epub
 
падключыць
слоўнікі

Барыс Жанчак

Божая кароўка

1
2
3
4
5


 

 

1

 

Няспешна па сярэдзіне лісціны

Шыбуе невялічкая кузурка

Няпэўным напамінкам мухамора

З няўважлівасцю вечнаю прыроды.

Яе чамусьці божаю кароўкай

Назвалі людзі (ці не людзі, можа).

Прастуе праз лясную цішыню

Сцяжынкай, паралельнаю з маёю,

Праз тое, дзе ніколі не зманю,

Адзіны з лесам,

З роднаю зямлёю.

 

 

2

 

Лета гай разгушквае

Фарбамі і звонам,

Спакушае птушкамі,

Пошумам зялёным,

Песняю-каленцамі

Слаўнага салоўкі,

А яшчэ маленькаю

Божаю кароўкай.

 

 

3

 

Божая кароўка –

Вечная вандроўка

Па зялёным свеце

У вільготным леце.

Кропкаю чырвонай,

Кнопкаю чароўнай,

Што ўключае раптам

Прыгажосць і радасць.

 

 

4

 

Божая кароўка села на руку,

Хоча на надвор’е ціха пагадаць.

Скажа: ці пайду за сонцам на раку,

Ці завесіць дожджык лес і сенажаць.

Трэсне чорных плямак купалок руды,

Выпрастае крылцы, каб падняцца ўвысь.

Божая кароўка,прылятай сюды

Яснаю пагодаю калісь.

 

 

5

 

Адкажы мне, можа,

Рыжая сяброўка,

Як цябе назвалі

Божаю кароўкай?

Ці таму што круглая,

Ці таму што з рогам

Недзе ты пасешся

На лугах у Бога?

Сам я не маленькі

Зразумею, можа,

Чаму цябе клічуць

Кароўкаю божай.

Сядзеш непрыкметна.

Пазіраеш строга

І яшчэ: ніколі

Ты не чыніш злога.

 


1990-1993?

Тэкст падаецца паводле выдання: “Падарунак” – вершы для падлеткаў, для малых і для тых, хто не зрабіўся дарослым
Крыніца: электронны рукапіс