epub
 
падключыць
слоўнікі

Барыс Жанчак

Новы год у лесе

 

Дзень лагодны,

дзень пагодны!

Рой сьняжынак навагодні.

Вакол елкі звераняты

ладзяць гульні,

ладзяць сьвята.

Дружна водзяць карагод –

сустракаюць Новы Год.

Вунь мядзведзік Дзед Мароз

пад яліну ў сьнег урос.

Ваўчанё Сьнягуркі ўборы

прымярае – сьмех ды й гора.

На касога зайку ліска –

коса глянуць?

Ані блізка.

І казуля, і сахаты

завіталі як дахаты.

Папаселі на гучкі

барсучкі і хамячкі.

На вяршаліне ўгары

ліхтарамі сьнегіры.

А на самай на макушцы

зьзяе сонейка жар-птушкай.

Дзень паголны,

дзень лагодны,

рой сьняжынак карагодны.

Новы Год гуляць у лесе

радасна і весела!

 


1990-1993?

Тэкст падаецца паводле выдання: “Падарунак” – вершы для падлеткаў, для малых і для тых, хто не зрабіўся дарослым
Крыніца: электронны рукапіс