epub
 
падключыць
слоўнікі

Барыс Жанчак

Прысутнасць (Зварот)

МАЛІТВАЙ ЖЫВОЮ
УВАХОДЖАННЕ
  1
  2
  3
  4
  5
  6
  7
  8
  9
  10
  11
  12
  13
  14
  15
  16
  17
  18
   19
  20
  21
  22
  23
  24
  25
  26
  27
  28
  29
  30
СТАН МАЛІТОЎНЫ
  1
  2
  3
  4
  5
  6
  7
  8
КАЛІ ВАРТА ПРАСІЦЬ
  1
  2
  3
  4
ХЛЕБ ВЕРЫ
  1
  2
  3
  4
  5
  6
  7
ПРАЯВА
  1
  2
  3
  4
  5
  6
  7
  8
  9
  10
  11
  12
  13
СНАМІ
  1
  2
  3
  4
  5
  6
  7
  8
НЕАБХОДНАСЦЬ
  1
  2
  3
  4
  5
АБАВЯЗАК
  1
  2
  3
ЗАМОВА
  1
  2
ГЛЫБІНЯ ДУШЫ
  1
  2
  3
  4
  5
  6
  7
  8
  9
  10
  11
СПАДЗЯВАНЬНЕ
  1
  2
  3
  4
ГОДНАСЦЬ
  1
  2
  3
  4
  5
  6
ЦІ НЕ САМ Я
  1
  2
  3
СЛОВА, СЛОВА, СЛОВА
  1
  2
  3
  4
  5
  6
  7
  8
  9
  10
  11
  12
  13
  14
  15
  16
  17
  18
пярэчаньне
  1
  2
КАЛІ ЗАХОДЖУ...
ВОСЬ СІМВАЛ ТВОЙ
ПАХОДЖАНЬНЕ
  1
  2
  3
  4
  5
  6
  7
СПАДЗЯВАНЬНЕ
  1
  2
  3
  4
  5
  6
  7
  8
ПРЫСУТНАСЦЬ
  1
  2
  3
  4
  5
  6
  7
АДКУЛЬ
  1
  2
  3
  4
ВЯРТАНЬНЕ
  1
  2
  3
  4
  5
  6
  7
У ЦЯРПЛІВЫ ЧАС РОСПАЧЫ
  1
  2
  3
  4
  5
ЯГАДЫ МАЛЕНСТВА
  1
  2
ЦЯПЕР
  1
  2
  3
  4
  5
  6
  7
  8
  9
ГРАХІ
  1
  2
  3
  4
  5
  6
  7
  8
  9
  10
  11
  12
  13
  14
  15
  16
  17
  18
  19
  20
 Далучэнне
  1
  2
  3
У гэтым жыцьці.
  1
  2
  3
  4
  5
  6
  7
РАДАВОД АГУЛЬНАСЬЦІ
  1
  2
ВЫСЛОЎЕ
ПА-ДЭ-ДЭ
  1
  2
  3
АБЛАДА АДНОГА ГОДУ
  1
  2
  3
  4
  5
  6
  7
СЫНУ
  1
  2
  3
ЗА РАЗУМЕНЬНЕМ
  1
  2
  3
НА ПЕРАХОДЗЕ
  1
  2
   
  3
  4
  5
  6
  7
ТАМ, ДЗЕ...
  1
  2
  3
  4
  5
НАПЛЫВАМ
  1
  2
  3
  4
  5
  6
  7
  8
  9
  10
  11
  12
  13
  14
  15
  16
  17
  18
  19
  20
  21
  22
  23
  24
  25
  26
   27
  28
  29
  30


 

 

 

 

Нябёсаў сьвятло

надыйшло нада мною

малітвай сьвятой

 

МАЛІТВАЙ ЖЫВОЮ

 

Стварыцель сусьвету

Спадар нябёсаў

сьвята-сьвятло

нашага лёсу

стань Валадарства Тваё над сьветам

над гэтым

як і над тым дзе Ты

дай і сягоньня нам чым жывіцца

і даруй нам віны да апошняй цалі

як вінаватым і мы даравалі

ды не кінь у спакусу

але крый ад прымусу

і ад зласьліўца

бо Тваё Права

і сіла і слава

на векі часін

Амін

 

 

***

 

Вера дае

Адчуваньне Прысутнасьці

вераду век

не трываеш па-сутнасьці

 

***

 

Твой крыж

у круглым сьвеце

такі дакладны знак

калі ізноў асьлепіць

дарогаю назад

у гэтым лабірынце

дзе зайздрасьці агні

дазволіць не згубіцца

пакутай разагне

як ветру несьвядомасць

як крыга па рацэ

а там – чакай – і долю

азначыць на руцэ

 

***

 

якое тут зерне? (мякіна, макуха!)

бо хто тут адметны? (сапраўдны?адрозны?)

а цэрквам зямным што адзіныя духам

як аб’яднацца царквою нябёснай?

 

***

 

гэта плойма бязьлікага

гэты трудны ды пробны

дзе надзея Вялікага

захінаецца дробным

атрымаю падобныя

нездабыткі-пралікі  

дзе падзея на добрасць

затуляе Вялікае

але плён засяроджаньня

на рышток гэтай плыні

для чаго я народжаны?

кім павінен

бо звычайнасць гульлівая

забірае калі вы

гэтых мараў прылівамі

гэтых мораў адлівы

 

***

 

уга як цяжка на душы

выжарна і скажона

што ні скажэце гэтак жыць

у Бога заслужона

а дзе агульнае баліць

дзе ўласнае мадзее

выгоду знае толькі ніць

надзея і падзея

служыце небу а не тлу

вы Бацькаўшчыны кветкі

шануйце родную ральлю

свой крыж сьвяты і сьветлы

 

***

 

хай годнасць спараджае Веру

каб далучацца кожны раз

калі памкнешся на паперу

прыладзіць тэнар свой ці бас

павесіць пэндзлем над аблогай

аблокі вернасьці сваёй

не словам казаным а строгай

высокай музыкай самой

самотнаю з пачатку часаў

адтуль дзе быў заўжды адзін

зь Бязьмежна-Веданым сам-насам

цябе Каторы спарадзіў

 

***

 

паміж Верай і недасьведчанасьцю

паміж ведамі і засьмечанасьцю

я губляюся

я габлююся

грунт разгублена падтрымае

грунт часовы

не рачулкамі спавіваны

не лясовы

а ласунак для роздуму

аблямованы рознымі

заблуджэньнямі

ад ірдзеючых рос зямных

зор падзеньня да

дай мне часу заглыбіцца

каб азначыць за глебаю

распадзеньне вядомага

ці не дома я

тут

пад небам Эвангельля

запавету дол

доўга плёўшыся багнаю

несумеснаю прагнаю

але ўсё тудой

дзе не ходжана Вераю

дзе вяртаюся з выраю

лебядой

 

***

 

не трымаю сябе між людзьмі

каб празь меру спагадна-чульлівым

але сьлёзы пануюць грудзьмі

калі чыніцца дзе справядлівасць

 

адчуваю якімі сьлязьмі

ачынаюцца горнія высі

калі робяцца тыя людзьмі

што нядаўна ад злога ўзьняліся

 

***

 

але ж і зайздросна пабыць чалавекам –

(плача, крычыць, сьмяецца!)

у лесе пад месяцам цалавацца

з гэткім жа ды сьмялейшым

цешыць свой ложак

сваю вантробу

ладзіць хаціны-палацы

выбарам брацца на кожным кроку

болесьцяў не баяцца

гэта сьвятло пазнаваць патроху

зорнае неба бачыць

ды ўрэшце знаходзіць Дадому дарогу

праз радасьцяў сьціплых нястачу

 

***

 

дзе воблакі ў бяскрайнім даляглядзе

падобныя сінечай як браты

дзе сонца птушкай у блакітным садзе

усьцешвае абліччам залатым

дзе зорка што ў часовым часе ўпадзе

аддадзеная долу як і ты

жыві ў надзеі-радасьці ды ў ладзе

мацуй памкненьні вечнай дабраты

 

дзе зерне што пасеяна высока

аж у ральлі нябёсаў прарасло

дзе ўсіхны боль тваіх няўдалых крокаў

грунтуе страху сьцятае кубло

дзе толькі Вера пастаянным токам

зьвінае ў хвалі тое што было

плыві самаахвярнасьці патокам

не маючы правоў на злосьці зло

 

***

 

ты не мяркуй: дакляравана жыць

трываць свой плён нібы галінку лісьце

звычайным прамінаюць рубяжы

ніхто не знае за каторым выйсьце

 

рака заўсёды помніць свой выток

як ты да зор нясеш спакой і змору

віток – узгорак

замчышча – віток

і так не згледзіш за каторым мора  

 

 

УВАХОДЖАННЕ

 

 

1

 

душа не стоміцца дзівіцца

праявам вечнасьці няўтомнай

дзе сьветлай плямаю дзянніца

дзе шэрым ветразем сутонне

 

 

2

 

быць заўсёды мушу вінаватым

грэх – мой самы першы абавязак –

хоць амаль не собіла ў салдаты

хоць не рваў улетку лепшых красак

 

 

3

 

ведаючы чым жывая

кветка спрадвечнага краю

ветрам гайдаю дрэвы

вечнай душы павевам

 

 

4

 

але ты мая заранка

ці павінна мяне бачыць

гэта значыць гладзіць промнем па маёй рэдкавалосай

галаве каб я круціўся як умеюць акрабаты

альбо знаў як лось гарбаты

зблізку разглядаць дзівосы

 

 

5

 

мяркуеце: той-такі гоніцца

за грэшнай душою але ж

усякія роспачы-горычы

каб месца Любові безь меж

 

 

6

 

хай ні два ні паўтара

жорсткая падзея

не стамлюся паўтараць:

не за што а дзеля

 

 

7

 

а лЮбы брат ці маеш Веры

што мы адзіныя ў журбе

як мне любіць цябе ў той меры

якою любіш сам сябе?

 

 

8

 

выгоды цела існага ўжываю

падманьваюся горкім-кіслым-прэсным

а росным-рэзкім-гострым і крывавым

пачую як яно ўва мне ўваскрэсьне

 

 

9

 

калі ад сонца захапленьне ўраньні

калі да зор ад вечара пароўну

няхай (пакуль што) будзеш не абраньнік

затое мецьмеш Шлях і Абарону

 

 

10

 

не палохай заўтрашнюю Веру

ды жахайся заўтрашняга Зьвера

гэта ж сёньня дзень такі вялізны

гэты ж дзень праходзіць бескарысна

 

 

11

 

на той гары што не пакіне ценю

дзе марывам цячэ трымценьне цела

як той блакіт што спее далячыньню

як пад рукой каханая жанчына

 

 

12

 

Крыж заўсёднай

нясцерпнай пакуты

праз стагодзьдзі не бачны

нячуты

 

 

13

 

 дзе прыкрасьці зямнога карані?

 бо казана было:

 вам бацька аддзяліў быў дабрыні

 ды кінуў яе ў тло

 

 

14

 

благое ўсё пляцецца натуральна

 адно не трэба самаперамог

 каб ты ліхому ў сувязі астральнай

 сваім хаценьнем ціхім дапамог

 

 

15

 

 бо ж не кідацца зразу да Князя ў зямное

 цешыць зайздрасьць-разь’ятранасць-злосць

 Ты высокай малітвай заўсёды са мною

 Але я ў Цябе – госць

 

 

16

 

не адразу скідвайце латы

 не цурайцеся Запавету

 не давайце ўладарнаму ўлады

 не давайце бязмозгламу ведаў

 

 

17

 

 не панаракаўшы на рабоў

 што бываюць земныя-няземныя

 як адкрылася:

 Твая Любоў

 ёсць заўжды ўзаемная

 

 

18

 

 што гэтае вядома ўсім нам

 прабачце:

 не адгароджвайцеся Сынам

 ад Бацькі

 

 

 19

 

 свет зразумеецца паволі

 як працінае Дух Сьвяты

 дзе кожны спасьцігае ролю

каб мець аблічча пекнаты

 

 

20

 

 на песпарадным п’едэстале

 пустых хвілін

 бо там дзе мы з табой стаялі

 укленчыць сын

 

 

21

 

 паміж верных прастораў бязьвінных

 макі-каноплі

 людзі-людзі – агністыя кроплі

 калі ў цемрадзі відна

 

 

22

 

бо гэта праменьне не ўсё асьвятляе

а толькі (хаця б не зманіць) ці палову

нябачнае – чуйнымі тымі вятрамі

якія не думкай дык словам

 

 

23

 

гэтак няспешна няярка вымалёўваецца аблічча

а табе абы ўся

сама болей шкоды ад такога хто блізка

падыйшоў ды яшчэ не зрабіўся

 

 

24

 

ня важна хто ты: яр-ваяр-змагар

якога ты высокага палёту

адно каб толькі меў адметны дар:

не зразу аб сабе а потым-потым

 

 

25

 

туманом невыразным глыбіняў падхмар’я

гэта вечнае Божае слова глыбока ўдыхаючы

праз гады праз стагоддзі пакутаў нямарных

спадзяюся да вечнай Любові ўздымаюся

 

 

26

 

здаецца гэтак гукаў шмат навокал

прыслухаешся – проста ветру шум

а той адзіны чысты і высокі

які сваёю цішынёй нашу

 

 

27

 

у якім такім этэры мы гучым адначасова

можа спевам можа гудам можа ўзгадам можа словам

дзе гукаем дзе шукаем дзе дарма турбуем Бога

добра што пакуль не чуем там адзін аднога

 

 

28

 

якім душа ўрачона словам?

імя-малітва-звон-куваньне

якой зашторана заслонай

і як зачуе раскаванасьць?

 

 

29

 

калі пачуеш гэты ўздых

што цела зробіцца не гліна

не за дваіх не за траіх

за ўсіх заўсёды-ўсьцяж павінен

 

 

30

 

момант раўнавагі восеньскай дуброве

стомлены вятрыска гойдае лятункі

пад нагамі золата чыстае як словы

а на вецьці золата лёгкае як думкі

 

 

 

СТАН МАЛІТОЎНЫ

 

 

1

 

малітваю нібы ў вадзе

дзе сіла чуйная прыроды

як поле сонцу кіне ўсходы

як дождж што на лясы падзе

малітва – чысты Божы страх

дзе ёсць зьдзіўленьня і любові

дзе сьлёзы радасьці і болю

іскрынкі вечнага кастра

дзе ўсё – трымценне цішыні

калі зьнікае тлум часовы

і ты без мысьлі і без слова

сваю завесу расхіні

на гэтай роўнядзі нідзе

не прыпыняюцца аблокі

малітваю ў святой вадзе

дзе ты ёсьць годны-роўны-лёгкі

 

 

2

 

малітвай лячу

(стан бязважкасьці!)

малітвай лячу

беды-цяжкасьці

 

 

3

 

бажаю служыць Табе

Госпадзе

і ў славе сваёй і ў няславе

мяне не дапусьціш да роспачы

мяне не пакінеш у справе

мяне ненадзейнага росьцячы

паўсюль затуляеш ад змогі

каб здолеў з Табою быць

Госпадзе

ў разлогах няздольнай дарогі

2002

 

 

4

 Багародзіца, царыца нябёсная,

(галубіца сэрца майго)

аберагай ад благога.

 

Сьветлая Сіла сьвету

Моцная Маці міру

ласкай Тваёй сагрэты

Вераю веру

ты атуляеш грэшнага

зло дабрынёй спавіта

прагу быцця наталяе

той хто ляціць павевам

хай на хвілінку кіне

кужаль вясло ці лейцы

болесна-невялікі

цудамі ацалеўшы

зерне ў твае далоні

чыстай душы надзея

смутку майго даліна

ў роспачы і ў нудзе я

як апынуся раптам

там дзе сьвятло ірдзее

там дзе я толькі рупны

толькі чакаю сьвята

але Табою ўзьняты

зноў аб высокім мару

Сьветлая Сіла сьвету

Моцная Маці міру

 

 

5

 

ачніцеся зьдзіўленьнем

мацуйцеся на ўдыху

няхай само ўтрапеньне

ачоліць быццам Вера

тады малога ліха

слабога зруху досыць

тады жывая пена

аздобіць сьпеўны бераг

плывіце за сьлязою

за непакою ўсьмешкай

за горкім успамінам

за высьненым сьвітньнем

яднайцеся пры зорах

зьлівайцеся пры сонцы

пачуйцеся нясьпешна

цяпер-бесьперастанна

не знаючы растаньня

не просячы палёгкі

заўжды ў самотным стане

няспыннага палёту

 

 

6

 

адсунута фіранка

дзень глядзіць

варштат пісьмовы слоў цікуюць вежы

нібыта ненапісаныя вершы

дапамагаюць горад гарадзіць

рука адбіла прахалоду шкла

як ліст злавіла гладкі-чысты-ўпарты

гурчаць аўтамабілі – тыя жарты

якіх не ацаніла ты была

(якіх не зразумела?) праз вакно

паветра-ранак нібы думкі з саду

вясны юнацтва

засталося ззаду –

наперадзе чакае ўсеадно

вакно адчыненае

як?

дзеля каго?

хто зазірае ў гэту размаітасць

калі высокі-сіні круг малітвы

ізноў яднае холад і агонь

 

 

7

 

Багародзіца

Дзева цнатлівая

Жаноцкасць бясконцая

адпусьці расцьвеленасьць маю

атулі сваёй сьвятою ласкай

сьвет круглы і сьвет крыжаносны

дзе цэнтр абазначан Табой

ёсць сьвет дзе царуе жаноцкасць

акрэсы акрасай-красой

(цьвікі “валявога рашэньня”,

дзе неба зласьнее без хмар,

вышэй яго подзвіг страшэнны –

знайшоўся за праўду ваяр!)

душа дашугае вышыняў

сыйшліся нарэшце канцы

па каліўцы цнотнага сына

скармілі ці тыя айцы

сьвет круглы і сьвет крыжаносны

дзе цэнтр азначаецца той

дык вось чаму б’ецца жаноцкасць

у грудзі сваёй пекнатой

 

 

8

 

нездагадліва-лішні

неакрэсьлена-свой

павісаю ў малітве

над суседняй зямлёй

дзе каляна-ляная

халуя каляя

сьветлым сьпевам лунаю

недасьведчаны я

як прыгнуць тое злое

пакуль духам слабы

каб жа сталася – двое

у імя Тваё быць

 

 

КАЛІ ВАРТА ПРАСІЦЬ

 

 

бо турбуеце просьбамі стрАху

скаланаючы зораў страхУ

не шукаючы кожную страту

над гарохам граху

 

 

 

1

 

дай гадоў мне яшчэ

асалодзіцца гэтай зямлёй

гэтым шчасьцем зялёна-блакітна-ружовым

каб яшчэ і яшчэ...

можа аднаразова

будзе ліцца чароўны аб’ём успрыймаемы мной

дай стагоддзяў глыбокіх

каб ёмкая радасць планеты

раскрывалася так

як вясновая краска над сіняй ракой

сузіральнасць высокага-чыстага-звонкага лета

напаўняла быцьця неабдымна-нячутны спакой

дай бяскрыўдна пачуць неабдымнае-цёплае слова

хай давер нематы разуменьнем мяне скалане

працякай-прасякай-пралівайся

мо аднаразова

гэты існы-чароўны аб’ём успрыймае мяне

 

 

2

 

 Не злосны не зайздросны

 Звычайны чалавек

 Бярыце дрэваў кросны

 Дзе льецца салавей

 Бярыце хоць узлесак

 Зачараваны мной

 Дзе росна ад пралесак

 Мінулаю вясной

 Бярыце бор суровы

 Ці пракаветны гай

 Бярыце тыя словы

 Што сталіся няхай

 Зраблюся я звычайны

 Не страчаны гульнёй

 Пакіньце мне гучаньне

 Агульнасьці зямной

 

 

3

 

гуляю словам трапным

альбо не

пакуль сіло не драпае

мяне

пакуль лунаючы

бязладдзем дзён

не знойдзены

не страчан

не відзён

уводзіны азначаны

але

пакуль лясны ручай

не абмялеў

і шолах шатаў

і жарства разор

кладуцца разам

на пісьмёны зор

 

 

4

 

але не пагражаю

але не пагарджаю

будзе збор ураджаю

будзе збой у “раджаю”

не глядзіце тужліва

зразумейце мажліва

будзе золка і жыва

будзе золата жніва

узнікай агароджа

хто пусты хто парожні

хто сухі хто мурожны

роспач не дапаможа

падымайце павекі

завяршаюцца векі

вецер вогненны вее

палавець паланее

на каторы бок ляжа

дзе пабелка дзе сажа

лёс бяздомны падкажа

час бяздонны пакажа

 

 

 

ХЛЕБ ВЕРЫ

 

 

1

 

 Хлеб Веры

 Смак упэўненасьці нашай

 Заслона ад таго хто сярод сну

 Адвечнага прастору перайначыў

 Часіну мітусьнёю захінуў

 Захопленыя ведамі прызнаньня

 Прастуючы на здані

 На хімеры

 Дзе працінае ісьціна скразная

 Хлеб Веры

 

 

2

 

малады

поўны сілы Хлапец

ведаў: хутка настане канец

уцялешаньня скончыцца сон

абуджэньне каторага – скон

вы мяркуеце ведаць лягчэй?

веды – крыж для нядужых плячэй

Ён трымцеў калі Бацька Яму

адкрываў толькі праўду саму

з Вышнім хто сябе так паяднаў?

падтрымае бо Вера адна

толькі Вера ды сіла душы

маюць жах выжываньня крышыць

так і ты поўны Веры нібы

не жахаешся сконам абы

гэты момант не зараз настаў

а гартаў кнігу дзён і лістаў:

крыгалом-крыгаход

ледастаў...

не дастаў яшчэ дна

не дастаў

 

 

3

 

настолькі просты для Хрыста

і выстылы тады

калі да простага прыстаў

у сталыя гады

пастоў лісты

пустой вярсты

пастой каля цябе

і мусіш сьведчыць зараз ты

што час застыў цяпер

стаецца: ўстанем я і ты

стан атуляе нас

не містыка а Дух Сьвяты

чысьцейшы ўсіх акрас

 

 

4

 

калі спакойнай хвалі

бясплённая рака

пачуе што схавалі

павеў і воблака

 

як полымя астыне

калі настане час

напісаны лістамі

дасланымі да нас

 

зьдзіўленьнем што навокал

зярнят не сыпане

і зоркаю-папрокам

зірнеш Ты на мяне

 

 

5

 

пакуль існуе непарыўнасць

пакуль Гэтых Трое ўсе тут

(здагадкай аблічча Скарыны

азначаны веданы кут)

здаецца заўсёды так будзе

відома-знаёма чаму ж

ныраючы ў гэтай запрудзе

між паляў-чароту і душ

калі халане глыбінёю

ці сонца гальлём захіне

заўсёды вы разам са мною

пры мне

ува мне

для мяне

 

 

6

 

дзе толькі назіральнік

і ўмешваешся ледзь

бо ты не Назаранін

калі табе калець

ля той высокай Высі

што робіцца вышэй

як толечкі ўмаліўся

ды зрушыўся душой

бо тонкі водар праўды

пачуеш сам-адзін

высокі як сапрана

(басамі мы гудзім –

быцьця бязгучным хорам

бяссонным быццам дождж

на восеньскім паўторы)

не рушым перамож-

цамі цаны не сплоцім

не ўзыйдзем на касьцёр

казаў: такіх вас процьма

хто Веру за жыцьцё

 

 

7

 

і ганілі і рабавалі

клапот сьцяну

заўсёды”сёньня” прабіваю

праз чысьціню

заўсёдная прыстасавальнасць

да тых умоў

якія зараз красавалі

наноў

бо я драбнюся ў тых выявах

якімі ёсць

мая спакуса-гонар-слава

мая мілосць

бо я цяпер адлюстраваны

дзе не хачу

дзе ў будучыню нестрымАна

лячу

а што ўчарашнім застаецца

няясным дні

запасам вечным мае месца

на глыбіні

і толькі жадны гэта права

сабе бяру

ці адгукнецца як праява

Гаспадару

і толькі Гаспадар сапраўдны

адзін Суддзя

ці буду спраўны ці бяспраўны

заўсёдны я

 

 

 

ПРАЯВА

 

 

1

 

грахі патроху самі ападаюць

(лістота дрэва, што зрабіла круг)

кладуццца не сумненнем (не радамі!)

а разуменнем (па адным, па двух!)

адгорнецца старонка – сьветлым-сьветла

і не таго сплаціў што дорага

але таму што стрыманай усьмешкай

сабе і свету здольны дараваць

дарос да сузіральнасьці лагоднай

іграе сонца ветрам і ракой

наўкол (а больш наперадзе!) нязводны

жыцьця наканаванага спакой

 

 

2

 

як важна бачыць гэту Зорку

празь непагадзь-туман

каб раным-раненька на золку

разьвеяўся падман

у самым дробным ды пахілым

(сілкуецца жарствой!)

угледзець існаваньня сілу

вясну і хараство

 

 

3

 

ці адчувалі птушаняты

вайну калі зьвінеў паўсюль

той гук упэўнена-напяты

што нават пошчак – посьвіст куль

 

стрыкозы (помніцца!) не чулі

той страх якога й я не знаў

як разам зь імі ветрам чулым

люляла лета баразна

 

і нават як сьцюдзёна-белым

зіма прыбрала астравы

дык толькі далеч пасьвятлела

тым шчасьцем што пакуль жывы

 

 

4

 

іскрынка Веры – самалёт –

ад вогнішча душы агульнай

ці даляціць да Самаго

ці нечаканасьцю агорне

я зразумеў тугу таго

хто ў неба зноў і зноў ірвецца:

жыцьцё дарогаю даўгой

няўдзячнай

ззаду застаецца

і што такі сьвяты блакіт

яму ізноў напамінае

дзе чыстахмар’я круглякі

я зразумеў

я знаю

 

 

5

 

злучаюся з Прычынаю

дарма

прыадчыняю Вечнае

Яму

нялёгка тыя душы паднімаць

якія разам гэтую турму

перапаўняюць

чую: хтось адзін

(а ці сьвядома?) скраю плечука

падторкнуў пад брыло грахоў-гадзін

адчайны ваяўнічага чакаць

 

 

6

 

пакуту-ласку трэба заслужыць

каб у бяздумны крык душой не ўпасьці

але калі і роспач блізка шчасьцю

злучэньнем звычных ліній у крыжы

 

агульны страх патроху адкрываць

жахацца не свайго ірдзеньня болю

а горыч сьвету бачыць над сабою

стоп-кадрам вока цмока з-пад брыва

 

 

7

 

вось і гэты віхор выхваляецца хваляй

пазначае трымценьнем сьвятое сьвятло

толькі тыя пачуцьці што вы не хавалі

адплываюць туды дзе збавеньне было

 

 

8

 

шыбуе цывілізацыя навушнікамі агучаная –

шоры мінуўшчыны на вушах

а спараджальная цішыня будучыні?

а душа?

 

 

9

 

вясны сьцюдзёнай

царкву на ўзгорку

трымае вецер

п’ю звон далёкі

бесьперастанны

 

 

10

несканчонаю плыньню віруе быцьцё

і цячэ мая думка насупарак Часу

бо куды цягам часу і вы леціцё

я бясьсільным павевам трапляю адразу

 

 

11

 

свой лёс аналізуючы памалу

такою думкай баўлюся яшчэ я:

калі б мяне маленства не ламала

тады б юнацтва зьнішчыла дашчэнту

 

цяпер калі гадоў яшчэ не надта

а радасьць разуменьня не настала:

калі б мяне не лушчыла юнацтва

хіба такою б занялася сталасьць

 

а зараз за акном майго вагона

звычайная мільгае незвычайнасьць:

дык вось чаму апошнім перагонам

усьцешвае маршрут неаканчальны

 

 

12

 

вы

якім спакой не навіна

памятайце: пуста не бывае

калі Дух душу не запаўняе

дык цяжэе зайздрасьцю яна

 

 

13

 

да сьвядомага сьледу

аббяжы рубяжы

можна жыць – і не ведаць

можна ведаць – і жыць

 

1993 – 2005

 

 

СНАМІ

 

 

1

 

заплюшчваеш вочы (што вечка на вечка)

хутчэй далучыцца хацеў жа

сапраўдная цемра

сапраўдная цемра

пакуль не зацепліцца сьвечка

ружовая здрада

кругамі-нязгодай –

абруч ападае іржавы

як важна (а страшна!) што не заўважаю

таго (да сьвятла!) пераходу

а потым гартаньне

а потым вяртаньне

раптоўным агучваньнем ранку

спалоханы вецер люстэркам хітае

азызлага твару фіранку

 

 

2

 

сьветлым прасьцягам тугі і самотнага болю

ціха ступіўшы на бераг нязнанага краю

рвецца душа безаглядна да неба на волю

цеснае цела палётам сваім дакарае

 

сон паступова адпусьціць за зоркаю зорку

звонку сьвятло ачынаецца хваляй бясконцай

лёгкай малітвы дарогаю раніцай горкай

зноўку вяртаюся звонка да птушак да сонца

 

мне глыбіні адцурацца што цемрай здаецца

зараз абраўшы знаёмага часу гадзіну

зноў абжываю адзінае зручнае месца

дзе неабходны маёй непраўдзівай радзіме

 

 

3

 

наўчыцца жыць і тую палавіну

асвойтацца ў глыбокім-ясным сьне

не вехаць

не ашмоцьце

не мякіну –

убачыць памяцьцю высокі сьвет

каб сустракацца шчасна з пазачасным

адкінуўшы прасторы кайданы

дзе небасхіл зялёны і блішчасты

без мары

без маны

без гаманы

дзе тыя ўсе каго жаданьне кліча

нясьпешна паяднаюцца са мной

бо немагчымы-мроены-касьмічны

дрымотаю мацуецца зямной

наўчыцца пазіраць спакойна-чыста

на явы спалучэньні-мітусьню

і кожны вечар класьціся ўрачыста

з адчайнай верай: сёнечы прысьню

 

 

4

 

бо што за шкельцамі вачэй –

няма чаго хаваць

прамень надломаны кручэй

чым прыхамаць

бо што калі свабоды сьвіст

адсечаных начэй

і вашых беленых сувіст

прасьцінаў ці яшчэ

таго што кожны вобмацкам

юрлівую руку

заплюшчся ціхім воблачкам

бярозкай што сьсяку

паўстанеш над будзённасьцю

трымценьне пекнаты

зямной бо зразу цёмненька

дзе сьветлае ў сьвятым

 

 

5

 

туліся бедамі сваімі

(патухнуў дождж

сьцякае сьнег)

бо шмат якія пройдуць міма

а тыя

што стаяць у сьне

каля сьцяжынкі незнаёмай

(відаць, зірнуў не ў той, не ў свой)

альбо сьцяюцца пакрыёма

альбо праходзяць стараной

і вось ужо вядомы прынцып

(а, можа, ўведаны?) але

зямля табе каб ёй прыкрыцца

а неба – бавіць сны сьмялей

 

 

6

 

сон адлятае пакідаючы

апошняе сваё сіло

дзе ў нетутэйшай сіняй далечы

не тое што тады цьвіло

калі зямля была вялізная

дзе быў жыцьця надзейны дом

сьцяжынка воблакаў прыблізная

прыбліжаная за сялом

калі б цяпер якраз дадому йсьці

куды вяртае глыбінёй

гаркавы смак тваёй сьвядомасьці

і невядомасьці тваёй

 

 

7

 

бездакорнасць дрымоты

мяне атуляе

(ці адтуль я?

намацвай, сачы, беражы!)

як пакінуўшы гэты грувасткі-каляны

сьвет ці ў тыя (ў такія?) цяку берагі

што кіруюць да вечнага-шчаснага выйсьця

для якога нішто я

й шырокай вясной

як тады

як цяпер

як заўжды (як калісьці)

я бязважкі-бязьмежны-зьвінячы ізноў

 

 

8

 

дзіцянё як маленькі Ісус

як заўсёдная тайна

нібы Вера якую нясуць

да пакуты звычайнай

немаўля далучаецца сну

каб пасьля адлучыцца

кожны з нас чысьціні адкаснуў-

ся як стаў чалавекам лічыцца

дзіцянё неразборліва ў сны

верыць—жыць навучыцца

(паглыбляецца ў пошум лясны

маладая ваўчыца)

так раскідана-ўпэўнена сьпіць

пад аховай нязнаньня

гэта потым: распні ды распні

дагані прадказаньне

а пакуль – усталёваны край

без сімволікі страшнай

выбірай-паўтарай-вывярай

долі рашпіль

 

 

НЕАБХОДНАСЦЬ

 

 

1

 

як лёгка ўдаецца

тое што Богам даецца

як трудна душой выпадае

тое што з Божым не супадае

ды самая змога

тое што супраць Бога

 

 

2

 

нічога ў Бацькі не марна;

на сумленьне не спадзяецца

то ж сумленьне спадману

сама перш паддаецца

каб і ты гэту радасць

усьвядоміць дарэшты змог:

гэты зладжаны Богам парадак

сіла ледзьве не як Пан Бог

 

 

3

 

спакойны час

стаіць зіма

і вечных дум нязводнасць

на сьвеце роспачы няма

ёсць толькі неабходнасць

 

гары-гары

грахоў гурма

не галасуй за годнасць

бо пакараньня больш няма

ёсць толькі неабходнасць

 

няхай жыве

твая турма

ды прадчувае роднасць

і спачуваньня скрозь няма

ёсць толькі неабходнасць

 

душа разгорнецца сама

ёй зычана палётнасць

на сьвеце роспачы няма

бо пакараньня ўжо няма

ды спачуваньня больш няма

ёсць толькі неабходнасць

 

 

4

 

туды

дзе ўсе мысьлі зьліваюцца ў круг

дзе самы канец і пачатак

пускаюць якраз аднаго (альбо двух?)

без ботаў і без пальчатак

і там

дзе ўсё ведама і відно

дзе ўсё безадносна і ясна

ты ўбачыш

што ўся гэта безьліч –

адно

дзе мысьлі сьвятло непагасна

 

 

5

 

на беразе сягоньня бачу я

Хто пасылае рыб у невядомасьць

на правы борт

дзе сеткай “Быція”

шчыруе свет і хіжы і ядомы

ля вогнішча што асьвятляе час

і нас

якія маюцца ў сумненьні

ці гэта Ён

падобны на абраз

вяршаліна-лісьцё-камель-карэньне

каб паскарэньнем стрымліваць сябе

дзе размаітым сьпее аднастайнасць

калі заўсёды Сейбіт на сяўбе

і час жніва для кожнага настане

 

 

 

 

АБАВЯЗАК

 

 

1

 

Пакуль без крыла (крый, Божа!)

дамкнуся яшчэ нядужым

бо я ўсё бажаю

можа

дамучыцца вечнай думкі

сьпяшаюся (дзе ж бо йначай!)

пашаны цярплю нямала

ніхто гэты кут азначыць

мажлівасьці не займае

якою сам заручоны

каторай сам памагаты

такое глыбокае "ўчора"

такое высокае "заўтра"

такая...бо маю мейсца

якое ніхто не зойме

мне дадзена права

ўмельства

Зямля-карані

і зорка

паслоены столкі часу

скупою а шчодрай мерай

мажлівасьці вытанчацца

пакуль аж не зразумею

што варта паставіць кропку

вось тутака

справа

скраю

з Высокім пішу натаропка

ні слова не прапускаю

усё занатую што бачыў

што вымысьлена-забыта

бо мушу здаваць справаздачу

як вытрымаю іспыты

1991

 

 

2

 

 Калі ніякай хвалі

 Бяскрэўная рака

 Адчуе што скавалі

 Павеў і воблака

 Як полымя астыне

 Калі настане час

 Напісаны лістамі

 Дасланымі да нас

 Зьдзіўленнем што навокал

 Зярнят не сыпане

 І зоркаю-папрокам

 Зірнеш Ты на мяне

 

 

3

 

 Жаўруковая жалейка

 Непазбежнага абшару

 Не дастаў такога ўмельства

 Не агрэўся гукаў жару

 Не бяды што пераборам

 Мкне мякіна ды салома

 Кант чужы сьпяваю хорам

 Не раўнуючы як дома

 Сьвішча ветрыкам падману

 Атуляе беднасьць гудам

 Краю крэўнага не маю

 Сьцяг сьцяжыны прызабуду

 Быццам Богу непатрэбны

 Тым даверлівы і млявы

 А натопчуць мне па рэбрах

 Тут жа карак падстаўляю

 Грай жалейка гукам чуйным

 Паднімай душы павекі

 Можа неяк захачу я

 Зноў памкнуцца ў чалавекі

 

 

 

 

ЗАМОВА

 

 

1

 

казала бабуля

што Божы страх

табе не дасьць памыліцца…

ён зараз у пажаўцелых кастрах

пыліцца на паліцах

мацуйцеся страхам

той страх

астральныя стрэхі майструюць

у невуках страх

у майстрах

у скрынях

у скрутках

на струнах

не сьлед калі сьмеласць бярэ

нязнанага кроку варункі

закуткаў пустых

на дварэ

у думках

дамах

накірунках

нясьціплы спалох сьцеражэ

вызнанае азорыцца

размаітая старажытнасць

праз сьцены пузырыцца

сьцішнаму дасягаць

перапаўзаць парогі

розуму мітульга

прыкрасць-прынука-папрокі

зручнасць кручэньня і чарапкі

чаканьня чарнёная чарка

ды неадчэпнасьці чараўнік

чаліцца пад звычайнасьць

стой сьмелы

бяздумнасць тваёй сьлязы

пакуль перамог

не знала

яшчэ не зусім баішся

скажы

зямнога табе не замала

завея заходы твае заняла

займела зямля запасу

ці мелкая студня сухога сяла

ці схлупы гародняга часу

гукай свайго страху

стружы стражэй

абсягі няўдзячнай волі

хай боль ад памылак асьцеражэ

нікуды-ніяк-ніколі…

стаіць на тварах

на мастах

палоханых багацце

а ты што маеш Божы страх

чаго табе баяцца?

 

 

2

 

спакой лясны-берасьцянЫ

бясспрэчны ды бяспраўны

чаканьне сіняй чысьціні

і яснай-сьветлай праўды

Чакае

не распусных але прыстасаваных

Чакае

не прыстасаваных але здольных

Чакае

не здольных але дасьведчаных

Чакае

не дасьведчаных але здатных

Чакае

не здатных але дасьціпных

Чакае

не дасьціпных але апантаных

Чакае

 не апантаных але мужных

Чакае

не мужных але высакародных

 

 

 

ГЛЫБІНЯ ДУШЫ

 

 

1

 

працяг гэтага бязьмежнага ў пачутых глыбінях

звычайна выварочваецца прасторы пальчатка

як праз тваю кропку (гэтакі штрых галубіны!)

перацякае ізноў да Пачатку

і прасьвяды сьвятой раз’яднаная цэльнасць

што трымціць несьпяванай малітвай

ад неацэненага ў бясцэннае

будзе (калі гэта?) пералітай

а пакуль нерухома ў агульным палёце

нерасторгнута-нясточана-нестактавана

нібыта стуленыя тварам да твару палотны

у майстэрні нетутэйшага Мастака

 

 

2

 

 захопленая зданьню дня

 цячэ Любові глыбіня

 няведаньня Цябе

 няведаньня свайго

 без дрэва без...

 травы агонь

 злучэньня

 адзіноты лес

 вясны яшчэ чакае бэз

 Нябёсы падаюць руку

 ды толькі сьцежка пераку-

 леная марыў дарасьці

 але так доўга-доўга йсьці

 

 

3

 

 Вялікі Лекар што на небе

 ( а каб жа ж ведаць на якім

 ці на каторым)

 даў нам хлеба

 каб разьдзяліць слату і дым

 у кожным роце свой кавалак

 у кожным месцы ўласны смак

 але каб зноў душа сьпявала

 не паяднаешся ніяк

 дае нам болесьці ў падмогу

 дае спакусу верад зман

 дае няшмат

 дае нямногім

 каб хтось пачуў

 каб хтось спазнаў

 

 

4

 

 Дзе прыгажосьць

 Яна якая

 Прымераная да мяне

 Мне лысіна дапамагае

 Змагацца з болем у сьпіне

 Як аб мяне той шал акружны

 Як сівіна для барады

 Чаму чым болей недалужны

 Тым лепш мацуешся тады

 Калі бяда кіруе шляхам

 Лягчэе грэшная душа

 Перад апошняй сілы ўзмахам

 Ва ўлоньне вечнага каша

 

 

5

 

што новага пакажаш мне яшчэ

якая чырвань з бруду расцьвіце

якой несправядлівасьці разьвязка

у гэтым часе што няўцям цячэ

у цацачным-нячутым мой ручэй

між берагамі мелка-топка-гразка

сябе забыта кожны беражэ

(сярэдзіна варушыцца няўжо?)

не захіне прасьцягі адзіноты

ні дрэва што жахаецца лаўжа

ні хмара што цураецца дажджу

ні гэты гук што не трапляе ў ноту

нявыкрутнасць жыцця – паверхня тла

дзе тлее толькі бачнага жытла

кручэньне-засмучэньне-атачэньне

а дзе душа загэтым ты была

як высьлізнула зь вечнага сіла

каб зноў уведаць радасць далучэньня

 

 

6

 

 Не абмяжованая целам

 Але глыбей вышэй дужэй

 Каб гэтым зоркам запацелым

 Не адрывацца не дрыжэць

 Бязьмежнай сьферай дзе да цэнтру

 Ад краю кола сіла гне

 Каб у бязважкасьці фацэтнай

 Вы не зважалі на мяне

 

 

7

 

каторы дзень зіма

мароз-мароз

не так сурова але шапкай цісьне

уздурваючы думкай: на каго ж

разьмеркаваны гэты шар вялізны

які садзіцца вечарам сьпярша

каб раніцай ізноў ледзь-ледзь зьявіцца

куды прыблізна лётае душа

у цёплым сьне згубіўшы рукавіцы

 

 

8

 

 

...і, здаецца, зноўку еду я дадому...

Паўлюк Трус

 

 

хваляй паўлюковай радасць наплывае

у кашулі зрэбнай колкім паяском

хвАла тому полю дзе жаўрук канае

межы тому месту дзе душа на скон

вісьне дождж сьцюдзёны быццам завяршэнне

надыйшла гадзіна

нахапіўся век

болей разумею – болей у каршэль я

атрымаю болю Божы чалавек

вострымі краямі розуму граніца

да крыві абціне чулую душу

я старанна-шчыра (толькі не краніце!)

у бяздонны склеп няведаньня нашу

восеньскую веру – лісьця варушэньне

а пад імі згадкай грудка спарыша

ну якое трэба небу завяршэньне?

боль і разуменьне – гэта й ёсць душа

 

 

9

 

першы пакутаў уздых –

далучэньне агульнага боляў

другі раз – толькі сваіх

яшчэ большых

кожны прарыў да сьвятла –

разбурэньне бар’еру

кажаш: я жыў (я жыла)

дык кажы: мне балела

 

 

10

 

 Кінастужка сноў маіх

 Адпускае зрок і слых

 Тое што ў далёкім дні

 Стала часткай цішыні

 Што сьпявала і цьвіло

 Што сплывала за сяло

 Што цяпер пад сэрца грук

 Стала колер-водар-гук

 Хто сваю не знае столь

 Той трывае гэты боль

 

 

11

 

заняпала душа ў адзіноце

па цярплівасьці дні пацяклі

пыхне полымем тварык дзявочы

пацер пільнасьці пэўнай царквы

 

ты ў палёце супольнасьці чыстай

столка ў стосе вада ў гладышы

зорка ў небе за шатамі лісця

толькі з гэткіх памкненьняў душы

 

і цяпер калі раптам прысуду

не стрываеш сваёй цішыні

прыхініся супольнасьці цуду

сёстраў вечнай душы дагані

 

 

 

СПАДЗЯВАНЬНЕ

 

 

1

 

судзіць вас буду

(не казаў?)

па справах – не па Веры

ты

верны

колькі ўжо разоў

не спраўджваеш намеры

і нават не па справах бо

ўсялякай справе месца

знаходзіць Час

каму Пан Бог

азначыў тое ўмельства

бо хто ў бязьвер’і быў сьвятым

(няўжо яно магчыма?)

сьвятлом кладзецца суд на тым

угадвай хоць вачыма

адно сьвятло тваёй душы

адзін жыцьця напрамак

як сьвечка

хочаш – патушы

а не – пастаў у храме

а не паставіш (бедны люд!)

хоць крэўным

хоць камусьці

такой бяды – каб толькі тут

ты быў

як потым мусіш

 

 

2

 

калі любові сэрца поўнае

вытокі паўнаводнай рэчкі

дзе лета што казыча промнямі

крыві салодкія парэчкі

калі цьвіце сьвятла запальніца

і пачынаецца нявузка

дзе сок што пырскае пад пальцамі

і апякаецца на вуснах

тады імклівы яснай Вераю

і гэтак пашыраеш далеч

што атрымаеш поўнай мераю

таго што існым зажадаеш

 

 

3

 

 Тудою

 Пушкін памыляўся

 ( Смуга настрэляных гадзін)

 Што пад табой тады зямля ўся

 Як на вяршыні ты адзін

 Тудою

 Лермантава болем

 Мы ахіналіся няраз

 Маладзічок зялёным полем

 Недасягальнасьці Каўказ

 Зірні: дапраўды што пад намі

 Падкажа мапа зразумець

 Калі і снамі і сынамі

 Рудыя горы нібы сьмерць

 Як вестка ісьціны

 Як краты

 Якіх не ведае сьляпы

 Дзе ты настолькі вінаваты

 Наколькі праўды саступіў

 Пакуль свайго не адрачэшся

 Пакуль не станешся сабой

 Датуль здаецца

 Што чачэнцы

 Забойства-зброя-вораг-боль

 

 

4

 

чаканьня доўгі сьветлы дзень

высока сьлепіць сонца

шумі дубок маіх надзей

трывог маіх сасонка

зьвіні пад ветрам далучы

да радасьці маркоту

бо дзе прыткнуся адпачыць

пачую шум лістоты

мінаю межы і палі

плыву азёры-рэчкі

чакае родны край калі

вяртаешся нарэшце

чакае чуйная ральля

і явар і каліна

не гетмана не караля –

свайго чакае сына

 

 

 

 

ГОДНАСЦЬ

 

 

1

 

 Як вам

 Патаптаная трава

 Маецца

 Вясновае разводзьдзе

 Гразь аж прыкарэнная

 Ківаць

 На сьляпыя крыгі мусіць годзе

 Пры пагодзе некалькі дзянькоў

 Дзякуй Богу

 Грэцца давялося

 Потым зноў сьцяжынаю дзікоў

 Бедны наш пагорак

 На балоце

 Дзе ж вам краскі былкі ды лісты

 Мужна ачуняць пад сонцам крэва

 Спадзяваньнем падрастуць кусты

 Спадзяваньнем годна стануць дрэвы

 

 

2

 

Годнасьць!

гэта не пагарда

ды не ганарыстасьць

ягады гадоў гадуе горкая гарыстасьць

гэты гарт

які сягоньня

жабраку належа

дзе ты

нашых межаў годнасьць

годная безь межаў?

векам веданы асілак

вольны ды вялікі

вербы-вольхі ды асіны

а дубы?

а ліпы?

гай наш родны!

гай наш годны!

стой!

сякера-месяц

хто нязвадны хто нязводны

хто нязгасны хто нязгодны

мэцяць-мецяць-месяць

каб відаць было

вачамі-вуснамі-брывамі

каб відней было начамі

імі-намі-вамі

вечар доўжыцца гадамі

ветраны-імжысты

Годнасьць!

(зьлева ёсьць пагарда,

справа -- ганарыстасьць)

1999

 

 

3

 

 Ненадзейнасьці дзед

 Немаўляці калыска

 Я стаю адзінаццаты ў гэтым страі

 Дзе спрачацца з будзённасьцю бескарысна

 Хоць ты песняй чырвоны заход закрані

 Дзе званочак бязьветранай волі зазвоніць

 Толькі роднае слова адно напішы

 Дзе як летняя памяць гарачай півоні

 Разьліваецца сьпёка спакою ў душы

 Безнадзейнасьці дзед

 Немаўляці надзея

 Гэтай звыклай бязьдзейнасьці страчаны госць

 Бо праз марны туман нада мною ірдзее

 Зорка сіняй бясконцасьці скрозь

 

 

4

 

з нагоды слуцкага паўстаньня

народу што не мае сьлёз

пакуль што зразумець не ў стане

гармат гамонку скрып калёс

з нагоды слуцкага паўстаньня

што часу вецер нам прынёс

я пасылаю прывітаньне

народу што не мае сьлёз

з нагоды слуцкага паўстаньня

 

 

5

 

 Я дом бяз даху без акон

 Падпарадкованыя сіле

 Абутай у тупы закон

 Мяне паўсюдна засялілі

 І я наважаны на дым

 На дождж на дробную трывогу

 Дзялю надзеі маладым

 Старых страсаючы патроху

 І я плыву як карабель

 Што хваляй восьмаю бядуе

 І спадзяюся: не рубель

 Але сумленьне дабудуе

 

 

6

 

 Ступою страху і надзеі

 Сьляпой звычайнасьці падман

 Шыбую каб палі глядзелі

 На лес на неба праз туман

 Раман часовай пацярухі

 Няўхільнай яснасьці без слоў

 Ды без пачуцьцяў

 Жадным рухам

 Не дацягнуся да высноў

 Вясною з неадкладных рысаў

 Складуць звычайнасьці квадрат

 Каб страх

 Загнаны пад Барысаў

 Вяртаўся вершамі назад

 

 

 

ЦІ НЕ САМ Я

 

 

1

 

 

я не сам ли выбрал час рожденья,

век и царство, область и народ…

Максіміліян Валошын.

 

 

ты сам пісаў-складаў сваё жыцьцё

як верш альбо раман

пакуль стаяў у…

тое сьцёр

а тое падраўняў

ты выдаў быў асноўны эпізод

надзеяй на сябе

і прывязаў на дзень на месяц-год

мацней альбо слабей

ты сам усю карціну напісаў

ад правага кута

ты сам азначыў нотамі пасаж

тарам-тарам-та-та

і кінуўся ў сьцюдзёную ваду

пад назваю ”жыцьцё”

якое неяк знаў як празь сьлюду

затое зразу ўсё…

ён запраграмаваны гэты пункт

калі ты здольны ўстаць

у асяродку боляў і пакут

і стратаў і нястач

неўцямленаю памяцьцю ішоў

да вечнага сьвятла

і здолеў ненадломленай душой

узьняцца як са тла

не барацьбіт-асілак

не герой

не ў жорсткай барацьбе

а здольны дзеля ісьціны жывой

забыцца на сябе

 

 

2

 

 Сьцюжаю палоханыя голадам

 Захінуцца тлустасьцю няўзнак

 Ашчадзіць жыцьця за сьцены горада

 Доўга не маглі мяне пазнаць

 Але ўсё ж прыгрэўся сакавітасьцю

 Быў прыняты на другі паверх

 І мае пасьцелі сакавіцкія

 Цеплынёю слалі напавер

 Але вецер нечаканай вернасьці

 Вынес на паверхню завірух

 І цяпер наважанага ўверх ісьці

 Атуляе Вера

 Вежаў дух

 

 

3

 

самае важнае (голаў з плеч!)

звыкнуцца да абставін

калі назвалі гаршчком тады ў печ

хай сабе ставяць

смачных гатуюць сваіх верашчак

хочуць – дык іншую страву

цёпленька-ціха

дроўцы трашчаць

слушна-нястрашна

потым заўсёды (трашчаць чубы!)

можаш сказаць (астрожнік!)

пекла? нушто ўжо

я ў пекле пабыў

і ў пекле жыць можна

 

 

 

 

СЛОВА, СЛОВА, СЛОВА

 

 

1

 

зьберагаеш кожную траўку-былку як жылку

асьцерагаеш кожнага звера-птушку як душку

а кожнае слова – вечнага схова?

 

 

2

 

Слова – праграма сьвету

і таму Слова – роўнае сьвету

і таму Слова

сьцверджанае ў сьвеце

вяртаецца да Бога

 

 

3

 

бо слова

знаючы пачатак дзе

ізноў злучае колераў кантрасных

руйнуе права

альбо робіць ясным

адвечны зьдзек

дзе адлучае бліскавіца гром

а сьнег вясну

пакажа тымчасова

у змроку дум тваіх павадыром

бывае слова

ільду першакрыніца і агню

першапрычына страху і любові

паэзія сама шукае ў слове

падзеі глыбіню

каб здрада-абыякавасьць і злосьць

даверлівасьць тваю не падтачылі

мацуйся Божым словам – гэта ёсьць

душы тваёй Айчына

 

 

4

 

гэта крэўнае крэўскае слова

гэта схова чым дыхаюць продкі

далучаешся тымчасова

да славянскасьці асяродку

бачыш лес (тое частае дрэва)

і крынічку (душу прамые)

гэта слова трымае нядрэмна

абавязкі прамыя

 

 

5

 

сябе не ўспомніш усяго

цячэ ліхтар у цемры

так выхапіцьяго агонь

якія столі-сьцены

а то і ўвесь будынак дня

пакуль што не знадворку

ды слова – вечная радня

той думкі ды гаворкі

замкне твой розум у крышталь

бясконцы як дарога

і ты праявішся накшталт

таго цябе самога

 

 

6

 

не ведаў ты (не верыў!)

калі хапаўся слова

што гэта сэрца верад

бязгучны-тымчасовы

раўняў яго крывога

прыладжваў да паперы

што ўласнаю крывёю

не ведаў ты (не верыў!)

цяпер калі цікавасць

карэньнямі ды кронай

ты чуеш: выцякае

па кропельцы

па кроплі

 

 

7

 

побыт мой звычны

душы галадоўка

скура ды рэбры

руні вясновай ніцае слоўка

колас скарэй бы

срэбная плотка лёгкага ўлову

сетка як сіта

смак разьвітальнага – матчына мова

смажыцца сыта

жар зажаданага – сіла гарэньня –

вернасьці схова

жаднага жыціва паскарэньне

дробязі слова

сьлізкае рэчышча разуменьня

дзе твой пясочак

месяц сінечаю незайменны

сочыць – не сочыць

што пад сьляпою начною прасокаю

сьніццца бяспраўна

прагай сапраўднага

прагай высокага

памяці прагай

 

 

8

 

віюцца-віюцца словы

даўгая дарога з дому

і гэты прасьцяг верасовы

глыбока-далёка вядомы

а думку яшчэ выкрасае

(як пэндзаль карціну лудзіць)

хаця я якраз што знаю

чым сёньня і заўтра людзі

пра што і казаць так доўга

навошта шматслоўе гэта

калі я ведаю добра

што робіцца з гэтым сьветам

 

 

9

 

У гэтай абмежаванай галаве

словы б’юцца

не зладжаныя знадворку,

не падтрыманыя паданнем.

Добрыя, вартыя, надзейныя словы,

У гэтым горадзе, у якім,

калі стаіш у самым цэнтры,

да ўсіх канцоў аднолькавая адлегласць,

у гэтым горадзе яно нас спавядае і катуе,

туліць і разганяе.

На гэтай Зямлі,

такой гладзенькай-маляванай здалёк,

на гэтай Зямлі,

дзе словы нас размяжоўваюць,

але дазваляюць паразумецца,

калі шануеш сваё багацце і радуешся людскаму.

У гэтым адмераным часе,

які нікому не собіць убачыць такім круглым,

як белая хрызынтэма феерверку.

У гэтым сусвеце, якога Слова было рэзанатарам,

хто цябе пачуе,

калі ты глухі?

 

 

10

 

Прачнешся вось так у суботу –

Шырокі і светлы дзень –

А хораша быць сабою,

Якога край спарадзіў.

І вочы маеш блакітныя,

І назвіска шляхотнае,

І сэрца тутэйшым рытмам

Свой шлях пралётвае

З нейкім спакоем суворым,

Які пачынаецца Словам.

 

 

11

 

спалучэньне праменнага ў слове.

слова сэнс асвятляе, калі

навучыўся чытаць адмыслова,

як праменьне чытаюць палі.

дасягнуць – гэта значыць спыніцца,

пад карчамі глыбейшай вады...

журавель хай ляціць а сініца...

можа, рытмам няспыннай хады

затуруе бяссэнсіца скора:

дождж,

насенне,

расток,

баразна…

спалучэнне праменнага – слова –

праяўляецца думкай няўзнак.

 

 

12

 

аблада слоў (аблада сноў!)

не злоўлены – не злодзей

злы дзее зло

дзе зло там зноў

прагаліна ў прыродзе

разгон загоіцца ўсяго

залучыш тымчасова

і пыл і вецер і вагонь –

твая душа – выснова

што слову? зрушыла яно

калісьці раўнавагу

каму? на ліха? ўсеадно

вяртацца ранавата

шматкроп’ем сонечны разгал

хоць думкаю пакратай

Той ведаў

Слова Хто казаў

якая гэта радасць

 

 

13

 

 Ад якіх недасяжных ісьцін

 Хіба Слова нас не знайшло

 Дык навошта без жаднай карысьці

 Размахалася памяло

 Павяло нас на адмысловы

 Незаняты душы прасьцяг

 Дзе растрэсены гэтыя словы

 Перапэцканыя як сьцяг

 Ад замежнай салодкай кашы

 Ці мацуюцца карані

 Хіба зразу не стала нашым

 Слова Божае ў Скарыны

 

 

14

 

назьбіраю Божай сілы

слоўкам перальюся

да Купальля

да Васільля

зноўку прытулюся

хай зьвіняць у небе зоры

хай крыніцы студзяць

калі край мой безназоўны

золка абязьлюдзеў

што мне тыя здані-сьцені

долю забіраюць

чую вечнае трымценьне

і спагаду краю

вышынёю сіняй-сіняй

белай Белай Русі

назьбіраю Божай сілы

словамі пральюся

 

 

15

 

 Я магчымасьцяў слова не знаю

 Цішынёю жыцьця

 Пракаветнага хочацца краю

 Дзе працяг

 Каб ізноў заблуджэньняў-збавеньняў

 Патыхала сьвятло

 Каб вязаліся звеньні за звеньні

 Як сіло за сіло

 Каб прыліцца да гэтай сталіцы

 Як да красак да пчол

 Ашаломлена раптам спыніцца

 Азірнуцца наўкол

 

 

16

 

нішто незаўважаным не праміне

падхмарнаю-верасовай

на стыку рэальнасьці і мяне

стасуюцца чуйныя словы

шнурочкам мінулае але ўспамін

цікаўнаму сьветам цэлым

між тым хто акрые і мною паміж

быцьця недаступнае цела

натую – нібы для Самога нясу

і вольны і залыганы

здаецца і праўда высокі прысуд

чакае па-за берагамі

 

 

17

 

бо стаўся незгаворлівы такі

не завадатар і ў сваім хаўрусе

было малы не мог сказаць: здаюся

злым сябруком прыцяты загрудкі

 

што лечыць а чаго не лечыць час

што нам даруе што адлічыць скрусе

я зараз вам засьведчыць не бяруся

дасць Бог не скора да майго карча

 

нашчадак

шчасьлівейшым будзь ад нас

хай і тваіх дзяцей прыносіць бусел

хай на цябе спакойны дождж цярусіць

а просьба да цябе ўсяго адна:

 

калі дзікоў панішчаць і ваўкоў

і слова да якога сэрцам рвуся

не дай сказаць што сёньня аддаюся

сьляпой патолі будучых вякоў

 

 

18

 

не застаюцца намаганьні

(не ў сэньсе тым, што не відаць,

а ў сэньсе тым што...) лёгка гляне

на сонца думкі лагада

бо толькі тое што раптоўна

( і рэдка... рэдка так нажаль)

пры нас пры нашым дні грунтоўным

на векі вечныя амаль

так і здаецца што са сьмецьця

што дурыкам

што наўздагад

а гэта проста слова льецца

кудой патрэбна акурат

 

 

пярэчаньне

 

 

1

 

 

Звезда смотрела в пещеру,

И это был взгляд отца.

Іосіф Броцкі

І нашто вясна нам, Божа?

Мы ж адвыклі ад вясны:

Елка ў лесе, мох на стрэсе

Зелянеюць заўсягды.

Уладзіслаў Сыракомля

 

 

Гэта ж Бацьку не ўбачыш,

а толькі начамі дзесь,

калі ты і не зараз, не тут,

ды якраз увесь,

адкаснуўшыся міру, маны ды мар,

чуеш голас паўсюдны,

як громам далёкіх хмар...

Зараз я спрачаюся не з табою, а, можа, зь Ім,

бо спрачацца не грэх,

а звычайны пачатак зім,

каб сцінацца ў пустэльню настылую палюсоў,

дзе душа часова зачыняецца на засоў.

Паказаўшы: заўсёды аднакі лёс

нас чакае, – Сын Божы Ісус Хрыстос

гэтак годна-аддана праплыў свой высокі рэй

ад шчымлівага хлева тугіх дзвярэй

аж да зорачкі-зрэнкі, што свеціцца між аблок,

не цікуючы – знаючы кожны крок.

І вяшчуюць дарункі ды голаў вянкамі слоў

абцінаюць, падсаджваюць на аслоў,

і нарэшце пад гнётам шыбуеш да той гары,

дзе акружаць пакутаю ліхвяры...

Так, спрачацца не столькі вялікі грэх,

як спрашчацца ды гэтых цурацца стрэх,

дзе вясна Сыракомлі над намі цьвіце заўжды,

хоць сьцюдзёнага цьвету наўкол сады

 

 

2

 

якое пярэчаньне?

чэрвень

пара парадоксаў і чаек

і вецер Тараса Шаўчэнкі

і доля

хіба што звычайнасць

бо вербы не гнуцца

няпраўда

яшчэ маладымі сівеюць

яны і растуць не так прама

а ўсё ж такі гнуцца не ўмеюць

сагнецца гучок нейкі дробны

пакуль пастушковаю дудкай

не зробіцца

помніцца добра

маленства зялёная мудрасць

а дрэва не гнецца

цяжэе

камель

і кара быццам старасць

балота зьняло акружэньне

цячэньне ракі не прыстала

а вербная крохкая гнуткасць –

бабулі вясковай увішнасць

і чым тое дрэва так люба?

ці тым што не гнецца залішне?

 

 

 

КАЛІ ЗАХОДЖУ...

 

часам

як завітаю

у раптам незнаёмы пакой

(ну, хоць бы ў чытальную залю бібліятэкі

а то нават і ў царкву)

ніякавею:

а што калі каторы падніме галаву і выдыхне:

ці не Ты гэта

Госпадзе?

не

не чакаюць

сядзяць унурыўшыся

кожны зацяты сваёю справай

я таксама праходжу

таксама саджуся

і таксама раблю выгляд

што мяне таксама няма

2000

 

 

 

 

 

ВОСЬ СІМВАЛ ТВОЙ

 

 

...,забыты краю родны.

Максім Багдановіч.

 

 

рэк маці – рэк дачка

крыніца

такой сьлязою хоць бяду лячы

жывая

мусіць жоўтым жвірам віцца

як не сустрэне неба далячынь

ды ўрэшце

што ёй ваша дапамога

зайздросныя да славы і граша

бо як вузей

як далячэй дарога

чысцей-званчэй крынічная душа

1964 – 1991

 

 

ПАХОДЖАНЬНЕ

 

 

1

 

бо адкаціўся недалёка

пад самым сэрцам вёска

што па паводках ды аблоках

брыдзе ступою Боскай

ні пачынацца ні канчацца

хоць заўтра зноў прыйду я

неперайначанага часу

яна мне не шкадуе

тут курганы за круглякамі

на выгане крыніца

каліны крэўная цікаўнасць

царквою на блакіце

тут (што мне штампы!) бусел кружа

тут крот карэньне рые

і тут жывуць (бадай, нядужа)

жыцьця майго старыя

 

 

2

як борзда час прысьпешвае --

ізноў суніцаў хочацца

відаць вясною раньняю

высільваецца смак

а можа гэта сьмешнае

як за Сяніцай Лошыца

каторая зь іх крайняя

зялёная тасьма

асфальт па бруку грукае

падводаю даўнейшага

палётна паўтараецца

такі няблізкі час

над шэрай гнуся грудаю

ды з гноем перамешваю

нібы такой стараннасьцю

ізноў змагу пачаць

сваё такое ўлукаткі

канец-пачатак – яркае

сягоньня ненадзейнае

а заўтра -- не стрымаць

вясна мяне не слухае

віруе гаспадаркаю

штогодняю падзеяю

вясёлая трава

ізноў суніцы мрояцца

між лісьцейка зялёнага

а смак!

як твар пад ветрыкам

у жыце пры мяжы

калі падвечар змораны

як песьня (не заломаны!)

ідзеш сюдою ( вечнасьцю!)

дзе толькі й варта жыць

1985

 

 

3

 

у месцы маленства пад позваю летняю

сяджу не чакаючы горшага-лепшага

дзяцінства аспрэчвае думка старэчая

няма маёй рэчкі

няма нават рэчышча

няма печкуроў цёмных плямак на водмелі

нямае пагорка зь бяляваю выдмаю

не гэткі бальшак і чужыя прысады

ды толькі камарык над вухам той самы

 

 

4

 

тугі шарпак пад лыжамі

мурог ля ручая…

зірну ў пару нябліжнюю:

а дзе

а дзе там я?

ды вось ляжу ля рэчкі

і думаю

пра што?

ну можа пра сланечнік

што стаў сьцяной густой

ну можа пра гняздзечка

каля альхі ў траве?

і незаўважна рэчка

стаіць сабе

плыве

гайдае люстра лёгка

як памяць не змане

то ўбачу: ў тым далёкім

няма

няма мяне

я тут мае лятункі

і клопатаў гайня

а там прастора думкі

ды часу глыбіня

 

 

5

 

“…я не пішу – перакладаю.”

Алесь Разанаў.

 

 

гэта ж так лёгка: слухаеш голас

воблакаў-ветру-травы

вольна-свабодны

вольна-прыгонны

будучым шчасьцем жывы

сонечна-слаўна: голас дыктуе

слова за словам знарок

што ніадкуль я

што нідакуль я

месца займаю сваё

безьліч злучэнняў невыпадковых

воляй Гаспадара

бо несканчоны свой падрадкоўнік

гэта зямля мне дала

 

 

6

 

але каб знаць ці апрыкае

жыццё калі дастаўшы дна

брыдзе бабулька непрыкаяная

відаць на цэлы сьвет адна

ступае старасьць адзінотная

гайдае боязна брыла

ці сярод болю хоць бы ночкаю:

а вой жа ўсіх паражыла!

ужо не ружамі не каламі

а зьвялы дробны курасьлеп

ці ўзнагародаю ці караю

так доўга бачыць гэты сьвет?

хоць чым сьвятло яшчэ ўсё радуе?

жаданні прыцемна пякуць?

бо добра калі Божай праўдаю

яна трымаецца пакуль

 

 

7

 

пастушкамі

ўстаўшы рана-роўненька

калі сонца мружыць вочы птушкам

мы зьбіралі статак ля кароўніка

(ці каля канюшні?)

сцежкаю таго маленства стылага

вечнага нявыцьвілага ранку

“зрастуй-зрастуй” – дзядзька Славік зь віламі

ды маўчком ударніца Вяронька

абмінула дзядзьку куля-міна

давяла дарога да вяртаньня

( Зараз не спавітае ўспамінам,

ненаканаванае гартаю .)

абмінула цётку шчасьце-ліха

горкі лёс адданасьці дзявочай

(я зародкам мужнасьці паціху

чую ноч гарачай адзіноты)

вольна праплываю Шляхам Млечным

дзе маўчыць няжытага аблога

дзе яны падпоркамі навечна

дарагога клопату зямнога

 

 

 

СПАДЗЯВАНЬНЕ

 

 

1

 

яксь брат

(шукае якасьць

дарогі -- назад і ўправа )

назваўся быў хрысьціянскім

паэтам

ці маю права?

бо я "хрысьціянскім" саромеюся

астудзяць

рэкнуць: не гэтак

яно дык зручней саломаю

і небу закрыцца ад кветак

мне пэўна прасьцей "Хрыстовым"

як птушкі

як сонца

як вецер

лацвей перад часам устояць --

мы ўсе неабсяжнасьці дзеці

 

 

2

 

не

не на гэтых Ён нябёсах

а на...

я ведаю

ня трэба

душой расхлістанай і босай

зарана парываю неба

Тваё блакітнае адзенне

пасту-малітвы і любові...

дзе тых нябёсаў супадзенне

ўсьцяж затуляецца сабою

 

 

3

 

дзень вялікі

Вялічка дзень

на Вялікдзень іграе сонца

адчыняючы для людзей

шлях надзеі

сьвятла бясконцасць

Божы Сын

праз такія дні

быў вярнуўся каб век табою

важыць гэтых вышынь агні

што бяруцца бяз бою

бо каторыя ваяры

абжываючы жаху цемру

празь якія дні па кары

вымкнуць вечнага дрэва целам

дзе вяртаюцца ўсе (амаль!)

прычакаўшы Яго за сьведку

хто пчаляр

хто ткаль

хто каваль

хто з рукі акрыляў палеткі

насяляюць жывы прасьцяг

што здавён завецца Айчынай

гэтым часам і мы ў гасьцях

нам вяртацца падобным чынам

 

 

4

 

Ён заўсёды Расьпяты

бо заўсёды Жывы

дзе пад небам расплаты

чысьціні журавы

штохвіліны ўмірае

і жанчына ля ног

знакам зайздрасьці знае

калюковы вянок

у навуцы высознай

далучае працяг

так як Бацька праз сьлёзы

бачыць гэты прасьцяг

у Любові ўваскросшы

у Любові жыве

раньня сонечны росчырк

па вясновай траве

 

 

5

 

тое Крэва

што песьцілася-значылася ў Бацькі

(што азначылася, што высьпела!)

летучы праз неакрэсьленую прастору

прасачылася празь нязлучаныя часы

і ачоліла мяне

і праявіла мяне

і напоўніла мяне

каб адчуў увесь гэты прасьцяг

не абмяжованы грунтам і зорамі

а ці лёгка было Бацьку

натхніць увесь неабдымны аб'ём

запусьціць яркую кропку Часу

трымаць усё ў бездакорным парадку

і гэтак проста мне

бо ж я тут ёсьць

 

 

6

 

гэты час дасяжны Бацьку

можа

што й табой

Ён і чуе

Ён і бачыць

мае дол і боль

а яшчэ Ён зорным зернем

ляды засяваў

каб бязьмежнасьцю заземле-

ны жыцьцё ўжываў

каб трываў і зьдзек і славу

столькі зім і лет

Ён на тое і Вараву

выпусьціў у сьвет

 

 

7

 

гэта цэркаўка-ўзгорак

дарога аблок

гэта зблізку-знадворку

здаўна ды здалёк

непатрэбнае сёньня і ўчора

дзе душою няўморанай лёгка прылёг

а наўкол цеплыня-матылькі і быльнёг

асалодай убеглага гора

гэта цэркаўка-неба-узгорак

прытуліўся мой страх пад высокай сьлязой?

пад законам зары?

пад надзеі лязом

за каго я закованы ў зорах

перад Кім я адзін у бязьмежным плыву

перад Кім я сьхіляю сваю галаву

непатрэбную сёньня і ўчора

гэта цэркаўка

неба і ўзгорак

1993

 

 

8

 

 Сціпла сьлепіцца свечачка

 Старасьвецкай царкоўкі

 Адбывае пасьведчаньне

 Поп памяркоўны

 Беспарадна ды зімна

 Прытуліцца ня змог

 Са скляпеньняў сьлязіну

 Раняе Пан Бог

 

 

 

ПРЫСУТНАСЦЬ

 

 

1

 

а зірну на зеляніны вечнасць

(радасць квецені душой плыве!)

праз спакой замружанай сінечы –

ні зярнятка думкі ў галаве

толькі шчасьце

глыбіня падзякі

рою віраваньне

рум крыла

дзе спагаду мае кожны-ўсякі

да зямлі што сэрца прыняла

што дала жыцьця бязьмежны розум

гэтаю хвілінаю пусты

весьняю паводкай

ды марозам

ды залевай

ведаюць кусты

пошум сузіральнасьці

ніякі

ды нічый прасьцяг высокіх дум

будзе роздум дзе адхон падзякі

на паклон да Ісьціны прыйду

зашчымяць майго спакою промні

асьвятлю апошнюю вярсту

жоўтым лісьцем

і сіроча ўспомню

радасьці зыркую пустату

 

 

2

 

 Іскрынкай рыжай свету Божага

 Галінку мацае мураш

 Дзе вышынёю не для кожнага

 Зялёны лесу балядаж

 Сам пазіраю на суперніка

 Што не зьвяртае на мяне

 Якой увагі

 Сінім пернікам

 Сухую ягадку

 Ці не

 Яму ня здужаць

 Сьпелай ягадай

 І я што ўкленчыў перад ім

 Сваім зьдзіўленьнем ведаў прагаю

 Задумай Творцы

 Сіні дым

 Ён

 Як і я збярэ асьветленасьць

 У шкельцы выгнутых вачэй

 Дзе будзе вера пракаветная

 Што мы сустрэнемся яшчэ

 

 

3

 

на разлогах водар волкі

вецер вольны ды ляны

чуйны голас перапёлкі

перапёлкі ці жаўны

выклікае ў раздарожжа

да травы і да аблок

станеш зноўку сьветам Божым

мітусьню адсунь убок

як раскінутыя рукі

як разумнага сувой

пахі колеры і гукі

зноўку стануцца табой

зробяць грэшнага сабой

 

 

4

 

калі ты не выходзіш пад зорнае неба

не чуешся цэнтрам сьвету

тое яшчэ зусім не азначае

што над табой гэты лёгкі блакіт

заўсёднага лета

1972

 

 

5

 

на зрэнцы возера а ў парушынцы чоўна

пад хваляў воплескі і водбліскаў касьцёр

я зразумеў павольна ды раптоўна

што гэты сьвет жыве сваім жыцьцём

што ў ім няма ні прымхаў ні паданьняў

перасыпай пясок на паплавах

ён краем з нашым існым супадае

дзе тых гадоў што птушцы пакляваць

на хвалю выскачыць не хочуць вольхі

хаваюць стому мудрыя карчы

пад пальцамі раптоўна ды павольна

паўсюльнай цеплынёй вада маўчыць

 

 

6

 

нейкі зазначыў

што старасьць --

гэта ёсць вечар жыцьця

ды не

старасьць –гэта якраз раніца

адна доўгая бяссонная раніца

калі толькі ты і астылае сонца

а вечар – гэта юнацтва

ад вёскі да вёскі

з вуліцы ў вуліцу

пад зоркамі

пад гармонікам

пад бубнам ды скрыпкаю

а старасць – гэта рыпучая раніца

старасць -- гэта ранішнія ўспаміны

раніцою

сцюдзёнай

летняй

роснай

гучыць табе ізноў матуліна песня

бо ты чуешся зноў беспарадна

каля некага большага

хто цябе прытуліць ды пашкадуе

 

 

7

 

дзяўчынка ўляцела празь дзверы

што ледзве пасьпелі прыняць сваё непразрыстае шкло

з ёю разам

прага распаранай кавы

з ёю разам

стукат прыступак

з ёю разам

і радасны вецер

і весялковыя кропелькі дажджу на вейках

з ёю разам

увесь гэты малады вясновы сьвет

 

 

 

АДКУЛЬ

 

 

1

 

аднекуль трэба браць пачатак

глыбінь няўспомненых

здалёк

убеглага курыцца часу

спакою сіняга дымок

душа адчайна вызначае

лятунамі юначых сноў

калі яна была грачанкай

Элады вечнаю вясной

а потым вогнішчам купальля

узрушаная да зары

сваю каханую гукала

на бераг вольных азярын

а потым вой дружыны княжай

бароніць Бацькаўшчыну так

што на чырвоным лёдзе ляжа

у жах закованы крыжак

а там і ты...

анёл зь нябёсаў

цябе на трэці дзень прынёс

самой гісторыі дзівосы

паднялі яблыкам твой лёс

 

 

2

 

сьвятыя вечары

і радасныя раньні

мелодыя пары

зьяўленьня ды абраньня

дзе ты ўжо не сабой

а Назаўжды і Разам

і любай і любой

і зараз і адразу

дзе вечнае “цяпер”

асьветленае Часам

узважвае цябе

не здольнага сам-насам

пакуль

 

 

3

 

куды так рэчка ў сьвет бяжыць

як гэтак хораша навокал?

каб ты й туды памкнуўся быць

дзе невядома і далёка

навошта краскі луг сабраў?

каму стракатае маніста?

каб ведаў што спаміж сяброў

спакойна-радасна і чыста

чаго пчале вакол гусьці

аж сьмела не ступіць нагою?

каб ты зазнаў што і ў жыцьці

ўсё разам – соладка і горка

а ўжо аблокі набягуць

на гэта сонца баравое?

каб ты заўсёды мусіў чуць

што маеш дах над галавою

 

 

4

 

скуль вынікаючы

меціну кожную

промень-мазок

рэчка замглёная хмарамі

коціцца

памяць разор

сумам учорага

памяцьцю заўтрага

песьня быцьця

гэтага існага

гэтага краснага

ясны працяг

поле блакітнае

месяц над пожняю

ночы сьвятло

пэндзлем запоўніцца

(пэндзлем запомніцца)

як не было

ветру зялёнае

сіняе сонцава

зманам вачэй

кропкамі

кроплямі часу бясконцага

рвецца-цячэ

пішы, мастак, пішы

партрэт сваёй душы!

хваляў хвіліннае хваляваньне,

марнасць надзеі.

роспач каханьня,

сэрца сон на мяжы.

 

 

 

 

 

ВЯРТАНЬНЕ

 

 

1

 

скакала неба на адной назе

аж хвалі падбухторваў бераг топкі

каб з вуха цеплынёю балазе

вады ставала ў тым стаўку пад Сьцёпкам

з халодных лужын з дрыжыкаў зь сінечы

як сьнег вясною вымкнула душа

і зараз галавою страсянеш

маленства тое булькае ў вушах

 

 

2

 

у нейкай хрэстаматыі

(а, можа, і ў чытанцы)

таго пасьляваеннага-галоднага маленства

бяздомныя французікі

(ім страву не гатуюць)

яны акаляваныя мастацкаю маланкай

а гэтыя вялікія маленькія французы

(а, можа, што гішпанцы, бо паблы ды пікасы)

калі малююць песьняю і здольныя адразу

наіўным верабейчыкам як дружбаю па друзе

такія ўсе вялікія

і ў старасьці як дзеці

такое... не спалохацьбы калі па небе крочаць

такое местачковае хоць заўтра паглядзіце

такое ўсё французкае

высокае да крыку...

у печы недзе парыцца капуста ў сагане

(такое ўсё французкае!)

па шэсьць урокаў нашча

а роспавед настаўніцы сьлязы не дасягне:

чаму яны няшчасныя?

зірні: ядуць жа нешта

 

 

3

 

ад Божага так вабіла людское

каля кароў у полі цэлы дзень

калі аблок высокаю лускою

то дождж то цень

а хлопцы недзе выганам за вёскай

не цямячы цябе

што ў полі адзінокаю бярозкай

малюся я цяпер

малюся – гэтак зноў малым раблюся

 

 

4

 

 На небе зорка (ці зара?)

 Зарана вечар зноў падкраўся

 хто перашкодзіць ні стараўся

 Але прыйшла яго пара

 Парушыць Божага закон

 Ня можа нават ён ( не хоча)

 і набліжае шолах ночы

 блакітны звон знаёмы клён

 што захінуў амаль паўнеба

 ці паўвакна ці паўдзяцін-

 ства дзе ніяк ня трэба

 сьпяшацца ведаць ды расьці

 бо толькі час высокай зоркай

 міргае ў той далечыні

 дзе ненапоўнена і золка

 зьнікаюць дні

 

 

5

 

Расою дні на краскі ўпалі

Далёка недзе

Восень-лета

Чаму ж вы некалі так пахлі? –

Маленькім быў бліжэй да кветак

А музыкаю кроплі лёсу

(Салодкай) хіба ўспомню гэтак:

Гусьцелі барвы –

Лета-восень

Відаць што быў бліжэй да кветак

 

 

6

 

краскаю жоўтаю белы заўсёдны матыль

вечны ўспамін раскаванай высокаю поўняй

гэтай усьмешкі далёка не ўсходні матыў

радасьці яснай ніколі-ніколі не позьняй

свет – ні шчарбінкі і краю пакуль не відно

поўна не дужа каб велькіх ды гэтакіх вартых

часам кіно

часам голуб блакітны ў акно

калі бяда – нібы жартам

там і сьцяжына па вільгаці вольнай лясной

стрэне сунічкай-страчком ці алешыны сьвечкай

спелаю восеньню

летам

спакойнай вясной

смакам на вуснах недацалаванай парэчкі

 

 

7

 

бо ў тым краІ заўсёды залатая

пара пачатку восені стаіць

спакой высокай думкай залятае

дзівуецца з прасторы на стагі

на кнопкі копак

бачныя здаля

праносяць журавы свае катрынкі

а дзе той край?

дзядоў маіх зямля

па-над якой у мыслях ні хмурынкі

 

 

 

 

У ЦЯРПЛІВЫ ЧАС РОСПАЧЫ

 

 

1

 

а проста роспач – тварам да зямлі

на рукі

у пагорак сьвежай глебы

а то на лузе воляю калі

патоляй да грудзей прыцісьнеш неба

а ці ўпадзеш зярняткам да ральлі

хіба карэньне колас не адпрэчыць

а што за асалода – шар Зямлі

з палёгкаю закінь сабе за плечы

ды гэта непазьбежнае

дарэчы

так як і боль

ён не бывае нейчым

 

 

2

 

я заўсёды знаходжу ўсяму апраўданьне

і якраз не з тае бо замежна-залежны

але кожны Васпанны-бесперастанны

дайце рады што ўзважваецца бязьмежна

апраўданьне заўсёды-заўжды вынікае

з той Прычыны якою падпарадкаваны

гэты першы-азораны-круглы-цікавы

незапомнена-незрадкаваны

гэты страхам напяты балюча-крывавы

гэты воўчы-авечы-ласіны-шпачыны

станься крышку наважаным Ён адкрывае

кожны ўздых твой адзіную тую Прычыну

 

 

3

 

я вечна існую на гэтым сьвеце

асьцеражоны цеплынёй чароўнаю

садзіцца ціха сонца вечаровае –

грунтоўная малінавая квецень

зялёна-сіняй дабрынёй угрэтыя

таўкуць імгненьні мошкі над дарожкай

і я празь іх шыбую асьцярожна

захоплены бясконцай плыньню гэтай

я вечна існую на гэтым сьвеце

сягоньня

летні дзень такі вялізны

ніводная хмурынка бескарысна

не праплывае па трыццатым леце

трымаючы хвіліну на прыкмеце

якую не закрые морак сівы

я ўсё ж надзеяй краснаю шчасьлівы

што буду мецца век на гэтым сьвеце

 

 

4

 

 Высокі летні час

 Балючая раптоўнасьць

 Дзе сэрца грук маленькімі грудзьмі

 І крокаў цішыня

 І шырыня натоўпу

 І бабы млосна сморкаюць сьлязьмі

 Парфумы злы смурод

 Нячутная сьпякота

 Блішчасты жоўты лоб

 Што побач сонца стыў

 Я адчуваў парадку неістотнасьць

 Бо гэта ўжо не ты

 Не ты

 Не ты

 Мой бацька што цяпер

 Разьліты па ўсім сьвеце

 Дзе мабыць я адзін тваіх вачэй працяг

 Так гора адвучала ад бяссьмерцьця

 Так ачышчае памяць для жыцьця

 

 

5

 

 Лёгкая душа маёй матулі

 Цяжка адрывалася ад цела

 Толькі шклянкі звонкія пачулі

 Як яна над сынам праляцела

............................................

 Маўкліва кланяюся сьмерці

 Няхай што блізкай не сваёй

 Як вымятаю з хаты сьмецце

 Ўніз галавой

 Трымаю неба на каменных

 Ці павісаю на крыжы -

 Жыцьцё не зорка а камета

 Хвост успамінамі дрыжы

 Пад Сонца эліпс - невядомасьць

 Дзе кропля сіняя імжы

 Сарвецца моўчкі

 Падаць долу

 Якраз як жыць

 

 

 

 

ЯГАДЫ МАЛЕНСТВА

 

 

1

 

водар гойны

водар сьлічны

сэрца яснасьці лясной

сарамлівая сунічка

саладзее пад кустом

сонцу ў вочы ані краем

вільгаць-змрок яе жытло

ды зьбірае-ашчаджае

наліваецца сьвятлом

 

 

2

 

прыгінаўся ля гальля

завіхаўся на палянцы

колькі бачыў ягад я

столькі ў сьне пасьля прысьняцца

у блакітным кубку? не

пад лісточкам неахвоча

можа нават і не ў сне

а калі заплюшчыш вочы

зразу ягад цэлы рой

жменяй

купкаю

чародкай

пад бярозкай

пад гарой

то-та сон такі салодкі

1990, 2002

 

 

ЦЯПЕР

 

 

1

 

 Тры рэчы ўсяго

 А былі б не павінны

 Зьдзіўляюць якраз:

 Што я ў гэтым месцы

 Што гэтай хвілінай

 Што я сярод вас

 

 

2

 

 

 Даўней была дрымота

 А зараз медытацыя

 Паўзабыцьцё каб потым

 Далешы рэй намацваць

 Раней былі грымоты

 А зараз дожджык ісьціны

 Што ловіць лета слоту

 І сонца кожным лісьцікам

 Не знаючы якая

 Хвіліна што насьледуе

 Наіўны прычакае

 Высокага няведаньня

 Пасля прагал запоўніць

 Той Хто пачатак ведае

 Што ты ня здольны ўспомніць

 Ні радасьцю ні бедамі

 

 

3

 

зеленавата вуліцай праходжу

паўмроя-паўняведаньне-паўсон

заленаваўся тварыкам прыгожым --

нясталая пастава й парасон

па мітусьні снуюцца кросны сонца

ня тое каб застыглі

ды барджэй

стасуецца да соцыюму соцы-

юм але юмбрык даражэй

дзе ў пінжачку шчасьлівым фаліянтам

студэнт (відаць, што вечны!) да таго

ўжо звычны каб цікаўнасьць нахаляву

задавальняць чытаючы бягом

вялізная-няўклюдная дзяржава

навокала пакінуўшы мяне

і сьцяг апошняй кропляю іржава

варушыцца вышэй як на сьцяне

 

 

4

 

усё

усё запала ў вока мне

ці ўпершыню пачуў-адчуў-убачыў

і воблака блакітнага сьцяне

і сонца край імклівасьцю гарачы

блішчастую сьцяжынку па вадзе

прыгожую бясконцай вастрынёю

усё гэта шчымлівей-маладзей

раптоўней успрыймаю

і барвы да апошняга мазка

і гукі першай непадзельнай ноты

і гэта слова большае чым сказ

глыбокая хвіліна адзіноты

адзін

адзін на цэлым сьвеце я

на мне адказнасць за яго трымценьне

усе тры цені галава мая

асьцерагае

мосьцячы адценьні

 

 

5

 

 Праз каго гэты час працякае

 Неабходную праўду казаць

 Праз каго ён вартуе цікавасьць

 Каб ізноў не вяртацца назад

 І сядзіць той

 Адставіўшы локаць

 Быццам поўную кайстру нясе

 А няўструйныя словы самохаць

 Адшчапляюць нябачаны сьвет

 

 

6

 

далягляд – далечыня

моўчкі мокне пілавіньне

доўгі дзень далей чым я

на няжытай палавіне

нецярплівасць – ціхі стук

дробны дождж песперастанны

прычакаю ці наступ-

нага сонца вырастаньня

вырай стане верай сцэн

верасень – пара чаканьня

выпасталіся-расьцем

зноўку стаўшы хлапчукамі

зноўку сьцюжа школьных сьцен

ціхім дожджыкам падпаска

ды лісьцінкай на кусьце

прадчуваньня долі наскай

 

 

7

 

 Сьвет душою атуляю

 Лямпы сьвет і матылька

 Дзе птушыны сьпеў трапляе

 Ў сон дзе цягнецца рука

 Да лянога цьвету бэзу

 Да зямнога аганька

 Зоркі хто паслаў гарэзу

 Непазьбежнасьць сустракаць

 Дзе напятаю струною

 Росяць звонкія палі

 Гэты сьвет жадае мною

 Векавечны вечар ліць

 

 

8

 

 Рада пшанічнага поля

 Неба зоркамі ўкрыта

 Сёньня сюды на споведь

 Я не прыйшоў нібыта

 Пошумам адзіноты

 Звонам даўгіх праменьняў

 Быццам і пчолам у сотах

 Мёду ўсё меней меней

 Ёсьць калі прытуліцца

 Адгарадзіцца ўзьнёслым

 Ёсць ты але як быццам

 Дробна разьбіўся ў мностве

 

 

9

 

палявая сьцяжынка

волкі верас і клейкія смолкі

колас сьпелага жыта

шурпаты і колкі

ветлы ветрык

крыла ветраковага ўзмахам

ледзь калыша паветра

цяжкое ад гукаў і пахаў

 

 

 

ГРАХІ

 

 

1

 

вялізнай балючай балячкай

злазіць сумненьня кароста

і як Ты знаходзіш

Бацька

мажлівасьцяў майго росту?

 

 

2

 

лязо – палоска асакі

не воблака – імжа

у скокі зайцы русакі

няжорсткая мяжа

стой! лёгка так пераступіць

само… але назад?

як здрада шалу асьцюкі

па гэты бок ляза

ты раўнавагу грабяня

багром не адграбай

як зараз ноч то потым дня

вялізны каравай

 

 

3

 

паміж небам і зямлёй

што гэта такое

прытрымаю як зарой

воблака рукою

паміж небам і зямлёй

выяўляю якасць

паміж летам і зімой

нуль-нішто-ніякасць

паміж небам і зямлёй

грэчка-рэчка-сьвечка

дзецюкі гайда за мной

раскалоць яечка

 

 

4

 

якіх адно ні ведаю грахоў

настолькі строга што пачні спачатку

і пералік прыблізна-павярхоў-

ным будзе без сьвятла і без гучаньня

а я ўсё напаўняюся табой

які мяркуе што расту спакойным

я – здраднік

я – гвалтоўнік

я – забой-

ца хіжым прадчуваньнем поўны

пакуль мне адгукаецца грахоў-

насць не праз сорам-горыч-муку

датуль не спасьцігаю я галоў-

ную сваю навуку

 

 

5

 

а-вой ты Высокі пацэліў

ці ў гэтым узяўшы кашы

такое няўклюднае цела

для гэткай адданай душы

 

і сам я дзівак няўсьцешны

(хоць праўду калі напішы!)

шаную нядэшлае цела

ды зьдзекуюся з душы

 

сваю нецярплівасць ацэніш

глынуўшы нагбом з гладыша:

цяжэе-гусьцее цела

танчэе-званчэе душа

 

 

6

 

вось і да нас дайшла чарга –

усё на пролаж

а пустазельля ўжо

уга!

касой не пройдзеш

ды можа ў нас куды брыдчэй

чым дзе ў галодны

і страшны час калі зьдзічэць

не так і шкодна

а зараз

розум-прыгажосць-стараннасць-Веру

на плошчу

у пасьцель

у злосць

ды на паперу

і не прыцягваюцца

не

да душаў душы

у ціне сьцятыя

ў цане –

гнілой кадушцы

што адкрывае еднасць ім

якія нетры?

і горад вые ля сьцяны

смуродным ветрам

 

 

7

 

а нас у тэатрах-кіно прывучылі

што ўсё неўсур’ёз

бо потым на авансцэне дзяўчына

без крыку і сьлёз

хвілінай паверыш што шчасна жывецца

на гэтай зямлі

а потым – сьвятло

і часовае месца

ізноў здабылі

і скрозь мітусьня і не ўгледзіш прычыны

прайшло – не было

ці гэтакім чынам ад нас адключылі

сьвятое сьвятло?

 

 

8

 

 Экран патух усьлед

 Рэальнасьці другая

 Таму што гэты сьвет

 Пакуль перамагае

 Жыве прасьцяг сьвятла

 Не спынены ў палёце

 Дзе асалодай зла

 Асуджаны ўкалоцца

 Той хто цяпер ідзе

 Да выхаду другога

 Якраз што ў гэткі дзень

 Не зразумееш многа

 

 

9

 

падыйшоў ён (д’ябал у ваччу)

ненадзейны-стоены-ціхмяны:

хочаш дзядзька дзевачку? (хачу?)

працяло істоту – як тут зманіш?

адплыло каханьне што мяне

звыклаю пяшчотаю вартуе

у даўнейшым брудным рызмане

юны шал агідна агітуе

зараз пакладу табе душу

(можа, каб згадзіўся – палавіну?)

золата што цэлы век нашу

каб сплаціць Таму Якому вінны

гэта саладжавая віна

за якую вось цяпер і ўдаран

дзе мая дзяўчыначка? яна

за такімі даўнімі гадамі...

нешта зразумеўшы мой альфонс

зьнік ад нечаканага ўтрапеньня

музыка прапала – толькі фон

скронямі (ударнікам) трапеча

сорам сочыць сонечны ліхтар

чырваньню маёй крыві (ягонай?)

я пакуль не ведаю што ўдар

атрымаў (ці вытрымаў?) сягоньня

 

 

10

 

драўляны тулет у рэштках гораду

(маленства недакуркамі палюе)

на шэрых дошках (кожны мае годнасць!)

штукар кабет (пячораю?) малюе

у розных выгінах

бадай што ўмела

адзіным рухам выгінае слодыч

і заштрыхуе трохвугольнік-мету

дзе хваляваньне не знаходзіць слова

ну што тут – пасьмяяцца? глянуць жорстка?

як некалі настаўнікам у школе

а можа гэта пошук прыгажосьці

якой яму не дасягнуць ніколі?

і я стаю

сваю зрабіўшы справу

(ёй мысьлі не бываюць перашкодай)

зашпільваюся

падцінаю спражку

і мне (няхай не родны!) брата шкода

 

 

11

 

 Вайна пранізвала малога

 Страх асалоды што жывы

 І маеш сьвет

 А ў сьвеце многа

 Чужога мяса і крыві

 Па вуліцы клубок дзяўчыны

 Дымок суседскай сьвежыны

 І далучалі і вучылі:

 Жадай-жахайся і жыві

 Плыві ўсясьветнага трымценьнем

 У гэты мэнт у гэты шал

 Зялёны будана трысьценак

 Ды куранятак паўкаша

 І певень што гарлае раньне

 І зноў за курыцай усьлед

 Каровы страшная стараннасьць

 Цялятка выпусьціць у сьвет

 А тыя думкі што ляталі

 Варожым шыліся вужом

 Яшчэ не ўзьняўшы геніталій

 Я асалоду знаў ужо

 Я ведаў што яна падспудна

 Шыкуе свой імклівы час

 Той дзікай хваляй што паўсюдна

 У будучыню гоніць нас

 

 

12

 

 Хвалю здзеку прымаю

 Адкрытай душой

 Пад крысом небакраю

 За пожняй няўжо

 Адкаснуся нарэшце

 Нязвыклых чужых

 Парываньняў я грэшнік

 Пры самай мяжы

 

 

13

 

 Толькі самыя злыя выявы распусты

 Спакушаюць мяне

 хіба я

 З гэтай крыва-апошняй-адрэзанай лусты

 Адкусіў:

 будзе Воля Твая?

 Ці крывёй не віруе тутэйшая сіла

 Ці не вее ружовай вясной

 Я не ведаю

 Раптам з бязьмежнасьці мілай

 Ты цяпер заклапочаны мной

 

 

14

 

Мы сягонняшнія жыхары,

проста собіла хвалю трымаць пад нагамі,

быць каменнем аснежаным гэтай гары,

разам самай высокаю нотай у гаме

(гэта значыць, у шуме бязладным быцьця).

Накавальні наканаваньне

падпірае бяскрыўднай надзеі працяг:

прыстасавальніцтва – процістаянне.

Раўнавагу ўважаем,

мяркуем, што мы

вастрыё гэтай думкі нацэленай.

Здрайцы!

Адганіце кароў,

падцягніце штаны:

вас ашчасціла гэтымі промнямі,

знайце.

 

 

15

 

 У багатага ўбогага

 Сьвет дахаты сьцягнуў

 Абабранае Богава

 Аздабляе сьцяну

 Пазіраюць прыстыджана

 Хоць ты век не грашы

 Рукатворна-прэстыжныя

 На няўтульнасьць душы

 Духу даўкая посьніца

 Ці лягчэй на крыжы

 Ім пакута апошняя

 Пры распусьце служыць

 У зьдзіўленьні не месьціцца

 Непатрэба крыла

 Абрываецца лесьвіца

 Што ў нябёсы вяла

 

 

16

 

шапку тралейбуса ўзьдзену на пару прыпынкаў

каб валасы не зьліваліся з лысінай белай марозу

лёгка руку апускаю на гладкую сьпінку

хіба ніжэй? маладзіца цярпі беспагрозна

выплыву парам і скрогатам дзьверы прапусцяць

мусяць міры перамроіць каб марнае месца

вымераць

чорны пакутнік-трыпутнік

як астэроід сустрэчны нясьмелай камеце

рухі каменныя сэрца каменнае можа

гэта зіма камяніцай надзетае цела

ці разламлю тую пастку ды ўспомню: мой Божа

зоры твае нада мною заўсёднай надзеяй

 

 

17

 

прызначаны палёту

жахайся вышыні

як воблаку-пілоту

за пункт падвешаны

(няўжо ўжо не за шыю? –

сякі-такі віток…)

а ёсць яшчэ вышыні

дзе ветру халадок

да нетраў працінае

(над стромаю пастой)

ці страты шраціною

ці спрату пустатой

а ёсць яшчэ вяршыні

дзе вечныя імхі

дзе туманом падшыты

гудзе абвал ліхі

каб нерухомым зоркам

такі зайздросны шлях

бо сьлізкі ён на золку

чужой даміны дах

 

 

18

 

А я дык прывітаў цябе, дзівак.

Такі сабака ты,

Што дай хоць лапу.

Ня толькі каб бутэлькі выдзімаць

Замест абруса падсьцілаеш мапу.

Пад локаць дурню родная зямля

З такім заўсёды (карта!) мілым тварам

Ад покуця да самага брыла

Забруджаная брыдкасьці таварам.

Гляджу на гэты векавечны ліст,

Чым дыхаю,

Дзе болесьці знаходжу…

Налі хутчэй чырвонага, налі –

Я над Палесьсем з чаркаю парожняй

 

 

19

 

юнак намерваецца: страх

бывае марны і нястрогі

кабета ходзіць на руках

не разьбіраючы дарогі

вялікім робіцца чый лёс

над нашым выпадкам узнёсься

хто адрастае ад калёс

адразу колецца калосьсем

пасля жахаюцца палі

што льецца Прыпяць праз Нямігу

а лепш успомніце калі

апошні раз гарталі Кнігу

дзе з утрапеньнем гледзіцё

як па крутой зямной дарозе

пральецца Божае жыцьцё

каб ты процістаяў пагрозе

каб меў і прыклад і прасьцяг

дзе ахіне Хрыстова Слова

дзе крыж пакуты а не сьцяг

дзе неба рвецца напалову

 

 

20

 

шлях нязнаньня-сьвітаньня

недзе ўдалечыні

калі думка прыстане

што на гэтым кані

незапрэжаным-вольным

прасякала прастор

застанецца раздольны

край нязычаных зор

там растане сумненьне

стане пэўнасць адна

там надзея самлее

дасягнуўшая дна

там апусьцішся ў Тайну

з камянём на грудзях

засумуе растайны

адзінотны працяг

 

 

 Далучэнне

 

 

1

 

Далеччу далучэння

(хай да людзей, не да Бога)

чэзне самое. чэзне,

меней сябе самога.

Волі, здаецца, меней –

казана: стане болей,

як на пакуты разменіш

дробязь уласнага болю.

.........................................

Паклон таму раскутаму

якім сягоння жывы,

бо ўжо магу пакутаваць

пакутамі й чужымі.

 

 

2

 

 Той жывы заўсёды спажывае

 Нейкі боль

 Няхай сабе не пяць

 Проста дзьверы

 На пятлі іржавай

 Ветрам вернасьці

 Рыпяць

 Рыпяць

 Рыпяць

 Нехта спажывае болю болей

 Выйсьце бачыць

 Жадны на ўвесь сьвет

 Бо калі ні выхаду ні болю

 Дзе мастак

 Музыка

 Дзе паэт?

 

 

3

 

абмакнуўшы ў дождж перыну

можа песьняю лебядзінаю

тваё сэрца зноў закрану

гэтай весьняю халадзінаю

можа пэндзлем першай травы

намалюю сваю няўсьцешанасць

нагадаю што я жывы

што пад сьнегам яшчэ ярчэйшае

што на волі ізноў вясна

на адхонах жаўцее краскамі

што сьцяжына паўсюль адна

толькі тое нібы не ясна нам

 

 

У гэтым жыцьці.

 

 

1

Тутака,

дзе ўсякая ілюзія – жыцьцё

і ўсякае жыцьцё – ілюзія,

наколькі лёгка пераступіць мяжу дазволенага,

настолькі ж лёгка стрымлівацца-адмаўляцца.

Не так і цяжка рабіць выбар.

 

 

2

 

асьцярога – цел спляценьне

ў каляровым кадры сцэны

быццам дровы

быццам дрэвы

пад нясьціплаю пілою

ці трымценьне што сьцяецца

да паловы

ці дастане спалучэньне

палавінак

дзе лагічна-неадчэпны

дзе павінен

дзе не нуль і не адзінка

(сунеш – вымеш!)

але красная гадзінка

але імі ж

і вясна цяпер жывая

і надзея

што жыцьцё працяг трывае

па нядзелях

супадзеньне дзьвюх заранак

палам пыхі

тое поле неўзараным

плёнам пыхне

 

 

3

 

Шчаслівы час, каб выстаяць,

не ўпасці ў глыбіню.

А неба гэтак чыстае

сягонняшняму дню.

Вось толькі шкода моладзі –

пусты-балючы рух,

ды гэтых. што не моляцца,

не падпіраюць Дух.

 

 

4

 

 Каб тэлебачаньне не ведала віны

 Сяджу гляджу

 Сьпяваюць выхінаюцца яны

 Не зьняўшы паранджу

 Шкляная-нетутэйшая смуга

 Выпроствае душу

 Стаецца што я іхнага слуга

 Калодзеж гладышу

 Здаецца што не так вялікі сьвет

 Бо той што навакол

 Закрыў надзею веру Запавет

 Каляных коў

 Дзе замест поля і лясных палян

 экран

 

 

5

 

так на беразе цікава

згадак не лаві

мора хваляю гаркавай

першы смак крыві

працінае ніды токам

зразумеў калі

што сьцякаюцца вытокі

кропляю Зямлі

ты

каторы ў цэнтры сьвету

думкай набрыняў

а навокал водар лета

мора дабрыня

 

 

6

 

 Згодна гуду

 Згодна грому

 Горы спагадаюць

 Хай не ўсюды мне малому

 Хлеб начлег вада ёсць

 Лагада глухой дарогі

 Край Канец Нікуды

 Некуды прыносяць ногі

 Мокрыя да бруду

 І брады і пераправы

 Плынь перацякае

 Божа літасьцівы-правы

 Як наўкол цікава

 Хто сьпяшае да пашаны

 Нехта ў невядомасьць

 Бо сьцяжыну завяршае

 Што Прытулак дорыць

 Цішыня тваёй прасторы

 Ахіне нарэшце

 Не зважае на паўторы

 Восеньскі арэшнік

 

 

7

 

вымкнуўшы з якой няўдзячнай глебы

разуменьня квет:

акіян люструе толькі неба

кропля – цэлы сьвет

галіна ракі перад вачыма

водарам расьце

хмараў пыл сінее далячыньню

месьціцца ў рацэ

час ізноў сябе збірае ў кроплі

мосьціцца на дно

наплывае хваляй нетаропкай

як было даўно

ды замрэ не маючы патрэбы

ў вечным харастве:

акіян люструе толькі неба

кропля – цэлы сьвет

 

 

 

 

РАДАВОД АГУЛЬНАСЬЦІ

 

 

1

 

з карэньняў музея

ўсплываеш уверх

салодзенькім сокам сучаснасьці

з каронаю зельля заходзіш у дзьверы

(пакуль сьвет стаіць – не зачыняцца!)

такія ж бабулі на лавах сядзяць

гамонкай культуры ці вартыя

садзеяньне ўскоснае – сэкс ды садызм

у залі трыццаць чацьвертай

а во гэты зьлеплены з гліны стаіць

пад позіркаў сінімі мухамі

статыкі столькі стагоддзяў – стаміўся

калі ўжо Той зь неба дзьмухне

прыступка апошняя пад нагой

людства ўсё меней-меней

можа ўжо гэтым пякельным агнём

толькі і ўмее

гулкія крокі

брама багоў

прагаю годнасць бязрукая

багна ваганьня –

бягом

бягом

грукаюць дзьверы

грукаюць

 

 

2

 

мапа памяці годнаю гронай

недзе

дзе самы ніз

места Менесак

горад Гародня

вёсачка Ваўкавыск

да паловы палётнага лёсу

зелянейшай жыві зямля

лекі Хойнікаў

Лепеля лёкі

 выкапні Капыля

дзе сягоньня на ўсякім месцы

што душой не занята яшчэ

мосьцяць Менесак

бэсьцяць Бярэсьце

Слуцак страсаюць з плячэй

вы

каторыя без натоўпу

захавайма сыны

годнасьць Наваградка

Днепра вытокі

Вільні вольнай званы

 

 

ВЫСЛОЎЕ

 

краямі крычыць напрамак

па самай сярэдзіне – сьлізка

"Хто маніць – той знае праўду"

так Ніцшэ казаў (прыблізна)

напорна (такая справа)

заўзятары нас вучылі:

"Мана – гэта шлях да праўды"

(найболей звычайным чынам)

мякіна-камуны-камбеды

каб беды лучылі да ладу

"Маніць – трэба праўду ведаць"

так Ніцшэ казаў (дакладней)

колькі разоў вам падказвала памяць

толькі старонку хаця б адгарніце:

"Ісьціну цяміць гэткі што маніць"

па-нашаму

ну дарма што не Ніцшэ

і нарэшце для перакладу

(тут дакладнасьць бывае лішняй):

"Каб маніць – трэба ведаць праўду"

ніштавата

амаль што Ніцшэ

1992

 

 

ПА-ДЭ-ДЭ

 

 

1

зямлёй лучэньне

зорамі растаньне

высокі ўзьлёт да Бацькавай рукі

звычайнае запамінае танец

праз дасканаласьць руху

хто такі

куды блакіт сьцякае крохкім часам

балючай жылкі жытняя віна

мядзяны месяц

звонкі і блішчасты

бязьвер'я маляваная сьцяна

сьвятло пустое

воплескаў абломкі

і гэты пляц шырокі і круты

дзе трапяткое закранаў крылом ты

нанізаныя славаю драты

чысьцее позірк зайздрасьці спагаднай

укленчанай заслонаю лязо

навошта быў ляцеў парой панаднай

суладны рух да разуменьня зор

 

 

2

 

лёсу вытокі

(толькі павер ты!)

лёгка аблокі

тонкіх павекаў

мігам лунае

зданьню аздобы

між галунамі

зорнага спробы

неба вышыні

бляклым блакітам

хісткай хвілінай

хіліш вякі ты

лёту спагада

тупатам поту

летняя здрада

крайчыку поля

посьпеху моцу

войстра пачуеш

послух ашмоцьце

воплескаў чуйных

зоркаю-птушкай

крылы апусьціш

зноўку разгушквай

вусьціш

2001

 

 

3

 

 Ёсць характар незайздросны

 Кожны з двух

 А наўкол ірдзее росны

 Зорны дух

 Дык пакіньма спрат няновы

 Той які

 Затуляе думкі словы

 Воблакі

 Ды з асьветленай цямніцы

 На прасьцяг

 Выйдзем вольны дзе сьвіціцца

 Зорны дах

 Дакрануўшыся да гэтай

 Пекнаты

 Станем яснай часткай сьвету

 Я і ты

 Бо калі ўдваіх залучым

 Гэты час

 Вечны Шлях за неўміручых

 Мецьме нас

 

 

 

АБЛАДА АДНОГА ГОДУ

 

 

1

 

і праўда

нейкай дзіўнай формы

твой нечаканы сон

і лоб узгоніста-адхонны

і скронь

усё даверліва адкрыта

сьвятлу няўстойлівагв дня

даўгачаканае нібыта

апошняй зоркі глыбіня

я гэта круглае трымаю

што я-не-я

цяжкая шчасьцем нетрывалым

рука мая

 

 

2

 

тое воблака з тваім воблікам

зьбег дажджынак ці ветраў зьбег?

гэта я

адзінотай восеньскай

гэта я ўспамінаю цябе

нават намаразь нібы навалач

паўтарае той боль цяпер

што мароз з крышталёвай выяваю

гэта я ўспамінаю цябе

хай блакіт ветравей праторуе

за вакном лядзяш растае

гэтым бачаным непаўторныя

выкрасаю рысы твае

 

 

3

 

зіма азначыць тое што было:

сляпы спакой цікаўнай раўнавагі

ні вернасьці

ні далучэньня прагі

(хаця б сіло!)

бо дзе ж бы гэта момант перайначыў

чароўная мелодыя агоркла

і сонца

недасяжна-дробнай зоркай

я ўбачыў

 

 

4

 

ваўчанётка лабатае

колішні боль

што каханьне заўсёды прыносіць з сабой

дзе заўжды перамога – параза

дзе на ўзлеску бяздонна цьвілі васількі

зараз пасткі стаўляюць і ладзяць сілкі

толькі ты зразумееш не зразу

гэты роспачы пошум

што шолах лясны

гэту чыстую-ясную скруху вясны

успамінаў нясьпешныя кросны

ткуць узор адзіноты балюча-жывы

дзе ад шатаў зялёных да сіняй травы

безнадзейнасьці цуд паднябёсны

 

 

5

 

таго не ўспамінаю я ніколі

там толькі весьне-восеньская просінь

і сэрца рвецца роўна і не просіць

патолі

ці дзьме вятрыска пасівелым полем

ці дожджык зьмерзлы сьлёзна ў шыбу б'ецца

цябе

якой і не было здаецца

не ўспамінаю я ніколі

1975

 

 

6

 

за гэткую хвіліну можна ўмерці

сказала ты (ці я пачуць хацеў?)

вяршыня шчасьця далучае сьмерці

дзе тым імгненьнем вечнасць праляцеў

за гэткія хвіліны і ўміраем

разьлічваешся кроплямі жыцьця

як нечакана ахінешся раем

не спавіваны ласкай небыцьця

адно як блісьне час сьмяротным джалам

як чорнай хмараю навісьне страх

каханая мая (мая сястра!)

ці ўспомніш тое што цяпер сказала?

 

 

7

 

ты лунаеш у тых несьвядомых глыбінях

недзе між векапомнасьцю і забыцьцём

белы баль глыбіні на тваёй палавіне

паўтараю зьдзіўленьнем і сэрца біцьцём

далучаюся знаючы – не далучыцца

навучыцца гучаць ненапятай струной

стараной не ствару ды пачуцьцяў ваўчыца

асалоду адчуе тугою зямной

унікаеш-спрамляешся і прынікаеш

прытуляешся і аддаляешся ўсьцяж

гэткі горны абвал дзе за каменем камень

так павольна-няпэўна-пяшчотна хаця ж

шарам сьціхнуўшы шал шырыня раздарожжа

сіні шолах зьдзіўленьня ці знае працяг

адлучаешся ты адлятаеш і можа

больш не будзе біцьця

больш не будзе жыцьця

 

 

 

СЫНУ

 

 

1

вялікі чалавечак мой

маленькі шчэ пакуль

зірні: вунь неба вечарам

дзьве зоркі апякуць

а мы стаім над стромаю

глядзім на неба дах

ты ў памяці са мной а я

з табою на руках

1984

 

 

2

 

белагаловенькая кветка

блакітнавокая рака

табе што будучыні сьведка

дзень учарашні сустракаць

 

зваліўся б

пралунаў лістотай

калі б не тыя карані

што гэтай пешчанай істотай

мяркуюць: неба закрані

 

сцяліў бы сам саломай стому

каб гэтай повязі не чуў

каб ветрам хмызьняку густому

не прычасаў віхрасты чуб

 

калі б наўкола на палетках

нас прыгажосьцю папракаць…

белагаловенькая кветка

блакітнавокая рака

 

 

3

 

каштуй

мая каштоўнасць

чужога куліча

не мусіш выкшталтоўваць

нічога па начах

не варта паварочваць

адлегласьці свае

лучынны Павароці

тае не запяе

на ветравею гусьлі

не затуруе сад

дзе воблакі загусьлі

на дынны далягляд

вяшчуй жа каб ляшчэла

тамтэйшай залі столь:

не собіла яшчэ нам

забыцца гэты боль

2005

 

 

ЗА РАЗУМЕНЬНЕМ

 

 

1

 

Што там гэтае імя

 Інфармацыя за кодам

 Гэта ён гэта ты гэта я

 Ёсьць такі на вякі назаўсёды

 Імя

 Яно ствараючы аблічча

 Знаходзіць сувязь між табой і тым

 Хто па тупой звычайнасьці не лічыць

 Што сэнс назьвіска станецца пустым

 Барыся Борка

 Цішынёй зялёнай

 Не зможаш хітануць сваю зямлю

 Ступой дзе стэп паставіўся замглёна

 Дзе не стае лістоты кавылю

 Туды дзе глеба высушана братам

 Гадуе елкі кедры ды мароз

 Дзе вершы што пасьля пайшлі за краты

 Тваю душу сьціналі аж да сьлёз

 Хай зноў не азіраюцца на зоры

 Сучаснага багацця каралі

 Але адкрые восеньскай разорай

 Значэньне часу глыбіня ральлі

 Хай насяляюць твой прасьцяг часовы

 Што спажывае радасьць і бяду

 Але зьлятуцца матылькамі словы

 І вобразы абрыўкі нейчых дум

 І ты абраны полымем зырчэнным

 Шлях барацьбы па-праўдзе забярэш

 Каб вартым быць адвечнага значэньня

 Злучэньня і гучаньня ў рэшце рэшт

 

 

2

 

я ніколі не дам веры

што мы зь нейкай іншай (інакшай) планеты

бо ведаю

што тут нарадзілася

тут і жыве

наша агульная душа

і калі яе здзьме сонечным ветрам Часу

яна

як вялікае блакітнае воблака

паляціць шукаць нібы першую

гэткую ж сіне-зялёную

асьветленую Сонцам і Месяцам

зь цёплымі марамі і чыстымі рэчкамі

з разумнымі жывёламі і прыгожымі насякомымі

з сярэбранымі раньнямі і залатымі вечарамі

зь бялюткімі зімамі і вясёлкавымі вёснамі

паляціць

ці то Бацька павядзе за руку

шукаць гэткую ж

звычную

сьлічную

музычную

касьмічную

 

 

3

 

 Не абмяжованая целам

 Але глыбей вышэй дужэй

 Каб гэтым зоркам запацелым

 Не адрывацца не дрыжэць

 Бязьмежнай сьферай дзе да цэнтру

 Ад кола краю сіла гне

 Каб у бязважкасьці фацэтнай

 Вы не зважалі на мяне

 

 

 

НА ПЕРАХОДЗЕ

 

 

1

 

высокая ўрачыстасьць сьлепаты

глухога насцярожанае вуха

відаць калі святло адзіным духам

прытушыцца тады мы ўсе браты

а нежывога велічны спакой

бо той ужо не бачыць і не чуе

(сьляпога тут пакрыўдзіць не хачу я,

глухому кінуць не магу дакор)

да зор узьняты на чыіх плячах

цячэ чаўнок апошняму прычалу

прычына роспачы

няведаньня адчаю

і чырвані звычайнай кумача

вось чалавек набыў нарэшце твар

сябе самога сьцежкаю да Бога

(да глыбіні?) вядзе яго дарога

нязводных дрэў павевам хараства

растуліцца жарства і на мяжы

сьвятла і цемры

жаху і свабоды

той зразумее зерне пераходу

які жыцьцём няздольны даражыць

 

 

2

 

 

стаіць на жоўтай сьцяжынцы

сярод зялёных дрэў

гатовых узьняцца да сонца

зялёна-сіні чалавек

гатовы да скону

і толькі чырвоныя вочы яго

як два загнаныя ваўчаткі

гараць бяздумным полымем пачатку

нялюдскага-нявоўчага

стаіць зялёная жуда

што не страціла ўчэпістасьці сабачай

але згубіла Божа дар

сьвет сьвятла спакойна бачыць

што зьнясіліла йго?

што забрала гады

жыцьця?

нахопам-гвалтам не даўшы

разгарэцца полымю душы?

ці галоднае маленства?

ці беспрытульнае юнацтва?

ці нявартая жонка?

ці сквапныя дзеці?

ілжывыя сябры?

лісьлівая крыўда?

сьмех у вочы?

можа так а можа:

сытае дзяцінства?

юнацкая разбэшчанасць?

цярплівая жонка?

бязьлітасна-баязьлівыя дзеці?

непатрабавальныя сябры?

можа ён крыўдзіў даверлівых?

сьмяяўся ў вочы сумленным?

усё гэтае скора высьветліцца

 

 

3

 

 Я пакрыты надзеяй як поле сьнягамі

 Запаліўся на ўсходзе празь цемру праз пыл

 Што наймуюцца болем

 дзе месяц рагамі

 Разьдзірае сьляпое жыццё што няспын-

 На вядзе свой прыдуманы танец

 Дзеля кругазвароту агульнасьці для

 Я сьпяшаю (ваяр!)

 Я сьпяшаю (змаганец!)

 Каб ліхі валадар не знайшоў немаўля

 Вось ён кольцы рудыя сьціскае

 Дзе вершнік?

 Дзе мой конь (капытамі)?

 дзе дзіда мая?

 Я на зоры вяртаюся

 час мой завершаны

 Вера-веды-закон-дабрыня

 

 

 

4

 

 Бо заўсёды мажліва

 Перажыць

 Пад вясною пад сьлівай

 Хто ляжыць

 На мяжы між дажджамі

 Ды імжой

 Пражынае жаданьні

 Дык няўжо

 Зноў вяртацца без станцый

 Без назоў

 Кніжка знае гартацца

 Сто разоў

 

 

5

 

тут цішыня стаілася ў віне

сярод сьнягоў-сьцягоў

трубы нясьціплай

апошні стогн цярплівасьці ліне

сярод маны цярплівасьцю аціхне

хто ўсіхны быў

хто зараз пры сьцяне

спакоем сталасьці нібыта дома

хто намі быў

раптоўна хто мяне

пакінуў зноў сам-насам зь невядомым

 

 

6

 

 бывай раздробленае людства

твой Бог адзін

твая надзея мэта люстра

тваіх гадзін

чакай апошняга сьвітаньня

якіх часін

стрымацца трэцяй іпастасьсю

але не ўсім

бывай

раздробленае людства

лінуся ўсьлед

туды дзе воблакі сьмяюцца

дзе ясны сьвет

дзе дабрынёю Божай ласкі

адна сям’я

дзе толькі мроіць буду часта

табой Зямля

 

 

7

 

бо разам з гэтым воблакам мільённым

якое акаляючы Зямлю

пасьля пачну ўздымацца

(каб павольней!)

да той высокай мэты што “Люблю”

дзе векавечна ўсьветленыя зоры

лятуць сьвятую вестку несучы

каб тхнулі (успамінамі!) на золку

чырвонага адзінства касачы

не просячы прарока: прасячЫ

хоць вочка каб завабіць гэты вечар

але спадзеючыся працячы

з усімі разам

у Любоў у Вечнасць

 

 

ТАМ, ДЗЕ...

 

 

1

 

шлях сьвітаньня-нязнаньня

недзе ўдалечыні

калі думка прыстане

што на гэтым кані

незапрэжаным-вольным

прасякала прастор

застанецца няздольны

край нялічаных зор

там растане сумненьне

стане пэўнасць адна

там надзея самлее

дасягнуўшая дна

там апусьцішся ў Тайну

з камянём на грудзях

засумуе растайны

адзінотны працяг

 

 

2

 

 Калі раптоўна вернешся зь няволі

 У сонцам перапоўнены блакіт

 Туды дзе большай вартасьці не вопыт

 Не спрат не спрыт

 Дзе ні пра што характар колкі

 Ды месца ля сьцяны

 Ніхто не пацікавіцца а колькі

 Той чысьціні

 Тады ты зразумееш не запозна

 Што значыць “жыць”

 Дзе страх крадком праклаў свае барозны

 Каля мяжы

 Тады ізноў агледзіш не нарэшце

 Знаёмы шлях

І калабком адкоціцца бязгрэшным

 Твая Зямля

 

 

3

 

пазірні: гэта ясныя кроплі расы

як адна атачаюць сусьвет

глянь: хмурынкі знаёмай такой паласы –

водсьвет нейкіх забудзеных бед

слухай: птушкі ствараюць аблічча Зямлі

кожнай голас даходзіць сюды

тыя дрэвы вялікай-зялёнай сям’і

не яднаюць гурты і рады

радасць

тая планета у жаднага з нас

у вачах

на слыху

у душы

незвычайным агнём паланее вясна

не сьпяшае сьвятло патушыць

 

 

4

 

я з табою вершамі

мушу размаўляць

першая-няпершая

вечная вясна

вершаваньне слаўнае

слоўнага вясла

ісьціна няўлоўная

пакажыся

а калі ты (во яшчэ!)

зачарована

прычакаю вогнішча

вечаровага

 

 

5

 

над гэтым адмераным часам – зорка

не на абеліску

не

а ў самым у небе

высока-высока

цьвічок залаты на сіняй сьцяне

яна напачатку была зірнула

і зараз у галовах стаіць

згорнутай памяці вечны завулак

прамень

заблудзіўся што ў крышталі

патрапіўшы ў цэнтр не зважае нібыта

сваю нерухомасць не аддае

і сёстры па ёй вызначаюць арбіты

Зямля прывязАная да яе

 

 

НАПЛЫВАМ

 

 

1

 

кургана шурпаты ўзгорак

правяду сьляпой рукой –

гэта цемра загаворыць

пудкай памяццю такой

 

 

2

 

вогнішча тушыць за зоркаю зорку

іскры нябёсы бягуць да канца

коні на месяца зьзяньні па ўзгорку

арнаментам выкапня-грабянца

 

 

3

 

ды конь не кентаўр бо аж дзьве галавы

і шэсьць гэткіх ног пралятае па полі

так збоку зірнуўшы (не зь ветрам) ніколі

мяне не пазнаеце вы

 

 

4

 

і цячэ яно нясьпешнае

цягам вечара ўчарашняга

ад нядэшлага да сьмешнага

ад нязграбнага да страшнага

 

 

5

 

бо аднастайнасьць не жыццё

стаяць гады-рады ўспаміны

дзе пустатою леціцё

ды не туды куды павінны

 

 

6

 

здаецца спагада нас

часта вядзе

Сьцінаюцца грудзі

Ды сорамна нам на Нязлосным судзе

(Я ведаю!) будзе

 

 

7

 

дзе музыка не замінае чуць

празь лета назапашаныя словы

над залатымі купамі дубровы

мелодыяй лячу

 

 

8

 

над воблакам напнутай палатніны

мастак схіляе сонца-галаву

праменьні пэндзля росьцяць клапатліва

усё чым я пакуль што не жыву

 

 

9

 

на сьценах партрэты славутых гэтага сьвету

бачыш: усьмешка пагардліва-злая

а лепшых-нячутых гэтага сьвету

ніхто і ня ведаў (бо потым пазнае!)

 

 

10

 

хто ўжывае адзіноты радасьць

што яму багацце альбо ўлада

хто дастаў высокаму скарыцца

што яму правінцыя-сталіца

 

 

11

 

колькі ёсць цікавага на сьвеце

колькі зьнёс неверагодны вецер –

вецер Часу

дзякуй што сягоньня

ён і нас у неабсяжнасць гоніць

 

 

12

 

ёсць момант ісьціны – аблога заблуджэньня

бяскрайнасць цемры – зорка адкрыцьця

пункт ходу мёртвага – і поўнае кружэньне

і несьвядомасць – іскрынка быцьця

і невядомасць

 

 

13

 

калі ў адзінокіх нічыйных садах

яблыкі могуць дасьпець і зваліцца

нам на галовы тады быццам дах

гэткі блакітны эдэмны як быццам

 

 

14

 

 дзіця сьляпога выраю

 (сьвятога не зусім)

 аблічча маеш выраўняць

 пакуль трава ў расе

 

 

15

 

безасабовасць – абыякавасць

агульнасьць – мера мітусьні

грак баразной бяжыць-падскоквае:

ён поле вечнае прысьніў

 

 

16

 

не створаны для самаабароны

твой розум пераходзячы мяжу

дзе ім не заклапоціцца зялёны

вясны агульнай спараджальны шум

 

 

17

 

за ўсё чалавецтва турботы

(ну й што, як не ўпаў валасок

без ведама?) тою суботай

наведаў вясновы лясок

 

 

18

 

палёт пчалы спакойны-залаты

а злосьці зык кароткі ды імклівы

калючка зла і хвалі дабраты

мацуйся жыць і доўга і шчасьліва

 

 

19

 

да супадзеньня (Хрысьце!)

гэтак далёка

чуецца выйсьце

целам нялёгка

 

 

20

 

сьвядомасьці вугольчык бескарысны

на першы погляд вогнішча аблок

амаль што далятае

дзе калісьці

да самаўсьведамленьня робіш крок

 

 

 

21

 

а як прыемна мроіць цішынёй

да адзіноты рвацца ненастойліва

калі вы ўсе са мною і за мной

і вас шкадую стойка і нястоена

 

 

22

 

душой несьціханай

 шукаю прычыну:

 цябе без каханьня

 любіць немагчыма

 

 

23

 

 не таму што стомлена-сьляпы

 над сваім сумленьнем салавею

 бачу ясна: грэх заўжды тупік

 хоць і на мяне салодкім вее

 

 

24

 

той араты арэ-арэ

міма помнікаў пакуляных

гэтак зычаны звычны грэх

недасяжнае пакаяньне

 

 

25

 

промні нетутэйшага напалу

ловяць зь неба кожны гэты ўздых

у душу нішто не пранікае

апроч іх

 

 

26

 

кожны ў адчыненыя дзверы шчэміцца

хоць сабе ў хлеў

хоць у шчыліну будкі сабачай

ведаю гэтых: хаця б нарадзіцца яшчэ раз

годна маўчыць: болей не ўвасабляцца

 

 

 27

 

калісь малым: у нейкай кніжцы

жахнуўся небам зорным

нялюдска-незнаёмым-нізкім

і чорным

 

 

28

 

вадаспадам жвіру кліча круча

бачыш: нават дрэўца ўніз зьбягае

гэтак і цябе калісь ад гаю

горная няўрымсьлівасьць адлучыць

 

 

29

 

смуга размывае і азначае

і абяцае адценьні смуга

ды не цягніся ня ўздумай – уга

вернешся ў самы пачатак

 

 

30

 

вось і зразумеў што я не тут а ўсюды

вось і зразумеў: не зараз я а скрозь

вось і зразумеў што я не быў не буду

вось і зразумеў што я заўсёды ёсць

 

 

 

 


1990-1993?

Тэкст падаецца паводле выдання: з электроннага рукапісу
Крыніца: электронны зварот