epub
 
падключыць
слоўнікі

Барыс Жанчак

Каханьне

1
2
3
4
5
6


1

вясной

ня толькі сам ты

ня толькі

а ўсё жывое

вось гэты дубчык у глебу ўторкні –

зямлю засвоіць

ня толькі поле

ня толькі дрэва

трымае ласку

плыве з глыбіняў бунтоўных крэва

фарбуе краску

празрыстым шчасьцем ірдзеюць росы

у лузе раньнем

дзе ты асьветліш вясны дзівосы

сваім абраньнем

вясна нікога не вызначае

а ўсіх шануе

таму хто чуе сваю звычайнасьць

кахаць шанцуе

 

2

верыш – ня верыш?

ну што ты?

зачараваны нірванаю

прагнуць звычайнай пяшчоты

рукі яе спрацаваныя

дробныя сінія жылкі

каб хоць часовае шчасьце

хоць пінжачком пажылым

хоць учарашняй шчэцьцю

можа хоць раз закрасуе

без вышыні

без падзякі

потым жыцьцё скасуе

потым заўсёдным сумам

сувязь несупадзеньня

 

3

ты цеплыня

калі не варухне

ніводнаю вільготнай былкай поле

ды чуйна адбівае навакольле

лагоду

што прыязнай толькі мне

ты прахалода восеньскай ральлі

якую басанож маленства знала

альбо якую мае гэта зала

пакуль аркестру трубы не ўзгулі

ты сораму майго гарачыня

калі шукаюць позіркі папроку

і сэрца суцішаецца патроху

няздольнае бяссэнсіцу суняць

бязгучны дотык шчасьця

гэта ты

разумная адданасьцю пчалінай

чаканьня ашчаджоная хвіліна

і далучэньня момант залаты

 

4

 

Захопленая зданьню дня

Цячэ каханьня глыбіня

Няведаньня цябе

Няведаньня свайго

Бяз дрэва без...

Травы агонь

Злучэньня

Адзіноты лес

Вясны яшчэ чакае бэз

Нябёсы падаюць руку

Ды толькі сцежка пераку-

леная марыў дарасьці

Але так доўга-доўга йсьці

 

 

5

колас нарэшце зь'явіў свой зялёны вус

вялай травой галаву затуманьвае зноўку

я ж успамінам салодкім адно што жыву

бачу цябе – і павейвае ветрам вясновым

вунь павуцінка сухую вянчае траву

яблыкі долу свае прытуляюць галовы

я ж успамінам салодкім здаецца жыву

бачу цябе – хвалям лета аддацца гатовы

гэткім падманам чароўным свой лёс узьніму

хай прамінае жыцьцё – не заўважу зіму

 

6

бо што за шкельцамі вачэй

няма чаго хаваць

прамень надломаны кручэй

чым прыхамаць

бо што калі свабоды сьвіст

адсечаных начэй

і неадбеленых сувіст

прасьцінаў ці яшчэ

таго што кожны вобмацкам

юрлівую руку

заплюшчся ціхім воблачкам

бярозкай што сьсяку

паўстань хоць над будзённасьцю

здзіўленьне пекнаты

звычайнай зразу цёмненька

дзе сьветлае ў сьвятым

1977


1977

Тэкст падаецца паводле выдання: зборнік "Жменя насення"
Крыніца: электронны рукапіс