epub
 
падключыць
слоўнікі

Барыс Жанчак

"Я ніколі не дам веры..."

я ніколі не дам веры

што мы зь нейкай іншай (інакшай) планеты

бо ведаю

што тут нарадзілася

тут і жыве

наша агульная душа

і калі яе зьдзме сонечным ветрам Часу

яна

як вялікае блакітнае воблака

паляціць шукаць нібы першую

гэткую ж сіне-зялёную

асьветленую Сонцам і Месяцам

зь цёплымі марамі і чыстымі рэчкамі

з разумнымі жывёламі і прыгожымі насякомымі

з сярэбранымі раньнямі і залатымі вечарамі

зь бялюткімі зімамі і вясёлкавымі вёснамі

паляціць

гэтак Бацька павядзе за руку

шукаць гэткую ж

звычную

сьлічную

музычную

касьмічную


1990-1993?

Тэкст падаецца паводле выдання: Жанчак Б. Некалі потым: вершы / Барыс Жанчак. - Мінск : Мастацкая літаратура, 1993. - 174, [1] с.
Крыніца: электронны рукапіс