epub
 
падключыць
слоўнікі

Барыс Жанчак

"Шчасьлівая дзяцінская гарэзнасць!.."

шчасьлівая дзяцінская гарэзнасць!

а нам пагойсаць? – Божа барані!

адно карціць сур’ёзнаму пагрэцца

ля ворнішча свавольнай дабрыні

ружовашчокі сьвет

зыркі і просты

нырца б туды

ды схамянешся раптам

паспакайнее парываньняў плёскат

і шэпча

ні то зайздрасць ні то радасць:

яны яшчэ нічога не згубілі

яны яшчэ нічога не зрабілі

ян яшчэ сяброў не падлічылі

яны яшчэ не прышчамілі шчырасць

яны не ласавалі хлеб нішчымны

і не шукалі смаку ў лебядзе

няхай ім бамбавозам чмель гудзе

цяжкога аксаміту страх і радасць

няхай блішчыць грымота-кананада

калі вясновы цёплы дождж ідзе…

гудуць гады

часьцее часу пошчак

замілаваньне можа йшчэ не старасць?

калі камусьці ціха пазайздрошчу

калі камусьсці пазайздрошчу зноў

няхай таму хто не зазнаў нястачы

няхай таму хто не спазнаў няшчасьця

каб ён яго не надта часта знаў


1990-1993?

Тэкст падаецца паводле выдання: Жанчак Б. Некалі потым: вершы / Барыс Жанчак. - Мінск : Мастацкая літаратура, 1993. - 174, [1] с.
Крыніца: электронны рукапіс