epub
 
падключыць
слоўнікі

Барыс Жанчак

На адлегласьці часу

1
2
3


 

 

1

 

тугі шарпак пад лыжамі

мурог ля ручая…

зірну ў пару нябліжнюю:

а дзе

а дзе там я?

ды вось ляжу ля рэчкі

і думаю

пра што?

ну можа пра сланечнік

што стаў сьцяной густой

ну можа пра гняздзечка

каля альхі ў траве?

і незаўважна рэчка

стаіць сабе

плыве

гайдае люстра лёгка

як памяць не змане

то ўбачу: ў тым далёкім

няма

няма мяне

я тут мае лятункі

і клопатаў гайня

а там прастора думкі

ды часу глыбіня

 

 

2

 

едзе хлопец па прасёлку

на веласіпедзе

засмучоны ці вясёлы?

бесклапотны едзе

едзе не здалёк і ўлегцы

едзе нейчым сынам

разам з гэтаю алейкай

з гэтым жытам сінім

расхрыстаная кашуля

ветразем палошча

я ўвесь сьвет душою чую

а яму зайздрошчу

 

 

3

 

мой прасёлак

дзе машына

раз у тыдзень прапылуе

дзе з гнязда крылом птушыным

нецярплівасць прыпільнуе

дзе аблокі пахнуць зернем

каласкі – высокім небам

дзе разгон душы прыземлен

на высокую патрэбу

тут заўжды на схіле лета

адзінотай паслушэнства

прабяжыць маё маленства

прэч

з падрапаным каленам

 

 


1990-1993?

Тэкст падаецца паводле выдання: “Падарунак” – вершы для падлеткаў, для малых і для тых, хто не зрабіўся дарослым
Крыніца: электронны рукапіс