epub
 
падключыць
слоўнікі

Барыс Жанчак

"Начальнік твой пайшоў у адпачынак..."

начальнік твой пайшоў у адпачынак

зьехаў на засьмечаны бераг цёплага мора

а ты

зьнерваваны заўсёднай няпэўнасьцю

думаеш:

вось жа празь месяц ён вернецца

будзе зноў замінаць табе спакойна рабіць справу…

а я ўспамінаю таго рыцара царыцы палёў

які

пасьля цяжкога раненьня

радасным завітаў на родны падворак

і ў яго наперадзе быў цэлы тыдзень

вялікі-сьветлы тыдзень да атакі

да адчайнага бегу праз сьвінец і сьмерць

як ён па-гаспадарску паправіў страху на роднай хаціне

нарыхтаваў на зіму дроў

каб не знала клопату старэнькая матуля

і пазіраў усьміхаючыся на спакойнае сонца

і ты можаш сабе гэта ўявіць:

гэта было ў жыцьці твайго бацькі

гэта ёсць у памяці твайго народу…

ды й начальнік вяртаецца толькі празь месяц


1990-1993?

Тэкст падаецца паводле выдання: Жанчак Б. Некалі потым: вершы / Барыс Жанчак. - Мінск : Мастацкая літаратура, 1993. - 174, [1] с.
Крыніца: электронны рукапіс