epub
 
падключыць
слоўнікі

Барыс Жанчак

"А што рабіць?.."

а што рабіць?

а што рабіць – стаяць!

стаяць на вартым

вартыя каторыя

стаяць!

няхай праз вас цячэ Гісторыя

цячэ яе сьляпая быстрыня

дык мы загінем!

нас ніхто нідзе

не будзе ведаць!

колькі ўжо загінула

дастойных самых

зразу ўсьлед за гімнамі

бяздумная мелодыя гудзе

бо толькі безыменнымі ахвярамі

падмурак закладаецца пад гмах

стаяць!

хай несьвядомасць цёмнай хмараю

зьбірае навальніцу на палях

стаяць на вартым

вартыя каторыя

стаяць!

няхай праз вас цячэ Гісторыя!


1990-1993?

Тэкст падаецца паводле выдання: Жанчак Б. Некалі потым: вершы / Барыс Жанчак. - Мінск : Мастацкая літаратура, 1993. - 174, [1] с.
Крыніца: электронны рукапіс