epub
 
падключыць
слоўнікі

Барыс Жанчак

Ад “верагоднасьці”

1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
16
17
18
19
20
21
22
23
24
25
26
27
28
29
30
31
32
33
34
35
36
37
38
39
40
41
42
43
44
45
46
47
48
49
50
51
52
53
54
55
56
57
58
59
60
61
62
63
64
65
66
67
68
69
70
71
72
73
75
76
77
78
79
80
81
82
83
84
85
86
87
88
89
90
91
92
93
94
95
96
97
98
99
100
101
102
103
104
105
106
107
108
109
110


1

верагоднасьць

супадзеньня

Вера – годнасьць

цуд падзеньня

 

2

ня ведаеш чым яно

агідна ці прыкра

а хочацца немагчымага

каханьня напрыклад

 

3

могілкі не сканаласьці

першацвету чырвоны пах

мы жывыя недасканаласьцю:

дасканалыя знаюць шлях

 

4

На той гары што не пакіне ценю

Дзе марывам цячэ трымценьне цела

Як той блакіт што спее далячыньню

Як пад рукой каханая жанчына

 

5

Крыж заўсёднай

нясьцерпнай пакуты

праз стагоддзі нябачны

нячуты

 

6

 

незвычайная цана

большая за грошы

бесклапотнасьць кацянят

кошыкам раскошы

 

7

 

калі ў адзінокіх нічыйных садах

яблыкі могуць даспець і зваліцца

нам на галовы тады быццам дах

гэткі блакітны эдэмны як быццам

 

8

 

І цячэ яно нясьпешнае

Шляхам вечара ўчарашняга

Ад нязграбнага да сьмешнага

Ад нядэшлага да страшнага

 

9

Слоў бязгучная нішчымнасьць

На стале і на кані

Дзе пакута Бацькаўшчыны

Ў невымернай глыбіні

 

10

Двухмоўе толькі намі поўнае

Хто родную трымае

А бальшыня чужым бязмоўная

Душа нямая

 

11

 

І бубен і басэтля

Гармоніка рака

За музыкай касетнай

Ні дрэў ні воблака

 

12

Я на ўзлеску як сасна

Невысокая адна

І недасягальным сном

Шызым полем роўнядзь дня

 

13

Не адразу скідвайце латы

Не цурайцеся Запавету

Не давайце ўладарнаму ўлады

Не давайце бязмозгламу ведаў

 

14

Палёт пчалы спакойны залаты

А злосьці зык кароткі ды імклівы

Калючка зла і хваля дабраты

Мацуйся жыць і доўга і шчасьліва

 

15

Свет зразумеецца паволі

Як працінае Дух Сьвяты

Дзе кожны спасьцігае ролю

Каб мець аблічча пекнаты

 

 

16

лета крайчык

патужэлі

карай карані

паўз маліньнік праз іржэўнік

прапаўзаюць дні

 

17

І прадчуванне ношкаю цяяжкой

Заблытае цябе пустой надзеяй:

Ты прадчуваеш

Ды ня тут

Ня той

Ня гэткім днём

Ня гэтакай падзеяй

 

18

Хоць бы той хвілінкаю

Сцяміць ягамосьці:

Мноства над адзінкаю

Ці адзінка ў мностве

 

19

Гэтым людзям ужо не вяртацца назад

Апрануцца прыстойна бо ўсё ж на паверцы

Нечакана-спакойныя

Хоць наўздагад

І кругі па паверхні

 

20

За тыднем тыдзень

За тыднем тыдзень

Кароткі час што векам сыйдзе

Губляе памяці націньне

Малюе вечнага карціну

 

21

Рыпучы час калодзежным асверам

Пра смерць тваю нікому не скажу

Цяпер калі балюча будзіць вечар

Чырвонай лямпы сіні абажур

 

22

Не таму што стомлена-сляпы

Над сваім сумленьнем салавею

Бачу ясна: грэх заўжды тупік

Хоць і на мяне салодкім вее

 

23

Дзе той кірунак што ў свеце падманным

Росчыркам думкі прагляне

Недасягальнасбць народжвае мары

Дасягнутае – расчараваньні

 

24

Добра быць бабуляю маленства

Цёплай мяккай (цеста на дражджах)

А бабуляй старасьці нарэшце

Калі ногі млеюць і дрыжаць

 

25

бо можа й праўда ён таму аглух

каб чуць ужо не тое што ў прасторы

а тое незваротнае каторым

праторуе шляхі высокі дух

 

26

і птушкі ўмеюць (шмат, але не ўсе)

высокай марай – нерухомым сонцам

азначыць перыною на страсе

свой ранішні палёт бясконцы

 

27

рака заўсёды помніць свой выток

як ты нясеш да зор спакой і змору

віток – узгорак замчышча – віток

і так ня згледзіш за каторым мора

 

28

ты апускаеш глыбей думкі нарог

разора жаданьня-жаханьня-жуды

столькі шляхоў столькі дарог

і ўсе ў нікуды

 

29

вольны плыве ручаёк нарадзіла крыніца

неба адразу блакітам накрыла яго

краем нязнаным бяжыць ён сустрэць не баіцца

вечную здраду на крылах сваіх берагоў

 

30

званочак звонкі сырадой

спародзіць раніцы трымценьне

і я пачую: лёгкім ценем

цячэ чацьвер за серадой

 

31

сьцяг сораму сэрца

пульсуе пунсовым

а што як пральецца

праменьнем часовым

 

32

якім душа ўрачона словам:

імя малітва звон куванне

якой зашторана заслонай

і як зачуе раскаванасьць

 

33

а гэты выхад і ўваход

нясьцерпнай прыгажосьці

а ёсьць яшчэ пагляду лёд

і мёд чароўнай злосьці

 

34

адметнае права прадмета

займаць гэта месца ў прасторы

і нават падробкі

і нават паўторы

мацаюць месца сакрэту

 

35

вада

да чысьціні яе

прыйдзі засьмяглым-бледным

з крыніцы хай ня кожны п’е

ў тым лесе запаветным

 

36

як слаўна быць добрым і чыстым

як хораша быць прыгожым

разам з Табою Вячысты

ціха зьдзіўляцца: ўсходжу

 

37

зьдзіўленае світаньне

сцежка абраньня-шлюбу

і вечнае прадчуваньне растаньня

з тымі каторых любіш

 

38

а конь не кентаўр бо аж дзве галавы

і ног ці ня шэсьць пралятае па полі

так гледзячы збоку не з ветрам ніколі

мяне не пазнаеце вы

 

39

я шыбую па дарозе

асьвятляючы прысады

нешта ў небе нешта ззаду

нешта вечна на парозе

 

40

такая ў лесе цішыня

такое раньне ў росах

а мы пры сквапных кашалях

пры ножыках зайздросных

 

41

пакуль жывуць старыя ў хаце

не паддамося чарам злым

бо не патрэбна сілу траціць

каб пачуваць сябе малым

 

42

сон адпускае за зоркаю зорку

іскры ў нябёсы ляцяць без канца

коні па месячным зьзяньні на ўзгорку

арнаментам скіфскага грабянца

 

43

бо на мяжы аголенай душы

каб кроў з яе сачылася паціху

(блакітная, напэўна) напішы

як годна ты трываеш гэта ліха

 

44

затрымацца ў музеі памкнецца душа

тая радасьць агульна-спрадвечная

у кадобчыках скрынях пасьцілках кашах

у праменьнях чырвонага вечара

 

45

я іьсціну бачыў – там сіняе-сіне

я плыў неабсяжнасьцю – спосабам брас

чаму ж гэтак лёгка злуюся на сына

а не то й замахваюся іншы раз

 

46

аддаць тусоўцы розум пнецца хлопец

хоць мае запавет і час і месца

табун нясецца пад абрыў самохаць

дзе конь спакойна на траве пасецца

 

47

памяць пахамі сама жывучая

неадбітыя промні

я прыходзіць сюды адвучаны

а парфумай успомню

 

48

у бездані чыстай крышталю

з агранкаю вёснаў і зім

ляціць чалавек распрастаны

ты зьверху любуешся ім

 

49

колькі з гары на гару ў гэтых спрэчных вазах

колькі (увесь у абразе!)… дацяміў затое:

апошняе слова якраз і няварта казаць

апошняе слова напэўна і ёсць залатое

 

50

і гэты кілішак мой любы

на донцы ці да краёў

некаму радасць

некаму згуба

будзь здароў

 

51

вечарам на навакольля палі

сьцелецца сьцюжа сівая

дрэўцы праз пальцы настылых галін

снег жывы прасяваюць

 

52

кропелькі на ваконнага шкле

плояцца зоркамі ў небе

гэтак слязьмі навакольле склей-

ваю ў быціва-небыль

 

53

адчуваеш ці будучыні верад?

ды й мінулае злуецца: злезьце

час толькі здаецца што рушыць наперад

у лепшым выпадку стаіць на месцы

 

54

ва ўсякай няўхільнай умове

цябе спакушае Змяя

калі не пасьпееш мовіць:

няхай будзе воля Твая

 

55

мяркую-шукаю выйсьце

з разумнага тумана

дзе дачасная ісьціна

гэтаксама мана

 

56

жоўты вусень трамвая

не баіцца бязьвер’я

бо на рэйках трывалых

куды ўздумаў – павернеш

 

57

няпроста постаці ці паставе

пакуль не выпрастаўся – трывай

кіруйся дрэвамі ды кустамі

а зрэдку зоркамі ды травой

 

58

а кніжкі тыя ўздоўж сцьяны

якія думкі маюць?

хоць безь мяне відаць яны

свой свет не разьвінаюць

 

59

адны на грошы кожны ўздых

другія – стартаваць з Калугі

а іх жа многа тых сьвятых

якія век ідуць за плугам

 

60

дыхнула холадам з усходу

а з захаду туман як дым

мы зноў на шалях галалёду

ніяк нікуды ды нікім

 

61

на кожны загон – вагон

на кожны гектар – ліхтар

дзе меўся анёл – святар

дз неба там суперстар

 

62

помніць якою была маладою

на лугавіне расы-сырадою

лёгкай-нячутнай-высокай хадою

ах як даўно не ступала сюдою

 

63

укленчу з надзеяю: Божа

праменьне жыцця

пакуль я стаю перад Большым

я маю працяг

 

64

па зале я хадзіў

малёваны міне

не я сярод людзей

яны вакол мяне

 

65

возера нібы далонька

знакі воблакаў і соснаў

невысока недалёка

цеплынёю пахне сонца

 

66

ну як то вам давесці што годнасьць тое гонар

(але не ганарлівасьць!) калі нібы ляціш

адзін без папярэдніх адзін без эпігонаў

а навакол трымценьне падобнае на ціш

 

67

але ты мая заранка ці павінна мяне бачыць

гэта значыць гладзіць промнем па маёй рэдкавалосай

галаве каб я круціўся як умеюць акрабаты

альбо знаў як лось гарбаты зблізку разглядаць дзівосы

 

68

цудоўны дзень (мой Пушкін!) сёньня

зноў завітаў да нас у госьці

марозік веснавое сонца

і чысты водар маладосці

 

69

раніца сьлязліва-стараватая

ветрам абавязку павядзе

праз іскрынкі позірку пакратаю

чараду няўхільную падзей

 

70

нездарма (зірну) вох! нездарма

гэты хітры-жоўты-нехарошы

нездарма казалі: д’ябал – грошы

асабліва калі іх няма

 

71

з якою гідкаю пагардай

і да сябе і да мяне

ты падаеш мне гэту кварту

настоенага на мане

 

72

такая дабрыня наўкола

душу абвейвае вятрамі

хоць ведаю што заўтра ўколе

чарговы акт адвечнай драмы

 

73

чароўная рэч працавітая ўтома

цябе напаўняе нібыта ў траве

ляжыш адпачыць (дзе на полі салома)

і ціхі цвыркун у тваёй галаве

 

75

куды нам (ведама) да вас:

сьмярдзім працоўным потам

а ў вас выгоды: ванна-газ

і ходзіце з падлётам

 

 

76

і ніяк не прасочваецца

(нехта бачыў? – мана!)

як праз лісьце прасочваецца

раса з тумана

 

77

і я пачуў: бяссоньніца Гамер

тугія ветразі што небакрай прарэзалі

а ён плыве такі малеча-верш

у неабдымны акіян паэзіі

 

78

як зразумець мне таго беларуса

хоць бы прыплочвалі – не бяруся:

ён усяму верыць хто што ні скажа

і яму толькі тое добрае што ня наша

 

79

я ў кузьні пачаў вывучаць анатомію

як дыхае мех на агонь

і грудзі ўздымала маленства нястомнае

пагорак імчаўся бягом

 

80

месяц срэбным блакітам

воблака вымалёўвае

і неба гучыць нібыта

убачаная мелодыя

 

81

сабак і п’яных баюся ды ўсё

(маленства маё прывакзальнае!)

асабліва мяне турбуюць баксёры

мордамі тупа-непрадказальнымі

 

82

каню так надзейна ў аглоблях

дарогі гладкая яснасьць

пад капытамі і лоб не

моршчыць як пуга лясьне

 

83

каб краскі паклалі

на кожнае месца

ў пралозе пралескі

фіялкі ў фінале

 

84

адчуваю: Айчына

праз пальцы пяском

можа мы на спачынак

можа праўда на скон

 

85

ці потым гэты космас золкі

замрэ здаволіўшыся мной

і застануцца толькі зоркі

вызвоньваць адна адной

 

86

кургана шурпаты ўзгорак

правяду сьляпой рукой

гэта цемра загаворыць

пудкай памяцьцю такой

 

87

а колькі тых якімі быць пасьля

хто здолеў пад няпраўдай выстаяць

з мінуўшчыны да будучыні шлях

надзея прамяністая

 

88

вясны сьцюдзёнай

царкву на ўзгорку

трымае вецер

п’ю звон далёкі

бесьперастанны

 

89

гэтым лугам

гэтым полем

навіною спрэс

выгукае навакольле:

Сапраўды Ўваскрэс!

 

90

нязводны вогнік сьвечкі абразам

дае жыцьцё

струменяць Тыя Вочы

свой вечны ток і ты нібыта сам

ляціш агнём туды куды захочаш

 

91

на беразе ракі насустрач плыні

дзе нерухомых воблакаў палёт

дзе нашы душы што здаюцца сінім

святлом ляцяць на захад (ці на ўсход?)

 

92

бо колеры наўкол складаным шумам

як і настрой што чую ўжо не свой

а ўсіхны (стома!) мы жывыя сумай

агульнасьці зьвіваецца сувой

 

93

вялізнай балючай балячкай

злазіць сумненьняў кароста

і як ты знаходзіш Бацька

мажлівасьцяў майго росту!

 

94

часты чоўнік сну

чысты чуйны позірк

так шырока гоніць кругі

ён плыве ў вясну

ён мяне выносіць

за прасторы нябачныя берагі

 

95

на калена (права – лева)

сагнём

вырастае зноўку дрэва

агнём

 

96

дубец прыбраўшы добры на дварэ

падробкаю ня ўлазь

у лужыны рудую акварэль

абстрактную як гразь

 

97

не абмяжованы заслугамі

не абцяжараны пашанай

сяджу на беразе і слухаю

як жабы вечнасьць парушаюць

 

98

калі аблокі сну яшчэ над садам

і сьвежасьцю асьветлена зямля

ты здольны гэткі сьвет дзе толькі радасьць

прадметна прыдумляць

 

99

у гуках зразу фальш відзён

у фарбах -- не адразу

а слова ад вытоку дзён

трымае ўсю паразу

 

100

вось і лета лінула

цеплынёю зялёнай

адчуваю мінулым

спадзяюся сягоньнім

 

101

я прызвычаіўся быць хто я ёсьць

я задаволены тым што я ёсьць

ды часам мяне забірае злосьць

ці сумненьне-здагадка што госьць

 

102

маладосьці горкі смак

невядомасьці надзейнасьць

несьвядомасьці размах

чым радзей тым саладзей нам

 

103

мастак усё цікуе падабенства

сваёй душы нязнаных каляін

каб зноўку барвы пырснулі маленства

і свет стаў чысты ясны як калісь

 

104

позьняя восень

якія там птушкі?

тая зашылася той адляцеў

вецер дажджу павуціньне разгушкаў

стылай слатою тутэйшых людзей

 

105

не сустракаў такіх выстаў

каб панарамна ў стан ісьці

бо гэты дождж якраз мастак

высокай аднастайнасьці

 

106

цяпер

калі шмат чаго не перайначу

блукаўшы тудою

хадзіўшы сюдою

жывы спадзяваньнем

што ўласную ўдачу

нідзе не пазначыў

чыёю бядою

 

107

на сьценах партрэты славутых гэтага сьвету

бачыш: усьмешка пагардліва-злая

а лепшых-нячутых гэтага сьвету

ніхто і ня ведаў (ці потым пазнае?)

 

108

несканчонаю плыньню віруе быцьцё

і цячэ мая думка насупарак Часу

бо куды цягам часу і вы леціцё

я бясьсільным павевам трапляю адразу

 

109

вы

якім спакой не навіна

памятайце: пуста не бывае

калі Дух душу не паднімае

дык цяжэе зайздрасьцю яна

 

110

да сьвядомага сьледу

аббяжы рубяжы

можна жыць -- і ня ведаць

можна ведаць -- і жыць 


1990-1993?

Тэкст падаецца паводле выдання: зборнік "Жменя насення"
Крыніца: электронны рукапіс