epub
 
падключыць
слоўнікі

Барыс Жанчак

Навакольле

1
2
3
4
5
6
7
8
9
10


1

а я па-сутнасьці бадзяга

хоць так здаецца: дамасед

хоць можа з дому толькі дзяга

мяне патурыць недзе ў сьвет

мой сьвет вялізазны ўва мне

не абляціш і не аб'едзеш

цікуй адно што раптам недзе

паблізу думка мільгане

не сьлед старонкі варушыць –

мне ўсё вядома з нараджэньня

і навіна як абуджэньне

якога сну маёй душы

сяджу пад плотам на дрывах

вартую сонца неўміручасьць

а ведалі б як гэта зручна

заплюшчыўшыся вандраваць

наўкол паленьне-друза-пыл

бо неахайнасьць -- гэта радасьць

такі бязьмежнага парадак

шыхтую сьвет на свой капыл

 

2

палявая сьцяжынка

волкі верас і клейкія смолкі

колас сьпелага жыта

шурпаты і колкі

ветлы ветрык крыла ветраковага махам

ледзь калыша паветра

цяжкое ад гукаў і пахаў

 

3

на зрэнцы возера

а ў парушынцы чоўна

пад хваляў воплескі і водбліскаў касьцёр

я зразумеў

(павольна ды раптоўна!)

што гэты сьвет жыве сваім жыццём

што ў ім няма ні прымхаў ні паданьняў

(перасыпай пясок на паплавах!)

ён краем з гэтым існым супадае

дзе тых гадоў што птушцы пакляваць

на хвалю выскачыць ня хочуць вольхі

хаваюць стому мудрыя карчы

пад пальцамі

(раптоўна ды павольна!)

паўсюльнай цеплынёй вада маўчыць

 

4

на разлогах водар волкі

вецер вольны ды ляны

чуйны голас перапёлкі

перапёлкі ці жаўны

выклікае ў раздарожжа

да травы і да аблок

станеш зноўку сьветам Божым

мітусьню адсунь убок

як раскінутыя рукі

як разумнага сувой

пахі колеры і гукі

зноўку стануцца табой

зробяць грэшнага сабой

 

5

краскаю жоўтаю белы заўсёдны матыль

вечны ўспамін раскаванай высокаю поўняй

гэтай усьмешкі далёка ня ўсходні матыў

радасьці яснай ніколі ня позьняй

свет – ні шчарбінкі і краю пакуль не відно

поўна не дужа каб велькіх ды вартых

часам віно

часам голуб блакітны ў акно

калі бяда – нібы жартам

там і сьцяжына па вільгаці вольнай лясной

стрэне сунічкай страчком ці алешыны сьвечкай

спелаю восеньню-летам

спакойнай вясной

смакам на вуснах недацалаванай парэчкі

 

6

міма карэньняў расы ды кустоў

адпачываю вяснова

хмарай рудою над рэчкай пустой

плавае ў небе карова

можа дажджом можа градам яна

ветрыкам будзе даіцца

ніцай лазы трапяткая струна

люстрам вадзіцы дваіцца

 

7

бо ты куды ляціш

мая Зямля

якую будучыню расьсякаеш

на ўскрайку часу

каранёў цьвікамі

камля гудзеньнем

пошумам гальля

бясконцы рух заўсёды цішыня

парушаная плямінай жывога

дзе роднай аднастайнасьці трывога

сьпяваюць жабы

камары зьвіняць

зялёна-жоўта-збросьнелы ставок

маёй карціны

лішняй на выставе

дзе бачны тыя барвы

што растануць

калі растаньне выпадзе з табой

мая Зямля

 

8

я зразумеў тугу таго

хто ў неба зноў ды зноў ірвецца:

жыцьцё дарогаю даўгой

(няўдзячнай!) ззаду застаецца

і што такі сьвяты блакіт

яму якраз напамінае

дз чыстахмар'я круглякі

я зразумеў

я знаю

 

9

мёртвыя дрэвы – дровы

мёртвыя рэкі – канавы

цэлае робіцца дробным

думка – недасканалай

мёртвыя зёлкі – лекі

вып'еш – ці будзеш здаровы?

мёртвыя дрэвы – дровы

канавы – мёртвыя рэкі

 

10

калі ты не выходзіш пад бурачковае неба

не ўзіраешся запытальных зорак

ня чуешся цэнтрам сьвету

тое яшчэ зусім не азначае

што над табой гэты лёгкі блакіт

заўсёднага лета

1972


1972

Тэкст падаецца паводле выдання: зборнік "Жменя насення"
Крыніца: электронны рукапіс