epub
 
падключыць
слоўнікі

Барыс Жанчак

Паходжаньне

1
2
3
4
5
6
7
8
9
10


1

аднекуль трэба браць пачатак

глыбінь няўспомненых

здалёк

убеглага курыцца часу

спакою сіняга дымок

душа адчайна вызначае

лятунамі юначых сноў

калі яна была грачанкай

Элады вечнаю вясной

а потым вогнішчам купальля

узрушаная да зары

сваю каханую гукала

на бераг вольных азярын

а потым вой дружыны княжай

бароніць Бацькаўшчыну так

што на чырвоным лёдзе ляжа

у жах закованы крыжак

а там і ты...

анёл зь нябёсаў

цябе на трэці дзень прынёс

самой гісторыі дзівосы

паднялі яблыкам твой лёс

 

2

як борзда час прысьпешвае --

ізноў суніцаў хочацца

відаць вясною раньняю

высільваецца смак

а можа гэта сьмешнае

як за Сяніцай Лошыца

каторая зь іх крайняя

узорная тасьма

асфальт па бруку грукае

падводаю даўнейшага

палётна паўтараецца

такі няблізкі час

над шэрай гнуся грудаю

ды з гноем перамешваю

нібы такой стараннасьцю

ізноў змагу пачаць

сваё такое ўлукаткі

канец-пачатак -- яркае

сягоньня ненадзейнае

а заўтра -- не стрымаць

вясна мяне ня слухае

віруе гаспадаркаю

як летась не радзейшая

каляная трава

ізноў суніцы мрояцца

між лісьцейка зялёнага

а смак!

як твар пад ветрыкам

у жыце пры мяжы

калі падвечар змораны

як песьня (не заломаны!)

ідзеш сюдой (пад ветахам!)

дзе толькі й варта жыць

 

3

пастушкамі

ўстаўшы рана-роўненька

калі сонца мружыць вочы птушкам

мы зьбіралі статак ля кароўніка

(ці каля канюшні?)

па расе з падскокам бо ня сонны

летнім дням (гульнёй бясконцым) рады

бачу: дзядзькі-цёткі -- да брыгады

(я старэю -- вы такія самыя!)

сцежкаю таго маленства стылага

вечнага нявыцьвілага ранку

“зрастуй-зрастуй” – дзядзька Славік зь віламі

ды маўчком ударніца Вяронька

абмінула дзядзьку куля-міна

дабрыла дарога да вяртаньня

( Зараз не спавітае ўспамінам,

ненаканаванае гартаю .)

аабмінула цётку шчасьце-ліха

горкі лёс адданасьці дзявочай

(я зародкам мужнасьці паціху

чую ноч гарачай адзіноты)

вольна праплываю Шляхам Млечным

дзе маўчыць няжытага аблога

дзе яны падпоркамі навечна

дарагога клопату зямнога

 

4

а ты куды ляціш мая Зямля

якую будучыню расьсякаеш

на ўскрайку часу

каранёў цьвікамі

камля гудзеньнем

пошумам гальля

адносны рух заўсёды цішыня

пазначаная плямінай жывога

дзе роднай аднастайнасьці трывога

сьпяваюць жабы

камары зьвіняць

зялёна-жоўта-збросьнелы ставок

маёй карціны лішняй на выставе

дзе толькі тыя барвы што растануць

калі растаньне выпадзе з табой

мая Зямля

 

5

я знайшоў гэту гронку гарэхаў

блізка гораду восені недалёка

не прайшоў міма іх не праехаў

і апалі ў руку гэтак лёгка

вось жа і ў месцы перанаселеным

ёсьць і ў мысьлях тваіх і ў прыродзе

тое што для аднаго цябе сьпее

тое што толькі цябе знаходзіць

і можна спаконойна кожнаю рыскаю

паўтараць хоць лісьце хоць гольле

загубіцца не занаючы рызыкі

пад гэтым восеньскім сонцам гойным

 

6

з нагоды слуцкага паўстаньня

народу што ня мае сьлёз

пакуль што зразумець ня ў стане

гармат гамонку скрып калёс

з нагоды слуцкага паўстаньня

што часу вецер нам прынёс

я пасылаю прывітаньне

народу што ня мае сьлёз

з нагоды слуцкага паўстаньня

 

7

ты малады

пакуль твае бацькі

і дом над возерам

сабака ў будцы

і лугавіна

дзе юнацтва буцы

пад нейкі пласт пакінулі цьвікі

ты малады пакуль

і не ўспамін

а хочаш

хоць сягоньня зноў вярніся

дзе пад акенцам сьвеціцца вяргіня

дзе асалодзіць вэлюмам язьмін

ты малады

пакуль Айчыны той

той бацькаўшчыны ціха-ціха б’ецца

спагады вечнай і любові сэрца

стаіць спакой хмурынкай залатой

 

8

такі пранізьлівы мароз

як у маленстве малакроўным

дзе гэны дзядзька зноў прывез

папілаваў і коле дровы

работа мудраму насіць

на прызбу сотае бярэмя

не гнуцца пальцы галасіць

пад гэтым месяцам дарэмна

як над дрывотняю гадоў

цяпер дзе сьцюжа працінае

аж да касцей

аж да гадоў

аж да сядзеньня ад сьцяною

як паміж зоркамі адзін

у даўнім

у бясконца сінім

такі сьцюдзёны маладзік

адпрацаванага бясьсільля

 

9

бо ў тым краі заўсёды залатая

пара пачатку восені стаіць

спакой высокай думкай залятае

дзівуецца з прасторы на стагі

на кнопкі копак

бачныя здаля

праносяць журавы свае катрынкі

а дзе той край?

Бацькоў маіх зямля

па-над якой у мыслях ні хмурынкі

 

10

але ніхто ўжо ня будзе такім родным

як у дзяцінстве

але ніхто ўжо ня будзе такім ройным

як у маленстве

але ніхто ўжо ня будзе такім роўным

як у юнацтве

праўда гэта ўсё роўна

калі не баяцца

але нішто ўжо ня будзе такім розным

як у юнацтве

але нішто ўжо ня будзе такім росным

як у маленстве

але нішто ўжо ня будзе такім грозным

як у дзяцінстве

аж пакуль у барозны

не прыкаціўся

 


1990-1993?

Тэкст падаецца паводле выдання: зборнік "Жменя насення"
Крыніца: электронны рукапіс