epub
 
падключыць
слоўнікі

Барыс Жанчак

Дзедавы казкі

 

– Раскажы, дзядуля, казку.

Я тады засну адразу.

 – Слухай жа, ў далёкі шлях

едзе Янка на валах,

едзе Янка на валах

круціць колы на калах...

– Бай далей, дзядуля, казку.

Я сасню лужок і краску.

 – Там, далёка, дзень пры дні

едзе Янка на кані,

едзе Янка на кані,

не стамляецца ані...

– Раскажы яшчэ адну,

я ж тады скарэй засну.

– Слухай. Лесам за раку

едзе Янка на ваўку,

едзе Янка на ваўку

ў сіняй шапцы на баку...

– А яшчэ якая казка

ёсць на сьвеце, калі ласка.

 – Слухай. Там, далёка недзе

едзе Янка на мядзьведзі,

едзе Янка на мядзьведзі,

едзе хлопец на мядзьведзі,

проста ў сон, здаецца, едзе.

 

 


1990-1993?

Тэкст падаецца паводле выдання: “Падарунак” – вершы для падлеткаў, для малых і для тых, хто не зрабіўся дарослым
Крыніца: электронны рукапіс