epub
 
падключыць
слоўнікі

Барыс Жанчак

Мора

 

У яснай блакітнай прасторы,

дзе сеецца промень праз хмары,

пад ветрам хвалюецца мора,

бо мора – кожнага мара.

 

Мора можна дзе хочаш наліць:

(лужына ў лузе пад сонцам гарыць,

дождык залее траву на паляне)

можна ў балеі,

а можна і ў ванне,

можна, нарэшце, і ў рэшаце.

Вецер той можна дзе хочаш узяць:

можна дык проста рукою махаць,

можна газетай,што сьпіць на стале,

можна, сагнуўшыся дзьмухаць, але

сама лепей

бабулін веер.

Важна адно: каб паплыў карабель

той, што ніколі не сядзе на мель,

важна, каб ветразь, што ловіць прасьцяг,

мкнуў да нязнанага покуль жыцця.

Важна, каб ты адчуваў

хваляванне хваль.

 


1990-1993?

Тэкст падаецца паводле выдання: “Падарунак” – вершы для падлеткаў, для малых і для тых, хто не зрабіўся дарослым
Крыніца: электронны рукапіс