epub
 
падключыць
слоўнікі

Барыс Жанчак

"Некалі было ганарыліся..."

некалі было ганарыліся:

колькі выйшла з гэтай вёскі:

два фельчары

настаўнікі чатыры

а меншы гэльчын кажуць даслужыўся

да капітана

але ўжо зараз лічым

колькі засталося ў той вёсцы

бабуль якія памятаюць песьні

і ўмеюць прасьці-ткаць ды вышываць

дзядоў што граюць на дудзе-жалейцы

плятуць кашы

да сьвята наштукуюць

гліняных-паліваных місак

збанкоў і хітрамудрых цацак

а колькі ў гэтай вёсцы засталося

шчасьлівых вечнай сувязьзю зь зямлёй

і вечным клопатам на ёй?


1990-1993?

Тэкст падаецца паводле выдання: Жанчак Б. Некалі потым: вершы / Барыс Жанчак. - Мінск : Мастацкая літаратура, 1993. - 174, [1] с.
Крыніца: электронны рукапіс