epub
 
падключыць
слоўнікі

Барыс Жанчак

Мікола Гусоўскі

што там Італія

якое сонца ні

сагрэе твар твой

зімна ці лістоўна

ты праз стагоддзі здольны ацаніць

сваёй душы найбольшую каштоўнасць

жыцьця твайго якое хараство

вандроўнік сьціплы альбо вольны схімнік

бо зразумеў

што назаўсёды твой

зялёны дол пад сінім небасхілам

разлогі-рэчкі-хмары і бары

да селішчаў прамыя пуцявіны

і людзі скрозь жывуць як ты павінен

трымаць свой рэй і ніца і ўгары

на ўзьлеску ціхамірным верас ты

ці на высокім крэўным дрэве вецьце

ці парастак…

праз шчытныя пласты

сваёй агульнай сілаю праб’ецца

ды так што і блукаючы ў вяках

дзе мысьлі скручаны і вусны сьцяты

сваю сябрыну здольны адшукаць

вярнуцца зубрам у сучасны статак


1990-1993?

Тэкст падаецца паводле выдання: Жанчак Б. Некалі потым: вершы / Барыс Жанчак. - Мінск : Мастацкая літаратура, 1993. - 174, [1] с.
Крыніца: электронны рукапіс