epub
 
Падключыць
слоўнікі

Барыс Віян

Ваўкалак

Ён жыў у лесе Фос-Рэпоз, пад Пікардзійскім узгоркам, вельмі прыгожы чорны дарослы воўк з вялікімі чырвонымі вачыма. Звалі яго Дэні. Найболей яму падабалася назіраць з лесу за тым, як аўтамабілі, што імчаліся па дарозе з Віль-д'Аўрэй, прыбаўлялі газу перад залітым сонцам адхонам, на якім лівень пакінуў толькі што аліўкавы адбітак высачэзных дрэў. Яшчэ ён любіў гуляць летнімі вечарамі па лесасецы і падглядаць за барацьбой нецярплівых закаханых з нялёгкімі эластыкавымі гарнітурамі, з якіх, на жаль, складаецца звычайна ў наш час бялізна. Ён, як філосаф, сузіраў вынікі ўпартых намаганняў, якія часам завяршаліся поспехам, і адыходзіў, цнатліва пакручваючы галавою, калі якой-небудзь ахвяры прыходзілі, як кажуць, капцы. Нашчадак многіх пакаленняў цывілізаваных ваўкоў, Дэні харчаваўся травою і блакітнымі гіяцынтамі, прыпраўляючы іх восенню адборнымі шампіньёнамі, зімою ж вымушаны быў красці малако ў бутэльках з вялікага жоўтага грузавіка малочнай фірмы; жывёльны смак малака быў проста жудасны, і воўк з лістапада да лютага кляў бязлітаснасць сезона, з-за якога псаваў сабе страўнік.

Дэні жыў у згодзе з суседзямі, якія дзякуючы яго сціпласці нават не здагадваліся пра існаванне ваўка. Ён знаходзіў сабе прытулак у маленькай пячоры, што выкапаў шмат гадоў таму назад адзін золаташукальнік. Зазнаючы праз усё жыццё адны няўдачы, той страціў урэшце апошнія надзеі знайсці калі-небудзь свой маленькі «кошык апельсінаў» (як сказаў Луі Бусенар) і вырашыў на схіле дзён прадоўжыць пошукі, такія ж марныя, як і маніякальныя, у зоне ўмеранага клімату. Дэні зрабіў сабе ў гэтай пячоры камфартабельнае жытло, упрыгожыў яго патроху каўпакамі колаў, гайкамі і іншымі аўтамабільнымі дэталямі, падабранымі на дарозе пасля даволі частых тут аварый. Ён увогуле моцна захапіўся механікай і нярэдка, перабіраючы трафеі, марыў пра сваю майстэрню. Чатыры шатуны з лёгкай сталі, на якія ён паклаў верх дарожнага чамадана, замянялі стол, ложак быў зроблены са скураных сядзенняў старога «Амількара», што калісьці ўрэзаўся ў вялікі каранасты платан на павароце, а дзве шыны сталі шыкоўнымі рамамі на партрэты даўно і пяшчотна любімых бацькоў; усё гэта густоўна спалучалася з рэчамі больш банальнымі, якія некалі сабраў золаташукальнік.

У адзін жнівеньскі вечар Дэні, як і штодня, прагульваўся па лесасецы дзеля лепшага стрававання. Ён набліжаўся ўжо да дуба, пасля якога звычайна паварочваў назад, як раптам па волі лёсу спаткаў на сваім шляху Эцьена Пампля, вядомага больш па мянушцы Сіямскі Маг, і зацягнутую ім у гушчар малышку Лізэт Кашу, чарнявую афіцыянтачку з рэстарана «Гранэй». На Лізэт быў новы файны гарсэт маркі «Насланнё», знішчэнне якога каштавала Магу шасці гадзін амаль няспыннае барацьбы, - менавіта таму і адбылася ў Дэні гэтая позняя сустрэча.

На няшчасце Дэні, абставіны былі выключна неспрыяльныя. Стаяла поўнач, і Сіямскі Маг заходзіўся ад злосці ў прыпадку антрапаліцыі*. З'яўленне Дэні, які, зрэшты, папрасіўшы ціха прабачэння, далікатна адышоў убок, неверагодна раз'юшыла Мага. Дужа расчараваны ў Лізэт і перапоўнены энергіяй, якой трэба было неадкладна даць выйсце, ён кінуўся на бязвіннага ваўка і з усяе сілы ўкусіў яго за лапатку. Дэні пабег з трывожным віскам. Ледзь дацягнуўшыся да пячоры, ён зваліўся на зямлю і заснуў цяжкім сном, які ўвесь час праціналі жахлівыя трызненні.

* Вар'яцтва, пры якім хвораму здаецца, што ён воўк ці іншая жывёліна.

Але патроху ён забыўся пра сваю ліхую прыгоду, і дні пацяклі, як і раней, розныя і аднолькавыя. Набліжаўся верасень, Дэні аб'ядаўся груздамі і баравікамі, хапаў часам колькі апенек і, як чумы, баяўся цяжкіх для стрававання свінушак. Цяпер увечары людзі гулялі ў лесе нядоўга, і ён клаўся спаць раней. І ўсё ж здавалася, што адпачываў ён ад гэтага не лепш. Разбіты і змораны, нашпігаваны кашмарамі, Дэні прачынаўся ўжо на золку. Яго перастала цікавіць нават механіка, і часам ён да самага паўдня задуменна праседжваў з анучаю ў лянівай лапе над пазелянелай латуннай трубкай, якую зранку збіраўся нацерці да бляску. Сон яго рабіўся ўсё больш неспакойны, і Дэні дзівіўся з таго, што не знаходзіў гэтаму тлумачэння.

У ноч поўні ён раптам прачнуўся, трасучыся ад ліхаманкі і холаду. Быў ён сам не свой і таму, падняўшыся, запаліў, каб паглядзець, у чым жа справа, файную фару, што засталася яму колькі месяцаў назад ад разбітага «мерседэса». Святло заліло ўсе закуткі пячоры. Дэні ледзь дайшоў да аўтамабільнага люстэрка, што вісела над яго туалетным столікам. Спачатку, адчуўшы, што ён стаіць на задніх лапах, Дэні здзівіўся, і толькі, але калі ўбачыў у люстэрку свой твар, проста збянтэжыўся: на яго глядзела штосьці незвычайнае, белаватае, голае - хіба што прыгожыя рубінавыя вочы нагадвалі яшчэ былы яго выгляд. Ён застагнаў, агледзеў сябе з усіх бакоў і зразумеў нарэшце, чаму так працінаў яго ледзяны холад. Яго багатая чорная шэрсць знікла, і быў ён такі ж нязграбны і даўжэзны, як усе тыя істоты, неспрактыкаванасць якіх у любоўных справах адно выклікала ў яго смех.

Трэба было ўцякаць адсюль як мага хутчэй. Дэні кінуўся да чамадана з розным старым хламам, таксама патроху падабраным на дарозе. Інстынкт падказаў яму выбраць элегантны шэры ў белую палоску касцюм, аднатонную ружовую кашулю і бардовы гальштук. Як толькі Дэні адзеўся, усё яшчэ не разумеючы, як гэта ён стаіць на задніх лапах, яму стала крыху лягчэй - ён нават перастаў ляскаць зубамі. Пасля ён разгублена, са слязьмі на вачах паглядзеў на маленькую кучку чорнае шэрсці каля свайго ложка і адразу ж неверагодным намаганнем волі саўладаў з сабой.

Трэба было, не марудзячы, абдумць, што рабіць далей. Ён шмат чаго ведаў са старажытных кніг, і карціна здавалася яснай: Сіямскі Маг быў ваўкалак, а ён, Дэні, перакінуўся пасля яго ўкусу ў чалавека.

Зразумеўшы, што жыць яму цяпер у невядомым свеце, Дэні адчуў спачатку неверагодны жах. Чалавек сярод людзей - якія ж толькі небяспекі не чакаюць яго цяпер! Ужо адзін успамін пра тую марную барацьбу, якую днём і ноччу вялі між сабою шафёры на Пікардзійскім узгорку і якая здавалася яму вельмі сімвалічнай для жыцця людзей, дазваляў Дэні адчуць жудасны смак таго існавання, законам якога прыйдзецца яму цяпер падпарадкоўвацца. Але потым ён падумаў, што калі чарнакніжнікі не маняць, то жыццё яго ў чалавечай шкуры не павінна было вельмі ўжо задоўжыцца. Чаму ж тады не пакарыстацца гэтакім выпадкам і не зрабіць падарожжа па гарадах? Трэба сказаць, што не ўсе сцэны, якія воўк бачыў у лесе, выклікалі ў яго агіду, да таго ж, аблізаўшыся, ён прыкмеціў, што язык яго, нягледзячы ні на што, застаўся прыгожа завостраным. Ён падышоў да люстэрка і ўгледзеўся ў сябе: рысы яго не былі такія страшныя, як ён меркаваў. Дэні разявіў рот і з задавальненнем канстатаваў, што паднябенне яго было таго самага прыемнага чорнага колеру, пасля пераканаўся, што ён, як і раней, мог варушыць вушамі, якія, праўда, былі для чалавека крыху задоўгія і валасатыя. Але чысты прадаўгаваты твар і белыя зубы рабілі яго, прынамсі, даволі сімпатычным (ва ўсякім выпадку, Дэні мог так меркаваць пра сваё аблічча, успамінаючы твары людзей, якіх ён сустракаў у лесе). Урэшце, заставалася толькі падпарадкавацца непазбежнаму і набыць у выніку вопыт на будучыню. Аднак асцярожнасць усё ж такі перамагла і вымусіла Дэні перад тым, як выйсці, прыхапіць чорныя акуляры, якія затушылі крыху ружаваты воўчы бляск вачэй. Ён узяў таксама плашч і, ускінуўшы яго на руку, упэўнена пайшоў да дзвярэй. Праз некалькі хвілін ён стаяў ужо з лёгкай валізай каля дарогі і ўдыхаў ранішняе паветра - нюх яго, відаць, пагоршыўся, бо пахаў вакол стала куды менш, чым раней. Прыкмеціўшы першы аўтамабіль, Дэні спакойна ўзняў руку. Вопыт падказваў яму, што аўтамабілі рэдка спыняліся на пад'ёме і ахвотна на спуску, бо сіла цяжару рабіла тады ход пасля прыпынку лягчэйшым, - і Дэні абраў парыжскі кірунак.

Шафёр не спяшаўся. Дэні спадабаўся яму сваёй элегантнасцю, і ваўкалак, ямчэй уладкаваўшыся на сядзенні, пачаў смела разглядваць прадстаўніка невядомага свету. Праз дваццаць хвілін няхуткай язды Дэні выйшаў на плошчы Оперы. Дзень быў ясны і лагодны, а вулічны рух даволі мерны. Ваўкалак рашуча выйшаў на пешаходную дарожку і пайшоў па бульвары да гатэля «Скрыб», дзе заплаціў за двухпакаёвы нумар з ваннай. Пакінуўшы валізу парцье, ён пайшоў у краму купляць ровар.

Раніца прайшла нібыта ў сне: разгублены, Дэні ніяк не мог справіцца з роварам. Ён адчуваў у глыбіні душы вялікае жаданне пакусаць якога-небудзь ваўка, ды, ведаючы, што знайсці тут сабе ахвяру не так ужо і лёгка, трымаў сябе ў руках і стараўся менш успамінаць парады чарнакніжнікаў. Дэні, безумоўна, мог спадзявацца, што калі яму крыху пашэнціць, то ён здолее дабрацца да заапарка, але разлічваў пайсці на такое хіба што ў крайнім выпадку. Усю сваю ўвагу ён накіраваў на ровар і хутка адчуў вартасці гэтай нікеліраванай машыны, якая магла стаць вельмі карыснай па дарозе назад у пячору.

Апоўдні Дэні паставіў ровар каля гатэля. Гледзячы на тое, як ён гэта рабіў, парцье дзівіўся, і толькі, але, мусіць, элегантнасць ваўкалака і яго рубінавыя вочы адбівалі ў людзей ахвоту рабіць яму заўвагі. З лёгкай душою Дэні выправіўся шукаць рэстаран і з многіх выбраў неблагі на выгляд, але сціплы і нешматлюдны: у другі магло падысці пазней занадта многа народу, а Дэні трохі баяўся, што манерам яго, нягледзячы на высокую агульную культуру, яшчэ ўласцівы лёгкі правінцыялізм. Ён выбраў столік у далёкім кутку і сказаў афіцыянту, каб той паспяшаўся.

Ды ці ж мог ён ведаць, што ў гэты такі ціхі на першы погляд рэстаранчык хутка пачнуць збірацца на штомесячнае пасяджэнне гурманы з клуба аматараў галаўня па-рамбалітанску? Толькі яму прынеслі абед, як у залу адзін за адным пацягнуліся ружовашчокія мужчыны. Яны ўмомант занялі сем столікаў на чатырох чалавек кожны. Гэты раптоўны наплыў вымусіў Дэні нахмурыцца, а неўзабаве, як і трэба было чакаць, да яго століка падышоў ветлівы метрдатэль.

- Выбачайце, мсье, калі ласка, - сказаў гэты гладка паголены франт Дэні, - ці не маглі б вы дазволіць нам пасадзіць побач з вамі мадэмуазель?

Дэні паглядзеў на дзяўчыну і зноў нахмурыўся.

- Мне было б вельмі прыемна, - адказаў ён, прыўзняўшыся.

- Дзякую, мсье, - праспявала дзяўчына музычным голасам. Голасам музычнае пілы, калі ўжо быць дакладным.

- Калі ўжо дзякуеце вы, - адказаў ёй Дэні, - то што застаецца мне, як не аддзякаваць вам?

- Гэта лёс, - зноў падала голас прыгажуня і адразу ўпусціла сумачку, якую Дэні злавіў на ляту.

- О! - ускрыкнула дзяўчына. - У вас неверагодная рэакцыя!

- Але, - згадзіўся Дэні.

- У вас вельмі дзіўныя вочы, - дадала яна хвілін праз пяць. - Яны нагадваюць... нагадваюць...

- Ну што вы, - крыху саромеўся Дэні.

- Гранаты, - скончыла дзяўчына.

- Што зробіш, вайна, - пачаў быў адказваць Дэні.

- Я вас не зусім разумею.

- Я думаў, - удакладніў Дэні, - што, гледзячы на мае вочы, вы прыгадаеце рубіны, але ж вы сказалі ўсяго толькі пра гранаты, і я адразу падумаў пра абмежаванні, якія прыносіць з сабой вайна, і пра суадносіны выніку і прычыны.

- Вы скончылі Вышэйшую школу палітычных навук? - спыталася чарнявая лань.

- Каб ніколі больш туды не вяртацца.

- А вы хлопец што трэба, - кінула камплімент дзяўчына, якая мела звычку з кожным новым знаёмым прыкідвацца нявінніцай.

- Я ахвотна сказаў бы тое самае і пра вас, - ветліва адказаў Дэні.

Яны разам выйшлі з рэстарана. Ашуканка сказала ваўкалаку, што мае непадалёку, у гатэлі «Выціскалка грошай», шыкоўны пакойчык.

- Хадзем паглядзім мае японскія эстампікі, - шапнула яна Дэні на вуха.

- А ці ж можна? - занепакоіўся Дэні. - Ці не патурбуем мы каго з вашых родных?

- Я, можна сказаць, сірата, - уздыхнула малышка, выціраючы слязінку кончыкам танюсенькага пальчыка.

- Як мне шкада вас! - ветліва паспачуваў ёй галантны кавалер.

Ідучы за ёю ў гатэлі, Дэні заўважыў, што парцье ў калідоры чамусьці не было, а ружовы плюш, якога тут было надта ўжо багата, надаваў установе даволі падазроны выгляд. Але ўзнімаючыся па лесвіцы, ён дазволіў усё ж дзяўчыне, каб разгледзець як след яе жаночыя вартасці, апярэдзіць сябе на некалькі прыступак.

Думка аддацца распусце з жанчынаю здалася яму спачатку агіднай, пасля смешнай, але ўспамін пра здарэнні ў лесе адагнаў сумненні, і неўзабаве ваўкалак пачаў на практыцы ажыццяўляць тыя веды, якія набыў візуальна. Прыгажуня прытворна стагнала, выказваючы неверагоднае задавальненне, але наіўны, малаадукаваны ў гэтай навуцы Дэні не прыкмеціў фальшу.

Ледзь ён апрытомнеў (дарэчы, даволі абыякавы да ўсяго таго, што адчуў з жанчынаю), як раптам зазвінеў гадзіннік. Усё яшчэ бледны, нібы мярцвяк, ён, цяжка дыхаючы, расплюшчыў вочы і са здзіўленнем убачыў, што дзяўчына, нахіліўшыся і павярнуўшыся да свайго кавалера, з вашага дазволу, задам, спрытна корпалася ў кішэнях яго пінжака.

- Вы шукаеце маю фотакартку? - спытаўся ён раптам у яе.

Адразу гэтая здагадка ўсцешыла яго, але па тым, як здрыганулася дзяўчына, Дэні зразумеў, што ён дужа памыляўся.

- Э-э... але... але, мой любы, - сказала прыгажуня, не разумеючы, ці смяецца ён, ці гаворыць сур'ёзна.

Дэні нахмурыўся. Ён устаў, падышоў да яе і праверыў свой партфель.

- Я бачу, вы адна з тых брыдотных самак, пра непрыстойнасць якіх можна даведацца з раманаў мсье Марыяка! - зрабіў выснову Дэні. - Сцерва.

Ашуканка збіралася адказаць як след гэтаму ёлупу, трасца яму ў бок, сказаць, вылаяўшыся не раз, што ён абрыдаў ёй і што яна на яго плявала, бо не такая яна дурная, каб класціся ў ложак з такім недаробкам дзеля задавальнення, але замест гэтага анямела ад бляску вачэй ачалавечанага ваўка. Маленькія чырвоныя праменьчыкі праціналі і паралізоўвалі чарнявую прыгажуню.

- Зрабіце ласку, адзеньцеся і выйдзіце хутчэй вон! - загадаў ёй Дэні.

Ваўкалак вырашыў раптам, каб павялічыць эфект, завыць. Ён ніколі гэтага не рабіў, але, нягледзячы на нявопытнасць, завыў вельмі жудасна.

Напалоханая да смерці прастытутка моўчкі мігам апранулася і выскачыла з нумара. Дэні застаўся адзін - і засмяяўся. Ён адчуваў у сабе штосьці распуснае, нешта такое, што распальвала яго.

- Гэта смак помсты, - сказаў ён сам сабе.

Ён прывёў сябе ў парадак і выйшаў. Была ноч, і бульвар залівала цудоўным святлом.

Не зрабіў Дэні і двух крокаў, як да яго падышлі тры мужчыны ў занадта ўжо кідкіх светлых касцюмах, новых капелюшах і да бляску наваксаваных чаравіках.

- Пагаворым? - сказаў худзейшы, смуглявы, з тонкімі вусікамі.

- Не прыкідвайся дурнем, - працадзіў праз зубы другі, чырвоны і квадратны.

- Зойдзем сюды, - прапанаваў смуглявы, калі яны праходзілі міма бара.

Дэні зайшоў. Заінтрыгаваны, ён усё яшчэ думаў, што прыгода гэтая была толькі жартам.

- Вы гуляеце ў брыдж? - спытаўся ён у мужчын.

- Зблытаеш нашы карты, атрымаеш па зубах - будзе тады табе брыдж, - змрочна адказаў чырвоны квадратны. Здавалася, што ён быў дужа раз'юшаны.

- Вось што, шаноўны, - сказаў смуглявы адразу пасля чырвонага, - вы толькі што даволі няветліва абышліся з дзяўчынаю.

Дэні зарагатаў.

- Ды ён здзекуецца з нас, морда! - сказаў чырвоны. - Нічога, зараз яму стане сумна.

- Бачыш, - дадаў смуглявы, - мы крыху сябруем з гэтай дзяўчынкай.

Дэні зразумеў усё.

- Бачу, - сказаў ён. - Вы - «каты».

У сутэнёраў ажно твары выцягнуліся ад такой знявагі: нячаста ім даводзілася чуть гэтую пагардлівую мянушку людзей іх занятку.

- Ты не жартуй! - пагрозліва папярэдзіў Дэні квадратны.

Дэні паглядзеў на іх.

- Здаецца, зараз я раззлуюся, - сказаў ён рашуча. - Такое са мной упершыню, але я пазнаю гэта пачуццё. Я шмат чытаў пра яго.

На тварах у сутэнёраў застыла збянтэжанасць.

- Ты што, фраер, думаеш нас напалохаць? - спытаўся чырвоны.

Трэці гаварыў мала, а сціснуў кулак і замахнуўся, але не паспеў данесці яго да падбародка Дэні, як ваўкалак ухіліўся, злавіў мужчыну за руку і сціснуў запясце. Пачуўся хруст.

На галаву Дэні цяжка апусцілася бутэлька - ён заморгаў і адступіў.

- Мы цябе зараз прыдушым, - сказаў смуглявы.

Бар апусцеў. Дэні пераскочыў столік і квадратнага мужчыну. Збянтэжаны, той разявіў рот, але ўсё ж такі паспеў ухапіцца за замшавы ваўкалакаў чаравік.

Адбылася кароткая бойка. Дэні падышоў да люстэрка. Каўнер у кашулі быў разарваны, праз шчаку цягнуўся шрам, пад вокам свяціўся «ліхтар». Ён жвава паклаў нерухомыя целы пад сядзеннямі каля стойкі. Сэрца проста выскоквала з грудзей. Ён крыху супакоіўся, ды раптам зірнуў на насценны гадзіннік. Было ўжо адзінаццаць.

«Чорт! - падумаў ён. - Трэба ўцякаць».

Ён хутка насунуў чорныя акуляры і пабег да гатэля.

Яго душу перапаўняла нянавісць, але Дэні разумеў, што трэба неадкладна вярнуцца ў лес.

Разлічыўшыся за нумар, ён узяў валізу, ускочыў на ровар і стартаваў - нібыта чэмпіён свету па гонках на роварах.

 

* * *

 

Дэні пад'язджаў да моста Сен-Клу, як раптам яго спыніў паліцэйскі.

- У вас што, ліхтара няма? - спытаўся ў ваўкалака гэты маленькі, нічым не прыкметны чалавечак.

- Ліхтара? - здзівіўся Дэні. - А нашто ён мне? Я і так усё добра бачу.

- Нашто? Вы-то бачыце, - адказаў паліцэйскі, - але ж ці бачаць вас? А што, калі з-за вас здарыцца аварыя?

- Аварыя? - сказаў Дэні. - Можа быць. Але ж як яго запаліць, гэты ліхтар?

- Вы што, смеяцеся? - спытаўся збянтэжаны «фараон».

- Паслухайце, - адказаў Дэні, - я сапраўды вельмі спяшаюся і не маю часу смяяцца.

- А штраф заплаціць не хочаце? - сказаў занудлівы ахоўнік парадку.

- Вы мне абрыдлі, - адно адказаў ваўкалак.

- Выдатна! - сказаў раззлаваны паліцэйскі. - Плаціце!

Ён палез у кішэню па нейкую кніжку і ручку і апусціў на імгненне вочы.

- Прозвішча, - спытаўся ён, узнімаючы вочы.

І адразу засвістаў у свісток, бо ўбачыў Дэні ўжо далёка ад сябе - той націснуў на педалі і кінуўся на штурм адхону.

Дэні імчаўся. Ашаломлены асфальт не вытрымаў яго раз'юшанага націску. Прайшло колькі хвілін - і адхону ўжо як і не было. Пасля Дэні імгненна пранёсся ўздоўж парку Мантрэту і збочыў налева - да Чорнага моста і Віль-д'Аўрэй. Вынырнуўшы з гэтага прыстойнага гарадка перад рэстаранам Кабасю, ён адчуў, што за ім нехта едзе, націснуў на педалі з апошняе сілы - і стралою вылецеў на лясную дарогу. Час падганяў. Раптам недзе ўдалечыні гадзіннік на вежы прабіў дванаццаць.

Ужо пасля першага ўдару Дэні зразумеў, што справы яго кепскія. Ён ледзь дацягваўся да педаляў, бо ногі яго, здаецца, пачалі карацець. Нейкі час ён яшчэ па інерцыі ехаў па камяністай прасёлачнай дарозе, залітай месячным святлом, пакуль не ўбачыў свой цень - доўгую морду, вушы тырчком - і адразу грымнуўся вобзем: воўк, пэўна, не можа трымаць на ровары раўнавагу.

Грымнуўся на сваё шчасце. Ледзь прызямліўшыся, ён адразу кінуўся ў лясны гушчар, і ў гэты ж час матацыкл паліцэйскага са скрыгатам раструшчыў ровар.

Толькі Дэні зноў стаў ваўком, як адразу, прадзіраючыся праз гушчар да сваёй пячоры, пачаў са здзіўленнем думаць пра тое, што ён, такі мяккі, спакойны, быў гэтакі неўтаймаваны ў чалавечай шкуры. Чаму забыўся ён раптам на ўсе свае добрыя прынцыпы, куды падзелася яго лагоднасць? Адкуль з'явілася ў ім тая неверагодная раз'юшанасць, ахвярамі якой сталі сутэнёры (дарэчы, адзін з іх, мусім мы дадаць на апраўданне ўсіх іншых сутэнёраў, быў платным агентам паліцыі па барацьбе з распаўсюджваннем наркотыкаў)? Ды што там: успамін пра помсту хваляваў яго і цяпер! Дэні адно пакруціў галавою. Якая ж бяда - гэты ўкус Сіямскага Мага! На шчасце, падумаў воўк, ён будзе перакідацца ў чалавека толькі ў дні поўні, і за тое дзякуй лёсу. Але ж заставалася ўсё-такі ў ім ад перажытага і штосьці новае - і гэтая незразумелая злосць, прага рэваншу вымушалі яго непакоіцца.



Пераклад: Алесь Асташонак

Беларуская Палічка: http://knihi.com