epub
 
падключыць
слоўнікі

Барыс Жанчак

Цячэ маё жыцьцё

 

цячэ маё жыцьцё

як рэчка празь лясы

на беразе касьцёр

гарыць ва ўсе часы

нязлачны (для людзей)

нязначны (для багоў)

і толькі ў хмарны дзень

відзён яго агонь

 

цячэ маё жыцьцё

як рэчка праз лугі

пад сонейкам лісьцё

стуляе берагі

кранецца сонца хваль

сярэбранай смугі

ты радасць не хавай

не прадчувай тугі

 

адтуль – маленства сьлед –

маё жыцьцё цячэ

дзе пра няўтульны сьвет

не ведаю яшчэ

туды ў нязнаны стан

рака мяне імчыць

дзе продкаў акіян

надзеяю зырчыць

 

 

 

 


1990-1993?

Тэкст падаецца паводле выдання: “Падарунак” – вершы для падлеткаў, для малых і для тых, хто не зрабіўся дарослым
Крыніца: электронны рукапіс