і праўда
нейкай дзіўнай формы
твой нечаканы сон
і лоб узгоніста-адхонны
і скронь
усё даверліва адкрыта
сьвятлу няўстойлівагв дня
даўгачаканае нібыта
апошняй зоркі глыбіня
я гэта круглае трымаю
што я-не-я
цяжкая шчасьцем нетрывалым
рука мая
тое воблака з тваім воблікам
зьбег дажджынак ці ветраў зьбег?
гэта я
адзінотай восеньскай
гэта я ўспамінаю цябе
нават намаразь нібы навалач
паўтарае той боль цяпер
што мароз крышталёў выяваю
гэта я ўспамінаю цябе
хай блакіт ветравей праторуе
за вакном лядзяш растае
гэтым бачаным непаўторныя
выкрасаю рысы твае
зіма азначыць тое што было:
сляпы спакой цікаўнай раўнавагі
ні вернасьці
ні еднасьці
ні прагі
(хаця б сіло!)
бо дзе ж бы гэты момант перайначыў
чароўная мелодыя агоркла
і сонца
недасяжна-дробнай зоркай
я ўбачыў
ваўчанётка лабатае
колішні боль
што каханьне заўсёды прыносіць з сабой
дзе заўжды перамога -- параза
дзе на ўзлеску бяздонна цьвілі васількі
зараз пасткі стаўляюць і ладзяць сілкі
але ты зразумееш не зразу
гэты роспачы пошум
што шолах лясны
гэту чыстую-ясную скруху вясны
успамінаў нясьпешныя кросны
ткуць узор адзіноты балюча-жывы
дзе ад шатаў бялюткіх да сіняй травы
безнадзейнасьці цуд паднябёсны
таго не ўспамінаю я ніколі
там толькі весьне-восеньская просінь
і сэрца рвецца роўна і ня просіць
патолі
ці дзьме вятрыска пасівелым полем
ці дожджык змерзлы шыбінаю б'ецца
цябе
якой і ня было здаецца
не ўспамінаю я ніколі
1975