epub
 
падключыць
слоўнікі

Барыс Жанчак

"Спачатку пломбы а цяпер каронкі..."

спачатку пломбы а цяпер каронкі

каб хоць гадоў зь дзесятак дажаваць

канчаецца дыстанцыі кароткай

надзея-мітусьня-жарства

яшчэ нядаўна сьветлатой-усьмешкай

быў адлюстроўваў і дабро і зло

а зараз слова рэзккае “не мешкай”

па-польску (па-расейску?) падыйшло

а зараз сам дзіўлюся: як то раптам

далёка так забег (хіба што ўцёк?)

а можа не канешне так трымацца

за гэткае балючае жыцьцё

адно ніяк не меншае цікавасць

да гэтай сьветлай плямы што “цяпер”

да болю да нядолі прывыкаеш

каб варушыцца-быць-трываць-цярпець

прышчэміш трошка – хай не шэрхнуць зубы

бо потым неяк зможаш укусіць

усё што пазьбягае дробнай згубы

што ты не кляў

не клікаў

не прасіў


1990-1993?

Тэкст падаецца паводле выдання: Жанчак Б. Некалі потым: вершы / Барыс Жанчак. - Мінск : Мастацкая літаратура, 1993. - 174, [1] с.
Крыніца: электронны рукапіс