epub
 
падключыць
слоўнікі

Барыс Жанчак

Хто і які

1
2
3
4
5
6
7
8
9
10


1

мае настаўнікі ня ведаюць

які я ахайны і старанны

які я ўважлівы і арганізаваны

што я ўжо не здаюся

а ёсць

мае дзяўчаты не ведаюць

які я далікатны і пяшчотны

які я даверлівы і даверны

і ўжо ніколі ня ўведаюць

які я шчыры і ўмелы каханак

маці мая ня ведае

што я зрабіўся ёмкі і спраўны

сапраўдны мужчына

а ня бегаю вечным хударлявым падстрыбанцам

мае сябры ня ведаюць

што я зараз спакойны і цярплівы

стрыманы і даравальны

і нават не здаюся задзёрыстым і пыхлівым

і толькі я ведаю

што ўсе мары надзеі спадзяваньні

зьдзяйсняюцца

праўда з невялікай затрымкай

меншай нават

чым жыцьцё чалавека

 

2

заняпала душа ў адзіноце

па цярплівасьці дні пацяклі

пыхне полымем тварык дзявочы

пацер пільнасьці пэўнай царквы

ты ў палёце супольнасьці чыстай

столка ў стосе вада ў гладышы

зорка ў небе за шатамі лісця

толькі з гэткіх памкненьняў душы

і цяпер калі раптам прысуду

не стрываеш сваёй цішыні

прыхініся супольнасьці цуду

сёстраў вечнай душы дажыні

 

3

сон адлятае пакідаючы

апошняе сваё сіло

дзе ў нетутэйшай сіняй далечы

ня тое што тады цьвіло

калі зямля была вялізная

дзе быў жыцьця надзейны дом

сьцяжынка воблакаў прыблізная

прыбліжаная за сялом

калі б цяпер якраз дадому йсьці

куды вяртае глыбінёй

гаркавы смак тваёй сьвядомасьці

і невядомасьці тваёй

 

4

я заўжды любіў сядзець пад яблыняй

як які Адам альбо Ньютон

яблыня асвойтаная д’ябламі

здатнымі якраз алкрыць закон

паказаць сцяжыну непрыкметную

неадменнасць славы ды грахоў

яблыня абкіданая кветкамі

што ў юнацтве вэлюмам захоў-

валі і надзею неўміручую

і гудзенне пчолак і чмялёў

дзе цвіценнем час навечна злучаны

з тым што маладзей дужэй смялей

змалку меўся пасядзець пад яблыняй

асабліва яраю вясной

калі кветкі чысціні няяркія

безупынна клічуць да высноў

 

5

Расою дні на краскі ўпалі

Далёка недзе

Восень-лета

Чаму ж вы некалі так пахлі

Відаць што быў бліжэй да кветак

А музыкаю кроплі лёсу

Салодкай хіба ўспомню гэтак

Гусьцелі барвы

Лета-восень

Відаць што быў бліжэй да кветак

 

6

нейкі зазначыў

што старасьць --

гэта ёсць вечар жыцьця

ды не

старасьць –гэта якраз раніца

адна доўгая бяссонная раніца

калі толькі ты і астылае сонца...

але вечар – гэта юнацтва

ад вёскі да вёскі

з вуліцы ў вуліцу

пад зоркамі

пад гармонікам

пад бубнам ды скрыпкаю

а старасць – гэта рыпучая раніца

гэта ўспаміны

ярчэйшыя за яву

раніцою

сцюдзёнай

летняй

роснай

гучыць табе ізноў матуліна песня

бо ты чуешся зноў беспарадна

каля некага большага

хто цябе прытуліць ды пашкадуе

 

7

юнацкая мая пастава

плячэй нясьпелы завіток

назад паўкніжкі адлістаю

на хударлявасьці выток

яшчэ без ілу і без пылу

крыштальны горны ручаёк

праз лёд што сонца прапаліла

і прадчуваньне нічыё

бязьмежнае жаданьне славы

палёту

плыні і глыбінь

інакшае аблічча слова

марозу смак і арабін

пагрозы звон і асьцярогі

і безразважнасьці разгон

і шырыня ва ўсе дарогі

і чысьціня ва ўсіх мазгох

прастаюся перад люстэркам

на вуглаватасьці ўспамін

і стане кругла і нясьцерпна

між навіны віны і він

 

8

намалюй мяне зноў каляровым

хуткаплыннага часу Мастак

каб купчастыя гэткія бровы

сталі тонкага цьвіду пінджак

каб люстэрка юнацкай паставы

выстаўляла ізноў на кані

каб суглобы стагнаць перасталі

і астатніх зубоў карані

каб кружыў мяне пах чабаровы

і асеньняга лесу вятрак

напішы мяне зноў каляровым

хуткаплыннага часу Мастак

 

9

свой лёс аналізуючы памалу

такою думкай баўлюся яшчэ я:

калі б мяне маленства не ламала

тады б юнацтва зьнішчыла дашчэнту

цяпер калі гадоў яшчэ не надта

а радасьць разуменьня не настала:

калі б мяне не лушчыла юнацтва

хіба такою б занялася сталасьць

а зараз за акном майго вагона

звычайная мільгае незвычайнасьць:

дык вось чаму апошнім перагонам

усьцешвае маршрут неаканчальны

 

10

камень

калісьці на полі ляжаў

першароднае цела

перасяліцца гэтак душа

каменна хацела

лета свайго ашчаджаў цеплыню

(зруху чакаю!)

восеньню ціха іржэўнік крануў

мудрай шчакою

вось ён цяпер на паўмежку адзін

клопат міжпольля

гэтых стагоддзяў гэтых гадзін

памяць… ніколі

больш не скранецца

ані зімой ані вясною

толькі калі абавязак твой

стацца сцяною


1990-1993?

Тэкст падаецца паводле выдання: зборнік "Жменя насення"
Крыніца: электронны рукапіс