epub
 
падключыць
слоўнікі

Барыс Жанчак

"Куды так рэчка ў сьвет бяжыць..."

куды так рэчка ў сьвет бяжыць

як гэтак хораша навокал?

каб ты й туды памкнуўся быць

дзе невядома і далёка

навошта краскі луг сабраў?

каму стракатае маніста?

каб ведаў што спаміж сяброў

спакойна-радасна і чыста

чаго пчале вакол гусьці

аж сьмела не ступіць нагою?

каб заўважаў што і ў жыцьці

адразу соладка і горка

а ўжо аблокі набягуць

на гэта сонца баравое?

каб ты заўсёды мусіў чуць

што маеш дах над галавою


1990-1993?

Тэкст падаецца паводле выдання: Жанчак Б. Некалі потым: вершы / Барыс Жанчак. - Мінск : Мастацкая літаратура, 1993. - 174, [1] с.
Крыніца: электронны рукапіс