epub
 
падключыць
слоўнікі

Барыс Жанчак

Натхненьне

1
2
3
4
5
6
7
8
9
10


1

як лёгка ўдаецца

тое

што Богам даецца

як трудна душой выпадае

тое

што з Божым не супадае

ды самая змога

тое

што супраць Бога

 

2

праз каго гэты час працякае

неабходную праўду казаць

праз каго ён вартуе цікавасьць

каб ізноў не вяртацца назад

і сядзіць той адставіўшы локаць

быццам поўную кайстру нясе

а няўструйныя словы самохаць

адшчапляюць нябачаны сьвет

1982

 

3

натхненьне ці наткненьне?

адметная пара

куртатае імгненьне

кранаецца пяра

хіба бухторыць д’яблік:

падгледзіш як жыву

хіба выпадак-яблык

пагладзіць галаву

ці ўсёй калодай-лёсам:

падрэзаў і тусуй

ці проста носам-носам:

а дзе ты быў дасюль?

1974

 

4

адзінотай у тлумным горадзе

(непрытуленасьць дзівака)

на лагодзе і пры пагодзе

годзе моднага медзяка

ачынаецца навакольле

(раньняй восені сонечны дзень)

бераг рэчкі

сьцяжынка ў полі

праяўляюцца кагадзе

логам мутнага неспакою

кроплі вечнай развагі лі

над няскоранаю ракою

чарацінкі слоў загулі

 

5

гуляю словам трапным

альбо не

пакуль сіло ня драпае

мяне

пакуль лунаючы

бязладдзем дзён

ня знойдзены

ня страчан

не відзён

уводзіны азначаны

але

пакуль лясны ручай

не абмялеў

і шолах шатаў

і жарства разор

кладуцца шэптам

на пісьмёны зор

 

6

дапісваюць гады няскончаныя вершы

туман недамалёваных карцін

сягоньняга ўзмужнелы дух завершыць --

нявысьпелага не падкараціць

дзе гэнаму стагоддзямі карціць:

калі праклаў радок бязгучны-першы

за небакраем прападае вершнік

яму дарогу варта загаціць

адно жывою прагаю трымціць

жывое слова

ажно ў горле першыць

дапісваюць гады няскончаныя вершы

даволі толькі чарнавік знайсьці

 

7

абрываецца сьцежка

потым проста трава

марнатраўная сьцерпіць

ці прыгнецца траха

рознатравінкам росным

гэта ледзь не карысьць

я ж пасунуся ў роздум

дзе вада не гарыць:

хто аднекуль сьцяжынку

да паловы таптаў?

абарвалася жыцьце?

сьлед прапаў?

толькі значыцца сьцежка

марна не зарасьце

і міжзорнай усьмешкай

бэз цьвіце

1999

 

8

не застаюцца намаганьні

не ў сэнсе тым што не відаць

а ў сэнсе тым што лёгка гляне

адвечнай думкі лагада

бо толькі тое што раптоўна

ды рэдка

рэдка так нажаль

пры нас

праз гэты дзень няўтомны

на векі вечныя амаль

так і здаецца што са сьмецьця

што дурыкам

што наўздагад

а гэта проста Слова льецца

кудой патрэбна акурат

2000

 

9

ад ідэі да ідэі

(будзь здароў, Платон!)

промень праўды загудзе і

не трапляе ў тон

ці крывое ты люстэрка

(колькі ў небе хваль!)

пахваліўшыся майстэрствам

хібу даў нажаль

толькі там дзе я бяздумна

падстаўляў душу

неабдымна-неразумна

ведаю-пішу

хоць прадбачлівасьцю дзесьці

межы разагнуў

незадумліва кладзецца

зерне ў баразну

 

10

я ёсць толькі працяг

ненапісанае

не ляпіце мне тыя чужыя гады

(не чужыя, вядома ж, а вымысьленыя,

дзе шукаў супакоенасьці-лагады)

я ёсць толькі пасьля

і ў цікавасьці

сам чакаю якое (ці будзе?) сьвятло

ну а тое што сталася хай расьцякаецца

хай прасеецца сітам “было-не было”

вось тады перабраўшы

ліхое адкінуўшы

утрамбую ў абсягі даўгога жыцьця

як вялікія ўсе невялічкую кніжачку

але гэта не я

я ёсць толькі працяг


1990-1993?

Тэкст падаецца паводле выдання: зборнік "Жменя насення"
Крыніца: электронны рукапіс