epub
 
падключыць
слоўнікі

Барыс Жанчак

Маленства наша

былі гады –

гадоў мы не лічылі

гульню вайны адольвалі пад вербамі

зямлёй вясновай басанож лячылі

у песьні дужа радасныя верылі

ды мы і ў сьне не бачылі каўказаў

на курганы снарады рваць хадзілі

адно будзілі сквапнасць скарбы казак

і спакушала лямпа Аладзіна

а пастуха дагнаўшы ранкам росным

калі трава брыльянтамі гарыць

знаходзілі мы залатыя россыпы

у глінішчы

на Сеньніцкай гары

каменьчыкі з драбочкам чыстым золата

яно чамусьці ў рукі не давалася...

а дні зырчэй займаліся на золак

мяльчэла рэчка

дрэвы гадаваліся

матулі нашы смалавалі шпалы

бацькі дамоў вярталіся на мыліцах...

сплылі гады

ды з быстрыні той шпаркай

у сэрцы многа золата намылася


1990-1993?

Тэкст падаецца паводле выдання: Жанчак Б. Некалі потым: вершы / Барыс Жанчак. - Мінск : Мастацкая літаратура, 1993. - 174, [1] с.
Крыніца: электронны рукапіс