epub
 
падключыць
слоўнікі

Барыс Жанчак

Годнасьць

1
2


 

 

1

як вам

патаптаная трава

маецца (вясновае разводдзе?)

гразь аж прыкарэнная

ківаць

на парнакапытных пэўна годзе

пры пагодзе колькі тых дзянькоў

(дзякуй Богу!) грэцца давялося

потым зноў сцяжынаю дзікоў

(паланее захад на балоце!)

дзе вам

былкі-сьцёблы ды лісты

вольна ачуняць пад сонцам крэва

спадзяваньнем выбухнуць кусты

прычакаем -- годна стануць дрэвы

 

2

Годнасьць!

гэта не пагарда

ані ганарыстасьць

ягады гадоў гадуе горкая гарыстасьць

гэты гарт

які сягоньня

жабраку належа

дзе ты

нашых межаў годнасьць

годная бязь межаў?

до' жахацца

жыць нягодна

высьцілацца лісьцем

станьма стрымана-свабодна

летам як калісьці

векам веданы асілак

вольны ды вялікі

вербы-вольхі ды асіны

а дубы?

а ліпы?

гай наш родны!

гай наш годны!

стой!

сякера-месяц

хто нязвадны хто нязводны

хто нязгасны хто нязгодны

мэцяць-мецяць-месяць

каб відаць было

вачамі-вуснамі-брывамі

каб відней было начамі

імі-намі-вамі

вечар доўжыцца гадамі

ветраны-імжысты

Годнасьць!

(зьлева ёсьць пагарда,

справа -- ганарыстасьць)

 

1999

Выслоўе

краямі крычыць напрамак

па самай сярэдзіне -- сьлізка

"Хто маніць -- той мае праўду"

так Ніцшэ казаў (прыблізна)

напорна (такая справа)

заўзятары нас вучылі:

"Мана -- гэта шлях да праўды"

(найболей звычайным чынам)

мякіна-камуна-камбеды

каб беды лучылі да ладу

"Маніць -- трэба праўду ведаць"

так Ніцшэ казаў (дакладней)

колькі разоў вам падказвала памяць

толькі старонку хаця б адгарніце:

"Ісьціну цяміць гэткі што маніць"

па-нашаму

ну дарма што ня Ніцшэ

і нарэшце для перакладу

(тут дакладнасьць бывае лішняй):

"Каб маніць -- трэба ведаць праўду"

ніштавата

амаль што Ніцшэ

 

1992

 


1990-1993?

Тэкст падаецца паводле выдання: зборнік "Жменя насення"
Крыніца: электронны рукапіс