя раздзелы з яго «кнігі жыцця», што надрукаваны ў «Ніве», пра даваенныя часы і часы нямецкай акупацыі — каларытныя, праўдзіва і па-мастацку пераканаўча перадаюць атмасферу тагачаснага жыцця; запамінаюцца і вобразы людзей, што ён стварае. Спрабаваў ён працаваць і ў драматургіі. А найбольш, найлепш зарэкамендаваў сябе Алесь Барскі як паэт. У Беластоку ў яго выйшла тры кнігі паэзіі — «Белавежскія матывы» (1962), «Жнівень слоў» (1967), «Блізкасць далёкага» (1963); дзве кнігі паэзіі— «Мой бераг» (1975) і «Лірычны пульс» (1987) выйшлі ў Мінску. Асабліва, як мне здаецца, яму ўдаюцца лірычныя вершы, што прысвечаны роднаму краю і каханню. Экспрэсія, метафара, нечаканы паварот думкі, афарыстычнасць, багатая мова — вось тое, што іх вылучае, робіць блізкімі душы. Ён — наватар ў паэзіі, але ніколі не адрываецца ад нацыянальнай глебы. Словам, Алесь Барскі паэт, і паэт сапраўдны, як кажуць, божай міласцю. Яго маленькая радзіма — вёска Бандары на Беласточчыне, дзе ён нарадзіўся і вырас, стала вялікім светам, крыніцай натхнення, шчасця і творчасці; тут ён чэрпае і сваю паэзію і сэнс жыцця. У Польшчы, ды і ў Беларусі, добра ведаюць Алеся Барскага — Аляксандра Баршчэўскага і як вучонага: ён абараніў дзве дысертацыі — кандыдацкую па творчасці Якуба Коласа (1906 — 1930 гг.) і доктарскую на тэму: «Беларускі фальклор і абраднасць усходняй Беласточчыны»; ён аўтар і двухтомнай «Гісторыі беларускай літаратуры», шэрагу артыкулаў, прысвечаных творчасці як сучасных пісьменнікаў, так і пісьменнікаў-класікаў. Не толькі ў Польшчы Алесь адстойвае інтарэсы беластачан, але і ў Савецкай Беларусі, калі сюды прыязджае. Дзе толькі, у якіх арганізацыях ні бывае, каб нагадаць, што там, за мяжою, на Беласточчыне, жывуць такія самыя беларусы, як і ў нас, у рэспубліцы, што яны патрабуюць увагі і клопату з боку не толькі польскіх улад, але і беларускіх. Ёсць і яшчэ шмат іншых прывабных рыс у нашага сябра — ён заўсёды ў добрым настроі, аптыміст і нават у самыя скрутныя, змрочныя хвіліны не губляе надзеі на лепшае. У часы, калі проста брала за горла ўсіх і душыла «Салідарнасць», калі яго выжывалі з універсітэта, ён не разгубіўся, не хаваў сваёй прыхільнасці да Савецкай улады і Савецкага Саюза. Адным з першых у ліку некалькіх смельчакоў падпісаў ліст пра неабходнасць стварэння новага Саюза польскіх пісьменнікаў (ліст той быў надрукаваны ў газеце «Трыбуна люду»). А калі дадаць, што Алесь таварыскі хлопец, хлебасольны гаспадар, востры на язык і надта ж любіць дасціпныя жарты, а то і кепікі, не церпіць маны, дык быць у яго кампаніі — адна прыемнасць, любата. Дый дасведчанасці яго ў многіх пытаннях можна хіба толькі пазайздросціць. Здаецца, і нямала сустракаліся з ім, аднак кожны раз ён раскрываецца неяк па-новаму і заўсёды з самага лепшага боку. Ён, Алесь, і пазнаёміў мяне і Серафіма Антонавіча з гасцямі, што прыехалі са Злучаных Штатаў Амерыкі на свята «Белавежы» — Міколам Заморскім і Томасам Бэрдам. Што гэта за людзі? Мікола Заморскі — беларус, родам з-пад Жлобіна. У часе вайны апынуўся ў фашысцкай Германіі, а потым выехаў у Амерыку. Там ён выпускае нейкую медыцынскую апаратуру, з чаго і жыве. Томас Бэрд — прафесар аднаго з нью-йоркскіх універсітэтаў, саветолаг, які захапіўся вывучэннем Беларусі. У Амерыцы надрукавана некалькі яго прац, прысвечаных нашай літаратуры; ён адзін з арганізатараў выступленняў пісьменнікаў, што ўключаюцца ў склад дэлегацый на Генеральныя Асамблеі ААН, са студэнтамі і выкладчыкамі універсітэтаў і коледжаў Нью-Йорка. Дарэчы, і Томас Бэрд і Мікола Заморскі добра ведаюць беларускую мову, размаўляюць на ёй без усякага, як кажуць, акцэнту... З Алесем мы пабывалі ў Доме савецкай культуры і навукі, дзе выступілі на вечары, прысвечаным пачатку вайны — нападу гітлераўскай Германіі на Савецкі Саюз; з ім, Алесем, наведалі кафедру беларускай філалогіі Варшаўскага універсітэта, дзе пазнаёміліся з выкладчыкамі і студэнтамі, бібліятэкай...

Ало я, мабыць, захапіўся, час паслухаць і самога Алеся.

Алесь Барскі:

«Аб пісьменніку павінны гаварыць перш за ўсё яго творы, а не яго выказванні. Калі, аднак, я знаходжуся пры слове, дык хачу падкрэсліць, што поле, ралля якраз і з’яўляюцца для мяне паэзіяй. Гаворачы крыху па-другому, ведаю, што зямля вырастае з паэзіі, а паэзія з зямлі. Праўда, не вельмі ведаю, дзе канчаецца поле і пачынаецца паэзія або дзе пачынаецца поле і канчаецца паэзія. А быць можа, пачынаюцца гэтыя субстанцыі ўсюды і не канчаюцца нідзе. Толькі трэба мець «нюх», каб вычуць, дзе яны, і ўмець да іх прытуліцца.

Процілегласцю некаторым нашым аўтарам, якія пішуць і жывуць так, што, чытаючы іх і прыглядаючыся да іх жыцця, не ведаеш, да якога яны народа належаць, стараюся не толькі пісаць, але і жыць так, каб кожны, хто сутыкнецца са мною, не сумняваўся, што мае дачыненне з беларусам. Не прызнаю нацыянальнага плюралізму. Лічу абсурдным тэзіс аб дзвюх родных мовах. Адкідваю меркаванні аб тым, што беларуская нацыя не можа жыць без апекі іншых і што свой росквіт заўдзячвае ім. Прыняць такія погляды, гэта значыць прызнацца ва ўласнай калекасці, непаўнацэннасці, фізічнай і духоўнай трэцеразраднасці...

Не карчую ні з сябе, ні са сваіх вершаў эмацыянальнасці. Не саромеюся пачуццяў, асабліва нацыянальных, не баюся дэкларацый, асабліва нацыянальных, не пазбягаю экстрэмальнасці, асабліва нацыянальнай. Усё гэта нам, беларусам, здамінаваным чужынцамі, неабходнае, каб паверыць у сябе і адрадзіцца. Мы тут, на Беласточчыне, сапраўды павятовыя. Аднак чалавек, які бярэцца за пяро, мусіць бачыць агульнанацыянальныя гарызонты. Калі гэтага не ўмее або не хоча, хай зломіць і выкіне сваё пяро. Ён не мае права пісаць...

Чуў я, што бацька Браніслава Тарашкевіча спытаў яго: «Бронісь, ці наш народ заслугоўвае таго, каб аж так моцна для яго ахвярнічаць?» І Браніслаў Тарашкевіч адказаў: «Заслугоўвае, тата!» Асабіста я, як і многія іншыя, каму беларуская справа не з’яўляецца гульнёй ці ключом да кар’еры, успрымаю сэнс пытання бацькі Тарашкевіча і сэнс адказу сына як свайго роду молат і накавальню, між якімі трэба штодзённа ўкладваць сваё сэрца. Вось і ўкладваем. Беларуская нацыя, ідучы па дарозе самапагарды, дайшла да прорвы. Калі не апамятаецца, калі не пачуе подыху смяротнай бездані, калі не вызваліць у сабе самаахоўнага інстынкту — загіне...

Было б вялікай наіўнасцю, каб мы паверылі, што іншыя народы памогуць адраджэнню беларускай душы, асабліва тыя, якія прычыніліся да яе паўсмерці. Сілы для гэтага адраджэння трэба шукаць у самім беларускім народзе. Вось я і стараюся працаваць у карысць гэтай сілы. Цяжкая гэта праца. На беларускасці не зробіш кар’еры: ні навуковай, ні палітычнай, ні паэтычнай. У кожным выпадку, рабіць кар’еру на беларускім грунце намнога цяжэй, чым на грунце любога еўрапейскага народа. Хіба што пачнём гэтай беларускасцю спекуліраваць. Тады на гэтым падзаробім...

Калі хтосьці хоча быць пісьменнікам, павінен ведаць, што мусіць яму быць нялёгка. І я хачу, каб было мне цяжка. І гэта не таму, што я падзвіжнік або мазахіст, а таму, што для мяне адказнае жыццё з’яўляецца сінонімам цяжару».

 

У Варшаве жыве і яшчэ адзін з энтузіястаў беларускай справы, паэт і перакладчык Віктар Швед. Ён таксама нарадзіўся на Беласточчыне (в. Мора). Скончыў Беларускі ліцэй у Бельску-Падляскім, Акадэмію палітычных навук у Варшаве, аддзяленне журналістыкі і беларускую філалогію Варшаўскага універсітэта, працуе ў выдавецтве «Ксёнжка і ведза». Выдаў некалькі кніжак паэзіі — «Жыццёвыя сцежкі» (1967), «Дзяцінства прыстань» (1975), «Дружба» (Мінск, 1976). Віктар Швед прадстаўнік таго пакалення, якое пачынала сваю творчасць у вайну і ў першыя пасляваенныя гады. Яму ўдаюцца вершы пра родны край, тыя мясціны, дзе ён нарадзіўся. А найбольш — вершы для дзяцей. Спакойны, ураўнаважаны, трохі нават быццам сарамлівы, ён не цураецца сваёй беларускасці, наадварот, падкрэслівае іншы раз, што хоць ён і не паляк, а, бачыш жа, яму нададзена званне заслужанага дзеяча культуры ПНР, значыцца, не лішні ён у гэтай дзяржаве чалавек. У Віктара Шведа вялікія планы, і ён гаварыў пра іх, калі мы з ім сустрэліся,— марыў пра той час, калі хоць трохі вызваліцца ад службы ў выдавецтве і аддасца цалкам літаратуры, перакладам...

Віктар Швед пра сябе:

«Пісаць вершы пачаў я спантанна яшчэ ў пятым класе даваеннай пачатковай школы. Пісаў на польскай мове, а таксама на мясцовым дыялекце. З беларускай літаратурнай моваю пазнаёміўся я ў савецкай дзесяцігодцы ў Орлі, адкуль у 1940 годзе быў накіраваны са сшыткам сваіх вершаў на алімпіяду дзіцячай творчасці ў Бельску. У час жа акупацыі спрабаваў я пісаць па-руску. У пасляваенны перыяд, у беларускіх гімназіях у Гайнаўцы і ў Бельску, пісаў я свае творы на трох мовах: беларускай, польскай і рускай, што сведчыць аб яшчэ слабым тады маім самавызначэнні — хто я. У 1946 годзе выехаў у Варшаву, і там, па розных прычынах, заглухла мая паэтычная ліра на цэлых дзесяць гадоў...

Амаль ад пачатку пачаў я пісаць вершы для дзяцей. Некаторыя «белавежцы» сцвярджаюць, што я павінен канцэнтравацца на гэтай творчасці. Я не падзяляю гэтага...

Для дзяцей трэба пісаць вершы пагоднага характару, жартоўныя, вясёлыя. І такія я пішу. Нашы дзеці паспеюць яшчэ ў жыцці насумавацца. Гэта па-першае. А па-другое, пішучы толькі для дзяцей, куды мне было б падзецца з той маёй настальгіяй, якая распірае мае грудзі, настальгіяй за адыходзячым у нябыт маім светам, а таксама з глыбокім пачуццём, што нараджаецца ў сэрцы?!

Доўгі час знаходзіўся я пад уплывам паэзіі Купалы, Коласа, Багдановіча, Танка. Заўсёды сачу за творчасцю сучасных польскіх паэтаў. А ў сувязі з тым, што ў Польшчы вельмі цяжка даступіцца да мінскіх выдавецкіх навінак, я зрабіў адзіна магчымае: падпісаўся на беларускія літаратурныя часопісы. Каб сяк-так не патраціць кантактаў з бягучым момантам нашай нацыянальнай літаратуры.

Як ніхто з «белавежцаў», апублікаваў я дзесяткі вершаў, прысвечаных роднай мове, роднаму народу і малой айчыне сваёй — Беласточчыне. На жаль, гэтая мая патрыятычная лірыка не знаходзіць грамадскага водгуку. Як кажуць: што гарохам аб сцяну! Узнікае пытанне: а ці варта далей пісаць? Адказваю: варта! Зрэшты, я ўжо ў такім стане, што не магу не пісаць. І калі б нават не было ўжо дзе друкавацца — буду пісаць, няхай сабе толькі «ў стол»...

Дарэчы, сама «Ніва» змясціла ажно дзвесце пяцьдзесят маіх твораў толькі на працягу апошніх чатырох гадоў. Тыя ж чатыры гады таму назад склаў я два паэтычныя зборнікі: «Вяртанні» — для дарослых і «Вясёлка» — для дзяцей. Дазвол на іх друкаванне, у рэшце рэшт, ёсць. Але няма за што выдаваць іх, грошай дзеля гэтага няма ў БГКТ. Не кажучы пра нейкі ганарар за гэтую маю літаратурную працу. А гэта ж недарэчнасць і крыўда! Гавару тут за ўсіх нашых «белавежцаў», бо яны як быццам каля разбітага карыта ў вядомай байцы пра дзеда і бабу...»

 

Варшава...

Першы раз убачыў я яе ў сорак пятым годзе, калі вяртаўся з фашысцкага палону на Радзіму. Гэта быў не горад, а руіны, груды цэглы, якімі былі завалены тратуары, вуліцы. Праўда, частка вуліц была ўжо расчышчана, па некаторых з іх хадзіў нават трамвай. Але горадам гэтыя завалы можна было называць хіба толькі ўмоўна. Хоць я і наглядзеўся на розныя разбурэнні, праехаўшы ў кузаве грузавіка амаль усю Германію і Польшчу, ды такога, як у Варшаве, яшчэ не бачыў. Яно мяне ўразіла, асталося ў памяці на ўсё жыццё...

Другі раз убачыў я Варшаву амаль праз сорак год, калі разам з сакратаром СП СССР Ю.Сураўцавым, загадчыкам аддзела замежнай камісіі СП СССР А.Лазуткіным прыехалі заключаць дагавор аб супрацоўніцтве паміж СП СССР і новым Саюзам польскіх пісьменнікаў. Варшава, вядома, была даўно адноўлена, яна была прыгожая, хоць надвор’е і не спрыяла, каб ёю любавацца — увесь час не перасціхаючы хлюпаў дождж; было ўсюды мокра, няўтульна і неяк ветрана. Ды і асцерагаліся ж, баяліся: толькі што быў адменены ваенны стан і ад «Салідарнасці» і «салідарыстаў» можна было чакаць любых правакацый. Тым не менш мы зрабілі некалькі даволі грунтоўных экскурсій па Варшаве — агледзелі Каралеўскі замак, Нацыянальную карцінную галерэю, наведалі тэатры, музеі. Ды і па краіне паездзілі — пабывалі ў Лодзі і Познані, сустрэліся з партыйнымі і ваяводскімі ўладамі, з літаратарамі, людзьмі іншых прафесій — настаўнікамі, навучэнцамі ліцэяў і школ, кааператарамі, рабочымі дзяржаўных гаспадарак і аднаасобнікамі, служачымі. І пэўнае ўражанне пра становішча ў Польшчы склалася. Магазіны былі пустыя, не хапала нават самага неабходнага — мыла, зубной пасты, ды і многага іншага... Людзі былі панурыя, нервовыя, неразгаворлівыя. Члены рабочай партыі баяліся, што іх могуць у любы дзень знішчыць; «салідарысты» — што ўсіх іх запратораць за краты... Уражвала і іншае — надта ж густа забуяла ўсюды кааперацыя — адчыняліся прыватныя майстэрні, магазіны, кафэ, рэстараны... Усе, з кім ні загаворвалі пра лёс сацыялізму ў Польшчы, прадракалі яму хуткую і самую ганебную гібель. Набіраў яшчэ большую ўладу касцёл. Ён плаціў долары тым, хто нідзе не працаваў, раздаваў прадукты, распаўсюджваў лістоўкі... З месцаў, дзе людзі моляцца богу, касцёлы ператвараліся ў агітацыйныя пляцоўкі — там паказваліся забароненыя народнай уладай кінафільмы, выступалі паэты, пісьменнікі, артысты... Якраз тады ішоў суд над забойцамі ксяндза Папялушкі — работнікамі міністэртва ўнутраных спраў ПНР, які сёй-той імкнуўся ператварыць у суд над усёй народнай уладай...

Цяпер, у гэты мой прыезд, абстаноўка ў Варшаве была мірная, спакойная. У магазінах — што мяне прыемна ўзрадавала — было поўна самых розных тавараў. Не было нідзе і чэргаў. Памідоры, агуркі, вішні, клубніцы, цыбуля ды і іншая гародніна і садавіна прадаваліся проста на вуліцах у ларках, латках. І было яе ўсюды ўдосталь, прычым самай высокай якасці. І цэны... Даступныя, памяркоўныя. Хапала ў магазінах і малочных прадуктаў — масла, малака, смятаны, кефіру, тварагу... Быў добры выбар і мучных вырабаў. Словам, зусім не тое, што два гады таму назад. Адзінае, на што ўведзены карткі, гэта мяса, каўбасы...

На рынку «таваровым», на якім мы гэты раз таксама пабывалі, убачылі небывалае багацце замежных тавараў — адзення, абутку, біжутэрыі, розных іншых прадметаў раскошы. Праўда, усё гэта дарагое. Нам здалося, што тут працвітае самая што ні ёсць непрыхаваная спекуляцыя. Прычым, што нас асабліва здзівіла, прадажай і перапрадажай тавараў займаюцца і дзеці. Прадаецца і перапрадаецца і валюта — долары, маркі, фунты, рублі. Як толькі хто-небудзь з нас вымаўляў рускае слова, адразу чулася: «Пане, спшэда пан рубле?..»

Кінулася ў вочы і яшчэ адно — мноства служак боскіх на вуліцах Варшавы. Мужчын і жанчын. Прычым маладых, прыгожых. За адной манашкай, калі яна зайшла ў ювелірны магазін, дзе прадаваліся ўпрыгожанні з золата і срэбра, я нават хвілін колькі паназіраў — яна разглядала пярсцёнкі, ланцужкі, завушніцы, у думках няйнакш прымяраючы іх да сябе, як бы на ёй гэта глядзелася. Праўда, спакусу яна хутка ў сабе перамагла і надта ж горда выйшла з магазіна, так нічога і не купіўшы... Я доўга праводзіў яе вачамі, і ў галаве ў мяне ўсплывалі словы з верша Максіма Танка:

 

Няўжо, красуня, ты не шкадуеш,

Што хараство і жыццё марнуеш?

Як танцавалі б ножкі такія,—

Ave Maria!

 

 

Касцёл у Польшчы заўсёды займаў асаблівае месца ў жыцці краіны і яе жыхароў. У самыя змрочныя часы ён яднаў палякаў, мацаваў нацыянальную самасвядомасць. Мяняліся ўлады, а касцёл аставаўся, ён як бы сімвалізаваў вечнасць, падтрымліваў веру не толькі ў бога, але і ў лепшую будучыню. І цяпер касцёл у Польшчы — гэта вялікая і рэальная сіла, з якой вымушана лічыцца народная ўлада. Ён прэтэндуе кіраваць розумам і сэрцам не толькі палякаў, але і беларусаў, украінцаў, літоўцаў. У той праграме, якую распрацавала «Салідарнасць», не абмінуты, ва ўсякім выпадку, былыя «Усходнія Крэсы». Сёй-той ніяк не можа змірыцца, што ў сучаснай Польшчы няма калоній, якія яна фактычна мела ў часы санацыі...

У гэтай сувязі пэўную цікавасць выклікае канферэнцыя, якая адбылася 23—25 кастрычніка 1987 г. у Лодзі, праведзеная па ініцыятыве езуітаў на тэму: «Беларусы, літоўцы, украінцы — перадумовы пагаднення». На гэтай канферэнцыі на беларускія тэмы гаварылі гісторык Юры Туронак і пісьменнік Сакрат Яновіч. Як адзін, так і другі не маглі абысці маўчаннем тых фактаў, што палякі ніяк не могуць прызнаць беларусаў за роўных сабе, за самастойны народ, які, вядома ж, мае свае звычаі і мову. А калі сёй-той гэта і прызнае, дык усё адно адносіцца з пэўнай пагардай. Быў на канферэнцыі распаўсюджаны і ліст ксяндза Уладыслава Чарняўскага, які з 1953 года знаходзіцца на парафіі ў вёсцы Вішнева каля Валожына. Апавядаючы пра мінулае і сучаснае касцёла на Беларусі, прыводзячы факты, як касцёл на працягу стагоддзяў паланізаваў беларусаў, не дазваляючы нават тым ксяндзам, якія ведалі беларускую мову, карыстацца ёю ў касцёлах, Уладыслаў Чарняўскі піша: «У часе першай сусветнай вайны і адразу пасля яе архібіскуп Роп, пасля біскупы З.Лазінскі і Ю.Матулевіч увялі ў касцёлы набажэнствы па-беларуску, найбольш і перш-наперш казані, пасля забароненыя; былі выпадкі арыштаў за гэта ксяндзоў. [...] Ксяндзоў-беларусаў забіралі з парафій і пераводзілі на парафіі на польскія тэрыторыі або змушалі выязджаць за мяжу. Ксёндз-беларус не мог быць пробашчам над беларусамі. Гэтак, у 1937 годзе па загаду ваяводы Бацянскага выселілі марыянаў-бсларусаў з Друі... У гэтым часе выселілі дванаццаць беларусаў-марыянаў клерыкаў з Вільні». Далей, расказаўшы пра адзін эпізод з жыцця свайго дзядзькі ксяндза Фр.Чарняўскага і ксяндза К.Кулака, якія надумалі заступіцца за абяздоленых беларускіх сялян і за гэта іх выгаварылі вышэйшыя касцельныя ўлады («Навошта ксёндз умешваецца ў гэтыя справы? Няхай гэтыя беларускія свінні падыхаюць хутчэй, прышлём палякоў з Польшчы»), Уладыслаў Чарняўскі робіць заключэнне: «У святле гэтага адказу зразумеў я, чаму палякі пры такім аўтарытэце пробашча, войта, начальніка паліцыі дазвалялі страшныя бойкі і забойствы на вёсках. Аднаго заб’юць, другога пасадзяць у турму, і менш будзе «беларускіх свіней» на Усходніх Крэсах. Іхнія месцы зоймуць польскія асаднікі». Узнікла на Беларусі і яшчэ адна ганебная з’ява, пра якую з болем і гневам гаворыць Уладыслаў Чарняўскі,— так званыя «касцельныя палякі». Будучы ад нараджэння спрадвечнымі беларусамі, людзі тым не менш змушаны маліцца богу на той мове, якой яны не ведаюць — гэта значыцца па-польску. «Такім парадкам,— піша ксёндз Чарняўскі,— пацеры чужыя, касцёл чужы, святар чужы, вера чужая, Божая Маці чужая, і Госпад Бог чужы, або, прынамсі,— польскі». І яшчэ: «Ксяндзы ж такія шляхотныя, што гэтае «хамскае мовы» — хоць самі нарадзіліся на Беларусі — ужываць не хочуць. Некаторыя з іх кажуць, што, калі б я выдаў па-беларуску малітоўнік, яны спалілі б яго, а ў лепшым выпадку ў рукі не ўзялі б і не карысталіся б ім. Хрысціянства ўсюды дапамагае народу, падтрымлівае культуру таго народа, а ў нас — плюе».

Ды што касцёл... А праваслаўная царква, тысячагоддзе якой так пышна адзначаецца?.. Таксама ж на тэрыторыі Беларусі ды і Украіны займалася русіфікацыяй насельніцтва. Да слова, тысяча гадоў Рускай праваслаўнай царкве, а каго з паноў мы, беларусы, можам успомніць, хто хоць бы што-небудзь добрае зрабіў для беларускай культуры?..

...Палякі ганарацца сваёй сталіцай. З любым загавары пра Варшаву і ў голасе адразу ж пачуеш хваляванне, гонар. І сапраўды — ганарыцца ёсць чым. За стагоддзі ж пабудаваны не горад, а музей. Колькі тут самых розных помнікаў! Ды якіх!..

У часе другой сусветнай вайны бадай што ні адной з еўрапейскіх сталіц не выпала столькі выпрабаванняў, як Варшаве. Амаль дваццацідзённая асада восенню 1939 года, глыбокае разгалінаванае падполле, у якім прымалі ўдзел літаральна ўсе жыхары горада, паўстанне першага жніўня 1944 года, якое прадаўжалася 63 сутак... Горад фактычна быў сцёрты з зямлі, ператвораны ў руіны. З 1285 тысяч варшавян ацалелі нямногія...

Але як толькі вораг пакінуў горад, яго адразу ж узяліся аднаўляць. Дом за домам, квартал за кварталам. Быў кінуты лозунг: «Увесь народ будуе сваю сталіцу». Былі падняты з руін Стара Място, Лазенкі, Каралеўскі замак, адноўлены паркі, скверы, плошчы, помнікі...

Сёння Варшава — горад і стары і новы. Каб пераканацца ў гэтым, варта прайсціся па яго вуліцах, скверах і парках, пабываць у палацах, музеях, тэатрах. Ды і з людзьмі пагаварыць, сустрэцца з імі дома і ў самых розных іншых месцах, што мы і рабілі з Серафімам Антонавічам Андраюком некалькі незабыўных дзён...

 

З Варшавы ў Беласток дабіраліся цягніком. Назва яго — «Пагоня». Выпала так, што ў купэ вагона мне давялося ехаць удвух з Міколам Заморскім. І я і ён не спускалі вачэй з акна — там плылі знаёмыя змалку малюнкі — палоскі жыта і бульбы, лугі, на якіх пасвіліся каровы, коні; адзінокія дубы, грушы-дзічкі на ўзмежках; выныралі то тут, то там густыя купы лазняку, пералескі...

— Што вам напамінае гэтая дарога? — спытаў у мяне Мікола.

— Дзяцінства, — слаба ўсміхнуўся я.— Па гэтай дарозе мяне разам з бацькамі фашысты вязлі ў Нямеччыну... А вам?

— Тое самае. Я ж таксама быў вывезены ў Нямеччыну. Толькі быў я трохі старэйшы...

Я ўважліва паглядзеў на Міколу. Выходзіць, мы браты па няволі. А калі такіх людзей я сустракаю, то абавязкова прашу: «Раскажыце, калі ласка, як у вас там усё было. І падрабязней...» Тое самае я сказаў і Міколу.

...У Міколы склалася ўсё інакш, як у мяне. Яго бацьку арыштавалі, як і многіх, у трыццаць сёмым. Патрымалі некалькі тыдняў у Жлобіне, потым пасадзілі ў вагон цягніка і павезлі. Куды — ён не ведаў. А таму пры першым жа зручным выпадку ўцёк з-пад варты — выбіў шыбу і скокнуў на адным з паваротаў у кювет. І хаваўся ў лесе. Знябылася маці, знябыліся дзеці, знябыўся і сам бацька...

Вайна для яго, ды і сям’і, была як бы збавеннем. Ён разам з іншымі мужчынамі пайшоў па фронт. Мікола ж падаўся ў лес, у партызаны...

...— Але,— апавядаў Мікола,— усё складвалася нам і нашай сям’і не на дабро. Бацька трапіў у палон, ну а ў партызанах... Таксама не ўсё гладка ішло. Каб не загінуць, было вырашана разысціся на зіму па хатах... Мяне ўзялі адразу ж, як я вярнуўся, немцы... Вазілі па вёсках, каб я пазнаваў і выдаваў тых, хто са мною быў у партызанах... Словам, мяне бачылі многія, лічылі, што я здраднік, заадно з немцамі. Чаму я так падрабязна пра гэта расказваю? Таму, што калі прыйшло вызваленне (вызвалілі мяне амерыканцы), і мяне знайшлі ў Нямеччыне бацькі (іх таксама вывезлі неўзабаве, як і многіх тады), і вырашалася, вяртацца ці не вяртацца на Радзіму, гэта адыграла сваю ролю... Бацька ў трыццаць сёмым уцёк з-пад варты, ды і мяне ж, былога партызана, па вёсках вазілі... І хто-хто, а маці наадрэз адмовілася вяртацца на Радзіму. «Каб зноў так перажываць і мучыцца, як перажывала і мучылася... Не!»

— І як жылося ды і жывецца ў Амерыцы? — пытаў я.

— Эх,— уздыхнуў Мікола.— Хоць мы з бацькам, ды і астатнія нашы сямейнікі, былі рабацяшчыя, але... Мовы не ведалі, ды і што і як рабіць таксама ж... Кожны цэнт, кожны долар ашчаджалі, збіралі, каб з галечы выбавіцца. Я сваю справу шукаў. Некалькі разоў прагарэў... Ну, а потым медыцынскую апаратуру пачаў рабіць. Зараз маю майстэрню... Невялікую. Працуе два чалавекі ды сам я...

Не першы раз вось так шчыра, па душах гаварыў я з тымі беларусамі, якія не па сваёй волі апынуліся ў чужых краях, жывуць не на Бацькаўшчыне. І кожны раз мяне агортвае сум. І як бы шкадаванне — мог быць чалавек шчаслівы, жыць дома, не мець турбот і клопатаў, якія меў, мае, а бачыш жа... Рад бы, як кажуць, у рай, ды грахі не пускаюць. Біяграфіі не перапішаш. Трэба жыць як набяжыць...

 

Беласточчына займае ў гісторыі нашага народа не малое месца. Тут знаходзіцца Супрасль — цяпер невялікае мястэчка, дзе быў пабудаваны адзін з выдатнейшых помнікаў сусветнай архітэктуры — Благавешчанскі манастыр, знішчаны, на жаль, фашысцкімі акупантамі ў 1944 г. У XVI стагоддзі гэты манастыр набыў вядомасць ва ўсім славянскім свеце перш за ўсё сваёй бібліятэкай, якая налічвала сотні рукапісных кніг і лічылася адной з буйнейшых у Вялікім княстве Літоўскім. Пры манастыры працавала і друкарня... Вядома ва ўсім свеце і тутэйшае мястэчка Заблудава, дзе Іван Фёдараў разам са сваім памочнікам Мсціслаўцам выдалі ў 1569 г. багата ілюстраванае «Евангелле вучыцельскае», а ў наступным — 1570 — «Псалтыр з Часасловам». На Беласточчыне ў Мастаўлянах нарадзіўся Кастусь Каліноўскі, тут ён друкаваў і распаўсюджваў потым па ўсёй Беларусі газету «Мужыцкая праўда»... На Беласточчыне працаваў настаўнікам паэт-нашанівец М.Арол (Сцяпан Пяцельскі), даволі працяглы час жыў па-належнаму не выдадзены і неацэнены дасюль Сяргей Крывец...

Пасля вызвалення Заходняй Беларусі Чырвонай Арміяй у верасні 1939 г. з-над прыгнёту буржуазнай Польшчы ў Беластоку 28—30 кастрычніка адбыўся Народны Сход Заходняй Беларусі, які прыняў многія важныя дакументы, у тым ліку і пастанову — прасіць Вярхоўны Савет СССР і Вярхоўны Савет БССР прыняць Заходнюю Беларусь у склад СССР і БССР. Сам Беласток пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з Беларуссю Савецкай уваходзіў у нашу рэспубліку, быў цэнтрам Беластоцкай вобласці. Тут было аддзяленне Саюза пісьменнікаў, на пасяджэнні якога прыязджалі Янка Купала і Якуб Колас... У Беластоку арганізавалася і пачала сваё слаўнае жыццё цяперашняя Акадэмічная харавая капэла імя Р.Р.Шырмы... У час вайны Беласток быў выдзелены ў спецыяльную акругу, якую акупанты далучылі да Усходняй Прусіі. Пасля вызвалення горада і вобласці часцямі Савецкай Арміі ў верасні 1944 г. ён і большая частка вобласці паводле рашэнняў Крымскай канферэнцыі кіраўнікоў урадаў — СССР, ЗША і Англіі — адышлі пад Польшчу...

Цяпер Беласток — адміністрацыйны цэнтр Беластоцкага ваяводства. У ім знаходзіцца Галоўнае праўленне БГКТ, выходзіць штотыднёвік «Ніва»; тут збіраецца на свае пасяджэнні і літаратурна-мастацкае аб’яднанне «Белавежа»...

З сустрэч з беларусамі-беластачанамі ў Мінску ды і з друку вядома, што жывецца ім у Польшчы не сказаць каб лёгка. Шмат што асталося, перайшло і ў новую народную ўладу ад ранейшых, санацыйных часоў, ды і ад дарэвалюцыйных. Не ўсе палякі і сёння прызнаюць беларусаў за народ і мову нашу — за мову. Асталіся ў многіх пагарда, фанабэрыя, вышэйшасць. Тым не менш БГКТ працуе, мае разгалінаваную сетку нізавых арганізацый, якія на месцах ствараюць і гурткі мастацкай самадзейнасці і дамагаюцца, каб беларускую мову вывучалі дзеці ў школах, словам, не забывалі, што на спрадвечнай бацькоўскай зямлі жывуць беларусы. Шмат карыснага робіць і «Белавежа», у якую ўваходзіць каля 30 чалавек, з іх — 8 членаў Саюза польскіх пісьменнікаў, якія пішуць на беларускай мове. «Белавежа» выдала літаратурна-мастацкія альманахі «Рунь» (1959), «Мой родны кут» (1963), «Белавежа» № 1 (1965), «Белавежа» № 2 (1971), «Белавежа» № 3 (1980), каля трыццаці аўтарскіх зборнікаў паэзіі і прозы. Асобныя кнігі «белавежцаў» выходзілі і ў Савецкай Беларусі, у тым ліку і калектыўны зборнік «Літаратурная Беласточчына». Шмат самых розных твораў «белавежцаў» надрукавана ў штотыднёвіку «Ніва», календарах, якія рэгулярна выходзяць на беларускай мове ў Беластоку з 1957 года, у польскіх газетах і часопісах, а таксама ў нашых — «Полымі», «Маладосці», «Беларусі», «Літаратуры і мастацтве», абласных і раённых газетах...

Сярод тых «белавежцаў», што жывуць у Беластоку, вылучаецца сваёй таленавітасцю ды і значным літаратурным багажом Сакрат Яновіч (нарадзіўся 4 верасня 1936 г. у мястэчку Крынкі там жа, на Беласточчыне). Ён выдаў некалькі кніг прозы — «Загоны» (1969, Беласток), «Сярэбраны яздок» (1978, Мінск). У перакладзе на польскую мову ў яго выйшлі кнігі «Вялікі горад Беласток» (1973), «Сцяна» (1979), «Самасей» (1979), «Малыя дні» (1981). Піша С.Яновіч і п’есы, аднаактоўкі. Сёй-той з крытыкаў параўноўвае яго па манеры пісьма ды і па іншых кампанентах з Э.Хемінгуэем, А.Маравія, І.Бабелем, М.Гарэцкім... Але ўсякае параўнанне, як кажуць, кульгае, яно не набліжае да ісціны, а, наадварот, аддаляе, адводзіць убок. Сакрат Яновіч ёсць перш за ўсё Сакрат Яновіч. У яго пільнае, назіральнае вока, ён многае бачыць і заўважае; добра ведае мову і жыццё народа. Да таго ж па натуры ён мастак, філосаф, умее засяроджваць увагу на дробязях, якія пад яго пяром робяцца не дробязямі, а вялікімі людскімі трагедыямі ці фактамі ўзвышэння або прыніжэння чалавека. Шырокі розгалас ва ўсёй Польшчы атрымала яго публіцыстычная кніга «Беларусь, Беларусь» (1987), дзе на багатым фактычным матэрыяле разглядаюцца ўзаемаадносіны беларусаў з палякамі. Займаецца С.Яновіч і перакладамі на польскую мову твораў беларускай літаратуры.

Сакрат Яновіч пра сябе:

«Спачатку «вершаплёціў». У сваё літаратурнае дзяцінства. Перш па-польску. Школа ж польская. Ад маці зацікавіўся Пушкіным і Лермантавым. Узяўся тады «сцішкаваць» па-руску. «Мы не палякі»,— казаў бацька. У Крынках маіх.

Пайшоў вучыцца ў Беласток. Усю ноч ішоў. У горадзе ўпаткаў кніжкі Коласа, Купалы. Стаў беларусам. Пасыпаліся з мяне беларускія вершы. Нарэшце! Беласток даў свядомасць роднай мовы. Горад, не вёска. Вышэйшая асвечанасць. І... чужасць польскай псіхікі.

Верш апублікаваў адзін. «Успамін» называецца. Гэта ў «Ніве», пад канец лета пяцьдзесят сёмага. Памятаю, як я пісаў яго. У эпілепсійнай меланхоліі. У ваўкавыйным смутку. У нейкай манастырскай роспачы. Быў ён маім апошнім. Болей не прабаваў. Не ўмею. І не хачу ўмець. Рыфма перашкаджае мне думаць. Гаварыць непатрэбнае. Нялішнімі словамі. Без падшукоўвання іх дзеля штучнай вымогі. Зрэшты, у мяне няма слыху. А вершы — гэта музыка. Калі яны добрыя.

Думаць і думаць хочацца. Аж да самазабыцця. Яшчэ малога празывалі мяне «старым». Такім і скончуся.

Год цэлы пісаў я «Сцяну». Дзень у дзень. Закрэсліваў і аднова браўся. Кляў сябе і свой лёс! У бяссонне хадзіў на шпацыр... Сам злосны, як сабака, разбою поначнага не баяўся...

І «Самасей» не іначай насеяўся. Пачалося з Яраслава Івашкевіча. Ён настойваў, каб ушанаваць маю творчасць літаратурнай прэміяй. Не ўшанавалі. Пішу ж я на беларускай мове. Няхай Мінск узнагароджвае...

Жыццё пісьменніка і настрой ягонае творчасці неразлучныя. Я ж праз усю геркаўскую эпоху хадзіў у «ворагах сацыялізма». І пасля яшчэ хапіла. Да паловы васьмідзесятых... Ізаляцыя ад грамадскага жыцця, чад плётак, цяжкая хвароба бацькі, інтрыгі завіднікаў... Словам, апынуўся я «пад возам» і тыя «падвозныя краявіды» аналізаваў, апісваў. Нельга быць лірыкам, лежачы ў гразі.

Кніжку «Беларусь, Беларусь» я спецыяльна напісаў на польскай мове. На беларускай — яна была б незаўважанай грамадствам... Гістарычную памяць у народзе можна адбудаваць. Публікацыямі, навучаннем у школе, настроямі. Але мову калі мы сваю страцім, нішто яе не ажывіць. Не ўваскрэсіць да жывых. Такая ўжо яе прырода. Не бяспамяцтва беззваротны працэс. Усё больш беларускіх патрыётаў без беларускага слова. Беларускую літаратуру і культуру наогул яны засвойваюць з рускіх ці польскіх перакладаў. Часта ўжо і не перакладаў. Штораз больш і больш пішуць на беларускай.

Давайце прадумаем такі працяг: нацыянальнае пачуццё бярэцца з пачуцця ўласнай годнасці. З жадання жыць за непазычанае. Мець сваю душу. Значыць, мову. Адзеннем душы завуць яе. Няхай. Дык і сляпы ўжо бачыць, што галеем. Хутка Адамам і Еваю паробімся. А наш клімат не райскі... Аж не верыцца, што ўсё гэта да галяцтва ідзе! Праўда ёсць праўдаю. І напляваць ёй на нашы перажыванні.

Аптыміст супыняе мяне: чаго скавычаш?! Асоба без свайго «я» — гэта не асоба. Народ без уласнага «я» — таксама — не народ. Гавораць пад Саколкаю па-беларуску. Ага, вазьмі і паедзь да іх, скажы, што беларусы яны... Ногі пагубіш, уцякаючы! Або скажы ірландцу, што ён ангелец, бо англійскую мову ўзялі сабе на адзенне. Эфект тваёй рэплікі будзе мардабойны. Не мова нацыю будуе, але Памяць.

А я, Яновіч, лічу так: усяму суддзя ж эканоміка. Калі б была ім мараль, жылі б мы ў сёмым небе... Не адбылася б ампутацыя беларускага да «дзярэўні». Перавага вёскі скончылася. Адначасна з феадалізмам. Запаноўвае горад. Вынік нам? Пануючая ў сялянстве беларуская гаворка пераўтвараецца ў гарадскую меншасць. З дамінуючай у перыферыйную ў новай гаспадарчай сітуацыі. Горад жа ў нашым старонні, здаўна іншародны. І ніколі не загаворыць па-беларуску. Будзе нават разумець нашу мову. Але не болей. Пачынаецца зусім непадобнае да ранейшага існавання беларускай нацыі. Менавіта як нацыянальнай меншасці ўсюды. Татальна!

«Белавежцы» з’яўляюцца здабыткам беларускай нацыянальнай меншасці ў Польшчы.

У Мінску мы «пахнем па-польску». У Варшаве — наадварот. Ну дык куды нам падзецца? У Беластоку. Толькі ў Беластоку. Надзя Артымовіч нават у Бельску ўселася. Барскі са Шведам у Варшаве. Спачуваю ім двум. Паязджане яны на лініі Варшава — Беласток. Варочаюцца ў Варшаву як бы паначаваць...

Можна разважаць пра сутнасць беларускай меншасці нашае. Пра тое, колькі ў ёй ужо небеларускага... »

Другім па значэнні створанага і таленце з «белавежцаў», што звязалі лёс з Беластокам, я назваў бы Яна Чыквіна (нарадзіўся 18 мая 1940 г. у вёсцы Дубічы Царкоўныя). Ян Чыквін аўтар трох паэтычных зборнікаў: «Іду» (1969), «Святая студня» (1970), «Неспакой» (1977). У перакладзе на польскую мову ў яго выйшла кніга «На парозе свету» (1983). Займаецца ён і даследаваннямі беларускай і рускай літаратур. Як паэт Ян Чыквін расце ад кнігі да кнігі. Ён дакладны ў выбары слова, умее перадаваць той ці іншы настрой, самыя тонкія зрухі душы. Галоўныя яго тэмы — апяванне хараства роднай прыроды, яе зменлівасці. Многія вершы прысвечаны каханню. Шмат ён эксперыментуе, любіць метафару...

Ян Чыквін пра сябе:

«...дзяцінства маё, звычайнага вясковага хлапчука, не было ружовым, але і не чорна-белым, бо былі ў ім усе колеры тагачаснага жыцця, то з далёкай перспектывы той перыяд уяўляецца мне зараз страчанай Аркадыяй, зямлёй запаветнай. Перш за ўсё таму, што бацькі мае мелі свой дом, даволі вялікі, адметны сваёй прыгожай архітэктурай. Тут жа быў абшырны гарод-сад, далей клуня, хлявы. Гэта быў, у засені старых дрэў і жываплотнага бэзу, салідны засценак, распаложаны крыху збоч вёскі. Чулася ва ўсім ім трываласць, мацата, бяспечнасць. Жылі мы тады не то што багата, але і не цягнулі жылы, каб пракарміцца. Сям’я была мнагалікая, многагалосая. Бацька мой быў чалавек кемлівы. Не прывязваючы дзяцей да зямлі, бо не было да чаго, ён прывіў нам пашану да кніжкі і прыроды. Вось у гэтым клімаце і рос я, душэўна свабодны і не пакалечаны дзікай працай.

Вяртаюся часта да дзяцінства яшчэ і таму, што тады ж фармавалася мая асабовасць або, дакладней кажучы, закладваўся яе асноўны фундамент. Усё, абсалютна ўсё было тады для мяне новым, свежым, найсампершым — і з’явы сямейнага жыцця, і жыцця грамадскага, і жыцця прыроды з яе колерамі, гукамі, кшталтамі, прасторамі. Не без значэння для майго светаўспрымання было таксама тое, што тады і вада была чыстая, і паветра, і поле не ведала чортавай хіміі. І тут быў свой рытм жыцця — нейкая таемная сінхронія паміж чалавекам і яго навакольным светам.

Жыў я ў вёсцы дзесяць сваіх першых годзікаў. Сёння мне здаецца, што яны — найшчаслівейшы адрэзак майго існавання. Бо потым абставіны адарвалі мяне ад каранёў, і цэлы свет мой страціў першабытную стабільнасць. Не паспеў я, так сказаць, дакончыць сваё дзяцінства. Цяпер гэта мне выразней відаць. Вяртаючыся ў маленства ўжо чалавекам немаладым, я не толькі гартаю перажытыя мною дні-старонкі таго перыяду, але, магчыма, дапісваю тое, чаго не паспеў перажыць...

У літаратурнай творчасці я прабаваў ісці шырокім фронтам: апублікаваў крыху апавяданняў, напісаў сцэнічныя творы. І каб жа можна было свабодна друкаваць прозу, а не мініяцюры, каб быў сапраўдны беларускі тэатр (а мог бы быць!) — то хто ведае... Мне не хапала раней і не хапае цяпер беспардоннай прабойнасці, якой выдатна карыстаюцца іншыя літаратары. На старонках «Нівы» дэбютаваў я ў 1957 годзе...

Жыць з адной літаратуры — справа ў Польшчы даволі рэдкая. Трэба было думаць аб нейкай прафесіі, якая б карміла. Даўняя распалавіненасць на хлопца вясковага і мужчыну гарадскога, на вельмі эмацыяльнае ўспрыманне свету і не падуладнае лагічным канструкцыям і ёсць, пэўна, прычынай таго, што пішу я лірычныя творы і навуковыя доследы. Ці ёсць у гэтым толк — не мне ацэньваць».

Трохі ў іншай манеры, хоць і блізкай у нечым Яну Чыквіну, працуе ў паэзіі Надзея Артымовіч (нарадзілася ў 1946 г. у Аўгустове на Бельшчыне). Піша яна небагата, але ўсё, што друкуе, мае пэўную мастацкую вартасць. Надзеі Артымовіч блізкі той край, дзе яна жыве. І яна ў меру сваіх сіл і здольнасцей яго апявае, апаэтызоўвае. Багатая яе душа на самыя розныя пачуцці, і гэта знаходзіць сваё адлюстраванне ў яе творах, іншы раз быццам трохі манерных, туманных, але заўсёды багатых на асацыяцыі, кранальных, пачуццёвых.

Надзея Артымовіч пра сябе:

«Нарадзілася я ў вёсцы Аўгустова, хоць ніколі там не жыла. Тата пераехаў у Бельск-Падляскі ўжо ў 30-х гадах у пошуках працы. А маё там нараджэнне было выпадковае. Маё дзяцінства і першая маладосць прайшлі ў Бельску. Тут я скончыла беларускую пачатковую школу... Там жа скончыла і беларускі ліцэй... Гэта быў, здаецца, 1964 год. Спачатку думала паступіць на аддзяленне польскай філалогіі Варшаўскага універсітэта, але з матэрыяльных прычын прыйшлося год папрацаваць. Затым стала студэнткай русістыкі ў Настаўніцкай школе ў Беластоку, а пазней таксама беларускай філалогіі ў Варшаве. Ну і пасля гэтага знайшла працу, у сталіцы, перакладчыцы дакументалістыкі. Паколькі мая мама цяжка захварэла і ёй неабходна была мая апека, у красавіку 1979 г. я пакінула Варшаву і зноў апынулася ў Бельску. І хіба назаўсёды...

Першы верш напісала я ў лістападзе 1969 г. Была я тады ў Варшаве. За мной вэлюмам цягнулася настальгія па бацькаўшчыне, Бельскам. Аднойчы Юрка Плютовіч, паэт, які са мной сябраваў, выязджаў дахаты, да нашага таго ж белага Бельска, я праводзіла яго на вакзал і, вяртаючыся, калі засталася адна, пад уплывам думак, раптоўнага ўсведамлення, хто я і дзе я апынулася, напісала свой першы верш «Ой ляцелі гусі...».

У гадах 1969—1975 я была на этапе назірання свету, яго асэнсавання. Мне не хапала ведаў. Я шукала іх у літаратуры, асабліва ў прозе. Я ёю жыла і вельмі мала пісала. Таму першы зборнік маіх вершаў выйшаў толькі ў 1979 г.

Ёсць новыя вершы, якія б склалі кніжку, ды няма каму яе выдаць. У Таварыстве трэба чакаць чвэрць жыцця, а іншыя выдавецтвы проста не зацікаўлены. У перакладзе публікаваць — для паэзіі гэта не тое самае. То па-першае. А па-другое, я і не спяшаюся з выданнем новай паэтычнай кніжкі, таму што адчуваю патрэбу перадумання раней напісанага. Гэта можна было б назваць працэсам нейкага ўнутранага гамавання...

Верш паўстае з нейкай праблемы, якая пачынае мяне раптам мучыць і якую я хачу назваць, акрэсліць для сябе. Верш — гэта маё пытанне, маё сумленне. Мой верш не запісваецца на паперы, пакуль не вынашу яго поўнасцю і не ўбачу кшталт...

Калі ўжо трэба вылучыць нейкія матывы, то ёсць, напэўна, матыў, пранізваючы ўсе мае вершы, матыў прамінання, сум па бацькаўшчыне і неадступны матыў пошукаў чалавечнасці у чалавеку...

У чалавеку няма гармоніі, і гэту дысгармонію можна перадаць, як мне здаецца, найлепш такім вершам, якім выказваюся.

Мы, «белавежцы», жывём, несумненна, пад уплывам трох культур: рускай, польскай і беларускай. Наша творчасць ёсць вынікам скрыжавання гэтых традыцый, і ад гэтага не ўцячы нам.

Часта выказваецца думка, што мадэрную паэзію «белавежцаў» запачаткаваў Яша Бурш, а ўсе маладыя яго наследуюць. Я не бачу аніякай тут сувязі паміж мною і ім. Калі ж гаварыць, хто сваёй вобразнасцю і складам верша на мяне ўздзейнічаў, дык гэта, пэўна, такія паэты, якіх я люблю, як Поль Элюар, Марко Рысціч, Рудольф Фабры. А светаўспрыманню вучуся я надалей у рускіх і беларускіх пісьменнікаў. Яны непаўторныя».

 

Выдалі кнігі паэзіі Яша Бурш (сапраўднае прозвішча Анісяровіч, нарадзіўся 12 лістапада 1929 г. у г. Баранавічы), Зося Сачко (нарадзілася ў 1955 г. у в. Валька), Уладзімір Гайдук (нарадзіўся 7 верасня 1941 г. у в. Тарнопаль), Ірына Баравік (нарадзілася ў 1957 г. у в. Мора), Міхась Шаховіч (нарадзіўся 20 лістапада 1953 г. у в. Сакі). Друкуюць на старонках «Нівы», у календарах і альманахах свае вершы Валя Анішчук, Юрка Баена, Юрка Зубрыцкі (Г.Валкавыцкі), Вераніка Леанюк, Дзмітры Шатыловіч і інш.

Ёсць пэўныя здабыткі і ў прозе. Акрамя С.Яновіча, даволі паспяхова працуе ў гэтым жанры Васіль Петручук (нарадзіўся 23 жніўня 1926 г. у вёсцы Грабавец). Яго аповесць «Пожня» пра цяжкае даваеннае вясковае дзяцінства выдадзена не толькі па-беларуску, але і па-польску і атрымала добрыя водгукі чытачоў. Карыстаюцца папулярнасцю і гістарычныя творы Міколы Гайдука, якія ён друкуе на старонках «Нівы», у альманахах і календарах. З іншых празаікаў варта адзначыць рана памёршага Юрку Геніюша, сына паэтэсы Ларысы Геніюш, Алеся Свіська (А.Батуру), Вінцука Склубоўскага, Міхася Шаховіча, Віктара Рудчыка, Васіля Баршчэўскага, С.Заставіна (Л.Майсеюка), Я.Хлябіча...

 

Незадоўга да нашага прыезду Беласток наведала ўрадавая дэлегацыя БССР у складзе сакратара ЦК КПБ В.А.Пячэннікава, намесніка старшыні Савета Міністраў БССР, старшыні Дзяржплана рэспублікі В.Ф.Кебіча, старшыні Гомельскага аблвыканкома А.М.Грахоўскага, сакратара Мінскага гаркома партыі П.К.Краўчанкі, якая грунтоўна пазнаёмілася з працай БГКТ і жыццём працоўных ваяводства. Гэта быў першы прыезд сюды такой прадстаўнічай дэлегацыі і таму быў успрыняты ўсімі беларусамі як добры знак. Таму і да нашага прыезду аднесліся вельмі ўважліва. Расказалі нам не толькі пра ўсе свае патрэбы — а іх нямала і ў сувязі з будаўніцтвам музея ў Гайнаўцы, і з набыццём строяў для мастацкай самадзейнасці, і з выданнем кніжак літаратараў-«белавежцаў»,— але падзяліліся і нешматлікімі сваімі радасцямі — заканчваецца рамонт будынка, дзе размясцілася ГП БГКТ, і можна будзе з восені пачаць па-сапраўднаму працаваць.

На сустрэчу з намі — а да нас далучыліся Уладзімір Казбярук і Аляксей Пяткевіч — прыйшлі многія беларусы-беластачане. Вядома, усіх цікавіла найбольш адно — як праходзіць у нашай краіне, і ў прыватнасці ў Беларусі, перабудова, што новага ўносіць яна ў жыццё грамадства.

Сустрэча была сяброўская, таму гаварылі пра ўсё шчыра, што каго цікавіла. Пытанні сыпаліся адно за адным — то з нашага, то з іхняга боку. Адчувалася: усё, што адбываецца ў нашай рэспубліцы, так ці інакш закранае інтарэсы ўсіх беларусаў, дзе б яны ні жылі. Пачалі выцясняць родную мову са школ у нас, адразу ж пачалі выцясняць яе, бедную, і са школ у Польшчы: там, дома, не шануюць, дык навошта ж шанаваць яе тут...

Сустрэча цягнулася доўга, хоць ніхто гэтага і не заўважаў. Хіба што адзін старшыня Алесь Барскі. Ён тактоўна напомніў, што ўсіх пытанняў усё адно мы не абгаворым за адзін раз, а тым больш не развяжам, і не спыніў сустрэчу, а як бы перанёс на другі дзень і ў іншае месца, дзе, як ён напомніў, заўтра пачнецца абмеркаванне творчасці «белавежцаў» і многіх іншых пытанняў і дзе будзе дадзена магчымасць выказацца кожнаму, хто таго пажадае...

 

Канферэнцыя з выпадку 30-годдзя «Белавежы» была навуковая і міжнародная — на яе прыехалі вучоныя з Савецкай Беларусі — кандыдаты філалагічных навук У.Казбярук, А.Пяткевіч, С.Андраюк (ён не толькі галоўны рэдактар выдавецтва, але і крытык, вучоны), прафесары Томас Бэрд (ЗША), Альберт Барташэвіч, Марыян Юркоўскі (Варшава), Тэлесфор Позняк (Вроцлаў), дактары навук Марыя Чурак, Надзея Панасюк, Соф’я Скібінска (Варшава). Прыехалі і пісьменнікі — Эўгеніюш Кабац, Фларыян Няўважны. Былі, вядома, і мясцовыя, беластоцкія, сілы — перш за ўсё выкладчыкі кафедры рускай філалогіі філіі Варшаўскага універсітэта ў Беластоку, члены літаратурна-мастацкага аб’яднання «Белавежа», усе, хто цікавіцца беларусістыкай — гісторыкі Юры Туронак, Алег Латышонак, крытык Вальдэмар Смашч і інш.

Як і на ўсякай падобнай канферэнцыі, даклады былі розныя як па ўзроўню навуковасці, дасведчанасці, так і па працягласці, уменню іх даносіць да слухачоў. Вельмі спадабалася мне, напрыклад, выступленне Эўгеніюша Кабаца «Незвычайны сэнс літаратуры пагранічча», уплыў яе на польскую мову і культуру. Спадабалася мне і яго думка, а дакладней, вывад — страх: калі знікне беларускае асяроддзе ў Польшчы, адкуль польская мова будзе чэрпаць, напаўняць свой слоўнікавы запас? Цікавае было і паведамленне Томаса Бэрда, які выступаў па-беларуску і які прыводзіў зусім невядомыя факты з жыцця беларускай эміграцыі ў 20—30-я гады — аказваецца, ужо тады ў ЗША ды і ў іншых краінах выдаваліся на беларускай мове газеты, часопісы, друкаваліся паэтычныя і празаічныя творы. Усіх проста ашаламіла выступленне і Алеся Барскага (Аляксандра Баршчэўскага), які адшукаў новыя надзвычай каштоўныя матэрыялы па гісторыі Беларусі з канцылярыі Юзафа Пілсудскага...

Канферэнцыя праходзіла два дні — 24 і 25 чэрвеня, і ўсіх радавала, што слухачоў пасля кожнага даклада ці выступлення не меншала, а большала. Вядома, не абышлося і без пэўных выдаткаў — некаторых «белавежцаў» і іх творы так захвальвалі, што было проста няёмка... Усё ж адсутнасць крытыкі на мікраклімат «Белавежы» надта ўплывае. Амбіцыі ў некаторых непамерныя таленту. І хваліць — многіх хвалілі, а каб крытыкаваць ці выказаць хоць бы якія заўвагі ў чый-небудзь адрас, ні ў кога не знайшлося смеласці. А без крытыкі, без падказкі недахопаў хіба ж магчымы творчы рост пісьменніка? Давялося сказаць пра гэта на заключным пасяджэнні, маўляў, хоць канферэнцыя і юбілейная, у нейкім плане святочная, аднак пра крытыку забываць не варта, не варта думаць, што ўсе «белавежцы» ўзялі ўжо бога за бараду і ім няма чаму вучыцца. Толькі пры крытычным стаўленні да сябе і сваёй творчасці, працай да самазабыцця можна дасягнуць поспехаў, выйсці на большыя прасцягі...

 

Былі ў нас паездкі па Беласточчыне, сустрэчы з людзьмі. На ўсё жыццё, напрыклад, запомніцца святкаванне купалля ў Белавежскай пушчы, дзе выступала і мастацкая самадзейнасць, і пускаліся на ваду вянкі, і былі скокі праз вогнішча і дзе сапраўды кожны адчуў, што ў нас, беларусаў, вялікая гісторыя, сівая мінуўшчына, ёй — не адна сотня гадоў...

Серафім Андраюк наведаў вёску свайго дзяцінства Градзялі і сваіх родзічаў, ну а я... Пазнаёміўся з многімі-многімі добрымі, шчырымі людзьмі...

На канцэрце-конкурсе беларускай мастацкай самадзейнасці, які праходзіў на адкрытай эстрадзе гарадскога парку ў Беластоку, мы мелі магчымасць яшчэ раз пераканацца, што Беласточчына — вельмі багатая на таленты зямля, што тут жывуць сціплыя, працавітыя людзі, якія не забылі, ды і не забываюць, што яны беларусы, любяць спрадвечны бацькоўскі край, усё сваё, роднае — мову, звычаі, песні, музыку, танцы...

Радасці, плёну, шчасця вам, дарагія беластачане!

1988 г.

 

 

Бэндэ1 (30-я ў абліччах і дакументах)

 

Ну, а як жа Бэндэ ходзіць?

І няўжо ён без нагана?

Кандрат Крапіва, І930 г.

 

Так Бэндэ лез у беларускую крытыку...

Кузьма Чорны, «Дзённік»,

1944 г.

 

 

1 Лукаш Апанасавіч Бэндэ, вядомы ў свой час крытык-вульгарызатар, адзін з арганізатараў Беларускай асацыяцыі пралетарскіх пісьменнікаў (БелАПП) і адзін з самых ваяўнічых яе псеўдамарксісцкіх «тэарэтыкаў», нарадзіўся 1 лістапада 1903 г. у вёсцы Шчакоцк Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці. У 1926 г. скончыў Камуністычны універсітэт Беларусі імя У.І.Леніна. Працаваў (на пачатку 30-х гадоў) у Інстытуце літаратуры і мастацтва АН БССР, рэдакцыі часопіса «Напагатове», у Дзяржаўным выдавецтве БССР. Потым жыў у Ленінградзе. У час Айчыннай вайны служыў у войсках НКУС. Памёр 23 снежня 1961 г.

Як крытык выступаў пад сваім прозвішчам і псеўданімамі Л.Апанасовіч і В.Нэдбэ. Выдаў кнігу «Янка Купала. Крытычны нарыс» (Мн., 1932). Шматлікія артыкулы — «Пашахонская пагулянка па беларускай літаратуры», «Мікола Байкоў на літаратурным фронце», «Матэрыялы да нарысаў па гісторыі беларускай літаратуры», «Аб літаратуры XIX века», «Унук, які зразумеў» (Пра творчасць С.Баранавых) і іншыя — друкаваліся ў часопісах «Маладняк», «Полымя», «Заклік» і ў іншых выданнях. Рукапісная спадчына захоўваецца ў ЦДАМЛМ БССР.

1

 

Ён нават знешне быў непрыемны. Худы, лысы да апошняга воласу, з вачыма, што глядзелі быццам з таго свету і праціналі навылёт. Помню, калі, знаёмячыся, ён працягнуў руку і я ў адказ падаў сваю, здалося, што дакрануўся чагосьці ліпкага, агіднага — не то цвілі, не то павуціння. Ішоў 1960 год, і з «мест не столь отдаленных» вярталіся, атрымаўшы доўгачаканую рэабілітацыю і грамадзянскія правы, многія, у тым ліку і пісьменнікі. І, вядома ж, то той, то гэты з «рэабілітантаў» заходзілі ў рэдакцыю часопіса «Полымя», дзе я тады працаваў. Алесь Пальчэўскі, Станіслаў Шушкевіч, Сяргей Грахоўскі, Алесь Звонак, Андрэй Александровіч, Уладзімір Дубоўка, Рыгор Бярозкін, Язэп Пушча... Завітаў неяк і ён. Што трэба было яму? Даведацца, хто з былых яго «хрэснікаў» не расстраляны, не памёр з голаду ў тайзе ці ў турмах і лагерах? Хацеў і сябе выдаць за «пацярпеўшага» і прапіхнуць «пад шумок» што-небудзь са сваёй пісаніны на старонкі «Полымя»? А больш за ўсё, мабыць, імкнуўся збыць па добрай, фахавай цане сёе-тое з нажытага, прыдбанага на няшчасці іншых. Ва ўсякім выпадку, ён не спытаў, як пыталі некаторыя, ці чуў я, тады яшчэ малады чалавек, яго прозвішча. Ведаў, напэўна, што чуў. Не мог не чуць...

Потым ён, паклаўшы на стол пацёрты, «видавшмй виды», зашмальцаваны партфель, сядзеў у аддзеле крытыкі, скардзіўся, што яго абкрадаюць як вучонага.

— Хто?

— Ды амаль усе, хто займаецца беларускай літаратурай. І заўважце — нават спасылак не робяць.

— Не можа гэтага быць,— не згаджаліся з ім.

— Магу даказаць. Справа ў тым, што ў сваіх публікацыях матэрыялаў і дакументаў я заўсёды раблю знарок нязначныя пропускі ці недакладнасці. І калі тыя самыя пропускі і недакладнасці сустракаю ў іншых — значыцца, пакарыстаўся нядобрасумленец маёй працай і не спаслаўся, не прызнаўся. Дарэчы, большасці з тых матэрыялаў і дакументаў, на якія я спасылаюся, нідзе няма, толькі ў мяне...

І вышчарыўся, паказаў зубы. Рэдкія, вострыя, як у драпежніка.

 

...На гарызонце беларускага літаратурнага руху ён узнік недзе ў сярэдзіне дваццатых гадоў. Стройны, падцягнуты, як і належыць вайскоўцу, ён даволі рэгулярна хадзіў на розныя пісьменніцкія пасяджэнні і сходы, спярша маўкліва, уважліва слухаў, што гаварылі ўжо вядомыя па сваіх творах аўтары і зусім маладыя пачаткоўцы, потым аднойчы і сам загаварыў. Пра што — мала хто слухаў. Было, хапала і без яго тады гаваруноў. Час жа быў які — Савецкая краіна, працоўныя свету толькі што правялі ў апошнюю дарогу ўсімі любімага, дарагога Уладзіміра Ільіча Леніна. У партыі, у кіраўніцтве ішла барацьба за лідэрства. І людзей хвалявала, трывожыла — хто возьме верх, куды, па якіх шляхах пойдзе далей краіна? Хапала і чыста сваіх, нацыянальных праблем — Беларусь, стаўшы з такой цяжкасцю Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікай, аднаўляла разбураную, знішчаную імперыялістычнай і грамадзянскай войнамі, гадамі нямецкай і польскай акупацый гаспадарку, будавала сваю культуру. Смылела на збалелых сэрцах, што несправядлівы Рыжскі мірны дагавор 1921 г. падзяліў Беларусь на дзве часткі — каля 100 тысяч квадратных кіламетраў і каля 4 мільёнаў насельніцтва знаходзіліся ў межах Польшчы. Былі і іншыя вартыя ўвагі падзеі — у кастрычніку 1925 г. на канферэнцыі ў Берліне ўрад былой Беларускай народнай рэспублікі, раней непрымірымы да бальшавікоў, афіцыйна аб’явіў аб сваім самароспуску, і ў Мінск вярталіся з эміграцыі кіраўнікі гэтага ўрада — В.Ластоўскі, С.Некрашэвіч, А.Смоліч, А.Цвікевіч і іншыя. З вялікім поспехам прайшла ў Мінску і Беларуская Акадэмічная канферэнцыя (14—21 снежня 1926 г.), у якой прынялі ўдзел многія вучоныя як з Беларусі, так і з Масквы, Ленінграда, Вільні, Рыгі, Варшавы, Прагі...

Працавалі ўжо тут і Беларускі дзяржаўны тэатр, Беларускі дзяржаўны універсітэт, Дзяржаўнае выдавецтва, Інстытут беларускай культуры, Дзяржаўная публічная бібліятэка, выходзілі часопіс «Полымя», газеты «Савецкая Беларусь», «Звязда»... Ліквідоўвалася непісьменнасць, пераводзілася на родную мову справаводства, нават армія — ішла так званая «беларусізацыя». З новымі яркімі, самабытнымі творамі ў друку выступалі Янка Купала і Якуб Колас,— ім, у сувязі з дваццацігоддзем іх літаратурнай дзейнасці, нададзена была годнасць народных паэтаў Беларусі,— а таксама Цішка Гартны, Максім Гарэцкі, Змітрок Бядуля. З’явіліся, заваёўвалі прыхільнасць чытачоў і раней невядомыя імёны — расла, набывала сілы літаратурная змена, якая неўзабаве пад кіраўніцтвам ЦК камсамола рэспублікі аб’ядналася ў арганізацыю «Маладняк». Сем яго заснавальнікаў — М.Чарот, А.Вольны, А.Александровіч, У.Дубоўка, А.Дудар, Я.Пушча і А.Бабарэка — былі навічкамі ў літаратуры, яны хацелі будаваць усё на новай, партыйнай аснове. «Маладняк» неўзабаве стаў масавай арганізацыяй, займеў свае аддзяленні — філіі ў Бабруйску, Клімавічах, Віцебску, Гомелі, Магілёве, Слуцку, Полацку... Не ўсе маладнякоўцы разумелі ролю і задачы мастацкай літаратуры, таму «бурапенілі», ішлі «ў рожкі са старымі». Спрэчкі, якія ўзнікалі ў самой арганізацыі, пераносіліся на старонкі друку — у часопіс «Маладняк» (першы нумар яго выйшаў у кастрычніку 1923 г.), у газеты. Тыя, хто сур’ёзна хацеў займацца літаратурнай творчасцю, склаліся як пісьменнікі, хутка ўбачылі — арганізацыйныя формы «Маладняка» яны перараслі, трэба шукаць нешта іншае. Намячаўся раскол. Ён і адбыўся ў маі 1926 г., калі група маладнякоўцаў — К.Чорны, К.Крапіва, М.Лужанін, У.Дубоўка, П.Глебка, А.Бабарэка, Я.Пушча і некаторыя іншыя — выйшла з арганізацыі, утварыўшы новую — «Узвышша». Аб’ядналіся вакол часопіса «Полымя» ў сваю арганізацыю пад той жа назвай (1927) і старэйшыя пісьменнікі рэспублікі — Я.Купала, Я.Колас, Ц.Гартны, У.Галубок, М.Грамыка, М.Піятуховіч, Я.Нёманскі... «Літаратура,— як зазначаў пазней у сваёй аўтабіяграфічнай нататцы «Гэтак яно і рабілася» М.Лужанін,— уваходзіла ў пару бурных дыспутаў, зацяжных дыскусій, жорсткіх узаемных атак адной літаратурнай арганізацыі на другую». У гэты час асабліва актыўнічаў А.Дудар, які выступаў у крытыцы пад псеўданімам Тодар Глыбоцкі. Ён не прапускаў ні адной больш-менш важнай падзеі ў літаратурным жыцці, адгукаўся часам з дзіўных, лявацкіх пазіцый артыкуламі, рэцэнзіямі. Каго толькі і ў чым ён ні вінаваціў— «патэнтовага крытыка» М.Гарэцкага, «развязнага» В.Сташэўскага, У.Дубоўку і А.Бабарэку, якія «накінуліся на Купалу, Коласа і Журбу», Я.Пушчу і К.Чорнага, што ўпадаюць у «вялікі індывідуалізм, псіхалагізм» і «ў творах якіх з’яўляюцца надтрэснутыя ноткі нездаровага песімізму», што ў іх і ў «некаторых другіх» няма «бадай што ніводнага слова ні пра рэвалюцыю, ні пра грамадзянскую вайну на Беларусі», П.Труса, бо ў яго, бачыце, зусім бедная мова — «на ўвесь зборнік «Ветры буйныя» мы налічылі ўсяго 711 слоў; г. зн., на кожную старонку прыпадае ў сярэднім 6 слоў»... Дастаецца нямала за імажынізм Т.Кляшторнаму, «за архіўную мараль», «мяшчанскую філасофію», «біблейскую цвіль», «містыку», «крыклівую рыфмоўку», «замагільныя вобразы», «чужыя нам па форме і па ідыёваму зместу» вершы У.Жылку, «Узвышшу», якое «пад шыльдай пралетарскай літаратуры працягвае зусім не пралетарскія тэндэнцыі», называючы яго — ні больш ні менш — «літаратурным балотам». На кнігі ж паэзіі У.Дубоўкі і Я.Пушчы крытык піша ўжо ледзь не фельетоны... Не вытрымаў, адгукнуўся на некаторыя не зусім прыемныя яму з’явы ў літаратуры і амбітны Ц.Гартны — надрукаваў амаль адначасова два артыкулы — у газеце «Савецкая Беларусь», якая тады выдавался па-беларуску, у нумарах за 13—14 мая 1927 г. «Ці сапраўды «Узвышша» ёсць узвышша?» і ў часопісе «Полымя» (№ 6) «Шкоднае ў беларускай літаратуры», што, вядома ж, падліло масла ў агонь, бо нават цяжка было сказаць, чаго ў гэтых артыкулах больш — злосці ці беспрынцыпнасці: з вузкагрупавых інтарэсаў Ц.Гартны высоўваў беспадстаўныя і безадказныя палітычныя абвінавачванні многім літаратарам... Ва «Узвышшы» — часопісе, які гэтая арганізацыя рэгулярна выдавала з 1927 г., з’явіліся ў адказ артыкулы, аўтары якіх таксама хацелі ўсё і ўсіх паставіць на месца — Ф.Кунцэвіча «Літаратурная хлестакоўшчына, або Прадукт уласнай самабытнасці» (пра кнігу крытыкі Т.Глыбоцкага «Пра літаратурныя справы». Мн., 1928 г.) і «Супраць эклектызму» (пра кнігу Зм.Жылуновіча «Узгоркі і нізіны», Мн., 1928 г.), Ю.Бярозкі «Праблемы прыгодніцкага рамана», які быў прысвечаны разгляду рамана Ц.Гартнага «Сокі цаліны», К.Кундзіша (К.Якаўчыка) пра паэзію ўсё таго ж Ц.Гартнага, а таксама артыкулы, дзе рабіліся спробы разгледзець творчасць А.Александровіча, М.Піятуховіча, М.Чарота (К.Кундзіша «Альбо грай, альбо скрыпку аддай», С.Замбржыцкага «Нацягванне чужога халата», Л.Трыера без назвы ў аддзеле «Бібліяграфія»), ды і іншыя.

У гэты час у літаратурным руху, у самой літаратуры, асабліва ў крытыцы, ужо адчуваўся прыкметны ўплыў арганізацыі пралетарскіх пісьменнікаў, што ўзнікла ў Маскве і была звязана з часопісам «На посту» і якая канчаткова аформілася ў пачатку 1925 г. у Расійскую асацыяцыю пралетарскіх пісьменнікаў (РАПП). Партыя ў рэзалюцыі ЦК РКП (б) ад 18 чэрвеня 1925 г. «Аб палітыцы партыі ў галіне мастацкай літаратуры» падтрымала гэтую арганізацыю, праўда, асудзіўшы «напостаўскае камчванства», якое было ўласціва з самага пачатку гэтай арганізацыі, заклікала да «тактоўных і беражлівых» адносін да пісьменнікаў-«папутнікаў», каб забяспечыць умовы «іх пераходу на бок камуністычнай ідэалогіі». Кіраўніцтва гэтай арганізацыі на чале з генсекам Л.Авербахам пасля расколу і выхаду з яе групы С.Родава і Г.Лялевіча (дарэчы, нарадзіўся ён у Магілёве, першая яго кніга — паэма «Голад» — выйшла ў Гомелі), завалодаўшы цалкам тэарэтычным і крытычным часопісам, які пачаў называцца «На литературном посту», асудзіла былыя напостаўскія нігілістычныя адносіны да культурнай спадчыны (як потым выявілася, толькі на словах), высунула лозунг вучобы ў класікаў, збірала сілы пралетарскай літаратуры, што, вядома ж, было прагрэсіўнай і патрэбнай справай. Вялася актыўная барацьба з «упадніцтвам», з новабуржуазнымі ўплывамі ў літаратуры, а гэта, як правіла, суправаджалася наклейваннем палітычных ярлыкоў, праявамі вульгарнага сацыялагізму; даваў пра сябе знаць і дагматызм. М.Горкі, які жыў на Капры і які вельмі ўважліва сачыў за развіццём маладой савецкай літаратуры, у артыкуле «Аб узвялічаных і пачаткоўцах» крытыкаваў грубыя прыёмы рапаўскай крытыкі, а таксама ўласцівую ёй групаўшчыну. Аднак да М.Горкага, да яго перасцярог кіраўніцтва РАППа не прыслухалася. Да таго ж у самім кіраўніцтве ўвесь час ішла барацьба, міжусобіца. Адна за адной рабіліся памылкі — патрабавалі «адзям’яньвання» паэзіі (ад Дзям’яна Беднага, але наватвор ад прозвішча быў бы «абядненне», што адпавядала б ісціне, але супярэчыла ўстаноўкам РАППа), заклікаліся ўдарнікі ў літаратуру, патрабавалася, каб «ударнік стаў галоўнай фігурай літаратуры» і г. д. Асноўным метадам кіраўніцтва гэтай арганізацыі, якая пасля Першага Усесаюзнага з’езда пралетарскіх пісьменнікаў пачала называцца Усесаюзным аб’яднаннем асацыяцый пралетарскіх пісьменнікаў (УААПП), стаў адзін — адміністравання... У 1931 г. з крытыкай гэтай арганізацыі выступіла газета «Правда». Вялікую шкоду арганізацыі нанёс сам яе генсек Леапольд Леанідавіч Авербах. Будучы выхадцам з багатай буржуазнай сям’і, ён, не закончыўшы пяць класаў гімназіі, пайшоў, паводле яго слоў, на камсамольскую работу. Першую сваю кнігу «Ленін і юнацкі рух» ён выдаў з прадмовай свайго тады надта ўплывовага апекуна Л.Троцкага. Ніякага чаго-небудзь вартага жыццёвага вопыту ў тэарэтыка і кіраўніка арганізацыі пралетарскіх пісьменнікаў не было, не было і «глыбокага разумення рэвалюцыйнага вучэння, ні звычайнага ведання гісторыі літаратуры і разумення яе спецыфікі, ні сапраўднага знаёмства з народным жыццём», і «адсюль вынікалі ўсе яго памылкі, якія прынеслі шмат шкоды развіццю савецкай літаратуры» (С.Шешуков. «Неистовые ревнители». «Моск. рабочий», 1970 г. Стар. 109). Да таго ж быў ён славалюбівы і помслівы, «папутнікаў» інакш і не называў, як толькі ворагамі рэвалюцыі, з апломбам павучаў усіх, нават М.Горкага. Не ведаючы нацыянальных літаратур, іх шляхоў развіцця, гісторыі народаў, бо гэтым ніколі сур’ёзна не займаўся, ён тым не менш набіраўся смеласці пра іх не толькі гаварыць, але і даваць указанні, што і як павінна рабіцца ў кожнай рэспубліцы, у кожнай літаратуры. Безапеляцыйнасць яго меркаванняў не ведала межаў. Каб пераканацца ў гэтым, дастаткова прачытаць яго даклад на Другім пленуме Савета УААПП, які праходзіў у Маскве з 26 мая па 1 чэрвеня 1931 г. «Хіба не вядома цяпер, пасля раскрыцця ў Беларусі контррэвалюцыйнай арганізацыі нацыянал-дэмакратаў, што нашы беларускія напостаўцы, што Беларуская асацыяцыя пралетарскіх пісьменнікаў вяла правільную бальшавіцкую лінію, змагаючыся супраць «Узвышша» і «Полымя»,— усклікаў ён і ў якасці доказу зачытваў невядома дзе ім узятае, калі і ў якіх умовах напісанае пісьмо Чаржынскага (У.Дзяржынскага), такое блытанае, супярэчлівае і правакацыйнае, што аж сам яму не верыў, сказаў пад канец: — Можа быць, Чаржынскі сёе-тое і прылгаў, і, напэўна ж, не ўсе, хто быў ва «Узвышшы» і ў «Полымі», свядома рабілі нацыянал-дэмакратычную справу і былі агентурай беларускай контррэвалюцыйнай «пакости». Можа быць, Чаржынскі гаворыць не толькі пра тое, што сапраўды было, але і пра тое, чаго ім, Чаржынскім, хацелася б. Але, вядома, ні ў якой меры не можа быць зменшана тая школа бальшавіцкай барацьбы, якую прайшлі нашы таварышы ў барацьбе супраць «Узвышша» і «Полымя» («Пролетарская литература СССР на новом этапе. Сокращенный стенографический отчет 2-го пленума совета ВОАПП». М., ГИХЛ, 1931, стар. 152—153). Вось што пра самога Л.Авербаха і яго дзейнасць гаварыў на Першым пленуме аргкамітэта Саюза савецкіх пісьменнікаў у 1932 г. вядомы рускі паэт І.Уткін: «Я не магу аддзяляць выступленне тав. Авербаха ад усёй яго адміністратыўнай дзейнасці. Ён сказаў: «Мы будзем кіраваць, мы адказваем перад партыяй за савецкую літаратуру, мы будзем арганізоўваць, мы будзем весці». А што такое, уласна кажучы, гэтае «мы»? Куды нас Авербах будзе весці? Як ён нас будзе арганізоўваць? Чаму тав. Авербах увесь час адказвае за нас перад партыяй і за свае памылкі, і за свае заслугі?

Таварышы, мне думаецца, што я дастаткова палітычна развіты чалавек, каб разумець, што намі кіруе Камуністычная партыя. Але я не думаю, што ў памылках тав. Авербаха выяўлялася партыйная лінія. Менавіта ж партыя некалькі разоў на нашых вачах стрымлівала тав. Авербаха. У нас ёсць усе падставы патрабаваць ад тав. Авербаха, каб ён перагледзеў свае погляды на літаратуру і сваё месца ў ёй. Калі ў нас быў «закрыты размеркавальнік» славы, дык Авербах чамусьці адчуваў сябе загадчыкам гэтага, размеркавальніка» («Советская литература на новом этапе. Стенограмма». М., 1933, стар. 233). У 1932 годзе Пастановай ЦК ВКП (б) ад 23 красавіка «Аб перабудове літаратурна-мастацкіх арганізацый» УААПП, РАПП інш. і зусім былі ліквідаваны, бо, як гаварылася ў Пастанове, «рамкі існуючых пралетарскіх літаратурна-мастацкіх арганізацый [...] становяцца ўжо вузкімі і тармозяць сур’ёзнаму развіццю мастацкай творчасці. Гэтая акалічнасць стварае небяспеку ператварэння гэтых арганізацый са сродкаў найвялікшай мабілізацыі савецкіх пісьменнікаў у сродак культывавання гуртковай замкнутасці, адрыву ад палітычных задач сучаснасці і ад значных груп пісьменнікаў і мастакоў, якія спачуваюць сацыялістычнаму будаўніцтву».

Але ўсё гэта было пасля. Тады ж, у другой палове дваццатых — пачатку трыццатых гадоў, гэтая арганізацыя мела найвялікшы ўплыў на літаратурны рух і на літаратуру ва ўсім Савецкім Саюзе, і ў Беларусі таксама. Бэндэ прызнаваўся неяк у адным з выступленняў у Маскве, «што ў нас былі па сутнасці тыя самыя ўхілы... толькі ў некалькі меншым памеры, у некалькі іншай форме, чым у РАППе» («Пролетарская литература СССР на новом этапе», стар. 46), а К.Крапіва, выступаючы на Першым пленуме аргкамітэта Саюза савецкіх пісьменнікаў СССР, сказаў, што «БелАПП паўтарала памылкі РАПП і нават у большай меры. Яны заключаліся, перш за ўсё, у аднабокасці крытыкі» («Советская литература на новом этапе», стар. 202). Лозунгі гэтай арганізацыі, стыль і метады кіраўніцтва ды і крытыкі слепа капіраваліся і пераносіліся на літаратурны рух і літаратуру Савецкай Беларусі. Ды інакш і не магло быць — арганізацыя выдавала сябе за самую рэвалюцыйную, перадавую, а значыцца, усё, што яна рабіла, павінна было рабіцца і ва ўсім Савецкім Саюзе. І калі Л.Авербах, генсек УААПП і галоўны рэдактар часопіса «На литературном посту», у сваёй брашуры «За пролетарскую литературу», якая выйшла ў 1926 г. у выдавецтве «Прибой» у Ленінградзе, цытуе словы свайго куміра Л.Троцкага: «Папутнікі» не рэвалюцыянеры, а «юродствующие» ў рэвалюцыі... Яны не пойдуць з намі да канца», дык і ў Беларусі бярэцца гэта на ўзбраенне, знаходзяцца тыя, хто імкнецца ўказанні генсека праводзіць у жыццё. Вядома, праваднікамі ўсяго новага заўсёды была моладзь. І ў «Маладняку», самай масавай літаратурнай арганізацыі Беларусі, з кожным годам накаляюцца страсці. Урэшце, у канцы 1927 — пачатку 1928 гадоў яго пакідае асноўнае і самае аўтарытэтнае, са значным літаратурным багажом кіруючае звяно — М.Чарот, М.Зарэцкі, А.Дудар, В.Сташэўскі (яны прымкнулі да «Полымя») — і на сваім з’ездзе 25—28 лютага 1928 г. «Маладняк» рэарганізоўваецца ў Беларускую асацыяцыю пралетарскіх пісьменнікаў (БелАПП). Як усё гэта адбылося, расказаў А.Сянкевіч на Другім пленуме Усесаюзнага аб’яднання асацыяцый пралетарскіх пісьменнікаў: «У час яшчэ існавання «Маладняка» мы вымушаны былі прыбегнуць да свайго роду «дзяржаўнага перавароту», каб выкінуць старое, заражанае мікробамі нацыянал-дэмакратызму кіраўніцтва і стварыць пралетарскую арганізацыю, аб’яднаць яе з пралетарскімі арганізацыямі СССР.

У Беларусі была спроба стварыць яшчэ адну літарганізацыю — «Літаратурную камуну», лефаўскага тыпу арганізацыю, якая мела ўсе тэндэнцыі да таго, каб стаць трэцяй па ліку ячэйкай беларускага нацыянал-дэмакратызму. Мы ўзарвалі гэтую арганізацыю знутры...

Тыя пралетарскія кадры «Маладняка», якія пазней сталі заснавальнікамі БелАППа, яшчэ ў 1927 годзе сігналізавалі аб нацыяналістычнай небяспецы ў недрах беларускай літаратуры. Дастаткова сказаць, што не было ні адной праявы беларускага нацыянал-дэмакратызму ў мастацкай літаратуры, ні адной нацыянал-дэмакратычнай вылазкі, якая з боку БелАППа не атрымлівала б належнага адпору» («Пролетарская литература СССР на новом этапе», стар. 194).

Што меў на ўвазе А.Сянкевіч, калі гэтак хваліўся, выйшаўшы на ўсесаюзную трыбуну, гадаць не даводзіцца. Барацьба ж, «перастрэлка» між літаратурнымі арганізацыямі не заціхала, наадварот, разгаралася, пераступаючы ўсякія дазволеныя і недазволеныя межы, парушаючы ўсякія этычныя і маральныя нормы. Так, у адказ на артыкул Ф.Купцэвіча «Аб беларускай мастацкай перыёдыцы» (часопіс «Печать и революция», 1929 г, № 4), у якім крытык называў белапаўцаў і нацдэмамі, і эсэрамі, і анархістамі, і дробнымі буржуа, і апартуністамі, з’явіўся артыкул П.Галавача і А.Звонака «Супраць буржуазнай рэакцыі ў мастацкай літаратуры», дзе, як адзначае даследчык крытыкі і літаратуразнаўства тых гадоў М.І.Мушынскі, ужо гаварылася, што «ва «Узвышшы» фарміруецца плеяда «буржуазна-рэакцыйных і нацыянал-дэмакратычных пісьменнікаў, пазіцыя якіх варожая, аптыпралетарская, а з боку некаторых сяброў аб’яднання — антысавецкая». Лічачы сябе «асноўнай і адзінай у сучасны момант пралетарская літаратурная арганізацыям, на якую абапіраецца партыя», БелАПП, па прыкладу РАПП, падзяліў усіх беларускіх пісьменнікаў на некалькі катэгорый — буржуазных (У.Дубоўка, Я.Пушча, М.Зарэцкі), «папутнікаў» (Ц.Гартны, М.Гарэцкі, К.Чорны, К.Крапіва, У.Хадыка, Т.Кляшторны), сялянскіх (В.Каваль, М.Нікановіч, П.Глебка) і пралетарскіх (М.Чарот, М.Лынькоў, П.Галавач, Р.Мурашка, П.Броўка). І ў адпаведнасці з гэтай градацыяй адпускалася з «размеркавальніка» слава і «няслава». І не мела значэння, хто, што і як піша, важна было адно— «свой» ён ці «чужы»... Пэўна ж, не забыў А.Сянкевіч, помніў і ўсё тое, што рабіў Бэндэ і яго памагатыя. Каб мець хоць якое ўяўленне пра гэтую «работу», варта пазнаёміцца з тымі думкамі, што выказваліся Бэндэ на сходах, у друку і ў «рэляцыях», якія пісаліся у самыя розныя інстанцыі і ўстановы. Тым больш што сам аўтар іх аднойчы прывёў у парадак, сабраў у адно і ў сакавіку — красавіку 1931 г. выклаў у спецыяльнай «працы», а потым і надрукаваў у кнізе, што выйшла пад грыфам Беларускай акадэміі навук, дзе ў навукова-даследчым інстытуце літаратуры і мастацтва знайшоў сабе прытулак і хлеб гэты гарлахвацкі — псеўдавучоны-вульгарызатар, які, прыкрываючыся марксісцкай фразай, імкнуўся палітычна дыскрэдытаваць творчасць многіх беларускіх пісьменнікаў, у тым ліку і творчасць нашых класікаў...

 

«...рэвалюцыя 1905 г. з надзвычайнай сілай узняла да актыўна-грамадскага жыцця ўсе слаі насельніцтва, а гэта выявілася і ў нараджэнні амаль кожнай клясай ці клясавай групоўкай сваіх мастацкіх выразнікаў, барацьбітоў спецыфічнай зброяй. Беларуская буржуазія, якая знаходзілася на этапе свайго фармавання, кансалідацыі і афармлення ў выразную сацыяльную групу беларускага народа, мела сваіх мастацкіх выразнікаў — Ядвігіна Ш., Максіма Багдановіча ды іншых.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

 

Творчасць Ядвігіна Ш. мае сваёй фармуючай асновай ідэалогію капіталістычнага памешчыка...

Лічыць Ядвігіна Ш. за «народніка новай фармацыі», як гэта робяць некаторыя нацыянал-дэмакратычныя гісторыкі літаратуры, у тым ліку і праф. Піятуховіч, з’яўляецца не толькі не правільным, але і шкодным. Тое, што ў творчасці Ядвігіна Ш. ёсць, як вонкавы налёт, элементы, якія ў некаторай, нязначнай меры родняць яго з народніцтвам, якое, дарэчы, таксама буржуазнае па сваёй сутнасці,— нацыянал-дэмакратычныя гісторыкі бяруць — і ўзводзяць у «дамінанту» творчасці пісьменніка і гэтым самым ва ўгоду патрэб контррэвалюцыйнага нацыянал-дэмакратызму затушоўваюць сапраўдную клясавую сутнасць Ядвігіна Ш.

Такая ж «аперацыя» зроблена нацыянал-дэмакратычнымі гісторыкамі і з другім найбольш характэрным буржуазным пісьменнікам — М.Багдановічам...

Творчасць М.Багдановіча па сутнасці сваёй ёсць мастацкае выяўленне надзей, сілы, імкненняў, роспачы, страху і бяссілля беларускай буржуазіі. Што тычыцца той вопраткі, якая нацягвалася Багдановічам на сваю творчасць, яго асаблівага замілавання да старой мінуўшчыны, дык, як гэта мы ўжо высветлілі, з’яўляецца толькі сродкам барацьбы супраць рабочае клясы...»

 

Расправіўшыся хутка і безапеляцыйна з творчасцю двух выдатных беларускіх пісьменнікаў-класікаў, ён прыступае да расправы, дакладней, самасуду, над іншымі прадстаўнікамі крытычнага ды і сацыялістычнага рэалізму ў нашай літаратуры — Я.Купалам, Я.Коласам, А.Гаруном, Ц.Гартным, З.Бядулем, а заадно і над тымі, хто думаў інакш, не так, як ён, Бэндэ:

 

«Іншую сацыяльную крыніцу мае творчасць Янкі Купалы і Якуба Коласа. Калі Ядвігін Ш. і Максім Багдановіч выяўляюць па сутнасці беларускую буржуазію, як з таго боку, дзе яна вырастае з памешчыка (Ядвігін Ш.), так і з другога боку — заняпад яе (Багдановіч), дык Янка Купала і Якуб Колас выяўляюць тагачаснае сялянства ў яго адзінстве і супярэчнасцях.

Творчасць Якуба Коласа фармавалася ідэалогіяй заможнай, буржуазнай часткі беларускага сялянства, якое «не можа існаваць без наймання батракоў і падзённікаў. Гэты слой бясспрэчна варожы прыгонніцтву, памешчыкам, чыноўніцтву, ён здольны стаць дэмакратам, але яшчэ бясспрэчная яго варожасць у адносінах да сельскага пралетарыяту» (Ленін, т. VI, стар. 107).

...Творчасць Коласа з’яўляецца выяўленнем імкненняў буржуазнай часткі сялянства,— яна служыла спецыфічным сродкам барацьбы гэтага сялянства.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

 

...Пачаўшы сваю творчасць як прадстаўнік дробнай буржуазіі, Гарун кончыў яе ў лагеры буржуазіі, палітычна прайшоўшы шлях беларускай контррэвалюцыі...

Таму памылковай і шкоднай з’яўляецца характарыстыка Гаруна як надклясавага пісьменніка, як гэта робіць прафесар Піятуховіч у сваіх нарысах: «У творах з нацыянальным і сацыяльным зместам выяўляецца постаць Алеся Гаруна як змагальніка за грамадскі дабрабыт» («Нарысы», стар. 177) ці характарыстыка яго тым жа прафесарам як «змагальніка і барацьбіта за родны край» («Нарысы», стар. 173).

Гэтая апалагетычная ацэнка прафесара Піятуховіча аб’ектыўна дапамагае нацыянал-дэмакратызму захаваць ад працоўных мас сапраўдную контррэвалюцыйную сутнасць дзейнасці Гаруна і буржуазны характар яго творчасці...

Такі ж характар носіць і ацэнка Гаруна, зробленая З.Жылуновічам. З.Жылуновіч ідзе яшчэ далей за прафесара Піятуховіча. Ён характарызуе Гаруна як пісьменніка з «рабоча-пралетарскімі напевамі» («Узгоркі і нізіны», стар. 25), каб пасля папісаць: «А.Гарун, сапраўды, згарэў у змаганні за «родны край і працоўны народ» («Узгоркі і нізіны», стар. 92).

Такую ж ацэнку Гаруну дае і Адам Бабарэка, узводзячы Гаруна на вышыню правадыра працоўных.

Не можна абысці і той ацэнкі Гаруна, якую дае прафесар Барычэўскі. З уласцівымі для дробнага буржуа прыёмамі згладжваць вострыя месцы праф. Барычэўскі піша: «А.Гарун — прадстаўнік беднага гарадскога мяшчанства, якое было звязана з вёскай» (А.Гарун. «Матчын дар», прадмова, стар. Х).

Контррэвалюцыйную дзейнасць А.Гаруна нацыянал-дэмакратычныя гісторыкі літаратуры і літаратары ўпарта захоўваюць ад рабочых і сялян пад рознымі тэрмінамі і ставяць яму гэтую дзейнасць нават у заслугу. Вось прыкладна як З.Бядуля піша ў «Вольным сцягу»: «Як толькі ён прыехаў... у Менск, дык на яго навалілі шмат грамадскай і палітычнай працы, якая, можна сказаць, і даканала яго зусім». Тое ж самае піша і прафесар Піятуховіч: «Пясняр не дбае аб сабе і з галавою ўваходзіць у рэвалюцыйную працу». Праф. Піятуховіч і на гэты раз не зварочвае ўвагі на тое, што піша. Калі ён у сваёй ацэнцы творчасці Гаруна, не шкадуючы апалагетычных эпітэтаў («змагальнік і барацьбіт»), не зварачае ўвагі на сэнс слоў, дык і тут замест таго, каб напісаць: «з галавою ўваходзіць у контррэвалюцыйную працу» — піша наадварот...

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

 

З.Бядуля пачаў сваю літаратурную творчасць як прадстаўнік дробнай буржуазіі — местачковага і гарадскога гандлярскага яе слою. У яго творчасці знайшлі сваё мастацкае выяўленне ўсе найбольш характэрныя рысы псіхікі і светапогляду, імкненняў і паводзін іменна названага вышэй слою насельніцтва. Бядуля, як паслядоўны прадстаўнік сваёй сацыяльнай групоўкі, на розных этапах гісторыі выяўляе яе праз сваю творчасць, а таксама і праз сваю дзейнасць ва ўсёй яе «шматграннасці», якая толькі даступна гэтаму слою, абмежаванаму інтарэсамі сваёй крамы...

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

 

Як літаратура буржуазная, так і літаратура, якую ўтварылі Колас, Купала і іншыя ім падобныя пісьменнікі, маюць адну агульную рысу, якая іх родніць, гэта тое, што гэтая літаратура з’яўлялася літаратурай уласніцкіх класаў. Гэты факт не мог не спрыяць падпарадкаванню буржуазнай ідэалогіі дробнабуржуазнай па сутнасці творчасці Купалы і Коласа.

...палітычная мэтаімкненні Купалы... [...] фармаваліся пад уплывам буржуазнага «нашаніўства». У гэты ж перыяд творчасць Купалы знаходзіцца пад інтэнсіўным уплывам буржуазнага нацыянал-лібералізму. Далейшы працэс развіцця Купалы, які адбыўся ў атмасферы «нашаніўства», даходзіць да той ступені, дзе Купала становіцца цалкам сфармаваным «нашаніўцам» і ператвараецца ў ідэолага, баяна «нашаніўства».

Творчасць Купалы з актыўна дзейнай рэвалюцыйнай ператвараецца напярэдадні Кастрычніка ў лібералісцкую, з прычыны адсутнасці рэвалюцыйных элементаў пабывае глыбока нацыяналістычны характар, з усімі ўласцівымі нашаніўскаму нацыяналізму рысамі.

Такой жа якаснай змене, праўда іншым шляхам, падупала і творчасць Якуба Коласа. Нашаніўскі нацыянал-лібералізм выхаласціў рэвалюцыйныя элементы з творчасці Якуба Коласа, запоўніў яе буржуазным нацыяналізмам.

Кастрычніцкую рэвалюцыю Купала і Колас сустракаюць з пазіцыі буржуазнага нацыянал-лібералізму, у лагеры нацыяналізму.

...Яны (Купала і Колас.— Б.С.) не ўспрынялі пралетарскую рэвалюцыю, як рэвалюцыю, якая можа вызваліць працоўныя масы ад эксплуатацыі капіталістаў, памешчыкаў і ад нацыянальнага прыгнёту. Пралетарская дыктатура ў іх вачох уяўлялася як новая форма сацыяльнага і нацыянальнага прыгнёту.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

 

Інакш адбылася эвалюцыя З.Бядулі. Носьбіт і выразнік дробнабуржуазнай ідэалогіі, ідэаліст па светапогляду, у часы царызму ўцякаючы ў свет мар і фантазіі, у часе рэвалюцыі злучаецца з беларускім контррэвалюцыйным нацыяналізмам. Свайму расплывістаму светапогляду, абстрактным мэтам «хараства» надае канкрэтны, завостраны клясавы буржуазны змест... З першых дзён Кастрычніка Бядуля вядзе актыўную барацьбу супраць пралетарскае рэвалюцыі, усе свае сілы, здольнасць і нават сродкі пускае ў ход, каб дапамагчы беларускай буржуазіі разам з акупантамі задушыць пралетарскую рэвалюцыю...

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

 

Уплыў буржуазнай ідэалогіі сказаўся і на творчасці Цішкі Гартнага... [...] Творчасць Гартнага пад уплывам буржуазнага нацыяналізму мяняе рэчышча свайго развіцця і становіцца выяўленнем псіхікі дробнай буржуазіі...

...На Кастрычніцкую рэвалюцыю Гартны актыўна адгукаецца сваёю творчасцю. Яго вершы напоўнены заклікам руйнаваць старое, імкнуцца да зор, наперад. Але гэта ўспрыманне Кастрычніка зноў-такі з’яўляецца ўспрыманнем толькі павярхоўнасці, вонкавых праяў, у той час як унутраны клясавы змест рэвалюцыі, мэты рэвалюцыі, перспектывы, якія разгарнуў Кастрычнік, у іх канкрэтнасці асталіся не ўсвядомленымі пісьменнікам.

Гэта дробнабуржуазнае ўспрыманне Кастрычніка Гартным выразна праяўляецца ў яго творчасці і дзейнасці пасля рэвалюцыі. Творчасць і дзейнасць Цішкі Гартнага паказалі ўсю супярэчлівасць дробнабуржуазнай прыроды пісьменніка і яго сацыяльнага слою...

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

 

Янка Купала, як мы ўжо гаварылі, сустрэў Кастрычнік як ідэолаг буржуазнага нацыянал-адраджанізму. Гэтым у асноўным і тлумачыцца варожая яго пазіцыя да пралетарскай рэвалюцыі і дыктатуры пралетарыяту ў часы грамадзянскай вайны.

У першыя гады мірнага будаўніцтва Купала, аслеплены буржуазным нацыяналізмам, усё яшчэ актыўна супраціўляецца ў сваёй творчасці пралетарскай дыктатуры.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

 

З такой жа павышанай нацыяналістычнай рэфлексіяй сустракае ўстанаўленне і замацаванне пралетарскай дыктатуры на Беларусі і Якуб Колас...»

 

Бясспрэчна, нялёгка паддавалася асэнсаванню ды і адлюстраванню новая савецкая рэчаіснасць. І пэўныя цяжкасці ў гэтым, вядома ж, былі. І не толькі ў беларускіх пісьменнікаў, але і ў рускіх так званай «старой школы» — успомнім хоць бы тых жа М.Прышвіна, В.Верасаева, С.Сяргеева-Цэнскага, А.Грына, В.Шышкова, М.Клюева, С.Ясеніна, А.Ахматаву і нават М.Горкага. Але, нягледзячы ні на што, кожны з названых майстроў, у тым ліку і беларускія, у меру сваіх сіл і здольнасцей, яе асэнсоўвалі, адлюстроўвалі. Ды што было да таго Бэндэ! Ён, узяўшы ў рукі крытычны бізун, размахваў ім, лупцаваў усіх, хто трапляў яму на вочы, без асаблівай павагі і разбору:

 

«Развіццё творчасці Купалы ў савецкі перыяд адбываецца праз барацьбу здаровай тэндэнцыі з старым нацыяналістычным, якое пераважае пакуль што ў творчасці Купалы за час савецкага перыяду. Так досыць часта здаровыя тэндэнцыі паслабляюцца, затрымліваюцца нацыяналізмам, буржуазна-адраджэнцкай ідэалогіяй. Твор «Арлянятам» са здаровым зместам паслабіўся ў свой час творам «Безназоўнае», а твор «Дзве сястры» — глыбока ўпадніцкімі вершамі «У лесе», «Па Даўгінаўскім шляху», «Каб» і гэтак далей. Вершы «У лесе», «Па Даўгінаўскім шляху», «Каб» і шэраг іншых, напісаных пераважна ў 1926 г., носяць на сабе глыбокія сляды буржуазна-нацыяналістычнай ідэалогіі, якая фармавала ў асноўным гэтыя творы, у барацьбе супраць пралетарскай ідэалогіі, уплыў якой вызначае здаровую тэндэнцыю.

Такі ж прыблізна працэс развіцця і творчасці Якуба Коласа ў савецкі перыяд... [...] Асноўнае, што характарызуе светапогляд Якуба Коласа, гэта наданне месіянскай ролі інтэлігенцыі, своеасаблівая фетышызацыя яе як культурнай сілы. Гэты падыход выяўляецца ў аповесці «На прасторах жыцця» ў своеасаблівай фетышызацыі навукі, у своеасаблівай ідэалізацыі інтэлігенцыі, якая ідзе з вёскі, і ў затушаванні наўпрэкі намерам аўтара ролі рабочае клясы ў сацыялістычнай рэканструкцыі вёскі ў аднаўленчы перыяд.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

 

Прыстасаванне буржуазнай нацыяналістычнай інтэлігенцыі і капіталістычных элементаў да ўмоў пралетарскай дыктатуры ў эпоху нэпу, успрыняцця эпохі пралетарскай дыктатуры як нечаканага этапу «завяршэння» нацыянальнага адраджэння Беларусі ў буржуазным сэнсе,— знайшло сваё клясычнае выяўленне ў творчасці З.Бядулі. Калі ў часе грамадзянскай вайны Бядуля актыўна змагаецца супраць пралетарскай рэвалюцыі з лагера нацыяналістычнай контррэвалюцыі, дык пасля сканчэння грамадзянскай вайны, калі рабочыя і сяляне пачалі будаваць новую, савецкую сацыялістычную Беларусь, Бядуля ў гэты час піша ў сваёй «Беларусі»:

 

...Усё жыве жыццём дзядоў адвечных.

Тут кожны век пакінуў знак-пячаць.

Па тых знакох — па тых шляхох па млечных

Ідуць сыны свой край адбудаваць.

 

 

Кастрычніцкая рэвалюцыя, пралетарская дыктатура, паводле думак паэта, ніякіх кардынальных, не гаворачы ўжо пра карэнныя, змен у жыццё Беларусі не ўнесла, а толькі адно, што зрабіла, дык гэта павялічыла сілу «новага роду продкаў Скарыны», якія самі «наладзяць сваё веча», самі «азначаць свае межы», самі забяруць усё, што «належа, Маць Беларусь, спакон глухіх вякоў!».

Каб угрунтаваць сваё буржуазнае, нацыяналістычнае ўспрыманне эпохі пралетарскай дыктатуры, Бядуля праглядае з асаблівым замілаваннем мінулае Беларусі, але ж не Беларусі прыгнечаных і эксплуатуемых, а мінулае пануючых клясаў, уводзячы гэтае мінулае ў сымбаль славы Беларусі, у сымбаль яе сілы, у сымбаль права на сваё самастойнае існаванне.

...Такім чынам, нават павярхоўнае азнаямленне з творчасцю Бядулі прыводзіць нас да вываду, што ён, як і Купала, і Колас, у першыя гады пасля сканчэння грамадзянскай вайны не мірыцца з рэвалюцыйнай рэчаіснасцю, з умовамі пралетарскай дыктатуры. Гэтая рэвалюцыйная рэчаіснасць, пралетарская дыктатура, ідэалы, за якія гераічна змагаліся і змагаюцца рабочыя і рэвалюцыйнае сялянства — арганічна чужое для Бядулі, варожае той клясе, ідэямі якой насычана яго творчасць...» («Беларуская літаратура», ч. І. Мн., 1934, стар. 1—26).

 

Вось жа: выкрываючы, выносячы прысуд усім, усёй, фактычна, тагачаснай лепшай беларускай літаратуры, Бэндэ не думаў, што тым самым выкрывае, выносіць прысуд самому сабе. Пройдуць гады, і яго доказы вінаватасці іншых стануць доказамі вінаватасці яго самога. Сапраўды, «пути господни неисповедимы...».

Вядома, усё гэта гаварылася, пісалася Бэндэ з улікам таго, што мелася адбыцца ды і адбылося ў трыццатым годзе. А ён, гэты год, быў для Беларусі цяжкі і, можна сказаць, пачаў адлік яшчэ цяжэйшым гадам...

 

2

У краіне пасля перамогі Вялікага Кастрычніка — у тым і адно з адрозненняў сацыялістычнай рэвалюцыі ад буржуазнай, што буржуазная рэвалюцыя канчаецца захопам улады, а сацыялістычная гэтым пачынаецца — увесь час ламалася, бурылася старое, аджылае, закасцянелае, што дасталося ў спадчыну ад капіталізму, царызму. Усюды, ва ўсім закладваліся асновы, падмуркі новага — у эканоміцы, адносінах між людзьмі, культуры і побыце... Вялася барацьба з непісьменнасцю, прастытуцыяй, рэшткамі розных банд, «цемрашаламі-царкоўнікамі», «шкоднікамі-інжынерамі», так званымі «буржуазнымі спецамі»... У 1928 г. у Маскве слухаецца небывалая па масавасці замешаных у ёй Шахцінская справа, у верасні 1930 г.— судзяць «арганізатараў» голаду, потым праходзіць працэс Прампартыі... У Мінску прайшоў працэс слуцкага настаўніка Ю.Лістапада,— па гэтай справе ў суд выклікаўся ў якасці сведкі Якуб Колас... Пачаліся калектывізацыя, раскулачванне і высылка кулакоў, «цвёрдазаданнікаў», розных «нехацімцаў», «супраціўленцаў» Савецкай уладзе... Але тыя, хто ні ў чым не быў вінаваты, спакойна жылі, працавалі, не думаючы, што арышты, суды калі-небудзь зачэпяць каго з іх. На старонках «Савецкай Беларусі» і «Звязды» вялася шырокая дыскусія па пытаннях развіцця тэатра і кіно, і сёй-той не баяўся выказваць шчыра таго, што думае,— існавала ж ленінскае разуменне галоснасці і дэмакратыі, ды і пытанне было вельмі важнае — па якіх шляхах павінна пайсці развіццё беларускай культуры. Погляды былі розныя, самыя супярэчлівыя. Т.Глыбоцкі, напрыклад, выступіў у «Савецкай Беларусі» супраць пастаноўкі на сцэне ў Першым беларускім дзяржаўным тэатры п’есы У.Іванова «Бронецягнік 14-69», не ўлічыўшы яе рэвалюцыйнай накіраванасці, бо, маўляў, мы не можам карыстацца «пазаддзем» Масквы, у нас «павінна быць толькі свая самабытная культура, а калі ў нас гэтага свайго няма, тады мы можам браць еўрапейскае, а не расейскае». Гэты пункт погляду падзяляў і Ц.Гартны, які выступіў таксама ў той жа «Савецкай Беларусі» аж з двума артыкуламі. Дыскусія завяршылася Пастановай Бюро ЦК КП (б) Б ад 17 снежня 1928 г., у якой асуджаліся буржуазна-нацыяналістычныя тэндэнцыі, што прагучалі ў асобных выступленнях. Стаў вядомы грамадскасці ўсё праз тую ж «Савецкую Беларусь» і «Ліст трох» — А.Александровіча, А.Дудара і М.Зарэцкага — аб выхадзе з універсітэта, бо там з іх, студэнтаў-паэтаў, насміхаюцца, бо там няма нічога беларускага, там супраць беларусізацыі наогул... Ліст гэты шумна абмяркоўваўся ў друку, на пісьменніцкіх і студэнцкіх сходах... Выходзілі адно за адным фундаментальныя даследаванні — «Чатырохсотлецце беларускага друку» (1926), «Нарысы гісторыі беларускай літаратуры» М.Піятуховіча (ч. І, 1928), «Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва» М.Шчакаціхіна (т. І, 1928). «Творы М.Багдановіча» (1—2, 1927 —1928 гг.), «Беларуская драматургія» (1929), «Беларуская навуковая тэрміналогія» выпускі 1—24, 1922—1930 гг.) і інш. Іх выдаваў Інстытут беларускай культуры (Інбелкульт), які быў заснаваны ў 1922 г. на базе Навукова-тэрміналагічнай камісіі. Інбелкульт падпарадкоўваўся Наркамату асветы БССР, а з 1927 г. быў выдзелены ў самастойную навуковую ўстанову і набыў акадэмічны статут. Тады ж былі абраны 14 правадзейных яе членаў, сярод іх: І.Замоцін, Ц.Гартны, Я.Купала, Я.Колас, Я.Лёсік (дарэчы, ён не пакідаў перад усталяваннем Савецкай улады Мінск, не быў у эміграцыі, як некаторыя пішуць), В.Ластоўскі, С.Некрашэвіч, А.Смоліч і інш. У рабоце Інбелкульта бралі ўдзел М.Гарэцкі, З.Бядуля, Я.Пушча, А.Гурло і іншыя беларускія пісьменнікі. У канцы 1928 г. Інбелкульт быў ператвораны ў Беларускую акадэмію навук, урачыстае адкрыццё якой адбылося 1 студзеня 1929 г. Плённа працавалі ўсе аддзяленні гэтай навуковай установы, але асабліва — літаратуры. Можа, таму, што ўзначальваў аддзяленне літаратуры сапраўдны вучоны І.І.Замоцін — сам рускі па нацыянальнасці, які прыйшоў на дапамогу маладой беларускай навуцы, каб яе арганізаваць, даць належны накірунак і ход. Скончыўшы Пецярбургскі гісторыка-філалагічны інстытут яшчэ ў 1897 г., ён у 1908 г. стаў прафесарам Варшаўскага, а потым Данскога універсітэтаў, даследаваў творчасць М.Гогаля, В.Бялінскага, М.Чарнышэўскага, І.Тургенева, А.Астроўскага, Ф.Дастаеўскага, Л.Талстога... Прыехаўшы ў Беларусь, ён пачаў даследаваць творчасць Я.Коласа, Я.Купалы, М.Багдановіча, Ц.Гартнага, К.Крапівы... Пад кіраўніцтвам І.Замоціна ў інстытуце працавалі вядомыя вучоныя-літаратуразнаўцы Я.Барычэўскі, М.Піятуховіч і інш. Кожны з гэтых вучоных, маючы яшчэ дарэвалюцыйную вышэйшую адукацыю і будучы самі беларусамі, вядома ж, скіравалі ўвагу перш за ўсё на малавывучаную літаратуру свайго народа — Я.Барычэўскі даследаваў пытанні эстэтыкі, тэорыі, выступаў часта на старонках часопісаў «Полымя», «Узвышша», «Маладняк», а М.Піятуховіч — дзейнасць Скарыны, творчасць Ф.Багушэвіча, Ядвігіна Ш., М.Багдановіча, Я.Купалы, Я.Коласа, Ц.Гартнага, М.Чарота... Але — і гэта варта падкрэсліць — ні І.Замоцін, ні Я.Барычэўскі, ні М.Піятуховіч не замыкаліся ў вузканацыянальных тэмах і праблемах, а выходзілі на іншыя літаратуры, даследавалі ўзаемадзеянне і ўзаемаўплывы беларускай літаратуры з рускай, украінскай і іншымі, бо былі людзьмі адукаванымі, сапраўднымі вучонымі з глыбокімі ведамі і шырокім кругаглядам.

Вялікая работа праводзілася па вывучэнню мовы, стварэнню слоўнікаў, вывучэнню мастацтва, гісторыі, краязнаўства, народнай гаспадаркі, этнаграфіі, фальклору, археалогіі... З 1926 г. кіраваў Інбелкультам, а потым, калі Інбелкульт стаў АН БССР, і Акадэміяй навук выдатны беларускі гісторык і грамадскі дзеяч У.М.Ігнатоўскі. Выпускнік Юр’еўскага (Тартускага) універсітэта, ён неаднаразова арыштоўваўся за ўдзел у рэвалюцыйнай барацьбе супраць царызму. У 1917 г. ён парваў з партыяй эсэраў, членам якой быў з 1901 г., вёў падпольную барацьбу з польскімі акупантамі, а ў 1920 г. уступіў у Камуністычную партыю бальшавікоў. Займаў пасады наркома земляробства, наркома асветы БССР, быў членам ЦВК БССР і яго прэзідыума, членам Бюро ЦК КП (б) Б.

Шмат рабіў у справе падрыхтоўкі спецыялістаў самага рознага профілю і навуковых кадраў Беларускі дзяржаўны універсітэт, які ўзначальваў таксама выдатны вучоны, будучы акадэмік АН БССР і АН СССР У.І.Пічэта. Нарадзіўшыся ў Палтаве, ён скончыў Маскоўскі універсітэт, працаваў настаўнікам. У 1915 г. сустрэўся з М.Багдановічам. Гэтая сустрэча так паўплывала на маладога вучонага, што ў 1918 г., стаўшы прафесарам Маскоўскага універсітэта, ён напісаў і ў тым жа годзе прачытаў у Беларускім народным універсітэце ў Маскве курс лекцый «Гісторыя беларускага народа». У.Пічэта быў адным з арганізатараў і першым рэктарам БДУ, актыўна супрацоўнічаў з Інбелкультам, падтрымліваў сяброўскія адносіны з Я.Купалам, напісаў грунтоўныя працы: «М.Багдановіч як гісторык беларускага адраджэння» (1922), «Беларуская мова як фактар нацыянальна-культурны» (1924), «Беларускае адраджэнне ў XVI ст.», «Друк на Беларусі ў XVI і XVII ст.» (1926), «Культура Беларусі ў XVI ст.», «Гісторыя Беларусі», ч. І, 1924 і іншыя.

Новая беларуская савецкая навука абапіралася на трывалы грунт, багатую спадчыну, перш за ўсё на фундаментальныя працы акадэміка Я.Карскага, а таксама працы І.Насовіча, М.Любаўскага, М.Доўнар-Запольскага, А.Сапунова, П.Уладзімірава, А.Семянтоўскага, іншых вучоных.

Чаму гэтак падрабязна гаворыцца пра многае, пра што можна было б і не гаварыць? Здавалася б, і так усё ясна, вядома без напамінку. Так, сёння. Але тады знайшліся нібыта вучоныя, якія пачалі сцвярджаць адваротнае таму, што было на самай справе, паспрабавалі закрэсліць, знішчыць, што было зроблена і ў дарэвалюцыйны час і ў першыя гады Савецкай улады сапраўднымі вучонымі. Іх думкі, ды, мабыць, і свае, выказаў на Другім пленуме праўлення Саюза савецкіх пісьменнікаў у сакавіку 1935 г. В.Вольскі. Вось некаторыя з іх:

«Маладому беларускаму савецкаму літаратуразнаўству дасталася ад мінулага вельмі нярадасная спадчына, якая не дае літаральна нічога станоўчага, нічога таго, што можна было б выкарыстаць для савецкага літаратуразнаўства...

Не менш нярадасную карціну ўяўляла і беларускае нацыянал-дэмакратычнае літаратуразнаўства, першыя асновы якога былі закладзены на старонках дарэвалюцыйнай буржуазна-нацыяналістычнай газеты «Наша ніва». Рэакцыйныя прынцыпы нацыяналістычнай самабытнасці, якія развіваліся на старонках гэтага і падобных яму выданнях, потым узмоцнена насаджаліся контррэвалюцыйнымі нацдэмамі і ў маладое савецкае беларускае літаратуразнаўства, першапачатковымі крыніцамі якога быў створаны ў Мінску Дзяржаўны універсітэт, які стаў адным з цэнтраў літаратуразнаўчай думкі, а потым Беларуская акадэмія навук...

Спрабуючы выкарыстаць рост нацыянальна-культурнага будаўніцтва ў БССР у сваіх контррэвалюцыйных, шкодніцкіх мэтах, нацдэмы змаглі на пэўным этапе часткова забраць у свае рукі гэтыя цэнтры, якія фармавалі маладое беларускае савецкае літаратуразнаўства...

Зыходзячы з прынцыпу адзінай нацыянальнай душы, нацдэмаўскія літаратуразнаўцы фальсіфікавалі творчасць асобных пісьменнікаў. Яны фальсіфікавалі, напрыклад, творчасць пісьменніка-прыгонніка і манархіста Дуніна-Марцінкевіча, а там, дзе гэта немагчыма было зрабіць, замоўчвалі антысавецкую дзейнасць асобных пісьменнікаў-контррэвалюцыянераў, падобных Гаруну, Ядвігіну і інш. Нацдэмы імкнуліся адарваць беларускую літаратуру ад узаемадзеяння з іншымі літаратурамі і, у першую чаргу, з рускай. Выключэнне рабілася імі толькі для буржуазна-дваранскіх і нацдэмаўскіх плыней ва ўкраінскай літаратуры, з якімі беларускія нацдэмы заўсёды блакіраваліся.

Такім чынам, адчужанасць, нават варожыя адносіны да ўсяго небеларускага і, у першую чаргу, да рускага з’явілася адным з вядучых прынцыпаў нацдэмаўскага літаратуразнаўства, якое выцякала з агульнай канцэпцыі контррэвалюцыйнага нацыянал-дэмакратызму. Сваё роднае, хоць і дрэннае, лепей за чужое, хоць і добрае,— з такою меркаю нацыяналістычнае літаратуразнаўства падыходзіла да ацэнкі літаратурных з’яў, не саромеючыся ў гэтых адносінах ніякіх гістарычных і фармальных дыстанцый...

Карыстаючыся ў якасці «метадалагічнай» асновы для сваёй барацьбы супраць партыйнай лініі ў літаратуры самай беспрынцыпнай сумессю розных буржуазна-ідэалістычных плыней, нацдэмы часта спрабавалі абаперціся на сучасныя класава-буржуазныя плыні ў літаратуразнаўстве Савецкага Саюза. На пэўным этапе яны знаходзілі, напрыклад, агульную мову з прадстаўнікамі рускай культурна-гістарычнай школы ў асобе акадэміка Замоціна, які працаваў і працуе на беларускім матэрыяле...

Шмат спатрэбілася сілы і часу, каб ачысціць беларускае літаратуразнаўства ад рознага смецця, якое прынеслі туды нацдэмы. Выкрытыя і разбітыя ідэолагі нацыянал-дэмакратызму былі выкінуты з беларускага савецкага літаратуразнаўства.

За гэты час беларускае савецкае літаратуразнаўства прарабіла пад кіраўніцтвам партыі значную работу па выкрыццю і выкарчоўванню рэшткаў нацдэмаўскай спадчыны, па крытычным пераглядзе і пераацэнцы мінулых шляхоў беларускай літаратуры...

Але, нягледзячы на шэраг бясспрэчных поспехаў і дасягненняў на літаратуразнаўчым фронце БССР, неабходна ўсё ж адзначыць, што рэшткі шкодніцкай дзейнасці нацдэмаў даюць пра сябе знаць і да сённяшніх дзён. Яны асабліва адчуваюцца ў недахопе кадраў, бо менавіта ў гэтай галіне нацдэмы змаглі нанесці асабліва шмат шкоды... » («Стенографический отчет». М., ГИХЛ, 1935, стар. 190-193).

Вось так — галаслоўна і разам з тым быццам доказна... Бясспрэчна, і ў працах І.Замоціна, і ў працах Я.Барычэўскага, а тым больш у працах М.Піятуховіча ды і ў працах іншых тагачасных беларускіх вучоных-літаратуразнаўцаў не ўсё бездакорна, былі там і недахопы, якія сёння бачацца асабліва яскрава (напрыклад, спрошчанае сацыялагізатарства, схематызм, недаацэнка інтуіцыі ў творчасці і інш.). Але ж было там і тое «зерне», якое ніяк нельга было выкідаць. А яго выкінулі... Ды яшчэ і аплявалі, утапталі ў гразь, прыпісаўшы тое, чаго не было...

 

1930 год... Ён увайшоў у гісторыю нашай краіны як год, калі ў СССР было ліквідавана беспрацоўе — самы страшны біч і цяперашняга капіталістычнага грамадства. Прымаліся грандыёзныя планы, стваралася магутная індустрыя, на калектыўныя рэйкі пераходзіла сельская гаспадарка. Былі перамогі, відавочныя поспехі ў многіх галінах, у тым ліку і ў навуцы, культуры... Але ён, гэты год, разам з радасцю прынёс і немалыя трывогі, засмучэнні... Ішоў жа масавы адыход ад ленінскіх нормаў, стварэнне «культу» і «кульцікаў». Калі ў Маскве ў РАППе за кіраўніка і самага аўтарытэтнага, уплывовага крытыка быў ужо Л.Авербах (а ў партыі, у кіраўніцтве падымаўся над усімі Сталін), дык у Беларусі на ролю першай асобы ў крытыцы прэтэндаваў — і не без пэўных «поспехаў» — Бэндэ. Менавіта ў гэты час у часопісе «Маладняк» з’явіўся яго артыкул «Шлях паэта» (1930, № 6—7), выношваўся-«даспяваў» і ўступ да «Беларускай літаратуры»; тады ж неўзабаве ён перайшоў і на працу ў Акадэмію навук, перанёс туды як бы сваю рэзідэнцыю, свой штаб. Адтуль, можна сказаць, з Акадэміі навук, і пачаліся галоўныя падзеі таго года — звальненні з працы і арышты. Былі звольнены з працы і арыштаваны былы дырэктар Інстытута мастацтвазнаўства Інбелкульта, намеснік загадчыка Белдзяржкіно Я.Дыла, акадэмікі В.Ластоўскі, А.Смоліч, С.Некрашэвіч, Я.Лёсік, У.Пічэта, прафесар Б.Эпімах-Шыпіла, пісьменнікі М.Гарэцкі, М.Грамыка, У.Дубоўка, Я.Пушча, У.Жылка, А.Бабарэка, Н.Чарнушэвіч, А.Гурло... Тое самае напаткала і былога старшыню ўрада БНР А.Цвікевіча, народнага камісара асветы БССР, члена ЦВК А.Баліцкага, народнага камісара земляробства БССР, члена ЦВК і ЦК КП (б) Б З.Прышчэпава... Арыштаваныя абвінавачваліся ў прыналежнасці да контррэвалюцыйнай арганізацыі. Справа ў тым, што перад гэтым на Украіне адбыўся працэс над «контррэвалюцыйнай арганізацыяй «Саюз вызвалення Украіны». І ў Беларусі таксама шукалася такая арганізацыя, ды і яе кіраўнік. Але выдумаць арганізацыю было куды лягчэй, чым знайсці яе кіраўніка і даказаць, што такая арганізацыя сапраўды існавала. Ужо ўвосень на старонках газет пачалі друкавацца больш чым дзіўныя лісты, у якіх іх аўтары — самыя аўтарытэтныя і вядомыя ў Беларусі людзі — прызнаваліся ў грахх і памылках, якіх не мелі, публічна каяліся ў тым, у чым не былі вінаваты. Першы такі ліст ад 30 лістапада 1930 г. быў надрукаваны за подпісам Якуба Коласа:

«У шкоднай контррэвалюцыйнай рабоце, побач з актыўнейшымі прадстаўнікамі беларускага нацыянал-дэмакратызму, прымаў удзел і я, падпаўшы пад уплыў нацыянал-дэмакратычных ідэй і настрояў. Мая дзейнасць выразілася не толькі ў канкрэтнай рабоце ў якасці члена тэрміналагічных камісій, у Навукова-тэрміналагічнай камісіі і ў Інстытуце беларускай культуры, але і ў маральным падтрыманні і адабрэнні тае работы, тых установак і тых ідэалагічных вывіхаў і контррэвалюцыйных праяў, што неўнікнёна, у сілу свае дробнабуржуазнае і кулацкае прыроды, нёс беларускі нацыянал-дэмакратызм. Адарваны ад жывых крыніц пралетарскіх мас, замкнёны ў цесным крузе нацыянал-дэмакратычнай інтэлігенцыі і атручаны нацыянал-дэмакратычным дурманам, я па-прымірэнцку і апартуністычна адносіўся да ўсіх яго праяў, ні разу не выступіўшы супраць іх ні вусна, ні ў друку, ні ў парадку пралетарскай самакрытыкі. Мая літаратурная дзейнасць, асабліва яе першы перыяд, выходзячы сваімі карэннямі з часоў «Нашай нівы» і наскрозь прасякнутая дробнабуржуазнымі нацыянал-дэмакратычнымі настроямі, таксама шмат спрыяла росту і развіццю беларускага нацыянал-дэмакратызму.

Катэгарычна парываючы з беларускім нацыянал-дэмакратызмам, які ва ўмовах Заходняй Беларусі перарос у нацыянал-фашызм, я безагаворачна асуджаю яго як канцэпцыю рэстаўрацыі капіталізму, канцэпцыю адміраючых клясаў, варожых дыктатуры пралетарыяту, як мутную антыпралетарскую плынь у творчым патоку сацыялістычнага будаўніцтва, як агіднае звяно ў іржавым ланцугу шкодніцтва контррэвалюцыйных арганізацый, нядаўна выкрытых у розных мясцох Саюза ССР, шпіянажу замежных капіталістычных дзяржаў і іх генеральных штабаў, рыхтуючых употайку крывавую інтэрвенцыю супраць Саюза ССР.

Асуджаны гісторыяй на адміранне, як аджыўшая свой час дробнабуржуазная спадчыннасць старога капіталістычнага свету, беларускі нацыянал-дэмакратызм павінен быць адмецен і скінут, як тормаз, з дарогі пераможнага ходу сацыялістычнага будаўніцтва.

Усе сілы, усе здольнасці на фронт гэтага будаўніцтва!»

10 снежня таго ж года газета «Звязда» змясціла на сваіх старонках ліст за подпісам народнага паэта Беларусі Янкі Купалы:

«...На літаратурную ніву я ўступіў у 1905 г., надрукаваўшы свой першы верш «Мужык». Мэта, якую ставіў я перад сваёй паэтыцкай творчасцю, гэта было паказаць у мастацкай форме ўсю беднату, цемнату, нядолю і падняволле батрацтва і бядняцтва беларускае вёскі, якая горка пакутвала пад сацыяльным і нацыянальным гнётам крывадушнага царызму. Але, пачаўшы з 1908 г., у часы самае чорнае рэакцыі, працаваць у «Нашай ніве», я падпаў пад уплыў нашаніўскага дробнабуржуазнага і кулацкага нацыяналістычнага адраджанізму, захапіўся гэтымі адраджэнцкімі ідэямі нацыянал-дэмакратычнай дзяржаўнасці і пачаў іх адбіваць у сваёй далейшай творчасці, апяваючы, як нешта цэлае, пазакласавае, беларускі «народ», ідэалізуючы ў некаторых сваіх творах гістарычнае мінулае, значыцца, феадальна-паншчыннае Беларусі, зацямняючы гэтым самым клясавую сутнасць сацыяльнае і нацыянальнае барацьбы за вызваленне, якая і ў гэты перыяд хоць прыдушана, але хвалявалася, узбуралася ў імкненнях і парывах працоўных мас (нелегальная рэвалюцыйная літаратура, забастоўкі і г. д.).

Гэтае захапленне дробнабуржуазнымі нацыянал-дэмакратычнымі ідэаламі прычынілася таму, што я і ў першыя гады Кастрычніцкае рэвалюцыі не змог ад іх пазбавіцца ды ўразумець і ўсвядоміць усю веліч і гістарычную немінучасць пралетарскае рэвалюцыі, якая адна несла сапраўднае сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне працоўным былой царскай Расіі, у тым ліку і Беларусі. Дзякуючы гэтаму майму асляпленню, з’явіліся мае такія творы з ярка нацыянал-дэмакратычнымі настроямі, як, напрыклад, «Паўстань», «Перад будучыняй», п’еса «Тутэйшыя» і інш. ...

Прасякнуты нацыянал-дэмакратычнай заразай, прышчэпленай мне нашаніўскім перыядам маёй літаратурнай працы, калі я стаў быў адным з ідэолагаў буржуазна-дэмакратычнага «адраджэнцтва» і «незалежніцтва», я і пасля Кастрычніцкае рэвалюцыі не адмежаваўся, як гэта належала, ад акружаючага мяне нацыянал-дэмакратычнага асяродзішча, а быў уцягнуты ім і прыняў самы блізкі ўдзел у контррэвалюцыйнай рабоце віднейшых беларускіх нацыянал-дэмакратаў, якія на грунце Канстытуцыі Савецкай Беларусі, скарыстаўшы давер’ем, якое аказана было ім з боку Савецкай улады, прыкрываючыся хлуслівай заслонай фальшывых крывадушных дэклярацый і запэўненнем, праводзілі свае шкодніцкія нацыянал-дэмакратычныя ідэі на культурным фронце.

Працуючы ў Навукова-тэрміналагічнай камісіі, у Інбелкульце БАН, гэтых кіруючых штабах беларускага нацыянал-дэмакратызму, бачачы сваімі вачыма іхнія несумяшчальныя з інтарэсамі беларускіх працоўных мас і запатрабаваннямі партыі і Савецкай ўлады ўстаноўкі і мерапрыемствы ў культурным будаўніцтве, я не толькі ні разу не асудзіў іх, але, наадварот, маральна падтрымліваў і дапамагаў іх рэалізацыі.

Але гэты этап пройдзен. Цяпер я бачу ўсю шкоднасць і гібельнасць таго шляху, па якім памыкаліся беларускія нацыянал-дэмакраты павярнуць ход гісторыі. Гіганцкімі крокамі ідзе культурнае і эканамічнае будаўніцтва Беларусі. Краіна, быўшая ўвасабленнем рабства, убоства і беспрасветнай цемры, ператвараецца ў краіну вольнае працы. На месцы некалі гнілых дрыгвяністых балот вырастаюць фабрыкі, заводы, электрастанцыі. На месцы ўбогіх сялянскіх палосак красуюцца калгасныя нівы, навейшыя дасягненні аграноміі, тэхнікі і пладатворчай калектыўнай працы. На месцы народнай цемры вырастаюць безупынна ўсё новыя і новыя культурныя і навучальныя ўстановы.

Будуецца сацыялізм.

...Парываючы сам катэгарычна і беспаваротна ідэйна і арганізацыйна з беларускім нацыянал-дэмакратызмам, як з нейкай хвараблівай зданню, якая палоніла мяне на працягу доўгіх год майго свядомага жыцця, я шчыра жадаю, каб гэты мой горкі вопыт паслужыў навукай для той часткі беларускай інтэлігенцыі, якая яшчэ не зусім вызвалілася ад нацыянал-дэмакратычнага шалупіння, якая канчаткова не прыйшла да пераканання, што толькі працуючы пад кіраўніцтвам Камуністычнае партыі, гэтага авангарду рабочае клясы, толькі аддаючы свае сілы на сацыялістычнае будаўніцтва, яна не будзе адмецена жыццём, як агідная памятка рабскага мінулага.

Усе сілы — сацыялістычнаму будаўніцтву на зацвітаючай новымі агняцветнымі краскамі індустрыяльна-калгаснай глебе Савецкай Сацыялістычнай Беларусі!»

 

Тады ж, у тыя дні, па Мінску, па ўсёй Беларусі папаўзла пагалоска, што Янка Купала, не вытрымаўшы здзекаў, якія чынілі над ім Бэндэ і яго памагатыя, ды й некаторыя іншыя, надзеленыя пэўнымі паўнамоцтвамі і ўладай асобы, зрабіў спробу самагубства...

Вось дакумент, прыналежнасць якога Янку Купалу не выклікае ніякага сумнення і які пацвярджае страшную праўду таго, што на самай справе адбылося:

«Старшыні ЦВК СССР і БССР т. Чарвякову

Таварыш старшыня!

Яшчэ раз, перад смерцю, заяўляю, што я ў ніякай контррэвалюцыйнай арганізацыі не быў і не збіраўся быць.

Ніколі не быў контррэвалюцыянерам і да контррэвалюцыі не імкнуўся. Быў толькі паэтам, які думаў аб шчасці Беларусі. Я ўміраю за Савецкую Беларусь, а не за якую іншую.

Верш мой «Паўстань» справакавалі:

1. Лёсік, надрукаваўшы яго побач з артыкулам, прысвечаным Пілсудскаму, аб чым я не ведаў, бо быў у вёсцы.

2. Шыла, які асвятліў Дзям’яну Беднаму гэты верш у правакацыйным сэнсе.

3. Я сам, змясціўшы яго ў зборніку, не прыдаўшы гэтаму палітычнага значэння.

Я вельмі прасіў бы рэабілітаваць мяне перад працоўнымі Сав. Беларусі. Гэта можна лёгка зрабіць. Верш, змешчаны ў зборніку, мной выпраўлены. Прасіў бы вырваць гэты верш і кніжку выпусціць.

Яшчэ адна просьба да Вас. Заапякуйцеся маімі сем’ямі, што тут у Менску і ў Барысаве. Я ўміраю з цвёрдай верай у вечнае існаванне Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. Папрасіце ГПУ, каб не цягалі маёй жонкі. Яна таксама, як і я, ні ў чым не павінна.

Бібліятэку сваю перадаю Бел. Дзярж. Бібліятэцы.

Шчыра дзякую за ўсё тое добрае, што для мяне зрабілі партыя і Сав. улада.

Уміраю, прымаючы тое, што лепей смерць фізічная, чымся незаслужаная смерць палітычная.

Відаць, такая доля паэтаў. Павесіўся Ясенін, застрэліўся Маякоўскі, ну і мне туды за імі дарога.

Шкадую толькі, што не змагу болей прымаць удзел у вялікім будаўніцтве, якое разгарнула партыя і Сав. улада ў БССР.

Няхай жа жыве гэта новае творчае жыццё для шчасця ўсяго чалавецтва.

Янка Купала.

Памылкі свае, такія ці іншыя, я збіраўся выправіць, але не паспеў.

Я.К.

Менск, 22-ХІ-30 г.».

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

 

Невялікі каментарый:

Верш «Паўстань...» быў напісаны Я.Купалам 28 жніўня 1919 г. Надрукаваны ён упершыню ў газеце «Звон» 17 верасня 1919 г. за два дні да прыезду ў Мінск кіраўніка новай Польшчы Ю.Пілсудскага. Потым гэты верш быў перадрукаваны ў літаратурна-навуковым весніку Інстытута беларускай культуры «Адраджэнне» (№ 1 за 1922 г., рэдактар Я.Лёсік), тыраж якога адразу ж пасля выхаду быў амаль увесь знішчаны. Верш увайшоў у кнігу «Янка Купала. 1918—1928. Творы» (Мн., 1930).

 

 

Паўстань...

 

Паўстань з народу нашага, прарок,

Праяваў бураломных варажбіт,

І мудрым словам скінь з народу ўрок,

Якім быў век праз ворагаў спавіт!

 

Збяры ў адну ўсю Беларусь сям’ю.

Вазьмі з яе прысягу і зарок,

Што не прадасць сябе, сваю зямлю...

Зняць путы бацькаўшчыне ўстань, прарок!

*

Паўстань з народу нашага, пясняр,

Былых і будучых вякоў баян,

І ў бурны кліч, як буры ўдар,

З віхрамі загудзі пад звон кайдан!

 

Гудзі над Беларусяй з краю ў край,

У сэрцах спячых распалі пажар,

Над курганамі перуном зайграй!

Збудзіць нябожчыкаў паўстань, пясняр!

 

*

Паўстань з народу нашага, Ўладар,

І волатам на вогненным кані

Народ аграблены — бы з торб жабрак —

За бацькаўшчыну павядзі ў агні!

 

Да хвалы шлях айчыне пакажы,

Змяці з палёў яе чужых бадзяк,

На стражы стань гранічнае мяжы...

Свой край заваяваць паўстань, ваяк!

28.VІІІ.1919 г.

Карлсберг

 

 

У папярэдніх рэдакцыях былі яшчэ такія радкі:

 

Паўстань з народу нашага, Ўладар,

Адбудаваць свой збураны пасад,

Бо твой народ забыў, хто гаспадар

І хто яго абдзёр з каронных шат.

 

На Ўладара жджэ Беларусь даўно.

І жджэ цябе ўладарства Божы дар,

Вялікае, магутнае яно...

Пад беларускі сцяг прыйдзі, Ўладар.

 

 

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

 

Шыла — Мікалай Шыла, беларускі грамадскі дзеяч. Я.Купала, відаць, ведаў, што Шыла сустракаўся з Дзям’янам Бедным, які няйнакш пасля гэтай сустрэчы і напісаў верш, дзе ёсць такія радкі:

 

Изменил поэт народу,

Заплясал панам в угоду,

        Да, в угоду...

Янки посвист соловьиный

Превратился в шип змеиный,

Да, в змеиный...

 

 

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

 

Сем’і «у Менску і ў Барысаве»: у Мінску жыла разам з паэтам яго маці Бянігна Іванаўна і жонка Уладзіслава Францаўна; у Барысаве жылі ў той час сёстры паэта Ганна, Марыя і Леакадзія.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

 

2 красавіка 1931 г. газета «Звязда» надрукавала новы ліст за подпісам Янкі Купалы, у якім гаварылася:

«Метады і спосабы змагання беларускіх нацыянал-фашыстаў Заходняй Беларусі з дыктатурай пралетарыяту і ўладай Саветаў добра вядомы, гэта — правакацыя, прыслужніцтва польскай дэфензіве, падбухторванне да інтэрвенцыі супраць СССР і г.д. Апошняя правакацыя гэтых ягамосцяў па сваёй нагласці перавышае бадай усе іншыя, ім падобныя.

У беларускіх контррэвалюцыйных нацыянал-фашысцкіх газетах — «Беларускі звон» ад 26.11.31 г. і «Беларуская крыніца» ад 20.11.31 г. было надрукавана, што я нібы быў арыштаваны і пакончыў жыццё самагубствам. «Бел. звон» ухітрыўся нават змясціць мой партрэт у чорнай рамцы, ды яшчэ і некралог напісаць. Што гэта знача? Гэта знача паказаць па-правакатарску сваім чытачам, што ў Краіне Саветаў нялёгка жывецца нават пісьменнікам.

Я катэгарычна пратэстую проці такой агіднай хлусні. Ніколі ніхто мяне пры савецкай уладзе не арыштоўваў, і ніколі я не паміраў. Доказам для вас, паны нацыянал-фашысты, служаць хоць бы гэтыя радкі, якія я сам пішу. Вашай апекі і вашага заступніцтва мне не патрэбна. З боку Камуністычнай партыі і савецкай улады як карыстаўся, так і карыстаюся самымі прыхільнымі і ўважлівымі адносінамі. Жыву я пад аховай законаў дыктатуры пралетарыяту, законаў Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі, і ўмешванне ў маё жыццё з боку зарубежнай белагвардзейшчыны буду заўсёды разглядаць як самую злосную правакацыю... »

Усе, хто сачыў за падзеямі, што надта ж імкліва разгортваліся, не маглі не заўважыць і таго, што вялікая ўвага пачала раптам ўдзяляцца яшчэ аднаму вядомаму ў той час і аўтарытэтнаму ў Беларусі чалавеку — Усеваладу Ігнатоўскаму. Ён, прэзідэнт Акадэміі навук, быў выведзены ў кастрычніку 1930 г. з членаў Бюро ЦК і членаў ЦК КП (б) Б. У друку — рэспубліканскім і ўсесаюзным — з’явіліся публікацыі, якія проста шальмавалі, знішчалі яго як вучонага, партыйнага дзеяча. Урэшце, надрукаваны быў і ліст яго самога, у якім ён ганьбіў тых, з кім працаваў і каго ведаў, а заадно прызнаваўся і ў «памылках». «Перажыткамі адраджэнства, якія засталіся ў мяне ад эсэраўска-грамадаўскага мінулага,— пісаў ён,— маім нацыянал-апартунізмам у тэорыі і практыцы, незалежна ад таго, хацеў я ці не хацеў... зрабіўся... нацыянал-дэмакратам з партбілетам у кішэні... Зусім правільна пленум ЦК КП (б) Б пастанавіў вывесці мяне са складу Бюро ЦК і ЦВК і перадаў справу аб далейшым маім знаходжанні ў партыі ў ЦВК, дзе яна разбіраецца. Як ні балюча, як ні цяжка гэта для мяне, але перад ЦК КП(б) і перад усёй партыяй я цвёрда павінен прызнаць, што палітычна я зрабіў здраду перад партыяй, хоць і не хацеў зрабіць гэтага суб’ектыўна...»

Публічнае пакаянне не дапамагло. У студзені Пастановай Прэзідыума і Парткалегіі ЦКК КП (б) Б У. Ігнатоўскі быў выключаны з членаў партыі як нацыянал-ухіліст.

4 лютага 1931 г. У.Ігнатоўскі пакончыў жыццё самагубствам...

Адбыліся і некаторыя іншыя важныя падзеі. Яшчэ ў маі 1927 г. быў вызвалены ад пасады Старшыні Савета Народных Камісараў Я.Адамовіч, які актыўна праводзіў «беларусізацыю», сябраваў з Я.Купалам і Я.Коласам, бываў у іх дома ў гасцях. З восені 1929 г. вызвалены ад пасады дырэктара Беларускага дзяржаўнага выдавецтва і рэдактара часопіса «Полымя» былы старшыня першага ўрада БССР З.Жылуновіч (Ц.Гартны), ад пасады галоўнага рэдактара газеты «Савецкая Беларусь» — М.Кудзелька (М.Чарот)... Быў арыштаваны ў 1929 г. і высланы ў Смаленск Алесь Дудар...

Рыхтаваўся адкрыты судовы працэс над «удзельнікамі» «контррэвалюцыйнай нацыяналістычнай арганізацыі» «Саюз вызвалення Беларусі». Але ён адкладваўся з дня на дзень — ніяк не ўдавалася знайсці таго, каму б можна было прыпісаць кіраўніцтва гэтай арганізацыяй, ды і самой арганізацыі, як выявілася, не было, і даказаць, што яна існавала, пры ўсім старанні некаторых, не ўдавалася. Урэшце, у красавіку 1931 г. стала вядома, што ніякага адкрытага судовага працэсу не будзе — арыштаваныя былыя члены ўрада БНР, вучоныя, а таксама пісьменнікі, за выключэннем А.Гурло (яму 5 год высылкі далі ўмоўна, па ўсёй верагоднасці, улічылі, што ён прымаў самы актыўны і непасрэдны ўдзел у Кастрычніцкай рэвалюцыі і быў да таго ж хворы), высылаліся ў адміністрацыйным парадку за межы Беларусі...

У тым жа годзе ў снежні спыніла сваё існаванне літаратурна-мастацкае згуртаванне «Узвышша», якое аб’ядноўвала многіх вядомых пісьменнікаў — К.Чорнага, К.Крапіву, З.Бядулю, П.Глебку, С.Дарожнага, М.Лужаніна, В.Шашалевіча, Л.Калюгу, Т.Кляшторнага, А.Мрыя, а таксама высланых на той час У.Дубоўку, Я.Пушчу, А.Бабарэку... («Ідэалогія ашалелага кулака і нэпмана з’яўлялася фармуючым пачаткам ідэалогіі «Узвышша» і ідэалагічным комплексам творчасці сяброў згуртавання «Узвышша» таго часу, а шмат якіх і пасля»,— напіша Бэндэ ў адным з артыкулаў у часопісе «Маладняк», а М.Клімковіч на Першым Усесаюзным з’ездзе савецкіх пісьменнікаў выкажа падзяку Крапіве, Чорнаму, Глебку, «што яны дапамаглі БелАППу прарабіць гэтую аперацыю»...)

 

3

Не трэба думаць, што ў самой арганізацыі БелАПП Бэндэ карыстаўся асаблівым аўтарытэтам. Яго проста баяліся. І калі ён падпарадкаваў, падмяў пад сябе крытыку і фактычна адзін ёю кіраваў, дык ва ўсім астатнім там былі свае лідэры — Я.Ліманоўскі, М.Лынькоў, А.Александровіч, М.Чарот, П.Галавач і інш. Між імі ішла, і даволі жорсткая, непрымірымая, барацьба, бо ў кожнага з іх была свая група, свае прыхільнікі. Існавалі і секцыі — руская, літоўская, польская, яўрэйская, якія таксама не стаялі ў баку ад гэтай барацьбы. Выбраны за кіраўніка БелАППа Янка Ліманоўскі, хоць сваімі творамі не вылучаўся — былі яны прымітыўныя, хоць быццам і адпавядалі ўстаноўкам РАППа (у іх паказвалася рэвалюцыйная барацьба рабочых і сялян за заваёву і станаўленне Савецкай улады ў Беларусі),— меў перад многімі тую перавагу, што быў членам РСДРП (б) з 1918 г., прымаў сам удзел у барацьбе Чырвонай Арміі супраць нямецкіх і польскіх акупантаў. Потым, у гады Айчыннай вайны, апынуўшыся на акупіраванай ворагам тэрыторыі, ён стаў калабарантам, прыслужнікам фашыстаў. Разам з імі ён адступіў у іх абозе, калі Савецкая Армія і партызаны вызвалялі Беларусь, трапіў за акіян і там быў абраны за старшыню так званага Беларускага інстытута навукі і мастацтва (БіНіМ), што стварылі адшчапенцы ў 1953 г. у Нью-Йорку на грошы, якія паступалі з розных антысавецкіх арганізацый і ўстаноў. Бачыце, меў некаторы вопыт навукова-кіраўнічай работы — пасля таго як вызвалілі ад пасады дырэктара Інстытута літаратуры і мастацтва АН БССР акадэміка І.Замоціна, яго месца запяў В.Вольскі, а Я.Ліманоўскага прызначылі намеснікам дырэктара. Я.Ліманоўскі прыязджаў у СССР, заходзіў у Саюз пісьменнікаў Беларусі, дзе я працаваў. Аднойчы я не вытрымаў, спытаў у яго — як сталася, што ён, камуніст, які са зброяй у руках ваяваў за Савецкую ўладу, кіраўнік самай рэвалюцыйнай у Беларусі Асацыяцыі пралетарскіх пісьменнікаў, перакінуўся ў стан ворагаў, дапамагае і сёння ім, паклёпнічае на Краіну Саветаў. Я.Ліманоўскі, збянтэжыўшыся, адказаў мне гэтак жа шчыра: «Жыць хацеў». Несумненна, хацелі жыць, працаваць і ўсе астатнія людзі, у тым ліку і пісьменнікі — тыя, каго аб’ядноўвала БелАПП і што групаваліся вакол часопіса «Полымя», хто толькі пачынаў сваю творчасць, ішоў у літаратуру. Аднак жыць пашчасціла не ўсім, не ўсім пашчасціла і працаваць, а тым больш пісаць, ды яшчэ тое, што ляжала на душы і так, як хацелася. Рапаўская, а за ёю і белапаўская крытыка патрабавалі ад пісьменнікаў сляпога падпарадкавання, думаць так, як думаюць яе лідэры. І, вядома ж, рабіць тое, што яны лічылі варта рабіць дзеля пабудовы і ўмацавання сацыялізму, далейшых перамог дыктатуры пралетарыяту. Вось прызнанне, якое зрабіў на старонках газеты «Літаратура і мастацтва» ад 31 сакавіка 1936 г. Я.Колас. Гаворачы аб прычынах мастацкіх недахопаў аповесці «Адшчапенец», ён пісаў, што «не апошнюю ролю адмоўнага парадку адыграла тут і наша крытыка, якая глядзела на мяне строгімі вачыма Бэндэ і патрабавала хутчэй адгукнуцца на такія важныя падзеі, як калектывізацыя, мастацкім творам. Я адгукнуўся, але голас аказаўся слабым». І далей Я.Колас зазначаў: «Не заўсёды разумна робіць пісьменнік, калі ён пужаецца крытыка і слухае яго».

Ды і ці крытыка была гэта? Бездапаможнасць яе выяўлялася асабліва яскрава, калі яна спрабавала кагосьці пахваліць. М.Клімковіч, выступаючы на Другім пленуме праўлення Саюза савецкіх пісьменнікаў СССР у сакавіку 1935 г., гаварыў, што «т. Бэндэ, які ўзначальваў ракаўскую крытыку, умудраўся пісаць цэлыя трактаты пра пісьменнікаў (напрыклад, кнігу пра Александровіча) з фраз выключна пра шляхі развіцця пралетарскай літаратуры наогул, а самому пісьменніку быў адведзены абзац з дзесяці радкоў» («Стенографический отчет». М., ГИХЛ, 1934, стар. 291—292). Затое адкуль і браліся словы, калі трэба было каго-небудзь аблаяць, абвінаваціць — сыпаліся як з чароўнага рога.

Нягледзячы на неаднаразовыя выступленні «Правды», Пастановы ЦК партыі, рапаўцы настойліва прадаўжалі наклейваць ярлыкі, бачыць і выкрываць усюды ворагаў. Амаль кожны новы твор А.Платонава, У.Іванава, Б.Пільняка, М.Прышвіна, Л.Лявонава, П.Раманава сустракалі ў штыкі. Знікалі адно за адным імёны — М.Булгакава, Я.Замяціна, С.Клычкова, А.Вясёлага, І.Катаева, М.Зарудзіна... Не шкадавалі і мёртвых — М.Гумілёва, С.Ясеніна, М.Клюева, М.Валошына... Кім толькі іх не называлі — каго «контррэвалюцыянерамі», каго «плакальшчыкамі патрыярхальнай Русі», каго «апалагетамі ідыятызму «вясковага жыцця», «песнярамі азвярэлага кулацтва», каго проста «хуліганамі» і г. д.1 Творчасць многіх выдатных пісьменнікаў аб’яўлялася шкоднай, непатрэбнай пралетарыяту. Не меншую актыўнасць праяўлялі некаторыя і ў Беларусі. З бэндэўскім разуменнем літаратуры і з бэндэўскіх пазіцый пачалі выступаць (дакладней, наступаць на літаратуру) І.Барашка, А.Кучар, М.Аляхновіч, Я.Бранштэйн, А.Канакоцін, С.Васілёнак і інш. Каб уявіць, што гэта была за крытыка, варта пазнаёміцца з кнігамі А.Кучара «Вялікая перабудова» (Мн., 1933), А. Канакоціна «Літаратура — зброя класавай барацьбы» (Мн., 1933), І.Барашкі «Буржуазныя плыні ў сучаснай літаратуры» (Мн., 1930), артыкуламі П.Глебкі «Нацдэмаўшчына, замаскаваная марксісцкай фразай» («Узвышша», 1931, № 2—3), В.Вольскага «Аб праявах нацыяналізму ў беларускім сцэнічным мастацтве» («Запіскі», кн. 2. М., АН, 1934) і інш. Калі ў 1932 г. пачала выдавацца газета «Літаратура і мастацтва», дык амаль у кожным яе нумары кагосьці выкрывалі то як «нацдэма», то як «ворага народа», «замаскаванага» ці «адкрытага». На жаль, хтосьці, замятаючы за сабою не вельмі чыстыя сляды, папсаваў падшыўкі гэтай газеты, ды так, што знайсці цэлыя, не пашкоджаныя нумары амаль немагчыма не толькі ў Мінску, але і ў сховішчах бібліятэк Масквы, Ленінграда. Кожны дзень у вір барацьбы ўключаліся новыя і новыя сілы — адны нападалі, другія абараняліся, а іншы раз і мяняліся месцамі ці выступалі папераменна то ў той, то ў другой ролі. Красамоўнае сведчанне таму, напрыклад, П.Глебка. Напісаўшы артыкул супраць «варожай, контррэвалюцыйнай» дзейнасці былых сваіх сяброў — «узвышэнцаў» А.Бабарэкі, У.Дубоўкі, Я.Пушчы і быццам выратаваўшыся, ён раптам зноў падпаў пад абстрэл крытыкі за адно сваё не вельмі асцярожнае выказванне пра мову. Давялося апраўдвацца, што ён ужо не прытрымліваецца ранейшых «узвышэнцкіх» поглядаў, што ён перавыхаваўся. «Уся мая дзейнасць апошніх год,— пісаў ён у лісце ў рэдакцыю «Аб маіх памылках»,— гаворыць пра маё рашучае змаганне з контррэвалюцыйным нацыянал-дэмакратызмам (артыкул пра А.Бабарэку) і пра маё правільнае ў аснове разуменне і выяўленне ў мастацкай творчасці ленінскай нацыянальнай палітыкі (паэма «Арлянка»)». (Цытата з ліста ў рэдакцыю «Аб маіх памылках» узята з часопіса «Заклік», № 4 за 1933 г.)

У кожнага, вядома, былі свае прычыны не маўчаць — адны хацелі праявіць пільнасць і непрымірымасць да ворагаў Савецкай улады, другія пагрэць на гэтым рукі, трэція, каб апраўдацца, заняць больш актыўную пазіцыю, бо маглі ж падумаць, што яны таксама... Пісаліся артыкулы, вершы, а то і цэлыя паэмы («Цені на сонцы» А.Александровіча, напрыклад), хутчэй падобныя на даносы, чым на мастацкія творы... З.Бядуля ж у другой кнізе рамана «Язэп Крушынскі» паказаў, «як пацярпела крах шкодніцкая падрыўная работа беларускіх нацыяналістаў і іншага ахвосця», «зрываў маскі з заклятых ворагаў беларускага народа, з беларускіх нацыяналістаў, раскрываў іх сувязі з крывавымі бандамі Булак-Балаховіча, з замежнымі разведкамі, выкрываў нікчэмнасць іх культурнага багажа, якім яны так хваліліся, прыкрываючы гэтай пахвальбой сваё шкодніцтва ў культурным будаўніцтве», і, імкнучыся паспець за падзеямі таго часу, рабіў усё так шчыра, што перавыдаваць раман ні тады, ні пасля ніхто не асмельваецца ў тым выглядзе, у якім ён быў упершыню выдадзены... Былі і такія, хто ад страху не ведаў, як яму быць, куды падавацца... Вось яшчэ ўзор тагачаснай «крытыкі»:

«Калі мы гаворым пра барацьбу з нацыянал-дэмакратызмам у нашай беларускай літаратуры, мы, сапраўды, не можам не адзначыць надзвычай вялікай работы па разгрому нацыянал-дэмакратычных плыней у нашай літаратуры. Але ці значыць гэта, што нацыянал-дэмакратызм адсутнічае цалкам у нашай літаратуры? Ці значыць гэта, што нацыянал-дэмакраты зусім зніклі з літаратурнага фронту ў нашых умовах? Ні ў якім разе, вядома, не. Пра гэта сведчыць і той факт, што шэраг «узвышэнцаў» перайшлі цалкам у лагер контррэвалюцыі і што так званае «левае» крыло «Узвышша» ніякай барацьбы вельмі доўгі час не вяло супраць гэтай яўна контррэвалюцыйнай групы. Потым частка «папутнікаў» з «Узвышша», найбольш блізкая да нас, зрабіла ўсё ж сур’ёзны крок у накірунку набліжэння да нас... Але ёсць група, якую сёння цяжка разгадаць. Яна выступае з вершамі, з якіх патыхае нацыянал-дэмакратызмам, напрыклад Лужанін, які раней выступаў з ясна антысавецкімі творамі... Сёння [...] Лужанін свае творы піша па-майстэрску. Але трэба сказаць, што творы Лужаніна зусім не могуць служыць сведчаннем таго, што Лужанін перазброіўся» (Выступленне П.Галавача. «Пролетарская литература СССР на новом этапе», стар. 208).

М.Лужанін, а разам з ім і іншыя беларускія пісьменнікі, адзін раней, другі пазней,— С.Астрэйка, М.Багун, Л.Калюга, С.Ліхадзіеўскі, Л.Салагуб, Ю.Таўбін, С.Фамін, М.Нікановіч,— былі арыштаваны і высланы з Беларусі ў час новай хвалі арыштаў, якая захліснула ўсю краіну ў 1933—1934 гг., асабліва пасля забойства С.М.Кірава. Не выратаваўся і сам П.Галавач — атрымліваючы адну за адной вымовы за недастатковую пільнасць яго як рэдактара самых розных выданняў — «Маладняка», «Полымя», Дзяржаўнага выдавецтва БССР,— ён, урэшце, быў выключаны з партыі і 29.10.1937 г. расстраляны...

Падводзячы вынікі сваёй працы і работы БелАПП на Першым пленуме аргкамітэта Саюза савецкіх пісьменнікаў (кастрычнік — лістапад 1933 г.), Бэндэ гаварыў:

«Беларуская асацыяцыя пралетарскіх пісьменнікаў за час свайго існавання правяла пад кіраўніцтвам партыі вялікую барацьбу супраць буржуазнага, нацыяналістычнага і нацыянал-дэмакратычнага ўплыву на савецкую літаратуру, правяла вялікую барацьбу па выкрыццю агентуры контррэвалюцыйнага трацкізму, супраць нацыянал-дэмакратызму ў беларускай літаратуры і крытыцы, барацьбу з пераверзеўшчынай, вялікадзяржаўным шавінізмам... Але асацыяцыя... не ўлічыла новых абставін, тых зрухаў і паваротаў, якія адбыліся сярод пісьменніцкіх мас, не паставіла адпаведна патрэбам новых задач, не зрабіла адпаведнай перабудовы, у тым ліку і арганізацыйна.

Я не буду пералічваць зараз памылкі БелАПП, яе кіраўніцтва і крытыкі, я адзначу толькі тое, што большасць памылак РАПП і групаўшчына з’яўляюцца ўласнасцю і БелАПП. Так, вульгарызатарства ў крытыцы і ў пастаноўцы шэрагу палітычных і творчых задач, заціранне пісьменнікаў крытыкай, тузанне пісьменнікаў, супраць якога зусім законна абураўся ў свой час тав. Крапіва: «Кіраваць-то ты кіруй, ды не вельмі тузай»,— усё гэта было ўласціва і БелАППу. Былі і спробы ізаляваць пісьменніка ад літаратуры за яго сапраўды былыя грахі і цяперашнія памылкі. Аднабаковая крытыка, захвальванне адных пісьменнікаў, змазванне іх памылак і зрываў у інтарэсах групы, раздзьмуванне памылак іншых, ігнараванне за раздзьмутымі памылкамі ў асобных выпадках крытыкі ёсць яшчэ і цяпер (у часопісе «Полымя рэвалюцыі» № 1 і 2 у арт. тав. Кучара).

Унутры самой БелАПП замест кансалідацыі мы мелі беспрынцыпную «тузаніну», развенчванне палітычнага і творчага аўтарытэту камуністаў-пісьменнікаў. Праўда, гэта рабілася не проста, а пад маскай творчай дыскусіі, пад вывескай барацьбы «за вышыні светапогляду пралетарыяту». Гэта асабліва разгарнулася ў час творчых спрэчак тав. Александровіча з тав. Галавачом, спрэчак, якія з усёй нагляднасцю выявілі адмоўныя і шкодныя рысы групаўшчыны...» («Советская литература на новом этапе». М., 1933, стар. 80—81).

Нават пасля вядомай Пастановы партыі аб перабудове літаратурна-мастацкіх арганізацый Бэндэ не здаваўся, усё яшчэ хацеў усімі кіраваць. Вось што ён казаў на тым самым пленуме: «Трэба адзначыць, што некаторыя пісьменнікі ўспрынялі Пастанову ЦК партыі як своеасаблівую амністыю, як рэабілітацыю таго шкоднага, не нашага, што было ў іх мінулай творчасці і якое вельмі правільна было асуджана нашай крытыкай як варожае духу ленінскай нацыянальнай палітыкі. Чуліся ноткі жадання зменшыць не толькі станоўчую работу БелАППа, але прынізіць і значэнне дасягненняў пралетарскай літаратуры наогул. Прагучалі дзе-нідзе і рэваншысцкія настроі, што ідуць ад жадання адхіліць ад працы ў аргкамітэце таварышаў, якія былі ў кіраўніцтве БелАПП...» («Советская литература на новом этапе», стар. 81).

На ўзбраенне бралася ўсё, што толькі было ў арсенале рапаўскай крытыкі — дэмагогія, гучная фраза, сталінскія словы аб абвастрэнні, узмацненні класавай барацьбы па меры руху нашага грамадства наперад, «новыя манеўры, новую тактыку класавага ворага», «падрыўную, контррэвалюцыйную, шкодніцкую работу», якую быццам вядуць усюды і ўсе, «буржуазных нацыянал-дэмакратаў, што не выкрыты да канца», «механічнага, па сутнасці, няправільнага правядзення беларусізацыі» і г. д. «Мелі асобныя факты разгубленасці, нават згубы на пэўны перыяд перспектывы, згубы «руля» з боку вядомай часткі былых кіраўнікоў БелАПП. Некаторыя пачалі гутаркі «аб асобых умовах», дзякуючы якім Пастанова ЦК ВКП (б) як бы не падыходзіць для БССР і патрэбна яе «беларусізаваць». А некаторыя імкнуліся вытлумачыць гэтую Пастанову, як амністыю класаваму ворагу...» (В.Жаброўскі. «Задачы мастацкай літаратуры БССР». М., 1934, стар. 48—49).

Тым не менш не падпарадкавацца ёй было нельга — БелАПП, а таксама іншыя літаратурныя арганізацыі ўсё ж спынілі сваю дзейнасць у адпаведнасці з Пастановай ЦК КП (б) Б «Аб перабудове літаратурна-мастацкіх арганізацый БССР» ад 27 мая 1932 г.

Я.Колас з гэтага выпадку на радасці нават напісаў верш «Памяці нябожчыкаў (пад Гётэ)»:

 

Сцішыліся РАППы,

Голасу ні-ні.

Шумныя БелАППы

Поўны цішыні.

 

Прытаіўся Бэндэ,

Падбэндак унік —

Марная гавэнда

І дарэмны крык.

 

Не шуршыць папера

Пад даклад пусты...

Пачакай, нявера,—

Аддыхнеш і ты!

 

(8. ІV.І932 г.?

надрукаваны 31 кастрычніка 1937 г.

у газеце «Літаратура і мастацтва» № 56)

 

 

«Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі» ў нататцы пра БелАПП адзначае, што ў яе дзейнасці «вылучаюцца два этапы: 1928-30 і 1930-32. Да 30-х г. асацыяцыя праводзіла значную работу па стварэнню пралетарскай літаратуры, умацаванню сувязей з літаратурамі народаў СССР. Але на дзейнасці БелАПП адмоўна адбівалася тое, што яе кіраўніцтва дапускала адміністраванне ў дачыненні да членаў арганізацыі. Белапаўская крытыка механічна пераносіла метадалогію філасофіі на мастацкую творчасць, прапагандуючы асаблівы дыялектыка-матэрыялістычны метад літаратуры. З пач. 30-х г. асацыяцыя стала правадніком ідэй РАПП з яе памылковымі тэорыямі і метадамі кіраўніцтва, дапускала праявы групаўшчыны, пагардлівых адносін да інш. арганізацый, прэтэндавала на кіраўнічую ролю ў беларускай літаратуры. Значную шкоду прычыніла вульгарна-сацыялагічная крытыка (Л.Бэндэ, А.Кучар, М.Аляхновіч і інш.)». Думаецца, пра гэтую арганізацыю трэба было б сказаць значна больш, асабліва пра яе ролю ў выкрыцці так званага «нацыянал-дэмакратызму». Ды і роля ж Бэндэ прыніжана, недаацэнена, па-належнаму не асветлена. А ён жа гэтую арганізацыю лічыў ледзь не сваёй, ім створанай. Ды і як жа шчыраваў ён! Калі Бэндэ перайшоў на працу ў Дзяржаўнае выдавецтва — трэба было там навесці парадак, як наводзіў яго ўсюды, куды трапляў, бо там не-не дый праскоквалі то ў адной, то ў другой кнізе «грубыя палітычныя памылкі» — не драмалі, не спалі «нацдэмы»! (Скажам, праскочылі ў зборніку Купалы (т. VI) «рад адкрыта нацыяналістычных клясава-варожых твораў Купалы, калі Купала ў сваёй творчасці выразна адбіваў нацыянал-дэмакратычныя ідэі», за што «тав. Галавачу была абвешчана суровая вымова з папярэджаннем» і «ў сувязі з наяўнасцю раду фактаў, якія паказваюць, што тав. Галавач не толькі не выправіў сваіх ранейшых памылак, а нават у lаны момант дапускае таксама рад памылак палітычнага парадку, пытанне аб тав. Галавачу вырашыць дадаткова асобна» (В.Жаброўскі. «Задачы мастацкай літаратуры БССР, стар. 107—108),— дык таксама паспрабаваў ачысціць яго ад «ворагаў народа», цалкам падначаліць сабе — усё, што не адпавядала моманту, «рапаўскім», «белапаўскім» і асабіста яго, бэндэўскім, уяўленням аб літаратуры, адхілялася, бракавалася, не выдавалася. Але і не вярталася аўтарам — яно проста бясследна знікала. Як потым высветлілася, яно забіралася галоўным рэдактарам выдавецтва (а ім быў ён, Бэндэ!) і хавалася. Потым, пасля ўжо Айчыннай вайны, усё гэта прадавалася гэтым тарбахватам за вялікія грошы ў музеі, бібліятэкі, архівы і нават самім аўтарам кніг, тым, хто вярнуўся з «мест не столь отдаленных», ці іх сваякам. Вось як пра гэтую яго дзейнасць піша М.Лужанін: «...выштурхнуты самім паветрам новага літаратурнага ўкладу, гэты чалавек не растаў, як бурбалка, хоць і ўзнік акурат так. Пачаў з’яўляцца на нашых сходах і пленумах, пераплятаў у каленкор, рыхтуючы да выдання, таўшчэзныя, хвалебныя манаграфіі ўсё пра тых жа Купалу і Коласа. З ім вымушаны былі лічыцца знаўцы літаратуры, стваральнікі музеяў, выдаўцы — трымаў у руках матэрыялы. Кватэра яго была напакавана рукапісамі, фатаграфіямі, рэдкімі выданнямі, нацяганымі невядома якім шляхам з мінскіх, вільнюскіх і шмат якіх іншых дзяржаўных і прыватных сховішчаў. Ён угібаў у рукі нават перапіску Коласа з жонкай і не выпускаў, набіваў цану на памятку пасля нябожчыцы ці можа вышукваў спосаб выкарыстаць лісты якім-небудзь yе вельмі прыемным для адрасата чынам» (М.Лужанін. «Колас расказвае пра сябе». Мн., 1982, стар. 414).

Але вернемся да падзей тых гадоў...

Махавік, які быў раскручаны на ўсю сваю магутнасць па выкрыццю і знішчэнню «ворагаў народа», не спыняўся і са спыненнем дзейнасці літаратурных арганізацый, нават са стварэннем Саюза пісьменнікаў (1934). Наперадзе ж быў яшчэ 1937 год, які проста з крывавай касой прайшоў на Беларусі, асіраціўшы многія хаты, пасеяўшы страх і няверу ў справядлівасць, боязь гаварыць тое, што ведаеш, думаеш. 16 чэрвеня 1937 г. пакончыў жыццё самагубствам А.Р.Чарвякоў, абвінавачаны ва многіх памылках разам з ужо арыштаванымі старшынёй СНК М.Галадзедам, іншымі кіраўнікамі рэспублікі, Першым сакратаром ЦК В.Шаранговічам, пакінуўшы перад смерцю ліст, адрасаваны XVI з’езду КП (б) Б, у якім пісаў, што «нікога ніколі» «не арганізоўваў супраць партыі, супраць Савецкай дзяржавы», і прасіў яго «не блытаць з ворагамі парода». Назаўтра газета «Звязда» змясціла паведамленне такога зместу: «Учора пакончыў самагубствам на глебе сямейных непаразуменняў старшыня ЦВК СССР і БССР А.Р.Чарвякоў». 21 чэрвеня таго ж года не стала М.Галадзеда. Неўзабаве быў арыштаваны і В.Шаранговіч — адзін з арганізатараў партызанскага руху на Беларусі ў 1919— 1920 гг., вядомы партыйны і савецкі дзеяч... Тады ж, у тыя гады, была арыштавана і вялікая група пісьменнікаў — С.Баранавых, Я.Бранштэйн, А.Вольны, П.Галавач, У.Галубок, С.Грахоўскі, С.Дарожны, А.Дзяркач, А.Дудар, М.Зарэцкі, А.Звонак, С.Знаёмы, В.Каваль, Т.Кляшторны, Ю.Лявонны, В.Маракоў, Б.Мікуліч, Я.Нёманскі, А.Пальчэўскі, М.Піятуховіч, С.Ракіта, Я.Скрыган, В.Сташэўскі, Б.Тарашкевіч, У.Хадыка, С.Шушкевіч...

Вось што гаварыў пра падзеі тых гадоў на XXII з’ездзе КПСС Першы сакратар ЦК КПБ К.Т.Мазураў: «Як вядома, у 1935—1936 гг. у партыі праходзіла праверка і абмен партыйных дакументаў. Малянкоў, працуючы ў той час у апараце ЦК, разам з Яжовым стварыў версію пра існаванне ў Беларусі разгалінаванага антысавецкага падполля, якое ўзначальвалі нібыта партыйныя і савецкія кіраўнікі рэспублікі. На падставе гэтай версіі ў Кампартыі Беларусі пры абмене партыйных дакументаў была выключана з партыі палова ўсяго складу партыйнай арганізацыі.

Калі старшыня Саўнаркома рэспублікі тав. Галадзед на пленуме ЦК Кампартыі Беларусі паставіў пад сумненне вынікі праверкі і абмену партыйных дакументаў, Малянкоў выехаў у Беларусь і ўчыніў разгром кіруючых кадраў рэспублікі. У выніку яго дзейнасці ў час яго прабывання ў Беларусі амаль увесь кіруючы склад рэспублікі, у тым ліку сакратары ЦК, старшыня Саўнаркома, наркомы, многія кіраўнікі мясцовых партыйных і савецкіх органаў і прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі былі выключаны з партыі і многія з іх арыштаваны.

Усе гэтыя ні ў чым не вінаватыя людзі зараз рэабілітаваны, прычым многія пасмяротна» («XXII съезд Коммунистической партии Советского Союза». Стенографический отчет, 1—3. М., 1962, т. І, стар. 291).

Здараліся дзіўныя, непрадбачаныя сітуацыі і выпадкі. М.Клімковіч, выступаючы на Першым Усесаюзным з’ездзе савецкіх пісьменнікаў з дакладам пра беларускую савецкую літаратуру, гаварыў, напрыклад, што Дунін-Марцінкевіч «быў апявальнікам прыгону», Багушэвіч, Ядвігін, Багдановіч — «вешчуны» нацыянальнай буржуазіі, якая нараджалася», Цётка, Гарун — «група дробнабуржуазных пісьменнікаў», Купала, Колас, Гартны «не падымаліся да разумення ролі і месца нацыянал-вызваленчага руху ў барацьбе пралетарыяту за ўладу, не бачылі рабочага класа і яго барацьбы з царызмам», што «нацыяналістычная лінія ў літаратуры працягвалася (у новых, замаскаваных формах) і пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі. Гэтаму садзейнічала прысутнасць у шэрагах КП(б)Б нацыянал-апартуністаў і нават правакатараў тыпу былога прэзідэнта Акадэміі навук Ігнатоўскага», што «Полымя», «Узвышша» [...] па сутнасці з’яўляліся літаратурнымі ячэйкамі нацыяналістычных контррэвалюцыйных арганізацый»... Каго ж М.Клімковіч хваліў, вылучаў? «Такіх пісьменнікаў, як Міхась Чарот, баявое мастацкае слова якога даходзіла да самага глухога кутка Савецкай Беларусі, па заслугах ствараючы яму славу любімага паэта народных мас», «паэта-камуніста Андрэя Александровіча, пра якога ведае не толькі Савецкая Беларусь, але якога ведаюць і чытаюць працоўныя братніх рэспублік», «драматурга Кобеца, п’еса якога «Гута», па водгуках чэшскіх таварышаў, ішла з вялікім поспехам у рабочай Празе», «моцных празаікаў Лынькова, Галавача». Было некалькі добрых слоў сказана ў дакладзе і пра іншых пісьменнікаў, у тым ліку і пра Гартнага, Зарэцкага...

Мінула менш двух гадоў, і быў «выкрыты» як «вораг народа» і арыштаваны Ц.Гартны, яшчэ праз нейкі час — тое самае напаткала М.Чарота, А.Александровіча, Р.Кобеца, П.Галавача, М.Зарэцкага ды і іншых...

Нядаўна газета «Звязда» змясціла ў сваім «Палемічным клубе» гутарку, у якой удзельнічаў разам з іншымі і доктар філасофскіх навук У.М.Конан. У сваім выступленні ён паведаміў наступнае:

«У 30-я гады ў «ЛіМе» друкаваліся пратаколы партсходаў. Вось даклад са сходу 25 сакавіка 1937 года, які рабіў намеснік старшыні праўлення Саюза пісьменнікаў Александровіч... Цытую: «Жылуновіч — Цішка Гартны — гэта закончаны, закляты вораг беларускага народа; Зарэцкі працягваў тыя ж самыя ідэі, што і Жылуновіч. Сымон Баранавых — кулак, юродзівы бандыт...» і гэтак далей... Дацэнт В.Барысенка ў «акадэмічных артыкулах» 1936 года называў М.Гарэцкага «нацыянал-фашыстам», а Я.Коласа — прапагандыстам «містыкі» і «буржуазнага нацыяналізму». Што было рабіць пасля гэтага адпаведнаму органу?

Рэпліка: Публічны данос!

У.Конан: Так. А потым — сход у пачатку чэрвеня: «Тав. Куляшоў падрабязна спыняецца на двурушніцтве і антыпартыйнай дзейнасці Александровіча, які да апошняга часу патураў дзейнасці нацдэмаў». Крытык Кучар пытаецца: «Як Александровіч трапіў у пралетарскія паэты? Ён ім ніколі не быў!» Яшчэ адна фраза з яго ж артыкула «Як дзейнічае вораг»: «Адным з агіднейшых бандытаў пяра з’яўляецца шпіён Чарот». К.Чорны падрабязна спыняецца на дзейнасці «Маладняка» і «Узвышша», прыводзіць рад фактаў, якія выкрываюць іх контррэвалюцыйную сутнасць. У іх шэрагах былі фашысцкія шпіёны Ігнатоўскі, Дыла... І яшчэ цытата: «Прыпёрты на сходзе да сцяны крытыкай, Александровіч прызнаўся, што пісаў контррэвалюцыйныя творы свядома, а не памыляўся, як сцвярджаў раней» («Звязда», 22 снежня 1987 г.).

Але даволі пра гэта.

Неяк, у вельмі даверлівай і шчырай размове са мной, народны пісьменнік Беларусі, адзін з кіраўнікоў Саюза пісьменнікаў БССР у тыя нялёгкія трыццатыя гады, М.Ц.Лынькоў, успамінаючы той час і апавядаючы пра падзеі, якія давялося і самому перажыць, сумна ківаў галавою і толькі ўздыхаў.

— Былі моманты,— прызнаваўся ён,— калі мне здавалася, што з нас, беларускіх пісьменнікаў, ніхто не ацалее. Нават Янкі Купалы і Якуба Коласа не шкадавалі. І заступіцца за пакрыўджаных, ашальмаваных было нельга, дый не было каму — усе былі пад падазрэннем, абстрэлам. На мяне, старшыню праўлення, таксама справу завялі, амаль адхілілі ад кіраўніцтва Саюзам пісьменнікаў. Потым, праз некаторы час, я гартаў тую «справу» — у ёй, акрамя перакладаў маіх твораў на розныя мовы свету ды перадруку ўрыўкаў з рамана «На чырвоных лядах» у заходнебеларускім квартальніку «Калоссе», нічога больш не было. Гэта цяпер, калі творы перакладаюцца на іншыя мовы, мы ганарымся. А тады... Калі класавыя ворагі выкарыстоўваюць твае творы ў сваіх мэтах, хто ты?.. Вось як усё было...

Ён, Міхась Ціханавіч, і расказаў мне, як заменены былі выпісаныя на арышт вядомыя ўжо па розных чутках «ордэры на ордэны»... Вось яго аповед, запісаны адразу ж пасля той размовы:

«Панамарэнка Панцеляймон Кандратавіч гэта мне паведаміў, як на Нарач з Масквы, пасля ўжо ХХ і XXII з’ездаў КПСС, прыязджаў. А ён гэтую справу ведаў добра, бо быў не толькі сведкам, а і яе непасрэдным удзельнікам. Яго ж прыслалі да нас Першым сакратаром ЦК у 1938 годзе. Прыехаў, кажа, я ў Мінск, а тут... Страх, здранцвенне, разгубленасць... Многія пасады незанятыя... І кожны дзень, кожную ноч новыя і новыя арышты... Забягае неяк да мяне Берман, ён кіраўніком НКУС тады яшчэ быў, папку на стол кладзе. «Што гэта?» — пытаю. «Пагартайце, гэта новыя ворагі народа». Гляджу я, а ў папцы справы на Янку Купалу, Якуба Коласа ды і на іншых пісьменнікаў, якіх я ведаў па творах. «Гэта тэрмінова?» — пытаю ў Бермана. «Не вельмі, але чым хутчэй, тым лепш. Вораг на свабодзе — гэта заўсёды небяспечна». «Добра, разбяруся»,— кажу. І як толькі Берман выйшаў з кабінета, сабраў я рэшткі адказных работнікаў апарату. Пытаю: «Могуць быць Купала і Колас ворагамі народа?» Ніхто мне нічога не адказвае, галовамі толькі круцяць — не. Запалоханыя ж людзі надта былі. Думаць пачаў я, што рабіць. З Масквою, з самім Сталіным звязвацца трэба, параіцца? А як? Пісьмо пасылаць — перахопяць. Нарачнага паслаць — тым больш. Па тэлефоне? Не, пра такое толькі з вока на вока гаварыць можна. Нарада па прамысловасці якраз намячалася. Вось на яе я і паспадзяваўся. Думаю, закончыцца нарада, папрашуся на пяць хвілін да Сталіна, раскажу яму, як і што. А заадно — і параюся, як быць. Закончылася нарада, я да Сталіна падышоў. «Іосіф Вісарыёнавіч, параіцца з вамі хачу». «Што такое?» — пытае Сталін. «Чалавек я новы ў Беларусі, да таго ж рускі. А мяне, адразу ж як прыехаў, у нацыянальнае пытанне ўблытваюць».— «Якое нацыянальнае пытанне?» — і вочы ў Сталіна, бачу, загарэліся, заскакалі ў іх шалёныя агеньчыкі — вялікім жа знаўцам у нацыянальным пытанні Сталін сябе лічыў. Я і расказаў, як Берман да мяне зайшоў, папку са справамі на самых вядомых у Беларусі пісьменнікаў перада мною паклаў, быццам ворагі народа беларускія пісьменнікі. «А што, калі яны і сапраўды ворагі, дык шкадаваць?» — вымавіў Сталін. «Ну, думаю, усё»,— у сярэдзіне ў мяне быццам абарвалася штосьці — не хацеў сваю работу ў Беларусі я з гэтага пачынаць. А Сталін — о, прадбачыць, што скажа ці зробіць ён,— хто, хто мог? — усміхаецца, бярэ мяне лёгенька пад локаць, штурхае наперад. Іду я, і Сталін — поплеч. Прыводзіць мяне ў кабінет. Нічога не кажучы, да селектара сваёю ціхаю кацінаю паходкаю кіруецца. Націскае клавіш, гаворыць: «У мяне тут у кабінеце малады беларускі сакратар Панамарэнка, ён кажа, што за ўсе гады Савецкай улады ні адзін беларускі пісьменнік не атрымліваў ніякіх узнагарод. Гэта праўда?» «Праўда»,— чую я голас з селектара. «Дык Панамарэнка зойдзе да вас, аформіце». Вось так і заменены былі тады ордэры на ордэны,— засмяяўся Панамарэнка.— Я зайшоў да таго таварыша, якому званіў Сталін, і тым, на каго аформлены былі справы як на ворагаў народа, аформіў ордэны...»2

— А Берман як жа? — падняў я вочы на Міхася Ціханавіча.

— Такое самае пытанне задаў і я Панамарэнку,— прадаўжаў Міхась Ціханавіч.— І ведаеце, што ён мне адказаў? Паслухайце вось. «Бермана перавялі тэрмінова ў Маскву, намеснікам міністра, дзе ён быў неўзабаве і расстраляны. На яго месца прызначылі Наседкіна. Але гэта мяне ўжо не надта цікавіла, бо ад Сталіна, кажа, я атрымаў пэўныя ўказанні, што і як далей рабіць. Нельга было дапускаць, каб органы НКУС выходзілі з-пад кантролю партыі, каб яны стаялі над усімі. А ў Беларусі здарылася якраз такое... І таму трэба было наводзіць парадак». Вярнуўшыся ў Мінск, Панамарэнка паклікаў да сябе начальніка пагранвойск, загадаў яму ўночы акружыць НКУС і ўсіх, хто там будзе, арыштаваць. Начальнік разгубіўся, папрасіў дазволу звязацца са сваім непасрэдным вышэйшым камандаваннем. Панамарэнка загадаў яго завесці ў суседні кабінет, пачакай, маўляў, калі дазвонімся да вышэйшага камандавання, а тым часам паклікаў намесніка начальніка. «Зайшоў, кажа, да мяне вялізны, што гара, чалавек з вусамі, далажыўся, пытае, чаго клікалі. Я і кажу яму — тое і тое, так і так трэба зрабіць». «Ёсць!» — узяў пад казырок гэты вусач. І скажу — выканаў заданне як найлепей. За якія дзве гадзіны ўсіх да аднаго супрацоўнікаў НКУС арыштаваў. Па начах жа тады яны працавалі...» І прадоўжыў Панамарэнка: «Я разумеў — нацыянальная творчая інтэлігенцыя — вялікая сіла. І з ёй трэба лічыцца, на яе трэба абапірацца. Асабліва мне, русаку... Таму я так часта збіраў да сябе пісьменнікаў, раіўся. Помню, яшчэ ў трыццаць восьмым годзе спытаў, каго трэба выпусціць з арыштаваных. Усе ў адзін голас сказалі: Кузьму Чорнага... Я асабіста перагледзеў справу, якую завялі на гэтага таленавітага пісьменніка, прачытаў яго творы... І Кузьма Чорны быў неўзабаве выпушчаны на волю...»

 

Нядаўна я наведаў адну пісьменніцкую сям’ю. Гутарка, між іншым, зайшла пра Бэндэ.

— Нядобрую аб сабе памяць пакінуў ён у нашай літаратуры,— сказаў гаспадар.— Тапор, калун... Але такія патрэбны былі ў той час... І мяне ж арыштоўвалі, «забіралі»... Помню, сеў я вячэраць... Стук у дзверы... Я адчыніў... На парозе стаяць двое... Некалькі гадзін поркаліся ў маіх рукапісах, кнігах, рэчах... Два мяшкі напакавалі «доказамі маёй вінаватасці»... Ні машыны, ні падводы не было... Давялося на сабе ўсё гэта валачы... Уявіце — ідуць гэтых двое, ідзём мы з жонкаю і нясём самі на сябе «рэчавыя доказы вінаватасці», якой не было...

Жонка пісьменніка, слухаючы нашу размову, таксама сёе-тое ўспомніла:

— Жыць мне не было за што. Ды і перадаць хоць штокольвек у турму трэба было. І я, памеркаваўшы так і гэтак, надумала ў выдавецтва зайсці, папрасіць, каб заплацілі за падрыхтаваны да друку пераклад, памаглі ў скрутную гадзіну. Галоўным рэдактарам у выдавецтве тады працаваў Бэндэ. Зайшла я да яго, сказала, хто я, чаго прыйшла. І ведаеце, што ён мне адказаў? «Як вы, жонка ворага народа, асмеліліся да мяне з такім пытаннем прыйсці?» Я вылецела з яго кабінета куляй... Другі раз я сустрэлася з ім пасля вайны ўжо, у Мінску... Мы ішлі з Уладзіславай Францаўнай, жонкай Купалы... І ўбачылі раптам Бэндэ. Ён ішоў насустрач. Уладзіслава Францаўна павіталася, падала нават руку. А я... Успомніла трыццаць трэці год, як заходзіла да яго ў выдавецтва... І адвярнулася, зрабіла выгляд, што не ведаю яго... Уладзіслава Францаўна дагнала мяне, сказала, што і яна тое самае зрабіла б, што і я, але... Трэба арганізоўваць Купалаў музей, а ў яго, гіцаля, захавалася тое, чаго ні ў кога няма. Многія ж «рэчавыя доказы» — рукапісы, ненадрукаваныя творы, карэктуры кніг, запіскі, лісты — аказваліся ў яго...

— Быў я на кватэры ў Ленінградзе ў гэтага гіцаля, як называла яго Уладзіслава Францаўна,— памаўчаўшы, дадаў гаспадар.— Пасля вайны ўжо. Жыў ён раскошна, на Неўскім праспекце. Уся вялікая, на некалькі пакояў, кватэра застаўлена была папкамі, кнігамі... І мая знайшлася кніга, што павінна была выйсці, ды не выйшла... І невыдадзеныя кнігі іншых беларускіх пісьменнікаў там стаялі — Дубоўкі, Пушчы, Гарэцкага, Жылкі... Так, як нас бралі, у такім парадку стаялі і нашы кнігі... Ён іх прадаваў, вядома, за добрую цану...

— Ён трымаў іх як «рэчавыя доказы», каб на выпадак чаго зноў даказваць, што вы — «ворагі народа»? — спытаў я.

— Не, ён ведаў, што ніхто з нас не вораг Савецкай уладзе, што мы ні ў чым перад ёю не вінаваты... Проста хацеў і на гэтым зарабіць, нажыцца... Хоць... Хто ведае, што ў яго было ў галаве?..

 

Спіс беларускіх савецкіх пісьменнікаў, якія ў гады Сталіна арыштоўваліся, высылаліся, сядзелі ў турмах і лагерах, былі асуджаны, расстраляны:

 

А.Александровіч, З.Астапенка, С.Астрэйка, А.Бабарэка, М.Багун, С.Баранавых, Я.Бранштэйн, Я.Бяганская, Р.Бярозкін, А.Вольны, П.Галавач, У.Галубок, Ц.Гартны, М.Гарэцкі, Ю.Гаўрук, М.Грамыка, С.Грахоўскі, А.Гурло, С.Дарожны, А.Дзяркач, У.Дубоўка, А.Дудар, Я.Дыла, У.Жылка, І.Замоцін, М.Зарэцкі, А.Звонак, С.Знаёмы, В.Каваль, Л.Калюга, Т.Кляшторны, Р.Кобец, Д.Курдзін, С.Куніцкі, Ф.Кунцэвіч, С.Ліхадзіеўскі, М.Лужанін, Ю.Лявонны, В.Маракоў, Б.Мікуліч, А.Мрый, У.Мяжэвіч, Я.Нёманскі, М.Нікановіч, А.Пальчэўскі, А.Паўловіч, Я.Пушча, М.Піятуховіч, П.Пруднікаў, С.Ракіта, Л.Родзевіч, А.Салагуб, Я.Скрыган, В.Сташэўскі, Б.Тарашкевіч, Ю.Таўбін, С.Фамін, У.Хадыка, М.Хведаровіч, С.Хурсік, Н.Чарнушэвіч, М.Чарот, К.Чорны, В.Шашалевіч, П.Шукайла, С.Шушкевіч...

 

Толькі некалькі з іх вярнуліся пасля поўнай рэабілітацыі «з-за адсутнасці складу злачынства» зноў у Беларусь, прадоўжылі літаратурна-мастацкую творчасць.

 

Пасля страшных падзей 1937 года ў складзе пісьменніцкай арганізацыі рэспублікі асталося менш 40 чалавек — Э.Агняцвет, З.Аксельрод, І.Барашка, В.Барысенка, П.Броўка, Л.Бэндэ, З.Бядуля, В.Вольскі, У.Глазырын, П.Глебка, А.Гурло, І.Гурскі, Ц.Даўгапольскі, А.Зарыцкі, Г.Камянецкі, Л.Кацовіч, М.Клімковіч, Я.Колас, К.Крапіва, А.Куляшоў, Я.Купала, А.Кучар, М.Лынькоў, Я.Маўр, Е.Міровіч, М.Модэль, Р.Мурашка, М.Паслядовіч, І.Платнер, Я.Рамановіч, Р.Рэлес, Э.Самуйлёнак, У.Фінкель, М.Хведаровіч, К.Чорны, І.Шапавалаў, Х.Шынклер, А.Якімовіч...

4.2.1938 г. памёр А.Гурло, 12.2.1939 — Э.Самуйлёнак. 13.10.1938 г. быў арыштаваны К.Чорны, крыху пазней — М.Хведаровіч... К.Чорнага, патрымаўшы месяцаў з восем у турме і вымучыўшы бясконцымі допытамі, дзякуючы ўмяшанню П.К.Панамарэнкі, выпусцілі на волю, а М.Хведаровіча, даўшы яму восем год працоўна-папраўчых лагераў, накіравалі ў Сібір. Вярнуўшыся пасля рэабілітацыі ў 1955 г. зноў у Мінск, ён праз дзесяць год у зборніку «Дзень паэзіі» надрукаваў верш-крык М.Чарота «Прысяга», які той выкалупіў нечым вострым перад смерцю на сцяне камеры-адзіночкі і які знайшоў там і запомніў паэт:

 

 

Я вам не здрадзіў,

Не зманіў,

Бо славіў наш савецкі будзень.

Свой верш сардэчнай чысціні

Ахвяраваў я родным людзям.

Я не чакаў

І не гадаў,

Бо жыў з адкрытаю душою,

Што стрэне лютая бяда,

Падружыць з допытам,

З турмою.

Прадажных здрайцаў ліхвяры

Мяне заціснулі за краты.

Я прысягаю вам, сябры,

Мае палі,

Мае бары,—

Кажу вам — я не вінаваты.

Паверце — я не вінаваты!

 

 

Іх, такіх невінаватых, было тысячы, дзесяткі, сотні тысяч... Але іх крыкаў, іх стогнаў, іх прысяг і клятваў не чулі. А калі і чулі — не верылі...

Давайце ж помніць, не забываць пра тое, што было. І рабіць усё, каб больш ніколі пе паўтарыліся падзеі тых дзён — бяспраўе і рэпрэсіі.

 

 

1 У гэтай сувязі варта прыгадаць кнігі і артыкулы Г.Лялевіча «Окулаченный Ленин». М., 1924 г. і «Против упадничества. Против «есенинщины», М. 1920 г., М.Бухарына «Злые заметки». М., 1927 г., З.Штэйнмана «Замятины, их алгебра и наши выводы» (альманах «Удар». М., 1927). М.Гельфанда «От «Партизап» к «Особняку» (о характеристике одной писательской эволюции) («Революция и культура», 1928, кн. XXII), Б.Брайниной «Куда «впадает» творчество Пильняка» («Пролетарская литература», 1931, кн. V—VI), А.Фадзеева «Об одной кулацкой хронике» («Красная новь), 1931, кн. V—VI) і інш.

2 Ордэны ў 1939 г. атрымалі: Я.Купала, Я.Колас, М.Лынькоў, Э.Самуйлёнак, З.Бядуля, П.Броўка, П.Глебка; 1940 г. ордэн Леніна атрымаў К.Крапіва.

Замест пасляслоўя

5 сакавіка 1953 года памёр Сталін. Тады ж, неўзабаве пасля яго смерці, пачаўся перагляд заведзеных пры яго жыцці судовых спраў «удзельнікаў» розных «контррэвалюцыйных» і «антысавецкіх арганізацый» — «ворагаў народа». Ужо ў 1954—1955 гг. былі рэабілітаваны «з-за адсутнасці складу злачынства» многія тысячы «невинно пострадавших», сярод іх і нашы беларускія пісьменнікі — А.Александровіч, М.Багун (пасмяротна), С.Баранавых (пасмяротна), С.Грахоўскі, А.Звонак, С.Знаёмы (пасмяротна), С.Куніцкі (пасмяротна), В.Каваль (пасмяротна), Б.Мікуліч (пасмяротна), Я.Пушча, А.Пальчэўскі, С.Ракіта (пасмяротна), Я.Скрыган, М.Хведаровіч, В.Шашалевіч (пасмяротна), С.Шушкевіч...

У лютым 1956 года адбыўся ХХ з’езд КПСС. Партыі і народу вуснамі Першага сакратара ЦК КПСС М.С.Хрушчова ўпершыню было шчыра і мужна сказана, хто такі быў Сталін, што ён не толькі ведаў пра рэпрэсіі і бяспраўе, якія тварыліся ў краіне, але і спрыяў ім, асабіста прымаў удзел. Даклад М.С.Хрушчова чытаўся ва ўсіх партыйных арганізацыях, на сходах рабочых, сялян і інтэлігенцыі, у студэнцкіх аўдыторыях...

Працягваўся і перагляд «спраў», ішла рэабілітацыя ні за што асуджаных. У 1956—1957 гг. зноў жа, сярод тысяч іншых савецкіх людзей, былі рэабілітаваны і многія беларускія пісьменнікі — С.Астрэйка (пасмяротна), Я.Бранштэйн (пасмяротна), Р.Бярозкін, М.Гарэцкі (пасмяротна), У.Галубок (пасмяротна), П.Галавач (пасмяротна), М.Грамыка, А.Вольны (пасмяротна), У.Дубоўка, А.Дзяркач (пасмяротна), У.Жылка (пасмяротна), І.Замоцін (пасмяротна), Л.Калюга (пасмяротна), Т.Кляшторны (пасмяротна), Д.Курдзін (пасмяротна), С.Ліхадзіеўскі, М.Лужанін, Ю.Лявонны (пасмяротна), В.Маракоў (пасмяротна), Я.Нёманскі (пасмяротна), М.Піятуховіч (пасмяротна), А.Салагуб (пасмяротна), В.Сташэўскі (пасмяротна), Б.Тарашкевіч (пасмяротна), Ю.Таўбін (пасмяротна)...

З «закрытых фондаў», падвалаў бібліятэк падымаліся для перагляду — можна іх даваць чытаць ці не? — кнігі, газеты, часопісы, што выходзілі ў 20—30-я ды і ў перадваенныя, ваенныя і пасляваенныя гады. Помню кабінет беларускай літаратуры ў Дзяржаўнай бібліятэцы імя Леніна, які проста быў завалены пажаўцелымі нумарамі часопісаў «Маладняк», «Узвышша», «Полымя», а таксама кнігамі тых, каму вернута было грамадзянства. З якой неспатольнай прагай накінуліся ўсе, хто працаваў тады ў гэтым кабінеце, на неспадзявана падоранае шчодрае багацце, якога не бачылі, нават некаторыя не ведалі, што яно ёсць...

Пачалі вяртацца з «мест не столь отдаленных» і тыя, хто выжыў, каму пашанцавала больш, чым многім і многім іх сябрам і таварышам па няшчасці. Яны друкавалі новыя свае творы, расказвалі пра тых, каго, на жаль, няма. Газета «Літаратура і мастацтва» зноў «адкрывала» тых, каго ў трыццатыя гады «закрывала», аб’яўляла «ворагамі народа»...

Выходзілі кнігі «невинно пострадавших» — аднатомнікі, двухтомнікі, трохтомнікі, чатырохтомнікі...

Але ўсяго гэтага было мала. Праўда пра перажытае хоць быццам і гаварылася, але не ўся, не да канца. Паміралі адзін за адным і тыя, хто прайшоў усе кругі сталінскага пекла, хто многае бачыў і ведаў і пра многае мог расказаць: А.Александровіч, Я.Пушча, Н.Чарнушэвіч, М.Грамыка, Я.Дыла, С.Ліхадзіеўскі, Ю.Гаўрук, А.Пальчэўскі, У.Дубоўка, С.Дзяргай, Р.Бярозкін, М.Хведаровіч... І ўсё ж верылася — не можа такога быць, каб праўда пра перажытую несправядлівасць не асталася, не была засведчана літаратурай. І вось летась часопіс «Нёман» змясціў у сакавіцкім нумары «Аповесць для сябе» Б.Мікуліча. Усяго, што ёсць у гэтым творы, не перакажаш. Трэба чытаць. Чытаць ад першага слова да апошняга, чытаць уважліва. І думаць, думаць. Вось толькі некалькі вытрымак з яго:

«Што ўбачыў, пачуў і зразумеў я ў Мінску і які ён быў увосень 1930 года?

Толькі што прайшла «чыстка» літ. радоў... Так мне ніколі і не пашанцавала бачыць і чуць «легендарных» Дубоўку і Пушчу, але дыханне іх адчувалася вельмі моцна. Пачаўся бой па ўсім фронце. І як бывае ў азарце, усё створанае раптам было аб’яўлена крамолай. Паспрабавалі закрэсліць усё мінулае, у тым ліку і Багдановіча, і Цётку, і Багушэвіча. Уладарылі Канакоцін, Бэндэ і К... БелАПП — гэта была не толькі арганізацыя, гэта была паласа, «перыяд», вельмі шкодны».

Нельга без хвалявання чытаць і тыя радкі дзе Б.Мікуліч расказвае, як яго, ні ў чым не вінаватага, чалавека светлай душы і шырокіх поглядаў, які любіў Савецкую ўладу і марыў ёй шчыра служыць, арыштоўвалі, потым дапытвалі. «Самае недарэчнае і страшнае было ў тым, што следчыя рашуча ўсё — і літ. справу, і выдавецтва, і тэатр, і кам. арганізацыю — адразу ж аб’явілі контррэвалюцыяй. Я помню амаль фізічнае адчуванне болі, калі пачуў гэта, і тут зніклі многія ілюзіі.

Па-першае, мне інкрымінавалі ўдзел у нейкай фантастычнай і малаверагоднай трацкісцкай арганізацыі. Выявілася, што па ўзросту гэта не ўвязваецца... Адпала. Затым — шпіянаж у карысць Польшчы. Але тут сапраўды нельга было хоць бы набліжана знайсці якія-небудзь сувязі... Адпала і гэта. І што ж? Аднойчы ноччу следчы Соцікаў сказаў мне: «Вы, Б.М., сапраўды ні ў чым не вінаваты». Я законна адказаў: «Тады пішыце пацверджанне маёй невінаватасці, і канец».— «Не, вас перададуць іншаму следчаму, прыменяць розныя метады, мне шкада вашай маладосці». Па метаду — «быў бы чалавек, а «справа» знойдзецца» — «знайшлі» «справу» і Б.Мікулічу — далі дзесяць гадоў папраўча-працоўных лагераў за тое, што, «працуючы у Белдзяржвыдзе», ён «садзейнічаў выданню контррэвалюцыйнай літаратуры».

Балючыя звесткі пра перажытае ў тыя нялёгкія гады падае і С.Грахоўскі («Два лёсы — дзве трагедыі». «Маладосць», 1988, № 1). Пераказваць гэтыя ўспаміны зноў жа я не бяруся, дам лепш слова самому аўтару, які нечакана для сябе ў кастрычніку 1936 г., як і многія ў той час, апынуўся ў турме:

«Дакладна расказаць, як выразаліся ўсе гузікі, гаплікі і зашчэпкі, выцягваліся шнуркі з чаравікаў, прамацваўся кожны рубец у адзежы, як бессаромна прыходзілася распранацца і прымаць позы, у якія і перад доктарам не заўсёды станавіўся, проста немагчыма. Потым прызвычаіўся ўсё насіць на матузках, а калі іх не было, дык у руках. Галоўнае было наперадзе. Тры месяцы ў адзіночцы, падобнай на каменную дамавіну, і дзевяноста начэй бесперапынных «канвеераў». Што гэта такое? Нават ворагу не зычу. Допыт пачынаўся праз гадзіну пасля адбою: бязгучна адчынялася акенца (кармушка) у жалезных дзвярах, таямнічы шэпт: «на Г. на дапрос». Рукі назад і павялі праз вузкі, як студня, двор па калідорах, пракураных «Беламорам». У пакоі следчага лямпа б’е прама ў вочы, сядзеш на цвёрды стул, рукі на каленях, на спінку не абапірацца. Следчы дзяўбе адно і тое ж: «Признавайтесь! Говорите правду!» Зарыпяць на калідоры боты, крык узмацняецца, грукаюць па стале кулакі. І так да раніцы. Змораны следчы ідзе дадому, яго змяняе чыста паголены наадэкалонены другі і паўтарае тое самае да вечара. Яго змяняе трэці, а ты, ачмурэлы, валішся з крэсла, заплюшчваюцца вочы. Будзіць штуршок і крык: «Не спаць!» Пачынае світаць. Раніцай прыходзіць першы, і так па трое сутак». А яшчэ ж і катавалі, білі. Ды як, як! К.Чорны ў сваім «Дзённіку» («Полымя», 1988, № 4) піша: «У нядзелю ўвечары Пестрак расказваў Лужаніну, як яго мучылі ў польскай турме. Алоўкі паміж пальцаў, пампавалі ваду праз нос, білі гумовым кіем, замыкалі рукі ў кайданы. Я слухаў. Пестрак умее цікава расказваць.

У яжоўскай турме ў Мінску ўвосень 1938 г. мяне саджалі на кол, білі вялікім жалезным ключом па галаве і палівалі збітае месца халоднай вадой, паднімалі і кідалі на рэйку, білі паленам па голым жываце, устаўлялі ў вушы папяровыя трубы і раўлі ў іх на ўсё горла, уганялі ў камеру з пацукамі, але рук у кайданы не замыкалі».

Не дзіва, што многія не вытрымлівалі здзекаў, падпісвалі на сябе тое, у чым не былі вінаваты. Вось прызнанне яшчэ аднаго вельмі сумленнага чалавека і таленавітага пісьменніка С.Баранавых, якое ён зрабіў у пісьме да сваёй жонкі Надзі: «Мае ж пратаколы ў справе падпісаны мною пад прымусам, г. зн. мяне следчы прымусіў падпісаць пратаколы, ім напісаныя ў сябе дома ці ў кабінеце без мяне. Я падпісваў іх, нават некаторыя не чытаючы і не слухаючы. Я гаварыў і гаварыў следчаму адну праўду — я невінаваты! Я нічога не ведаю. Ніколі ў арганізацыі не быў. Я сумленны грамадзянін нашай Савецкай краіны. Мяне следчы ўгаворваў, што гэта так трэба дзеля іх і што ён, следчы, ведае, што я невінаваты, але трэба гэта. Я і цяпер не ведаю, каму гэта «трэба» было арыштоўваць чалавека, які гатовы перагрызці любому ворагу горла за маю дарагую савецкую ўладу... Каму гэта трэба? Па-мойму, трэба гэта было ворагу савецкай улады і больш нікому. Я пісаў у сваіх заявах і заўсёды гаварыў і пішу табе, я, дарагая Надзечка, невінаваты. Я ніколі і нідзе не зняважыў нават маёю думкаю, дарагой, паўтараю, для мяне Савецкай краіны. Вораг нашага савецкага народа мог пасадзіць мяне, і больш ніхто» («Нёман», 1988, № 4).

Прыкладна тое самае, толькі іншымі словамі, пісаў у пісьме, але ўжо не жонцы, а «другу працоўных Іосіфу Вісарыёнавічу Сталіну» Л.Мрый («Полымя», 1988, № 1). «Я ў час апошняга следства нават хацеў, каб да мяне былі ўжыты самыя рэпрэсіўныя меры ўздзеяння. Я думаў, што мне ўдалося б пераканаць і даказаць сваю непрыналежнасць да контррэвалюцыйных арганізацый. Я гатовы быў праз слёзы крычаць аб сваёй невінаватасці, клясціся вялікім ценем Леніна і Вашым вялікім імем тым, што, можа, у маіх роспачных словах адчуюць праўду».

Але, як піша А.Мрый, следства чакала не прызнання яго невінаватасці, а прызнання яго ўдзелу ў «антысавецкай арганізацыі», іншых звестак, дакладней, паклёпу на самога сябе і на сяброў...

Вядома, кожны, хто трапляў у турму, вінаваціў усіх, толькі не Сталіна, не тых, хто акружаў тырана і па волі каго рабіліся страшныя злачынствы. Адзін хіба Цішка Гартны разумеў больш, чым некаторыя. На пытанне следчых, хто ва ўсім вінаваты, ён адказваў: «Усе вінаваты, што так здарылася. Усе.— «Можа, і таварыш Сталін?» — здзекліва пыталі ў яго. «Усе. І вы, хто згубіў чалавечы воблік. А Сталін больш за ўсіх. Так і скажу на судзе» («Нёман», 1988, № 2, стар. 105).

Хіба ж мог так гаварыць тады нармальны чалавек? Нават чуць такое было боязна і небяспечна. Маршал Тухачэўскі — і той верыў Сталіну, пісаў яму перад смерцю пісьмо, прызнаваўся ў сваёй невінаватасці і кляўся ў вернасці і любві. (Сталін на гэтым пісьме, як вядома, наклаў рэзалюцыю: «Усё брэша! Расстраляць! Сталін». )

Цішку Гартнага — ды хіба ж інакш і магло быць? — аб’явілі вар’ятам, накіравалі ў Магілёў у псіхбальніцу, дзе ён і пакончыў жыццё самагубствам, не дажыўшы да свайго пяцідзесяцігоддзя...

А яго ж, Цішку Гартнага, разам з М.Зарэцкім, М.Чаротам, А.Дударом рыхтавалі ў кіраўнікі той «нацдэмаўскай» контррэвалюцыйнай арганізацыі», якая ставіла сабе за мэту аддзяленне Беларусі ад СССР і ў якую былі ўпісаны дзесяткі прозвішчаў беларускіх пісьменнікаў і якая, на самай справе, як выявілася, не існавала ды і не магла існаваць — Беларусь жа толькі дзякуючы Савецкай уладзе атрымала дзяржаўнасць, і хто ж з беларусаў гэта не ведаў і не цаніў, не цэніць!

Архівы пакуль што маўчаць. Гавораць сведкі і ўдзельнікі тых падзей...

Хто, хто яшчэ абзавецца, скажа праўду пра тое, чаго ні я, ні тым больш маладзейшыя за мяне не ведаюць?

Будзем чакаць. І верыць — праўда будзе сказана. Уся, якая б горкая яна ні была. Бо толькі праўдай жыў і жыве чалавек. Так было і — трэба спадзявацца — будзе!

 

P. S. Дарэчы, «бэндэ» па-латышску — кат ці той, хто вядзе чалавека на кару, смерць.

1988 г.

 

 

«Сняцца сны аб Беларусі... »

(Загадка смерці Янкі Купалы)

 

Пакутную ён нам пакінуў загадку —

А хто ж бы адважыўся зараз рашаць?!

Яўгенія Пфляўмбаўм

 

 

Калісьці, у 1924 годзе, Янка Купала напісаў, як бы прадоўжыў пачатую, але не скончаную спрэчку, верш:

 

 

...О так! Я — пралетар!..

Яшчэ учорах раб пакутны —

Сягоння я зямлі ўладар

І над царамі цар магутны!

 

Мне бацькаўшчынай цэлы свет,

Ад родных ніў я адвярнуўся...

Адно... не збыў яшчэ ўсіх бед:

Мне сняцца сны аб Беларусі!

 

 

У ім, гэтым вершы,— глыбокі, не ўсімі яшчэ і сёння зразуметы сэнс, веліч, боль і трагедыя многіх, уключаючы і самога нашага вялікага песняра...

 

1

У жыцці Янкі Купалы было нямала цяжкіх гадоў. Адзін з іх — 1930-ты.

Пачаўся ён быццам не горш за іншыя, а можа, нават у сім-тым і лепш. Толькі што быў надрукаваны верш «Сыходзіш, вёска, з яснай явы...» (газета «Звязда», 19 снежня 1929 г., часопіс «Полымя», 1929, № 11 —12), у якім паэт вітаў тыя змены, што несла сацыялістычнае жыццё, а ўжо ў першым нумары «Чырвонай Беларусі» за 1930 г. з’явіўся новы верш — «Дыктатура працы». Гэта быў крок наперад у творчасці песняра, у яго спасціжэнні і адлюстраванні савецкай рэчаіснасці. Набліжалася 25-годдзе яго літаратурнай дзейнасці, і Купала добра, натхнёна працаваў, хацеў сустрэць па-належнаму гэтую дату. Ён, можа, больш чым калі ездзіць па Беларусі — пабываў у Бабруйску, Віцебску, Хойніках, Мазыры, сустрэўся ў Доме асветы з удзельнікамі Мінскай акруговай настаўніцкай канферэнцыі. Не парушаўся і заведзены гадамі парадак і рытм — у Купалы кожны дзень шмат самых розных гасцей: прыходзяць сябры-літаратары, моладзь, прыходзяць і тыя, хто набыў вядомасць і ўладу — акадэмікі, партыйныя і дзяржаўныя дзеячы: усім хочацца пагаварыць з паэтам, параіцца, пачуць яго мудрае, аўтарытэтнае слова. «Дзверы яго гасціннага дома не паспявалі зачыняцца за шматлікімі наведвальнікамі» (М.Лужанін). Гаспадары гэтага дома — «Іван Дамінікавіч і Уладзіслава Францаўна — былі рады гасцям і рабілі ўсё, каб яны не былі чым-небудзь пакрыўджаны. Сапраўднае хлебасольства і гасціннасць гаспадароў купалаўскага дома ледзь не ўвайшло ў прымаўку» (М.Лынькоў). І хоць сам «Купала быў стрыманы па выяўленню пачуццяў, раскрываўся перад суразмоўнікамі не часта і ненадоўга» (М.Лужанін), «па сваёй натуры» «быў маўклівы, больш любіў слухаць, чым гаварыць» (Уладзіслава Францаўна), аднак «любіў бываць сярод людзей, і людзі шанавалі і ўмелі цаніць яго прысутнасць» (М.Лужанін). «Ён усё павінен быў асэнсаваць сам. Ён адкрыта выказваў сваё сумненне наконт чаго-небудзь, пакуль не прапускаў той або іншы факт праз лабараторыю сваёй асабістай думкі. І гэта надавала асаблівую каштоўнасць яго грамадска-палітычным пазіцыям. Ён ахвотна прыслухоўваўся да довадаў і пярэчанняў субяседнікаў» (С.Шамардзіна). Нарэшце 28 мая ў Мінску ў Доме асветы адбываецца вечар, прысвечаны 25-годдзю літаратурнай дзейнасці песняра. Невялікая зала гэтага Дома перапоўнена. Паэта горача віншуюць сябры-пісьменнікі, рабочыя, сяляне, піянеры... Зачытваюцца вельмі цёплыя тэлеграмы і віншавальныя адрасы ад СНК БССР, ЦВК БССР, ад працоўных калектываў, ад рэдакцый часопісаў і газет, ад пісьменнікаў РСФСР, Украіны і іншых рэспублік, ад Камакадэміі і секцыі мастацтваў народаў СССР... Усхваляваны паэт гаворыць прамову, якая потым друкуецца у газеце «Звязда» як «Ліст у рэдакцыю» (30 мая 1930 г.), у якой, акрамя слоў падзякі «Савецкай уладзе і савецкай грамадскасці», былі і такія словы: «Я кажу, таварышы, што, пакуль хопіць маіх сіл, я не сыду з таго шляху, па якім ішоў да сягонняшніх векапомных бурлівых дзён,— заўсёды наперад і наперад! Бяда і гора маё і ўсяго працоўнага люду беларускага адыходзяць усё далей — у нябыт, а шпаркім крокам творыцца квяцістае беспрыгоннае бытаванне, абы толькі шчырай працай і безагляднай адданасцю ленінскім заветам дапамагаць хутчэйшаму набліжэнню гэтай светлай часіны!»

Праз некалькі дзён — 9 чэрвеня — адбыліся ўрачыстасці ў Маскве — вечар у Камакадэміі, на якім выступіў народны камісар асветы РСФСР А.В.Луначарскі,— ён засведчыў факт, што «імя Я.Купалы ўпісана ў гісторыю беларускай літаратуры такімі ж буйнымі літарамі, як і імя Тараса Шаўчэнкі ва ўкраінскай літаратуры». У тым самым месяцы часопіс «Полымя» змясціў на сваіх старонках (№ 5—6) 18 арыгінальных твораў і 9 перакладаў з архіва паэта, якія, як гаварылася ва ўступе, «раней па цэлым шэрагу прычын, у тым ліку і па цэнзурных, нідзе не друкаваліся...». Беларускае дзяржаўнае выдавецтва, якое ў сувязі з пяцігоддзем працы паэт прывітаў вершам, выдавала першы яго «Збор твораў»; яно ж, гэтае выдавецтва, падрыхтавала і вялікі том выбранай паэзіі песняра пад назваю «Творы 1918—1928». Янка Купала вычытаў карэктуру і застаўся задаволены кнігай, бо ў яе, акрамя шырокавядомых ужо вершаў, напісаных у савецкі час,— «А зязюлька кукавала», «Безназоўнае», «Арлянятам», «Піянерскае», «На смерць Сцяпана Булата», «На Даўгінаўскім гасцінцы»,— увайшлі і тыя, што былі напісаны ў нямецкую і польскую акупацыі і пакуль нідзе не друкаваліся, а калі і друкаваліся, дык у такіх выданнях, якія проста былі недаступныя масаваму чытачу — «На нашым...», «Паўстань...», «На сход», «Час», «З павяўшай славай», «Беларускія сыны», «Свайму народу», «Наша гаспадарка», «Каб...», «Паэт і цэнзар», а таксама пераклады, прычым важныя, у пэўнай ступені этапныя — «Міжнародны гімн» («Інтэрнацыянал»), паэма В.Палішчука «Ленін», паэма У.Бранеўскага «Песня аб вайне грамадзянскай», славутая «Песня аб паходзе Ігара» і інш. Кніга была прысвечана «памяці тых, што памерлі ў змаганні за нацыянальнае і сацыяльнае вызваленне маёй бацькаўшчыны».

І хоць на сходах ды і ў друку сёй-той спрабаваў не зусім паважліва выказвацца пра самога паэта і асобныя яго творы, спрабаваў прыпісваць яму розныя «нашаніўскія», «адраджэнцкія», «нацдэмаўскія» грахі і настроі (напрыклад, Л.Бэндэ, М.Аляхновіч і інш.), паэт не надаваў гэтаму значэння. Вёў Купала сябе высакародна і з моладдзю, не прымаў удзелу, як некаторыя, у барацьбе з «маладнякоўскім» задзёрам і напорыстасцю. Было яму і без таго чым займацца і пра што думаць! Пачаўся ж адыход ад ленінскіх нормаў жыцця, узвялічвалася асоба Сталіна і яго нейкая выключная роля ў жыцці партыі і краіны, вяліся пошукі і выкрыццё розных «контррэвалюцыянераў» і «контррэвалюцыйных» арганізацый. Вызваляліся адзін за адным ад пасад людзі не надта «надзейныя». Ужо быў вызвалены ад пасады Старшыні СНК БССР і адкліканы ў Маскву Язэп Адамовіч, з якім Купала часта сустракаўся, амаль пасябраваў, былі вызвалены ад пасады сакратара ЦВК БССР З.Чарнушэвіч, ад пасады дырэктара Беларускага дзяржаўнага выдавецтва і рэдактара часопіса «Полымя» Ц.Гартны, ад пасады рэдактара газеты «Савецкая Беларусь» М.Чарот... Ды і з «беларусізацыяй» ішло не ўсё так, як задумвалася, меркавалася... Што ўсё гэта значыла?..

Балюча ўдарыла Купалу і вестка, што прыйшла неяк ад маці і сясцёр з Акопаў і якая прымусіла нямала пахвалявацца — іх, як выявілася, хоць на тое і не было ніякіх падстаў, раскулачылі. Пакуль паэт бегаў па розных інстанцыях, шукаючы, хто б заступіўся, маці і сясцёр пасадзілі на цягнік і павезлі ў Котлас. Цяжка сказаць, што б і як з імі было, каб не энергічнасць і рашучасць Уладзіславы Францаўны — яна дагнала цягнік з раскулачанымі ў Барысаве і, маючы хоць і не вельмі пераканаўчыя і дзейсныя паперы, дамаглася, каб Купалаву маці і сясцёр вызвалілі, не вязлі далей... Не паспелі апамятацца ад адной бяды, пачаліся новыя — знаёмых Купалу людзей, тых, каго ён ведаў, з кім працаваў у Тэрміналагічнай камісіі, у Інбелкульце, потым у Акадэмі навук, якія часта бывалі ў яго дома і з многімі з якіх ён сябраваў,— вызвалялі ад пасад і арыштоўвалі. За якія месяц-два за кратамі апынуліся Я.Дыла, В.Ластоўскі, А.Смоліч, С.Некрашэвіч, Я.Лёсік, У.Пічэта, Б.Эпімах-Шыпіла, М.Гарэцкі, М.Грамыка, У.Дубоўка, А.Гурло, Я.Пушча, У.Жылка, Н.Чарнушэвіч, А.Бабарэка, народны камісар асветы БССР А.Баліцкі, народны камісар земляробства БССР З.Прышчэпаў і многія-многія іншыя... Больш таго, не пакінулі ў спакоі і самога Купалу, пачалі ўсё часцей і часцей выклікаць у ГПУ... Чаго ад яго дамагаліся? Паколькі амаль усе арыштаваныя часта бывалі ў паэта дома, то... Што яны там рабілі, як сябе паводзілі, што гаварылі, абмяркоўвалі, якія пры гэтым выказваліся і кім думкі? І не толькі дома ў Купалы, але і ў іншых месцах — на пасяджэннях Тэрміналагічнай камісіі, у Інбелкульце, у Акадэміі навук? Ды і па якіх меркаваннях, чаму сёй-той залічваўся на працу?.. А канфіскаваны веснік «Адраджэнне»? Як ён узнік, хто быў у яго рэдкалегіі?.. Ці не знарок дзеля гэтага выдання Я.Купала напісаў вершы «Паўстань...» і «Перад будучыняй»?

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

 

Невялікі каментарый:

Верш «Перад будучыняй» надрукаваны ўпершыню літаратурна-навуковым весніку Інстытута беларускай культуры «Адраджэнне» (1922, № 1):

 

 

Перад будучыняй

 

Стаім мы перад будучыняй нашай

І ўсё варожым, сочым ейны ход...

Ці ўскрэснем мы душою, ўпаўшы, звяўшы,

Каб выйсці ў свет, як нейкі здольны род...

 

Сягоння мы жывём, і ўдзень мы блудзім

Пад маскай, асляпляючаю нас.

І што сказаць, самім сабе і людзям,

Не ведаем, не можам, хоць і час.

 

Заціснуты, задушаны, як мышы

Пад жорсткім венікам, з усіх бакоў,

Шукаем, як сляпыя, не згубіўшы

Таго свайго, што наша ад вякоў.

 

Пакрыўленыя колісь нашы душы

Дагэтуль выпрастаць не ў моцы йшчэ;

Снуёмся, ў думках зводных затануўшы,

А хтось, а штось і мучыць і пячэ.

 

Цябе чакаем, будучыні нейкай,

Што прыйдзеш, недзе ўсіх нас павядзеш,

І гінем марна пад чужой апекай,

Адбіўшыся ад родных вехаў, меж.

 

А хтось далёкі ці хтось, можа, блізкі

Засеў за наш бяседны, сытны стол

І кідае, як з ласкі, нам агрызкі,

А мы к зямлі з падзякай гнёмся ўпол.

 

Нявольніцтва й жабрацтва так нас з’ела

І так нам высмактала з сэрца сок,

Што нат у вочы глянуць, плюнуць смела

Не смеем, стоптаныя на пясок.

 

Там чутна: Беларусь! Там — Незалежнасць!

А там — «Паўстань пракляццем»... Ну, а мы?

Мы ў страху... дум крутня... разбежнасць...

Без толку крыллем лопаем, як цьмы.

 

О так, як цьмы, як спуджаны вароны!..

І слухаем і нюхаем тут, там:

Які павееў вецер на загоны —

Заходні, ўсходні, й ці ад нас, ці к нам?

 

Аграбленыя з гонару й кашулі,

З свайго прыпынку выгнаныя вон.

Мы дзякуем, што торбы апранулі

На нас ды з нашых нітак-валакон.

 

З кійком жабрачым так мы, паўналеткі,

Брыдзём, паўзём у свет — скрозь неўпапад.

І прысягаем, клічам Бога ў сведкі,

Што мы — не мы, што нехта вінават...

 

І так жывём, сябе саміх не знаўшы,

Учора, сёння лазім між канаў...

Няўжо ж бы хто й над будучыняй нашай

Навек залом пракляты заламаў?

 

Няўжо нас не аб’ясніць розум ясны

І не пакінем біцца з кута ў кут?

Няўжо кліч вечны будзе ў нас напрасны —

Кліч бураломны: вызваленне з пут?!

Менск, 24.1.1922

 

 

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

 

Янка Купала быў чалавек крыштальнай сумленнасці, не мог гаварыць няпраўды. А тым, хто яго дапытваў, патрэбна была няпраўда, патрэбна было тое, што не апраўдвала б, а кампраметавала б пасаджаных за краты. Следчыя, каб заблытаць Купалу, супастаўлялі яго паказанні, спрабуючы «вывудзіць» хоць што патрэбнае ім, таму затрымлівалі яго ў сябе ўсё больш і больш — іншы раз, пайшоўшы ў ГПУ пасля абеду, ён вяртаўся адтуль толькі пад раніцу. Купала, як піша ў сваіх успамінах М.Грамыка, заўсёды добра ўсведамляў тую ролю, «якую адвяла яму гісторыя ў культурным развіцці свайго народа», таму даражыў кожным сваім словам, няхай яно было друкаванае ці вуснае. І не паддаваўся ні на якія кампрамісы. Паэт-прарок, паэт-вяшчун, ён многае ведаў і бачыў далёка наперад. Да таго ж ён рады быў, што скончылася разруха і неразбярыха ў Беларусі, змена адной улады на другую, ён цаніў усё тое, што далі, зрабілі і дзеля яго самога і дзеля ўсяго беларускага народа бальшавіцкая партыя і Саветы. Пра гэта ён неаднойчы гаварыў— і ў сваіх творах, і ў выступленнях у друку ў связі з наданнем яму годнасці народнага паэта і ў сувязі з 25-годдзем літаратурнай дзейнасці. Быў Купала тады, паводле слоў М.Грамыкі, «у росквіце гадоў і здароўя. Рысы твару, колер валасоў, позірк — тыповыя для значнай часткі беларусаў. Лоб... Лепш назваць яго старым, але больш выразным словам — «чало». Досыць было раз-другі зірнуць на гэтае чало, каб упэўніцца: там, у падкоркавых тайніках, павінны хавацца да часу думкі і пачуцці, якія пазней вобразамі слоў асядуць у сэрцах людзей!

І гэтая ўсмешка! Тады яна лёгкай хвалькай бегла ад вачэй да вуснаў. Пазней, праз колькі год, усмешка ягоная набыла нязвычную сталасць, глыбіню з адценнем суму і нейкай нібы адказнасці. Яна сведчыла аб яго закончанай усвядомленасці сваёй выдатнай ролі ў справе станаўлення нацыянальнага аблічча народа, з нетраў якога ён выйшаў. А.П.Чэхаў выказаўся ў адным з лістоў у час хваробы Льва Талстога прыкладна так: «Страшна падумаць, што Талстой можа памерці. Пакуль ён жывы, не сорамна быць рускім пісьменнікам. Пры ім не падыме галавы ў нашай літаратуры ніводзін прахвост!»

Так прыкладна адчувалі сябе пры Янку Купале ўсе нашы пісьменнікі. Мы як бы знаходзіліся пад дбайнай, няспыннай аховай яго маральнага аўтарытэту...»

А як адчувалі сябе «пры Янку Купале» тыя, хто яго дапытваў, патрабаваў прызнанняў? Ды і хто быў для іх Купала? «Подследственное лицо», не болей. Нежаданне Купалы гаварыць пра арыштаваных негатыўнае, кампраметуючае было расцэнена, што і сам Купала такі ж, як і ўсе астатнія ўдзельнікі «нацдэмаўскай контррэвалюцыйнай арганізацыі», яе духоўны натхняльнік і правадыр. У выдавецтве затрымліваецца кніга «Творы 1918—1928», у ёй увага звяртаецца не на шырокавядомыя вершы паэта, што мелі гучны розгалас ва ўсёй Савецкай краіне, не на яго пераклады «Міжнароднага гімна» («Інтэрнацыяналу»), паэмы «Ленін», а зусім на іншае, у прыватнасці на верш «Паўстань...». Якраз жа пры арышце Язэпа Лёсіка ў яго рэчавых доказах, якіх нагрузілі цэлую падводу, знаходзяць газету «Звон» ад 17 верасня 1919 года, дзе побач з артыкулам, прысвечаным Пілсудскаму, змешчаны гэты твор... Купала кажа, што ён у гэтым невінаваты, верш быў напісаны 28 жніўня 1919 года на хутары Карлсберг; ні пра які прыезд Пілсудскага ў Мінск амаль за тры тыдні наперад ён не чуў, ды і чуць не мог там, на хутары. Паэту не вераць, а можа, робяць выгляд, што не вераць. Просяць, патрабуюць, каб патлумачыў, як наогул пішуцца творы, у прыватнасці, як і чаму былі напісаны п’еса «Тутэйшыя», верш «Перад будучыняй» ды і іншыя. Урэшце, яму аб’яўляюць пра яго прыналежнасць да «нацдэмаўскай контррэвалюцыйнай арганізацыі»... «Натура Купалы была складаная, надзвычай тонкая, чуллівая, кволая. Знешне спакойны, роўны, нават сарамлівы, сціплы, Янка Купала быў глыбока ранімы» (Г.Гарэцкі). І вядома ж, на нахабства і несправядлівасць следчых не мог не прарэагаваць. А тыя насядалі, патрабуючы ўжо ад паэта публічнага «пакаяння», адрачэння ад таго, чаму паэт служыў усё сваё свядомае жыццё, у што верыў. Аднак Янка Купала быў не той чалавек, каб нагаворваць {нагавона сябе і на іншых, каяцца ў грахах, якіх не меў, выракацца сябе і сваіх спраў, думак, якімі жыў, мроіў, якім служыў. Ён хоць не ўсё разумее, але адчувае: робіцца нешта не зусім тое, што павінна рабіцца. Ці не таму знікаюць адзін за адным сапраўдныя паэты... Павесіўся Ясенін... Застрэліўся Маякоўскі... «Ну і мне туды за імі дарога,— вырашае ён.— Відаць, такая доля паэтаў. Лепей смерць фізічная, чымся незаслужаная смерць палітычная». І, вярнуўшыся з чарговага допыту, ён 22 лістапада піша ліст да старшыні ЦВК СССР і БССР т. Чарвякова, і...

У Заходняй Беларусі шмат пісалі, як «бальшавікі забілі Купалу». Хадзіла ды ходзіць і цяпер пра гэта нямала самых розных чутак і плётак. Апавядаюць, напрыклад, што здарылася гэта ў турме, што ў Купалы не было чым зрабіць тое, што задумаў, і ён змушаны быў разбіць акуляры, і шкельцам акуляраў... Словам, плёткі ёсць плёткі... На самай жа справе спроба самагубства была зроблена Купалам дома, у той хаце, дзе ён жыў і якая так падрабязна апісана ва многіх успамінах:

«Жылі Луцэвічы, Іван Дамінікавіч і Уладзіслава Францаўна, у той час на Крашчэнскай вуліцы. Прайшоўшы дарожкаю ўзбоч сакавітых клумб, каля якіх часта можна было бачыць схіленага над толькі што расцвіўшым кусцікам гаспадара, трапляеш у яго сціплую кватэру. Нічога лішняга ў гэтым доме няма. Вось вялікі стол, за якім бывае так весела і проста. А вось дзверы ў кабінет паэта. Гэта невялікі пакой, у якім — пісьмовы стол і кніжная шафа. На пісьмовым стале — простыя прылады высакароднай працы. Тут няма нічога «рыначнага». Кожная рэч: нож для разразання кніжных лістоў, прэс-пап’е, чарніліца, попельніца — усё не выпадковае, а строга адпавядае простаму і разумнаму густу пісьменніка.

У гэтым пакоі чытаў паэт свае вершы. Ён чытаў іх проста, без усякай манернасці, мяккім, роўным голасам.

Па натуры вялікі паэт быў сціплым да сарамлівасці, і не заўсёды ўдавалася яму пераадолець гэту сарамлівасць. У яго не было ані кропелькі ганарыстасці.

Янка Купала глыбока разумеў значэнне сваёй пісьменніцкай працы, разумеў тую сваю велізарную адказнасць перад народам, які ён так горача любіў і дзеля якога жыў і тварыў» (С.Шамардзіна).

«Заўсёды, калі б я ні зайшоў да яго, у доме яго хто-небудзь з пісьменнікаў быў госцем...

Гасцінны домік Янкі Купалы з цудоўным палісаднікам, з дзвюма серабрыстымі таполямі на двары, з садочкам ды агародам, як відаць, быў добра знаёмы многім прыяцелям паэта. А прыяцеляў у паэта было так многа, што не было дня, каб хто-небудзь ды не зайшоў да Купалы на агеньчык...

Цёця Уладзя, жонка і друг Івана Дамінікавіча, заўсёды была настолькі гасціннай, што як толькі з’яўляўся ў доме госць, яго настойліва ўсаджвала за стол, частавала «вэндлінкай» (І.Барашка).

«Пакаянны» ліст, падрыхтаваны па рэцэпту пэўнага ведамства, Я.Купала вымушаны быў усё ж падпісаць — яго надрукавалі 10 снежня 1930 года. Не ўратаваў паэт, як ні імкнуўся, і сваёй кнігі «Творы 1918—1928» — ёю, як сцвярджае ў сваіх успамінах П.Пруднікаў, і «Крывічамі» М.Зарэцкага, на працягу года «загортваліся харчовыя тавары ў прадуктовых магазінах Мінска». Змушаны ён быў напісаць (а мо падпісаць?) і яшчэ адзін ліст, у якім заяўляў, што «ніколі ніхто мяне пры Савецкай уладзе не арыштоўваў» (што праўда!) «і ніколі я не паміраў» (што таксама быццам і праўда і разам з тым — няпраўда, бо ад смерці Купалу ўсё ж ратавалі... Каб не жонка, Уладзіслава Францаўна, якая пачула Купалавы стогны і, ускочыўшы ў яго кабінет, убачыла залітую крывёю падлогу, то...).

Але не будзем пра гэта. Лёс распарадзіўся так, што дараваў паэту яшчэ амаль дванаццаць гадоў жыцця. Тады ж, у 1930 годзе, на роль лідэра і кіраўніка «нацдэмаўскай контррэвалюцыйнай арганізацыі» («Саюз вызвалення Беларусі») хутка быў «вылучаны» добра вядомы ў Беларусі новы чалавек — Усевалад Ігнатоўскі. Аднак і ён выбраў «лепш смерць фізічную, чымся незаслужаную смерць палітычную» — 4 лютага 1931 года, пабываўшы напярэдадні ў яшчэ не зусім здаровага Янкі Купалы, ён застрэліўся...

Што гэта дало? Цяжка сказаць. Але факт астаецца фактам — справа з «нацдэмаўскай контррэвалюцыйнай арганізацыяй» не атрымала такога шумнага працэсу, як, напрыклад, на Украіне, на што, напэўна ж, разлічвалі закулісныя дырыжоры — усё абмежавалася адміністрацыйнай высылкай арыштаваных. (Дарэчы, усе «ўдзельнікі» гэтай «нацдэмаўскай контррэвалюцыйнай арганізацыі» — В.Ластоўскі, Я.Лёсік, А.Смоліч, С.Некрашэвіч і інш.— нядаўна рэабілітаваны, бо, як выявілася, і самой ніякай арганізацыі не было.)

Варта сказаць і яшчэ пра адно, а менавіта — другая палова 1930 года і ўвесь 1931 год у жыцці і творчасці Янкі Купалы і сёння як бы ахутаны таямнічасцю. Нават у грунтоўным энцыклапедычным даведніку «Янка Купала», які выйшаў у 1986 г., у Летапісу жыцця і творчасці, з чэрвеня 1930 г. па май 1932 г. толькі адзін запіс: «1931 г. Жнівень. Знаходзіўся ў доме адпачынку «Работнік друку» ў Сочы». Вось і ўсё, дзе быў, што зрабіў пясняр... Міжволі ўзнікае метафара — ляцела птушка, па ёй стралялі,— і пацэлілі, паранілі... У гэтым выданні, ды і ў іншых, прысвечаных песняру, абыдзены маўчаннем многія артыкулы, што з’явіліся ў друку ў тыя часы. Напрыклад, у нататцы пра І.Гурскага згадваецца, калі ён упершыню прачытаў «Жалейку», калі разам з паэтам «наведаў Барысаўскую запалкавую фабрыку «Пралетарская перамога», яе піянерскі лагер, калгас «Чырвоны бераг» і г. д., але па-за ўвагай пакінуты артыкул «Клясавая барацьба ў мастацтве» («Маладняк», 1931, № 1), у якім І.Гурскі пісаў: «Побач з пастаноўкамі цалкам прыемлімых п’ес тэатр ставіў такія пастаноўкі, як: «Тутэйшыя» Янкі Купалы, «Скарынін сын з Полацку» М.Грамыкі, «Вір» Рамановіча, «Кастусь Каліноўскі» Міровіча, «Змрок» Шашалевіча. П’есы, і асабліва першая (гэта палітычны пасквіль), вытрыманы ў махрова-нацыяналістычных танах, накіраваны сваім гастрыём супраць нас». Не ўспамінаецца і А.Канакоцін — яшчэ адзін з аглабельшчыкаў, граміл беларускай літаратуры, натхняльнікаў расправы над нашым нацыянальным геніем. На сумленні гэтага гора-крытыка і паклёпніка — шматлікія артыкулы, якія былі прысудам многім творам і іх аўтарам. Не абмінуў ён і Янкі Купалы. Вось што гэты «дзеяч» пісаў у артыкуле «Абвастрэнне класавай барацьбы ў беларускай літаратуры ў перыяд сацыялістычнай рэканструкцыі» («Маладняк», 1930, № 12): «Не так даўно Янка Купала, юбілей якога святкаваўся ў Беларусі і Камакадэміі, пускаецца на адкрытую нацыянал-дэмакратычную правакацыю, змяшчаючы ў сваім зборніку, прысвечаным яго юбілею, верш, які быў напісан у гонар прыходу Пілсудскага на Беларусь і змешчаны ў буржуазна-нацыяналістычнай газеце «Звон» 17 верасня 1919 года... Не без цікавасці і такая дэталь, што верш змешчаны ў зборніку пасля «Інтэрнацыяналу», перакладзенага Купалам на беларускую мову. Такое правакацыі ў 1930 г. мы, зразумела, не чакалі, нават ведаючы ўсё цёмнае мінулае паэта». З жалем даводзіцца канстатаваць, што не толькі не аналізуюцца, але нават і не ўспамінаюцца і артыкулы, якія, трэба думаць, таксама не ахвоцілі, не натхнялі жыць і працаваць нашага песняра — З.Жылуновіча «Нацыянал-дэмакраты за «працай» («Камуністычнае выхаванне», 1931, № 1), Р.Мурашкі «Барацьба з нацыянал-дэмакратычнымі лыцарамі ў літаратуры» («Чырвоная Беларусь», 1931, № 2), Я.Рамановіча «Праца і будні Беларускага Першага Дзяржаўнага тэатра за дзесяць год яго існавання, 1920—1930» («Полымя», 1931, № 4), Л.Бэндэ «Пра нядаўнае мінулае беларускай контррэвалюцыі» («Маладняк», 1931, № 1) і іншыя. Пацвярджаліся ж словы, напісаныя паэтам яшчэ ў 1907 г.:

 

 

Куды ні глянеш — людзі, людзі,

Куды ні глянеш — шэльмы, шэльмы,

Куды ні глянеш — б’юцца ў грудзі,

Што значыць — правільныя вельмі...

 

 

Першы верш пасля згаданых падзей Янка Купала напісаў 10 красавіка 1931 года. Называўся ён «А ў Вісле плавае тапелец». І хоць гаварылася ў ім пра падзеі ў Заходняй Беларусі, аднак чытаць многія радкі і сёння нельга без хвалявання:

 

 

Крывёй работніцкай заліты

Завулкі, вуліцы, палацы.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Абрабаваных да кашулі

Там беларуса і ўкраінца

Вядуць закованых патрулі

Па акрываўленым гасцінцы.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Людскім жыццём набіты турмы,

Бунтуе ў турмах роспач мсціва...

А ў Бельведэры выюць гурмам:

«Нех жые польска дэфензіва!»

 

 

Тады ж, у той год, з бібліятэк быў выкінуты і знішчаны трэці том «Збору твораў», які быў выпушчаны ў 1927 г. і ў які ўвайшла трагікамедыя «Тутэйшыя». А каб «Збор твораў» не выглядаў няпоўным, у 1932 г. быў выдадзены новы трэці том, але ўжо без «Тутэйшых»... Відавочна, падзеі тых дзён і ў жыцці Янкі Купалы, і ў жыцці ўсяго нашага народа, ды і ў жыцці літаратуры, трэба даследаваць, даследаваць грунтоўна, з улікам часу і многага-многага іншага... Дарэчы, сам Янка Купала невыпадкова менавіта ў тыя нялёгкія для яго дні загаварыў пра мудрага гісторыка, які прыйдзе і разбярэцца ва ўсім па-сапраўднаму, скажа праўду пра час, людзей і падзеі:

 

 

Прыйдзе новы — а мудры —гісторык,

А ён прыйдзе — ужо ён ідзе —

І сказ дзіўны, праўдзівы ад зорак,

І да зорак аб нашых прасторах,

Аб падзеях, людзях павядзе.

 

 

Будзем спадзявацца і верыць, як спадзяваўся і верыў калісьці ў 1931 годзе і Янка Купала, што ён, гэты гісторык, прыйдзе...

 

2

Найцяжэйшы, найскладанейшы быў і апошні год жыцця паэта...

Як вядома, 22 чэрвеня 1941 года гітлераўская Германія напала на Савецкі Саюз — пачалася Вялікая Айчынная вайна. Янку Купалу яна заспела ў Каўнасе, дзе ён спыніўся, вяртаючыся з Рыгі — ездзіў разам з М.Лыньковым і П.Броўкам на Першы з’езд пісьменнікаў Савецкай Латвіі. У той жа дзень цягніком, які ўсю дарогу бамбілі нямецкія самалёты, ён вярнуўся ў Мінск. І адразу ж, захапіўшы жонку Уладзіславу Францаўну і сёе-тое з рэчаў, выехаў на машыне на Аршаншчыну ў Ляўкі, дзе была ў яго дача, думаючы, што туды немцы не дойдуць.

Але немцы наступалі, і Янка Купала на той самай сваёй машыне змушаны быў падавацца далей на ўсход. Як піша ў сваіх успамінах М.Лужанін, «Уладзіслава Францаўна і шафёр Яртымік, які вёз Купалу ў Маскву і ў Казань, расказвалі, што, пакідаючы Мінск, развітваючыся з улюбёнымі мясцінамі над Дняпром у Ляўках, едучы па бясконцай магістралі ў сталіцу, Купала нібы ўкамянеў, ад яго нельга было дабіцца ніводнага слова... Колькі горкіх дум перадумаў ён... Якія яны былі...»

6 ліпеня Янка Купала прыехаў у Маскву, часова пасяліўся ў гасцініцы «Масква».

«Я чакаў яго з нецярплівасцю і трывогай,— успамінае рускі савецкі пісьменнік Б.Емяльянаў.— Стала ўжо вядома аб тым, што Мінск ператвораны немцамі ў руіны, што згарэў Купалаў дом.

Голас Янкі Купалы па тэлефоне здаўся мне ледзь надламаным і неспакойным.

— Прыязджай, калі вольны, вельмі трэба.

Хвалюючыся, я бег да яго праз Красную плошчу. У нумары Янка быў не адзін: адрывіста ляпала вечкам чамадана Уладзіслава Францаўна, а ў куце, прамы, спакойны, як быццам здзіўлены незвычайнасцю сустрэчы, сядзеў Якуб Колас.

Я ўважліва глядзеў на Купалу і Коласа. Велізарнае няшчасце звалілася на іх раптоўна і страшна.

— Горад мой гарыць,— сказаў Янка Купала.—Усё, што пабудавалі,— загублена, выгаралі цэлыя вуліцы.

— А твой дом?

— У наш дом бомба ўпала,— сказала цёця Уладзя».

К.Буйло, якая бачыла Я.Купалу ў тыя дні, пісала, што «Купала быў нездаровы, а больш за ўсё ў яго балела душа. Ён развітваўся з Беларуссю ў час яе вялікага гора, якому тады нельга было даць ніякай рады, і гэта нясцерпна мучыла паэта. Заняцце фашыстамі Беларусі адбілася на ім выключна цяжка. Купала пастарэў, пасмутнеў, стаў вельмі маўклівым... [...]

Ён скардзіўся, што працаваць яму цяжка. На Маскву днём і ноччу ляцелі варожыя бамбавозы і скідалі бомбы. Абвяшчалася трывога, і яго прымушалі спускацца ў бамбасховішча. Гэта заўсёды выклікала спрэчкі: Купала адмаўляўся ісці ў бамбасховішча, кажучы, што калі бомба пападзе ў дом, то ніякага ратунку не будзе — абвал заваліць дзверы, і адтуль ужо ніяк не вылезеш. Вядома, гэта гаварылася толькі таму, што яму, хвораму, цяжка было ўставаць з пасцелі, апранацца і ўпацёмку ісці ў падвал, сыры і халодны».

У ліпені сорак першага года ў Маскве з Янкам Купалам сустракаўся і М.Лужанін:

«Іван Дамінікавіч, успёршыся на локаць, ляжаў на канапе. Павярнуў на крокі галаву, адарваўшы на хвіліну позірк ад акна, за якім стаяў ясны, без хмурынкі, дзень. Крыху прыўзняўся.

— Ляжыце, не турбуйцеся, дзядзька Янка.

— Ляжыце! — горка паўтарыў ён.— Каб ты ведаў, колькі людзей палегла. Як луг касою, за адзін дзень агаліла. Я ўсю зямлю нашу праехаў. Усё з месца рушылася. Толькі кветкі цвітуць на дарозе. Сінія... Як чалавечыя вочы... Здаецца, зямля глядзіць табе ўслед...

І, каб не паказаць слёз, лёг тварам да сцяны. [...]

...Купала спыніўся каля акна, стаў тварам да дзвярэй.

— І тая, што на свет пусціла, засталася там.— Купала не сказаў «маці» і праглынуў даўкі камяк.— Абедзве ў няволі апынуліся. І тая, што нарадзіла, і тая, што слова ў рукі дала. Аднае, можа, жывое няма, а другая зноў у крыві. І хто яе не крывавіў!»

У Маскве Купалу жылося цяжка. Не толькі таму, што ён быў хворы, што яго мучылі нялёгкія думы, але і «таму, што ў яго не засталося ні кала ні двара, ні сродкаў на колькі-небудзь ніштаватае існаванне. А прасіць дапамогі ён не мог» (Б.Емяльянаў). Не дзіўна, што, пажыўшы некаторы час у Маскве, ён паехаў у Татарыю, на Волгу. Там, у ваколіцах Казані, ён спыніўся ў вёсцы Пячышча ў дырэктара мельзавода І.Я.Наякшына, там і жыў, з невялікімі перапынкамі, звязанымі з рознымі паездкамі, аж да чэрвеня 1942 г. У пісьме да Б.Емяльянава (8.V.1942 г.) Я.Купала прызнаваўся, што «па прыездзе з Масквы пад Казань я быў проста «в убийственном настроении». Потым хварэў — грып, рэўматызм і розная іншая чартоўшчына». І далей: «Жыву я выпадкова пад самай Казанню па другі бок Волгі, пры млыне з дазволу вельмі прыемнага дырэктара. Выйшла гэтак таму, што да пераезду ў Пячышчах не змог пераехаць праз Волгу з-за наступіўшых марозаў, а потым, калі можна было пераехаць, я ўсё ж застаўся на месцы па меркаваннях бытавога характару.

Жывецца нядрэнна, пайком і іншым зусім забяспечаны. Чэргаў ніякіх не ведаю».

Пра тое самае паведамляў (8.V.42 г.) Я.Купала і ў лісце да І.А.Крупені (тады намесніка старшыні СНК БССР) і Ц.С.Гарбунова (тады члена прэзідыума Усеславянскага камітэта, адказнага сакратара рэдкалегіі часопіса «Славяне»): «Жыву я тут добра, паёк мяне зусім забяспечвае, у чарзе стаяць не прыходзіцца. Дырэктар млына адносіцца ўважліва і йдзе на спатканне, калі што мне патрабуецца». У сакавіку 1942 г., будучы ў Казані, Янку Купалу наведаў Якуб Колас. Там, у Пячышчах, пабываў у Я.Купалы і К.Чорны. «Сваю душу і сэрца, усяго сябе Купала аддаваў змаганню з ненавісным ворагам. Ён быў адным з дзеячаў Славянскага камітэта, адным з арганізатараў Першага Усеславянскага мітынгу. Перамагаючы свае фізічныя недамаганні, ён аддаваўся дзейнасці вялікага грамадзяніна, ён бачыў, што яго слова чакае народ, які ўзняўся на ворага. Ён бесперапынна сачыў за дзейнасцю беларускіх партызан, поўніўся яснай радасцю ад кожнай перамогі Чырвонай Арміі і чакаў таго шчаслівага дня, калі беларуская зямля будзе ачышчана ад фашысцкай навалы»,— успамінаў потым аўтар «Зямлі» і «Трэцяга пакалення».

Творчая актыўнасць Купалы гэтага часу пазначана не толькі вершамі — «Беларускім партызанам», «Грабежнік», «Паўстаў народ», «Хлопчык і лётчык на вайне», «Зноў будзем шчасце мець і долю», але і цэлым шэрагам артыкулаў, якія сталі класікай не толькі беларускай, але і ўсёй савецкай публіцыстыкі — яны змяшчаліся на старонках «Правды», «Известий», «Красной звезды». Купала прымаў удзел у навуковай сесіі АН БССР, дзе зрабіў даклад «Айчынная вайна і беларуская інтэлігенцыя», выступаў на радыёмітынгу прадстаўнікоў беларускага народа ў Казані. Выходзілі і яго кнігі — «От сердца» (ХЛ, 1941), «Стихи о Родине» (ХЛ, 1941), «Избранное» (ДЛ,1942, «Народ-мститель» (1942) і інш.

Тэлефонная, паштовая ды і іншая сувязь паміж Масквою і Казанню тады была не надта добрая. Ішла ж вайна. Атрымаўшы паражэнне пад Масквою, вораг рваўся да Волгі. Купала быў не вельмі здаровы, часта хварэў. Трэба было сур’ёзна лячыцца. Да таго ж набліжалася шасцідзесяцігоддзе. Адзначаць яго ці не? І Янка Купала вырашае на гэты раз не адмаўляцца ад чарговага выкліку яго ў Маскву — едзе. Дырэктар мельзавода І.Я.Наякшын піша:

«У маёй памяці выразна ўспамінаецца дзень яго ад’езду ў Маскву. Іван Дамінікавіч быў у цудоўным настроі, запрасіў мяне да сябе на абед. Каля другой гадзіны дня я праводзіў яго разам з таварышам Горавым, тагачасным прэзідэнтам Беларускай акадэміі навук, да лодкі, на якой яны павінны былі перабрацца да парахода «Валгар». Пайшоў невялікі дождж. Я зняў з сябе плашч і перадаў Івану Дамінікавічу. Лодка адплыла. Я стаяў на беразе і назіраў, як яны памалу ад’язджалі. Іван Дамінікавіч памахаў мне на развітанне рукой»...

18 чэрвеня 1942 года Купала прыехаў у Маскву.

«Я сустрэўся з ім у гэты дзень за бяседным сталом, які быў наладжаны ў гонар яго прыезду беларускімі пісьменнікамі ў гасцініцы «Масква»,— расказвае ў сваіх успамінах М.Машара.— Было шумна і весела. Іван Дамінікавіч распытваў пра навіны і весткі з Радзімы. Скардзіўся на боль у левай руцэ. Гаварыў, што збіраецца сур’ёзна падлячыцца».

Ад 18 да 28 чэрвеня, калі Купалы не стала, заставалася 10 дзён. Што Купала рабіў у гэтыя дні, з кім сустракаўся, што каму пісаў, гаварыў?

Ужо на другі дзень пасля свайго прыезду ў Маскву, 19 чэрвеня, ён паслаў ліст жонцы, Уладзіславе Францаўне, у Казань, дакладней, у Пячышчы. «Дарагая Уладка,— пісаў ён.— Заехаў добра. Затрымаўся ў гасц. «Масква» часова ў т. Крупені. Сягоння абяцаюць даць асобны нумар. Сягоння пайду па справах у выдавецтвы, да доктара і г. д.

Перадай маё самае шчырае і сардэчнае спачуванне Наякшыным у іх вялікім няшчасці (у сям’і Наякшыных памёр васемнаццацігадовы сын — студэнт аднаго з казанскіх інстытутаў. — Б. С.). Як дастану нумар, дам тэлеграму для адраса. Бачыў Лынькова, Кузьму, Крапіву.

Бывай здарова, т. Чыжэвіч мяне падганяе, бо спяшаецца на поезд.

Цалую. Твой Янка».

У Маскве ў гэтыя чэрвеньскія дні Янку Купалу бачылі многія, многія з ім сустракаліся, гаварылі. Вось вытрымкі з некаторых успамінаў блізкіх яму людзей:

Г.Караваева:

«Прыехаўшы з Урала ў Маскву ў чэрвені 1942 года, я на другі ж дзень сустрэлася з Янкам Купалам у Саюзе пісьменнікаў.

Знаёмы голас паклікаў мяне. Азірнуўшыся, я ўбачыла Янку Купалу.

У тыя грозныя дні рэдка хто ўголас здзіўляўся: «Ах, як вы перамяніліся!» — наіўна і зусім недарэчы было гэта заўважаць: усе перамяніліся, пажаўцелі, схуднелі, дачасна пастарэлі.

І на Івану Дамінікавічу яго цёмны касцюм сядзеў больш чым мешкавата, у рухах паявілася нейкая марудлівасць. У русых валасах блішчала сівізна, твар зблажэў, рэзкія маршчынкі ляглі на лбе, шчоках, у куточках рота, вакол запалых вачэй; толькі ў позірку свяцілася знаёмая, задумліва-мудрая ўсмешка.

— Пра тое, хто дзе што робіць, мы ведаем са старонак «Правды». І як добра, што чорная бяда не зламала людзей, што наша родная літаратура і на франтах б’ецца і ў тыле працуе,— сказаў Купала з радасцю».

Г.Караваева расказала Купалу пра яго верш «Беларускім партызанам», які набыў шырокую вядомасць і які яна чула і па радыё, і ў выкананні розных артыстаў, у тым ліку, як яго чыталі ў шпіталі ў Свярдлоўску параненыя байцы. Купала гэтым быў надта ж усцешаны.

«— Перадайце ім усім дзякуй ад усяго сэрца! — сказаў Купала расчуленым голасам, потым коратка дадаў: — Гэтыя вершы пайшлі на адрас — да беларускіх партызан...

Загаварылі пра Казань, Волгу.

— Цудоўная, велічная рака... пейзажы прыгожыя... а захады і ўсходы сонца над гэтымі прасторамі — хараство якое!.. Цеплаходы плывуць, як гіганцкія лебедзі,— любата паглядзець!..— Ён раптам сарамліва ўсміхнуўся.— Але ўспомніш нашу сціплую Свіслач або Пціч... прыгадаеш лясок з балотцам, сцяжыну ў полі... Родныя мясціны ўспомніш, дзе жыццё прайшло... ну, і...

— Убачыце, усё убачыце, дарагі Іван Дамінікавіч!

— Хутчэй бы толькі...»

Г.Караваева апавядае далей, як аднойчы, зноў зайшоўшы ў Саюз пісьменнікаў, яна ў купцы людзей, што, сабраўшыся вакол літаратараў, якія былі ваеннымі карэспандэнтамі, расказвалі пра падзеі на фронце, убачыла Янку Купалу. «На твары яго было відаць глыбокае хваляванне, а яго позірк, здавалася, быў скіраваны да тых мясцін, пра якія ішла гаворка. Вайскоўцы расказвалі, як памагаюць фронту паспяховыя дзеянні беларускіх партызан у «пункце В», у «пункце О»...

— Віцебск, Орша! — раптам адным дыханнем прамовіў Купала, і твар яго ўспыхнуў усхваляваным румянцам.

Усе азірнуліся, і нехта ласкава сказаў:

— Не, Іван Дамінікавіч, гэта проста ўмоўныя абазначэнні... Віцебск і Орша яшчэ наперадзе...

Янка Купала схамянуўся, згодна кіўнуў галавой, румянец яго імгненна пагас, а вочы пацямнелі ад нясцерпнага суму і болю. Ён адышоў да акна і стаў, пазіраючы на вуліцу Вароўскага...

Мне заўсёды прыносілі душэўную радасць гутаркі з Іванам Дамінікавічам, але ў той дзень лепей было пакінуць яго аднаго, сам-насам: чалавек моцнай і глыбокай душы так хутчэй супакоіцца.

Мінуў яшчэ дзень ці два, і я, унутрана радуючыся, убачыла яго спакойны твар. Павітаўшыся, я жартам пахваліла яго бадзёры выгляд, светла-шэры касцюм, ды яшчэ з бутан’еркай у пятліцы. Як кажуць, дай бог кожнаму мець такі выгляд!..

— Стараемся, стараемся! — у тон жарту адказаў ён.

Усе ўжо ведалі, што 7 ліпеня 1942 года Саюз пісьменнікаў рыхтаваўся ўрачыста адзначыць шасцідзесяцігоддзе Янкі Купалы. Я нагадала пра свята, якое рыхтавалася ў яго гонар.

— Гэта зусім неабавязкова... ды і час не такі... — мякка запярэчыў ён».

У той дзень Г.Караваева гуляла з Янкам Купалам па Маскве, гаварыла пра тое, што яе і Янку Купалу хвалявала, і Янка Купала расказаў ёй, «што ў яго, за час сустрэч з народнымі мсціўцамі, накоплены вялікі матэрыял пра барацьбу партызан і ўсяго беларускага народа супраць фашысцкіх катаў». На гэтым «багатым грунце», як сказаў Купала, «ёсць з чаго нарадзіцца і вырасці» вершам і паэмам.

«— Адным словам, вы ў дарозе, Іван Дамінікавіч! І які шырокі, цудоўны творчы шлях яшчэ чакае вас!

— Ну так, я гэта адчуваю і ведаю,— сказаў ён проста, як пра нешта цвёрда вырашанае.— Як ні цяжка бывае на душы, а творчая думка і пачуццё мацнейшыя за боль сэрца!..»

П.Глебка:

«Хочацца яшчэ сёння напомніць пра апошнюю сустрэчу. Гэта было ў 1942 годзе. Іван Дамінікавіч прыехаў з Казані ў Маскву. Уладзіслава Францаўна засталася ў Казані, дзе яны жылі ў час вайны. Я ў той дзень прыехаў з Калінінскага фронту, заглянуў у гасцініцу і, даведаўшыся, што тут Іван Дамінікавіч, зайшоў да яго ў нумар. Мы пагаварылі і дамовіліся сустрэцца заўтра. Іван Дамінікавіч сказаў, што збіраецца пісаць паэму «Дзевяць асінавых колляў», урыўкі з якой надрукаваны асобна. Гэта павінен быў быць твор аб барацьбе нашага народа супраць нямецкіх захопнікаў. Раніцай мы сустрэліся яшчэ раз з Іванам Дамінікавічам у пакоі той жа гасцініцы «Масква», дзе жылі Кандрат Крапіва і Міхась Лынькоў».

У. Юрэвіч:

«Супрацоўнікі радыёстанцыі «Савецкая Беларусь», якія працавалі ў Маскве, у чэрвені 1942 года, калі Купала прыехаў з Казані ў сталіцу, дамовіліся з ім аб выступленні ў адной з радыёперадач для насельніцтва акупіраванай ворагам Беларусі. Перадача прысвячалася 60-годдзю народнага паэта. Купала прасіў адкласці выступленне, таму што дрэнна сябе адчуваў пасля дарогі. Нарэшце было дамоўлена аб папярэднім запісе на танфольныя дыскі яго прамовы і вершаў...

І раптам 28 чэрвеня тэлефон прынёс у рэдакцыю страшную вестку: Купала памёр».

П.Броўка:

«Толькі ў чэрвені 1942 года мне давялося зноў сустракацца з Купалам. [...] Аднойчы Аляксандр Твардоўскі, сустрэўшы мяне, сказаў:

— А ведаеш, прыехаў Янка Купала, давай наведаем яго.

Праз гадзіну мы сядзелі ў гасцініцы «Масква» ў нумары 414 у Янкі Купалы. Усе былі ўзрадаваны ад сустрэчы. Мяне цешыла тое, што на гэты раз дзядзька Янка быў весялейшы, чым у першыя месяцы вайны. Ды гэта і зразумела — усіх узбадзёрыла моцна, што гітлераўцаў пабілі пад Масквой і рашучыя дзеянні ў вайне пераходзілі ў нашы рукі. Аляксандр Трыфанавіч, які толькі што вярнуўся з Заходняга фронту, расказваў аб апошніх падзеях і нашых поспехах, аб баявых настроях франтавікоў. Янка Купала вельмі цікавіўся ўсенароднай партызанскай барацьбой і відавочна ганарыўся гэтым. Ён нават прачытаў свой славуты верш «Беларускім партызанам». Вельмі спадабаўся яму ўрывак з «Васіля Цёркіна», які прачытаў Твардоўскі. Час ад часу Купала ўсё вяртаўся ў размовах да роднай Беларусі. Быў у добрым настроі. Спадзяваўся хутка вярнуцца дахаты. Нават планаваў, што ён будзе рабіць па прыездзе. Бясспрэчна, успамінаў Ляўкі. І маці, маці, якую ён меў надзею яшчэ пабачыць. Доўга мы тады заседзеліся ў Купалы. Забавіліся так, што і заначавалі, бо тады ўночы забаранялася хадзіць па Маскве. Гэта было ў самым канцы чэрвеня, і назаўтра ён, развітваючыся, запрашаў нас:

— Хлопчыкі!.. Праз некалькі дзён мне шэсцьдзесят. Прыходзьце да мяне, сустрэнемся!»

К.Елісееў1:

«Па справах я зайшоў у рэдакцыю беларускага часопіса «Раздавім фашысцкую гадзіну», і тут нечакана мяне папрасілі да тэлефона: званіў Купала. Ён некалькі дзён таму прыехаў у Маскву і хацеў пабачыцца са мной. Я сказаў, што магу прыйсці да яго не раней як праз паўгадзіны, а ён пачаў угаворваць мяне кінуць усе справы і ісці да яго. Праз дзве хвіліны я быў ужо ў яго ў нумары, поўным гасцей. Пад вечар народ пачаў разыходзіцца, а калі ў пачатку дванаццатай гадзіны раздаўся сігнал паветранай трывогі, выйшлі апошнія, самыя ўпартыя госці. Янка папрасіў, каб я застаўся ў нумары, бо пасля адбою мяне ў гасцініцу ўжо не пусцяць, а нам яшчэ патрэбна было шмат аб чым пагаварыць. Так я кантрабандай заначаваў у Янкі. Гутарка наша зацягнулася, і калі мы клаліся спаць, была ўжо чацвёртая гадзіна раніцы. А шостай гадзіне мяне разбудзіла радыё, і я стаў выказваць сваё нездавальненне з гэтай прычыны.

— Спаць ты заўсёды паспееш, а зараз паслухай «Паходны марш» Хачатурана — каштоўная рэч,— сказаў з усмешкаю Купала.

— Не люблю я маршаў...

— Любіш не любіш — не ў гэтым справа. Марш гэты зараз гэтак жа патрэбны, як і твая карыкатура ў «Крокодиле», як мой «Хлопчык і лётчык». Мы ўсе робім адну вялікую і важную справу, патрэбную не толькі нам, а ўсёй краіне. Я вось слухаю Хачатурана і люблю яго, таму што адчуваю, што мы ўсе дыхаем разам, змагаемся разам супраць злоснага і ненавіснага ворага. Я слухаю «Паходны марш» і адчуваю, што я не адзін, што і я, і Хачатуран, і ты, і ўвесь наш народ — мы з’яднаны, і ўсе мы пачалі рух на захад, і цяпер нас ужо ніхто не стрымае, і фашыст, які зруйнаваў і спустошыў маю Беларусь, сам будзе змяты, зруйнаваны і спустошаны. Нас многа, вельмі многа; мы — сіла, вялікая сілішча, якую ніколі не зламаць ніякаму ворагу, таму што робім мы адну агульную для нас усіх, патрэбную ўсім нам справу...»

Далей Купала расказаў, як пад Казанню, у Пячышчах, дзе ён жыў, сустрэў яго мясцовы жыхар і нізка пакланіўся. У размове высветлілася, што гэты жыхар ведае Купалу — чытаў яго вершы і пазнаў па здымку, што быў змешчаны ў газеце разам з вершамі. Таму і пакланіўся, як свайму знаёмаму.

«— Бачыш,— працягваў Янка,— што мае вершы перакладаюць на іншыя мовы, у тым ліку і на татарскую, гэта я ведаў, зразумела, але што чытачы — і татарын, і ўзбек, і армянін, і чуваш — лічаць мяне сваім асабістым знаёмым, гэта я неяк асабліва адчуў іменна тады, на беразе Волгі, я тады зразумеў, чаму сібірак або ўралец з такой упартасцю абараняе маю Беларусь, з якой ён абараняў бы сваю родную зямлю: уся савецкая зямля для нас з’яўляецца радзімай, і кожны пойдзе на любыя ахвяры, каб абараніць любы яе куток. У гэтым наша сіла, і адсюль упэўненасць у тым, што хутка я пабачу сваю Беларусь свабоднай і квітнеючай, і ты, Косця, зноў прыедзеш да мяне ў Ляўкі, і мы сядзем з табой над Дняпром...

Я слухаў Янку і разумеў «Паходны марш» Хачатурана...

Гэта было раніцай 26 чэрвеня».

Значыцца, ні пра якую смерць, тым больш пра самагубства, пра якое сёй-той не толькі гаворыць, а ўжо нават піша (напрыклад, С.Яновіч у часопісе «Літаратура на свеце»), Янка Купала не думаў. Ён заняты быў зусім іншымі клопатамі — надзённымі, жыццёвымі, творчымі. Ён марыў пра вызваленне роднай Беларусі, пра тое, як вернецца дадому, будзе там жыць, працаваць.

28 чэрвеня, усяго за некалькі гадзін да смерці Янкі Купалы, з ім сустракаўся вядомы даследчык і перакладчык беларускай літаратуры Я.Мазалькоў. Вось што ён потым напісаў:

«Назаўсёды застанецца ў памяці апошняя сустрэча з Янкам Купалам 28 чэрвеня 1942 года, за дзве-тры гадзіны да яго смерці. Іван Дамінікавіч сустрэў мяне неяк асабліва ласкава, цёпла, абняў, пацалаваў. Выгляд у яго быў свежы, настрой добры. Перад маім прыходам ён добра выспаўся, адпачыў. Мы толькі сядзелі ўдвух у нумары гасцініцы «Масква». Перад намі на століку ляжала вялікая каробка шакаладных цукерак. У тыя часы, калі драбок цукру лічыўся вялікім ласункам,— гэта была незвычайная раскоша. Я ўзяў адну цукерку, потым не без хістанняў пацягнуўся па другую...

Іван Дамінікавіч засмяяўся:

— Вы больш шкадуеце іх есці, чым я... Скажу Вам па сакрэце: праз тыдзень маё 60-годдзе. Зараней запрашаю Вас. Вось тады ўжо мы пасядзім як след. Ага... дык вы ж для дачушкі абавязкова вазьміце...

— Ёй толькі дзесяць дзён, яшчэ рана цукеркі есці.

Іван Дамінікавіч моўчкі ўсміхнуўся сваёй яснай, адкрытай, добрай усмешкай і загаварыў аб выдавецкіх справах.

Я расказаў Івану Дамінікавічу, што ў дзіцячым выдавецтве толькі што выйшла складзеная мною кніга яго вершаў. Для яго гэта было прыемнай нечаканасцю. Адчувалася, што ён шчыра ўзрадаваўся.

— Дарэчы, заўтра, Іван Дамінікавіч, можна атрымаць аўтарскія экземпляры і ганарар.

Мы дамовіліся, што заўтра, 29 чэрвеня, у 12 гадзін мы сустрэнемся ў дзіцячым выдавецтве.

— Не забудзьце прыйсці, Яўген Сямёнавіч. Можа здарыцца так, што я не сустрэну там нікога знаёмага. Неяк не зусім прыемна самому рэкамендавацца... [...]

...Распытваючы мяне [...] аб розных навінах «у выдавецкіх сферах», Купала вельмі радаваўся таму, што ён зноў бачыць родную Маскву. Тут ён ужо сустрэў многіх блізкіх яго сэрцу людзей — рускіх, украінскіх, беларускіх пісьменнікаў, многіх землякоў-беларусаў. Масква, гаварыў Купала, нягледзячы на вайну, дзівіла яго сваёй чысцінёй, парадкам.

— Яна зараз нейкая асабліва прыгожая.

Зазваніў тэлефон. На дзесятым паверсе Янку Купалу чакалі сябры. Ён угаворваў мяне пайсці разам з ім, але я спяшаўся дадому.

— Ну, добра, на маім шасцідзесяцігоддзі пасядзім ужо як след,— паўтарыў Іван Дамінікавіч.

Я правёў яго да ліфта (ён жыў на чацвёртым паверсе), мы развіталіся. Я выйшаў з гасцініцы з узнятым настроем: наперадзе два спатканні з Янкам Купалам. А праз некалькі гадзін мне пазванілі, што яго няма ў жывых... Гэтая звестка здалася дзікай, непраўдападобнай. Уяўленне аб смерці ніяк не стасавалася з жыццярадасным, поўным планаў на будучае і лепшых надзей Янкам Купалам...»

Сапраўды — на дзесятым (па некаторых звестках — на дзевятым) паверсе гасцініцы «Масква», у нумары, дзе жыў М.Лынькоў, які тады быў старшынёй праўлення Саюза пісьменнікаў БССР, Янку Купалу чакалі — там сабраліся беларускія пісьменнікі, што былі на той час у сталіцы нашай Радзімы. Быў там накрыты стол — сякая-такая закуска і выпіўка. Але Янка Купала ні да закускі, ні да выпіўкі не дакранаўся. Моцных напоеў ён даўно ўжо не ўжываў. Да таго ж мелася вось-вось, з хвіліны на хвіліну прыйсці да яго ў гасцініцу карэспандэнтка газеты «Известия», таму Купала хіба што для прыліку, каб на яго не крыўдавалі, разы два-тры прыгубіў шклянку, у якую было наліта шампанскае. К.Крапіва, які быў на той час разам з іншымі беларускімі пісьменнікамі ў нумары гасцініцы, пісаў: «Апошні раз я бачыў Янку Купалу зноў жа ў Міхася Лынькова за гадзіну да яго трагічнай смерці. Апрача нас трох, у нумары было яшчэ чалавек пяць нашых агульных знаёмых. Я на кароткі час адлучыўся ў горад, а калі вярнуўся ў гасцініцу, мяне громам паразіла вестка: Янка Купала загінуў».

Пра тое, што адбылося далей у пакоі, дзе былі Янка Купала, М.Лынькоў і «яшчэ чалавек пяць нашых агульных знаёмых», за тую гадзіну, калі адсутнічаў К.Крапіва, можна меркаваць па ўспамінах П.Глебкі, якімі ён дзяліўся, выступаючы на адным з вечароў у г. Барысаве 19 чэрвеня 1962 года (на шчасце, захаваўся магнітафонны запіс гэтага выступлення). П.Глебка, як ён расказваў, зайшоў у нумар да М.Лынькова гадзін у дзевяць-дзесяць вечара. У нумары было тлумна, гармідарна, так што калі пачуўся тэлефонны званок і М.Лынькоў, падняўшы трубку, выслухаў таго, хто званіў, змушаны быў перапыніць размову і папрасіў гаманлівых гасцей выйсці на балкон і зачыніць за сабою дзверы, бо, маўляў, нічога не чуваць. Разам з іншымі на балкон падаўся і ён, П.Глебка. Калі ж вярнуўся з балкона, Я.Купалы там, у нумары, ужо не было. Хвілін праз дзесяць-пятнаццаць, як сцвярджае П.Глебка, пазванілі зноў па тэлефоне і паведамілі страшную навіну пра смерць Я.Купалы... Ёсць звесткі і трошкі іншага парадку — М.Лынькоў папрасіў выйсці на балкон гасцей і зачыніць за сабою дзверы, бо размова па тэлефоне мелася быць важная, і ён не хацеў, каб яе хто-небудзь чуў. І як толькі дзверы зачыніліся, М.Лынькоў перадаў тэлефонную трубку Я.Купалу. Я.Купала, узяўшы трубку, выслухаў, што яму гаварылі, і, нічога не сказаўшы, моўчкі паспешліва пакінуў нумар — выйшаў на лесвічную пляцоўку...

Там, на лесвічнай пляцоўцы дзесятага (дзевятага?) паверха гасцініцы «Масква» і адбылося ўсё далейшае, што прывяло да смерці самага выдатнага паэта Беларусі. Аналізуючы і супастаўляючы розныя факты і версіі, варта адразу ж і назаўсёды адкінуць як цалкам беспадстаўныя размовы пра самагубства Купалы. Не было ў паэта ў тыя дні ніякіх прычын на гэта, не думаў і не гаварыў ён пра смерць. Купала — і гэта відаць з прыведзеных вышэй успамінаў — назначаў спатканні, запрашаў на свой юбілей, марыў, як будзе жыць і працаваць пасля перамогі, калі вернецца на родную зямлю... Ды і ехаць у Маскву, каб зрабіць самагубства, калі можна было зрабіць гэта ў любы час і ў любым месцы... Не! Да таго ж калі пасля смерці Я.Купалы ўскрылі яго нумар у гасцініцы, там быў сервіраваны стол на чатыры асобы. Значыцца, Я.Купала збіраўся з кімсьці вячэраць, чакаў гасцей... Астаюцца дзве іншыя версіі — Купалу скінулі з лесвічнай пляцоўкі (выпадкова ці знарок?) ці, абшаснуўшыся, а можа, спатыкнуўшыся, зачапіўшыся за штось, не ўтрымаўся на нагах і зваліўся ў пралёт... Якая з гэтых версій найбольш верагодная? П.Глебка ў тым самым выступленні ў Барысаве, таксама цалкам адмаўляючы ўсякія думкі пра самагубства паэта, гаварыў пра смерць Я.Купалы як пра няшчасны выпадак ці дыверсію. Спасылаўся пры гэтым ён на дзяжурную па паверху, якая быццам бачыла, што Я.Купала стаяў, абапёршыся на бар’ерчык лесвіцы, і размаўляў з маладою жанчынаю... Калі дзяжурная яшчэ праз нейкі час паглядзела на лесвіцу, то Купалы ўжо там не было, стаяла адна жанчына... Пра жанчыну, вінаватую ў смерці паэта, гавораць і некаторыя іншыя — яе, тую жанчыну, якая нібыта па нейкай прычыне піхнула паэта,— бачылі, калі яна ўцякала, бегла... А.Астрэйка, які амаль не адлучаўся ад Купалы ў тыя апошнія яго чэрвеньскія дні, быў да канца ўпэўнены, што з Купалам расправіліся берыяўцы, якія хадзілі ўслед за паэтам па пятах, куды ён, туды і яны — ён напаткаў іх, калі заходзіў у гасцініцу, і тыя, выскачыўшы з ліфта, ледзь не збілі яго з ног: так беглі, ратаваліся, каб іх ніхто не затрымаў. Ён помніў іх — трое, у кепках... На пытанне, чаму ён віну ў смерці Купалы ўскладае на берыяўцаў, на чым грунтуецца яго пераконанасць, А.Астрэйка адказваў: «Купала быў незадаволены Сталіным і ўсім тым, што рабілася ў краіне перад вайною, і не хаваў, гаварыў не аднаму яму, А.Астрэйку, што ва ўсіх няўдачах у барацьбе з фашыстамі і ў тым, што Беларусь стогне і сцякае крывёю пад нагамі акупантаў, вінаваты не хто-небудзь, а правадыр. Мусіць, у гасцініцы ды і ў іншых месцах, дзе казаў гэта Купала, былі вушы». Такога ж погляду на смерць Купалы прытрымлівалася і яго жонка, Уладзіслава Францаўна, дадаючы хіба, што Купалу не даравалі, што ён зрабіў спробу самагубства і паблытаў некаторым карты ў наладжванні працэсу над выдуманай «контррэвалюцыйнай нацдэмаўскай арганізацыяй» «Саюз вызвалення Беларусі». Перад юбілеем Купалы — яго шасцідзесяцігоддзем, калі паўстала пытанне аб яго вечары і ўзнагародзе, гэта выкрылася, усплыло... П.Глебка, абгрунтоўваючы сваю думку аб смерці Я.Купалы як дыверсіі, у тым самым выступленні гаворыць, што Янка Купала прыехаў у Маскву на Другі кангрэс Усеславянскага камітэта, дзе павінен быў выступіць з прамовай, а на удзельнікаў гэтага камітэта — прынамсі, на двух-трох — былі зроблены спробы замаху на жыццё... Вельмі падазроным здаецца і выклік Купалы па тэлефоне... Хто яму званіў? Карэспандэнтка «Известий»? А мо хто іншы? Прыкладна так быў выкліканы з гасцініцы па тэлефоне і Міхоэлс, які прыязджаў адразу ж пасля вайны ў Мінск на прагляд аднаго са спектакляў у купалаўскім тэатры — выйшаўшы са свайго нумара, ён больш туды не вярнуўся: знайшлі на вуліцы мёртвага. Ці не той самы почырк? Насцярожвае і сама таямніца вакол гэтай смерці — столькі гадоў мінула, а ніхто афіцыйна ў друку ніякага паведамлення пра гэтую смерць не зрабіў. Міжволі ўзнікае падазрэнне, ці не зусім усё ясна ў гэтай смерці, ці ясна настолькі, што сёй-той не асмельваецца пра гэта паведамляць. Ва ўсякім выпадку, спроба музея Я.Купалы займець матэрыялы камісіі, якая займалася высвятленнем смерці паэта, ні да чаго не прывяла — матэрыялы не толькі не былі прысланы ў музей, але нават нікому з супрацоўнікаў музея не паказаны...

У карысць версіі, што ў смерці Купалы ніхто старонні не вінаваты, вінаваты ён сам, таксама ёсць некалькі фактаў — Купала быў хворы, хадзіў няцвёрдай паходкай, да таго ж спяшаўся: бар’ерчык жа на лесвічнай пляцоўцы не надта высокі — страціўшы раўнавагу, можна не ўтрымацца; застаўся на лесвічнай пляцоўцы на паверсе, дзе жыў у нумары М.Лынькоў і з якога выйшаў Я.Купала, і яго туфель (другі ж упаў раней за гаспадара)... Ці не туфлі і былі ва ўсім вінаваты — яны маглі быць не зашнураваны ці расшнуравацца... Хоць... Туфлі выдаюць і іншае — значыцца, не сам Купала кідаўся ў пралёт, была перад гэтым няйнакш нейкая прыгода ці валтузня, барацьба...

І.Эрэнбург, які жыў у тыя чэрвеньскія дні 1942 года таксама ў гасцініцы «Масква», потым у сваёй аўтабіяграфічнай кнізе «Людзі, гады, жыццё» ўспамінаў: «Я сядзеў у сваім нумары, калі ў калідоры пачуліся крыкі. Я выбег на калідор і даведаўся, што з верхняга паверха ў пралёт лесвіцы ўпаў паэт Янка Купала».

 

Праз дзень пасля смерці Я.Купалы, 30 чэрвеня, у акупіраваным гітлераўцамі Мінску памерла яго маці Бянігна Іванаўна, якая пра смерць сына, вядома ж, нічога не ведала: немцы забаранілі друкаваць якую б там ні было інфармацыю пра смерць паэта, наадварот, пашыралі весткі, што смерць Купалы — выдумка бальшавікоў... Да слова, маці да канца сваіх дзён упэўнена была, што не трэба было Я.Купалу пісаць свае творы па-беларуску, а трэба было пісаць па-польску, і каб, маўляў, ён паслухаўся яе, то не ведаў бы ніякага гора...

 

Хавалі іх, маці і сына, у адзін дзень — 1 ліпеня 1942 года. Труна з целам Янкі Купалы стаяла ў Цэнтральным Доме літаратара. Правесці ў апошнюю дарогу вялікага песняра беларускай зямлі сабраліся рускія, беларускія, украінскія пісьменнікі, шматлікія яго знаёмыя, чытачы, воіны Чырвонай Арміі, партызаны... М.Рыленкаў, які быў на пахаванні, пісаў: «Трагічная смерць паэта была адной з самых вялікіх ахвяр не толькі беларускага, але і ўсяго савецкага народа.

Цяжка было паверыць, што яго не стала, што назаўсёды абарвалася яго песня, песня паэта-жыццялюба...

І калі сябры паэта на руках выносілі яго труну з Дома Саюза пісьменнікаў, мне раптам здалося ў цішыні, што я чую аддалены шум векавога бору, знаёмы да болю голас зязюлі і такую знаёмую песню:

 

 

Як хавалі людзі Янку,—

Галасілі многа-мала:

— А нашто ж памёр ты, сейбіт!..

А зязюлька кукавала:

Ку-ку, ку-ку! Кінь дакуку!

Спі, саколік! Ку-ку, ку-ку!

 

 

У гэту мінуту я сэрцам зразумеў, што ў песні, якая ідзе ад народа і зноў вяртаецца яму, няма і не можа быць канца.

А песня Янкі Купалы была менавіта такая».

 

Радок адной з такіх песень, пра які А.Пракоф’еў сказаў, што «калі б ад Янкі Купалы астаўся адзін радок «Мне сняцца сны аб Беларусі», то я ўсё роўна сцвярджаў бы, што гэта паэт магутны, народны», і быў выгравіраваны на месцы часовага пахавання нашага песняра ў Маскве.

1988 г.

 

 

1 Елісееў К.С. — мастак-графік, з якім пазнаёміўся Я.Купала ў Мінску ў 1920 г. і сябраваў усё сваё жыццё.

Вяртаючыся да ранейшых публікацый...

 

 

1. «А суд гісторыі цяжкі!»

У сярэдзіне гэтага года на старонках «Літаратуры і мастацтва» былі надрукаваны мае эсэ-даследаванні — «Бэндэ (30-я ў абліччах і дакументах)» і «Сняцца сны аб Беларусі (Загадка смерці Янкі Купалы)». Мяркуючы па водгуках, рэакцыя чытачоў на іх была адназначная: дзякуй богу, што можна нарэшце не баючыся пісаць пра тое, пра што столькі гадоў маўчалі, а калі і гаварылі, дык часцей за ўсё няпраўду. Прызнацца, у час працы над гэтымі матэрыяламі асабіста ў мяне не было ўпэўненасці, што яны пабачаць свет. Тым не менш я працаваў, працаваў захоплена, спяшаючыся: баяўся — раптам нешта зменіцца ў нашым грамадскім жыцці, зноў вернецца ранейшае і я не паспею сказаць таго, што хочацца сказаць. Тады якраз ішла падрыхтоўка да XIX Усесаюзнай партыйнай канферэнцыі, і хто мог наперад ведаць, якія рашэнні яна прыме. Канферэнцыя пацвердзіла курс краіны на дэмакратызацыю, на галоснасць, прыняла рашэнні, якія замацавалі многае з ужо дасягнутага. І, дзякуючы гэтаму, дэмакратызацыя, галоснасць пайшлі ўглыб. Былі надрукаваны не толькі мае эсэ-даследаванні, а дзесяткі, сотні іншых, куды больш смелых, бескампрамісных, з багатай фактычнай асновай, якія выкрываюць сталінізм як з’яву, тое бяспраўе і рэпрэсіі, што тварыліся ў 30-я, 40-я і пазнейшыя гады. Злачынствы Сталіна і яго акружэння перад партыяй і народам сёння ўжо вядомы ўсім. Пашырылася ўяўленне і пра многае, што рабілася ў Беларусі ў тыя нялёгкія для рэспублікі гады, асабліва ў эпагей разгулу рэпрэсій і бяспраўя — 1937 год. Тады ў Мінск прыехалі для выкрыцця «антысавецкага падполля Малянкоў і Якаўлеў, быў скліканы Пленум ЦК КП(б)Б, які прыняў рашэнне, дзе ў адным з пунктаў гаварылася: «Прапанаваць усім партыйным арганізацыям:

а) хуткую і рашучую ліквідацыю вынікаў шкодніцтва польскіх шпіёнаў Галадзеда, Шаранговіча, Бенека, Чарвякова і іншых шкоднікаў і дыверсантаў...»

Пацярпелі ні ў чым не вінаватыя дзесяткі, сотні тысяч людзей...

Цяжкія страты былі нанесены беларускай літаратуры, культуры і навуцы. Дастаткова сказаць, што дваццаці аднаму з арыштаваных у той год пісьменнікаў была вынесена вышэйшая мера пакарання. Вось іх імёны: Анатоль Вольны (Ажгірэй), Якаў Бранштэйн, Уладзіслаў Галубок, Платон Галавач, Анатоль Дзяркач (Зіміёнка), Алесь Дудар (Дайлідовіч), Майсей Кульбак, Міхась Зарэцкі (Касянкоў), Васіль Каваль (Кавалёў), Тодар Кляшторны, Дзмітрый Курдзін, Валерый Маракоў, Янка Нёманскі (Пятровіч), Зяма Півавараў, Міхайла Піятуховіч, Алесь Салагуб, Васіль Сташэўскі, Браніслаў Тарашкевіч, Уладзімір Хадыка, Ізі Харык, Юрка Лявонны (Юркевіч)...

Ці былі выкананы прысуды? Паводле тых звестак, што надрукаваны ў Беларускай Савецкай Энцыклапедыі, у «Энцыклапедыі літаратуры і мастацтва Беларусі», у даведніках Саюза пісьменнікаў БССР даты смерці многіх з названых таварышаў стаяць іншыя, не трыццаць сёмы год. Але ці можна гэтым датам верыць? Пракурор Беларускай ССР Г.С.Тарнаўскі ў сваім інтэрв’ю для БелТА расказаў, як мужна паводзіў сябе на допытах паэт Валерый Маракоў,— ён так і не прызнаў за сабой ніякай віны, заявіў на судзе, што выстаўленыя супраць яго абвінавачванні з’яўляюцца «прымітыўнай хлуснёй». Валерый Маракоў на пасяджэнні ваеннай калегіі Вярхоўнага суда БССР, якое працягвалася ўсяго 15 мінут, быў асуджаны да вышэйшай меры пакарання. Праз дзень — 29 кастрычніка 1937 года — прысуд быў прыведзены ў выкананне. «Называючы гэтую дату,— сказаў у інтэрв’ю Г.С.Тарнаўскі,— я таксама прапаную ўнесці папраўкі ў энцыклапедыю, дзе жыццё Валерыя Дзмітрыевіча прадоўжана амаль на тры гады». Па ўсёй верагоднасці ўнесці папраўкі трэба і ў даты смерці іншых нашых таварышаў, якія былі асуджаны да вышэйшай меры пакарання. Падставай для гэтага можа быць і ліст дачкі паэта Сяргея Клычкова Е.С.Клычковай, надрукаваны ў адзінаццатым нумары часопіса «Новый мир» за 1988 г., у якім паведамляецца, што «блізкія С.А.Клычкова нічога не ведалі пра яго лёс да жніўня 1956 года, калі з Ваеннай калегіі Вярхоўнага суда СССР была атрымана даведка аб яго пасмяротнай рэабілітацыі... Неўзабаве аддзел ЗАГСа Кіеўскага раёна горада Масквы выдаў сыну паэта Г.С.Клычкову даведку пра смерць бацькі. Названая ў ёй дата смерці — 21 студзеня 1940 года — увайшла потым у энцыклапедыі і розныя даведачныя выданні». Аднак, паколькі «ў апошні час у нашым друку ўсё часцей і часцей гаварылася пра тое, што даты смерці загінуўшых у гады сталінскага сваволля, паведамленыя сваякам у 50-я гады, у многіх выпадках з’яўляліся фальсіфікаванымі», дачка паэта Е.С.Клычкова звярнулася ў Ваенную калегію Вярхоўнага суда СССР з просьбай назваць сапраўдную дату смерці бацькі, дзе ён пахаваны і ў чым яго абвінавачвалі. Начальнік сакратарыята Ваеннай калегіі Вярхоўнага суда СССР В.Палуянаў адказаў, што С.А.Клычкоў быў «неабгрунтавана асуджаны 8 кастрычніка 1937 года» [...] «да расстрэлу. Звестак пра дакладную дату выканання прысуду няма, аднак вядома, што па палажэнню, якое ў той час дзейнічала, такія прысуды выконваліся адразу ж па іх вынясенні. Месцы пахавання асуджаных не фіксаваліся».

Ёсць падставы лічыць, што даты смерці калі не ўсіх, дык ва ўсякім выпадку многіх, хто быў асуджаны ў тыя сталінскія гады і не вярнуўся жывы, недакладныя. На такое наводзяць многія факты. Вось ліст, які атрымаў я нядаўна з Варшавы ад вядомай дзеячкі рэвалюцыйнага і нацыянальна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі, аўтара грунтоўных даследаванняў з гісторыі рэвалюцыйнага мінулага нашага народа Аляксандры Рыгораўны Бергман:

«Паважаны Барыс Іванавіч!

Прачытала ў «ЛіМе» № 43 ад 28.Х.88 г. Вашу кароценькую заметку. Яна зрабіла на мяне вялікае ўражанне, і мне хацелася б з Вамі на гэтую тэму пагаварыць.

У мяне ўзніклі некаторыя сумненні наконт даты і месца смерці Максіма Гарэцкага. І вось чаму. Ва ўспамінах яго брата — Гаўрылы Гарэцкага ў кнізе «Максім Гарэцкі» (Мн., 1984) дата смерці Максіма запісана: 20 сакавіка 1939 г.; у БелСЭ дата смерці названа тая самая: 20 сакавіка 1939 г. З майго асабістага вопыту (і не аднаго майго) я не толькі дапускаю, але ўпэўнена, што гэтая дата аснована на дакуменце, атрыманым сям’ёй Гарэцкага ў сувязі з яго рэабілітацыяй, г. зн. у 50-х ці 60-х гадах. Маецца шмат бясспрэчных доказаў таго, што ў гэтага роду дакументах прыведзеная дата смерці фіктыўная. Згодна пячацям, гэтыя дакументы напісаны, як правіла, у Маскве ў 50-х ці 60-х гадах, г. зн. далёка ад месца гібелі, без указання месца пахавання. Гэта датычыцца даты.

Пераходжу да пытання месца. Ці загінуў М.Гарэцкі ў Комі АССР? Маё жыццё так склалася, што ў 1936—1937 гг. сама была ў Комі АССР (Чыб’ю), а восенню 1937 г. мяне везлі этапам у групе з 19 чалавек з Комі на Захад. Дваіх з гэтай групы, мяне і яшчэ аднаго беларуса, прывезлі ў Мінск (на жаль, ні імя, ні прозвішча не ведаю). У мінскай турме я дакладна даведалася, што, акрамя нас дваіх, прывезлі яшчэ некалькіх, імёны і прозвішчы якіх ведаю. Мяркую, што М.Гарэцкі таксама быў вернуты ў Мінск і загінуў хутчэй за ўсё ў Мінску. Не выключана, што быў ён адным з тых, якія загінулі ў Курапатах.

Дык вось. Для таго каб дакладна вызначыць гэта — трэба атрымаць афіцыйны тэкст прысуду і дату смерці ад КДБ. Ведаю на падставе маіх пошукаў у сувязі з іншымі «справамі», што ў КДБ і МУС такія дадзеныя ёсць.

У мяне, між іншым, засталося ўражанне, што вы невыпадкова ўспомнілі пра М.Гарэцкага ў заметцы пра помнік Францыску Скарыну. Думаю, што Вы, як і многія іншыя (у тым ліку і я), марыце пра помнік Гарэцкаму ў Мінску. І гэта тым больш будзе магчыма, калі пацвердзіцца ў дакументах, што загінуў ён у Мінску.

Паважаны Барыс Іванавіч!

Паколькі давялося закрануць пытанне пра помнікі, дадам яшчэ некалькі слоў.

Як Вам, напэўна, вядома, я займаюся біяграфіяй беларускіх дзеячаў Зах. Беларусі. У мяне ўжо даўно склалася перакананне, што ўсе тыя, хто быў арыштаваны ў Мінску ў 1933 (!) годзе (Рак-Міхайлоўскі, Мятла, Дварчанін, Родзевіч і інш.), большасць з якіх былі высланы на Салаўкі, былі ў 1937—38 гг. вернуты ў Мінск. Мне зараз цяжка ўспомніць некаторыя дэталі. Сярод іх, як вядома без сумнення, быў таксама Браніслаў Тарашкевіч, які ў маі 1937 г. быў арыштаваны ў Маскве, прывезены ў Мінск, дзе і быў 23.ХІ.38 г. расстраляны як агент Другога аддзела польскага Генштаба. (Пра гэта таксама ведае С.Шушкевіч, які сядзеў з ім у Мінску ў суседняй камеры. Можа, ён таксама ведае што-небудзь пра іншых?) Не выключаю, што пытанне пра помнік Б.Тарашкевічу, як калісьці прапаноўваў у газеце А.Мальдзіс, узнікне. Я спадзяюся, што імёны арыштаваных у 1933 годзе беларускіх дзеячаў, што прыбылі з Зах. Беларусі, будуць успомнены тымі, хто змагаецца за Мемарыял памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсій».

Наогул, прыведзены мною ў ранейшых публікацыях спіс пісьменнікаў, што у гады сталіншчыны арыштоўваліся, сядзелі ў турмах і лагерах, былі асуджаны і расстраляны, аказаўся далёка не поўны. Вось новыя імёны: Мікола Аляхновіч, Мікола Байкоў, Захар Бірала, Алесь Вечар, Клім Грыневіч, Ігнат Дварчанін, Уладзіслаў Дзяржынскі (Чаржынскі), Антон Крыніца-Ждановіч, Антон Згіроўскі, Мікола Каспяровіч, Фёдар Куляшоў, Вацлаў Ластоўскі, Язэп Лёсік, Антон Луцкевіч, Алесь Ляжневіч, Аркадзь Мардвілка, Алесь Пруднікаў, Раман Сабаленка, Тодар Курбацкі, Макар Шалай, Янка Туміловіч, Рыгор Хацкевіч, Васіль Хомчанка...

Але і з улікам гэтых імён спіс усё адно няпоўны, бо ў ім няма тых, хто яшчэ і дасюль нерэабілітаваны, бо, як паведамлялася ў друку, у праваахоўных органах рэспублікі адсутнічаюць звесткі пра судзімасць і лёс многіх, у прыватнасці Рыгора Бахты, Алеся Вазілы, Данілы Васілеўскага, Алеся Гародні (Функа), Макара Краўцова, Браніслава Люгоўскага, Язэпа Мазуркевіча, Сяргея Мурзо, Уладзіміра Самойлы-Сулімы, Апанаса Сідарэнкі, Янкі Субача, Аляксея Траецкага, Пятра Хатулёва... А колькі загінула моладзі, тых, хто надрукаваў першыя свае вершы, апавяданні, артыкулы, хто рыхтаваў сябе да працы ў літаратуры! Ды і на тых не варта забываць, хто, трапіўшы пад сталінскі прэс, адсядзеўшы ў турмах і лагерах, потым запляміў сваё імя супрацоўніцтвам з нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Іх таксама нямала — Антон Адамовіч, Францішак Аляхновіч, Наталля Арсеннева, Юрка Віцьбіч (Шчарбакоў), Уладзімір Дудзіцкі (Гуцька), Міхась Кавыль (Лешчанка), Уладзімір Клішэвіч, Тодар Лебяда, Лявон Случчанін, Леанід Свэн (Савёнак), Масей Сяднёў, Уладзімір Сядура...

Не трэба думаць, што гэтак пацярпела ў тыя гады толькі беларуская літаратура, беларуская пісьменніцкая арганізацыя. Супрацоўнік часопіса «Дружба народов» Эдуард Белтаў, які займаецца зборам матэрыялаў пра беспадстаўна рэпрэсіраваных у 30—50-я гады рэвалюцыянераў, вучоных, ваенных, дзеячаў літаратуры і мастацтва, паведаміў у газеце «Княжное обозрение», што ў яго картатэцы ёсць звесткі пра 1000 пісьменнікаў, што загінулі ў турмах і лагерах. «Прычым,— піша ён,— насуперак маім меркаванням, рэпрэсіраваных рускіх пісьменнікаў аказалася меншасць. З тысячы загінуўшых прыкладна семсот — пісьменнікі саюзных і аўтаномных рэспублік. Па нацыянальных літаратурах быў нанесены такі знішчальны ўдар, што некаторыя з іх ад яго яшчэ не акрыялі і наўрад ці акрыяюць у бліжэйшыя гады». І далей: «Яшчэ раз паўтараю. Знішчэнню падвяргаліся не якая-небудзь асобная, а практычна ўсе нацыянальныя літаратуры» («Княжное обозрение», 17 чэрвеня 1988 г.). Расказаўшы, што з усіх літаратур найбольш пацярпела ўкраінская («Тое, што зрабілі з украінскай літаратурай, дрэнна паддаецца апісанню»), Э.Белтаў працягвае: «Тое самае з беларускай літаратурай. Яна была распусцілася, расквітнела ў 20-х — пачатку 30-х, і раптам нічога няма. А тыя, хто застаўся (Якуб Колас), яны практычна нічога не пісалі, сядзелі і чакалі, калі іх арыштуюць...»

Э.Белтаў памыляецца. Не ўсе сядзелі і чакалі, калі іх арыштуюць. Некаторыя дапамагалі тым, хто арыштоўваў,— пісалі артыкулы, дзе выкрывалі «подлае нутро буржуазных нацыяналістаў, трацкістаў, польскіх шпіёнаў і дыверсантаў», розных іншых адпетых «ворагаў народа», а то не грэбавалі і даносамі ў адпаведныя органы... У гэтай сувязі хочацца спыніцца на «дзейнасці» Андрэя Александровіча. Надрукаваўшы паэму «Цені на сонцы», дзе зняславіў — «выкрыў» — многіх вядомых літаратараў і вучоных, ён сваю актыўнасць перанёс на сходы. Вось вытрымкі з яго даклада на ІІІ пленуме праўлення Саюза савецкіх пісьменнікаў СССР (1936):

«Паэты дарэвалюцыйнай Беларусі, якія пакінулі ў беларускай паэзіі больш ці менш значны след (Цётка, Максім Багдановіч, Цішка Гартны, Змітрок Бядуля (Ясакар), Алесь Гурло, Янук Журба, Канстанцыя Буйло і мн. інш.),— усе яны, вар’іруючы крыху каларыт і сродкі мастацкага адлюстравання, ідэйна і тэматычна ўвогуле былі адзіны. Прыйшоўшы ў літаратуру ў гады 1910—1914, яны выхоўваліся на старонках буржуазна-нацыяналістычнай газеты «Наша ніва» — сталі выразнікамі і носьбітамі яе ідэалогіі. З нарастаннем рэвалюцыйных падзей адны зусім знікалі з літаратуры, другія нясмела, з аглядкамі, з вялікімі ўнутранымі хваравітымі працэсамі, з ідэйнымі праваламі ўключаліся ў рэвалюцыйную плынь, трэція пераходзілі ў лагер контррэвалюцыі...

Значную гісторыка-літаратурную цікавасць уяўляюць — паэт прыгонніцтва Вінцук Дунін-Марцінкевіч і паэт Францішак Багушэвіч — вяшчальнік народжанай нацыянальнай буржуазіі.

Крытыка, якая прапагандавала буржуазна-нацыяналістычныя ідэалы «Нашай нівы», неаднаразова пісала, што:

«Па стылю і па чысціні ўжывання ў творах беларускай мовы Дуніна-Марцінкевіча справядліва лічаць бацькам беларускай мастацкай літаратуры. Бацькам жа беларускіх пісьменнікаў з сапраўды чыстым характарам і з чыста беларускім нацыянальным духам і яшчэ больш чыстай беларуская мовай з’яўляецца Францішак Багушэвіч».

Гэтая аслепленая нацыяналістычным чадам крытыка з вялікай сілай шкодзіла Янку Купалу і Якубу Коласу. Пачаўшы сваю паэтычную дзейнасць пад велізарным рэвалюцыйным уплывам надзей 1905 г., будучы выразнікамі працоўных, Купала і Колас пачалі здаваць свае рэвалюцыйна-дэмакратычныя пазіцыі, трапляючы пад уплыў пазалочаных фраз беларускіх памешчыкаў і кулакоў аб «залатым веку» беларускай гісторыі...

На старонках «Нашай нівы» пачынае займаць «вядучае» месца заалагічны шавінізм, прыкрыты «філасофіяй» нацыянальнага духу. У гэты перыяд Я.Купала і Я.Колас замест далейшага развіцця дэмакратычных элементаў у сваёй творчасці не ўстоялі, адышлі на буржуазныя пазіцыі, сталі ідэолагамі так званага «адраджэння» — руху беларускай буржуазіі.

Вялікую Кастрычніцкую рэвалюцыю Я.Купала і Я.Колас не зразумелі. Яны не зразумелі класавай сутнасці пралетарскай рэвалюцыі і ў першыя савецкія гады творча заставаліся на сваіх ранейшых пазіцыях. Часам у іх творах гучалі ноткі непавагі па адрасу дыктатуры пралетарыяту».

Яшчэ больш рашуча А.Александровіч граміў «буржуазна-нацыяналістычнага» паэта Максіма Багдановіча. Нават мовы і то яго не прымаў, бо, бачыце, «мова творчасці Багдановіча з’яўляецца кніжнай, халоднай мовай. З аднаго боку, моўная культура яго расла на базе прымітыву «дзеравеншчыны», з другога боку, ён уключаў у беларускую мову без патрэбы бытавыя словы з моваў суседніх з Беларуссю народаў».

Што ўжо казаць пра сваіх паплечнікаў па пяру, а тым больш супернікаў па творчасці і службовай кар’еры! Справа дайшла да таго, што нават прысланага з партыйнай работы для навядзення парадку ў Саюзе пісьменнікаў Міхася Клімковіча, які з усіх пісьменнікаў перш за ўсё вылучаў менавіта яго, А.Александровіча, усяляк хваліў яго, не пашкадаваў — прымусіў пасля аднаго з чарговых пасяджэнняў паласнуць самога сябе брытвай па горле...

Калі «выкрылі» як «замаскаванага ворага народа» і арыштавалі А.Александровіча, адна з заходнебеларускіх газет з гэтага выпадку змясціла артыкул, які называўся: «Насіў воўк, панеслі і ваўка».

Не з лепшага боку паказалі сябе ў тыя гады і многія іншыя пісьменнікі, ды і непісьменнікі. Ішоў жа фактычна працэс знішчэння, ліквідацыі ўсяго беларускага ў Беларусі. Падводзілася пад гэта са спасылкамі на творы К.Маркса, Ф.Энгельса, У.Леніна, І.Сталіна нават тэарэтычная база. Асабліва шчыраваў С.Вальфсон. У зборніку «Навука» на службе нацдэмаўскай контррэвалюцыі», які выдала Беларуская акадэмія навук у 1932 годзе, надрукавана некалькі артыкулаў, аўтарам ці сааўтарам якіх быў гэты «філосаф». Паставіўшы перад сабою задачу «ўсебаковага раскрыцця беларускага нацыянал-дэмакратызму — гэтай кулацкай буржуазнай ідэалогіі», «ператрусіць на вачох шырокіх мас ідэёвы багаж нацдэмаў, выявіць яго надзвычайнае навуковае ўбожаства, паказаць, як нацдэмы пад флагам «чыстай навукі» прасоўвалі ў сваіх работах кулацка-шавіністычную кантрабанду, як кантрабандысты ад нацдэмакратызму прыкрываліся маскаю нацыяналізму і патрыятызму, каб лепш і з меншаю небяспекаю ажыццяўляць свае клясавыя мэты — мэты лютага ворага пралетарскай дыктатуры», С.Вальфсон проста знішчаў, палітычна дыскрэдытаваў, абліваў памыямі ўсіх дзеячаў нацыянальна-вызваленчага руху Беларусі, стваральнікаў яе культуры, літаратуры і навукі. У «жалезны інвентар» нацдэмакратызму — ідэі аб тым, што «беларусы маюць сваю гісторыю», «філосаф» залічыў, а заадно і абліў памыямі Ф.Багушэвіча і Я.Неслухоўскага, В.Ластоўскага і Я.Лёсіка, М.Доўнар-Запольскага і М.Шчакаціхіна, М.Каяловіча і А.Сапунова, Ф.Шантыра і А.Баліцкага, М.Каспяровіча і А.Шлюбскага, Я.Коласа і А.Дудара, У.Дубоўку і М.Лужаніна і многіх-многіх іншых. Нават Ф.Скарыну, К.Каліноўскага і то «філосаф» не абмінуў. Вось што ён пісаў у артыкуле «Ідэалогія і метадалогія нацдэмакратызму»: «Адным з вельмі пашыраных метадаў дзейнасці нацдэмаў з’яўляецца самая бессаромная фальсіфікацыя гістарычнага мінулага Беларусі. Адным з важнейшых актаў гэтай фальсіфікацыі з’яўляецца ператварэнне ў продка беларускай пралетарскай культуры Францішка Скарыны. 400-годдзе перакладу Скарынай Бібліі на беларускую мову дае нацдэмам повад для шумнай нацыяналістычнай дэманстрацыі, якая пракацілася па ўсёй БССР. Навуковыя ўстановы Беларусі аддаюць сваю энергію высвятленню пытання аб тым, ці быў Скарына «католікам, хрышчоным паводле лацінскага абраду», ці ён «перакінуўся ў праваслаўе». Шаноўныя вучоныя з запалам абмяркоўвалі «шчакаціхінскую гіпотэзу», якая ўстанаўлівае на аснове даследавання скарынінскага героя і астралагічных прынцыпаў XVI веку дакладны дзень нараджэння Скарыны. Імя Скарыны прысвойваецца культурным установам БССР. Навокал Скарыны ўтвараецца арэол роданачальніка беларускай культуры, якая ставіцца пад знак «скарынінскай традыцыі»...

Побач з культам Ф.Скарыны ўтвараецца і культ Кастуся Каліноўскага, які ператвараецца амаль не ў продка Беларускай Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі. Імя гэтага шляхецкага рэвалюцыянера акружаецца арэолам гераічнага шукальніка «мужыцкай праўды». Пры дапамозе бесцырымонных фальсіфікацый утвараецца вобраз рэвалюцыйнага барацьбіта беларускіх сялянскіх мас, якія падняліся на барацьбу з прыгнятальнікамі і эксплуататарамі...» У артыкуле «Мовазнаўства», напісаным С.Вальфсонам у сааўтарстве (Л.Бабровіч, I.Шпілеўскі, В.Бандарэнка, Я.Мацюкевіч) «скарынінская» тэма ды і тэма «Кастуся Каліноўскага» знаходзіць свой працяг: «Нацдэмакраты імкнуліся «адрадзіць» беларускую мову пад знакам рэстаўрацыі сівой старыны... У гэтай арыентацыі сваёй яны і ўтварылі культ Францішка Скарыны, ператворанага побач з Кастусём Каліноўскім у гістарычнага продка Беларускай Савецкай Рэспублікі, у асновапаложніка беларускай культуры, у найвышэйшы аўтарытэт у пытаннях словатворчасці». Вінаваціцца Я.Лёсік, які яшчэ ў 1917 г. прапаноўваў да 400-годдзя выпусціць скарынінскую Біблію, М.Гарэцкі, які заклікаў паставіць помнік «вялікаму русіну, шчыраму сыну Белай Русі», аўтары кнігі «400-лецце беларускага друку» (Мн., 1926 г.), якія «звыш чым на 20 аркушох культывуюць «скарынінскую традыцыю»...

С.Вальфсон, а разам з ім і іншыя адмаўлялі беларусам права мець свае якія б там ні было традыцыі, святы, мець сваю гісторыю, культуру, мову, літаратуру. Нават быць патрыётамі, любіць свой край, сваю зямлю. Так, прыводзячы цытаты з выступлення А.Баліцкага1 («Жывучы на чужыне, беларусы як найлепш зразумелі, што яны асобны народ, які мае сваю мову, свае звычаі, старыну, і дзеля таго маюць права на сваё існаванне... »; «Мы, беларусы, вялікія патрыёты і любім сваю родную, змучаную і аблітую крывёй Беларусь»), С.Вальфсон зазначае, што «пры сваёй тэарэтычнай абмежаванасці і палітычнай тупасці нацдэмы; аднак, добра разумелі, што ўсіх іх довадаў ад «халоднага гаспадарчага розуму і гарачага беларускага сэрца» не хапае, каб схіліць масы да «адзінага нацыянальнага фронту»...

Лютую нянавісць С.Вальфсона выклікалі і наступныя радкі з верша У.Дубоўкі:

 

 

Ты думаеш, лёгка пакінуць

Усё, што ў стагоддзях збірана?

Не выганіш гэнага клінам,

Бо будуць няўгойныя раны...

Мне кожны памежак знаёмы,

Смяецца мне кожны лісточак,

Дык што ты мне радзіш для злому,

Дык што ты мне радзіш, браточак?

Павінен я кінуць, зрачыся

Ўсяго, што з маленства мне міла?

 

 

Наогул, усё, дзе бачыліся прывіды мінуўшчыны, гістарычнай памяці народа, «старасветчыны», «сівой старыны» ці самабытнасці, выклікала гнеў. «Нацыянал-дэмакраты ў якасці аднаго з асноўных аб’ектаў сваёй дзейнасці абралі этнаграфію,— заяўлялі Л.Бабровіч, І.Шпілеўскі, М.Грынблат, А.Ляўданскі — аўтары артыкула «Этнаграфія. Музейная справа», што таксама змешчаны ў гэтым зборніку.— Этнаграфія давала шырокае поле для «самабытніцкіх» установак нацдэмаў; яна давала шырокі прастор іх арыентацыі на «старасветчыну», на «сівую старыну».

«Дзякуючы сваёй мнагаграннасці, краязнаўства станавіла сабою поле, на якім з усёю паўнатою, вычарпальнай яснасцю і выразнасцю нацдэмы развівалі сваю ідэалогію»,— сведчыў Р.Выдра ў наступным артыкуле гэтага зборніка «Беларускі нацдэмакратызм у краязнаўчым руху БССР».

А ў выніку сабраныя энтузіястамі, вучонымі — музейныя экспанаты, запісы песень, казак, загадак, прымавак, легенд, складзеныя слоўнікі і даведнікі, старадаўнія кнігі і рукапісы — знішчаліся, выкідваліся як «смяццё», а заадно «ліквідоўваліся» і тыя, хто займаўся гэтай «контррэвалюцыйнай нацдэмаўскай справай». У помірг вока белае аб’яўлялася чорным, а чорнае — белым. Так, напрыклад, у канцы 1926 г. адбывалася Акадэмічная канферэнцыя па пытаннях развіцця беларускай мовы. Канферэнцыя мела шырокі розгалас ва ўсім славянскім свеце, у ёй прынялі ўдзел многія вядомыя вучоныя Масквы, Ленінграда, Кіева, Рыгі, Вільні, Варшавы... «У 1926 г. у Менску адбылося доўгачаканае «аб’яднанне» ўсіх беларусаў-нацдэмаў БССР і фашыстаў-беларусаў іншых суседніх краін пад прыкрыццём «Беларускай акадэмічнай канферэнцыі». Значэнне гэтай канферэнцыі, між іншым, заключалася ў тым, што на ёй было завуалявана, падпольна ўстаноўлена дакладнае палітычнае і арганізацыйнае супрацоўніцтва беларускіх нацдэмаў БССР з беларускімі фашыстамі з Польшчы, Заходняй Беларусі і іншых краін»,— такую ацэнку даў гэтай канферэнцыі Р.Выдра ў артыкуле «Беларускі нацдэмакратызм у краязнаўчым руху БССР». Словам, усё, што рабілася дзеля развіцця Беларусі ў дарэвалюцыйны час, аб’яўлялася «буржуазным» і «нацыяналістычным», усё, што рабілася ў савецкі — дакультаўскі — час — «шкодным, створаным «нацдэмамі», «контррэвалюцыянерамі», «ворагамі народа», «польскімі шпіёнамі, дыверсантамі і фашыстамі»... Характэрны ў гэтых адносінах артыкул І.Любана «Разграміць рэшткі нацдэмаўшчыны і трацкізму ў музыцы» (газета «Літаратура і мастацтва», 1935, № 7 і № 17). Вось некалькі цытат з яго: «Музыка ў БССР развіваецца ў жорсткай класавай барацьбе супраць рэштак ворагаў пралетарыяту, якія праніклі выключна са шкодніцкімі і здрадніцкімі мэтамі на ўчасткі сацыялістычнай гаспадаркі і культуры. Класавыя ворагі, контррэвалюцыйныя нацыянал-дэмакраты, вялікадзяржаўныя шавіністы, былыя царкоўнікі, чарнасоценцы праніклі таксама і на музычны ўчастак сацыялістычнага будаўніцтва. Яны імкнуліся і імкнуцца прышчапіць працоўным свае варожыя контррэвалюцыйныя ідэі».

«Былое нацыянал-дэмакратычнае кіраўніцтва Наркамасветы і Інбелкульту (Баліцкі, Ігнатоўскі, Ластоўскі) наваднілі Савецкую Беларусь музычнымі «спецамі», ад’яўленымі контррэвалюцыянерамі, чарнасоценцамі, нацдэмамі... »

«КП(б)Б своечасова расшыфравала і выгнала шкоднікаў, контррэвалюцыйных нацдэмаў з усіх участкаў сацыялістычнага будаўніцтва, у тым ліку і з фронту музыкі...

Пазней у 1932—1933 гг. у БССР паяўляецца на гарызонце другая група шкоднікаў, якія ўжо не адкрыта, а «ціхай сапай» шкодзілі музычнаму фронту БССР...» і г. д. у тым самым плане, хіба з пералікам прозвішчаў...

Не дзіва, што нават на тых дзеячаў літаратуры, навукі, культуры і мастацтва, хто яшчэ аставаўся на волі, афармляліся ці былі аформлены справы на арышт, пра што сведчыць не толькі прызнанне П.К.Панамарэнкі М.Лынькову, якое прыводзілася ўжо ў ранейшых публікацыях, але і дакладная запіска былога рэдактара газеты «Звязда» М.Сцерніна, якую ён напісаў 24 чэрвеня 1939 г., выйшаўшы пасля беспадстаўнага арышту з турмы. «У матэрыялах маёй справы,— прызнаваўся М.Сцернін,— маюцца лжывыя паказанні як на нацыянал-фашыстаў, ворагаў народа: на народнага паэта Якуба Коласа — як нацфашыста, удзельніка арганізацыі; пісьменніка-камуніста Міхася Лынькова — як нацфашыста...»

У справах многіх арыштаваных меліся таксама падобныя паказанні на тых дзеячаў культуры і навукі, хто ацалеў, не быў у тыя гады за кратамі. Дарэчы, тыя справы даўно пара рассакрэціць, там шмат патрэбных нашай навуцы і культуры матэрыялаў — здымкаў, запісак, пісьмаў, звестак і фактаў. Хоць бы копіі іх павінны папоўніць Архіў-музей літаратуры і мастацтва БССР. Бо калі хто яшчэ і сёння хоча схаваць, як кажуць, канцы ў ваду, утаіць праўду — яму гэта не ўдасца. Янка Купала гэта ведаў і яшчэ напярэдадні тых падзей, што перажылі потым краіна і народ, прароча папярэджваў:

 

 

І прыйдзе новых пакаленняў

На наша месца грамада

Судзіці суд, ці мы сумленна

Жыццё прайшлі, ці чарада

 

Зняваг мінулых нас не з’ела,

Пакінуўшы свой дом і чад.

І мы па-даўняму нясмела

Жылі не ў лад і неўпапад?

 

Ці аб свой гонар дбайна дбалі

І дабравольна, без прынук,

Самі сабой не гандлявалі,

Не неслі ў петлі дум і рук?

 

І ці пакінуці на памяць

Мы песень гэтакіх змаглі,

З якіх бы можна было ўцяміць,

Што мы свабоднымі былі?..

 

А ўжо свой выдасць непадкупны

Аб нас гісторыя прысуд,

Калі аглядам гляне рупным

І разбярэ, ў чым справа тут.

 

У сведкі запісы пакліча,

Паданні клікне ў час такі

І ўсё паліча, пераліча...

А суд гісторыі цяжкі!..

 

І засумуецца патомак,

Калі дазнаецца аб нас,

Што нейкі з нас хоць быў не зломак,

А плечы гнуў у крук не раз;

 

Не йшоў з адкрытымі вачыма

У свет і сцежкі не прастаў,

А ўсёй магчымасці магчымай

Таптаў сляды, сябе таптаў.

 

 

На жаль — пра гэта даводзіцца толькі шкадаваць — да слоў Янкі Купалы тады не прыслухаліся. Не ўсе хочуць прыслухоўвацца да іх яшчэ і цяпер, сёння...

 

1 Баліцкі А.В.— член партыі з 1920 г., 1926—1929 гг. нарком асветы БССР. У 1930 г. выключаны з партыі, у 1931 г. беспадстаўна асуджаны на 10 гадоў турэмнага зняволення, а ў 1937 г.— да вышэйшай меры пакарання за «контррэвалюцыйную дзейнасць і шпіянаж». Цяпер рэабілітаваны, у снежні 1988 г. адноўлены ў радах КПСС (пасмяротна).

2. «У сведкі запісы пакліча...»

Цэлы паток тэлефонных званкоў, пытанняў, пісьмаў выклікала і публікацыя эсэ-даследавання пра Янку Купалу. Многія знаёмыя і незнаёмыя людзі падзяліліся сваімі версіямі і меркаваннямі наконт загадкі смерці народнага паэта Беларусі, падказалі тое, што ведалі самі. Дзякуй, вялікі дзякуй усім, хто праявіў клопат і жаданне хоць чым-небудзь дапамагчы. Што Янку Купалу як паэта забіла маральна-палітычная атмасфера чорных, крывавых гадоў, не адмаўляе ніхто. Што ж да ўсяго астатняга... Дадалася яшчэ адна версія: Я.Купалу знішчылі фашысты — адпомсцілі за яго палкія прамовы і вершы супраць іх... Магло ці не магло гэта быць? Так, магло. Але ў дадзеным выпадку гэтая версія не вытрымлівае ніякай крытыкі: было каго фашыстам і іх разведцы тады, у 1942 годзе, знішчаць і без Янкі Купалы. Нават у той самай гасцініцы «Масква». Жылі ж там у той час многія куды больш небяспечныя, ненавісныя гітлераўцам людзі...

Пра апошнія дні Я.Купалы ў Маскве пісала ў сваіх успамінах П.Мядзёлка. На жаль, гэтыя старонкі, з якімі мяне нядаўна пазнаёмілі, не трапілі ў яе кнігу «Сцежкамі жыцця», якая выйшла ў 1974 г. у нас, у Мінску. Праўда, яны няшмат дадаюць да ўсяго, што ўжо вядома, аднак пацвярджаюць, што пясняр жыў у гэтыя дні вялікімі клопатамі савецкага народа — як хутчэй прагнаць фашысцкую погань, вызваліць родную зямлю ад акупантаў. Тыя, хто сустракаўся з П.Мядзёлкай перад яе смерцю, падказваюць: яна надта ж перажывала, што не трапіла на пахаванне паэта (пахаванне было пазначана на адзін час, а потым па невядомых прычынах перанесена гадзіны на паўтары-дзве раней) і што нейкім зласліўцам, каб, мусіць, скіраваць пошукі вінаватых у іншы бок, адвесці ад іх падазрэнні, заблытаць, замесці сляды, была пушчана плётка, быццам у смерці народнага песняра Беларусі вінавата яна, П.Мядзёлка...

Цікавыя факты паведаміла жонка Міхася Лынькова Софія Захараўна. Яна сказала, што Міхась Ціханавіч гэтак жа, як і Пятро Глебка, цалкам адкідваў думку, быццам Янка Купала пакончыў жыццё самагубствам. Не ў тым настроі быў тады пясняр у апошнія дні свае. Яна, Софія Захараўна, адмаўляе і што ў нумары, дзе жыў М.Лынькоў, быў, як я пісаў, «накрыты стол — сякая-такая закуска і выпіўка», сцвярджае: усяго гэтага якраз у той дзень не было, была толькі бутэлька шампанскага. І Янка Купала прыгубляў шклянку з шампанскім, разведзеным вадой. Гэта па-першае. Па-другое, як паведаміла Софія Захараўна, тэлефонны званок М.Лынькову, калі ён папрасіў сяброў выйсці на балкон, быў не нейкі загадкавы ці сакрэтны — званіла Ірэна, літоўская партызанка, з якою беларускіх пісьменнікаў пазнаёміў Пятрас Цвірка. Ірэна збіралася ляцець у тыл ворага і хацела перад адлётам сказаць сябрам некалькі слоў. Янка Купала, даведаўшыся, хто звоніць, папрасіў даць яму тэлефонную трубку. І пагаварыў, калі, у адказ на просьбу М.Лынькова, усе выйшлі на балкон. А тады, не развітваючыся, пайшоў з нумара, сказаўшы напаследак: «Міхаська, я пайду пагляджу, ці не прыйшлі мае госці. Калі іх няма, то хвілін праз колькі вярнуся...» Гэта былі апошнія словы Я.Купалы, якія чуў Міхась Ціханавіч...

Што далей было з Янкам Купалам, калі ён выйшаў з нумара? М.Лынькоў гэта не ведаў і, як сцвярджае Софія Захараўна, не любіў пра гэта гаварыць, строіць якія б там ні было здагадкі. Прызнаваўся, праўда, што, калі здарылася бяда, усіх, хто быў на той час у яго ў нумары і яго самога, выклікалі для дачы паказанняў.

У лісце, які быў пасланы з Масквы 11 ліпеня 1942 г. артыстцы Ларысе Мікалаеўне Федчанка, М.Лынькоў пісаў: «А цяпер вось я павінен напісаць табе пра вельмі сумныя навіны, пра якія ты, відаць, ведаеш ужо з газет. 28 чэрвеня памёр у Маскве, у гасцініцы «Масква», наш народны паэт Янка Купала. Прыехаў ён пагасцяваць да нас на некалькі дзён з Казані. Прабыў у Маскве ўсяго дзесяць дзён. Гэта вялікая незваротная страта не толькі для беларускай літаратуры і нашага народа, але і для літаратуры ўсяго Савецкага Саюза: Купала быў найвялікшым паэтам нашага народа, які прадстаўляў цэлую эпоху ў жыцці народа і яго культуры. Да канца дзён сваіх заставаўся ён лепшым сынам сваёй Радзімы, усёй душой ненавідзеў фашысцкую погань, якая запаланіла нашу зямлю. Можаш уявіць маё асабістае гора, калі літаральна за некалькі хвілін да сваёй смерці ён сядзеў у мяне, у маім 1036-м нумары на дзесятым паверсе гасцініцы «Масква». Сядзеў вясёлы, бадзёры, жыццярадасны, марачы аб родных прасторах Беларусі. А калі выйшаў, мне хвіліны праз тры-чатыры пазванілі, што Янкі Купалы няма больш жывога, ён памёр. Гэта было ў адзінаццатай гадзіне ночы 28 чэрвеня. 1 ліпеня яго цела мы аддалі крэмацыі. Урну з яго астанкамі завязем пасля вайны ў родны Мінск, дзе будзе пастаўлены помнік паэту. Такія вось нашы сумныя навіны» (М.Лынькоў. Збор твораў у васьмі тамах. Мн., 1981—1985. Т. 8).

Па маёй просьбе кандыдат гістарычных навук, галоўны рэдактар часопіса «Советское славяноведение» А.К.Каўко, які жыве ў Маскве, звязаўся з прафесарам Ф.Т.Канстанцінавым — Ф.Т.Канстанцінаў у час вайны быў у блізкіх адносінах з П.К.Панамарэнкам і Ц.С.Гарбуновым і быццам ведаў пра смерць Янкі Купалы, як мне сказалі, «усё». Вось што напісаў пасля гутаркі з прафесарам Ф.Т.Канстанцінавым А.К.Каўко ў лісце да мяне:

«Фёдар Трахімавіч Канстанцінаў успамінае:

— Здарылася гэта «амаль на маіх вачах». У той дзень я паехаў па справах да генерала Яроменкі (пазней маршала)... Дык вось, тады ж у Яроменкі знаходзіўся генерал Раманенка, начальнік маскоўскай міліцыі. Раптам яму звоняць: у гасцініцы «Масква» — «ЧП». Машыны са свістам імчаць да гасцініцы. Тэрмінова і я туды, я ж там таксама жыў. Прыязджаю — ля пад’езда шум, гам, уваход перакрыты, нікога не пускаюць. Хтосьці штосьці расказвае, хтосьці ўдакладняе. Высвятляецца жахлівае: разбіўся Янка Купала. Аказваецца, за некалькі хвілін да няшчасця ў нумары ў Купалы сядзелі госці, сярод іх Лынькоў, журналістка Усіевіч, дачка вядомага польскага рэвалюцыйнага дзеяча, яна тады часта ў «Известиях» выступала... Сядзелі, значыцца, выпівалі, але ў меру. Цёпла было, відаць, душнавата. Купала выйшаў прайсціся па калідоры, праветрыцца. У гасцініцы, калі вы помніце, да цяперашняга часу вельмі нізкія бар’еры лесвічныя, прыкладна на ўзроўні жывата. Паглядзеў ён уніз, магчыма, спатыкнуўся, страціў раўнавагу і ўпаў у лесвічны пралёт...

Былі ўсякія версіі і падазрэнні. Я ж быў у блізкіх адносінах з Панамарэнкам і асабліва Гарбуновым, які загадваў ідэалагічнымі пытаннямі. Правялі стараннае афіцыйнае і неафіцыйнае расследаванне. Ніякіх дадзеных на зламыснасць (быццам хтосьці піхнуў і г. д.) выяўлена не было. Проста нахіліўся, перавесіўся...

Спрабую,— піша А.К.Каўко,— удакладніць: ці не маглі Купалу вывесці з раўнавагі падчас «застолля» ў нумары і паэт, узбуджаны, выйшаў з пакоя (ёсць і такая версія) ?

— Не! Лынькоў да Купалы адносіўся самым найлепшым чынам. Якія-небудзь інтрыгі, знявагі выключаны. Адносіны ж да паэта былі ўсеагульна паважлівыя, трапяткія. Вельмі высока ставіліся да яго Панамарэнка, Гарбуноў. Незадоўга перад гэтым у часопісе «Славяне» — там, як помніце, працаваў я рэдактарам — мы надрукавалі яго вершы, іх можна паглядзець. Ды і вяртанне Купалы ў Маскву ўспрынялі як з’яўленне Хрыста народу. Тады ўезд у Маскву быў сурова абмежаваны. А яму дамагліся уезду і нумар у лепшай гасцініцы (тады адзінае, відаць, на ўвесь горад ацепленае памяшканне, з гарачай вадой), сустрэлі добра, размясцілі. Пагэтаму меркаванні пра незадаволенасць Купалы неабгрунтаваныя. Пытанне аб прычыне смерці тады ж было высветлена і закрыта».

Значыцца, найбольш верагоднымі астаюцца тыя ж версіі, што і былі: афіцыйная — Янка Купала сам, спатыкнуўшыся ці на нейкай іншай прычыне, зваліўся ў пралёт лесвіцы; і — яшчэ адна: яго ўсё ж скінулі, піхнулі...

Той, хто бываў у сталіцы нашай Радзімы і жыў у гасцініцы «Масква», пэўна неаднойчы праходзіў міма тых бар’ерчыкаў, якімі агароджаны лесвічныя клеткі ад пляцовак і лесвіц. Яны, гэтыя бар’ерчыкі, сапраўды невысокія — «прыкладна на ўзроўні жывата», хоць і даволі шырокія. Работнікі гасцініцы, з якімі я неаднаразова гутарыў, не помняць, каб хто-небудзь падаў у пралёты лесвіц. Калі б Янка Купала быў п’яны... Але ж Янка Купала п’яны не быў, ды і не мог быць... Версію, што Купала не сам упаў, а яго скінулі, пацвярджаў Л.Шэйнін, які працаваў доўгі час следчым па асабліва важных справах і меў дачыненне да высвятлення абставін смерці нашага народнага песняра. У адной з гутарак ён сказаў: «Купалу памаглі памерці». Хто памог? Жанчына, пра якую ўспамінаюць многія? Але ці выпадкова — неўзначай — яна зрабіла чорную справу? Наўрад... Я, ва ўсякім разе, у гэта не веру. Не верыў у гэта і П.Глебка, казаў пра смерць Янкі Купалы як «дыверсію». Хто гэтую дыверсію ўчыніў? Вядома ж, не грабежнікі... Той жа П.Глебка ў адной з размоў з Р.Сабаленкам у лесе ў «Каралішчавічах» за некалькі месяцаў да сваёй смерці прызнаўся, што Я.Купалу знішчыла вядомае берыеўскае ведамства... Гэта неаднаразова пацвярджаў у гутарках з сябрамі і Рыгор Раманавіч Шырма, які ў тыя чэрвеньскія дні сядзеў у Маскве на Лубянцы. (Зноў, мабыць, гэты раз у сувязі з актывізацыяй прыхвасняў фашыстаў у акупаваным Мінску пачаліся пошукі «нацдэмаў», цяпер ужо сярод беларусаў-бежанцаў). Рыгор Раманавіч (захаваўся магнітафонны запіс) спасылаўся пры гэтым на следчага, які вёў яго справу. На чарговым допыце, яшчэ да таго, як было афіцыйна паведамлена па радыё і ў друку пра смерць Я.Купалы, следчы з радасцю ўжо ў ноч з 28 на 29 чэрвеня аб’явіў: «Ну вось, і з вашым апошнім апалагетам-нацыяналістам мы расправіліся».— «З кім гэто?» — са страхам спытаў Р.Р.Шырма. «Ды з Янкам Купалам. Цяпер за вас возьмемся».

Што гэта — была пагроза ці следчы сказаў больш, чым дазвалялася яму гаварыць?.. А мо думаў — Р.Р.Шырма ніколі ўжо не будзе на волі і нікому не раскажа пачутага?

Версію, што Я.Купала не сам упаў у пралёт лесвіцы, а яго туды скінулі, пацвярджае і ліст Зінаіды Васільеўны Абрамавай — генетыка, доктара сельскагаспадарчых навук, які яна прыслала ў Літаратурны музей Янкі Купалы з Ленінграда на імя галоўнай захавальніцы фондаў Я.Ю.Раманоўскай. Прыводжу яго цалкам у сваім перакладзе (ліст напісаны па-руску):

«Пушкін, 4.ІІІ.1982 г.

Глыбокапаважаная Ядзвіга Юльянаўна!

Вялікае ўражанне зрабіла на мяне наведванне выдатнага Музея Янкі Купалы, дзе так глыбока і пранікнёна паказана жыццё, творчасць і грамадская дзейнасць выдатнага беларускага паэта, які так многа зрабіў дзеля свайго народа.

У час наведвання музея я ўспомніла расказ пра яго смерць, які пачула ў 1945 г. Мінула нямала гадоў, я забыла дэталі, але ў памяці маёй захаваўся сэнс гэтага расказу, і я лічу сваім абавязкам паведаміць яго Вам.

У красавіку 1945 г. я была ў Маскве на семінары камсамольскіх работнікаў у Палітупраўленні фронту ПВО краіны. У гасцініцы «Масква» са мной загаварыла пакаёўка — яе цікавілі сведчанні тых, хто перажыў ленінградскую блакаду. У час размовы са мной яна расказала мне пра смерць Янкі Купалы ў гасцініцы «Масква» ў 1942 годзе.

Паводле яе слоў за ім увесь час хтосьці сачыў, але работнікі гасцініцы не надавалі гэтаму значэння. Калі ён выйшаў з ліфта пасля сустрэчы з сябрамі, яго сустрэлі тры чалавекі, якія і скінулі яго ў пралёт лесвіцы. Быццам гэта бачыла адна жанчына (?), якая была так напалохана, што адразу ж з’ехала з гасцініцы, баючыся, каб яе не забілі таксама як сведку. Але перад ад’ездам яна расказала пра гэта камусьці з абслугі. Пакаёўка, якая расказала мне ў 1945 г. пра гэта трагічнае здарэнне, лічыла, што гэта была нейкая прадуманая і арганізаваная дыверсія, што паэта забілі знарок кімсьці падасланыя людзі.

Я разумею, што мае ўспаміны не могуць быць афіцыйным дакументам, але ўсё ж лічу сваім абавязкам паведаміць Вам пра іх.

Хачу выказаць Вам і ўсім арганізатарам і супрацоўнікам музея Янкі Купалы самую шчырую падзяку за Вашу вялікую працу па ўшанаванню памяці выдатнага паэта-грамадзяніна.

З глыбокай павагай

З.Абрамава».

Калі я пісаў «Сняцца сны аб Беларусі (Загадка смерці Янкі Купалы)», я не ведаў, што ў Літаратурным музеі Янкі Купалы ёсць успаміны З.В.Абрамавай. Сказалі мне пра іх толькі пасля надрукавання майго эсэ-даследавання. На жаль, пазнаёміцца з імі мне не ўдалося, бо ўспамінаў З.В.Абрамавай не адшукалі. Праўда, знайшоўся яе адрас. Яго мне і дала дырэктар Літаратурнага музея Янкі Купалы Ж.К.Дапкюнас. Не марудзячы, я напісаў ліст Зінаідзе Васільеўне, у якім прызнаўся, што збіраю ўсё, што звязана са смерцю Янкі Купалы, і прасіў паведаміць, што яна ведае пра гэта. (Пра публікацыю ў «ЛіМе» свайго эсэ-даследавання пра народнага песняра я ўмоўчаў, як і пра тыя версіі пра яго смерць, што там выказаны.) Праз некалькі дзён прыйшоў адказ:

«Глыбокапаважаны Барыс Іванавіч!

Атрымала Ваш ліст і адразу ж адказваю на яго. Пасылаю Вам копію ліста, напісанага мною ў сакавіку 1982 г. пасля наведвання музея Янкі Купалы ў Мінску і знаёмства з Ядзвігай Юльянаўнай1.

На гэты ліст мне ніхто не адказаў, ды я і не думаю, каб трэба было адказваць.

У ім я не стала пісаць падрабязна, але сёе-тое пакаёўка тады, у 1945 г., мне расказала яшчэ. Па-першае, Я.Купала кагосьці, мусіць, чакаў і пасля абеду з сябрамі ў верхнім рэстаране гасцініцы спусціўся ў вестыбюль. У гэты момант да яе (яна дзяжурыла) падышлі маладыя людзі, і адзін з іх спытаў, ці прыйшоў да сябе ў нумар Я.Купала. Яна адказала, што не, не прыйшоў. У гэты час яе паклікалі ў адзін з нумароў, і, праходзячы міма ліфта, яна бачыла, як з яго выйшаў Я.Купала, якога яна добра помніла. Але яна пайшла па сваіх справах і больш нічога не бачыла. Калі яна вярталася на сваё рабочае месца, яе перахапіла жанчына, папрасіла тэрмінова прыняць у яе нумар. Жанчына была страшэнна напалохана і сказала, што толькі што была сведкай жахлівага злачынства. І павінна неадкладна паехаць. У гасцініцы была страшэнная мітусня, і сведкі былі вельмі напалоханы...

Нават мне, што бачыла смерць блізкіх і дарагіх людзей у блакадным Ленінградзе, што развітвалася навечна з сябрамі на фронце, было так горка даведацца пра смерць Янкі Купалы. Для мяне ён быў і застаецца выдатным паэтам, вялікім сынам Беларусі. Я добра ведала яго творчасць яшчэ да вайны, у маладосці. Многія яго вершы ведаю і люблю і цяпер.

Вядома, яго смерць — страшная трагедыя...

З глыбокай павагай, шчырым пажаданнем поспехаў

З.Абрамава.

P. S. Пра сябе: У блакаду была санітаркай у шпіталі, ратавала галодных напаўмёртвых дзяцей і параненых салдат. З 19.IV.42 г.— Ленінградскі фронт, радыстка. Потым — камсорг палка, лейтэнант. У 1945 г. закончыла экстэрнам два апошнія курсы сельскагаспадарчага інстытута. Абараніла кандыдацкую дысертацыю, у сорак тры гады — доктарскую. У 1966 г. у Ленінградскім сельскагаспадарчым інстытуце стварыла і 21 год загадвала кафедрай генетыкі. Цяпер — з 1987 г. — на пенсіі, пішу падручнікі, кірую аспірантамі, г. зн. па сутнасці працую».

А вось яшчэ адзін ліст, які атрымаў я ад настаўніка Гудзевіцкай сярэдняй школы Алеся Белакоза:

«Пра смерць Янкі Купалы мне ў 1970 годзе расказвала Паўліна Мядзёлка ў хаце Ларысы Геніюш:

«У 12 гадзін вечара пачула па радыё: «Сегодня скончался народный поэт Белоруссии Янка Купала... » Далей аб’яўлялася, што доступ да труны нябожчыка будзе дазволены з 11 гадзін раніцы.

З 10 гадзін раніцы я дзяжурыла каля Цэнтральнага Дома літаратара, аднак ні ў адзінаццаць, ні ў дванаццаць нікога да труны не пускалі... Тады я падышла да вартавога і сказала: «Сынок, калі ты мяне не прапусціш, то ўсё роўна я пайду. Янка Купала быў мой сябра. Я не магу не развітацца з ім».

Вартавы адказаў: «Цётачка, я не буду страляць і прапушчу вас, але Вы лепш звярніцеся да начальніка каравулу і скажыце яму тое ж, што мне. Ён дазволіць вас прапусціць». Тады я тое ж сказала начальніку варты, і той правёў мяне ў залу... У зале каля акна стаялі два чалавекі. Падышла да іх. Потым выявілася, што гэта былі беларускія пісьменнікі, якія таксама дамагаліся апошняй сустрэчы з дарагім Купалам і папалі ў залу раней за мяне.

Мы ўсе баяліся гаварыць, што думаем, а таму амаль маўчалі ўвесь час.

У зале на вельмі высокай падмостцы стаяла труна з дарагім Янкам Купалам. Вышыня яе была больш за мой рост, а ў зале не было ні крэсла, ні лавы. Ніхто з нас не мог заглянуць у труну. Таму, пастаяўшы маўкліва хвілін 30, я вырашыла атрымаць па картачцы хлеб, бо да вынасу на крэмацыю заставалася яшчэ некалькі гадзін. Вярнулася я літаральна праз паўгадзіны, аднак каля Дома літаратара нікога не было: труну вывезлі патаемна і датэрмінова... Тут жа паехала ў крэматорый, аднак і там нікога не застала, і ў крэматорый мяне не пусцілі: сказалі, што труп ужо крэміраваны. Тады мы з Раманоўскай, сястрой Янкі Купалы2, ] пайшлі ў гасцініцу, дзе быў забіты дарагі наш паэт. Знайшлі адміністратара-жанчыну, якая дзяжурыла ў той страшны дзень. Вось што яна расказала:

— Я дзяжурыла на калідоры. Янка Купала вяртаўся ад беларускіх пісьменнікаў, якія таксама жылі ў гэтай гасцініцы. Яго на калідоры сустрэла нейкая жанчына,— яна паказала на поручні сходаў. Поручні былі вельмі шырокія. Упасці з іх, не жадаючы гэтага, было немагчыма.— Мяне ў гэты час па тэлефоне выклікалі на першы паверх. Я не дабегла да першага паверха, як пачула крыкі. Вярнулася назад. Ні Янкі Купалы, ні жанчыны не было. Толькі каля поручняў сіратліва ляжаў зашнураваны туфель паэта. Калі паспрабавалі зняць з нябожчыка другі туфель не расшнуроўваючы, то зрабіць гэтага не здолелі.

«Гэта даказвае, што Янка Купала не хацеў падаць, што паміж ім і падасланым адпаведнымі органамі забойцам пачалася барацьба, але сілы былі няроўныя. Купала загінуў. Я ўпэўнена, што гэта справа рук НКВД»,— закончыла сваё сумнае апавяданне Паўліна Мядзёлка».

На ўсе «сто працэнтаў» была пераканана ў тым, што Янку Купалу знішчыла берыеўскае ведамства, жонка паэта Уладзіслава Францаўна. Яна нават называла прозвішча жанчыны, якая дапамагала гэта зрабіць таму ведамству. Не, гэта была, вядома, не Паўліна Мядзёлка... Як паведаміла Н.Б.Ватацы, аднойчы, калі яна паклікала Уладзіславу Францаўну ў нашу Дзяржаўную бібліятэку імя Леніна, хацела пазнаёміць яе з чытачом-афіцэрам, які, як прызнаўся, ведаў многае пра смерць народнага песняра і мог расказаць некаторыя падрабязнасці, пачула, што Уладзіслава Францаўна і без чытача-афіцэра ведае ўсё да драбніц...

Цікавы ліст на маё імя прыйшоў з Растоўскай вобласці (станіца Дубянцоўская) ад Раісы Андрэеўны Багачовай. (Дзе толькі не чытаюць цяпер «Літаратуру і мастацтва»!) Прыводжу яго амаль цалкам, бо і перакладаць не трэба — напісаны па-беларуску:

«Паважаны тав. Сачанка.

Прачытала ў «ЛіМе» Вашы артыкулы пра Янку Купалу. Чакаю з нецярплівасцю наступныя публікацыі аб смерці паэта.

Пра Купалу мне крыху расказваў Уладзімір Дубоўка. Хацела адразу Вам напісаць. Думала, ці дапаможа Вам тое, што я ведаю. У.Дубоўка вярнуўся з высылкі ў 1958 годзе. Мне расказваў у 1967 г., а зараз 1988 г. Але хоць мінула столькі часу, я вельмі добра памятаю, што ён мне гаварыў.

Я родам з Гомельшчыны, там вучылася, жыла, працавала настаўніцай беларускай мовы і літаратуры. У 1973 г. давялося пакінуць родную Беларусь і пераехаць на Дон.

У 1967 г. на зімовых канікулах я паехала ў Маскву. Там мяне пазнаёмілі з Уладзімірам Мікалаевічам. Ён мяне запрасіў у госці. Гэта было 7 студзеня 1967 г. (на «Рождество» — напомніў паэт). Дубоўкі перахварэлі цяжкім грыпам і яшчэ не выходзілі на вуліцу. Хоць яны не зусім здаровыя, але была такая цікавая размова, што мы прагаварылі чатыры гадзіны. Вядома, тэма гаворкі — літаратура, пісьменнікі, паэты. Што расказвалі пра Я.Купалу? Наступнае:

Купала і Дубоўка сябравалі. З цеплынёй успаміналі паэта і яго добрую Луцэвічыху. Потым паказалі фотаздымак, які падарыў паэт паэту ў 20-х гадах. На ім рукою Купалы (здаецца, алоўкам) напісана «Уладку ад Купалы».

Расказвалі, смяяліся. Успаміналі і добрае і горкае, цяжкае. Дубоўка з лагоднай усмешкай успамінаў, як былі яны разам з Купалам у Грузіі, жонкі іх з імі...

Потым Уладзімір Мікалаевіч расказаў пра трагічную смерць Я.Купалы. Сказаў так: мне расказвалі хлопцы, вядома ж, меў на ўвазе — беларускія пісьменнікі: Купала прыехаў у Маскву. Тут было многа беларускіх пісьменнікаў і паэтаў. Аднойчы ён пайшоў запрасіць да сябе ў госці пісьменнікаў, якія жылі ў гэтай жа гасцініцы. Прыйшоў, запрасіў і: «Дык я пайшоў, буду чакаць вас праз колькі хвілін». А яны кажуць: «Дык мы ж гатовы і пойдзем разам». Купала адказаў, што разам не трэба ісці, што ён як гаспадар павінен сустрэць іх на парозе. «Я пайду, а вы следам, я вас сустрэну».

Калі госці выйшлі, ужо здарылася няшчасце.

Дубоўка памаўчаў, потым так хуценька, як бы ўспомніўшы вельмі важную дэталь, дадаў:

— Ён быў не выпіўшы, расказвалі.

Зноў памаўчалі. Асцярожна яшчэ дадаў:

— Казалі, што бачылі тады, як па лесвіцы хутка прабег малады афіцэр.

І ўсё.

Я нічога не распытвала. Заўважыла я, што пасля ўсяго перажытага ў высылцы яны былі асцярожныя, хоць і хацелася ім пагаварыць свабодна, вольна.

Праўда, Марыя Пятроўна дадала:

— Кажуць, Уладзіслава Францаўна вельмі гаравала, што не паехала з ім у Маскву. Была б яна з ім, гэтага б не здарылася.

Дубоўка не сказаў мне, хто яму расказваў, проста «хлопцы», не сказаў, каго Купала запрашаў у госці. Ды гэта ж пры размове са мной і не трэба было, галоўнае — як загінуў паэт...

Думаю пра Купалу. А не магло быць так: Купала пайшоў зваць да сябе гасцей. Зайшоў да Лынькова, доўга не быў. Выйшаў. На гэтым жа паверсе ў другім нумары таксама сябры. Не маглі ж усе беларусы быць у той час у Лынькова, іх жа было многа тады ў гасцініцы. Пазваў, пайшоў у свой нумар, дзе накрылі стол. Не дайшоў. А калі здарылася няшчасце, то можа, і не вельмі ішлі ў сведкі тыя, хто бачыў штосьці ці чуў. Кожнаму не хацелася быць там, дзе быў, напрыклад, Уладзімір Дубоўка».

Адкідваючы недакладнасці і супярэчлівасці (а іх нямала і ва ўспамінах і ў лістах, што цытаваліся раней і цяпер — напрыклад, «у нумары ў Купалы сядзелі госці» (Ф.Т.Канстанцінаў), «пасля абеду ў верхнім рэстаране гасцініцы» (З.В.Абрамава) і г. д.), усё ж тым не менш, мне здаецца, ёсць усе падставы ўсумніцца ў правільнасці афіцыйнай версіі смерці паэта. Выяўляецца ж — былі людзі, якія бачылі, як загінуў Янка Купала. Баяліся яны ісці ў сведкі, бо «...кожнаму не хацелася быць там, дзе быў, напрыклад, Уладзімір Дубоўка», як піша Р.А.Багачова, ці сведкі не патрабаваліся тым, хто расследаваў «справу» смерці нашага народнага песняра?..

Што яшчэ можна да ўсяго сказанага дадаць?

Янка Купала ўжо да рэвалюцыі быў адным з самых аўтарытэтных людзей Расіі, пра што сведчыць хоць бы такі факт: калі падпісваўся заклік «Да рускага народа» (з выпадку крывавага паклёпу на яўрэяў) — калектыўны пратэст у сувязі са справай М.Бейліса, то побач з імёнамі А.Блока, М.Горкага, Л.Андрэева, У.Караленкі, А.Серафімовіча, В.Засуліч і іншымі стаяла і імя Янкі Купалы. (Гл. газету «Речь» ад 30 лістапада 1911 г.) У паслярэвалюцыйны час імя Янкі Купалы набыло яшчэ большую папулярнасць, яно ўвасабляла Беларусь і было шырока вядома не толькі ў Савецкім Саюзе, але і далёка за межамі. Невыпадкова Янку Купалу была прысуджана ў ліку чатырох першых савецкіх пісьменнікаў разам з А.Талстым, М.Шолахавым, А.Твардоўскім перад самаю вайною (15 сакавіка 1941 г.) Сталінская прэмія. Арыштоўваць Купалу, садзіць у турму ці пасылаць у лагер, ды яшчэ ў тыя нялёгкія чэрвеньскія дні 1942 года, калі Беларусь сцякала крывёю пад нагамі акупантаў, расло там усенароднае супраціўленне, разгортваўся падпольны і партызанскі рух... Да таго ж сам Купала ненавідзеў фашыстаў, выступаў у друку і па радыё, пісаў вершы, у якіх заклікаў не скарацца ворагу, змагацца з ім... Але і юбілей спраўляць, даваць узнагароду... Не, прасцей было піхнуць яго ў пралёт лесвіцы. Сталін — і гэта сёння пацверджана, даказана — не дараваў ні аднаму чалавеку, хто яго не любіў. А што Янка Купала не любіў Сталіна, пра гэта гаварыў не толькі А.Астрэйка, але і П.Броўка, выступаючы 30 студзеня 1962 г. на пленуме праўлення Саюза пісьменнікаў БССР. Каб нейкім чынам зняславіць, ачарніць паэта, кінуць на яго цень, і была пушчана плётка, быццам у акупіраваным Мінску беларускія нацыяналісты назвалі вуліцу яго імем, што было няпраўда — ні ў адным прафашысцкім выданні, што траплялі мне на вочы (а іх трапляла нямала),— імя Янкі Купалы не сустракаецца. Нават калі ён памёр (дакладней, загінуў), акупацыйнымі ўладамі было забаронена даваць пра гэта хоць якое паведамленне. Значыцца, шукалася прычына, каб не спраўляць юбілей, не праводзіць вечар...

Па ўсім відаць, адпрацоўваліся розныя варыянты, пакуль не выбраны быў адзін, самы надзейны — знішчыць паэта...

Хто скінуў у пралёт лесвіцы Янку Купалу? Тыя трое, якіх бачыў А.Астрэйка і пра якіх піша ў сваіх успамінах З.В.Абрамава?.. А можа, ублытана была ў гэтую справу і яшчэ адна асоба — жанчына, пра якую гаварылі і гавораць многія?.. Сведка была тая жанчына, што так тэрмінова пакінула гасцініцу, ці саўдзельніца злачынства?..

Па тэлефоне, пры сустрэчах, у запісках раяць паглядзець тую «справу», што была заведзена пасля смерці паэта,— там, маўляў, павінна быць сказана пра яго смерць праўда. Шчыра кажучы, я не веру ў «справы, якія заводзіліся часта самімі ж забойцамі... Да таго ж, як гаварыў у адным са сваіх інтэрв’ю («Книжное обозрение» ад 28 кастрычніка 1988 г.) вядомы філосаф і гісторык Р.А.Мядзведзеў, «у нас у краіне не варта пераацэньваць значэння архіваў, бо многія важнейшыя рашэнні і падзеі не знайшлі там ніякага адлюстравання ці нават свядома скажаліся. Вельмі многія важнейшыя дакументы проста знішчаліся...»

Дадам ад сябе: пераставалі існаваць, знікалі непажаданыя сведкі, а іх паказанні не браліся пад увагу ці паліліся. Даказвалася любым шляхам тое, што было ў той час выгадна, што трэба даказаць... Выпадак з Я.Купалам — ці не такі ж... Версія, што паэт загінуў сам — упаў у пралёт лесвіцы, што ў яго смерці ніхто не вінаваты, задавальняла ў той час усіх... Яна і была прынята за афіцыйную...

Яшчэ ў трыццатым годзе Янка Купала адчуў, што час, у які ён жыве, не для паэтаў. У лісце да А.Чарвякова ён пісаў: «Відаць, такая доля паэтаў. Павесіўся Ясенін, застрэліўся Маякоўскі, ну і мне туды за імі дарога».

Лёс, аднак, распарадзіўся інакш. Янка Купала, па ўсёй верагоднасці, загінуў ад рук забойцаў. Як Пушкін, Лермантаў... Толькі яшчэ больш агідных, подлых...

 

P. S. Калі праца над гэтым матэрыялам была закончана, у друку (газета «Літаратура і мастацтва», снежань, 1988 г.) з’явіўся артыкул Г.Коласа «...І засумуецца патомак» — яшчэ адна публікацыя на тэму жыцця і смерці Янкі Купалы. Што пра яе можна сказаць? Зашмат у ёй непатрэбнай у такіх выпадках палемічнасці і недаверу, а то і непавагі да апанентаў. Так, ва ўспамінах П.Глебкі, Я.Мазалькова і ў іншых ёсць недакладнасці... І наша задача — аддзяліць праўду ад няпраўды, вылушчыць з «плевел» зярняты. Але рабіць гэта трэба на падставе фактаў, а не эмоцый і домыслаў. Па-другое, варта ні на хвіліну не забываць, што размова ідзе пра Янку Купалу — нашу славу і нашага нацыянальнага генія. І тут гонару не робяць аўтару розныя вольнасці, а тым больш іранічныя пасажы, накшталт: «Вось «берыеўскі» варыянт, з наўіна-смешнаватым «уцяканнем» берыеўцаў: быццам — «ратаваліся, каб іх ніхто не затрымаў» (ото ўлупіў бы ім нябожчык Анатоль Астрэйка, каб дагнаў,— як той мужык, які злавіў мядзведзя: «Дык вядзі яго сюды!» — «Ды не ідзе!» — «Дык сам ідзі...»). Навошта гэта, калі ідзе пошук праўды, ісціны... Што ж да А.Астрэйкі, дык, як вядома, ён нябожчыкам тады, у 1942 годзе, не быў... Нябожчыкам ён стаў пазней, а каб не стаў, дажыў да сённяшніх дзён, ён, я ў гэтым упэўнены, унёс бы яснасць у многае, што датычыць апошніх дзён Янкі Купалы і яго смерці, бо па просьбе самога песняра і некаторых старэйшых пісьменнікаў амаль не адлучаўся ад Івана Дамінікавіча. Чаму менавіта А.Астрэйку выпала такая місія? Мусіць, таму, што быў ён маладзейшы, вальнейшы за іншых па рабоце, да таго ж быў здаравяк і вельмі любіў Івана Дамінікавіча. А вось чаму сам Я.Купала і старэйшыя пісьменнікі прасілі А.Астрэйку не адлучацца ад Я.Купалы, суправаджаць песняра ўсюды па Маскве? Пра гэта варта падумаць. Ці таму, што Я.Купала быў хворы і баяліся, каб з ім чаго не здарылася на вуліцы, ці таму, што адчувалі нешта іншае, можа, сёй-той нават здагадваўся пра блізкую бяду... І заўвага Г.Коласа, што Л.Александроўская «і ў берыеўскі» варыянт не вельмі верыла: «Яны б не сталі гэта рабіць у гэткім месцы — у гасцініцы «Масква» адпадзе, калі сказаць, што Я.Купала ў гэтыя апошнія дні свае амаль нідзе не бываў адзін, нават у нумары гасцініцы... Калі бачылі А.Астрэйка і пакаёўка тых, хто сачыў за песняром, то напэўна ж бачыў іх і сам Купала. І таму не дзіўна, чаму так настойліва прасіў ён усіх, хто бываў у яго нумары, не пакідаць аднаго, аставацца разам з ім начаваць... Юбілей набліжаўся, вечар быў аб’яўлены, і адцягваць надалей расправу з паэтам было нельга... Да таго ж акрамя «мінусаў» «гасцінічны» варыянт, як мы цяпер ведаем, меў і свае «плюсы»... І апошняе, па ўсёй верагоднасці, было ўлічана забойцамі...

У той дзень, калі здарылася з Я.Купалам бяда, А.Астрэйку выклікалі па справе засылкі яго ў тыл ворага. І затрымалі — выпадкова ці не? — позна. І не ад А.Астрэйкі ўцякалі «берыеўцы». Хто-хто, а яны добра ведалі, што бывае з тымі, хто не выканаў задання «чыста», «гарэў на мокрым»... Не шкадавалі ж нікога: не можаш — не бярыся, папаўся — адказвай...

Не хочацца ўступаць у спрэчку з Г.Коласам і па некаторых іншых момантах. Мяркую: прыведзены вышэй ліст М.Ц.Лынькова да Л.М.Федчанка даказвае, што за тыя «тры-чатыры» хвіліны, што мінулі, калі выйшаў Я.Купала з нумара М.Лынькова і пазванілі, «што Янкі Купалы няма больш жывога», не мог паэт пабываць у Ц.С.Гарбунова і «бабэхнуць» па стале кулаком... Калі нешта падобнае і было, дык не ў гэтыя «тры-чатыры» хвіліны... Праўда, П.Глебка ў «барысаўскім» выступленні гаварыў пра «дзесяць-пятнаццаць» хвілін... Але ж Г.Колас П.Глебку не верыць, усюды бачыць яго няшчырасць і нейкія «падтэксты». Чаму ж ён у гэтым немалаважным выпадку паверыў П.Глебку, а не М.Лынькову? Каб «звесці» ў адно «тэлефонны званок» і размову — «нязгоду» Я.Купалы з Ц.С.Гарбуновым? Але ж, як ужо высветлена, М.Лынькову, калі ён папрасіў сваіх гасцей выйсці на балкон, не Ц.С.Гарбуноў званіў, а званіла партызанка Ірэна. «Няўжо Міхась Ціханавіч Лынькоў нікому не сказаў, куды паклікалі Купалу? Хто паклікаў?..» — пытае Г.Колас. Выявілася: сказаў — сказаў жонцы, Софіі Захараўне...

Выклікаюць пярэчанні і некаторыя іншыя мясціны ў гэтай публікацыі. «Хіба Купалаў нумар быў абсталяваны абрусам-самабранкай? альбо Глебка зноў расшчыраваўся на «звесткі трошкі іншага парадку»?» Гэта з выпадку таго, што, як сцвярджаў у «барысаўскім» выступленні П.Глебка, пры ўскрыцці нумара пасля смерці Я.Купалы ў яго быў сервіраваны «стол на чатырох асоб». Але няўжо Я.Купала за «дзве-тры гадзіны», калі развітаўся з Я.Мазальковым і накіраваўся да М.Лынькова, не мог выйсці і «арганізаваць» гэты стол, а то і заказаць яго яшчэ раней? У гэтым выпадку ў Г.Коласа не хапіла «фантазіі», а вось каб лавіць П.Глебку на «няпраўдзе», гэтай фантазіі хоць адбаўляй. Напісаў П.Глебка, быццам у нумары з М.Лыньковым жыў К.Крапіва. Ну, мог і памыліцца Пётр Фёдаравіч, не ведаць, прыехаўшы з Калінінскага фронту, хто з кім жыве. Ці К.Крапіва мог раней жыць разам з М.Лыньковым, а потым, калі выдзелілі яму асобны пакой, выбрацца, перасяліцца... Дык што, на падставе гэтага абвінавачваць П.Глебку ва ўсіх смяротных грахах, не верыць нават у яго шчырыя пачуцці, якія выказаў той у сваім лісце да народнага песняра? А намёкі, намёкі якія, скажам, хоць бы наконт таго ж «сервіраванага стала на чатырох асоб»? «А мо Купала «выправадзіў» Мазалькова — па сваёй шляхочай далікатнасці, каб не адмовіць Глебку — госцю з франтавой газеты — пафранціць адрошчанымі вусамі перад якой прывабна-простай «тылавой» кампаніяй («пагаварыць, павалачыцца»)? І Купала на той вечар стаў міжволі беспрытульны (не хацеў вяртацца ў якасці «чацвёртага» ў свой нумар)? Нездарма ж у Глебкі блытаюцца раніца і вечар, нумары, паверхі і міфічныя кангрэсы з дэтэктыўнымі замахамі на «кангрэсменаў»?» і г. д. І ўсё — насуперак фактам, логіцы тых нялёгкіх ваенных гадоў...

У артыкуле ёсць спасылка на сведку — архітэктара Г.У.Заборскага, які ў той чэрвеньскі вечар 1942 года быў у гасцініцы «Масква» і на свае вочы бачыў, як Я.Купала, стоячы на лесвіцы «спіной да парапета, абапёршыся на нізкаватыя парэнчы ў разняволеным «напаўпрысеўшы»,— размаўляючы аб нечым з нейкай сімпатычнай парай маладых: «яна і я», «весела, па-маладому, лёгка засмяецца, узмахне абедзвюма рукамі, і... дзяўчына рынецца лавіць, хапаючы за ногі, за калашыну, за туфлі...». І ўжо нібыта не Купала падаў у пралёт, а падала яго цела (Купала ад смеху і памёр!)... Але чаму цела апынулася не на прыступках лесвіцы, як гэта звычайна бывае, калі здараецца з чалавекам няшчасце — чалавек падае, дзе стаіць, да сваіх ног— а пераляцела цераз «парэнчы»? Хто падняў яго, перакінуў? І ці сапраўды ратавала «яна» Я.Купалу? А мо падштурхоўвала, скідвала ў пралёт? Ды і дзе потым падзяваліся гэтыя загадкавыя «яна і я»? Мяркуючы ж па ўспамінах жонкі М.Ц.Лынькова Софіі Захараўны ды і паводле слоў Ф.Т.Канстанцінава, расследаванне абставін смерці Я.Купалы праводзілася — помніце, «афіцыйнае» і «неафіцыйнае». І не дапытаць «сімпатычную пару маладых», ды і астатніх сведак... Значыцца, ці сведкі былі ў гэтай справе лішнія, непажаданыя, ці...

І яшчэ адно — дзе, на якім паверсе ўсё гэта адбылося? На «лынькоўскім», як сцвярджае Г.Колас, гэта значыцца, на дзесятым? Але, наколькі мне вядома, на дзесятым паверсе ў гасцініцы «Масква» няма ніякай іншай лесвіцы, апрача пажарнай. Трапіць з дзесятага паверха ўніз і знізу на дзесяты паверх можна толькі ліфтам ці па пажарнай лесвіцы. Вось чаму так важна было высветліць, на якім паверсе жыў Лынькоў — на дзевятым ці дзесятым. У лісце да Л.М.Федчанка Міхась Ціханавіч паведамляе, што жыў ён у 1036-м нумары на дзесятым паверсе.

«Так і застанецца на пляцоўцы гэтага (дзесятага) паверха толькі адзін туфель»,— піша Г.Колас.

Справа ў тым, што белы туфель з нагі Янкі Купалы быў знойдзены не на «дзесятым (дзевятым)» паверсе, як пісаў я раней, за што прашу прабачэння ў чытачоў, а на некалькі паверхаў ніжэй...

Але, мабыць, хопіць пра публікацыю Г.Коласа. Тым больш што яна не абвергла, а ў некаторых момантах нават пацвердзіла тыя «здагадкі» пра смерць Янкі Купалы, што выказалі людзі, якім няма падстаў не верыць, а найперш, вядома, М.Лынькоў, П.Глебка, А.Астрэйка, Р.Шырма, Уладзіслава Францаўна, «хлопцы», невядомая, на жаль, безымянная пакаёўка і тая жанчына (сведка ці саўдзельніца злачынства?), якая, баючыся расправы, тэрмінова з’ехала з гасцініцы...

1988 г.

 

1 Другі экземпляр, на пажоўклай ад часу паперы.

2 З некім іншым, бо сястры Я.Купалы Раманоўскай тады ў Маскве не было (Б. С.).

Гараць ці не гараць рукапісы?..

Такі ўжо, мабыць, лёс беларускай літаратуры — мала што многім яе творцам не дадзена было напісаць таго, на што яны былі здатны, што маглі і хацелі, але шмат і з напісанага потым бясследна знікала, гінула. І пачалося гэта даўно, яшчэ з Сімяона Полацкага — ён, як вядома, у 1664 годзе пакінуў радзіму, пераехаў на сталае жыццё ў Маскву, дзе стаў настаўнікам царскіх дзяцей, заснавальнікам, як цяпер называюць, старой рускай паэзіі і драматургіі, хоць першыя свае творы напісаў па-беларуску. А там і пайшло — сусветна слынны паэт, класік польскай літаратуры Адам Міцкевіч, нарадзіўшыся на Навагрудчыне, быў як рэдка хто захоплены сваім краем, палонены гісторыяй, фальклорам народа, сярод якога рос, беларускай мовай, «самай гарманічнай», як ён сцвярджаў, «і з усіх славянскіх моў найменш змененай», пісаў на ёй вершы. Але дзе, дзе тыя вершы?..

Трагічны лёс напаткаў творы і яшчэ аднаго пачынальніка літаратуры на беларускай мове — Паўлюка Багрыма: пасля крошынскага сялянскага бунту (1828) у яго, тады зусім маладога панскага парабка, канфіскавалі некалькі сшыткаў вершаў (яны пакуль так і не знойдзены), а самога яго аддалі ў салдатчыну. Ад паэта, па лёсе, а можа быць, і па таленце, блізкага да Т.Р.Шаўчэнкі, астаўся адзін верш «Зайграй, зайграй, хлопча малы...», які быў надрукаваны спярша ў Лондане ў кнізе І.Яцкоўскага «Аповесць майго часу, ці Літоўскія прыгоды» (1854), а потым у Познані (1858).

Не дайшлі да сённяшняга чытача ў поўным іх аб’ёме і беларускамоўныя творы Я.Чачота, Я.Баршчэўскага, Ф.Савіча, А.Рыпінскага, А.Вярыгі-Дарэўскага, В.Каратынскага, У.Сыракомлі ды і іншых. Настойлівыя пошукі нашых даследчыкаў беларускай спадчыны гэтых пісьменнікаў пакуль што багатых вынікаў не далі... Кароткім, але якім яркім, іскрамётным было жыццё Кастуся Каліноўскага! У гісторыю свайго народа ён увайшоў не толькі як непахісны, мужны рэвалюцыянер, а і як філосаф, палымяны публіцыст, паэт. Нягледзячы на тое, што пражыў ён трохі больш дваццаці пяці гадоў, творчая спадчына яго аказалася немалая. І, на наша шчасце, амаль уся захавалася. Сем нумароў «Мужыцкай праўды» — таму, што іх добрасумленна падшывалі царскія чыноўнікі да судовых спраў удзельнікаў паўстання 1863 г., а «Лісты з-пад шыбеніцы», якія, быццам апошнія ўздыхі іх аўтара вылецелі з-за турэмных крат,— дзякуючы паплечнікам і сябрам рэвалюцыянера: рызыкуючы жыццём, яны толькі ім самім вядомымі шляхамі пераправілі гэтыя лісты спярша ў Кёнігсберг, а потым і ў Парыж, дзе тыя ў 1867 г. і былі надрукаваны...

Да сённяшняга дня вядуцца пошукі друкаваных і рукапісных твораў Францішка Багушэвіча. Рэвалюцыянер па духу, удзельнік паўстання 1863 года, ён усё сваё жыццё змушаны быў не прызнавацца, хто ён на самай справе,— працуючы ў судах, абараняючы сялян, ён пісаў на сваёй роднай мове вершы і друкаваў іх пад рознымі псеўданімамі — Мацей Бурачок, Рэўка з-пад Барысава... І не ў Беларусі, дзе было забаронена выдаваць кнігі на роднай мове, а за яе межамі — у Кракаве, Познані... Трэцяя яго кніга паэзіі «Скрыпачка беларуская» так і не пабачыла свету. Акрамя вершаў пісаў Ф.Багушэвіч і апавяданні. Стараннямі нашых рупліўцаў чатыры з іх знойдзены, прычым адно — «Тралялёначка» — можна сказаць, зусім нядаўна, ужо на нашай памяці. Знойдзены і лісты Ф.Багушэвіча, яго публіцыстыка... А ўсё астатняе, што ён пісаў? Няўжо і праўда яно беззваротна загінула?

Не верыцца, што сабрана і выдадзена ўся спадчына В.Дуніна-Марцінкевіча, Я.Лучыны, Ф.Тапчэўскага, А.Гурыновіча, А.Абуховіча, А.Ельскага ды і К.Каганца, Цёткі, С.Палуяна, Ядвігіна Ш. У свой час, калі рыхтаваўся двухтомны акадэмічны Збор твораў Максіма Багдановіча (М.Багдановіч. Творы. Мн., 1927—1928), лічылася, што спадчына яго сабрана. Аднак жыццё пацвердзіла адваротнае: спадчына паэта не сабрана. Выяўлены новыя, раней невядомыя творы, друкаваныя і недрукаваныя,— публікацыі, рукапісы, фотаматэрыялы. Да таго ж, як гэта даказаў Рыгор Жалязняк, працуючы над дысертацыяй, рукапісная спадчына, якую перадаў Акадэміі навук БССР бацька паэта А.Ю.Багдановіч, не заўсёды па-належнаму была прачытана. Справа ў тым, што, як паведамлялі тыя, хто працаваў над гэтай рукапіснай спадчынай, «почырк М.Б-ча, вельмі прыгожы і выразны ў чыставікох, у чарнавых накідах пераходзіць у надзвычайна дробны і нечытэльны», і таму «часам нават праз лупу немагчыма было разабраць напісанае» (М.Багдановіч. Творы. Мн., т. 2. Стар. 386—387). Сёе-тое ў творчасці класіка беларускай літаратуры ўдалося ўзнавіць, дапоўніць. Праца над яго спадчынай была б куды больш плённай, калі б захаваліся тыя матэрыялы, якія ў свой час перадаў АН БССР бацька паэта — аж чатырнаццаць папак! Мяркуючы па «апісу» (ён прыкладзены да другога тома твораў паэта), там было што і расчытваць, і ўдакладняць, і вывучаць. На жаль, усе тыя матэрыялы загінулі ў вайну. Так лічылася і лічыцца. Але... Ці не захапіў хоць частку іх хто-небудзь, не схаваў, а то, можа, і вывез за мяжу?..

Доўгі час па-за ўвагай даследчыкаў аставалася творчасць і яшчэ аднаго класіка нашай літаратуры Алеся Гаруна. З дзвюх некалі падрыхтаваных Інбелкультам кніг яго твораў выйшла з друку толькі адна. На шчасце, друтая таксама ацалела, праўда, без канца. Ці ўдасца сабраць зноў усе творы пісьменніка пад адну вокладку? Асабліва тое, што нідзе не друкавалася, не змяшчалася на старонках перыядычных выданняў, засталося ў рукапісах? Жыццё не песціла паэта-рэвалюцыянера — арышт, высылка ў Сібір на катаргу, потым разбураны вайною Мінск, адступленне ў Кракаў і смерць. Абнядужаў Алесь Гарун у Ваўкавыску, і там яго, амаль непрытомнага, укінулі ў вагон цягніка, што ішоў у Польшчу. Ці былі пры пісьменніку рукапісы яго твораў? А калі былі, то дзе яны?..

Адна з самых даследаваных і вывучаных спадчына Янкі Купалы. Выдавецтва «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя» нават выдала энцыклапедычны даведнік «Янка Купала» — першы ў гісторыі нашага народа, дзе жыццё і творчасць народнага песняра, нягледзячы на некаторыя недахопы, разгледжана грунтоўна і, што называецца, з розных бакоў. Але спадчына Я.Купалы яшчэ не сабрана ды і не выдадзена як след. Па-за апошнім акадэмічным Зборам твораў у сямі тамах (Мн., 1972—1976) асталося, па далёка не поўных падліках, каля ста твораў паэта, прычым многія з іх значныя — трагікамедыя «Тутэйшыя», паэмы «На Куццю», «На Дзяды», «Чараўнік», цыкл тэкстаў песень «На вайсковыя матывы», а таксама многія вершы, артыкулы, лісты. Жыццё паказвае, што не ўсе творы паэта пакуль што выяўлены. Ляжаў у архівах яго перадсмяротны ліст да А.Чарвякова, ляжыць, як мне вядома, і яшчэ сёе-тое. Няма сумнення, што ў час вайны, калі ў дом паэта трапіла бомба, там згарэлі разам з рукапісамі і многія творы, якія так і не пабачылі свету. Няўжо нічога з тых ненадрукаваных твораў нідзе не захавалася? На руках, у архівах? Ды і рукапісы ж песняра разляцеліся — у выдадзеным за мяжою бібліяграфічным даведніку «Янка Купала й Якуб Колас на Захадзе» (Нью-Йорк, 1985) пазначана аж восем. Сярод іх рукапісы такіх твораў, як «Безназоўнае» (7 вершаў), паэмы «Курган» і інш. Так што і тут ёсць яшчэ што адкрываць...

Даволі грунтоўна даследавана і творчасць яшчэ аднаго нашага найвыдатнейшага песняра Якуба Коласа. Творы яго таксама выдадзены паўней, як іншых беларускіх пісьменнікаў,— апошні Збор у чатырнаццаці тамах (Мн., 1972—1978). Але зноў жа нельга сказаць, што ў гэтым Зборы змешчана ўсё вартае ўвагі. У яго не ўвайшлі некаторыя надрукаваныя ў свой час вершы, апавяданні, артыкулы, асталіся па-за ім і многія рукапісныя творы — вершы, лісты. Дасюль нявыяўленым застаецца і другі варыянт паэмы «Сымон-музыка», над якім Я.Колас працаваў некалькі гадоў. Калі ж праца над паэмай была закончана, паэму ўкралі разам з чамаданам у 1924 годзе па дарозе з Кіславодска ў Мінск. Хто ўкраў? Выпадковы злодзей? А мо... Пра паэму, пра тое, што «паэт пакідае толькі канву», «а ўсё іншае мяняе», пісалася ў часопісе «Полымя» (1923, № 7—8). Ці не прывабіла гэтае паведамленне каго-небудзь з надта пільных людзей, бо ўвага да Я.Коласа і таго, што ён робіць, у той час была асаблівая — ён быў пляменнікам Язэпа Лёсіка, які якраз тады неаднаразова выклікаўся следчымі на допыты па самых розных справах. Адна з іх — выхад у свет першага нумара літаратурна-навуковага весніка Інбелкульта «Адраджэнне» (1922), дзе нямала старонак прысвечана творчасці песняра. Ды і сам Якуб Колас быў пад пэўным наглядам — рыхтаваўся ж судовы працэс над слуцкім настаўнікам Ю.Лістападам, на які потым выклікаўся ў якасці сведкі і сам пясняр... Дарэчы, прамільгнула было паведамленне, быццам злодзей злоўлены, але паэмы аўтару так ніхто і не вярнуў... Давялося пісаць трэці варыянт, які і прыняты за кананічны.

Максім Гарэцкі. Цяпер ён прызнаны аўтарытэт нашай літаратуры, яе паўнамоцны класік. А яшчэ ж зусім нядаўна яго імя і не ўспаміналася ў падручніках і хрэстаматыях, а калі і ўспаміналася, дык ледзь не з лаянкай. І добрае імя вярнулі яму яго творы, што да пары да часу ляжалі ў рукапісах, былі невядомы ні даследчыкам, ні чытачам. Раман «Віленскія камунары» знайшоў у рукапісным аддзеле Цэнтральнай навуковай бібліятэкі АН Літоўскай ССР (г. Вільнюс), перадрукаваў і прывёз у рэдакцыю часопіса «Полымя» нястомны Янка Шутовіч — былы рэдактар-выдавец заходнебеларускага квартальніка «Калоссе». Услед за раманам «Віленскія камунары» былі надрукаваны іншыя творы пісьменніка — апавяданні, аповесці, раман «Камароўская хроніка», што гадамі ляжалі ў рукапісах. У 1984—1986 гг. у выдавецтве «Мастацкая літаратура» выйшаў Збор твораў пісьменніка ў чатырох тамах. Цяпер рыхтуецца дадатковы, пяты том. Але і ён не ўбярэ ўсяго таго, што напісаў, пакінуў нашчадкам гэты таленавіты працаўнік — празаік, драматург, крытык, публіцыст, вучоны, даследчык-літаратуразнавец. Акрамя аповесці «Дзве душы», «Гісторыі беларускай літаратуры», многіх і многіх артыкулаў, што змяшчаліся і ў дарэвалюцыйных і паслярэвалюцыйных выданнях, асталася немалая рукапісная спадчына — аповесць пра жыццё ў высылцы, запіскі, лісты... Трапляліся мне на вочы, калі працаваў у рэдакцыі часопіса «Полымя», і напісаныя яго рукой апавяданні, на некаторых з якіх стаялі рэзалюцыі: «Не друкаваць. Накіраваць у НКВД». І размашысты подпіс літаратара, які ў той час працаваў на адказнай пасадзе ў Галоўліце. Дзе тыя апавяданні, у якім з архіваў іх шукаць?..

Наогул, архіўная гаспадарка ў Беларусі, ды, мабыць, і не толькі ў Беларусі, патрабуе асобнай размовы. Дзе што шукаць, у якім з архіваў знаходзіцца тая ці іншая справа? У свой час быў створаны Цэнтральны дзяржаўны архіў літаратуры і мастацтва (потым ён стаў архівам-музеем) БССР. Але... Калі б яму пры ўтварэнні ці хоць бы пасля былі перададзены ўсе матэрыялы і дакументы, што датычаць літаратуры і мастацтва. А так... Скажам, у 1930 г. была арыштавана разам з вучонымі і вялікая група пісьменнікаў — той жа М.Гарэцкі, У.Дубоўка, Я.Пушча, А.Бабарэка, У.Жылка... Вядома, пры арыштах праводзіліся вобыскі на кватэрах (іншы раз і без арыштаў, як гэта было, напрыклад, у Я.Коласа), забіраліся як «кампрамат» рукапісы закончаных і незакончаных твораў, а таксама пісьмы, дзённікі і г. д. Дзе ўсё гэта сёння шукаць? Ды і іншыя творы літаратуры, што забіраліся потым пры ўсіх арыштах?.. Знішчаны яны, ці ўсё ж дзесьці захаваліся? Якая сакрэтнасць у гэтых творах ці рукапісах? Хіба што яны даказваюць — іх аўтары ні ў чым не вінаватыя, былі пазбаўлены волі, а то і жыцця нізашто... Пытанні гэтыя не дасужыя, а вельмі важныя для нашай літаратуры, улічваючы, што больш за сто (128) беларускіх пісьменнікаў былі рэпрэсіраваны. І ў кожнага ж з іх пры арышце нешта забіралася. Андрэй Мрый, напрыклад, у лісце «Другу працоўных Іосіфу Вісарыёнавічу Сталіну» прызнаваўся: «Але, каюся, мяне ніколі не пакідала думка пра літаратуру. Увесь час працягваўся літаратурны сверб. За час з 1934 года я напісаў шмат навел, аповесцяў і раман з лагернага жыцця «Жывы дом» («Полымя», № 1, 1988). Дзе сёння гэтыя творы, ды і ненадрукаваныя «скруткі» «Запісак Самсона Самасуя»? Нарэшце вернуты літаратуры «Дзённік» Кузьмы Чорнага, «Лісты да жонкі» Сымона Баранавых, «Аповесць для сябе» Барыса Мікуліча, апавяданні Лукаша Калюгі. Выяўлены ў архівах, дарэчы, прыхопленыя з выдавецтва вядомым прайдзісветам ад літаратуры Л.Бэндэ карэктура зборніка вершаў З.Астапенкі «Як шум дажджу», што так і не выйшаў, і падпісаны да друку рукапіс зборніка вершаў «Смарагды кроз» Сяргея Астрэйкі — яны таксама неўзабаве пабачаць свет... А ўсё астатняе? Дзе раман «Крывічы» Міхася Зарэцкага, які пачаў друкаваць часопіс «Полымя», але так увесь і не надрукаваў? Мяркуючы па адным з артыкулаў А.Канакоціна, што змешчаны ў яго кнізе «Літаратура — зброя класавай барацьбы» (Мн., 1933), гэты раман ён, тады загадчык аддзела ЦК КП(б)Б, чытаў. Значыцца, раман быў закончаны... Да слова, трэба прызнаць, што М.Зарэцкаму не надта шанцуе з публікацыямі твораў — дасюль неперавыдадзены яго шумна вядомая аповесць «Голы звер» (1926), нарысы «Цені крывавай мінуўшчыны» (1927), «Падарожжа на новую зямлю» (1929) ды і многае іншае.

Чакае свайго ўдумлівага даследчыка і публікатара і вялікая разнастайная спадчына Уладзіміра Дубоўкі. Колькі артыкулаў на самыя розныя тэмы надрукаваў ён у адным толькі часопісе «Узвышша»! А колькі сваіх твораў потым ён, вярнуўшыся з «мест не столь отдаленных», прапаноўваў рэдакцыям, а іх так і не надрукавалі!.. Паэмы, вершы, п’есы... Змешчаны некаторыя яго творы і за мяжою. Проста дзіву даешся, маем столькі даследчыкаў роднай літаратуры, столькі крытыкаў, а творчасць такога выдатнага прадстаўніка нашай літаратуры так і не даследавана па-належнаму. Ды і не выдадзена...

Не выдадзены, як таго заслугоўваюць, і творы Язэпа Пушчы. Няма кнігі артыкулаў ды і апавяданняў Адама Бабарэкі. Добра, што рыхтуецца другое, найбольш поўнае, выданне твораў Лукаша Калюгі. Але не трэба забываць, што Л.Калюга паспеў надрукаваць у часопісе «Полымя» (№ 6—7, 1931) толькі першую частку «Нядолі Заблоцкіх», астатнія часткі асталіся ў рукапісу. Дзе яны? У выданні «Нядолі Заблоцкіх», што выйшла за мяжою, пераказаны змест ненадрукаваных частак. Можа, не губляць надзеі, пашукаць іх? Ды і як сведчаць тыя, з кім Л.Калюга ліставаўся, адбываючы высылку ў Ірбіце, там ён напісаў раман «Пустадомкі». Зноў жа — ці не пашукаць і яго? Надзеі знайсці, вядома, мала, і ўсё ж... Як кажуць, а раптам — чым чорт не жартуе...

Хацелася б ведаць і дзе знаходзіцца архіў самога згуртавання «Узвышша», а таксама часопіса пад той жа назвай. Аб’яўленыя ў свой час «контррэвалюцыйнымі», «нацдэмаўскімі», «кулацкімі», і сама арганізацыя і часопіс былі разгромлены. Але ж некаторыя матэрыялы былі забраны як доказы, «кампрамат» і фігуравалі ў справах арыштаваных. Дзе, у якім архіве яны знаходзяцца цяпер?..

Не выдадзены пакуль што поўна, з адпаведнымі каментарыямі і тлумачэннямі творы Уладзіміра Хадыкі. Частка яго вершаў так і засталася ў газетах і часопісах таго часу, калі жыў і друкаваўся паэт, частка змешчана ў кнігах пасля ўжо яго рэабілітацыі, але не цалкам, а са скарачэннямі. Калісьці выдаць усю спадчыну У.Хадыкі браўся Варлен Бечык. Хто, хто возьмецца цяпер? А Міхась Чарот? Няўжо той двухтомнік, што выйшаў трыццаць год таму назад, гэта і ўсё, што засталося вартае са спадчыны песняра рэвалюцыі і першых год Савецкай улады на Беларусі? Быў раман пад назваю «Ён» і ў Платона Галавача. Былі творы, якіх мы дасюль не чыталі, і ў Барыса Мікуліча, і ў Васіля Каваля, і ў Сымона Баранавых, і ў Тодара Кляшторнага, і ў Васіля Шашалевіча, і ў Сяргея Дарожнага, і ў Уладзіслава Галубка, і ў Юлія Таўбіна... Ды і ва ўсіх астатніх, вядомых і, на жаль, зусім невядомых, маладых пісьменнікаў, каго арыштоўвалі і хто так і не вярнуўся са сталінскіх турмаў і лагераў — загінулі хто раней, хто пазней. А які лёс напаткаў іхнія напісаныя, але так нідзе і не надрукаваныя творы?.. Таксама беззваротна загінулі ці дзе-небудзь ляжаць у архівах?.. А можа, сёе-тое і прысвоена нячыстымі на руку людзьмі, тымі, хто дапамагаў выкрываць і арыштоўваць «ворагаў народа», выдадзена за іншымі — сваімі — прозвішчамі?..

Вялікі гістарычны раман напісаў Рыгор Мурашка. У бытнасць маёй працы ў рэдакцыі часопіса «Полымя» мне пашанцавала чытаць гэты раман, рыхтаваць да друку. Але выявілася — урыўкі з рамана змяшчаліся ў час вайны ў прафашысцкай «Беларускай газэце». І раман імгненна знік з рэдакцыі ў невядомым кірунку. Дзе ён цяпер? Тады ж, у тыя гады, у рэдакцыі часопіса чыталіся надта цікавыя запіскі Антона Луцкевіча, пісаныя ім у зняволенні, якія праліваюць святло на арганізацыю і дзейнасць БНР і многія іншыя факты і з’явы беларускага нацыянальна-вызваленчага руху, матэрыялы пра газету «Наша ніва» (іх сабрала жонка былога рэдактара-выдаўца газеты Уласава), сёе-тое яшчэ, што ўяўляе несумненную цікавасць для тых, хто вывучае гісторыю, культуру і літаратуру Беларусі. Па многіх, часам незалежных ад рэдакцыі прычынах усё гэта не было надрукавана на старонках часопіса. Дзе яно цяпер?..

На старонках той самай успомненай ужо «Беларускай газэты» друкавалася аповесць «Лабірынты» В.Ластоўскага. Дакладней, перадрукоўвалася, бо ўпершыню яна пабачыла свет у часопісе «Крывіч». Напісаная ў жанры гістарычнай фантастыкі аповесць прадоўжыла ў беларускай літаратуры той жанр, у якім пачынаў сваю творчасць Я.Баршчэўскі і які папулярны быў у рускай ды і нямецкай, польскай літаратурах. Чаму б не выдаць гэтую аповесць і іншыя мастацкія творы — апавяданні, вершы — В.Ластоўскага? Ды і ўспаміны яго пра М.Багдановіча,— самае, бадай, лепшае, што напісана пра нашага класіка. Варта выдаць і апавяданні Язэпа Лёсіка. Нават калі гэтыя людзі ў нечым і вінаваты перад Савецкай уладай, яна ім даравала гэта, дазволіўшы жыць і працаваць у Савецкай Беларусі. Што ж да іх літаратурна-мастацкіх твораў, то там ніякай «контррэвалюцыйнай гідры» няма. Наадварот, творы гэтыя акрамя карысці нічога іншага не прынясуць тым, хто іх прачытае.

Шмат недаследаванага, нявывучанага ды і нявыдадзенага і ў літаратуры Заходняй Беларусі. Быў жа час, калі ўся ўвага нашых даследчыкаў скіравана была толькі на рэвалюцыйнае, перадавое яе крыло. Астатняе ж ганьбавалася ці абміналася. А творчасць, дзейнасць тых, хто ў час вайны апынуўся ў стане ворага, потым падаўся ў эміграцыю? Няўжо гэта нецікава, нікога нічаму не можа навучыць?.. Замоўчванне — не лепшы выхад са становішча...

Вялікую шкоду нашай літаратуры прынесла рэдагаванне і самарэдагаванне, так званая ўнутраная і яўная цэнзура. Вярнуўшыся пасля доўгага перапынку зноў да творчай працы, У.Дубоўка, Я.Пушча ды і некаторыя іншыя часам так правілі свае творы, што яны страцілі сваю былую вастрыню, жыццёвасць і прывабнасць. Як цяпер друкаваць гэтыя творы — паводле апошніх рэдакцый ці ўсё ж першых? А можа, у асобных выпадках змяшчаць побач і адну і другую? З практыкі працы ў часопісе «Полымя» ведаю, як аўтары раманаў, аповесцяў, апавяданняў неахвотна ішлі на пэўныя праўкі. Але змушаны былі рабіць гэта, бо інакш... Наўрад ці былі б надрукаваны іх творы. Многіх аўтараў тых папраўленых, іншы раз без іхняй на тое згоды, твораў няма ўжо жывых. І пры выданні, перавыданні іх твораў, вядома ж, варта вяртацца зноў і зноў да рукапісаў. Тады чытач будзе сапраўды чытаць тое, што напісаў аўтар, а не тое, што пакінулі рэдактары. Асабліва зарэдагаваны творы аўтараў, якія пісалі востра, бескампрамісна,— А.Кулакоўскага, П.Пестрака, А.Макаёнка, У.Караткевіча... Зноў жа — у іх, ды і ў некаторых іншых, пасля смерці засталіся не надрукаваныя пакуль што творы. Навошта іх трымаць, хаваць ад народа? «Рукапісы не гараць» — добрае суцяшэнне, але на практыцы бывае ўсяк. Колькі іх ужо згарэла, загінула! І да вайны, і ў вайну, ды і пасля вайны...

Знявервацца, апускаць рукі не варта — трэба шукаць яшчэ ненадрукаваных рукапісаў, шукаць твораў, што згублены, забыты, знявечаны праўкамі рэдактараў і цэнзуры — царскай і нашай, савецкай, якая ў гады культу асобы, ды і ў гады валюнтарызму, застою хавалася за шыльдай Галоўліта. Чэсць і хвала кожнаму, хто прычыніцца да гэтай, так патрэбнай сёння высакароднай працы. Нашы папярэднікі заслугоўваюць таго, каб пра іх помнілі, каб ім памаглі дарабіць тое, чаго яны не маглі ці не паспелі зрабіць самі. Вынікі такой працы ўзбагачаюць нашу літаратуру, духоўную культуру, вяртаюць народу яго скарбы. Самы свежы прыклад такога вяртання — знойдзеныя і апублікаваныя на старонках часопіса «Беларуская мова і літаратура ў школе» (1988, № 6) вершы пісьменніка-нашаніўца М.Арла (С.Пяцельскага). Удача, якая напаткала І.Саламевіча, неаднойчы радавала і іншых рупліўцаў на гэтай ніве — С.Александровіча, Г.Кісялёва, А.Мальдзіса, У.Калесніка, У.Казберука, Г.Каханоўскага, У.Содаля, В.Рагойшу...

Хочацца спадзявацца і верыць, што гэтай радасці пабольшае, калі будуць нарэшце адкрыты ўсе архівы, асабліва тыя, якія хаваюць матэрыялы працэсаў гвалту і здзеку з усіх сумленных людзей — 30—40-х ды і пазнейшых гадоў... Вялікая надзея і на «прыватнікаў», якія ўсё яшчэ трымаюць у сваіх руках, не аддаюць у дзяржаўныя сховішчы, у друк многае, што мае несумненную каштоўнасць. У гэтым пераканала мяне праца над укладаннем пасмяротнага выдання паэзіі Л.Геніюш, калі нечакана былі выяўлены невядомыя вершы, паэмы і нават цэлая вялікая кніга аўтабіяграфічнай прозы...

1988 г.

 

2

 

 

Ведаць мінулае, заглядваць у будучыню...

Гутарка з карэспандэнтам штотыднёвіка «Літаратура і мастацтва»
Алесем Марціновічам

 

— У нашай краіне адбываецца сапраўды рэвалюцыйны працэс перабудовы і дэмакратызацыі грамадства. Што Вас, Барыс Іванавіч, найбольш хвалюе ў гэтым працэсе?

— Каб ён не закончыўся тым, чым ужо канчаліся падобныя працэсы. Занадта многа пакуль слоў і мала рэальных спраў. Розніца ж між тым, што маем, і тым, што трэба, чаго хочам, астаецца амаль непераадольнай. Галоснасць дала магчымасць не толькі загаварыць пра тое, пра што гадамі маўчалі, але выявіла і нізкую культуру спрэчак, няўменне слухаць адзін аднаго, паважаць погляд і думку таварыша, лічыцца з кім бы там ні было. На паверхню вылезлі групаўшчына, дэмагогія, шумавінне. Працэс перабудовы, дэмакратызацыі, галоснасці сёй-той спрабуе выкарыстаць у асабістых мэтах, звесці рахункі з непрыяцелямі, на каго меў «зуб», заткнуць рот тым, хто думаў і думае інакш. Не заўсёды на карысць і кадравыя змены, што зроблены іншы раз паспешна, без уліку дзелавых і чалавечых якасцей, без згоды на тое калектываў. Жыць і працаваць у новых умовах, як выявілася, не проста, не-не дый дае пра сябе знаць ранейшае, хоць і асуджанае, але звыклае, апрабаванае... А працэс перабудовы, дэмакратызацыі патрэбны, проста неабходны. Накапілася ж столькі праблем, ад вырашэння якіх залежыць будучыня не толькі кожнага з нас, але і будучыня краіны, свету, усяго чалавецтва. Здаецца, многія з гэтых праблем намацаны, выяўлены. Патрэбны смеласць, рашучасць, каб узяцца іх вырашаць. І тут вельмі важны «чалавечы фактар», які раней не заўсёды ўсімі ўлічваўся. Многае ж прагледжана, упушчана. Маю на ўвазе перш за ўсё ўнутраную культуру людзей. Бездухоўнасць відавочная, яе не схаваеш. Ці не адсюль і нацыянальны нігілізм, кар’ерызм, пратэкцыянізм, бюракратызм, празмернае захапленне ўсім замежным, спажывецтва, алкагалізм, наркаманія... А тая ж абыякавасць? Яна ж не толькі ў людзей звычайных, простых, а і ў некаторых кіраўнікоў, прычым не самага нізкага рангу. Страшна, калі чалавека не хвалюе лёс мовы народа, лёс рэк, якія бяздумна спрамляюцца, азёр, якія гінуць, лёс палёў, якія затапляюцца ці запускаюцца, лёс вёсак, якія перайменоўваюцца ці зусім знішчаюцца як неперспектыўныя, лёс помнікаў культуры і архітэктуры, якія на нашых вачах усё яшчэ разбураюцца і руйнуюцца, лёс паветра і вады, якія забруджваюцца, атручваюцца, лёс цэлых відаў птушак, звяроў, рыб, раслін, якія знікаюць. «На наш век хопіць, а там хоць трава не расці» — вось няхітрая філасофія такіх.

Духоўныя калекі плодзяць і падтрымліваюць такіх жа духоўных калек, як самі. Той жа, хто з імі нязгодны, хто супраціўляецца, не дае рабіць зла, выжываецца, выганяецца, скарачаецца, а то і аплёўваецца, знішчаецца. Колькі такіх сумленных, прынцыповых, непадкупных, крыштальна чыстых душой і помысламі людзей аказаліся пакаранымі, «не у дел», а то і на тым свеце? Імёны некаторых сёння называюцца, імёны некаторых ніхто ніколі не назаве, бо іх, гэтых людзей, мала хто ведае. Крыклівая бывае несправядлівасць, праўда ж заўсёды ціхая, сціплая. Ды і каб ведалі гэтых людзей, знойдзецца столькі розных прычын, каб іх не назваць, не сказаць праўды — адвыклі ж не толькі гаварыць праўду, але і чуць яе...

Перабудова пакуль што ідзе марудна. Больш таго, некаторыя і перабудову, асабліва напачатку, зразумелі па-свойму і па-свойму, на свой лад пакарысталіся — ачысціліся ад сумленных людзей і на іх месца пасадзілі сваіх хаўруснікаў, часам маладых, энергічных, але нікчэмных, недалёкіх.

У нас гадамі скарачаліся асігнаванні на развіццё культуры, без якой быццам можна жыць. Аж выяўляецца, жыць-то можна, але што гэта за жыццё і куды яно вядзе?

Правільныя словы, сказаныя Міхаілам Сяргеевічам Гарбачовым, што перабудову трэба пачынаць з сябе, многія не пачулі, прапусцілі міма сваіх вушэй. Ёсць і такія, хто не думае ні пра якую перабудову, чакае, калі вернецца ранейшы яго «зорны час». Сёй-той жа, замест таго каб самому жыць і працаваць па-новаму, заклікае жыць і працаваць па-новаму іншых...

— Як, на Вашу думку, працэс перабудовы, дэмакратызацыі і галоснасці паўплываў на літаратуру?

— Станоўча, вельмі нават станоўча. З’явіліся, надрукаваны на старонках газет і часопісаў творы, што ляжалі гадамі ў шуфлядах пісьменніцкіх сталоў і не маглі знайсці дарогу да чытача ў той, як называем цяпер, застойны перыяд. Шмат цікавых публікацый і са спадчыны, якая па тых ці іншых прычынах была доўгі час недаступна. Куды цікавейшая, смялейшая стала публіцыстыка, крытыка. Нават пісьменніцкія з’езды, пленумы, сходы не параўнаць з тымі, якія бывалі раней. Пісьменнікі ў сваёй большасці жывуць жыццём народа, звяртаюцца да многіх набалелых праблем. Завельмі ж доўга маўчалі, а калі і гаварылі, дык не ўсе і не заўсёды ўсю праўду. Ды і перш жа, чым брацца за перабудову, трэба ведаць, што перабудоўваць. Пра дэмакратызацыю, галоснасць сапраўдныя творцы марылі, змагаліся за іх, набліжалі, не шкадуючы дзеля гэтага нічога, ні сіл, ні здольнасцей. У літаратуры, у жыцці пісьменніцкіх арганізацый таксама накапілася нямала праблем, якія нельга адкладваць надалей, трэба іх вырашаць. Час паказаў, што не ўсе гучна, з помпай аб’яўленыя дасягненні вытрымалі выпрабаванне. Значэнне некаторых з’яў ды і пісьменнікаў, іх твораў пераацэнена, а некаторых — недаацэнена. Не ўсё, далёка не ўсё, што выдаецца пад маркай мастацкай літаратуры, адпавядае гэтай высокай назве. Дае пра сябе знаць старое, аджылае, не хапае і майстэрства, прафесіяналізму ў самым добрым значэнні гэтага слова. А тая ж самарэклама! Колькі крыку, галасу з выпадку кожнага знесенага яйка, нават калі яно і баўтун! Уся энергія, увесь пар у некаторых ідзе, як казаў М.Святлоў, не на тое, каб цягнуць гружаныя вагоны, а на нікому не патрэбныя паравозныя свісткі. Здаецца, і не без здольнасцей чалавек, а, глядзіш, так нічога вартага і не створыць, жыццё прасвішча. Не перавяліся сярод нашага брата і такія, хто хацеў бы менш даць і больш узяць. Сёй-той патрабуе ўраўнілаўкі — бачыце, і ён хоча мець усё тое, што мае, чым надзелены сапраўдны працаўнік і талент. Такі, з дазволу сказаць, «геній» не жыве жыццём народа, гадамі нічога не піша, а ўсё на нейкіх прыдуманых ім жа самім шалях узважвае, прымярае, што каму перададзена, а яму — недададзена. Пісьменнікі мала чытаюць адзін аднаго. Бывае і горш — сёй-той, не чытаўшы, спрабуе даваць ацэнкі таму ці іншаму твору. Не толькі на сходы, але і на старонкі друку вылазяць дробязнасць, густаўшчына і групаўшчына. З’явіліся і тыя, хто надта ж хутка перабудаваўся, правільней, прыстасаваўся да новых умоў... Нельга сказаць, што мікраклімат у літаратуры ды і ў Саюзе пісьменнікаў пагоршаў. Але ён стаў яўна не тым, якім быў, калі жылі і працавалі М.Лынькоў, П.Глебка, А.Куляшоў, І.Мележ, А.Макаёнак, А.Кулакоўскі, П.Пестрак і іншыя вядомыя пісьменнікі. З іх адыходам многае змянілася. І, на жаль, не ў лепшы бок. Шмат праблем і з моладдзю, тымі, хто ідзе ў літаратуру і заўтра стане яе гонарам. Трывожыць, што аўтарытэт Саюза пісьменнікаў не толькі ў вачах грамадскасці, але і многіх яго членаў ды і літаратурнай моладзі падае, нават узнікаюць размовы, ці патрэбен ён наогул. Нешта трэба рабіць, і чым хутчэй, тым лепш. Пара б даць належны адпор і тым, хто глядзеў і прадаўжае глядзець яшчэ і сёння на Беларусь як на «уездное», «край непалоханых ідыётаў», «папуасію». Вядома, не ўсё ў нашым жыцці і ў жыцці літаратуры было ды і ёсць і цяпер добра. Але нельга не бачыць і іншага — Беларусь, наша літаратура за гады Савецкай улады дамагліся велізарных поспехаў, заваявалі прызнанне, выйшлі ў шырокі свет. І гэта нягледзячы на не заўсёды спрыяльныя ўмовы...

— Што Вы маеце на ўвазе?

— Перш за ўсё культ Сталіна. Ён надта ж негатыўна адбіўся на развіцці эканомікі, культуры, навукі і — асабліва — мастацтва, літаратуры. П.Броўка гаварыў на адным з пленумаў СП БССР, што «культ асобы суровымі і жорсткімі рукамі абламаў і знявечыў галіны цвітучага дрэва, і многім актыўным працаўнікам літаратуры і мастацтва давялося нізавошта адпакутваць у жахлівых умовах многія гады, а шмат каму разлучыцца і з жыццём». Без алілуйшчыны, усхвалення Сталіна і таго, што пры ім рабілася, творам нельга было знайсці дарогу да чытача. Пра жыццё даводзілася пісаць не так, як пісьменнік яго бачыў, а як уяўлялася яно паводле некаторых тэорый. Культ Сталіна прыглушыў, звузіў, дэфармаваў разуменне прыгожага, нанёс непапраўны удар па лірыцы, адмоўна адбіўся на прозе, выхаласціўшы яе, на развіцці мовы і г. д. А колькі шкоды нанёс ён крытыцы, літаратуразнаўству ды і навуцы, бо апошняе слова меў права гаварыць толькі адзін чалавек. Па-другое, вайна... Вайна патрабавала небывалых высілкаў усіх савецкіх людзей, яна вогненным смерчам прайшлася па нашых гарадах і вёсках, у яе полымі загінуў кожны чацвёрты беларус. І хто сёння можа палічыць, каго і што мы страцілі?! Не самым лепшым чынам адбіўся на развіцці Беларусі і яе літаратуры, мастацтва і так званы «застойны» перыяд... І ўсё ж Беларусь, яе эканоміка, навука, культура, літаратура хоць і не так, як хацелася, як маглі, а развіваліся. Ёсць чым нам, беларусам, ганарыцца! Бяда, што многія пакуль што па-належнаму не ацанілі тыя вялікія багацці, што мы маем. Асабліва духоўныя...

— Вы хочаце сказаць пра стаўленне да роднай мовы, гісторыі, помнікаў культуры і архітэктуры...

— Не толькі пра гэта, але і пра тое, што нашу літаратуру не так, як яна таго заслугоўвае, чытаюць, пра стаўленне да тых вялікіх духоўных скарбаў, што пакінулі нам нашы папярэднікі. У выкарыстанні іх мы далёкія ад ідэалу. А час бы парупіцца, бо спадчына ў нас не такая і малая, як некаторым уяўляецца. Ва ўсякім выпадку, вывучаць, выдаваць, перавыдаваць, прапагандаваць нам ёсць што. Пра гэта гаворыцца не адзін год, аднак... Дзіва дзіўнае, дый толькі, бо і сёння яшчэ даводзіцца даказваць, як неабходна ведаць кожнаму свае карані, вытокі, як неабходна мець народу сваю гістарычную памяць. Многае ж з таго, што асталося, дайшло да нас, не знішчана — аплявана, апаганена, абылгана, абчапляна рознага роду вульгарызатарскімі ярлыкамі. Ды якімі! Успомніце, што пісалася і гаварылася пра К.Каліноўскага, В.Дуніна-Марцінкевіча, Ф.Багушэвіча, М.Багдановіча, М.Гарэцкага і нават Янку Купалу, Якуба Коласа... А чаго яшчэ і цяпер не прыпісваюць Алесю Гаруну? Лёд скрануўся — выдадзена Беларуская Савецкая Энцыклапедыя, выдадзены творы Ядвігіна Ш., К.Каганца, А.Паўловіча, С.Палуяна, М.Гарэцкага, Г.Леўчыка, У.Галубка, Л.Калюгі, Я.Дылы, Я.Нёманскага, У.Жылкі, Л.Чарняўскай, зборнік дакументаў і матэрыялаў «Пачынальнікі» і інш. Выходзяць шматтомныя выданні фальклору, «Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі», «Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва»... Але многае, што варта было б, што таго заслугоўвае, яшчэ не сабрана, не выдадзена. І размова ідзе не толькі пра спадчыну пісьменнікаў, а і вучоных — гісторыкаў, краязнаўцаў, археолагаў і г. д. Узяць хоць бы таго ж сусветна вядомага філолага-славіста, заснавальніка беларускага мовазнаўства і літаратуразнаўства, этнографа, фалькларыста, акадэміка некалькіх акадэмій Яўхіма Фёдаравіча Карскага, які напісаў больш за 700 прац. А што ў нас пасля яго смерці перавыдадзена? У Беларусі — нічога, ні адной працы. Праўда, дзве яго працы — «Беларусы: Мова беларускага народа» (1 — 3 выпускі) і «Працы па беларускай і іншых славянскіх мовах» перавыдала ў 1955—1950 і ў 1962 гадах Масква. Астатнія яго кнігі, у тым ліку трэці том «Беларусаў» — вышэйшае дасягненне еўрапейскай славістыкі канца XIX — пачатку ХХ стагоддзяў,— які складаецца з трох выпускаў — «Народная паэзія», «Старая заходнеруская пісьменнасць», «Мастацкая літаратура на народнай мове» — практычна сёння недаступныя шырокаму колу чытачоў. Ды і іншыя значныя працы Я.Ф.Карскага не перавыдаваліся. А гэта ж адзін з самых заслужаных перад Беларуссю людзей. Нават сваю бібліятэку, якая налічвала тысячы тамоў, ён бясплатна перадаў у 1922 годзе ў БДУ. (Цяпер яго кнігазбор знаходзіцца на захаванні ў Дзяржаўнай бібліятэцы імя У.І.Леніна. ) Не вельмі пакуль шанцуе і такому выдатнаму мовазнаўцу, фалькларысту і этнографу, як Іван Іванавіч Насовіч. Сяк-так у 1983 годзе выдавецтва «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя» перавыдала факсімільна яго «Слоўнік беларускай мовы». А калі ж будуць перавыдадзены ці выдадзены ўпершыню, бо знаходзяцца ў рукапісах, яго першы слоўнік гістарычнай беларускай мовы «Алфавітны паказальнік старажытных беларускіх слоў, выбраных з Актаў, што адносяцца да гісторыі Заходняй Расіі», за які вучоны атрымаў у 1865 годзе Увараўскую прэмію і рукапіс якога знаходзіцца ў бібліятэцы АН СССР у Ленінградзе, той жа «Дадатак да беларускага слоўніка» (каля 1000 слоў!), «Зборнік беларускіх прыказак» (1867), за які вучонаму быў прысуджаны залаты медаль Рускага геаграфічнага таварыства, «Беларускія прыказкі і прымаўкі» (1852), «Беларускія прыказкі і загадкі» (1868), «Беларускія песні» (1873). Яшчэ адно імя, вельмі ж пашаноўнае і дарагое,— імя беларускага этнографа і фалькларыста Аляксандра Казіміравіча Сержпутоўскага. Выдавецтва «Беларусь» у 1965 годзе з усёй яго вялікай спадчыны перавыдала зборнік апавяданняў і казак («Казкі і апавяданні беларускага Палесся»). А астатнія яго працы, такія, як, напрыклад, «Прымхі і забабоны беларусаў-палешукоў» (1930), «Беларускія прыказкі і прымаўкі, запісаныя ў Мазырскім павеце» (1912), «Бортніцтва па Беларусі» (1914) ды і іншыя, дарэчы, многія з якіх таксама знаходзяцца дасюль у рукапісах і амаль недаступныя чытачам. Зусім — ні разу! — не перавыдаваліся ў нашай рэспубліцы працы такіх вучоных, як М.Доўнар-Запольскі, Е.Раманаў, М.Нікіфароўскі, П.Шпілеўскі, У.Дабравольскі, П.Шэйн, П.Бяссонаў, А.Сапуноў, М.Любаўскі, П.Уладзіміраў, І.Сербаў, М.Федароўскі, Ч.Пяткевіч, М.Шчакаціхін, К.Машынскі... Спісак можна доўжыць, уключаючы ў яго прадстаўнікоў літаратуры і навукі, скажам, ад Кірылы Тураўскага да нашых незаслужана забытых многіх сучаснікаў. Міжволі складваецца ўражанне, што беларускія вучоныя перш за ўсё дбаюць, каб надрукаваць свае працы, і зусім не думаюць пра спадчыну папярэднікаў, тых, хто закладваў падмурак беларускай культуры і навукі. Словам, у нас ёсць што выдаваць і перавыдаваць. Ды і тое, што выдаецца, варта перагледзець, бо не ўсё выдаецца так, як напісана. Трэба нарэшце выдаць поўныя Зборы твораў Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча ды і іншых пісьменнікаў — класікаў нашай літаратуры...

— Тэму выдання і перавыдання спадчыны закранаў А.Сідарэвіч у артыкуле «Азірнуцца і ўбачыць», які быў змешчаны на старонках «Літаратуры і мастацтва»...

— Падтрымліваючы ўвогуле пафас і накірунак артыкула, я тым не менш не магу не выказаць і некаторых крытычных заўваг на адрас аўтара, бо і ў гэтым артыкуле, як і ў многіх іншых публікацыях, што з’явіліся ў апошні час на старонках друку, на жаль, акрамя эмоцый, прэтэнзій шмат і блытаніны, а то і няпраўды. Не хапае прафесіяналізму, ведаў. А ў выніку... Я ўжо казаў пра тое, што сёй-той — свядома ці несвядома — хоча прадставіць Беларусь як «уездное», «край непалоханых ідыётаў», «папуасію», маўляў, нідзе так не закаранеў, не закаржанеў правінцыялізм, як у нас. Вядома, не ўсё ў нас было ды ёсць і сёння добра. Але перабіраць меру ў чым бы там ні было таксама не варта, а тым больш ваяваць за праўду няпраўдай. А.Сідарэвіч жа, як і некаторыя іншыя, гэта робіць. Гаворачы, напрыклад, што ў нас у Беларусі не зусім правільна прысуджаюцца «літаратурныя прэміі, прэміі часопісаў, Дзяржаўныя прэміі рэспублікі», А.Сідарэвіч піша: «Не разумею, чаму кандыдат павінен быць адзін». Але ж не толькі члены журы, але і чытачы ведаюць — рэдка калі здараецца такое, каб на адну прэмію вылучалася адна кандыдатура, заўсёды іх больш, чым трэба. Ці вось яшчэ: «У сваім выступленні на пленуме СП БССР Я.Брыль расказаў, як у рэдакцыі «Полымя» «стрыглі» раман М.Лобана «Гарадок Устронь». А раман «Завеі. Снежань» І.Мележа...» Я не быў на тым пленуме, дзе выступаў Я.Брыль, і пра тое, што ён гаварыў, магу меркаваць па справаздачы з пленума, якая змешчана на старонках «Літаратуры і мастацтва» за 12. VI. 1987 года. Там сказана, што Я.Брыль гаварыў пра «горкі лёс трэцяй кнігі трылогіі Міколы Лобана «Шэметы». «Гарадок Устронь» жа не трэцяя кніга, а другая... І ў «Полымі» «Гарадок Устронь» ніхто не «стрыг», як і раман І.Мележа «Завеі, снежань» (такая, дарэчы, яго назва). Навошта ж драматызаваць падзеі, выдаваць белае за чорнае? Нельга на адзін аршын мераць — «адным махам — семярых забіяхам» — і ўсіх рэдактараў, якія ў большасці таксама пісьменнікі ды і ўсіх пісьменнікаў, як гэта робіць А.Сідарэвіч: «Рэдактары добра ведалі, што пісьменнікі пісалі праўду, але баяліся гэтай праўды». Не сакрэт — былі ды ёсць і цяпер розныя рэдактары і розныя пісьменнікі: адны за праўду-матухну гатовы пайсці на плаху, другім бы — абы было ціха, ўежна ды ўлежна. Так, рэдактары-перастрахоўшчыкі змушалі пісьменнікаў псаваць свае творы, але ж сярод рэдактараў былі і такія, хто быў саюзнікам аўтараў, дапамагаў ім «прабіваць» творы нават у нялёгкія для літаратуры і праўды гады. Дзякуючы ім, такім рэдактарам, літаратура наша і мае ў актыве многія выдатныя з’явы, у тым ліку такія, як п’есы і байкі К.Крапівы, раманы І.{I. Мележа, У.Караткевіча, Я.Брыля. І.Пташнікава, аповесці В.Быкава, многія-многія іншыя творы — аповесці, апавяданні, паэмы, вершы. Ды і не засталася ненадрукаваная да сённяшняга дня рукапісная спадчына М.Гарэцкага, К.Чорнага, З.Бядулі, Б.Мікуліча. А друкаваць яе было нялёгка, скажам, тыя ж «Млечны шлях» К.Чорнага, «Сярэбраную табакерку» З.Бядулі, «Віленскія камунары» і іншыя творы М.Гарэцкага. І не кідаць трэба ўсім пагалоўна рэдактарам абвінавачванні, а ўспомніць добрым словам, сказаць дзякуй М.Лынькову, М.Танку, П.Панчанку і іншым, хто, нягледзячы ні на што, друкаваў праўдзівыя творы, да сваіх абавязкаў рэдактара адносіўся гэтак жа адказна і сумленна, як і А.Твардоўскі...

Нельга так адназначна выстаўляць і «лёс» аповесцей В.Быкава «Круглянскі мост» і «Мёртвым не баліць», як гэта робіць А.Сідарэвіч. Ва ўсякім выпадку, у беларускіх часопісах яны былі надрукаваны з самымі мінімальнымі папраўкамі, а калі па адрасу іх аўтара пачулася крытыка, прычым аглабельная, са спробай палітычных абвінавачванняў, вялікая група беларускіх пісьменнікаў (падкрэсліваю, беларускіх!) звярнулася ў дырэктыўныя органы з пісьмом, патрабуючы спыніць цкаванне В.Быкава, даць магчымасць яму працаваць і друкавацца. Можна было б прывесці і іншыя факты, як асобныя пісьменнікі і ўся пісьменніцкая арганізацыя рэспублікі заступаліся, падавалі голас у абарону таго ці іншага свайго сабрата, калі сёй-той хацеў яго ашальмаваць — за У.Караткевіча, напрыклад, ды і многіх іншых, хто і сёння жыве, радуе нас сваімі творамі... Былі, як А.Сідарэвіч іх называе, «тыя», але былі і іншыя...

Зноў жа — вось А.Сідарэвіч піша: «Ці была няпраўда ў «Дабрасельцах» А.Кулакоўскага? Не. І пра гэта ведалі тыя, хто на 25 год забараніў публікацыю аповесці». Як жа можна забараніць «публікацыю» аповесці», калі яна была апублікавана ў пятым нумары «Маладосці» за 1958 год?! Куды правільней было б сказаць, што за публікацыю гэтай аповесці пісьменнік А.Кулакоўскі быў вызвалены ад пасады галоўнага рэдактара часопіса «Маладосць». Але ж сказаць так нявыгадна А.Сідарэвічу, яму хочацца паказаць, не як змагаліся пісьменнікі, рэдактары, уся наша лепшая літаратура за праўду, а як яны яе «стрыглі»... Вядома, не абыходзілася і без «стрыжкі», было, што і друкаванне твораў спынялася («Запіскі Самсона Самасуя» А.Мрыя ва «Узвышшы», раман «Крывічы» М.Зарэцкага ў «Полымі»). Здаралася і яшчэ больш непрыемнае, балючае, а то і трагічнае. Але рабілася гэта ў кожным канкрэтным выпадку далёка не так, як уяўляе і падае А.Сідарэвіч. І хацелася б А.Сідарэвічу параіць — перш, чым гаварыць пра нешта, трэба яго вывучыць, ведаць. Дарэчы, абвінавачванні літаратуры, якія высоўваюць у сваіх артыкулах А.Сідарэвіч, Л.Дранько-Майсюк («ЛІМ»), М.Шаляговіч («Знамя юности»), часам больш чым дзіўныя, асабліва калі ўспомніць, колькі беларускіх пісьменнікаў заплацілі за спробу сказаць праўду сваім жыццём, калі за іншы вытлумачаны вульгарызатарам па-свойму, на свой лад, а то і не запісаны на паперу радок давалі не гадок, а і «вышку»...

У многіх месцах у артыкуле А.Сідарэвіча дапушчаны недакладнасці. Вось ён піша — «У 1936—1938 гг. загінуць А.Гурло і Ц.Гартны, знікнуць белапаўцы М.Чарот і А.Александровіч... ». Як вядома, А.Гурло памёр дома сваёй смерцю ды і А.Александровіч нікуды не знікаў, а быў асуджаны і потым зноў вярнуўся да творчай працы. Не было ніякага «доўгага», «маўклівага» змагання за тое, каб надрукаваць спадчыну С.Палуяна і «Тастамант» У.Жылкі. Спадчына С.Палуяна толькі нядаўна сабрана, а што да «Тастаманту» У.Жылкі, дык ён быў упершыню апублікаваны ў 1942 годзе ў прафашысцкай «Беларускай газэце», і пакуль не знайшоўся рукапіс гэтай паэмы і не было ўстаноўлена аўтарства паэта — як жа было рабіць? Раптам фальшыўка?

Нельга пагадзіцца з А.Сідарэвічам і калі ён піша, чаму ў нашай рэспубліцы не перавыдаюцца творы А.Зязюлі, В.Адважнага, Я.Быліны, К.Сваяка. Вось як тлумачыць А.Сідарэвіч прычыну гэтага: «Справа ў тым, што паэты гэтыя былі ксяндзамі і з гэтае прычыны мелі ідэалістычныя погляды на грамадства». А мастацкая каштоўнасць іх твораў? А пазіцыя, біяграфіі іх аўтараў? Ды і нельга блытаць, як кажуць, «божы дар» з «яешняй». У кожнага з гэтых «ксяндзоў» быў свой талент і свая жыццёвая дарога, і да творчасці кожнага з іх — перавыдаваць яе ці не — таксама трэба падыходзіць індывідуальна, аддаць «кесару кесарава». Скажам, К.Сваяк (Кастусь Стаповіч) — гэта сапраўдны паэт, хоць і з супярэчлівым светапоглядам. Абавязкі ксяндза ён спалучаў з асветніцкай дзейнасцю сярод парафіян, адкрываў беларускія школы, за што трапіў у няміласць, да ўлад буржуазнай Польшчы. Памёр ён даволі малады ў 1926 годзе. І сёння выдаць яго лепшыя творы — і вершы, і публіцыстыку — варта... Але як быць з тым жа В.Адважным — ксяндзом Язэпам Германовічам, які амаль усё сваё жыццё пражыў па-за межамі Беларусі, там і памёр у 1978 годзе? І займаўся дзейнасцю, асабліва пасля 1959 года, калі апынуўся ў Ватыкане, далёкай ад літаратурнай творчасці. Дарэчы, В.Адважны выступаў часцей не як паэт, а як празаік, і, як піша ў «ЭліМБел» (т. 1, стар. 39) У.Калеснік, мастацкі ўзровень яго твораў «сціплы, іх псуе мнагаслоўнасць, перагружанасць апісаннямі і маралізатарскімі павучаннямі».

Можна было б спыніцца і на біяграфіях, творчай спадчыне і іншых паэтаў-ксяндзоў, каб даказаць А.Сідарэвічу, што іх творы не друкаваліся ў Савецкай Беларусі не з прычыны «ідэалістычных поглядаў іх аўтараў»...

Я казаў ужо, публікацыям, якія датычаць спадчыны, пакуль не вельмі шанцуе. Вось В.Шчэрбін у газеце «Звязда» за 20 верасня г. г. у артыкуле «Класавы дальтанізм (Каму патрэбна рэанімацыя «навуковых» поглядаў Язэпа Лёсіка?)» піша: «Разам з тым у сваіх літаратурных творах, газетных і навуковых публікацыях Лёсік дапускаў свядомыя памылкі нацыяналістычнага характару. Напрыклад, у якасці дыдактычнага матэрыялу для сваіх падручнікаў (у «Школьнай граматыцы беларускае мовы» і інш.) ён нярэдка выкарыстоўваў радкі з забароненых вершаў нацыяналістычна настроеных паэтаў». Так і хочацца прачытаць імёны гэтых «нацыяналістычна настроеных паэтаў». Але аўтар іх не называе. Бо і цяжка гэта зрабіць. У даведцы, якая змешчана ў канцы «Школьнай граматыкі беларускае мовы» (на яе якраз і спасылаецца В.Шчэрбін), гэтыя імёны названы. І хто там значыцца? В.Дунін-Марцінкевіч, Ф.Багушэвіч, Я.Лучына, М.Багдановіч, З.Бядуля, А.Гарун, Я.Купала, Я.Колас, К.Буйло, Ц.Гартны, М.Чарот, К. Крапіва... Навошта ж яшчэ і сёння кідаць такое абвінавачанне літаратуры нашай, ды і таму ж Я.Лёсіку, калі яно не падмацавана фактамі?

Мог быць больш выразны, без прэтэнзій на нейкую ўяўную быццам аб’ектыўнасць, з належнымі ацэнкамі жыцця і творчасці, і артыкул, змешчаны ў той жа «Звяздзе» (23 жніўня г. г.) і перадрукаваны потым «Літаратурай і мастацтвам», прысвечаны У.Ігнатоўскаму, асабліва калі ўлічыць, што артыкул — з ліку першых у нашым друку пасля смерці выдатнага вучонага, былога прэзідэнта Беларускай акадэміі навук...

— Барыс Іванавіч, чытачы ведаюць, што Вам неабыякавы лёс спадчыны. І не толькі беларускай. Не так даўно выйшаў з друку складзены Вамі вялікі том прозы М.Булгакава, у якім змешчаны каля дзесяці апавяданняў пісьменніка, якія дасюль не ўваходзілі ні ў адну з яго кніг. Вось-вось на прылаўкі магазінаў паступіць том прозы Ф.Салагуба «Свет и тени», укладальнікам якога Вы таксама з’яўляецеся — у гэты том уключаны раман «Мелкий бес» і аповесці, апавяданні, якія вылаюцца ў Савецкім Саюзе ўпершыню. У вытворчасці знаходзіцца і складзеная Вамі двухтомная «Анталогія рускага савецкага апавядання» на беларускай мове. Вы прымалі ўдзел ва ўпарадкаванні і выданні спадчыны М.Гарэцкага, І.Мележа, з Вашага экземпляру быў факсімільна перавыдадзены «Слоўнік беларускай мовы» І.Насовіча, а зараз зноў жа з Вашага экземпляру перавыдаецца факсімільна зборнік паэзіі Алеся Гаруна «Матчын дар». Хацелася б ведаць, ці робіцца што-небудзь па выданні і папулярызацыі спадчыны у той рэдакцыі — рэдакцыі перакладной замежнай літаратуры выдавецтва «Мастацкая літаратура», якую Вы ўзначальваеце?

— Перш за ўсё прадоўжым знаёмства беларускага чытача з літаратурнай спадчынай тых, хто быў кроўна звязаны жыццём і творчасцю з Беларуссю, рабіў усё дзеля яе росквіту, але ў сілу тагачасных умоў вымушаны быў пісаць не на сваёй роднай мове. Ужо выдадзена і па-належнаму ацэнена выдатная паэма Міколы Гусоўскага «Песня пра зубра» (пераклад з лацінскай мовы— Я.Семяжона). Быў выдадзены і томік выбранага В.Каратынскага, у які ўвайшлі як яго беларускамоўныя творы, так і тыя, што пісаў ён па-польску, вядома, у перакладах нашых паэтаў. Падрыхтаваны і здадзены ў друк вялікі том Я.Чачота, куды таксама ўключаны як беларускамоўныя, так і напісаныя па-польску паэтычныя творы аўтара, а таксама яго артыкулы, рэцэнзіі, лісты, запісы беларускага фальклору, слоўнік беларускай мовы і г. д. Падрыхтаваў гэты том і зрабіў пераклады з польскай мовы К.Цвірка. На чарзе — том У.Сыракомлі, у які маем намер уключыць яго паэтычную спадчыну і самае цікавае, што не страціла сваёй каштоўнасці і сёння, з такіх яго кніг, як «Вандроўкі па маіх былых ваколіцах» (1853), «Мінск» (1857), «Нёман ад вытокаў да вусця» (1861), «Кароткае даследаванне мовы і характару паэзіі русінаў Мінскай правінцыі» (1856), яго артыкулы, нарысы, што змяшчаліся ў газетах і часопісах і ніколі потым нідзе не перадрукоўваліся. Рыхтуем таксама вялікі том твораў беларускіх паэтаў, якія пісалі ў свой час на латыні...

— Нашым чытачам цікава ведаць, што яшчэ будзе выдадзена па-беларуску ў бліжэйшы час з замежнай літаратуры — класічнай і сучаснай?

— З усіх цудаў цудам, створаным людзьмі на шляху да шчасця і будучыні, назваў Максім Горкі кнігу. Уся ж мудрасць чалавечага генія, усе ж дасягненні сусветнай цывілізацыі — не дзе-небудзь, а ў кнігах. І нішто, ніхто не можа лепей і паўней расказаць аднаму народу пра лад жыцця і мыслення, пра спадзяванні і надзеі другога народа, як кніга. Пераклады і выданне кніг замежных аўтараў не толькі духоўна ўзбагачаюць, умацоўваюць інтэрнацыянальнае адзінства, але даюць магчымасць кожнаму народу абменьвацца і самымі запаветнымі думкамі, і сваім мінулым, дзяліцца сённяшнім, заглядваць у будучыню. Не буду пералічваць таго, што намаганнямі перакладчыкаў, выдаўцоў і паліграфістаў выйшла з друку. Скажу лепш пра тое, што будзе ў бліжэйшы час выдадзена, над чым працуем.

У апошні час, у сувязі з перабудовай, якая праходзіць і ў нашым выдавецтве, прыводзяцца ў парадак і справы з перакладамі і выданнем замежнай літаратуры. Многае ж, як вядома, залежыць не толькі ад якасці перакладу, але і ад выбару твораў, з якімі выдавецтва мае намер пазнаёміць чытачоў. Выбар твораў — гэта таксама майстэрства. Чым больш дэмакратычнасці, галоснасці ў гэтай справе, тым менш выпадковасці, памылак. Менавіта з гэтай мэтай у выдавецтве — і ў кожнай рэдакцыі, і ў нашай таксама — створаны рэдакцыйныя саветы, у якія ўвайшлі самыя вядомыя нашы пісьменнікі і перакладчыкі. Створаны рэдкалегіі і серый, якія палюбіліся ўжо чытачам, такіх, напрыклад, як «Бібліятэка замежнай прозы» і «Паэзія народаў свету». Падбор твораў для гэтых серый праходзіць цяпер больш дэмакратычна, шляхам глыбокага і ўсебаковага абмеркавання. Ды і да якасці перакладу прад’яўляюцца больш высокія і прафесійныя патрабаванні. У гэтых серыях ужо выйшлі творы А.Камю, Ф.Марыяка, А. дэ Сент-Экзюперы, П.Лагерквіста, У.Сараяна, Коба Абэ, Б.Нушыча, Мапасана, Ё.В.Гётэ, Ф.Г.Лоркі, Г.Містраль, Р.М.Рыльке, Ш.Пецёфі, П.Верлена, Г.Апалінэра, В.Незвала, П.Нэруды, О.Жупанчыча і іншых. У бліжэйшы час серыі папоўняцца не менш цікавымі навінкамі — кнігамі М.Марцінсон, Л.Франка, Ю.Крашэўскага, В.Жукоўскага, К.Маккалерс, Х.Лакснеса, А.Маравія, У.С.Моэма, Г.Грына, Ф.С.Фіцджэральда, Дж.Апдайка, Г.Гесэ, Г.Бёля, Г.Г.Маркеса, Я.Кавабаты, Ж.П.Сартра, Э.М.Рэмарка, Р.Кіплінга, Р.Фроста, Я.Сейферта, Б.Брэхта, П.Яварава, А.Рэмбо, Х.Р.Хіменеса, Л.Леўчава, Д.Максімавіч...

У планах рэдакцыі шмат пачынанняў. Так, для аматараў дэтэктыўнай літаратуры і фантастыкі пачынаем выдаваць спецыяльныя выпускі «Замежны дэтэктыў» і «Замежная фантастыка». У першыя выпускі, якія падрыхтаваны ўжо, уключаны творы А.Крысці, Ж.Сіменона, С.Лема, П.Буля, Р.Брэдберы, А.Азімава, С.Камацу. Пачалі мы з гэтага года выпускаць і мініяцюрныя выданні — толькі што выйшлі «Санеты смутку» Ф.Прэшарна (пераклад Я.Сіпакова, афармленне М.Селешчука), у стадыі рэдакцыйнай работы паэзія К.Маркса, якую выдаем па-беларуску і па-нямецку. Выходзіць па нашай рэдакцыі і штогоднік «Далягляды», дзякуючы якому мы пазнаёмілі чытачоў з творамі больш як 500 аўтараў...

— А што Вы можаце сказаць пра серыю «Скарбы сусветнай літаратуры»? Паведамленне пра яе выпуск выклікала шырокі рэзананс — пра гэта гаварылася на пасяджэнні секцыі перакладу і ўзаемасувязей у СП БССР, была прысвечана перадача па тэлебачанні, адгукнуліся на яе выданне і некаторыя газеты... Хоць, прызнацца, здзівіла пазіцыя некаторых, маўляў, выпуск падобнай серыі проста не пад сілу...

— Добра, што паведамленне пра выданне такой серыі знайшло шырокі водгук. Гэта, калі хочаце, прыкмета нашага часу — не рабіць нічога важнага, пакуль не будзе яно шырока і ўсебакова абмеркавана. Сапраўды, у выдавецтва ёсць намер выдаць такую серыю. Чым гэта выклікана? Перш за ўсё патрэбамі часу, патрэбамі грамадства. Беларусь — не правінцыя, як некаторыя хацелі б яе прадставіць, а суверэнная дзяржава, якая з’яўляецца паўнапраўным членам ААН і многіх іншых міжнародных арганізацый. Сувязі нашай рэспублікі растуць з кожным годам па самых розных лініях — палітычных, эканамічных, культурных — з усімі краінамі свету, расце яе і аўтарытэт. Да таго ж беларускі народ — адзін з вялікіх еўрапейскіх народаў. І не мець сусветнай класікі, усяго лепшага, што створана ў свеце, на беларускай мове... Гэта, калі хочаце, нас прыніжае, робіць быццам непаўнацэннымі сярод іншых народаў. Творы сусветнай класікі патрэбны беларускаму шырокаму чытачу, які за апошнія гады, дзякуючы ўсеагульнай сярэдняй адукацыі, вельмі ж вырас. Творы гэтыя патрэбны вучням, студэнтам, настаўнікам, выкладчыкам ВНУ... Пераклады і выданне такіх твораў патрэбны і нашай мове для яе развіцця і ўдасканалення. Не будзем забываць і яшчэ пра адно — не ўсе беларусы на сённяшні дзень ведаюць так добра рускую і іншыя мовы, каб чытаць не сваю класіку ў арыгінале. Выданне такой серыі па-беларуску дасць магчымасць далучыцца многім да вялікіх скарбаў духоўнай культуры, што стварыла на працягу тысячагоддзяў чалавецтва. Выданне такой серыі — і вялікая дзялянка для работы нашых перакладчыкаў, вучоных, мастакоў, паліграфістаў, магчымасць кожнаму, хто мае на тое здольнасці, праявіць сябе...

— Ці хопіць для такой работы ў нас перакладчыкаў, ці не бяром мы на сябе непасільную ношу?

— Я так не думаю. Сёння ў Беларусі можна знайсці перакладчыкаў практычна з усіх моваў свету. Праблема ў іншым — не ўсе яны ведаюць на належным узроўні беларускую мову. Тут можна было б і Саюзу пісьменнікаў ды і іншым арганізацыям аказаць тым, хто жадае, у каго ёсць пэўныя здольнасці ці схільнасці да перакладу, неабходную дапамогу. Ды і перспектыву трэба бачыць, трэба бачыць будучае, а не глядзець на ўсё з пазіцыі ўчарашняга дня. Ужо і цяпер у Беларусі існуе свая, і нядрэнная, школа перакладчыкаў. Яе падмуркі закладвалі В.Дунін-Марцінкевіч, Ф.Багушэвіч, М.Багдановіч, Я.Купала, Я.Колас... А яшчэ раней — Ф.Скарына. Ды і ў пазнейшыя часы шмат зрабілі для славы беларускага перакладу многія нашы пісьменнікі, для якіх справа перакладу стала іх кроўнай справай — такія, як Ю.Таўбін, У.Дубоўка, А.Куляшоў, К.Чорны, З.Бядуля, С.Дзяргай, Ю.Гаўрук, У.Караткевіч. Актыўна працавалі ды і сёння працуюць у справе перакладу многія нашы пісьменнікі. Падрастае і моладзь — выдалі ці ў бліжэйшыя гады выдадуць кнігі перакладаў І.Чарота, З.Колас, Л.Баршчэўскі, В.Сахарчук, Л.Казыра, С.Шупа, А.Асташонак, У.Шчасны, А.Істомін. Менавіта на яе, нашу моладзь — адукаваную, таленавітую, якая прыйшла ўжо ў пераклад і — няма сумнення — яшчэ прыйдзе — ускладаюцца вялікія надзеі. На сённяшні дзень у Беларусі перакладаюцца творы непасрэдна з арыгінала больш як з трыццаці моваў. І дарэмна некаторыя хвалююцца, маўляў: «Хто перакладзе Арыстафана?» Ёсць у нас тыя, хто ведае і старажытнагрэчаскую, і лацінскую, і бенгальскую мовы, ёсць і тыя, хто ведае санскрыт і нават такія рэдкія мовы, як малагасійскую, тамільскую, урду, не гаворачы ўжо пра еўрапейскія. Гэтым самым я не хачу сказаць, што ніякіх праблем з перакладамі і выданнем гэтай серыі ды і іншых не існуе. Праблем якраз, як у нас на Палессі кажуць, дагібелі. І першая, галоўная праблема — якасць перакладу, яна нас, на жаль, не заўсёды задавальняе. Ёсць і іншыя праблемы — скажам, малавата аўтараў, якім можна было б заказаць уступныя артыкулы, тых, хто мог бы на сучасным навуковым узроўні пракаменціраваць той ці іншы твор...

— А праспект усёй серыі, тое, што ў яе ўвойдзе, ёсць?

— Так, праспект ёсць, ён складзены паводле іншых праспектаў падобных выданняў, спіскаў лепшых твораў, што выдае ЮНЕСКА і інш. Але праспект ёсць праспект, ідзе на самых розных узроўнях яго абмеркаванне, уносяцца папраўкі — адны творы здымаюцца, другія ставяцца. Некаторыя, не ведаючы сутнасці выдання гэтай серыі, глядзяць на яе вачыма выдання «Библиотекп всемирной литературы». А гэта зусім розныя выданні, і задачы ў нас зусім розныя. Па-першае, у нас не падпісная серыя. Па-другое, задача ў нас куды сціплейшая — выдаць лепшыя класічныя творы па-беларуску. Захоўваючы прэстыжнасць серыі, даводзіцца ўлічваць і чытацкі попыт на тыя ці іншыя творы. Не хацелася б, каб творы, перакладзеныя і выдадзеныя, ляжалі на паліцах кніжных магазінаў ці пыліліся на стэлажах бібліятэк. Калі пры выданні «Библиотеки всемирной литературы» цяжка было выбраць, які з перакладаў лепшы, дык у нас задача — знайсці перакладчыка, давесці пераклад да патрэбнага ўзроўню. Дзеля гэтага мяркуем аддаваць асобныя тамы на рэдагаванне самым вопытным і сталым майстрам беларускай літаратуры. Паспешлівасць — абы выдаць! — тут выключаецца, ніхто нікога ў шыю — давай хутчэй! — гнаць не будзе. З’явіцца на належным узроўні пераклад — выдадзім, не з’явіцца — пачакаем, будзем шукаць, працаваць... Скарыстаем пераклады і ўжо гатовыя, якія былі зроблены да вайны і пасля вайны. Многія з тых твораў, якія варта было б уключыць у гэтую серыю, выйдуць у іншых ці зусім без серый. Былі б толькі якасныя, вартыя класікі пераклады. Рэдкалегія серыі, у якую ўваходзяць вядомыя пісьменнікі і вучоныя,— не ганаровая, а рабочая, і таму, спадзяёмся, яна акажа выдавецтву неабходную дапамогу.

— У якой стадыі падрыхтоўкі серыя ці, больш дакладна, калі чытачы атрымаюць першыя тамы?

— Ужо заканчваецца конкурс на лепшае афармленне серыі сярод мастакоў. Вядзецца і вялікая арганізацыйная работа — шукаюцца перакладчыкі, аўтары ўступных артыкулаў і каментарыяў, мастакі... Паводле нашых разлікаў першыя тамы серыі выйдуць і паступяць у продаж у 1989 годзе. Імі будуць самыя вядомыя творы У.Шэкспіра, Т.Мана, Т.Шаўчэнкі...

— І апошняе пытанне: над чым Вы працуеце як пісьменнік?

— У гэтым годзе ў выдавецтве «Мастацкая літаратура» выйшла новая кніга маёй прозы малых формаў «Горкая радасць вяртання». Напісалася яшчэ адна кніга, якая здадзена ў выдавецтва і плануецца на выпуск у 1989 г. Аповесці і апавяданні з гэтай кнігі, спадзяюся, неўзабаве з’явяцца на старонках нашых часопісаў і газет.

1987 г.

 

Мінулае, сучаснае, будучае...

Гутарка з Алесем Бяляцкім (рэдакцыя часопіса «Беларусь»)

— Як вядома, беларуская літаратура ўсё яшчэ пішацца пераважна выхадцамі з вёскі. Але ўжо сёння вёска вычэрпвае свой кадравы рэсурс. На падыходзе пісьменнік-гараджанін. Між тым непадзельна пануюць у літаратуры пакуль вяскоўцы, зачаста з састарэлымі поглядамі. Таму прабіцца зараз гараджаніну без даніны кансерватыўнай традыцыі, «глебе», вясковай псіхалогіі вельмі цяжка.

Не, ён не такі ўжо бязглебавец, гэты гараджанін. Апірышча ягонае — у забытай нацыянальнай гісторыі, у мове. Адным словам, наспявае канфлікт. Вёска стала, між іншым, прыдатнай для літаратурнай спекуляцыі і спарадзіла вялікую колькасць «малых» і «сярэдніх» літаратараў. Калі на поўны голас загаворыць беларускі горад — ад іх не застанецца і ўспаміну. Таму яны будуць з усіх сіл трымаць сваю перавагу і ў Саюзе пісьменнікаў і ў друку. Яны ўжо трымаюць...

— Літаратура — шырокая ніва, ёсць дзе прыкласці сілы кожнаму, хто таго хоча, хто мае здольнасці. Асабіста я не бачу, ды і не прадбачу тут канфліктаў між выхадцамі з вёскі і выхадцамі з горада. Канфлікты былі і будуць між тымі, хто ўмее працаваць, і тымі, хто не ўмее, майстрамі і бракаробамі, талентамі і бездарамі, перадавым і адсталым...

Гэта правільна — «беларуская літаратура ўсё яшчэ пішацца пераважна выхадцамі з вёскі». Але хіба не тое самае і ва ўсіх літаратурах — напрыклад ва ўкраінскай, рускай, літоўскай, польскай, балгарскай, французскай, нямецкай, англійскай, іспанскай, амерыканскай? Літаратура патрабуе моцнага эмацыянальнага пачатку. Яго якраз і дае вёска. Ды і, як казаў Ф.Энгельс, «носьбіт нацыі — сялянства». А літаратура ж — гэта сумленне і гонар народа, выразнік яго духу, думак і мар. Не веру, што «ўжо сёння вёска вычэрпвае свой кадравы рэсурс». Калі прыйдзе ў заняпад вёска, не зможа нармальна развівацца і функцыяніраваць і горад — вёска ж карміла і корміць горад. Будучыня якраз за іншым — гарманічным развіццём вёскі і горада, у сціранні між імі меж. Што ж да таго, што ў бліжэйшыя гады ў нашай беларускай літаратуры «на поўны голас загаворыць беларускі горад», што ён народзіць вялікія таленты... Дай бог, як кажуць, чутае бачыць.

— Вы часта гаворыце пра вялікую ролю нацыянальнага ў літаратуры. Сапраўды, толькі праз гэта можна прыйсці да агульначалавечых вяршынь. Ці ёсць у вас асабісты рэцэпт нацыянальнага ферменту ў літаратуры?

— Не, ніякага асабістага рэцэпта ў мяне няма, як, дарэчы,— асмелюся сцвярджаць,— яго няма і не было ні ў кога з больш ці менш вядомых пісьменнікаў. Літаратура — не медыцына, і ўсякія рэцэпты акрамя шкоды тут нічога іншага не прыносілі і прынесці не могуць. Што ж да нацыянальнага ў літаратуры, дык яно ствараецца, як справядліва заўважыў У.Хадасевіч, «яе моваю і духам». Трэба быць сынам свайго народа, жыць тым, чым жыве народ, верыць у яго, жадаць дабра. Ведаць сённяшняе і мінулае, пісаць шчыра, сумленна, праўдзіва пра ўсё, што любіш і ненавідзіш. Бачыць лепшае і горшае ў сваім народзе, параўноўваць з суседзямі, з прадстаўнікамі іншых краін, рэальна глядзець на месца свайго народа ў гісторыі чалавецтва і ў свеце. Трэба засвоіць і яшчэ адно: літаратура — не забаўка, не рамяство, а вельмі сур’ёзная справа, чалавеказнаўства. Каб стварыць сапраўднае мастацкае палатно, іншы раз жыцця мала, не ратуе і майстэрства, хоць ведаць яго сакрэты неабходна. Патрэбна нешта большае — адны называюць гэта апантанасцю, талентам, другія — лёсам, трэція — крывёю... Кожны ж мастацкі твор — гэта народжаны пісьменнікам жывы арганізм, ён не паддаецца ніякаму, хай сабе і самаму найноўшаму, камп’ютэрнаму раскладанню на розныя ферменты і кампаненты. Вялікае значэнне ў літаратуры мае падсвядомасць — растлумачыць не можаш, чаму так, а адчуваеш, нават упэўнены — так, менавіта так, а не інакш трэба...

— А як вы ставіцеся да так званай «беларускай літаратуры па-руску»?

— «Беларуская літаратура па-руску»? Так, яна існуе — гэта творы беларускіх пісьменнікаў, перакладзеныя на рускую мову. Усякія пераклады, а тым больш пераклады на рускую мову — адну з самых прыгожых і пашыраных у свеце,— трэба вітаць, бо дзякуючы гэтаму шматмільённыя чытачы ўсёй нашай неабсяжнай краіны могуць знаёміцца з тым, што мы пішам, з жыццём нашага народа, ведаць яго спрадвечныя мары і жаданні; мацуецца і дружба, інтэрнацыяналізм. Што ж да тых твораў, якія напісаны на беларускім матэрыяле, але па-руску... А.Пушкін на беларускім матэрыяле напісаў «Дуброўскага». На беларускім матэрыяле пісалі свае творы М.Лермантаў, Ю Крашэўскі, Г.Сянкевіч, Э.Ажэшка... Аднак залічаць іхнія творы ў беларускую літаратуру ніхто не асмельваецца. А М.Гогаль як хораша, з якім веданнем, любоўю пісаў пра Украіну. Дык што — яго лічыць украінскім пісьменнікам?.. Вышэй прыводзіліся словы, што сабой уяўляе нацыянальнае ў літаратуры. І паколькі парушаецца хоць адзін з прынцыпаў, то... Законы літаратуры суровыя.

— Мова сродкаў масавай інфармацыі мае пачварны выгляд з-за таго, што большасць людзей, якія працуюць там, гавораць па-руску, а пішуць па-беларуску. Не дапамагаюць і слоўнікі, пры складанні якіх выкарыстоўваюцца тыя ж самыя газеты. Атрымліваецца заганнае кола. Што тут рабіць? Хай гэтая плынь нетрывалая, аднадзённая, але газеты, радыё, тэлебачанне дыскрэдытуюць мову, вучаць безгустоўнасці, спараджаюць грэблівыя адносіны да роднай мовы.

— Гэта праўда — мова сродкаў масавай інфармацыі часта далёкая ад дасканаласці. Што рабіць, каб яе палепшыць? Нічога іншага, як параіць тым, хто працуе ў друку, на радыё і тэлебачанні, вывучаць мову. Мова — гэта наш інструмент. Чым ён дасканалейшы, тым лепш. Ведаючы ўсе адценні слова, можна лёгка перадаваць усе адценні думкі. Багаты слоўны запас дазваляе быць віртуозам сваёй справы. Дарэчы, не толькі ў Беларусі такая дрэнная мова сродкаў масавай інфармацыі. Не лепшая яна і на Украіне, у Расіі, у іншых рэспубліках, што сведчыць пра нізкую моўную культуру нашай савецкай журналістыкі, пра тое, што мове не надаецца належная ўвага ні ў часе падрыхтоўкі журналістаў, ні потым, у час іх працы...

— Вялікую пошту выклікалі нядаўнія артыкулы ў «ЛіМе» пра патрэбу беларускай школы ў гарадах. Як Вы разглядаеце гэтую праблему і яе вырашэнне? Зразумела, што пісьменнік можа і без школы прышчапіць сваім дзецям веданне роднай мовы і любоў да яе. А як быць астатнім? Народу?

— У свой час, у гады валюнтарызму і застою, бытавала тэорыя — чым хутчэй мы адмовімся ад усяго таго, што звязвае нас з нашым мінулым, родным, тым хутчэй прыйдзем да камунізму. Фарсіравалася выцясненне адусюль усяго нацыянальнага, без усякага на тое дазволу адпаведных інстанцый самавольна пераводзіліся школы з беларускай мовы навучання на рускую. Тыя, каму за ўсім гэтым трэба было сачыць, глядзелі на ўсё скрозь пальцы, а то і натхнялі, падштурхоўвалі рабіць гэтак, а не інакш. Прычын, каб выцесніць нацыянальнае ці перавесці школу з беларускай мовы навучання на рускую, знаходзілася больш чым дастаткова...

Цяпер гэты працэс спынены. І хоць школ з беларускай мовай навучання ў рэспубліцы 3988, а з рускай мовай навучання — 1706, аднак у школах з беларускай мовай навучання займаецца ўсяго 326,8 тысячы вучняў, а ў школах з рускай мовай навучання — 1 мільён 997 тысяч. Такая рэальная карціна на сённяшні дзень. Што рабіць? Трэба, вядома, папраўляць гэта. Як? Мне здаецца, выхад ёсць, ён у тым, каб вучні аднолькава добра ведалі і рускую і беларускую мовы, а яшчэ лепш і хоць бы адну замежную. Дзеля гэтага трэба карэнным чынам змяніць практыку выкладання моў у школах рэспублікі. Гэта непарадак, калі пры здачы экзаменаў у ВНУ выпускнік сярэдняй школы робіць па 30—40 памылак у пісьмовых работах, не можа свабодна гаварыць ні на адной з замежных моў. У многіх краінах Еўропы і Азіі дамагліся таго, што выпускнікі сярэдніх навучальных устаноў свабодна валодаюць трыма, а то і чатырма, пяццю мовамі. Чаму ж мы не можам такога дамагчыся? Веданне моў дае магчымасць чалавеку засвойваць культуру іншых народаў, пашырае яго свет, межы «общения», працы, жыцця... Вядома, усё гэта трэба рабіць спакойна і мудра, без шараханняў, не забываючы пра інтэрнацыянальнае выхаванне, не парушаючы ленінскай нацыянальнай палітыкі. Мова ж кожнага народа — гэта не толькі нацыянальнае багацце, яна — каштоўнасць і агульначалавечая. Яна патрабуе аховы і абароны дзяржавы. І таму вяртанне беларускай мове дзяржаўнага статуса было б вельмі дарэчы, гэта б дапамагло ёй заняць належнае месца ў жыцці народа...

— У «Думках уроссып» Вы высока ацанілі значэнне публіцыстыкі як жанру. Акрамя таго, свой літаратурны шлях вы пачыналі ў «ЛіМе» з артыкулаў, дзе выказвалі вялікі клопат пра лёс нашай мовы. Чаму мы сёння не чытаем артыкулы Б.Сачанкі? Ці збіраецеся Вы выступаць як публіцыст?

— Так, гэта праўда, яшчэ будучы студэнтам універсітэта і бачачы, як недаравальна бяздумна абыходзяцца ў нас у рэспубліцы з беларускай мовай, я выступіў у газеце «Літаратура і мастацтва» з артыкулам «Шанаваць родную мову». Артыкул атрымаў шырокі водгук — у рэдакцыю прыйшлі сотні лістоў, частку з іх газета надрукавала. Праблемы былі падняты тыя самыя, што падымаюцца і сёння ў нашым друку. Гэта быў 1956 год, толькі пачынаўся працэс выцяснення роднай мовы са сферы ўжытку, са школ, і можна было яго спыніць. Аднак гэта не было зроблена... Ніхто не надаў значэння і таму, што я пісаў яшчэ ў 1963 годзе ў нарысе «Зямля маіх продкаў», хоць ужо тады я падымаў тыя праблемы, якія неаднаразова падымаліся потым, падымаюцца і цяпер,— яны датычыліся: асушэння Палесся, выраўноўвання рэк, высякання лясоў і г. д. Мой голас зноў жа быў «гласом вопиющего в пустыне». Не буду называць іншых выступленняў у друку і на сходах, дзе я закранаў важныя жыццёвыя праблемы. Вынік, аднак, быў у большасці выпадкаў той самы...

Не, не сказаў бы, што я мала выступаю як публіцыст. Акрамя ўжо названага, я напісаў даволі вялікія публіцыстычныя нататкі пра паездкі ў ЗША і Галандыю. Выйшла цэлая кніга і маіх літаратурна-крытычных артыкулаў, эсэ, успамінаў «Жывое жыццё». Шмат, вельмі шмат публістычных артыкулаў, нарысаў і проста водгукаў на тыя ці іншыя падзеі надрукавана ў самых розных газетах і часопісах. Аднак да пісьменніцкай публіцыстыкі ў нас чамусьці абыякавыя адносіны з боку выдаўцоў. Таму многае, з чым выступае пісьменнік у друку, не ўключаецца потым у яго кнігі, навечна астаецца ў падшыўках газет і часопісаў. А шкада...

— Вы пішаце, што «публіцыстыка сапраўды дзейснае, аператыўнае ўмяшанне пісьменніка ў жыццё, падзеі...», яна мае на ўвазе абавязковы практычны вынік. Згадваецца Ваша прапанова аб перайменаванні скажонага Хойнікі на сапраўды народнае Хвойнікі. Але адной прапановы аказалася мала...

— Так, і гэта прапанова, як і іншыя, пра якія я ўжо гаварыў, павісла ў паветры... Публіцыстыка сапраўды дзейснае, аператыўнае ўмяшанне пісьменніка ў жыццё, у падзеі, калі пісьменніка слухаюць, робяць, што ён гаворыць, падказвае. Аднак, калі і не слухаюць, не робяць, усё адно надыходзіць такі момант, калі не можаш маўчаць. Таму так часта не толькі пісьменнікі, але і іншыя дзеячы культуры і мастацтва выступаюць у друку і на сходах з самымі рознымі прапановамі, пішуць пісьмы, ходзяць у інстанцыі, даказваюць, што і як трэба зрабіць. Сёе-тое ўдаецца прабіць, адстаяць, сёе-тое — не. Бюракрат, чыноўнік — страшная сіла. Асабліва калі ён надзелены ўладай. Лічыцца з чужою думкаю, ёй падпарадкавацца, асабліва калі гэтая думка не зверху, а знізу, ён не прывык. Да таго ж чыноўнік, бюракрат даўно адмовіўся ад роднае мовы, ён не чытае таго, што мы пішам у сваіх творах. Цяпер у нас ідзе перабудова, дэмакратызацыя, усё большую сілу набывае галоснасць. Хочацца спадзявацца, верыць: нясоладка будзе бюракрату і чыноўніку жыць і працаваць у новых умовах. Можа, і да голасу грамадскасці, пісьменнікаў пачнуць прыслухоўвацца больш уважліва...

— У тэлевізійнай перадачы «Роднае слова» выказвалася прапанова называць новыя гарады, пасёлкі імёнамі славутых беларускіх дзеячаў. Наколькі ўдалымі Вы лічыце такія тапанімічныя наватворы, як Светлагорск (былыя Шацілкі), Салігорск (Новастаробін), Акцябрскі (Рудабелка). Наколькі яны адпавядаюць нашай мове, тым больш што ў тым жа, напрыклад, Светлагорску ніякіх светлых гор няма...

— Пра ўсё гэта гаварылася ды і гаворыцца ў нашым друку нямала. Паўтарацца, думаю, не варта, няма патрэбы. Відаць, і нам пара, па прыкладу іншых, ставіць пытанне аб вяртанні некаторых ранейшых назваў нашым гарадам, вёскам і вуліцам.

За кожнай жа назвай стаіць гісторыя, часам цэлыя яе пласты. А мы замест таго, каб раскапваць сваё мінулае, закопваем яго яшчэ глыбей. А без гісторыі, мінулага — хто мы?..

— Думаю, будзе правамерна перайсці зараз да беларускай гісторыі. Ваш «Дыярыуш Мацея Белановіча» запомніўся. Ці не збіраецеся вы зноўку вярнуцца да гістарычнае тэмы?

— «Дыярыуш Мацея Белановіча» — гэта адзін з твораў задуманага мною цыкла «Палескія былі». Палессе, родная зямля, тыя людзі, што там нарадзіліся, жывуць, жылі, заслугоўваюць таго, каб пра іх расказаць і іншым. У меру сваіх сіл і здольнасцей я гэта вось ужо трыццаць гадоў. Сённяшняе і мінулае роднага краю — гэта галоўнае ў маёй творчасці. І адно і другое мне аднолькава дарагое і блізкае. І, вядома ж, да мінулага свайго краю я яшчэ не раз буду вяртацца ў сваіх творах.

— Падручнікі па гісторыі Беларусі, паводле водгукаў у друку, не вытрымліваюць крытыкі. Мала шчырых, сумленных мастацкіх кніжак. Можна назваць творы У.Караткевіча, К.Тарасава, У.Арлова. Кожны з іх выступае першаадкрывальнікам вялікіх з’яў, асоб і нават цэлых перыядаў гераічнай і славутай мінуўшчыны. Але гэтага вельмі мала. Скажэнні нашай гісторыі працягваюць адмоўна ўздзейнічаць на гістарычную памяць народа. Гэта бачна і па адносінах да помнікаў гісторыі і культуры. Напрыклад, крытычнае становішча адзінага на Беларусі помніка ў стылі ракако касцёла св. Андрэя ў Слоніме, замкаў у Крэве, Гальшанах, палацаў у Ружанах, Косаве; разбураны беларускі Першы тэатр у Мінску, гістарычная забудова ў Віцебску, амаль нічога не засталося ад старога Гомеля. Гэты спіс можна працягваць далей і далей... Няма ў сталіцы помніка нацыянальнаму герою Беларусі Кастусю Каліноўскаму, занядбаная сядзіба Ф.Багушэвіча ў Кушлянах. Якія крокі Вы лічыце першаснымі для выпраўлення становішча?

— Даюць пра сябе знаць прабелы ў выхаванні. Няўвага да мінулага свайго народа, да яго гісторыі, культуры, мовы бясследна не праходзіць. Бездухоўнасць — страшная рэч, яна нараджала варвараў, вандалаў, фашыстаў...

Таму, мне думаецца, трэба усе сілы кінуць на тое, каб павесці рашучую барацьбу з бездухоўнасцю. Вядома, трэба ўжо сёння ўзяцца ратаваць тое, што яшчэ можна ўратаваць, што не знішчана, не разбурана. І, вядома ж, адкрываць новыя помнікі, музеі — Скарыне, Каліноўскаму, іншым дзеячам; Музей кнігі, Літаратурны музей і г. д. Вялікая неабходнасць ёсць у выданні часопіса «Наша спадчына», дзе можна было б шырока і планамерна расказваць пра ўсё тое цікавае і патрэбнае, што пакінулі нам у спадчыну нашы папярэднікі — бацькі, дзяды, прадзеды...

— Зноў вяртаюся да «Думак уроссып». Вы пішаце, што «ні ў адной, здаецца, літаратуры няма так многа без пары зламаных галін, як у нашай, беларускай...» і называеце прозвішчы У.Жылкі, Л.Калюгі, М.Чарота, П.Галавача, М.Гарэцкага, У.Хадыкі, М.Зарэцкага, Я.Купалы, Р.Мурашкі, З.Астапенкі, К.Чорнага... У гэтай сувязі гартаў даведнік «Пісьменнікі Савецкай Беларусі» і звярнуў увагу на супадзенне дат смерці: А.Дзеркача (5.ІХ.1937 г.), С.Астрэйкі (14.ІХ.1937 г.), Л.Калюгі (2.Х. 1937 г.), П.Галавача, А.Вольнага, І.Харыка, В.Каваля (усе — 29.Х.37 г.), Я.Нёманскага, Ю.Таўбіна (30.Х.37 г.). Сёння мы пачынаем казаць праўду пра многае з нашай гісторыі, але вось пра гэтую з’яву, што названа і ацэнена на ХХ і XXII з’ездах КПСС, гаворым у нашай рэспубліцы мала. Ці няма ў такім замоўчванні знявагі да памяці гэтых людзей, пісьменнікаў, без якіх цяжка ўявіць нашу літаратуру?

— Сёння пра тую вялікую шкоду, што нанеслі нашай эканоміцы, навуцы, культуры, літаратуры, мастацтву Сталін і яго акружэнне, сказана нямала. Але, вядома, далёка не ўсё...

Наш абавязак — дбайна сабраць тое лепшае, што створана людзьмі, якія пацярпелі ў гады сталіншчыны, і выдаць. Наогул, да памяці гэтых людзей трэба падысці вельмі ўважліва і адказна. Варта было б падумаць пра помнік ім. Ды і ў Доме літаратара нейкім чынам ушанаваць. Ёсць мемарыяльная дошка тым, хто загінуў на вайне... Чаму б нешта падобнае не зрабіць і ахвярам сталіншчыны?..

Пасля ХХ і XXII з’ездаў КПСС, калі быў асуджаны культ асобы Сталіна, знайшліся сілы, якія хацелі стрымаць развіццё дэмакратызацыі, поступ праўды і галоснасці. Ім гэта, як бачым, не ўдалося. Праўда заўсёды брала і бярэ верх над няпраўдай...

— Наш клопат пра родную гісторыю абумоўлены, мусіць, перадусім тым, што забытае паўтараецца. Таму, напэўна, так часта і шмат згадваюць і пішуць пра мінулую вайну, што неадступна існуе пагроза новай — апошняй. У адной з гутарак В.Быкаў сказаў: «Шырокая кампанія пратэсту супраць пагрозы ядзернай вайны ахапіла, як вядома, Стары і Новы Свет, і яна вельмі ўражвае. Можа, не варта яе і пераацэньваць у сэнсе канкрэтных вынікаў, бо, як бы актыўна яна ні вялася і колькі б мільёнаў у ёй ні ўдзельнічала, не яна вырашае практычныя пытанні вайны і міру, прэрагатыва на якія ўсё ж у руках палітыкаў, кабінетаў, «сильных мира сего». Як Вы лічыце, хто і што сёння практычна можа ўратаваць свет?

— Я не зусім згодзен з В.Быкавым, не падзяляю яго песімізму адносна сілы і магчымасцей мільёнаў. Якія б цвердалобыя ні былі «сильпые мира сего», але і яны не могуць ігнараваць думку і волю народа, змушаны рана ці позна з ім лічыцца. Яны ведаюць — цярпенне людзей не бясконцае, можа лопнуць. Таму — і гэта не толькі мая думка, а і перакананне — уратаванне свету ад пагрозы атамнай вайны — у руках усіх нас. Чым больш людзей падымецца на барацьбу за мір, супраць атамнай пагрозы — тым больш шанцаў, што вайны не будзе. Прыклад — падпісанне пагаднення аб ліквідацыі некаторых відаў ракет між СССР і ЗША... За спіной прэзідэнта ЗША стаіць усемагутны ваенна-прамысловы комплекс, аднак нават і ён баіцца ісці насуперак волі свайго ды і іншых народаў...

— Ваенная проза. Адбываецца яе развіццё, псіхалагізацыя. Яна робіцца больш праўдзівай. Але такіх, як бы мовіць, эвалюцыйных шляхоў рана ці позна будзе бракаваць. Спатрэбяцца новыя моцныя фактары, каб распачаць новы этап яе развіцця. Што гэта будзе? Ці, можа, яна затухне ў самаўдасканаленні?

— Гаварыць, што будзе заўтра ці паслязаўтра, я асцерагаюся. Услед за У.Чэрчылем магу хіба паўтарыць яго словы: «Будучыня закрыта цемраю, і я не хачу раней часу акунацца ў гэтую цемру». Заўважана — прароцтвы, гаданні наконт будучыні рэдка спраўджваюцца. Веру: прыйдуць новыя таленты і яны адкрыюць нешта новае нават у адкрытым, знойдуць пра што пісаць і гаварыць, каб іх чыталі і слухалі. Літаратура не будзе стаяць на месцы, у тым ліку і аб вайне. Як гэта ўсё будзе, куды пойдзе літаратура? Каб я ведаў, сам бы пайшоў тым шляхам,— каму не хочацца абагнаць час, паказаць дарогу іншым, апынуцца ў будучыні? На жаль, магчымасці ў кожнага з нас абмежаваны. Толькі геніям дадзена сёння ўбачыць тое, што будзе заўтра. Зноў жа — самі геніі пра гэта не заўсёды ведаюць, многае робіцца падсвядома. Тое, што не відаць сёння, можа быць убачана заўтра...

— Наша гутарка перайшла да будучыні літаратуры. Мы зноў вяртаемся да маладых. У нас няма літаратурных школ, дзе сталы майстра дапамагае малодшаму, як ёсць, скажам, традыцыя сэнсэняў у Японіі. У нас больш развіты арганізацыйны бок дапамогі, мецэнацтва, калі сталы спрыяе ў друку і інш. Скажам, Вашая дапамога М.Мятліцкаму. Былі, праўда, яшчэ «Каралішчавічы», а цяпер — «Іслач», але яны разавыя і калектыўныя. Такой жа з’явы, каб майстра апекаваў маладога, аж покуль той не стане на трывалыя літаратурныя ногі, няма. У чым прычына? У эгаізме майстроў? Ці ў адсутнасці маладых талентаў? А можа, ва ўзаеманепаразуменні пакаленняў?

— Маладыя і старыя, старыя і маладыя.., Вечная, як свет, тэма! Маладыя крыўдзяцца на старых, старыя на маладых... Хтосьці вельмі трапна сказаў — спрэчкі між маладымі і старымі часта нагадваюць спрэчкі між тымі, хто не нажыў розуму і хто з яго выжыў. Моладзь — гэта будучыня, і я не думаю, каб у нас яе выхаванню аддавалася менш увагі, чым у той жа Японіі або якой-небудзь іншай краіне ці рэспубліцы. Крыўдаваць маладым, мне здаецца, няма падстаў. Дзе-дзе, а ў літаратуры дэвіз — «Настаўнік, выхавай вучня!» — выконваецца і перавыконваецца. Я не ведаю ні аднаго старэйшага пісьменніка, які адмовіўся б пачытаць твор маладога, даць кансультацыю. Не ведаю я і ні аднаго маладога, якому б хоць у чым хтосьці не памог са старэйшых. Вядома, у ідэале хацелася б бачыць іншае, але ж... Сяброўства, дружба — справа ўзаемная, тут жаданне павінна быць з абодвух бакоў. А моладзь — на тое ж яна і моладзь... Ёй здаецца, што яна пераверне горы, зробіць тое, што ніхто не зрабіў. Сёй-той жа з маладых літаратараў ужо цяпер лічыць, што ён «узяў бога за бараду», яму няма чаму вучыцца ў старэйшых, што ён і так геній... Што ж, як на Палессі кажуць, прыйдзе коза да воза. Мне здаецца, трэба менш увагі аддаваць высвятленню «ўзаеманепаразуменняў», а працаваць, пісаць. Проста шкада на гэта часу, паверце, не так шмат дадзена яго нам. Лепш гэты час скарыстаць на справу...

— Каго, дарэчы, з маладых Вы лічыце найбольш перспектыўнымі?

— У прозе — У.Арлова, Х.Лялько, А.Наварыча, у паэзіі — Л.Галубовіча, М.Мятліцкага, А.Сыса, М.Шэлехава, у крытыцы — С.Дубаўца і Т.Чабан. Вы мне можаце запярэчыць — не такія гэта і маладыя. Для вас — так, для мяне — гэта маладыя. Што ж да маладзейшых і зусім маладых... Ім трэба яшчэ даказваць, і не чым-небудзь, а сваёй творчасцю, што яны ёсць, што яны перспектыўныя, што на іх можна ўскладаць пэўныя надзеі. Хочацца, каб усе тыя, хто ідзе ў літаратуру, былі вартыя сваіх славутых папярэднікаў, каб любілі свой народ, сваю мову, рабілі ўсё магчымае дзеля росквіту Беларусі. Але пры гэтым, каб глядзелі на свет шырока, не замыкаліся ў вузканацыянальных тэмах і праблемах, а падымалі іх да агульначалавечых, выходзілі на еўрапейскія і міжнародныя прасцягі...

— Вы неаднойчы гаварылі пра тое, што культ асобы надта негатыўна адбіўся на развіцці мастацтва, літаратуры. Зараз пра гэта кажуць і пішуць значна больш. Але ёсць у гісторыі Беларусі і такая трагічная старонка, якая і сёння не мае аб’ектыўнага асэнсавання. Ці нельга лічыць, што рэпрэсіі 30-х гадоў падштурхнулі некаторых з беларускіх культурных дзеячаў і літаратараў да адмоўнага стаўлення да Савецкай улады, а то і да супрацоўніцтва з фашыстамі. Шэсць гадоў па сфабрыкаванаму абвінавачванню на Салаўках прасядзеў адзін з заснавальнікаў беларускага тэатра, буйны драматург Ф.Аляхновіч, ссылку і лагеры прайшлі Н.Арсеннева, Л.Случчанін, М.Сяднёў, Т.Лебяда, У.Клішэвіч і іншыя. Згадваюцца радкі аднаго з іх:

 

 

Мо затым і прабілася злосць

І з душы каламутнай крыніцаю,

Што бязбожна маю маладосць

Вырваў з цела Яжоў рукавіцамі.

 

 

— Шмат чаму можна знайсці апраўданне, але здрадзе свайму народу, калабарацыянізму, прыслужніцтву, супрацоўніцтву з фашыстамі — няма і не можа быць ніякага апраўдання, хто б і на што ні спасылаўся. Да такіх, хто б яны ні былі, якое б месца ў грамадстве ні займалі, адносіны ва ўсіх народаў аднолькавыя. Вядомы нарвежскі пісьменнік, лаўрэат Нобелеўскай прэміі Кнут Гамсун, творамі якога зачытваўся ўвесь свет, калі фашысцкія галаварэзы ступілі на яго родную зямлю, звярнуўся да сваіх суайчыннікаў з прамовай, у якой заклікаў не аказваць ворагу супраціўлення, а потым сустрэўся і з самім Гітлерам... Які быў рэзананс? Чытачы з усіх канцоў свету пачалі высылаць яму яго кнігі. Пісьменнік не стаў хадзіць на пошту — работнікі пошты насілі кнігі пакункамі, мяшкамі і кідалі іх праз плот у двор. У 1945 годзе нямецкія войскі, што знаходзіліся ў Нарвегіі, капітулявалі, і 86-гадовы пісьменнік быў арыштаваны і асуджаны як здраднік... Не лепш абышлася і французская грамадскасць з Л.Ф.Селінам, які таксама запляміў сябе супрацоўніцтвам з гітлераўцамі і раман якога «Падарожжа на край ночы» перад вайною абышоў увесь свет, быў перакладзены і выдадзены ў СССР. Адвярнуліся і італьянскія чытачы ад былога свайго куміра Г. д’Анунцыя, які пасля прыходу да ўлады Мусаліні стаў афіцыйным песняром фашызму...

Сказаў сваё слова і беларускі народ пра сваіх здраднікаў. І як бы і хто ні імкнуўся іх абяліць, якія б прычыны дзеля гэтага ні знаходзіў, зрабіць гэта не ўдасца — народ помніць, не забыў, што яны рабілі ў гады гітлераўскай акупацыі Бацькаўшчыны, стаўшы фактычна саўдзельнікамі многіх жудасных злачынстваў...

— З Вашых твораў вынікае, што вам неабыякавы лёс беларусаў, якія апынуліся за межамі Бацькаўшчыны. Маё пытанне — пра кантакт з імі — навуковы і культурны. А.Мальдзіс у «Литературной газете», «Полымі», «ЛіМе», «Голасе Радзімы» раскрыў патрэбу такіх кантактаў для нашага літаратуразнаўства. Але ў друку з’явілася процілеглая думка...

— Так, я не толькі пісаў пра беларусаў, што апынуліся за мяжою, але і сам у часе апошняй вайны жыў аж два гады далёка ад дому, у фашысцкай Нямеччыне, і, можна сказаць, на сабе, на сваёй скуры спазнаў, што такое чужына. Сустракаўся я са сваімі землякамі і пасля неаднойчы, калі выязджаў па розных справах у Еўропу і Амерыку. Горкі гэта хлеб — чужацкі, не дай бог яго есці нікому. Вядома, кантакты з выхадцамі з нашых зямель патрэбны, і найперш, вядома, нашым землякам, тым, хто жыве не там, дзе хацеў бы, ды і нам нельга пакідаць у горы, у бядзе тых, хто не па сваёй волі апынуўся без Радзімы, хто і сёння яе любіць, мроіць ёю. Многія ж выехалі з дому ў пошуках хлеба ці па іншых прычынах, вельмі далёкіх ад палітыкі. І з такімі людзьмі кантакты, самыя розныя, патрэбныя...

Але за мяжою ёсць і тыя, хто добраахвотна пакінуў Радзіму, ненавідзіць наш лад, змагаўся і змагаецца з намі, працуе на розных радыёстанцыях і ў друку, аплёўвае самае дарагое, што мы маем, паклёпнічае, займаецца тым, што недастойна чалавека. І не ўлічваць гэтага — гэта праяўляць палітычную блізарукасць. Адпеты ці недабіты вораг нашай улады і нашай краіны — гэта вораг, у якім бы абліччы ён ні выступаў...

— Для нас, палешукоў, будучае родных людзей, родных мясцін зараз ці не самае балючае. Сёлета бачыў у неаднаразова прадэзінфіцыраванай вёсцы: калодзежы, абцягнутыя поліэтыленам, а побач — дзеці, якія гуляюць у пыле, ловяць рыбу ў возеры, да якога летась забаранялі і падыходзіць...

— Тое, што адбылося ў нашых мясцінах пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС,— гэта не толькі ваш і мой боль, а боль усяго нашага народа, гэтая бяда закранула мільёны людзей. Так, не ўсё там і сёння так, як належала б, хацелася. І калі пабываеш у родных мясцінах, паходзіш па сцежках, па якіх хадзіў, пагаворыш з людзьмі — многае ўспомніш і пра многае падумаеш... Плакаць хочацца, крычма крычаць: «Людзі, не дапусціце, каб нешта падобнае здарылася яшчэ дзе-небудзь!» Атамная энергія — страшная сіла, абыходзіцца з ёю трэба ўмеючы, асцярожна і адказна. На жаль, некаторыя гэта не зразумелі ні пасля Хірасімы і Нагасакі, ні пасля чарнобыльскай аварыі. Такіх я сустракаў і за мяжою, і, як гэта ні прыкра, і ў нашай краіне... Не разумею, чаму дасюль не надрукавана карта забруджаных радыенуклідамі мясцін, чаму нідзе ў магазінах няма прыбораў, каб кожны мог праверыць тыя прадукты, якія купляе,— што ў іх? Службы па ахове здароўя чалавека працуюць дрэнна, таму ў продаж і трапляюць прадукты не ўсе добрай якасці. Гаспадарнікі гоняцца за прыбыткам, прыростам ураджаю, адкормачнай вагі і часта парушаюць дапушчальныя нормы ўжывання розных ядахімікатаў і гармонаў... Хварэюць людзі, гінуць птушкі, рыбы, пчолы... Словам, наш ХХ век парадзіў новыя, раней невядомыя праблемы... Што ж, будзем спадзявацца, што яны паспяхова будуць вырашаны, што светлы чалавечы розум возьме верх і адкрытае навукай будзе прыносіць чалавеку не зло, а толькі карысць, дабро.

1987 г.

 

Адказы на анкету рэдакцыі часопіса «Маладосць»

1. Маладая беларуская літаратура. Што, на Вашу думку, радуе ў ёй, а што засмучае?

2. Зараз шмат гавораць пра дапамогу маладым. Якой яна павінна быць? Ствараць цяплічныя ўмовы ці ўсё ж пакідаць пачаткоўцу магчымасць быць самастойным, загартоўваць свой талент, вучыць яго мужнасці, бо, як мы ведаем, літаратура — барацьба думак, ідэй, уплываў і г. д.

3. Маладыя крытыкі. Ці не замінае ім часам самаўпэўненасць, крыклівасць, амбіцыі?

4. Нефармальныя літаратурныя аб’яднанні. Што гэта такое і як Вы да іх адносіцеся?

5. Перабудова і моладзь. Чым моладзь можа ў гэты час паспрыяць прапагандзе роднага слова, роднай літаратуры і культуры?

6. Якія Вы бачыце шляхі для ўмацавання інтэрнацыянальных сувязей маладых літаратараў?

 

1. Перш за ўсё, мне здаецца, варта ўдакладніць, што маецца на ўвазе пад словамі «маладая беларуская літаратура». Некалі, на пачатку ХХ стагоддзя, «маладой беларускай літаратурай» называлі ўсю беларускую літаратуру, якая тады вельмі ж інтэнсіўна заяўляла пра сябе, адраджалася. Нават выходзіў з друку літаратурна-мастацкі альманах «Маладая Беларусь» (№ 1—3), які выдавала ў 1912—1913 гг. суполка «Загляне сонца і ў наша ваконца». Але з таго часу мінула шмат гадоў, беларуская літаратура вырасла, заваявала шырокае прызнанне і ў сябе на радзіме і ва ўсім свеце, і сёння называць яе маладой не павернецца ні ў кога нават язык. Ніякай іншай «маладой беларускай літаратуры» я не ведаю, бо яе не было, няма і быць не можа. Заўсёды была, ёсць і будзе аднаадзіная беларуская літаратура, якую стваралі, ствараюць і — хочацца верыць! — будуць яшчэ не адно стагоддзе ствараць самыя розныя па ўзросту людзі, у тым ліку і маладыя. Так, дарэчы, як і ва ўсіх іншых народаў і краінах. Пушкін, Лермантаў, Пецёфі, Явараў, М.Багдановіч ды і многія іншыя вядомыя пісьменнікі памерлі рана, але нікому і ў галаву не прыходзіла і не прыходзіць залічаць іх творчасць у нейкую «маладую літаратуру». А тыя ж выдатныя, а то і геніяльныя творы, што напісалі ў маладым узросце Гётэ, Бальзак, М.Гогаль, Ф.Дастаеўскі, Л.Талстой, Янка Купала, Якуб Колас, М.Гарэцкі, Кузьма Чорны ды і астатнія нашы славутыя папярэднікі? Што, гэта таксама «маладая літаратура»? Не, літаратура ёсць літаратура, і дзяліць яе па ўзросту творцаў — марная і непатрэбная спроба.

Іншая справа, што ў літаратуры заўсёды працавалі і працуюць майстры, вопытныя, малавопытныя, а то і зусім нявопытныя літаратары, ці, як некаторыя іх называюць, пачаткоўцы. Але гэта неабавязкова, што яны маладыя векам. Некаторым з іх па сорак, пяцьдзесят і больш гадоў. Таму, відаць, будзе лепш, калі размова пойдзе не пра нейкую невядома кім і навошта выдуманую «маладую беларускую літаратуру», а пра тых, хто пачынае ці пачаў пісаць, выдадзеныя ці надрукаваныя ў перыёдыцы ўзоры іх творчасці. Гэта будзе куды больш правільна і справядліва яшчэ і таму, што ўсякая літаратура — гэта перш за ўсё творы, барацьба думак і поглядаў, яркія індывідуальнасці, якія ўносяць у развіццё грамадства і духоўнай культуры нешта непаўторнае, сваё. Урэшце, не будзем забываць, што маладосць — не вечная, яна хутка праходзіць, іншы і не заўважыць, як пасталее, а потым і пастарэе. Ага, дык што ж у творчасці пачаткоўцаў радуе і што засмучае? Радуе, што, нягледзячы на не вельмі спрыяльную моўную сітуацыю, якая склалася ў апошнія гады ў Беларусі, дзесяткі, сотні юнакоў, дзяўчат, а то і пажылых людзей спрабуюць свае сілы ў самых розных відах і жанрах літаратурнай творчасці, бяруцца за пяро, каб расказаць, што хвалюе, што на сэрцы, у думках і на душы. Значыцца, карэнні ў нас жывыя, б’юць крыштальна чыстыя крыніцы з гаючых народных глыбінь. Не ўсё ва ўсіх аднолькава добра атрымліваецца, побач з сапраўды таленавітым, свежым з’яўляецца ў друку нямала і выпадковага. У сяго-таго — і гэта натуральна — не хапае майстэрства. Сустракаюцца і другаснасць, падражальнасць вядомым узорам, узятыя напракат чужыя вобразы і думкі. Але гэта — недахопы росту, дай бог, як кажуць, хутчэй ад гэтага пазбавіцца. Разам з тым ёсць сярод пачаткоўцаў і тыя, каму ўдалося сказаць сваё слова, якое не згубілася ў рознагалосым хоры, запомнілася. Што ж, такім можна пажадаць далейшых творчых удач і плёну! Час цяпер шчаслівы, ёсць магчымасць пісаць пра ўсе і так, як хто хоча. Пра такі час многія пакаленні творцаў толькі марылі. Вось чаму і выклікае засмучэнне, шкадобу, што замест таго, каб гаварыць пра набалелае і важнае — «з цэлым народам гутарку весці» (Я.Купала) — о, сёй-той і не ўсведамляе, якая гэта вялікая адказнасць! — некаторыя з маладых нямала сілы трацяць на штукарствы, пошукі быццам новых формаў і сродкаў выяўлення. Новае ж якраз і нараджаецца тады, калі чалавека перапаўняе пачуццё, калі яму ёсць што сказаць. Тады форма прыходзіць сама, яе не трэба шукаць — нараджае змест. Але, як кажуць, калі б маладосць умела, а старасць магла! Яшчэ Якуб Колас усклікаў: «Сабраць бы ўсе каменні тыя, што губяць сілы маладыя!..» Хацелася б, каб добрая ўвага да мінулага свайго народа, да гісторыі, таго, што было на нашай зямлі даўно і зусім нядаўна, якая з’явілася ў пэўнай часткі літаратурнай моладзі, усё ж не засланяла сённяшніх праблем жывых людзей. Ад каго ж, як не ад нас, пісьменнікаў, многія прагнуць пачуць адказы на шматлікія свае пытанні, атрымаць падтрымку. Не расчараваць чытачоў у сваіх надзеях — вось пра што павінен думаць кожны, хто бярэцца за пяро. І яшчэ пра адно ніколі і ні пры якіх абставінах мы не павінны забываць: літаратура — сумленне народа, а значыцца, усё, што выходзіць з-пад пяра пісьменніка, мусіць быць праўдзівым і шчырым.

2. Маладым, таленавітым людзям, дзе б, у якой бы галіне яны ні працавалі, вядома, трэба дапамагаць. І дапамога гэтая павінна быць самая разнастайная. У літаратараў яна павінна быць накіравана ў першую чаргу на авалоданне сакрэтаў, таямніц майстэрства, у друкаванні твораў. Што ж да стварэння цяплічных умоў, то я супраць гэтага. Цяплічныя ўмовы, слава, асабліва ранняя,— губяць таленты. Гэта можна было б даказаць на многіх прыкладах. Талент, калі толькі ён ёсць, жадае таго хто ці не жадае, пракладзе сабе дарогу, праб’ецца праз перашкоды. Чым больш самастойнасці, незалежнасці, самабытнасці, а значыцца, і арыгінальнасці, тым лепш. Вельмі ж прыдадуцца і мужнасць, загартаванасць, уменне пастаяць за сябе і за тое, што з’яўляецца справай твайго жыцця. Што ж да цяжкасцей... У каго іх не было, да іх проста трэба прывыкнуць. Важна, каб нават з цяжкіх сітуацый чалавек выходзіў пераможцам, з нязломным духам, не ўпадаў у паняверку, у самыя складаныя моманты не рабіў глупства, а рабіў тое, што і павінен рабіць сапраўдны пісьменнік і грамадзянін.

3. Тых, каго можна было б назваць маладымі крытыкамі, на жаль, мала. У большасці крытыкай займаюцца, ды і займаліся, літаратурныя няўдачнікі, якія спрабавалі ці яшчэ спрабуюць пісаць вершы, апавяданні, п’есы, хто адмовіўся ад мары стаць паэтам, празаікам, драматургам, а хто яшчэ і не. За спіною некаторых іншы раз стаяць не зусім сумленныя людзі, а то і цэлыя групы, якія не супраць чужымі рукамі заграбаць жар — звесці рахункі са сваімі непрыяцелямі. Тых жа, хто сур’ёзна займаецца крытыкай,— адзінкі. Сярод іх, мяркуючы па публікацыях, ёсць людзі з добрым мастацкім густам, з разуменнем, што такое літаратура і якой яна павінна быць. Больш бы ім самастойнасці ў поглядах, не падпадаць бы пад уплыў некаторых дзьмутых аўтарытэтаў! Здзіўляе, што многія маладыя, не адны, дарэчы, крытыкі, мала чытаюць, не ведаюць не толькі таго, што пішуць літаратурныя равеснікі і сучаснікі, але і таго, што напісана да іх. А без глыбокага ведання літаратуры, тых працэсаў, што ў ёй адбываліся і адбываюцца, без аналізу, супастаўлення таго, што робіцца ў нас, з тым, што рабілася і робіцца ў іншых літаратурах, хіба ж можна быць адукаваным, культурным чалавекам, а тым больш крытыкам? Што-што, а правінцыялізм у крытыцы, убоства думак і ведаў, несумленнасць, няшчырасць, падтасоўка, нясмеласць — недапушчальныя, ад такой крытыкі патыхае застаялым балотам, тванню.

4. Так было, так, мабыць, і будзе, што людзі заўсёды групаваліся і групуюцца паводле тых ці іншых інтарэсаў. У свой час, калі я пачынаў пісаць, маладыя літаратары таксама збіраліся на розныя сходкі і пасяджэнні — у студэнцкіх аўдыторыях, у рэдакцыях газет і часопісаў. Што гэта дало? Па-першае, мы пазнаёміліся адзін з адным, уведалі, хто ёсць хто, якія ў каго творчыя магчымасці. Па-другое, абмен думкамі, сяброўская крытыка давалі штуршок для росту. Гэта, як мне ўяўляецца, і былі зачаткі тых нефармальных аб’яднанняў, што ўзнікаюць то тут, то там цяпер. Хацелася б, каб любыя аб’яднанні памагалі росту маладой змены, не ўводзілі ад галоўнага, не нараджалі балбатуноў і пустабрэхаў, тых, хто сам нічога ніколі не рабіў і наўрад ці будзе рабіць. Усякае аб’яднанне — гэта жывы арганізм, у ім павінны браць верх здаровыя сілы. Тое ж, што замінае, наносіць шкоду, дыскрэдытуе ў вачах грамадскасці, павінна знаходзіць самы рашучы адпор, ад яго трэба пазбаўляцца, ачышчацца. І чым хутчэй, тым лепш.

5. Перабудова — вельмі неабходны працэс. Застой, што ўзнік у нашым грамадстве амаль ва ўсіх яго сферах, адмоўна адбіўся на эканоміцы, народнай гаспадарцы, навуцы, культуры, на ўзаемаадносінах людзей. Многія негатыўныя з’явы — казнакрадства, пратэкцыянізм, бюракратызм, п’янства, наркаманія і г. д.— вынік гэтага застою. Бяздумнае захапленне ўсім замежным — таварамі, культурай і нават ладам жыцця, бездухоўнасць прывялі некаторых людзей да нацыянальнага нігілізму, пагарджэння ўсім сваім, што дасталося ад бацькоў, дзядоў. Пад выглядам інтэрнацыяналізму сёй-той пачаў падсоўваць касмапалітызм. Пакуль што перабудова праходзіць надта ж марудна і хваравіта. Жыць, думаць і працаваць па-новаму асабліва цяжка тым, хто прывык жыць, думаць і працаваць па ўказцы зверху, так, як яго некалі навучылі. Моладзі ж перавучвацца не трэба, для яе тое, як мы цяпер жывём і думаем,— натуральны працэс. Таму на я е ўскладаюцца вялікія надзеі. Што ж да спрыяння прапагандзе роднага слова, роднай літаратуры і культуры... Тут непачаты край работы. І ў гэтую работу павінны ўключыцца ўсе, асабліва наша прэса, радыё і тэлебачанне. Народ павінен ведаць сваю гісторыю, усе тыя духоўныя каштоўнасці, што створаны на працягу стагоддзяў. Быць патрыётам свайго народа і сваёй культуры — гэта не толькі абавязак, але і высокі гонар.

6. Беларусы — народ інтэрнацыянальны. Павага да людзей іншай нацыянальнасці, да іх культуры, побыту — у нас у крыві кожнага. Тым не менш умацоўваць дружбу паміж людзьмі самых розных нацыянальнасцей, выхоўваць павагу не толькі да свайго, але і таго, што створана іншымі, асабліва на сённяшнім этапе развіцця адносін і зносін з іншымі народамі, краінамі і культурамі — гэта неабходнасць. Пакінутае, завешчанае бацькамі, дзядамі патрабуе свайго далейшага ўдасканалення. Таму я лічыў бы паездкі маладых літаратараў у іншыя саюзныя і аўтаномныя рэспублікі, вобласці і акругі, сустрэчы са сваімі равеснікамі, узаемныя пераклады, вывучэнне моў вельмі ж патрэбнымі і карыснымі. Бядома, самай шчырай падтрымкі заслугоўвае і ўсё астатняе, што ўсіх нас збліжае, узбагачае.

1987 г.

 

Адказы на пытанні рэдкалегіі зборніка «Вобраз-89»

1. Час Вашага прыходу ў літаратуру. Складанасці, задачы, супярэчнасці: а) тагачаснае разуменне іх; б) сённяшняе.

2. Вашы паплечнікі па літаратурнай творчасці: а) тагачаснае іх успрыняцце; б) цяперашняе.

 

1

а) Першая кніга маёй прозы «Дарога ішла праз лес» убачыла свет у 1960 годзе. Тады я, студэнт пятага курса універсітэта, працаваў ужо ў штаце рэдакцыі часопіса «Вожык», рыхтаваўся да абароны дыпломнай работы і амаль не думаў над рознымі «праблемамі, задачамі, цяжкасцямі і складанасцямі», якія ўзнікалі, імкнуўся проста іх пераадольваць. Сказаць па праўдзе, на ўсё астатняе ў мяне не хапала часу — перажытае ў вайну ды і потым аж распірала, прасілася на паперу. І я выбіраў кожную вольную хвіліну, каб пісаць ці чытаць тое, што пісалі іншыя. І калі ў 1962 г. газета «Комсомольская правда» звярнулася да мяне з анкетай, у якой разам з іншымі было і пытанне: «Якія задачы Вы ставіце перад сабой як пісьменнік? З якімі сустракаецеся цяжкасцямі?», я адказаў: «Шчыра прызнацца, над гэтым я мала яшчэ думаў. Ведаю, што трэба як мага хутчэй пераадолець вучнёўства і напісаць хоць некалькі старонак, за якія ніколі і ні перад кім не было б сорамна. Жыццё штодзень ставіць перад кожным чалавекам (а перад пісьменнікам і пагатоў!) больш чым дастаткова задач. Хочацца разабрацца, зразумець самому і расказаць іншым, што значыць жыць у наш час, дзеля чаго мы прыйшлі на зямлю і за што павінны змагацца, што адстойваць. Цяжкасці? Яны вядомыя — як лепш, праўдзівей паказаць тое, што адчуваеш, бачыш, чуеш, пра што думаеш, што цябе хвалюе, чым, уласна кажучы, жывеш ты і жыве народ...»

б) Вядома, сёння, праз 26 гадоў, тое, ранейшае, бачыцца куды лепш, яскравей. Жыццё на многае адкрыла вочы, прымусіла падумаць, не паспаць не адну ноч. Выявілася ж — праўда, якую я хацеў гаварыць, трэба далёка не ўсім. Ды і тое сонца, што было ўзышло пасля смерці Сталіна і ХХ з’езда партыі, вельмі хутка зноў зацягнулася хмарамі. Другая мая кніга «Барвы ранняй восені», якая выйшла праз два гады пасля першай, выклікала цэлую буру, кім толькі мяне не называлі! Пасыпаліся ў самыя розныя арганізацыі пісьмы, даносы... Згадалі і мой артыкул у абарону роднай мовы, які змясціў я ў 1956 годзе ў газеце «Літаратура і мастацтва» і які, як потым я даведаўся, перадрукавала мюнхенская «Бацькаўшчына»... І хоць жыў я на прыватнай кватэры, але і гэта некаторым здалося занадта вялікай раскошай для такога «ачарніцеля сацыялістычнай рэчаіснасці», які быў я, і мне рыхтавалі жыллё ў зусім іншым месцы... Дзякуй Першаму сакратару ЦК КПБ Мазураву Кірылу Трафімавічу, які мяне прыняў і выратаваў ад яшчэ большых непрыемнасцей...

Ці паўплывала ўсё гэта на мяне, на маю творчасць? Так, паўплывала. Я пачаў больш думаць над усім, што раблю, больш адказна адносіцца да кожнага слова, што выходзіла з-пад майго пяра. Але ў галоўным я не змяніўся — пісаў пра тое, што балела, што перажыў,— пісаў праўду, і толькі праўду. Як яе ведаў, як бачыў. Не ўсе рэдактары прымалі да друку мае творы, даводзілася многае правіць, выкідваць цэлыя старонкі, перарабляць эпізоды і г. д. І ўсё ж я працаваў, верыў — калі-небудзь мне ўдасца надрукаваць свае творы так, як яны напісаны... Тым, каму здаецца, што пішу я лёгка, хутка, магу сказаць: даецца ўсё гэта мне вялікай маёй сабранасцю і дысцыплінай. Я ведаю, што калі чаго-небудзь не скажу, за мяне таго ніхто ўжо не скажа. І таму не маўчу, гавару... У любых умовах, якія б складаныя яны ні былі...

 

2

а) Зноў жа і на гэтае пытанне пачну са свайго адказу, які даваў газеце «Чырвоная змена» ў тым самым 1962 годзе. Тады збіралася нарада маладых літаратараў у Маскве, я быў вылучаны ў склад яе ўдзельнікаў, і «Чырвоная змена» брала ў мяне інтэрв’ю. Праўда, пасля маіх адказаў на пытанні газеты я быў выключаны з удзельнікаў нарады, але сёння гэта не мае значэння. На пытанне: «Якія Вашы меркаванні аб творчасці сваіх равеснікаў?» я адказаў так: «Рэдакцыя, ставячы такое пытанне, мусіць, мела на ўвазе, што я думаю пра тых пісьменнікаў, да якіх належу сам і якія прыйшлі ў беларускую літаратуру ў апошні час, а менавіта — пасля гістарычнага ХХ з’езда партыі. Што ж, пісьменнікі гэтага пакалення цікавыя, своеасаблівыя: большасць з іх бачыла вайну, ведае цяжкасці і неўладкаванасць нашага жыцця першых год вызвалення, добра памятае часы культу асобы Сталіна. Разам з тым на долю таго пакалення, да якога належым мы, выпала найвялікшая адказнасць, якая ніколі яшчэ не выпадала на долю ні аднаго пакалення,— закласці падмурак камунізму ў нашай краіне. Тыя творчыя заяўкі, што зрабілі маладыя пісьменнікі (на жаль, не ўсе!), даюць падставу чакаць ад маладых літаратараў значных творчых узлётаў. Пакуль жа хваліцца нам асабліва няма чым — лепшыя творы і па думках, і па поглядах на жыццё, і па глыбіні мастацкага адлюстравання напісалі і пішам не мы, а пісьменнікі старэйшага пакалення, такія, як Іван Мележ, Аляксей Кулакоўскі, Янка Брыль, Максім Танк, Пімен Панчанка, Аркадзь Куляшоў...

І ўсё ж на пісьменнікаў свайго пакалення, маіх сяброў па пяру, я гляджу аптымістычна. Мне здаецца, што ў нас ёсць не толькі ўзроставая патэнцыя, але сёе-тое і яшчэ. Асабліва вялікія надзеі я ўскладаю на маладых празаікаў і крытыкаў. Бадай што не памылюся, калі скажу, што празаікі абагналі паэтаў. Паглядзіце, колькі прыйшло за адзін-два гады ў прозу талентаў розных і ані не падобных адзін на аднаго — Васіль Быкаў і Уладзімір Караткевіч, Іван Пташнікаў і Міхась Стральцоў, Вячаслаў Адамчык і Іван Чыгрынаў, Анатоль Кудравец і Уладзімір Дамашэвіч...

Мне думаецца, калі маладыя літаратары і не створаць выдатных мастацкіх твораў, дык, ва ўсякім выпадку, не пакінуць пасля сябе тых наслаенняў, што мела літаратура часоў культу асобы і якія вельмі ж шкодзілі развіццю беларускай і ўсёй савецкай літаратуры. Што гэта за наслаенні — усе мы добра ведаем. Гэта і няшчырасць некаторых пісьменнікаў старэйшага пакалення, паказ у творах таго, чаго няма ў жыцці. Гэта і апаганьванне твораў, вартых нашага часу, і захвальванне тых, якія да літаратуры не маюць ніякага дачынення. Культ асобы не даў магчымасці многім сапраўды таленавітым пісьменнікам працаваць у поўную сілу, гаварыць з народам на ўвесь свой голас. Для некаторых жа ён меў зусім сумныя вынікі — літаратары былі пазбаўлены магчымасці працаваць у літаратуры ці загінулі па віне паклёпнікаў...»

б) Надзеі, што ўскладаліся на прозу, мне здаецца, апраўдаліся. І Васіль Быкаў, і Уладзімір Караткевіч, і Іван Пташнікаў, ды і ўсе астатнія, каго я называў, сваёй творчасцю не толькі знялі наслаенні, што мела літаратура часоў культу Сталіна, але і ўнеслі свой адчувальны ўклад у развіццё літаратуры, напісалі значныя творы, якія сёння перакладаюцца на многія мовы свету і выдаюцца ў самых розных краінах, чытаюцца і вывучаюцца ў школах, інстытутах, універсітэтах. Без гэтых твораў не ўяўляецца сёння беларуская ды і ўся савецкая літаратура. У прозу ўліліся і некаторыя паэты, нашы літаратурныя равеснікі — Янка Сіпакоў, Алесь Наўроцкі, Уладзімір Паўлаў... Праўда, і толькі праўда стала як бы дэвізам нашых творчых памкненняў, ёй адной мы пакланяліся і пакланяемся...

Горш з крытыкай. Тыя добрыя заяўкі, якія падавалі некаторыя з маладых крытыкаў, не знайшлі свайго працягу. У сім-тым вінаваты самі крытыкі, у сім-тым вінаваты і час. Старое брала верх над новым. Трэба было ўсё хваліць. Да таго ж старое, аджылае вельмі хутка аб’ядноўвалася, жорстка помсціла. Варта было мне не назваць у ліку пісьменнікаў старэйшага пакалення, якія напісалі добрыя творы, двух кіраўнікоў Саюза пісьменнікаў, як мяне адразу ж выкінулі з удзельнікаў нарады. А паспрабаваў бы хто-небудзь сказаць праўду пра творы, якія гэтыя ды і іншыя ім падобныя пісьменнікі пісалі? Хто б гэта надрукаваў?.. Таму многія з крытыкаў падаліся ў вучоныя, сталі кандыдатамі, дактарамі навук, некаторыя самі пачалі пісаць прозу, вершы... А ў выніку — крытыка не зрабіла таго, што магла б зрабіць. Яна і сёння адстае ад іншых жанраў нашай літаратуры...

Шмат добрых слоў можна сказаць пра паэзію, яна дастойна прадоўжыла традыцыі, якія некалі закладвалі Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч, Алесь Гарун ды і іншыя паэты, такія, як Максім Танк, Аркадзь Куляшоў, Пімен Панчанка, Максім Лужанін... Праўда, я і цяпер прытрымліваюся думкі, што ўсё ж проза нават у самыя неспрыяльныя часы — часы валюнтарызму і застою — уклінялася глыбока ў жыццё, імкнулася паказваць яго ва ўсіх праявах. Не дзіўна, што многія творы прозы цяжка знаходзілі дарогу да чытача. Успомнім хоць бы лёс твораў Васіля Быкава, Уладзіміра Караткевіча, Івана Пташнікава...

Да гонару свайго пакалення можна сказаць і яшчэ адно: мы мала сварыліся між сабою, мала высвятлялі адносіны адзін да аднаго, мы працавалі. Працавалі дружна, да самазабыцця — кожны з нас нібыта спяшаўся выказаць усё, што ведае, бачыў, перажыў... Гэта мы робім і цяпер. Шкада, што сярод нас ужо няма Уладзіміра Караткевіча, Міхася Стральцова ды і некаторых іншых... Што ж, гэта на жывых накладвае новыя абавязкі — мы павінны працаваць яшчэ больш, яшчэ лепш. Становішча нашай мовы, нашага народа абавязвае менш за ўсё думаць пра сябе.

1988 г.

 

Адказы на пытанні штотыднёвіка «Ніва» (Беласток)

1. Ваша краіна перажывае вялікія перамены. Скажыце, калі ласка, што ідэя перабудовы азначае, калі пералажыць яе на практыку беларускай літаратурнай рэчаіснасці?

2. Вы напісалі ў «ЛіМе» цыкл дасканалых артыкулаў аб драматычным мінулым беларускай літаратуры. Ці не агортвае вас боязь, прыносячы пытанні-табу?

3. Як думаеце, ці многа яшчэ засталося «белых плям» у беларускай літаратуры?

4. Якія Вашы найбліжэйшыя планы ў галіне публіцыстыкі і мастацкай літаратуры?

5. Вы наведалі Беласточчыну і сутыкнуліся з рознымі формамі дзейнасці БГКТ. Якія Вы вынеслі ўражанні з прабывання сярод беларусаў у Польшчы?

6. Што хацелі б сказаць беларусам Беласточчыны?

 

1. Беларуская пісьменніцкая арганізацыя — неаднародная. Ёсць у яе шэрагах як людзі перадавых поглядаў, так і адсталых. І калі адны сваёй творчасцю, сваёй грамадзянскай пазіцыяй набліжалі перабудову, змагаліся за яе, дык іншыя альбо адседжваліся — «мая хата з краю, я нічога не знаю»,— альбо супраціўляліся, трымаліся за старое, звыклае. Не скажу, каб сёння нешта вельмі змянілася ў гэтым напрамку. І цяпер яшчэ сёй-той спадзяецца, што вернуцца ранейшыя, старыя «добрыя» часы, таму асабліва не актыўнічае, чакае. Іншыя ж — перадавыя — робяць усё, што толькі можна, каб старое не вярнулася. Самым баявым жанрам стала публіцыстыка, аповед пра тое, пра што раней не прынята было гаварыць. Ды і спадчыну, што не друкавалі па розных прычынах, узяліся друкаваць. Пішуцца, вядома, і мастацкія творы. Пра набалелае, тое, што замоўчвалася ці пра што пісалася не на поўную моц. Словам, літаратура спрабуе выкарыстаць спрыяльны для яе развіцця час...

2. Не, не агортвае. Я заўсёды пісаў толькі тое, што мяне хвалявала, пісаў праўду. Цяжкасці ўзнікалі потым, калі здаваў свае творы ў друк. Цяпер гэтых цяжкасцей стала менш.

3. Многа. Па сутнасці, трэба пісаць новую гісторыю Беларусі, новую гісторыю беларускай літаратуры, новую гісторыю беларускага мастацтва, тэатра, музыкі і г. д. Узнікае патрэба новага выдання і Беларускай Савецкай Энцыклапедыі. Словам, амаль усё, што было зроблена дасюль у грамадскіх навуках, не задавальняе сучаснікаў. Зашмат абыдзеных маўчаннем фактаў, ды і тыя, што не абыдзены маўчаннем, падаюцца часта непраўдзіва, не так, як усё было на самай справе. Што ж да літаратуры, дык тут таксама, на жаль, «белых плям» больш чым дастаткова. Прычым як у дарэвалюцыйнай, так і ў савецкай. Цяпер агульнымі намаганнямі спрабуем сёе-тое вярнуць з раней забароненага, сёе-тое вытлумачыць інакш, як тлумачылася да нядаўняга. Але за адзін-два гады ўсяго, вядома, што хацелася б, не зробіш. Патрэбен час. І свежыя сілы, асабліва навуковыя, даследчыцкія...

4. Планы, вядома, ёсць, і немалыя, дай бог, як кажуць, здароўя і сіл, каб іх здзейсніць. Але... Я адношуся да тых, хто не любіць хваліцца планамі. І іх раскрываць. Таму і гэты раз астануся самім сабою, не буду сябе гвалціць...

5. Праз свае ўражанні аб наведванні Беласточчыны я якраз пішу. Не ведаю, што атрымаецца з гэтага, але мне хочацца расказаць пра гэты яшчэ адзін цудоўны куточак беларускай зямлі, пра тое, як жывуць і працуюць тут людзі. Прызнаюся: Беласточчына мне падабаецца, я яе ўбачыў упершыню ў 1943 годзе, калі мяне, малога хлапчука, вязлі фашысты ў Нямеччыну — тады я прабыў у лагеры за калючым дротам непадалёку ад Беластока больш за месяц... Падабаюцца мне і працавітыя сціплыя насельнікі гэтай зямлі. І асаблівая мая пашана — да энтузіястаў, якія робяць усё магчымае, каб Беласточчына жыла багатым духоўным жыццём, каб не забывалася роднае слова, родная песня... На жаль, тыя, хто жыве ў Савецкай Беларусі, не ведаюць многіх вашых праблем і цяжкасцей. А мы ж — браты, сёстры па крыві, па лёсу... Хочацца верыць, што змены, якія адбываюцца ў нашай краіне, у адносінах з сацыялістычнымі краінамі, і ў прыватнасці з ПНР, дапамогуць усім нам пазбыцца многага, што перашкаджала дружбе, яшчэ цяснейшаму збліжэнню.

6. Дзякуй, шчырае вам дзякуй за ўсё добрае, што вы робіце дзеля росквіту і славы Бацькаўшчыны!

21.VII.1988 г.

 

Памяць і бяспамятнасць1

Вось каторы ўжо дзень, дарагія таварышы, не пакідае мяне адна думка: як бы добра жылося ўсім нам, беларусам, а яшчэ лепей усяму нашаму чыноўна-бюракратычнаму кіруючаму апарату, калі б улетку 1938 г. у Беларусь не прыехаў рускі чалавек Панцеляймон Кандратавіч Панамарэнка, не быў ён абраны Першым сакратаром ЦК рэспублікі і нейкім чынам не ўмяшаўся ў тое, што некаторымі было задумана і пра што пісалася 5 лютага 1919 г. у газеце «Звязда» вельмі шчыра: «...потуги националистической интеллигенции к созданшо «своего» белорусского языка, «своей» национальной культуры напрасны... Пусть примут это к сведению белорусские писатели». І дзеля таго, каб раз і назаўсёды пакончыць з гэтымі «потугами», да прыезду ў Мінск Панамарэнкі было зроблена ўсё — тых, хто яшчэ не адцураўся «своего» белорусского языка», пісаў на ім, асталося літаральна некалькі чалавек, і на іх, як выявілася, былі таксама аформлены ордэры на арышт. Тое ж, што было створана за стагоддзі беларускай літаратурай і беларускай культурай, было аб’яўлена шкодным, непатрэбным і выкінута, як смецце. Каб не затрымліваць вашай увагі далей на гэтым, не расказваць, як усё гэта і кім рабілася і як, дзякуючы П.К.Панамарэнку, было спынена, параіў бы прачытаць артыкул-эсэ «Бэндэ», які пачынае ў бліжэйшы час друкаваць «Літаратура і мастацтва». Кожны чалавек павінен мець гістарычную памяць, ведаць, што было не толькі пры ім, але і да яго. А тым больш ведаць тое, што рабілася ў тыя, як цяпер называюць некаторыя, «культаўскія часы». У нас жа, у Беларусі, вынішчаліся не толькі «кулакі», розныя «нехацімцы», «шкоднікі», «трацкісты», «зіноўеўцы», «бухарынцы», але і «нацдэмы». І вынішчэнне гэтае пачалося ўжо з вясны трыццатага года — тады было арыштавана і выслана з Беларусі больш як 200 вядомых і паважаных у народзе асоб. Калі М.Горкі ў «Несвоечасовых думках» перасцерагаў аб той шкодзе, якую можна нанесці рускаму народу, калі знішчыць «тонкую абалонку інтэлігенцыі», то што казаць пра беларускі народ, пра нашу нацыянальную інтэлігенцыю, якая толькі-толькі нараджалася? А пагоня ж за «нацдэмамі» вялася на працягу дзесяцігоддзяў. Дайшло да таго, што нават тыя, хто арганізоўваў Савецкую Беларусь, устанаўліваў Савецкую ўладу, былі аб’яўлены «ворагамі народа» і арыштаваны, высланы ці, не вытрымаўшы здзеку, пакончылі жыццё самагубствам. Загінулі Цішка Гартны, Усевалад Ігнатоўскі, Аляксандр Чарвякоў, Язэп Адамовіч, Мікалай Галадзед, Васіль Шаранговіч, Платон Галавач, Міхась Чарот... Усіх проста цяжка пералічыць... А хіба сказана праўда пра гады калектывізацыі — як і каго ў нас раскулачвалі? Ды і пра ўтварэнне Савецкай Беларусі не ўсё яшчэ сказана, не надрукаваны многія ж дакументы, прычым вельмі важныя. Не асветлена па-належнаму роля Мяснікова ды і іншых таварышаў, якія былі супраць утварэння БССР. Замоўчваўся, а калі і асвятляўся, дык тэндэнцыйна, аднабакова і нацыянальна-вызваленчы рух на Беларусі. А хіба сказана праўда пра ўсё астатняе, што было раней — у гады царызму ды і ў гады Вялікага княства Літоўскага? Анарэ дэ Бальзак калісьці гаварыў, што «добра напісаныя гістарычныя раманы вартыя лепшых курсаў гісторыі». Сапраўды гэта так, не згадзіцца з аўтарам «Чалавечай камедыі» нельга. І ўсё ж значэнне лепшых курсаў гісторыі недаацэньваць таксама не варта хоць бы ўжо таму, што гэта настольныя кнігі вучня, па іх кожны, хто ўступае ў жыццё, пазнае мінулае, выпрацоўвае гордасць за свой народ, нацыянальную самасвядомасць. Такога курса ў нас пакуль няма... Тыя ж, што выдаюцца, нават пяцітомная акадэмічная «Гісторыя БССР», грашаць недакладкасцямі, яны абыходзяць маўчаннем многія вельмі важныя факты, а калі некаторыя з іх і называюцца, дык вытлумачэнне не вытрымлівае ніякай крытыкі. Галоўная ж бяда ўсіх гэтых «гісторый» — у іх няма сваёй канцэпцыі, адметнасці і непаўторнасці таго шляху, які прайшоў беларускі народ да свайго станаўлення і росту нацыянальнай самасвядомасці.

Тыя ж памылкі, пропускі, недакладнасці мае і Беларуская Савецкая Энцыклапедыя. Застольна-застойны перыяд не лепшым чынам адбіўся на ёй. Таму трэба ставіць як першачарговую задачу стварэнне курса беларускай гісторыі як для вучняў сярэдніх школ, так і для студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў, а таксама пачаць новае выданне Беларускай Савецкай Энцыклапедыі.

Надышоў час напісаць і выдаць і новую гісторыю беларускай літаратуры, бо ў тых, што дасюль выходзілі, занадта многа пропускаў, замоўчаны імёны, творы і факты, без якіх літаратура наша ўяўляецца няпоўнай, збедненай і далёкай ад таго, што было на самай справе. Проста недаравальна, якія мы непаваротлівыя, як мала робім па вяртанню нашай такой каштоўнай і багатай спадчыны. Усім нам трэба прачнуцца ад шматгадовай спячкі і папрацаваць, што называецца, закасаўшы рукавы. Досыць пустазвонства, звядзення асабістых рахункаў, амбітнасці і дэмагогіі! Тыя планы, што складзены па патрабаванню чыноўніка-бюракрата аж да 2000 года, павінны быць перагледжаны. Грамадскасць чакае, асабліва ад вучоных, доказных, вывераных слоў, а не такіх, якія нядаўна прыпаднёс чытачам новага часопіса «Беларуская мова і літаратура ў школе» дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Акадэміі навук БССР А. І.Жураўскі. Ён, напрыклад, вучыць пісьменнікаў, што «для літаратурнай мовы было б значна лепш, каб аўтары больш шырока вялі пошукі ў слоўніках», а не прыслухоўваліся да таго, як і што гавораць людзі. «Ничтоже сумняшеся» ён сцвярджае, што творы мастацкай літаратуры мала чытаюць не таму, што ў нас фактычна няма беларускай сярэдняй і вышэйшай школы, што наша мова выжыта чыноўнікам-бюракратам з ужытку, не працуе на ёй ні адна дзяржаўная ўстанова, а таму, што пісьменнікі, бачыце, выкарыстоўваюць зашмат дыялектызмаў. Калі б яго права — а ён прэтэндуе на яго як дырэктар інстытута,— ён забараніў бы не толькі пісаць, але і вымаўляць дзесяткі, сотні слоў, бо яны ці польскія, ці дыялектныя. І ўжо даходзіць ледзь не да палітычнага даносу, вяртання ў сумна вядомыя трыццатыя гады, калі член-карэспандэнт піша, што «некаторыя нашы сучасныя аўтары папаўняюць свой лексікон з рэсурсаў эмігранцкіх выданняў, выцясняючы з ужытку спрадвечныя лексічныя сродкі». У якасці прыкладу ён прыводзіць словы «згадка», «згадваць» і ад іх вытворныя, тым самым залічваючы ў вучні сучасных эмігрантаў М.Багдановіча, які не бачыў у гэтым слове ніякай крамолы і пісаў: «Зорка Венера ўзышла над зямлёю, светлыя згадкі з сабой прывяла...» Хацелася б параіць вучонаму, каб ён менш капаўся ў рознай эмігранцкай макулатуры, а больш бываў сярод народа, слухаў жывую мову ці хоць бы зрэдку гартаў тыя слоўнікі, што складаюць і выдаюць супрацоўнікі яго ж інстытута і ў якіх ён раіць пісьменнікам весці пошук слоў, бо кожны ж вучоны мяняе правапіс тых ці іншых слоў не паводле правілаў і законаў мовы, а паводле свайго густу — адзін набліжаючы яго да рускага, другі — да польскага. Ранейшы дырэктар гэтага інстытута М.Р.Суднік спрадвечна беларускія імёны аб’явіў простанароднымі і ўвёў канцылярыт у іх напісанне. Дзякуй богу, што ён не паспеў і маё імя прызнаць за простанароднае, а то пісалі б не Барыс, а Барысій, як пішуць ужо Васілій, Аркадзій, Анатолій... А да чаго давядзе мовазнаўства А.І.Жураўскі з такім «вучоным» размахам, які ён паказаў у згаданым — прашу прабачыць, што і я ненарокам ужыў гэтае «эмігранцкае» слова,— артыкуле.

Дзіва дзіўнае, дый годзе! Самавольна, без рашэння адпаведных органаў, дый без згоды бацькоў, пераведзены з беларускай мовы навучання на рускую амаль усе сярэднія школы, а вось у адваротны бок зрабіць хоць што... Толькі па закону, толькі па заявах бацькоў! Нехта малапісьменны Фясько ў бытнасць сваю рэдактарам «Калгаснай праўды» ў светлай памяці кукурузна-валюнтарысцкі перыяд нашага развіцця прабраўся да М.С.Хрушчова і дамогся, каб газета выходзіла «только на одном понятном и близком белорусскому крестьянину русском языке». Фясько даўно няма, памёр, а газета, у якой некалі выступалі са сваім мастацкім словам амаль усе вядомыя беларускія пісьменнікі, так і выходзіць «только на одном понятном и близком белорусскому крестьянину русском языке». Скарацілі, не разабраўшыся, аб’ёмы беларускіх літаратурна-мастацкіх часопісаў... Усім відаць — зроблена, мякка кажучы, глупства... Але прызнаць памылку, адмяніць рашэнне... Не! Адбылася аварыя на Чарнобыльскай АЭС, засыпаны радыеактыўнымі нуклідамі палі, лясы, вёскі Гомельшчыны і Магілёўшчыны — трэба б перасцерагчы людзей ад бяды, надрукаваць карты забруджаных мясцін... Ма, як кажуць дзеці! Гіне на нашых вачах некалі самая багатая ў Беларусі Случчына... А што робіцца ў Наваполацку, на Палессі, на Прыпяці! Дзе падзяваліся вядомая па «Слову аб палку Ігаравым» Няміга, многія помнікі культуры і гісторыі, якімі яшчэ зусім нядаўна ганарыліся? Гаворым, крычым — «выпускаем пару», плачам ужо не слязьмі — крывёю, а «Васька слушает да ест». А што робіцца з нашымі літаратурнымі музеямі, якія ў свой час былі перададзены Міністэрству культуры? Стварыўшы так званую Аб’яднаную дырэкцыю літаратурных музеяў і прызначыўшы ёю кіраваць людзей, якія не ведаюць не толькі музейнай справы, але і беларускай літаратуры, выпадковых, міністэрства гэтыя музеі проста, па-руску кажучы, «сводит на нет», дабівае да ручкі і ў прамым і ў пераносным сэнсе гэтага слова. Усюды ідзе скарачэнне чыноўнікаў-бюракратаў, а тут узяліся іх пладзіць! Ды і не прагонам па залах наведвальнікаў музеі гэтыя павінны займацца, а прапагандай творчасці нашых класікаў, збіраннем і вывучэннем яе, навуковай працай, якія фактычна на сённяшні дзень у гэтых музеях спынены. А бібліятэкі Міністэрства культуры? З года ў год яны скарачаюць заказы на беларускую літаратуру, усё менш і менш выпісваюць беларускіх газет і часопісаў, спасылаючыся на тое, што па-беларуску чытаць не хочуць. Некаторыя работнікі Міністэрства асветы трошкі па-іншаму разважаюць — вучыць сваіх дзяцей па-беларуску не хочуць... І ніхто зразумець не хоча, што зроблена ж усё дзеля таго, каб людзі самі не хацелі сваёй мовы, бо яна лішняя, непатрэбная, а то і небяспечная пры некаторым размяшчэнні свяціл, вядома, не нябесных, а зямных, як гэта было ў трыццатыя гады... Зараз партыя бярэцца многае папраўляць у нацыянальным пытанні... Хацелася б, каб пры гэтым не забывалася і Міністэрства культуры... Памылкі, што дапушчаны, трэба прызнаваць і папраўляць. Пакуль не навучымся гэта рабіць, ніякай перабудовы не будзе...

Таварышы!

Калі некалькі гадоў таму назад у каго-небудзь з вас ды і ў мяне пыталі, што чакае нас і нашых дзяцей заўтра ці паслязаўтра, мы не задумваючыся адказвалі: светлая, шчаслівая будучыня. Сёння на такое пытанне гэтак ніхто ўжо не адкажа. І не таму, што мы паразумнелі, сталі ведаць больш, чым ведалі, гаварыць пра ўсё шчыра, без боязі, азірання на начальства, але і таму, што незвычайна ў апошні час ускладнілася само жыццё. Арсеналы жудаснай зброі, якая здольна знішчыць усё жывое, папаўняюцца новай, яшчэ страшнейшай. Адна за адной то тут, то там адбываюцца аварыі на атамных электрастанцыях, што растуць, быццам грыбы, ва ўсіх людных рэгіёнах. Таксічныя рэчывы выбухаюць, выліваюцца з заводскіх рэзервуараў і чыгуначных цыстэрнаў часта побач з чалавечым жыллём. І, кладучыся спаць, ні ў кога няма ўпэўненасці, што прачнецца жывы і здаровы ўранні. Снедаючы, абедаючы, вячэраючы, хто з нас ведае, колькі і чаго глытаем разам з ядою — нітратаў, радыеактыўных нуклідаў ці іншай не менш небяспечнай нечысці і атруты. Мы п’ём ваду, дыхаем паветра