epub
 
падключыць
слоўнікі

Барыс Жанчак

Пачуцьцё свабоды

ніякіх ваганьняў

(дыханьняў, мільганьняў)

у белага сьвеце

(ні ў клеці, ні ў квецені)

не сьціснуты пэўнасьцю

(пільнасьцю-сьпеўнасьцю)

дзе шар дапушчэньняў

(згушчэньняў-зрашчэньняў)

ты ёсьць шматпраграмнік

(не вой, не выгнаньнік)

зірні: пераходзіць яно

з бурачковага ў бэзавы

і сімвал-чаўнок

супроць плыні гарэзаю

дзе подых навук

выгінаецца ветразем

як скрыпку Янук

кране смыкам-вектарам

праскочыш пары звон

калі праяўляецца

той страх гэта рызыка

роснаю раніцай

ты яшчэ не згубіўся

яшчэ прадчуваеш

ты яшчэ не забіты

пашанай-чынамі

ты паперадзе чыну

як лістота за ветрам

як пад куляй дзічына

як над хмаркаю ветах


1990-1993?

Тэкст падаецца паводле выдання: Жанчак Б. Некалі потым: вершы / Барыс Жанчак. - Мінск : Мастацкая літаратура, 1993. - 174, [1] с.
Крыніца: электронны рукапіс