epub
 
падключыць
слоўнікі

Барыс Жанчак

Над возерам

сяджу на беразе

гартаю ветру шум –

шугаюць хвалі

лопаючы недзе брылом падточаным

нібы бабуля мые бялізну

спосабам бадай забытым

камечыць вецер захаду пялёсткі

згінаюць сосны горда верхавіны

чым вышай дрэва – тым цяжэй яму

трымаць пад ветрам роўна галаву

сяджу адзін

раз’ятраныя хвалі

аж да карэньняў голых бераг крыюць

ды толькі не крануць ім глыбіні

да пракаветнай ціны не прабіцца

дзе ўсё ж часінай блісьне промень рыбак

няўлоўны і няпэўны

быццам думка…

я ўспамінаю возера пагодным:

кладзіся на разгойданае люстра

да небакраю голымі рукамі

прывязаны

а ў неабдымным сьвеце

адзін блакіт

і толькі там

далёка

за галавой

пляскатая Зямля

што песьціцца ў сусьветным акіяне

а ты плывеш

трымаеш за плячыма

не глыбіню – самую сутнасць рэчаў

плывеш іскрынкай рыбіны няўлоўнай

плывеш адзін як Бог

і адчуваеш

быцця вялікасна-даверлівую вартасць…

сяджу на беразе

гляджу:

заход барвовы

праз хмары разьдзімае папялішча

нягучна сосны ладзяць свае струны

вада змагаецца за свой сьляпы парадак

і хвалі злых гадоў лупцуюць бераг


1990-1993?

Тэкст падаецца паводле выдання: Жанчак Б. Некалі потым: вершы / Барыс Жанчак. - Мінск : Мастацкая літаратура, 1993. - 174, [1] с.
Крыніца: электронны рукапіс