epub
 
падключыць
слоўнікі

Барыс Жанчак

На вялікім перапынку

 

Хто крышкай ляснуў,

хто кніжкай шаснуў

па партах-сьпінах,

ірвецца клас наш,

імчыцца клас наш

на перапынак.

Мільгаюць пінжакі,

мільгаюць касьнікі

як пасьля старту.

А гэта хто такі,

задумлівы так

сядзіць за партай?

Гэта наш выдатнік Федзя

ні на кім вярхом не едзе,

не ляціць з падскокам,

не страляе, не сьпявае,

перапынкам пасьпявае

паўтарыць урокі.

Хто крышкай ляснуў,

хто кніжкай шаснуў

па партах-сьпінах,

ірвецца клас наш,

імчыцца клас наш

на перапынак.

Мільгаюць пінжакі,

мільгаюць касьнікі

як пасьля старту.

А гэта хто такі,

разгублены такі

сядзіць за партай?

Гэта “троечнік” Валера

не зрывае з петляў дзьверы,

не ляціць з падскокам,

не страляе, не сьпявае,

перапынкам пасьпявае

вывучыць урокі.

 


1990-1993?

Тэкст падаецца паводле выдання: “Падарунак” – вершы для падлеткаў, для малых і для тых, хто не зрабіўся дарослым
Крыніца: электронны рукапіс