epub
 
падключыць
слоўнікі

Барыс Жанчак

Адданасьць

1
2
3
4
5
6
7
8
9
10


1

чаканьня доўгі сьветлы дзень

высока сьлепіць сонца

шумі дубок маіх надзей

трывог маіх сасонка

зьвіні пад ветрам далучы

да радасьці маркоту

бо дзе прыткнуся адпачыць

пачую шум лістоты

мінаю межы і палі

плыву азёры-рэчкі

чакае родны край калі

вяртаешся нарэшце

чакае чуйная ральля

і явар і каліна

ня гетмана не караля –

свайго чакае сына

 

2

якія пярэчаньні – чэрвень

пара парадоксаў і чаек

і вецер Тараса Шаўчэнкі

і доля

хіба што звычайнасьць

бо вербы ня гнуцца

няпраўда

яшчэ маладымі сівеюць

яны і растуць не так прама

а вось калі гнуцца – ня ўмеюць

сагнецца гучок які дробны

пакуль пастушковаю дудкай

ня зробіцца

помніцца добра

маленства зялёная мудрасьць

а дрэва ня гнецца

цяжэе

камель і кара быццам старасьць

балота зьняло акружэньне

цячэньне ракі не прыстала

а вербная крохкая гнуткасьць –

бабулі вясковай увішнасьць

дык чым тое дрэва так люба?

ці тым што ня гнецца залішне?

 

3

неяк вызначыў ледзь не бязмэтна я:

беларусы бялявыя пакуль маленькія

ну а потым

як аруць і сеюць

дык русеюць

а цяпер ужо “ русеюць” змалку

зразу “сьпічка” кажуць на запалку

а каторыя аруць і сеюць

хоць язык свой ломяць ды “русеюць”

………………………………..

сам жа трымаюся беларусам

толькі што ўласным прымусам

 

4

Мы ня маем народу

Каб пакутваў са зьдзеку й прыгнёту

Мы ня маем народу

Каб сьпіваўся з роспачы-нястачы

Мы ня мае народу

За які трэба было б гераічна памерці

У нас ёсць народ

Дзеля якога мусім шмат працаваць

Аж пакуль не ўзгадуем сваіх дзяцей

 

5

А я дык прывітаў цябе, дзівак.

Такі сабака ты,

Што дай хоць лапу.

Ня толькі каб бутэлькі выдзімаць

Замест абруса падсьцілаеш мапу.

Пад локаць дурню родная зямля

З такім заўсёды (карта!) мілым тварам

Ад покуця да самага брыла

Забруджаная брыдкасьці таварам.

Гляджу на гэты векавечны ліст,

Чым дыхаю,

Дзе болесьці знаходжу…

Налі хутчэй чырвонага, налі –

Я над Палесьсем з чаркаю парожняй

 

6

мой лёс – мая віна

так мудра перакручана

вось некалі была прычына для адчаю

адныя тут якім

да гэткіх не далучаны

а з гэтымі якіх

нічога не злучае

мой час – маё жыцьцё

дзівосная сярэдзіна

празрыстай цішыні празьмернай адзіноты

надзеі дзіцянё каб сэрца не вярэдзіла

такога дастаю астуды і ясноты

мой век – мая рака

цячэньне валюхастае

хоць тут заўсёды свой

як лозы як чарот я

удача будзе мне

ня ўсіхная ня частая

парогі-берагі

табе

мой час чароўны

 

7

 

паміж Верай і недасьведчанасьцю

паміж ведамі і засьмечанасьцю

я губляюся

я габлююся

грунт разгублена падтрымае

грунт часовы

не рачулкамі спавіваны

не лясовы

а ласунак для роздуму

аблямованы рознымі

заблуджэньнямі

ад ірдзеючых рос зямных

зор падзеньня да

дай мне часу заглыбіцца

каб азначыць за глебаю

распадзеньне вядомага

ці не дома я

тут

пад небам Эвангельля

запавету дол

доўга плёўшыся багнаю

несумеснаю прагнаю

але ўсё тудой

дзе не ходжана Вераю

дзе вяртаюся з выраю

лебядой

 

8

імгненьне стане

як пераступіць

парог-мяжа

а гэты стрэл ці бляск тупы

нажа

ці стомленай пасьцелі мяккі пыл

пачне слабець

у кожнага на свой капыл

канец

асьветліцца патрапіў ці

хаця

праяўленая фатаграфія

жыцьця

 

9

бывай раздробленае людства

твой Бог адзін

твая надзея мэта люстра

тваіх гадзін

чакай апошняга сьвітаньня

якіх часін

трымацца трэцяй іпастасьсю

але ня ўсім

бывай

раздробленае людства

лінуся ўсьлед

туды дзе воблакі сьмяюцца

дзе ясны сьвет

дзе дабрынёю Божай ласкі

адна сям’я

дзе толькі мроіць буду часта

табой Зямля

1993

 

10

калі ты не прывязаны –

як табе рвацца ў сьвет ?

1985


1985

Тэкст падаецца паводле выдання: зборнік "Жменя насення"
Крыніца: электронны рукапіс