epub
 
падключыць
слоўнікі

Барыс Жанчак

Ад “Верагоднасьці”

1
2
3
4
5
6
7
8
9
10


 

 

1

 

верагоднасьць

супадзеньня

Вера

Годнасьць

цуд падзеньня

 

 

2

 

бо самыя лепшыя бацька і маці

начамі мяне захацелі пачаці

а потым (і я не стаяў паміж імі)

пайшлі мы ўсе трое шляхамі сваімі

 

 

3

 

вольны плыве ручаёк – нарадзіла крыніца

неба адразу блакітам накрыла яго

краем нязнаным бяжыць ён сустрэць не баіцца

вечную здраду на скрыдлах сваіх берагоў

 

 

4

 

спалох маленства: у нейкай кніжцы

жахнуўся небам зорным

нялюдска-незнаёмым нізкім

і чорным

 

 

5

 

не сытым і не пакутнікам

маленствам глухім і золкім

злучаючы востракутнікі

я вырысоўваў зорку

 

 

6

 

хаціна вокнамі да вуліцы

дзве аканіцы ўсёй сям’ёй

ну як сягоньня не расчуліцца

і мне зірнуўшы ў вочы ёй

 

 

7

 

помніш там каля кароўніка

падказаў нам лад вясковы

што ў алейцы дрэвы роўненька

крочаць зь песьняю вайсковай

 

 

8

 

анічога ўжо лепш не бывае як акрыцца сябрынай юнацтва

нібы некалі ў рэчку дзе плынь раўнаважыць нырца

і стаіш ты над саменькім дном ледзь шавелячы плыўнікамі

і лагода цябе абцякае вадою нячутных гадоў

 

 

9

 

парослы пасекай маленства

пагорак поўны пачуцьця

мне толькі помніць застаецца

паверхню звыклага жыцьця

 

 

10

 

рака заўсёды помніць свой выток

як ты да зор нясеш спакой і змору

віток – узгорак

замчышча – віток

і так ня згледзіш за каторым мора

 


1990-1993?

Тэкст падаецца паводле выдання: “Падарунак” – вершы для падлеткаў, для малых і для тых, хто не зрабіўся дарослым
Крыніца: электронны рукапіс