epub
 
падключыць
слоўнікі

Барыс Жанчак

Дадому

1
2
3
4


1

 

бо адкаціўся недалёка

пад самым сэрцам вёска

што па паводках ды аблоках

брыдзе ступою Боскай

ні пачынацца ні канчацца

хоць заўтра зноў прыйду я

неперайначанага часу

яна мне не шкадуе

тут курганы за Круглякамі

на выгане крыніца

каліны крэўная цікаўнасць

царквою на блакіце

тут (што мне штампы!) бусел кружа

тут крот карэньне рые

і тут жывуць (бадай, нядужа)

жыцьця майго старыя

 

 

2

 

зацятыя работай

старэнькія мае

што дзівасіл пад плотам

гаркоту аддае?

асеннім сонцам верас

натруджаны прапах

а гэты даўні верад –

не сьпіцца па начах

ламалі ды крышылі

палолі ды малолі

няўцямлена грашылі

такія ж як мільёны

вы ведалі і будні

(цяжар гадоў!)

і сьвяты

ці вам над лесам бусел

каліны цьвет прысьняцца?

 

 

3

 

яны былі дарослымі

калі я быў малым

яны былі старэчымі

а я быў маладым

цяпер ужо на небе дзесь

і юнацтва маё

і маладосць

 

 

4

 

толькі цяпер

ідучы ад аўтобуса

толькі цяпер

калі чырвонае сонца прачэсвае дрэвы

застаючыся ў маіх вачах сінімі сьлядочкамі

толькі цяпер я заўважыў

што вёска майго маленства

ў лагчыне

а могілкі

на якіх згубіўся мой бацька

на высокім узгорку

толькі цяпер


1990-1993?

Тэкст падаецца паводле выдання: Жанчак Б. Некалі потым: вершы / Барыс Жанчак. - Мінск : Мастацкая літаратура, 1993. - 174, [1] с.
Крыніца: электронны рукапіс