epub
 
падключыць
слоўнікі

Барыс Жанчак

“І толькі на цябе надзея”

1
2


Максім Багдановіч

 

 

 

1

 

ды ты ўсё верыш:

недзе ёсць

далёка

за ракой ласінай

ёсць хлопцы непачатай сілы

ёсьць дзеўкі сАма прыгажосць

ёсць

а мяжа імжы туман

перад напорным адступае –

дзе хараства давернасць тая

дзе сіла

што не дасца ў зман?

але знячэўку варты твар

у цішыні знаёмай траўня

асьлепіць хораша і трапна

нібы ваколіцу пажар

зноў мусіш парываць у сьвет

дзе незвычайнае хадзіла

невычарпальная Радзіма!

не разгадаеш твой сакрэт

не разгадаеш хоць бы скрозь

той пуцявінаю насіла

дзе вечна родзіць наша сіла

і расцьвітае прыгажосць

 

 

2

 

дык скуль іх

адчайных-рашучых-зацятых

выносіць нясьпетая песьня

здаецца ў дваццатых-шасьцідзесятых

усіх за абшар растрэсла

думкі дакладная хударлявасць

мерыцца зразумецца

гэткімі

што да ўлады дарваліся

без мітынгу-Маткі-мэты

здольна

зьдзіўленьнем усьцяж недасяжным

здатна

прадбачлівасьці недаступным

гонар

не пэцкаецца як сажа

годнасць

не венік са ступай

злосьцю законнай пачнуць падцінацца

спадчынай зь дзядзькам падзеленай

броду вам

брыдкія качаняты

Бацькаўшчыны надзея


1990-1993?

Тэкст падаецца паводле выдання: Жанчак Б. Некалі потым: вершы / Барыс Жанчак. - Мінск : Мастацкая літаратура, 1993. - 174, [1] с.
Крыніца: электронны рукапіс