epub
 
падключыць
слоўнікі

Барыс Жанчак

...Насеньня жменю...

1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
16
17
18
19
20
21
22
23
24


 

(Колькі эпіграфаў Максіма Багдановіча)

 

1

...там знайшлі.

а колькі азёраў на гэтай зямлі

а рэк паўнаводных

што з гэтакай чыстай крыніцы ўзялі

вытокаў свабодных

а колькі гаямі магутных дубоў

карэньнем глыбокіх

а гэта адборных таго жалудоў

тугіх-меднабокіх...

 

2

Вось сімвал твой...

рэк маці -- рэк дачка

крыніца

такой сьлязою хоць бяду лячы

жывая

мусіць жоўтым жвірам віцца

як не сустрэне неба далячынь

ды ўрэшце

што ёй ваша дапамога

зайздросныя да славы да граша

бо як вузей

як далячэй дарога

чысцей-званчэй крынічная душа

 

3

..на цябе надзея...

бо ты ўсё верыш: недзе ёсьць

далёка

за ракой Ласінай

ёсьць хлопцы непачатай сілы

ёсьць дзеўкі -- сама прыгажосьць

але і ранішні туман

цікаўным сонцам адступае:

дзе хараства давернасць тая?

дзе сіла

што ня дасца ў зман?

адно сустрэчы ўзьнёслы твар

у цішыні знаёмай траўня

асьлепіць хораша і трапна

нібы ваколіцу пажар

зноў мусіш парываць у сьвет

дзе незвыайнае хадзіла

невычарпальная Радзіма!

не разгадаеш твой сакрэт

не разгадаеш

хоць бы скрозь

цябе вадзіла і насіла

дзе вечна родзіць наша сіла

дзе расьцвітае прыгажосьць

 

4

..калі мы ўсе разам...

як існы сьвет душою атуляю!

як хмарамі над возерам лячу

каб зорамі пранізаны з-за краю

сябе ізноў агульнасьцю пачуць

бо разам з гэтым воблакам мільённым

якое акаляючы Зямлю

пасьля пачну ўздымацца

(каб павольней!)

да той высокай мэты што Люблю

дзе гэтакія ўсьветленыя зоркі

лятуць

сьвятую вестку несучы

каб водару ўспамінамі на золку

чырвонага адзінства касачы

не просячы прарока: прасячы

хоць вочка каб завабіць гэты вечар

але спадзеючыся працячы

усімі разам

у Любові вечнасьць

 

5

...аб чыімсь каханьні...

бо што ж вы сытыя хацелі

крыві каханьня да касьцей

каб за сьцяной выцьцём каціным

ці павуцінкай на кусьце?

скарэй-скарэй

у страх галодны

скрыпеньня скрынь

блакадны схрон

такой блакітнаю галубкай

як скрушнай шэраньню на скронь

калі чуцьця хаценьнем ценькім

няўцямным-вольным-нічыім

ляціць каханьне павуцінкай

у сьцюжу высьненых начэй

у даўкі голад

даўні прыцем

бо дзе вам спраўным зразумець

што калі век баішся страціць

ня будзеш мець

(сьвінец ды медзь)

бязладнай восеньскай пагодай

(надзейны -- футра апрані!)

бярэ пачатак ад спагады

ірдзеньне Божай дабрыні

 

6

...вулкі Вільні...

мапа памяці годнаю гронай

недзе

дзе самы ніз

места Менесак

горад Гародня

вёсачка Ваўкавыск

да паловы палётнага лёсу

зелянейшай жыві зямля

лекі Хойнікаў

Лепеля лёкі

выкапні Капыля

дзе сягоньня на ўсякім месцы

што душой не занята яшчэ

мосьцяць Менесак

бэсьцяць Бярэсьце

Слуцак страсаюць з плячэй

вы

каторыя без натоўпу

захавайма сыны

годнасьць Наваградка

Днепра вытокі

Вільні вольнай званы

 

7

...у паходзе канаў...

і ў паходзе

і ў варожым склепе

заўсёды са мной

жменя долі-юдолі зямной

ведалі казакі-самалекі:

раны самыя горкія

роднай зямлёй

гояцца

сама лепей

 

8

...да свайго пацягнуся кута.

у горадзе высокім-сьветлым-гулкім

сярод заўжды сучаснай безаблічнасьці

з гары зьбягаюць дзьве крутыя вулкі

(ашмоцьце шматвяковай гістарычнасьці)

мы голас продкаў тут з табой пачулі

(барочнага,класічна-рамантычнага)

так у мутную плынь лясной рачулкі

ўрываецца струмень ляза крынічнага

адно сюдой па бруку рэалізму

калісь паэт абхлюпаны рамізьнікам

сьпяшаўся да пакойчыку няўтульнага

а мы з табой жывем у гэткім сьвеце

ірамантычны сум і цёплы вечар

і вера ў шчасьце -- столькі ў нас агульнага

 

9

Беларусь, твой народ...

мы ня маем народу

які марнее з голаду-галечы

мы ня маем народу

што сьпіваецца ад здеку-прыніжэньня

мы ня маем народу

за які варта гераічна памерці

у нас ёсьць народ

дзеля якога мусім гэтулькі працваць

аж пакуль ня выгадуем сваіх дзяцей

 

10

...твой народ дачакаецца...

прыстасаванае ўсталявана

сам падсумованы гайкай прыцяты

слова вадою дысталяванай

дзе ты дзіцятка?

люлька вяроўкай шурпатай да бэлькі

махам -- замерла

зямля пад вугал

бела-чырвоны часам убеглым

далеч-сьцяна -- адным духам

(Вечнай душою у вёсцы,у месьце,

там, дзе ня думай -- толькі кажы там.

Што ні прылада -- досьціп, умельства:

кошык, кадоўбец, кажух, карыта.)

хто гэтак здолее прыстасавацца?

(жаба, жарэбчык, кажан, вужака)

смага вадою дысталяванай

грудзі -- холад чужачы

 

11

...залацістага, яснага дня.

гэта апошняя спроба

дзеткі мае

Слова падніме да Бога

скрыдлы свае

Ён яшчэ знае надзею

вамі губляць

недзе праведзена "дзесяць"

а да "нуля"

калі загорнецца кветка

сілай нязлой

калі адзіны наш Сьведка

зморыцца зноў

над шырынёй азалелай

пройма гудзе

горкая гэта залева

болей нідзе

вечны-разумны-нядробны

сонца-агонь

гэта ж апошняя спроба

сёньня ўсяго

так што напружвайма сілы

мужны народ

можа ня гэткі ўжо сівер

некалькі год

 

12

...у краях незнаёмых...

чужое неба

хісткае як здань

і хмарамі ўспамін трывогі даўняй

што я замовы-прымаўкі-паданьні

раздаў

гняце туман -- будзённая патрэба --

і далягляд -- густая каламуць

і дзіўна: гэта ж роднае камусь

чужое неба

 

13

...ёсьць на сьвеце такія бадзягі...

край беражоны-даражэнны

ў перад'зімовай жаўціне

мы ўсе твае абарыгены

тутэйшыя

(хаця ж і не!)

яшчэ нядаўна тым назьвіскам

і нас было з гразёй мяшаць

а сёньнечы праз лямант-візгат

праб'ецца вернасьці імша

як нас было ня так і шмат каб

на нас з пагардай гарадской

вы пазіралі

нават матка

дзіцятку долі каб людской

цяперка людска:

от жа праўда

губляем слова

для папер

такая немач і няўпраўка

ды што ты выхапіш цяпер

так-так

зьнябылі ягамосьці

літоўцам вунь ці латышам...

але бяз горычы

бяз злосьці

бяз болю сытая душа

ці крыва зрошчаныя гены

ці не прысьпеў зрашчэньня час?

даруйце мне абарыгены

ня здолеў што пакрыўдзіць вас

 

 

14

...біце ў сэрцы іх...

хачу цябе пакрыўдзіць

далібожа!

да памяці!

да славы!

да крыві!

калі не дапаможа

калі позна --

ўсёроўна ты спакойным ня жыві

і ў сьне

якімі словамі даўгімі

наймуецца туга што навакол

гудзе няўгадана (што настальгія?)

настылая-густая ад вякоў

наяве

чым пустыя вочы зьвера

драпежнага? (сваёга між зьвяроў)

прыкідвае: які набытак зь веры

якое мяса і якая кроў

у будучыні

хай цябе ня знаюць

хай без цябе галактыка ляціць

да продкаў за спакойнаю развагай

не завітаеш -- страчаны пуці

няхай табой папрок блукае сьветам

без спачуваньня-разуменьня без..

хачу цябе пакрыўдзіць

можа гэта

апошняя мажлівасьць для цябе

 

15

...месяц круты ўстаў...

цікаўны маладзік прымружыў сваё вока

зірнуў нібы з усьмешкі мудраца

на гэты лог

на гэты сьвет шырокі

якому срэбра быў паабяцаў

з пагорка клён наважыўся для кроку

павольна быццам з купіны бацян

паўзмрок спакойны летняга жыцьця

разьлёгся прахалодаю навокал

іграе прысак позьняга кастра

сьпіць мітусьня малапатрэбных спраў

няма ні паважанага ні злога

бясконцай нотай цішыня гучыць

адны сузор'яў зыркія гурты

паветра дробняць чыстым перазвонам

 

16

...сінявокая ноч...

салодзіць ноч таполяў клей духмяты

тугі блакіт нябёс улёгся пэўна

на сінь лясоў

трывожны подых мяты

шчымліва-сьпеўны

падперазаны месяц на затоцы

згубіў прамень у ненадзейным люстры

дня каламуць ня ўмосьціцца затое

наўкол бязьлюддзе

дзе ў зыбе вокнаў цёмных зоркай лішняй

чыясьці думка сьвеціць проці ночы

ды вербалоз луской сталёвай лісьця

пад ветрыкам траха што не бразгоча

 

17

...белым пухам вішняў...

ясная-весьняя вішанька

проста пры самай вуліцы

гмаху бетоннай вышкі

гэтак даверліва туліцца

вэлюмам белых чараў

неба ясьнее быццам

а водару незвычайнаму

праз гораду чад не прабіцца

 

18

...дзе панура схілілась каліна...

на ўзьлеску цёплы дожджык агаліў

пялёсткаў чыстых суджанай каліны

гаркавы пах абуджанай ральлі

узрушыў родным як яго калісьці

сьлязіны кропель што лісток абліў

мае далоні смагу наталілі

адвечнай сілай мужнасьці прыліў

каб утрымаць па гэтай весьняй хвілі

бо як лагода радасьць не нясе

як сон на гэтай вечнай паласе

не адрывае новыя старонкі

так і ў вачах ад восеньскіх палян

чырвона-чорнай роспаччу смыляць

каліны падмарожаныя гронкі

 

19

...беднага хлопца магіла.

і праўда што заўсёды ў адзіноце

чакае бухта бачаная зьверху

дзе гэты сьвет нявызнана-дзівосны

за хваляй хваля (хваляй-хваля) зьмеркне

дзе гэты ўвесь прасьцяг агледзіш зноўку

звычайна-перайначана-нязьменны

дзе раптам злучыш сноў няясных зьвеньні

наважаны ў апошнюю вандроўку

і шкода мітусьні і ветру шкода

і гэтага які табой калі

дастойна стуліш гольле пры камлі

калі пачуеш болю асалоду

як зробішся іскрынкаю народу

грудзьмі прынікнуўшы сваёй зямлі

 

20

...шмат у нашым жыцьці ёсьць дарог...

гуд гадоў

і толькі вецер плача

толькі ён яго і адпяваў

лучаны адчайнасьцю юначай

воляю нястрымнаю-гарачай

слоў нявысьпелых

нячутых спраў...

 

21

..ляцім да зор.

тут Сонца скрозь было высокім

папары ды ральлі

а зоры гэтак жа далёка

заўжды былі

самой глыбі качаем лёкі

каштуем соль зямлі

а зоры гэтак жа далёка

як і былі

твае сыны бусьліны клёкат

за небакрай (калі?)

а зоры гэтак жа далёка

як і былі

да абуджэньня трэцім крокам

надзеі каралі

а зора гэтак жа далёка

як і былі

пакутнік робіцца прарокам

і ў бацькавым краі

а зоры гэтак жа далёка

як і былі

такая доля без папроку

хоць Бога не малі

бо зоры нашага далёка

заўжды былі

 

 

22

...мудрасьць жыцьця і яе я шаную...

сьветлым прасьцягам тугі адзіноты і болю

раптам ступіўшы на бераг нязнанага краю

рвецца душа безразважна да неба на волю

зь цеснага цела міжволі ў палёт парывае

сон адпускае нязводна за зоркаю зорку

звонку сьвятло ачынаецца хваляй бясконцай

лёгкай дарогай малітвы для раніцы золкай

звонка вяртаюся зноўку да кветак да птушак да сонца

собіла мне глыбіні прытуліцца што цемрай завецца

мужна абраўшы вядомага часу гадзіну

зноў абжываю адзінае здатнае месца

тут на Зямлі запаветнай у цёплым куточку Радзімы

 

23

...мінулай пуціной.

ці сьвет быў дробязны і ніцы

калі здымаючы абраз

мы гэтак марылі (дурніцы!)

каб паўтарыцца яшчэ раз

ці ўспамінала несьмяротнасьць

нявысьпелая ў сьне душа

дзе адкрываўся незваротны

але наканаваны шлях

вось ёсьць страшнейшае: няўвагай

у жорны жахаў і сьмярцей

зноў мецца зайздрасьцю ды прагай

хваробай-голадам сьмярдзець

сядзець пакінутым сіротай

пад чорнай навісьсю віны

заўжды агульнай і нашто там

за плотам сьпеюць кавуны?

хтось марыў зноўку тут павіснуць

дажыць жыцьцё яшчэ хоць раз

а хто якраз зрабіўся існым

падобным нечым на абраз

 

24

...там знайшлі.

як табе паверыць далакоп

чарапкі ды косткі пазьбіраеш

а на чым стаіма далібог

гэты грунт гаротна падпірае

вунь: археалогія душы

пакупайся хоць у мелкіх хмарах

а ня здольны лётаць? дапішы

непрысутна-стоена-ціхмяна

потым (па стагоддзях) кажаны

перавернуць друз-рызьзё ды вехаць

а звычайнага якім жылі

то ўжо трасцу! не! ня будуць ведаць

 

1964 -- 1991

 


1990-1993?

Тэкст падаецца паводле выдання: зборнік "Жменя насення"
Крыніца: электронны рукапіс