epub
 
падключыць
слоўнікі

Барыс Жанчак

"А дрэвы..."

а дрэвы

а дрэвы ніколі не сьпяць

не трэба ім сну

іх парадак інакшы

спытай хоць сасну

я разоў можа зь пяць

пытаўся

пытаўся і ведаю

як жа

а дрэвам пачуцьцяў не трэба

бо ў іх

адна толькі памяць

жывая-жывая

шырокая ў часе

як вецер не сьціх

мне гудам стагоддзяў ад іх павявае

і дрэвам нястрашна відаць паміраць

стаяць яны строма і прывідна-суха

чаму ж

калі вечарам дровы гараць

у грубцы

маленству далёкаму сумна


1990-1993?

Тэкст падаецца паводле выдання: Жанчак Б. Некалі потым: вершы / Барыс Жанчак. - Мінск : Мастацкая літаратура, 1993. - 174, [1] с.
Крыніца: электронны рукапіс