epub
 
падключыць
слоўнікі

Барыс Жанчак

Слова, Слова, Слова

1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12


1

 

зьберагаеш кожную траўку-былку як жылку

асьцерагаеш кожнага звера-птушку як душку

а кожнае слова – вечнага схова?

 

 

2

 

Слова – праграма сьвету

і таму Слова – роўнае сьвету

і таму Слова

сьцверджанае ў сьвеце

вяртаецца да Бога

 

 

3

 

бо слова

знаючы пачатак дзе

ізноў злучае колераў кантрасных

руйнуе права

альбо робіць ясным

адвечны зьдзек

дзе адлучае бліскавіца гром

а сьнег вясну

пакажа тымчасова

у змроку дум тваіх павадыром

бывае слова

ільду першакрыніца і агню

першапрычына страху і любові

паэзія сама шукае ў слове

падзеі глыбіню

каб здрада-абыякавасьць і злосьць

даверлівасьць тваю не падтачылі

мацуйся Божым словам – гэта ёсьць

душы тваёй Айчына

 

 

4

 

гэта крэўнае крэўскае слова

гэта схова дзе дыхаюць продкі

далучаешся своечасова

да славянскасьці асяродку

бачыш лес (тое частае дрэва)

і крынічку (душу прамые)

гэта слова трымае нядрэмна

абавязкі прамыя

 

 

5

 

сябе не ўспомніш усяго

цячэ ліхтар у цемры

так выхапіцьяго агонь

якія столі-сьцены

а то і ўвесь будынак дня

пакуль што не знадворку

ды слова – вечная радня

той думкі ды гаворкі

замкне твой розум у крышталь

бясконцы як дарога

і ты праявішся накшталт

таго цябе самога

 

 

6

 

не ведаў ты (не верыў!)

калі хапаўся слова

што гэта сэрца верад

бязгучны-тымчасовы

раўняў яго крывога

прыладжваў да паперы

што ўласнаю крывёю

не ведаў ты (не верыў!)

цяпер калі цікавасць

карэньнямі ды кронай

ты чуеш: выцякае

па кропельцы

па кроплі

 

 

7

 

побыт мой звычны

душы галадоўка

скура ды рэбры

руні вясновай ніцае слоўка

колас скарэй бы

срэбная плотка лёгкага ўлову

сетка як сіта

смак разьвітальнага – матчына мова

смажыцца сыта

жар зажаданага – сіла гарэньня –

вернасьці схова

жаднага жыціва паскарэньне

дробязі слова

сьлізкае рэчышча разуменьня

дзе твой пясочак

месяц сінечаю незайменны

сочыць – не сочыць

што пад сьляпою начною прасокаю

сьніццца бяспраўна

прагай сапраўднага

прагай высокага

памяці прагай

 

 

8

 

віюцца-віюцца словы

даўгая дарога з дому

і гэты прасьцяг верасовы

глыбока-далёка вядомы

а думку яшчэ выкрасае

(як пэндзаль карціну лудзіць)

хаця я здаецца знаю

што сёньня і заўтра людзі

пра што і казаць так доўга

навошта шматслоўе гэта

калі я напэўна добра

зачую што стане са сьветам

 

 

9

 

У гэтай колам абмежаванай галаве

словы б’юцца

не зладжаныя знадворку,

не падтрыманыя паданнем.

Добрыя, вартыя, надзейныя словы,

У гэтым закружаным горадзе, у якім,

калі стаіш у самым цэнтры.

да ўсіх канцоў аднолькавая адлегласць,

у гэтым горадзе яно нас спавядае і катуе,

туліць і разганяе.

На гэтай амаль круглай Зямлі,

такой гладзенькай-маляванай здалёк,

на гэтай Зямлі,

дзе словы нас размяжоўваюць,

але дазваляюць паразумецца,

калі шануеш сваё багацце і радуешся людскаму.

У гэтым адмераным часе,

які нікому не собіць убачыць такім круглым,

як белая хрызынтэма феерверку.

У гэтым сусвеце, якога Слова было дэтанатарам,

хто цябе пачуе,

калі ты глухі?

 

 

10

 

Прачнешся вось так у суботу –

Шырокі і светлы дзень –

А хораша быць сабою,

Якога край спарадзіў.

І вочы маеш блакітныя,

І назвіска шляхотнае,

І сэрца тутэйшым рытмам

Свой шлях пралётвае

З нейкім спакоем суворым,

Які ачынаецца Словам.

 

 

11

 

спалучэньне праменнага ў слове.

слова сэнс асвятляе, калі

навучыўся чытаць адмысловей,

чым праменьні чытаюць палі.

дасягнуць – гэта значыць спыніцца,

пад карчамі глыбейшай вады...

журавель хай ляціць а сініца...

можа, рытмам няспыннай хады

затуруе бяссэнсіца скора:

дождж,

насенне,

расток,

баразна…

спалучэнне праменнага – слова –

праяўляецца думкай няўзнак.

 

 

12

 

аблада слоў (аблада сноў!)

не злоўлены – не злодзей

злы дзее зло

дзе зло там зноў

прагаліна ў прыродзе

разгон загоіцца ўсяго

залучыш тымчасова

і пыл і вецер і вагонь –

твая дша – выснова

што слову? зрушыла яно

калісьці раўнавагу

каму? на ліха? ўсеадно

вяртацца ранавата

шматкроп’ем сонечны разгал

хоць думкаю пакратай

Той ведаў

Слова Хто казаў

якая гэта радасць


1990-1993?

Тэкст падаецца паводле выдання: Жанчак Б. Некалі потым: вершы / Барыс Жанчак. - Мінск : Мастацкая літаратура, 1993. - 174, [1] с.
Крыніца: электронны рукапіс