epub
 
падключыць
слоўнікі

Барыс Жанчак

Абавязак

 

Пакуль без крыла (крый, Божа!)

дамкнуся яшчэ нядужым

бо я ўсё бажаю

можа

дамучыцца вечнай думкі

сьпяшаюся (дзе ж бо йначай!)

пашаны цярплю нямала

ніхто гэты кут азначыць

мажлівасьці не займае

якою сам заручоны

каторай сам памагаты

такое глыбокае "ўчора"

такое высокае "заўтра"

такая...бо маю мейсца

якое ніхто ня зойме

мне дадзена права

ўмельства

Зямля-карані

і зорка

паслоены столкі часу

скупою а шчодрай мерай

мажлівасьці вытанчацца

аж покуль не зразумею

што варта паставіць кропку

вось тутака

справа

скраю

з Высокім пішу натаропка

ні слова не прапускаю

усё занатую што бачыў

што вымысьлена-забыта

бо мушу здаваць справаздачу

як вытрымаю іспыты

 

1991

 

Калі ўваходжу

часам

як завітаю

у раптам незнаёмы шматлюдны пакой

(ну, хоць бы ў чытальную залю бібліятэкі ці нават у царкву)

ніякавею:

а што калі каторы падніме галаву і выдыхне:

ці ня Ты гэта

Госпадзе?

не

не чакаюць

сядзяць унурыўшыся

кожны зацяты сваім

я таксама праходжу

таксама саджуся

і гэтаксама раблю выгляд

што мяне таксама няма

 

2000

 


1990-1993?

Тэкст падаецца паводле выдання: зборнік "Жменя насення"
Крыніца: электронны рукапіс