epub
 
падключыць
слоўнікі

Барыс Жанчак

Ад лесу

як важна гэты лес любіць

магчыма лепшыя лясы ёсць

дзе ўраньні на балоце сырасць

а сухастоіна рыпіць

дзе гэта ціхае сьвятло

плыве азначанай прасторай

праз павуціньне

празь лісоту

праз што ніколі не было

як важна гэты час прыняць!

ёсць лепшы час?

ды нас сягоньня

(хоць памяняйся – ды ўсёроўна)

яго трымае дабрыня

як важна гэты лёс любіць!

з-за хмаркі цеплынёю слонка

жыцьця заўсёднага заслонка

і незвычайнага сьляды

няўважны я на мураша

тут наступлю ў сьвядомым стане

няхай пакутай прырастае

і мурашыная душа

як шчасна гэты лес любіць!

заўжды сьсярэдзіны-знадворку

а камяні на тым пагорку

чамусь насупілі ілбы


1990-1993?

Тэкст падаецца паводле выдання: Жанчак Б. Некалі потым: вершы / Барыс Жанчак. - Мінск : Мастацкая літаратура, 1993. - 174, [1] с.
Крыніца: электронны рукапіс