epub
 
падключыць
слоўнікі

Барыс Жанчак

"А ўжо недзе ўкарэнілася сасонка..."

а ўжо недзе ўкарэнілася сасонка

(слова, слова, чакай,

пачакай, азірніся!)

што гадуе паперу на тую старонку

на якой расьпішуся ў агульнасьці кнізе

гэты ветразь зялёны пакуль на прыколе

гэтак разам мы сьвет азіраем шырокі

каб пасьля неўрачыстасць майго навакольля

пакрывала шурпатую тую старонку

каб ставала казанага і на патрэбу

і нялішнюю можа аздобу харомам

як марудна

як трудна

расьце маё дрэва

і як будзе балець пілаваць па жывому

гэтак шкода – ды мусіш

бо марыш таксама

расьцячыся няўклюднай сваёй дабратою

апраўдаюся толькі

што самае-самае

з мысьляў выберу для нецікаўных братоў я


1990-1993?

Тэкст падаецца паводле выдання: Жанчак Б. Некалі потым: вершы / Барыс Жанчак. - Мінск : Мастацкая літаратура, 1993. - 174, [1] с.
Крыніца: электронны рукапіс