epub
 
падключыць
слоўнікі

Барыс Жанчак

Глыбіня душы

працяг гэтага чаканага ў пачутых глыбінях

адчуваеш як выварочваецца прасторы пальчатка

як праз тваю кропку

(гэтакі штрых галубіны!)

перацякае ізноў да пачатку

і гэтая раз’яднаная цэльнасць

што ўсьведамляе сябе толькі ў момант малітвы

ад неацэненага ў бясцэннае

будзе (за сцэнаю!) пераліта

а пакуль

нерухома ў агульным палёце

нерасторгнута-нясточана-нестактавана

нібыта стуленыя тварам да твару палотны

у майстэрні нетутэйшага Мастака


1990-1993?

Тэкст падаецца паводле выдання: Жанчак Б. Некалі потым: вершы / Барыс Жанчак. - Мінск : Мастацкая літаратура, 1993. - 174, [1] с.
Крыніца: электронны рукапіс