epub
 
падключыць
слоўнікі

Барыс Жанчак

Слова, Слова, Слова

1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11


1

бо слова

знаючы пачатак дзе

сьвятлом зьвівае колераў кантрасных

руйнуе права

альбо робіць ясным

адвечны зьдзек

мяжу між непатрэбным і дабром

прымружана пакажа тымчасова

у змроку дум тваіх павадыром

паслужыць слова

першакрыніца бляску і агню

першапрычына страху і любові

паэзія сама шукае ў слове

падзеі глыбіню

каб здрада-абмяжованасьць і злосць

даверлівасьць тваю не падтачылі

мацуйся Божым Словам

гэта ёсьць

душы тваёй Айчына

 

2

спалучэньне праменнага ў слове

слова сэнс асьвятляе калі

навучыўся чытаць адмысловей

чым праменьні чытаюць палі

дасягнуць – гэта значыць спыніцца

пад карчамі глыбейшай вады...

журавель хай ляціць а сініца...

можа рытмам няспыннай хады

затуруе бяссэнсіца скора

дождж

насеньне

расток

баразна

спалучэньне праменнага слова

праяўляецца думкай няўзнак

 

3

а я вам зараз чым сабе ня Пушкін

хоць не забраў пашчэнкі ў бакенбарды

затое ж нос яшчэ мудрэй апушчан

і позірк неапраўдана сумарны

і я цяпер зазвычай проста Пушкін

чуб кучаравіць слоў разнагалосьсе

кулік мяне ў балота мо’ й ня пусьціць

затое бусел сам мяне прыносіў

і я сьмяюся-плачу быццам Пушкін

бяскрайны сьвет і ад мяне ня схован

я так як вы на бульбе ды капусьце

я так як вы душуся посным словам

сам сёння пачуваюся як Пушкін

(лавеце, перасьмешнікі, на слове):

з гасьцямі размаўляю па-французку

і толькі казкі сьню на роднай мове

 

4

даўжывалі ды дажавалі

дахрумсталі

далускалі?

слова вечнае

не аджывае --

марнее людскасьць!

 

5

 

бо стаўся незгаворлівы такі

не завадатар і ў сваім хаўрусе

было малы ня мог сказаць: здаюся

злым сябруком прыцяты загрудкі

што лечыць а чаго ня лечыць час

што нам даруе што адлічыць скрусе

я зараз вам засьведчыць не бяруся

дасьць Бог ня скора да майго карча

нашчадак

шчасьлівейшы будзь ад нас

хай і тваіх дзяцей прыносіць бусел

хай на цябе спакойны дождж цярусіць

а просьба да цябе ўсяго адна:

калі дзікоў панішчаць і ваўкоў

і слова да якога сэрцам рвуся

ня дай сказаць што сёньня аддаюся

сьляпой патолі будучых вякоў

1971

 

6

двуручнасьць

двудушнасьць

дзьвюхмоўе

дапамажы мне суседскае слова “двуязычие”

 

7

бо што такое "каляровы сон"?

той горад у ружовым даляглядзе

з трывогай лёгкай

нібы ціха ладзіць

свой сьпеў вялізны хор адных басоў?

бо што такое "каляровы сон"?

патрэсканы старой карціны глянец?

зруйнованы чырвоны дом (цагляны)?

вясёлкі абарванае крысо?

бо што такое "каляровы сон"?

твой розум пры мяжы міжзорным плугам?

Зямлі далёкай родная акругласьць?

два тузіны азёр паміж лясоў

і сьцюжа бурачковая часоў?

ізноў вытокі "каляровых сноў"

дзе "мак таўчэ" ліпнёвы цёплы вечар

і дзе зімы сінеча дымам з печы

дзе край куды вяртася зноў і зноў

дзе ты ачнешся ад салодкіх сноў?

да кропкі сьцяўся гэты сьвет дзівосны

прасторы нерасшчэпленыя вёсны

глухая глыбіня першаасноў

а можа дзе няма бацькоўскіх слоў?

 

8

аблада сноў

(аблада слоў?)

ня злоўлены -- ня злодзей

(злы дзее зло!)

дзе зло там зноў

прагаліна ў прыродзе

разгон загоіцца ўсяго

залічыш тымчасова

і пыл і крэмень і агонь:

твая душа -- выснова

што слову?

зрушыла яно

калісьці раўнавагу

каму на ліха?

ўсеадно

вяртацца ранавата

шматкроп'ем сонечны разгал

(хоць думкаю пакратай!)

Той ведаў

Слова Хто казаў

якая гэта радасьць!

 

9

Ня ведаў ты

Ня верыў

Калі хапаўся слова

Што гэта сэрца верад

Бязгучнасьці часовай

Раўняў яго крывога

Лрыладжваў да паперы

Што ўласнаю крывёю

Ня ведаў ты

Ня верыў

Цяпер

Калі цікаўнасьць

Карэньнямі ды кронай

Ты чуеш

Выцякае

Па кропельцы

па кроплі

 

10

абгорткай

назвай

чыстаю старонкай

глыбокім возерам (не па гадах!)

я быў буслом-жаўной-сіваваронкай

рабым яечкам

цішынёй гнязда

лаўжом вільготным

мурашом упартым

капцілкай бляклай вечарам з вакон

бадзёрым качанём

катом сіпатым

утульным запечкам пад прусаком

прайдзіце мной заўсёдным небакраем

туды дзе сьцежка вырастае ў пункт

бо я якраз такое слова знаю

якога (здэцца) не сказалі тут

 

11

 

сьпяваючы моўчкі (больш пэўна -- бяз гуку)

высокія словы -- душы паніжэньне

зачуе жаданьне дакладнай пазыкі

хто думкі надзеі і веры -- ружанцам

а лёгка

бо хваля мяне (маіх продкаў)

імкне ад... а чыстая быццам крыніца

хоць сам я запрэгчы запрудзіць ці прасьці...

адно каб ня скрыўдзіць альбо не скарыцца

такі нерухомы як ноч альбо неба

як зоркі што месца сваё традыцыйна

я ведаю-знаю што будзе набыта

бо як супадае з агульным трымценьнем


1990-1993?

Тэкст падаецца паводле выдання: зборнік "Жменя насення"
Крыніца: электронны рукапіс