epub
 
падключыць
слоўнікі

Барыс Жанчак

Падарунак

 

Мне падарылі рыбак залатых,

цяпер пра іх я клапаціцца буду:

далёкія, а ўсё ж сваячкі тых,

што ў казках недаступных твораць цуды.

Акіяна кавалачак б’ецца за шклом –

бліскавіца чырвоная, сіняе неба.

Нібы морскага ветру дыханьне прайшло:

чалавеку заўсёды цудоўнага трэба.

Я вераб’ёў змарнелых пакармлю,

галовы кветкам, зьмерзлыя, прыкрыю,

на дрэве і галінкі не зламлю:

са мной гамоняць рыбкі залатыя.

Калі ж бязьмежны зорны акіян

да іншага жыцьця мой шлях скіруе,

тады вазьму я ад братоў-зямлян

планеты кроплю – гэты падарунак.

Глыбіня немагчымага плешча за шклом –

бліскавіца чырвоная,сіняе неба,

нібы морскага ветру дыханьне прайшло:

чалавеку заўсёды цудоўнага трэба.

 


1990-1993?

Тэкст падаецца паводле выдання: “Падарунак” – вершы для падлеткаў, для малых і для тых, хто не зрабіўся дарослым
Крыніца: электронны рукапіс