epub
 
падключыць
слоўнікі

Барыс Жанчак

Калыханка

1
2
3
4


 

 

1

 

Хай ясны лісьця шолах,

хай зорак чысты звон,

хай сіні змрок наўкола

малююць сыну сон.

сьпі-засынай спакойна,

ляці насустрач дню.

Я страхі, зьдзекі, войны

за мора праганю.

 

 

2

 

Сонца сьпіць.

Міргаюць зоркі

сонна ў цішыні.

Каля месяца вясёлка

зьзяе ў вышыні.

Зараз кожнае гняздзечка,

кожная нара

патушыла сваю сьвечку:

спаць пара.

 

 

3

 

Сонейка за лес прысела,

пахне сном, як пахне сенам.

Кніжкі, цацкі аж да ранку

замарыўшыся заснулі.

Прагучала калыханка:

Люлі-люлі, люлі-люлі.

Мама шэпча мне на вушка;

Добрай ночы!

Сьпі, дачушка,

 

 

4

 

Летні вечар, ціхі вечар

на стагі паклаўся.

Зьзяюць зоркі,

сьціхнуў вецер,

цёплы сон падкраўся.

 

Ён па песеньцы,

па слоўку

рэчанькай ільецца.

Заўтра раніца ізноўку

сонцам усьміхнецца.

 


1990-1993?

Тэкст падаецца паводле выдання: “Падарунак” – вершы для падлеткаў, для малых і для тых, хто не зрабіўся дарослым
Крыніца: электронны рукапіс