epub
 
падключыць
слоўнікі

Барыс Жанчак

Дзівосы

1
2
3
4


 

 

1

 

Ты ўсё чакаеш чароўную казку.

Ды азірніся наўкол,калі ласка:

толькі, здаецца, ляжала зіма –

цяпер жа сьнегу і знаку няма,

вясна навакольле фарбуе рупліва.

Вось гэта дзіва!

Я на азерны бераг прыйду:

сонца глядзіцца ў люстэрка-ваду,

воблакі ходзяць і там і тут.

Вось гэта цуд!

 

 

2

 

Рака глыбока воблакі хавае:

за хваляй хваля – хмара працякла.

Бялявыя хмурынкі родным краем,

драбнеючы, плывуць за небакрай.

І сонца глядзіцца

у чыстае неба,

у яснае неба Радзімы.

 

 

3

 

Вясна свае здабыткі расфарбоўвае,

густога густу прыклады яе:

пупышкамі (рудыя ды ружовыя!)

лістота жоўты голас падае.

А жабка – на зялёнае зялёнае, –

як на лісьце блакітная раса.

А вызначышся – зразу будзеш злоўлены.

А вылучышся – дык не зловіш сам.

Вунь бусел – ключ скрыпічны – белай хмаркаю

азначвае бяскрайні далягляд.

Ідзе вясна, зялёная і шпаркая,

шпурляе птушак, град і зарапад.

 

 

4

 

У хвалі цішыня пераліваецца,

санліва сьпёка песьціцца ў затоцы,

каменьчык возера ў апраўцы соснаў

паміж двух сонцаў.

 


1990-1993?

Тэкст падаецца паводле выдання: “Падарунак” – вершы для падлеткаў, для малых і для тых, хто не зрабіўся дарослым
Крыніца: электронны рукапіс