epub
 
падключыць
слоўнікі

Барыс Жанчак

Пацеркі

1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
16
17
18
19
20
21
22
23
24


1

 

забыўся я

як трусіцца кастрыца

як беляцца сувоі ля ракі

узоры вынікаюць з-пад рукі

пагорбленай майстрыцы

як карагод

хвілінная сям’я

мяне кружыў суладдзем вечаровым

на гэты лад

спрадвечнасьцю здаровы

забыўся я

 

 

2

 

відаць здалёк

густая купка ліп

і бескрыжовы купалак царкоўкі

тут неба бесклапотна-памяркоўным

было калісь

і кожны раз

як толькі я прылёг

замораны

ці проста занудзіўся

мне купалы бясхмарнага дзяцінства

відаць здалёк

 

 

3

 

паглыбішся ў сябе

і ў гушчы кругагляду

шукаеш

што не думаеш знайсьці

ці круг сяброўскага застольля ці

засаду

той інтрасьпекцыі шалёны бег

па сінім полі – зоркі курасьлепу

ледзь рэчаіснасьці дыхнеш

і сьледам

паглыбішся ў сябе

 

 

4

 

далёкі дзень

спакойным хараством

прыцьміў жыцьця будзённую сьпяшанку

юнацтва гучна тупае на ганку

і кліча на прастор

ізноў зьбіраеш калівы надзей

ці пывітаў

ці зразумеў кагосьці

а ўсё таму

што завітаў у госьці

далёкі дзень

 

 

5

 

іграе недзе

музыка сучасная

электрахвалі скаланаюць вечар

і голас ненастроена-хлапеч

пяе каханьне шчаснае

далёка тое шчасьце

не дагоніш

не перапыніш

не абудзіш словам

а маладосць лагодаю вясновай

іграе недзе

 

 

6

 

пакліч мяне

пакліч каб я пачуў

каб адгукнуўся вечарам сьпякотным

каб безразважна лёг на падаконьнік

як бэз-маўчун

пакуль у полі краскі ды калосьсе

і ветрык ачмялеў

пакуль не заімжыла наша восень

пакліч мяне

 

 

7

 

трава гарыць

гарыць на тых канавах

дзе мы малымі пасьвілі кароў

празрысты дзень з чырвонаю гарой

канае

раскінуў рукі

тварам дагары

і горкім успамінам маладосьці

дымок адхонам

лезе-лезе ў госьці –

трава гарыць

 

 

8

 

два словы

проста гукаў чарада

каханьне іх і зразумець не можа

я зьдзіўлены стаю на асьцярожных

тваіх сьлядах

якіх бяссоньняз хісткую аснову

пявучы голас мне наваражыў

якім зрабілі родны сьвет чужым

два словы

 

 

9

 

я ўбачыў

што яднаньня не было

тупы спакой цікаўнай раўнавагі

ні шчырасьці

ні далучэньня прагі

хаця б сіло

бо дзе ж бы хто хвіліну перайначыў

чароўная мелодыя агоркла

і сонца недасяжна-дробнай зоркай

я ўбачыў

 

 

10

 

зламаная галінка

лісьце прытрымала3

аж да вясны

ці то праклён ці плён

што ў новы час хвілінак колькі клён

перавалок памалу?

чым для мяне трапеча гэты сьцяг?

намерам вернасьці?

няўдачы напамінкам?

ці:

некалі патрэбнага жыцьця

зламаная галінка

 

 

11

 

б’ецца памяць

як птушка ў сілку

ад нянавісьці да захапленьня

ад зьдзіўленьня да веры зьяўленьня

не засну аж пакуль

столькі слоў і людзей паміж намі

але ггэтак няздатна-бязгучна

ды ўсёроўна ў бяссоньні балюча

б’ецца памяць

 

 

12

 

прывязан кожны

да свайго крыжа

і вольны кінуць і нясеш паціху

да той гары дзе самасуд не ліха

дзе абыякавасць не жах

блакітны месяц устае над пожняй

і адплывае-наплывае час

на скрыжаваньні

да якога з нас

прывязан кожны

 

 

13

 

ля кургана

пакінутага ў полі

праз пах суніцаў бачыць можаш ты

як золата на сонныя жыты

страсаюць пчолы

калі тут зло твой продак адганяў?

якой бядою тут зямля прыўзьнята?

на лядах цішыня шамрыць заўзята

ля кургана

 

 

14

 

дрыжыць дажджынка

на зялёным промні

як нотка лугавога капяжу

у ёй і хмараў плойма – закрыжуй

дождж прошлы

і неба глыбіня –

чакай-дажджыся

і сонца перасьпелага агонь

сьвет чысьціні згарнуўся

а ўсяго

дрыжыць дажджынка

 

 

15

 

пусты мой сьвет

адно што на вачах

вясновых першых красак жоўты рой

і тры таполі беленай карой

нядужыя ў плячах

дзе думак строй аб праўдзе-харастве

аб часе шпаркім

што рыўкамі мчыць

чамусьці нават музыка маўчыць

пусты мой сьвет

 

 

16

 

мелодыя далёкая

злучае

імпэтны час і колішні спакой

калі было і не было вакол

злых чараў

а гукі сінявата-прахалодныя

народжваюцца невядома дзе

і пахне горкім водарам надзе

былых трывог

далёкая мелодыя

 

 

17

 

гляджу ўсяго

на цішыню плячэй

адкінутую гордую галоўку

і шчасны

як зімой жабрак галодны

не выгнаны яшчэ

дзе возера не рвецца зь берагоў

да гонкіх соснаў горнецца штодня

а мне і радасна з таго што я

гляджу ўсяго

 

 

18

 

чужое неба

пошукам глыбінь

і далягляд

густы-няўтульны-цесны

дзе я паданьні-летапісы-песьні

згубіў

дзе апануюць звады ды патрэбы

бязроднага пустая каламуць

і дзіўна:

гэта ж роднае камусь

чужое неба

 

 

19

 

якую радасць

дораць успаміны!

ні воблачка тугі – здзьмуў вецер годаў

блакітны дзень

зялёных хваляў гоман

і воблік мілы

ды смутны дзень лятункаў сон адгоніць

як дзіцянё разумную параду

то ж сэрца прагне спажываць і сёньня

якую радасць

 

 

20

 

вабяць арабіны

я адчуў здалёк

падсьвядома

нібы дзік засаду

над чырвоным вогнішчам прысадаў

восеньскі дымок

у пары красьнейшай край любімы

незвычайнай чысьціні адценьні

і амаль забытым летуценьнем

вабяць арабіны

 

 

21

 

поўня

яснай ноччу роўна сьвеціць

што здаецца цеплынёю поўна

сіняе сьвятло

павее з поўдня

вецер

як чароўным срэбрам усёроўна

яблынка сьпявае маладая

ледзь галінкі промнямі гайдае

поўня

 

 

22

 

маўчыш ты

дзе агульных моў улоньне

не скаламуціў ростаняў удар

нібы нядаўна на маіх далонях твой сон бязладных думак пакідаў

ці шчырасць тая сталася залішняй?

ці недавер?

цяпер рашацьме час

як быццам тут

ля самага пляча

маўчыш ты

 

 

23

 

твой мілы голас

як ліпнёвы вецер

прыносіць пахі цеплыні і кветак

і робіцца спагадна-ўтульна-сьветла

на цэлым сьвеце

нібыта не было быцьця даўгога

што цешыла дажджамі ды сьнягамі

кароткі час лагоды зьберагае

твой мілы голас

 

 

24

 

незваротнасць хвіліны

што зноўку прайшла

ці пазначана чынам-здабыткам

словам-тонам-выявай-адбіткам

каляровага шкла

хіба вецер

страсаючы іней

паланіўся нязвыклага ўзорам

альбо ціха азначылі зоры

незваротнасць хвіліны


1990-1993?

Тэкст падаецца паводле выдання: Жанчак Б. Некалі потым: вершы / Барыс Жанчак. - Мінск : Мастацкая літаратура, 1993. - 174, [1] с.
Крыніца: электронны рукапіс