epub
 
падключыць
слоўнікі

Барыс Жанчак

"Па чужынскім горадзе..."

па чужынскім горадзе

па Менску

пад зямлёй Няміга

сонца ў хмарах

дзе не тое што было спрадвеку

дзе не тое што ў забітых марах

я нясу спакойна гэту сувязь

не перапыняючы хвіліну

як сівых гадоў назоў часовы

адчуваць наступнае прыліне

купінамі

чэрствай асакою

стрэмкай слова колецца сучасьнік

адчувай няголенай шчакою

родны рытм

цяпер ужо нячасты

калаўрот мелодыі бабулі

раньня рытм – касу дзядуля клепе

вы ў сваёй качулцы не пачулі?

можа гэта слова скажа лепей

 

хоць крэўным

хоць камусьці

такой бяды – каб толькі тут

ты быў

як потым мусіш


1990-1993?

Тэкст падаецца паводле выдання: Жанчак Б. Некалі потым: вершы / Барыс Жанчак. - Мінск : Мастацкая літаратура, 1993. - 174, [1] с.
Крыніца: электронны рукапіс